epub
 
падключыць
слоўнікі

Ільля Гурскі

Перад бурай

Дзьмулі жнівеньскія вільготныя вятры, гналі з узмор'я свінцовыя хмары, засцілаючы блакітнае неба. Навокал, нібы дываны, раскінуты цёмна-зялёныя сенажаці. На адным баку балотнай паўнаводнай рэчкі, якая змейкай выкручвалася сярод кустоў лазы, на невялічкай градзе ўзвышаліся кучаравыя бярозы. У рэчку ўпалі пакручаныя лісці, вецер пагнаў іх да чаротаў, што раслі абапал топкіх берагоў.

Каля рэчкі важна стаяў на адной назе бусел, аглядаючы прасторы. З-за куста выскачыў падлетак з адною падкасанаю па калена калашыною (другая апусцілася, але ён гэтага не заўважаў), шпурнуў калок у бусла. Той, нібы дражнячыся з хлапчуком, пастаяў з узнятымі крыламі, гатовымі да ўзлёту, а потым сабраў іх і паважна, як на шпацыры, пайшоў у бок узгорка, на якім зелянелі прысадзістыя яліны з зубчастымі вершалінамі.

На паплавах узвышаліся крыху парыжэлыя ад дажджу і ветру стагі, пахла духмяным сенам. Недалёка ад стога, на грудку, каля шалаша трымцелі на ветры рыбалоўныя снасці, дрыжалі тонкія канцы вудзільнаў, побач з касой ледзь прыкметна пагойдвалася на суку дубальтоўка, кідаючы цень на зямлю. Патрэскваў касцёр, ляцелі ўгару іскры, гаслі ў паветры і чорнымі кропкамі падалі на траву. Віліся чырвоныя стужкі вакол закуранага, падвешанага на перакладзіне салдацкага кацялка, у якім варылася юшка. З кацялка тарчаў пучок зялёнай цыбулі, якая яшчэ не паспела змяніць свайго колеру.

За шалашом, схаваўшыся ад пранізлівага ветру, сядзіць на пні чалавек. Ён, нахіліўшыся над паперамі, нешта піша. Па ўсім відаць, што праца ідзе добра, бо чалавек піша радок за радком. Ён да таго захапіўся работай, што ў задуменні падняў руку і хацеў пагладзіць галаву, зусім забыўшыся, што ён у шапцы. Ён сёння ўжо напісаў некалькі старонак дробным, уборыстым касым почыркам. Разагнуўшыся і выпрастаўшы плечы, чалавек прыжмурыў вочы, каля іх сабраліся маршчынкі; хацеў узяцца за бараду, але ўспомніў, што яе няма: сам сабе ўхмыльнуўся. Ён, відаць, яшчэ не прызвычаіўся да таго, што барада паголена. Потым чалавек зняў шапку і павесіў на сучок. Вецер раздзімаў яго чорныя як смоль валасы.

Хаваючыся ад агентаў Часовага ўрада, Уладзімір Ільіч апынуўся ў шалашы паблізу станцыі Разліў. Сышчыкі збіліся з ног, каб знайсці месца, дзе хаваўся Ленін, але гэта не так лёгка зрабіць. Ленін быў вопытным канспіратарам.

- Канстанцін Пятровіч! - занепакоілася жанчына, якая кінула грэбці сена і варыла яму абед: яна ўгледзела незнаёмага рыбалова, які хадзіў каля рэчкі. - А чаму вы без шапкі?..

Уладзімір Ільіч схамянуўся і, надзеючы шапку, збіў парык, з-пад якога відаць быў вялікі лоб. Потым Уладзімір Ільіч устаў, заклаў пальцы ў кішэнькі камізэлькі і звычайнай сваёй быстрай паходкай, відаць задаволены работай, прайшоўся, а затым, паглядзеўшы ў бок рыбалова, насцеражыўся. Не такое ўжо тут рыбнае месца, што яны сюды так часта заходзяць.

Закружыў вецер, падхапіў лісты рукапісу; хлапчук падбег, сабраў лісты (асобныя месцы былі падкрэслены адной і дзвюма рыскамі) і прачытаў: Ф. Ф. Іваноўскі. «Дзяржава і рэвалюцыя». Хлапчук радаваўся - ён ведае сакрэт Канстанціна Пятровіча, ведае, пад якім прозвішчам выйдзе яго кніга. А хто такі Канстанцін Пятровіч? Бацькі хлапчуку гэтага не сказалі, аднак дзіцячая душа, відаць, нешта адчувала, і ён вельмі цікавіўся госцем. Яны за апошні час так падружылі, што хлапчук гатоў быў дзень і ноч праводзіць з Канстанцінам Пятровічам, які расказваў яму шмат цікавага.

У хлапчука былі круглыя ружовыя шчокі і кірпаты рабаціністы нос. Каб звярнуць на сябе ўвагу, ён гатоў быў сваволіць. А маці непакоіў гэты рыбалоў, які ходзіць па беразе, але яна не паказвала свайго хвалявання.

Падышоўшы, Уладзімір Ільіч заўважыў, што з хлапчуком адбываецца нешта такое, міма чаго даросламу ніяк нельга прайсці, - можна пакрыўдзіць чулую дзіцячую душу. Ленін дапытліва паглядзеў на хлапчука, жадаючы дазнацца, якая ў яго радасць.

- Канстанцін Пятровіч! - не вытрымаў хлапчук. - А я таксама пішу... Паглядзіце...

- О-о-о, вершы, - прабег вачыма Ўладзімір Ільіч. - Ну, значыць прыйдзецца даць стрэліць... Ты ўжо амаль паэт...

Хлапчук ад радасці аж падскочыў: Канстанцін Пятровіч разгадаў яго патаемныя думкі.

- А толькі ты перш за ўсё вучыся, - раіў Уладзімір Ільіч. - Паэту трэба многа ведаць, каб было пра што людзям гаварыць.

- Дзе ён толькі сёння не быў са сваім вершам, нават на станцыю хадзіў, мусіць, каб пахваліцца перад настаўнікам, перад сябрамі... - цешылася з сына маці.

- Ты ў якім класе вучышся?

- Чатыры скончыў, - паспяшыла адказаць маці.

- У яго ўзросце многія пішуць вершы, - зазначыў Уладзімір Ільіч і павярнуўся да хлапчука. - А толькі нешта ў цябе з рытмам не ладзіцца, ды і рыфмы трапляюць слабаватыя...

- А я яго нанава перапішу...

- Хіба толькі!.. - пагладзіў па галаве падлетка Ўладзімір Ільіч. - Цяжка быць пісьменнікам... У Льва Талстога ёсць да пятнаццаці варыянтаў адной і той жа мясціны... Цяжкая, але высакародная гэта праца...

- Канстанцін Пятровіч! Можа абедаць будзеце? - прапанавала жанчына.

- Нешта не хочацца, - адказаў Уладзімір Ільіч і, паглядзеўшы на гадзіннік, дадаў: - Хоць ужо і час. А як у вас з прадуктамі?

- Прадукты ёсць, Канстанцін Пятровіч, - жанчына паглядзела на хлапчука, які пабег да рэчкі, а потым паведаміла: - Таварышы з Піцера паклапаціліся.

- Таварышы з Піцера шлюць, а там ім самім цяжка, - заклапочана прагаварыў Ленін. - Я яшчэ крыху папрацую.

- Не, Канстанцін Пятровіч, - стаяла на сваім жанчына. - Вы ад самай раніцы працуеце. Адпачылі б трохі, прагуляліся ці схадзілі б на паляванне. Колькі тут за вайну развялося ўсялякай дзічыны! Мне і так ад мужа дастаецца на арэхі. Суровы наказ - карміць вас у пару. Ды абед, пэўна, астыў, хоць я яго ўкруціла ў ручнік і паставіла ў стог.

У голасе жанчыны чуліся ноткі просьбы. Ільіч паглядзеў на яе добрыя, поўныя цеплыні карыя вочы, на загарэлы твар і згадзіўся паабедаць.

- Значыць, абедаць абавязкова? - мыючы рукі, весела запытаўся Ільіч.

- Так, - падаючы ручнік спрацаванымі рукамі, сцвердзіла жанчына і паспяшыла да стога, дзе быў схаваны абед. Яна сама сабе падумала: «Які ён просты і добры, а я баялася - як з ім гаварыць».

Уладзімір Ільіч, сеўшы на траве, пачаў з апетытам абедаць. Перад ім на пасланай белай сурвэтцы стаяла талерка з юшкаю, ад якой несла прысмакамі, ляжаў хатняй выпечкі накроены хлеб. Кабета збоку наглядала за Ільічом, шчаслівая, што абед яму спадабаўся.

Хлапчук падбег да агню і стаў поркацца ў прыску, час ад часу пазіраючы на Канстанціна Пятровіча, каб звярнуць на сябе ўвагу.

- Дык як, Петрусёк, - загаварыў Ільіч, - пасля абеду пойдзем на паляванне?

- Пойдзем, - ажывіўся хлапчук і адразу ж выпаліў: - А толькі я не Петрусёк, а Віця Разліўцаў!

- Чаму? - здзівіўся Ільіч.

- А чаму вы Фы Фы Іваноўскі? - адказаў пытаннем на пытанне хлапчук, а пасля дадаў: - Віця між іншым, а Разліўцаў таму, што жывём недалёка ад станцыі Разліў.

Ільіч пасуровеў і нахмурыў бровы. Прамільгнула думка: «Патрэбна вялікая асцярожнасць: часам людзі, зусім не хочучы зрабіць нічога дрэннага, могуць прагаварыцца і нашкодзіць справе».

- А каб пра мяне хто распытваў, - вырашыў праверыць Ільіч хлапчука, - што б ты сказаў?

Уладзімір Ільіч, прыжмурыўшы вока, уважліва паглядзеў на хлапчука, чакаў адказу.

- Гэта наш госць, Канстанцін Пятровіч Іваноў, з Сестрарэцка, - вось што я адказаў бы... Канстанцін Пятровіч! Бульбу печаную будзеце есці? Лепш любога кампоту!

- З прыемнасцю, - заспакоіўся Ільіч. Ён пераканаўся, што хлапчук не ведае, хто такі Канстанцін Пятровіч Іваноў. Уладзімір Ільіч ахвотна ўзяў з рук хлапчука падрумяненую сопкую скараспелку і стаў абскрабаць яе ножыкам.

- Канстанцін Пятровіч! - не сунімаўся хлапчук. - Вы былі ў Піцеры, а ці бачылі вы Леніна?

- Бачыў, - насцярожана адказаў Ільіч і запытаўся: - А што?

- Ды раніцаю на станцыі абкружылі цягнік, у пасажыраў правяралі дакументы; кажуць, шукаюць Леніна. Сабралася многа людзей. А нейкая бабулька хрысціцца і просіць бога, хоць бы не знайшлі Леніна. «Напакутаваўся, - кажа бабулька, - ён за нас пры цару, а цяпер гэты пракляты Керанскі хоча Леніна зноў у турму пасадзіць і зрабіць з ім расправу». А потым хтосьці крыкнуў: «Не дамо арыштаваць Леніна!» - «Не дамо!» - адказаў натоўп. А каб вы бачылі, як людзі былі рады, калі даведаліся, што Леніна не знайшлі.

- Рады? - перапытаў Ільіч.

- Ага, - кіўнуў галавою хлапчук. - А Лёнькаў тата, стрэлачнік, сказаў: «Нашага Леніна не так проста ўзяць. Ён яшчэ пакажа гэтаму Керанскаму, дзе ракі зімуюць, будзь здароў!»

- Гэтак і сказаў?

- Няўжо ж, - у хлапчука загарэліся вочы. - А які Ленін? Мусіць, вялікі-вялікі? Бальшавік?

- Бальшавік.

- Канстанцін Пятровіч! - падышоўшы, запыталася жанчына. - Можа вы адпачняце? Лезе ён са сваімі размовамі.

- А мы з ім гаварылі пра тое, ці ведае ён, як зваць госця, калі б хто пытаўся, - паведаміў Ільіч. - А потым перайшлі на палітыку...

- А ён, каб і ведаў, дык нічога не сказаў бы, - з гордасцю за сына прагаварыла маці. - Ён умее трымаць язык за зубамі. Да гэтага яго бацька з маленства прывучыў.

- Мы з ім пойдзем на паляванне. - Ільіч паглядзеў на пачырванелыя ногі хлапчука і спагадліва сказаў: - А толькі ты босы, холадна будзе...

- Нічога, босаму лягчэй, - адказаў хлапчук.

- Канстанцін Пятровіч, можа чаю вып'еце? - запытала жанчына.

- Пасля, - Ільіч паглядзеў у бок шалаша і, звяртаючыся да хлапчука, крыкнуў, крыху картавячы: - Ну як, Разліўцаў, гатоў?

- Іду, Канстанцін Пятровіч!

- Возьмеш стрэльбу.

- Добра. - Хлапчук быў рады, што яму даверылі дубальтоўку. Ён ускінуў яе на плячо і важна прайшоў каля маці. Кабета правяла іх добрым позіркам і пажадала ім шчаслівай дарогі.

- Ні пуху ні пер'я! - сказала яна.

Жанчына ўвайшла ў шалаш, падняла і павесіла плашч. Яна лічыла за шчасце, што даглядае за Ўладзімірам Ільічом. Яе толькі непакоіла тое, што пачыналіся дажджы, ноччу ў шалашы было холадна і вільготна, ён сям-там пачынаў прасвечваць. Яна агледзела шалаш, расправіла сена, падбіла падушку. «Такі чалавек, - падумала жанчына, - вымушаны хавацца ў шалашы. Якая ж гэта рэвалюцыя?.. Буржуі ўзялі верх...» Яна ўспомніла словы мужа: «Але разбушуецца мора людское і выкіне іх, як і цара, на сметнік. Страшны ў гневе народ. Народу варта дзьмухнуць - будзе бура...»

У Разліве, на станцыі, на розныя галасы пераклікаліся паравозы. Жанчына паглядзела ў кірунку станцыі і заўважыла чалавечую постаць - чалавек ішоў у гэты бок. Яна зменшыла агонь, каб не выкіпела ў кацялку страва, узяла граблі і пайшла насустрач незнаёмаму. Ёй здалося, што ідзе нейкі вайсковы. Яно так і было - ішоў чалавек у шынялі. Жанчына неўзаметку для сябе стала кусаць пазногці. Падышоўшы і прывітаўшыся, незнаёмы запытаў:

- Вы што, ужо ўправіліся з сенам?

- Ды не яшчэ, надвор'е не спрыяе, - адказала насцярожана жанчына і дадала: - Клімат тут такі, што хутка не ўхопіш. Раніцай сонца свеціць, а ўдзень дождж ідзе. А як у вас?

- А ў нас таксама благі клімат, - націснуўшы на слова «клімат», шырока ўсміхаючыся ў чорныя вусы, адказаў незнаёмы. - Але нічога, Марыя Іванаўна, перажывём. Будзе і на нашай вуліцы свята...

- Адкуль вы мяне ведаеце?

- Ад вашага мужа, Максіма, ён сказаў мне вашы прыкметы. Вось вам ад яго запіска, каб не сумняваліся, - і незнаёмы працягнуў канверт.

- А вы хто? - іншым тонам запытала жанчына.

- Сярго, - вочы яго смяяліся. - Чулі пра такога?

- Таварыш Сярго! А як жа! Мне Максім пра вас гаварыў.

- Вельмі добра, - вітаючыся за руку, сказаў Сярго. - Будзем знаёмы. Мне трэба пабачыць Канстанціна Пятровіча. Як яго здароўе?

- Нічога.

- Што ён цяпер робіць?

- Пайшоў з маім сынам на паляванне.

- Далёка?

- Не. Бачыце, - вунь ходзіць каля возера.

- Я пайду туды.

- Ваша справа. Толькі адпраўце адтуль сына, каб ён не перашкаджаў вам.

Сярго, відаць, хацеў штосьці сказаць, але Марыя Іванаўна яго перабіла:

- Яму ўжо час ісці дадому. Я каля шалаша буду яго чакаць.

- Добра, - згадзіўся Сярго.

І ён напрост пайшоў да возера. Жанчына, ідучы, наглядала, як Сярго лёгка перабіраўся з купіны на купіну, скарачаючы шлях. «І гэты таксама, відаць, з арлінага племя, - падумала Марыя Іванаўна. - Недарма кажуць: скажы, хто твае сябры, і я скажу, хто ты». Кабета вярнулася да шалаша і стала рыхтаваць вячэру.

Калі Сярго падышоў да Ільіча, дык нават разгубіўся: хоць ён і ведаў, што Ленін загрыміраваны, але не чакаў, што гэта так зменіць чалавека.

- Што, не пазналі? - спытаў Ленін.

- Зусім перамяніліся, - і Сярго хутка пайшоў насустрач да Леніна. - Як вы тут сябе адчуваеце?

- А нічога, мяне прыходзілі ўжо наймаць касіць, - пасмейваючыся, гаварыў Ільіч. - Вось толькі дажджы... дастаюць і ў шалашы.

- У ЦК меркавалі знайсці вам бяспечную кватэру. Мажліва, прыйдзецца пераехаць вам у Фінляндыю.

- Іншага выйсця я не бачу.

- Канстанцін Пятровіч! - падбег хлапчук да Ільіча і спыніўся, уважліва разглядаючы незнаёмага. Потым сказаў: - Вунь Керанскі!..

Ільіч і Сярго здзіўлена пераглянуліся.

- Які Керанскі?

- Што ты, хлопча, апамятайся!

- Ну, ястрабок. Цара Мікалая ў школе празвалі - груган, а Керанскага - ястрабок.

Ленін і Арджанікідзе голасна засмяяліся.

- У нас усе маюць мянушкі, - дадаў Петрусёк.

- Дзе ён? - зняўшы з пляча дубальтоўку, сур'ёзна спытаў Ільіч. - Каго-каго, а ястрабка мы не прапусцім, возьмем на мушку!

- Бачыце, над возерам кружыць, - паказаў рукою Петрусёк.

Яны паціху падышлі да куста і прытаіліся. Неўзабаве ястрабок наблізіўся. Ленін адным стрэлам яго збіў. Ястрабок каменем упаў у возера.

- Ах шкада, нельга дастаць, - сказаў Петрусёк. - Для кутка прыроды добрае было б чучала. Але нічога, я потым з лодкай пад'еду.

- А чаму вы Керанскага назвалі ястрабком? - пацікавіўся Ільіч.

- І цар быў за вайну, і Керанскі за яе, - значыць, адной пароды... - Петрусёк ірваўся да возера. - Я пайду, пагляджу, можа дастану яго...

- Толькі ў ваду не лезь, - перасцерагаў Ільіч.

- Не-е, - і падлетак, падскокваючы, пабег да возера.

- Якая трапная характарыстыка: груган і ястрабок - аднае пароды, - захапляўся Сярго.

- Вуснамі дзіцяці гаворыць ісціна, - падтрымаў Ільіч.

Ленін і Арджанікідзе паволі ішлі ў напрамку да стога сена, на хаду размаўляючы аб розных падзеях як у Расеі, так і за мяжой. Ільіч усім цікавіўся, Сярго ахвотна расказваў пра ўсё, што ведаў. Убачыўшы хлапчука, які падбягаў да іх, Ленін спыніўся.

- Канстанцін Пятровіч! - панізіўшы голас да шэпту, Петрусёк вымавіў: - Там, за аерам, качар!

- Так і быць, адзін набой у нас яшчэ ёсць, паспрабуй ты сваё паляўнічае шчасце, - і Ільіч, падміргнуўшы, даў хлапчуку стрэльбу.

У Петруся ад радасці ажно засвяціліся вочы. Хлапчук, прыгінаючыся да зямлі, як добра спрактыкаваны паляўнічы, пайшоў у бок азярка, берагі якога зараслі аерам. Уладзімір Ільіч і Арджанікідзе сачылі за хлапчуком. Пятрусь злажыўся і стрэліў. Качар залапатаў крыламі, узняўся і імкліва падаўся ўбок.

- Ах ты, якая прыкрасць, - прагаварыў Ільіч. - Нешта нам не шанцуе, грамадзянін Разліўцаў. Колькі ні ходзім, нічога, акрамя ястрабка, не выхадзілі...

Збянтэжаны хлапчук падбег да Ільіча і, спяшаючыся, сказаў:

- Канстанцін Пятровіч! Не завіце мяне Разліўцаў.

- Добра, - абяцаў Ільіч. - З гэтай хвіліны ты зноў Пятрусь.

- І дазвольце, я пайду да шалаша.

- А што ты будзеш там рабіць?

- Памагаць маме, - адказаў хлапчук і дадаў: - А можа, якую рыбіну ўдасца падчапіць.

- Ну, ідзі і стрэльбу занясі.

Хлапчук ускінуў дубальтоўку на плячо і хутка пайшоў у напрамку да шалаша.

- Хіцёр! - заўважыў Сярго. - А маці непакоілася, што сам не здагадаецца. Тактычны хлопец!

Уладзімір Ільіч і Арджанікідзе прыселі каля стога сена, які быў так нахілены, што, здавалася, не вытрымае моцнага напору ветру. Арджанікідзе паведаміў, што ўсе ўказанні Ўладзіміра Ільіча па правядзенню нелегальнага з'езда партыі выкананы. Ільіч, перагортваючы прынесеныя Арджанікідзе матэрыялы з'езда, які толькі што адбыўся ў Петраградзе, час ад часу гаварыў:

- Так, так... Вось іменна, саюз пралетарыяту і бяднейшага сялянства - умовы перамогі сацыялістычнай рэвалюцыі. А які настрой рабочых і салдат у Піцеры? - запытаўся ён, адарваўшыся ад матэрыялаў.

- Рабочыя і салдаты масамі пакідаюць меншавікоў і асэраў, - адказаў Сярго.

- Гэта добра, - прамовіў Ільіч і, падумаўшы, дадаў: - Нам трэба будзе браць уладу сілаю... А што ў Маскве? Як у Менску?

- І ў Маскве, і ў Менску, і ў Луганску, і ў Іванаве мы маем паварот народнага руху да нашай партыі.

- Так і павінна быць, - Уладзімір Ільіч падняўся і, ідучы з Сярго ў напрамку да шалаша, уголас разважаў: - Паўстанне наспявае. У хуткім часе большасць народу будзе за нас. Мы павінны своечасова падняць народ на барацьбу. Перад гэтым неабходна мець канкрэтны план паўстання: як выкарыстаць вайсковыя часці, флот і чырвонагвардзейцаў, якія рашаючыя пункты трэба будзе ў першую чаргу захапіць, каб забяспечыць поспех паўстання. Вялікая, архіадказная задача. Усё прадугледзець!.. Трэба будзе стварыць Партыйны цэнтр па кіраўніцтву паўстаннем...

Яны падышлі да шалаша. Над возерам узнімаліся хмары, завываў і скуголіў вецер, стала холадна. Жанчына прапанавала Ўладзіміру Ільічу шарсцяную хустку, але ён адмовіўся. Убачыўшы, што хлапчук ад холаду пасінеў, Ільіч накінуў яму на плечы хустку і параіў маці ісці дадому.

- Павячэраеце, тады я пайду, - нясмела запярэчыла Марыя Іванаўна.

- Было б што вячэраць, самі ўправімся, - сказаў Уладзімір Ільіч.

- Як жа так? - Жанчына адчувала, што Ўладзіміру Ільічу трэба пагаварыць з Сярго, аднак яе непакоіла, што яны застануцца галодныя. Убачыўшы разгубленасць жанчыны, Ільіч згадзіўся зараз жа павячэраць.

- А чай мы самі згатуем, - запэўніў Ільіч.

Жанчына падала раскладзенага на талерках падсмажанага шчупака, якога купіла ў незнаёмага рыбалова.

Пасля вячэры гаспадыня хутка памыла посуд і, задаволеная, што госці павячэралі, пайшла з хлапчуком дахаты. На развітанне яна ад душы пажадала:

- Добрай ночы!

- Прыемнага сну! - адказаў Ільіч, праводзячы ласкавымі вачыма гасцінную гаспадыню.

Амаль усю ноч прагаварыў Уладзімір Ільіч з Сярго, абмяркоўваючы пытанні рэвалюцыі ў Расеі, план заваёвы бальшавікамі ўлады, перспектывы развіцця сацыялістычнай дзяржавы. Уладзімір Ільіч марыў: у сваім багатым уяўленні ён бачыў ужо народы Расеі свабоднымі, краіну індустрыяльнай і каапераванай, з шырокай сеткай магутных электрастанцый.

- Вось убачыце, я ў гэтым упэўнены, - горача гаварыў Уладзімір Ільіч, - прыйдзе час, і Расея стане на чале прагрэсу...

Пачало днець. Паглядзеўшы на гадзіннік, Сярго захваляваўся.

- Мне, Уладзімір Ільіч, трэба ісці на цягнік. А вы крыху адпачніце!

- Ідзіце, - развітваючыся, прагаварыў Уладзімір Ільіч. - Дзякую за весткі, матэрыялы з'езда, кнігі... Дзейнічайце як умовіліся!..

Раніцаю Марыя Іванаўна застала Ўладзіміра Ільіча за касьбой - гэта была яго зарадка. Пасля снедання і да самага абеду Ўладзімір Ільіч, не адрываючыся, пісаў, а пасля з хлапчуком пайшоў на прагулку.

Жанчына заўважыла, як нехта набліжаўся да шалаша. Яшчэ здалёку яна пазнала па паходцы мужа. Пад пахай у яго быў кажушок.

- Як Ільіч? - вітаючыся, запытаў Максім.

- На прагулцы, - паведаміла Марыя Іванаўна.

- З Піцера яшчэ прыслалі прадуктаў. Я іх паклаў у кухонную шафу. Ты нешта хацела сказаць?

- Ведаеш што, - непакоілася Марыя Іванаўна, - чагосьці зачасцілі каля шалаша людзі. Учора на світанні прыходзіў нейкі наймаць Ільіча касіць.

- Аб гэтым я ўжо ведаю, мне сказаў Сярго. Я праверыў таго чалавека. - Максім насупіў бровы, з-пад якіх паблісквалі блакітныя вочы. - А яшчэ што?

- Не падабаецца мне адзін рыбалоў, які ўвесь час тут снуе. Сёння зноў, каб адчапіцца, купіла ў яго шчупака.

- А ў што ён апрануты? - устрывожыўся Максім. Ён выцер хусцінкай спацелы лоб, да якога прыліплі русыя валасы.

- У салдацкай ватоўцы, з кацялком на папрузе. У яго цераз усю правую шчаку шрам, мусіць, на вайне параніла.

- А-а-а, - расцягнуў Максім, зачасаўшы пяцярнёю валасы на прадаўгаватай галаве, - я яго бачыў, гаварыў з ім. А ўсё ж трэба пацікавіцца... - Максім чмыхнуў носам. - Душа чалавека не кажух, не вывернеш...

- Толькі каб добра ўсё абышлося, - непакоілася Марыя Іванаўна. - Які гэта чалавек! Я гатова за яго жыццё аддаць.

- Хіба толькі адна ты? - задаволена вымавіў Максім. Падумаўшы, ён прадоўжыў: - Ільіча трэба берагчы. Тут, у шалашы, можна сказаць, штаб рэвалюцыі.

- Хаця ж бы добра ўсё абышлося, - паўтарыла Марыя Іванаўна. - А навошта ты нясеш гэты кажушок? - здзівілася яна.

- Госцю накрыцца.

- Няўжо ж ты нічога лепшага не знайшоў? - упікнула Марыя Іванаўна.

- Няважна, што стары. Каб не было падазронасці, - тлумачыў Максім. - А многа сёння зрабіў Ільіч?

- Многа. З самай раніцы, не адрываючыся, працаваў. Я заўважаю: як толькі ў яго хто пабудзе, з'яўляецца прыліў сілы. Уражанне такое, нібы ён спяшаецца...

- Колькі ў гэтага чалавека энергіі, якая працаздольнасць! - разважаў Максім. - А ўсё чалавек для нас робіць, для людзей, якія з мазаля жывуць. Мы, масы, вялікая сіла - гэта правільна, але калі б у нас не было створанай Леніным партыі, калі б не было яго баявых саратнікаў і вучняў, цяжка б нам прыйшлося.

- А чаму яны да нас не прыедуць? - спыталася Марыя Іванаўна.

- З'ездазм былі заняты, - адказаў Максім. - Ой, колькі ў іх работы! Але яны будуць тут, абавязкова будуць. Бачыш, Сярго ўжо наведаў.

- Вельмі добра! - узрадавалася Марыя Іванаўна, што ўбачыць памочнікаў Леніна.

- А як Петрусёк трымаецца, не назаляе Ільічу?

- Не, - адказала Марыя Іванаўна і спыталася: - А якія навіны ў Піцеры?

- Павар'яцелі служкі Керанскага: усюды шныраюць, робяць вобыскі. На кожнай станцыі правяраюць дакументы, шукаюць Леніна.

- Непрыкметнаму чалавеку спакайней жыць на свеце, - заключыла Марыя Іванаўна.

- Дзіва! - згадзіўся Максім. - Чаго толькі цяпер не плятуць пра Ільіча: адны кажуць, што Ленін уцёк у Германію на мінаносцы, а другія - на падводнай лодцы.

- Выходзіць, Ільіч абвёў сышчыкаў вакол пальца, - задаволена гаварыла Марыя Іванаўна.

- Так, - сцвердзіў Максім.

Яны падышлі да агню. Марыя Іванаўна засталася каля шалаша, трэба было гатаваць вячэру, а Максім пайшоў у бок рэчкі: там хадзіў Уладзімір Ільіч.

Па небе наперагонкі беглі шэрыя хмары, збіраліся ў гурт, і, калі хавалася сонца, было холадна, вецер праймаў да касцей.

Сустрэўшыся з Ільічом, Максім перадаў яму пошту ад ЦК і Крупскай і газету «Правда». Ільіч падышоў да шалаша, сеў на пень, з прагнасцю прачытаў карэспандэнцыю, прагледзеў газету і, нібы нешта ўспамінаючы, сам сабе сказаў: «Бура! Хутка ўдарыць бура!»

- А як хутка? - запытаўся Максім, а пасля заўважыў: - Мужык не дачакаецца, пакуль узыдзе сонца...

- А мужык чакае ўзыходу сонца? - нібы сам у сябе запытаўся Ільіч і адказаў: - Чакае... Вось і створым дзяржаву рабочых і сялян... Мне нават уяўляецца герб першай у свеце сацыялістычнай дзяржааы, там абавязкова павінен быць серп і молат... А рэвалюцыя не за гарамі, яна набліжаецца... Можа, праз месяц ці два...

- Ага, Сярго казаў вам, што Каменеў і іншыя патрабавалі, каб вы з'явіліся на суд контррэвалюцыянераў?.. З'езд выказаўся супраць гэтага, лічачы, што гэта быў бы не суд, а расправа.

- Казаў. Гм-гм, - Ільіч бліснуў разумнымі іскрыстымі вачыма, а потым заліўся смехам. - Дзіўна, простым людзям зразумела, што трэба рабіць, а каменевым і ім падобным... Хоць што з іх узяць... Балота!

- А як ідзе работа над кнігай?

- Трэба паскорыць яе напісанне, таму што пасля не будзе часу, - сказаў Ільіч і, схіліўшы набок галаву, задумлівы, прайшоўся, - відаць, у яго выспяваў нейкі план дзеяння. Потым сеў і пачаў чытаць кнігу, прывезеную Сярго, робячы на палях агрызкам карандаша нейкія адзнакі, па-рознаму вымаўляючы сваё «гм-гм».

Марыя Іванаўна хоць і згатавала вячэру, але не ішла дадому, ёй хацелася самой дагледзець Леніна. Яна асцярожна хадзіла каля агню, баючыся патрывожыць Уладзіміра Ільіча.

З-за кустоў паказаўся рыбалоў. Максім пайшоў у той бок. Асцярожнасць не пашкодзіць.

- Ну, як справы, зямляк? - падышоўшы, запытаў Максім.

- Дрэнь, - злосна адказаў рыбалоў, збіраючыся ісці. - Больш мае нагі тут не будзе. За два дні - два шчупакі. Больш праясі, чым заробіш!

- Якая тут рыба!.. - падтрымаў Максім. - Увесь дзень дзеці плюхаюцца.

І яны разышліся. Рыбалоў не выклікаў падазронасці.

Максім заспакоіўся. Цяпер з вудачкай сядзеў ён над рэчкай, але рабіў гэта толькі для прыліку: на самай справе ён ахоўваў свайго госця. З гэтага месца добра відаць былі ўсе подступы да шалаша.

Хутка садзілася сонца. Неяк дзіўна кігікаючы, праляцела чарада белых з чорнымі крыламі чаек. Нізка, дастаючы да вады, снавалі ластаўкі.

Здалёку чуўся шум лесу. Выў вецер, недзе грымнуў гром, даляцелі сюды яго раскаты, зазіхацелі стрэлы маланкі. Насоўваліся з узмор'я кучавыя воблакі.

Ільіч цяпер быў зусім не такі, якім яго прызвычаіліся бачыць у часе работы і адпачынку, а нейкі іншы, асаблівы, увесь у будучым.

Ільіч узяў паперу, нешта хутка напісаў, паклаў запіскі спачатку ў адзін канверт, а потым у другі, заклеіў і спытаўся:

- А дзе ж Максім?

- Ён рыбу вудзіць, - адказала Марыя Іванаўна і крыкнула: - Максім!

- Іду! - азваўся Максім і хутка падышоў да Ільіча.

- Гэтыя пісьмы трэба хутчэй адправіць з самым надзейным чалавекам у Піцер. Хоць лепей было б, каб вы заўтра самі адвезлі.

- Чаму не? - Максім паглядзеў на гадзіннік і сказаў: - Ёсць добрае правіла: што можна зрабіць сёння, ніколі не трэба адкладваць на заўтра...

- Вельмі добрае правіла, - згадзіўся Ільіч. - Толькі сёння вы не паспееце. І ў мяне будуць яшчэ даручэнні, а сёння я іх не ўпраўлюся падрыхтаваць... Ах, які кароткі дзень...

- Можа павячэраеце? - звяртаючыся да Ільіча, запыталася Марыя Іванаўна.

- Можна, - сказаў Ільіч. - Дый чайку не пашкодзіць... пагрэцца... ноч, відаць, будзе халодная. Але што нам, рыбакам, прызвычаіліся... Вось калі нам кажушок спатрэбіцца!..

Марыя Іванаўна падала вячэру. Уладзімір Ільіч са смакам еў, а потым піў чай упрыкуску з наколатымі дробнымі кавалачкамі цукру.

Марыя Іванаўна сабралася дадому.

- Дабранач, Уладзімір Ільіч! - пажадала яна.

- І вам таксама! - Ільіч крыкнуў: - Хустку вазьміце!

- А я сумысля вам яе пакінула, накрыецеся ноччу, - на хаду адказала Марыя Іванаўна. Яна ішла дахаты лёгка, бо адчувала, што, даглядаючы Ільіча, робіць вельмі важную справу.

Згушчаліся хмары, абклалі ўсё неба, стала цёмна, як у калодзежы. Загрукаў гром, бліснула маланка, і як з вядра лінуў дождж.

- Марыя Іванаўна, пэўна, яшчэ не дайшла дахаты, - прагаварыў заклапочана Ўладзімір Ільіч.

- Нічога, дойдзе, яна мае добрае здароўе, - адказаў Максім. - Чысцейшай душы чалавек.

- Жанчыну трэба берагчы, - сказаў Уладзімір Ільіч. - Маці і Радзіма - самыя дарагія ў нас словы!.. Ну вось, хутка мы створым сацыялістычную дзяржаву. Для гэтай справы не пашкадуем жыцця...

Яшчэ доўга разважаў уголас Ільіч, прабаўляючы ноч, якая так раптоўна насунулася. Час ад часу бліскала маланка, асвятляючы паплавы. Тады відаць былі бурбалкі, якія падскоквалі ў лужынах, што аблеглі кругом грудок, на якім стаяў шалаш.

Доўгай была тая ноч. Ірвалі неўгамонныя вятры, і толькі пад раніцу стала ціха, як перад бурай.

 

1947 г.


1947

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая