epub
 
падключыць
слоўнікі

Ірына Масляніцына, Мікола Багадзяж

Жанчына-легенда (Анастасія Алелькавіч)

Анастасія Алелькавіч, каля 1475 - 1524 гг.

 

Дома княгіні, князёўны ў святліцах

не чахлі -

Дзейсныя, мудрыя, цвёрдыя,

што камяні.

Вось адкуль з'явіцца сімвал

На фрэсцы, на кафлі -

Вобраз жанчыны з мячом вярхом

на кані.

Д.Бічэль-Загнетава. «Жанчына з мячом»

 

Яе жыццё нагадвае прыгожую легенду. І тым не менш ні адзін з фактаў, прыведзеных ніжэй, не мае нічога агульнага з гераічным эпасам. Гэта - гісторыя, якой можна і трэба ганарыцца.

Жыў у XVI ст. у Слуцку князь Сямён Алелькавіч. І была ў яго прыгажуня-жонка Анастасія. Яны кахалі адзін аднаго. Вера іх была аднолькавая - праваслаўная, мелі агульнага продка - Альгерда; абое ў дзяцінстве прайшлі праз цяжкае выпрабаванне - сіроцтва. Князь Іван Мсціслаўскі, бацька Анастасіі, памёр у 1483 г. Дзяўчынцы тады было не больш за дзесяць гадоў. Прыкладна ў такім жа ўзросце страціў свайго бацьку, Міхала Алелькавіча, яе будучы муж Сямён. Але смерць гэта была больш жахлівай. Князь Міхал быў прысуджаны да пакарання смерцю за ўдзел у змове супраць вялікага князя літоўскага, караля польскага Казіміра IV. Паклаў ён сваю галаву на плаху. Цудам удалося адмаліць-адплакаць Міхалавай жонцы Ганне Мсціслаўскай у Казіміра IV права на спадчыну сыну. Адшкадаваў кароль Сямёну Міхайлавічу Слуцак і Капыль, частку ўладанняў бацькі.

Да паўналецця сына ціха жыла княгіня-ўдава, памятала, што сям'я яе ў апале. Але надышоў час шукаць Сямёну нявесту. Знатных радоў у Беларусі шмат. Ды трэба выбраць тую, адзіную, якая здолее зрабіць шчаслівым яе сына. Якая ніколі не папракне бацькам-«здраднікам». Успомніла княгіня, што ў яе ёсць дзве юныя пляменніцы, дочкі нябожчыка-князя Івана - Ульяна і Анастасія. Абранай Сямёна стала апошняя. Ніколі князь слуцкі не шкадаваў аб гэтым.

У 1492 г. у маладой пары нарадзіўся сын Юрый. Яго нараджэнне яшчэ больш прывязала мужа да жонкі.

Здавалася б, лёс прыгатаваў прыгожай Анастасіі ціхае сямейнае шчасце. Ды, пэўна, і ўвайшло б яе імя ў гісторыю толькі як імя адной з бязлікіх княжацкіх жонак, галоўнае прызначэнне якіх - працягваць род сваіх мужоў, калі б не варожая навала.

Гэта былі крымскія татары. Першая сутычка князя Сямёна Алелькавіча з імі адбылася летам 1502 г. А.Грыцкевіч у кнізе «Древний город на Случи» піша: «Татары віхурай пранесліся праз украінскія землі, фарсіравалі Прыпяць і пачалі рабаваць воласці на поўнач ад ракі. Аб'яднаны атрад слуцкага князя Сямёна Міхайлавіча Алелькавіча і велікакняжацкіх баяр і гусар поўнасцю разбіў татар на рацэ Ўшы, за Бабруйскам. Былі вызвалены палонныя і вернута нарабаванае татарамі дабро».

Але гэта быў толькі пачатак. 30 жніўня гэтага ж года сын крымскага хана Баты-Гірэй прывёў шасцітысячнае войска да Слуцка. Татары ўзялі горад, але замак, у які кінуліся ратавацца случчане, вытрымаў іх штурм. Татары папалілі і разрабавалі наваколлі Слуцка, Капыля, Койданава, Клецка і Нясвіжа і з багатай здабычаю вярнуліся ў Крым.

Ці не пасля гэтых падзей маладая слуцкая княгіня загадала збройніку выкаваць ёй кальчугу?

Зіма і вясна прайшлі ў напружанай падрыхтоўцы. Інтуіцыя не падманула: новы татарскі набег адбыўся наступным летам. Ворагі палілі Нясвіж, Клецк і Наваградак. Асобныя атрады іх накіраваліся да Менска і Лагойска. Раптоўна трохтысячны атрад з'явіўся пад Слуцкам. Тут усё было загадзя падрыхтавана для адпору. Праўда, князь Сямён быў у ад'ездзе. Яго месца заняла Анастасія. К.Тарасаў, аўтар кнігі «Памяць пра легенды», піша: «Слуцкая княгіня Анастасія, жонка Сямёна Міхайлавіча, сама ўзначальвала абарону горада і, надзеўшы даспехі, вывела полк супраць татараў у поле».

Быццам былінная Настасся Мікулічна, яна адкінула ворагаў ад свайго горада. А за Прыпяццю, каля Давыд-Гарадка, іх дагнаў падаспеўшы князь Сямён і, як піша літапісец, «идеже погромиша их и полон отъяша».

Заваёўнікі баяліся халадоў, таму набегі свае рабілі летам. Ці не таму палюбіла Анастасія зіму? У гэты час ёй ніхто не перашкаджаў кахаць мужа, выхоўваць сына. У адзін са спакойных месяцаў свайго жыцця слуцкая княгіня нарадзіла другое дзіця, дзяўчынку, якой далі ваяўнічае імя Аляксандра.

У сярэдзіне жніўня 1505 г. стары знаёмы Баты-Гірэй зноў наведаўся «ў госці» да случчан. М.Ткачоў у кнізе «Замкі і людзі» так апісвае гэтыя падзеі: «...Жыхары, атрымаўшы звесткі пра паход татар, добра падрыхтаваліся да абароны. Яны адбілі некалькі штурмаў. Татары рабілі падкопы, спрабавалі ўзарваць умацаванні і падпаліць горад, але жыхары мужна абараняліся. Як адзначалася ў Іпацьеўскім летапісе, «и хотяху Татаре взяти Случеск и не могоша, биша бо их из града крепко».

Баты-Гірэй вымушаны быў зняць асаду. Нарабаваўшыся, татары вярнуліся ў Крым. На гэты раз яны пакінулі пасля сябе не толькі разбураныя гарады і вёскі, але і страшную хваробу. На землях Беларусі ўспыхнула эпідэмія, якая забрала шмат людзей. Захварэў і князь Сямён. Не дапамаглі ні маленні, ні знахарскае майстэрства. Анастасія аўдавела. Усе справы Слуцкага княства ляглі на яе плечы, бо сын, спадчыннік Алелькавічаў, быў зусім дзіцем. Будучы яшчэ ў жалобе, княгіні давялося адбіваць чарговы напад татар у ліпені 1506 г. На гэты раз Баты-Гірэй прыйшоў не адзін, а з братам, перакопскім царэвічам Бурнашом. Дваццацітысячнае войска татар неаднаразова хадзіла на штурм, «подметы чинечи и огонь подкладаючи». Са сцен асаджанага Слуцка ўдава князя Сямёна, адзетая ў даспехі, кіравала абаронай. І зноў татары адышлі ні з чым. Але Анастасія не расслаблялася. Яна пільна сачыла, куды накіроўваюцца чужынцы. А яны пайшлі да Клецка. Там спыніліся і паставілі галоўны лагер. Адтуль распаўзліся невялікія атрады рабаўнікоў у розныя бакі. Адзін з такіх атрадаў зрабіў замах на капыльскія ўладанні Анастасіі. Гісторык XVI ст. Мацей Стрыйкоўскі ў сваёй «Хроніцы Польскай, Літоўскай, Жамойцкай і ўсяе Русі» так апісаў у вершах капыльскія падзеі:

 

Настасся, княгіня Слуцкая, сваіх баяр

Паслала перахапіць палахлівых татар.

Шмат іх пад Капылём было забіта

І горлам ля Пятровіч заплаціла мыта.

 

Гэты эпізод адбыўся якраз напярэдадні сакрушальнага разгрому татар пад Клецкам, які ўчыніў князь Міхал Глінскі.

Мужнасць і адвага слуцкай княгіні ўразілі яе сучаснікаў. А Глінскі нават захапіўся ёю. Звязаць жыццё з яшчэ даволі маладой, прыгожай жанчынай, якая б падзяліла з ім яго славу, было даволі прыцягальна для не маючага жонкі князя Міхала. Да таго ж уладалюбівага Глінскага п'яніла думка пра тое, што ў выпадку згоды абшырныя землі Слуцкага княства пяройдуць яму ва ўладанне. Са слуцкай жа крэпасцю ў Глінскага былі звязаны і іншыя планы: яму патрэбна была такая цвярдыня, каб выкарыстаць яе ў абарончых мэтах падчас мяцяжу, які ён рыхтаваў супраць Жыгімонта І Старога. У 1508 г., будучы «праездам» у Слуцку, Міхал Глінскі, ужо мяцежнік, пасватаўся. Але яму адмовілі. Чым не задавальняла слуцкую княгіню яго кандыдатура - невядома. Даследчыкі выказваюць розныя меркаванні. Магчыма, Анастасія жадала захаваць вернасць мужу. Яе мог непакоіць і лёс сына, які страчваў бы правы на княства, калі б у яго з'явіўся малодшы брат ад айчыма. Верагодна і тое, што княгіню бянтэжыла паходжанне жаніха. Глінскі быў нашчадкам хана Мамая, сын якога - Мансур пасля паражэння на Куліковым полі збег у Літву. Анастасія магла інстынктыўна адчуваць непрыязь да татар, нават беларускіх. Можа, адмова была выклікана нязгодай з дзеяннямі мяцежніка. Але хутчэй за ўсё Глінскі проста не падабаўся ёй як мужчына. Выходзіць жа замуж без кахання княгіня не жадала.

Як бы там ні было, але Глінскі адчуў сябе абражаным. Ён вырашыў адпомсціць і ўзяць Слуцак сілаю. Двойчы войска князя Міхала падыходзіла да Слуцка, брала горад, штурмавала замак, спрабавала запаліць умацаванні. Але без поспеху. Непрыступная для татар крэпасць не здалася і на міласць іх пераможца. Летапісы пра гэта распавядаюць так: «В сие лето Глинский некто в Литве много зла починил... и Слуцка хоте взяти под Анастасиею княгинею Симеоновою, но не може, только волость ея якоже Татаре поплени и Копыль, и Туров доста и Мозыр».

У гэтым жа 1508 г. недалёка ад Слуцка войска княгіні разбіла яшчэ адзін невялічкі атрад татар.

Час ішоў. Непрыкметна стаў дарослым сын Анастасіі Юрый. І яна перадала яму кіраванне княствам. Але характар у сына быў неспакойны. Маладая гарачая кроў клікала ў бітву. Ужо само слова «татары» дзейнічала на юнака, як чырвоны колер на быка. У 1511 г. Юрый б'е іх пад Кіевам, у 1514 - пад Воршай. Маючы ў душы трывогу за сына, княгіня Анастасія спрабавала ўтаймаваць яго, прывязаць да дома жаніцьбаю. Нявестай стала князёўна Алена Радзівіл. Але нават гэта не дапамагло. У часы доўгіх сынавых адлучак маці зноў прымала на сябе ролю слуцкай гаспадыні.

У 1521 г. татары ў апошні раз паспрабавалі авалодаць Слуцкам. Але развеяць міф пра яго непераможнасць ім так і не ўдалося. Гэта здарылася за чатыры гады да смерці княгіні Анастасіі.

Яна паспела яшчэ ўладкаваць лёс дачкі, выдала яе замуж за высакароднага князя, гетмана Канстанціна Астрожскага, удаўца, які ўрачыста абяцаў берагчы і любіць сваю маладую жонку. Гэта была бліскучая партыя для Аляксандры Сямёнаўны. Маці адчула, што выканала ў гэтым жыцці ўсё, што павінна была.

Яна адышла ў нябыт ціха і лагодна, як маюць шчасце памерці толькі людзі з чыстым сумленнем.

Прыгожай легендай увайшло ў беларускую гісторыю жыццё слуцкай волаткі Анастасіі Алелькавіч. Рысы яе характару і фрагменты лёсу праступаюць ва ўсходнеславянскіх былінах пра «адважную паляніцу Настассю Мікулічну». І магчыма, ствараючы сваю славутую «Гражыну», Адам Міцкевіч успамінаў пра княгіню-амазонку з сям'і Алелькавічаў, якая, як і яго гераіні, прысвяціла сваё жыцце самаадданаму служэнню Радзіме.


1992-1995?

Тэкст падаецца паводле выдання: Ірына Масляніцына, Мікола Багадзяж. Слава і няслаўе. Менск, Народная асвета, 1995.
Крыніца: скан