epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Бунін

Князь з князёў

Лук'ян Сцяпанаў прыехаў у светлы вераснёўскі дзень да пані Мікулінай. Да яго хутара вёрст пятнаццаць, коньмі ён даражыць як вокам. Значыцца, прыехаў ён па важнай справе.

Гняды жарабец, пабліскваючы зрэнкамі, цяжка ўляцеў у двор, пад хлеў, дзе яшчэ да гэтага часу злазяць тыя, што не адважваюцца злезці каля ганка. Лук'ян Сцяпанаў сядзеў на бегавых дрожках, на голай дошцы.

- Што ж гэта вы, Лук'ян Сцяпанавіч, без падушкі? - смеючыся, папытаўся ў яго ліцэіст Сева, што ішоў ад стайні.

- Пачакай, раскажу, - адказаў Лук'ян Сцяпанаў, прывязваючы жарабца да воза.

Сева стаў чакаць. Прывязваў Лук'ян Сцяпанаў доўга, як мае быць. Прывязаўшы, высмаркаўся на зямлю, выцерся і, нарэшце, адказаў:

- Вось таму ў вашага брата, у паноў, і няма нічога. Ёсць падушка - сунь яе і ў хвост і ў галаву!

Узяўшы з дрожак мяшочак, набіты нечым цяжкім, ён пайшоў к дому - вялікі, цяжкі ад адзення. На ім была цёплая паддзёўка, паверх паддзёўкі кажух, галава пад шапкай павязана па вушах чырвонай хусткаю, ногі абуты ў цяжкія боты.

Сева зноў засмяяўся і сказаў:

- А цёпла вы апрануты!

- Мне, брат, восемдзесят з гакам, - адказаў Лук'ян Сцяпанаў. - Дажыві да майго.

- Дзе там восемдзесят! Адкуль вы столькі набралі?

- У полі, брат, набраў.

- Ну, а вушы вы навошта ж завязалі?

- Глухім быць не хачу - от навошта. Чаму вы, паны, глухія ўсе? А вось ад гэтага. Выскачыў у чым папала, надзьмула ў вушы - і гатоў.

Выйшла ў залу гаспадыня, яе старэйшы сын Міка, лысы, вусаты, падслепаваты, і дачка Люлю - бледная, кволая, задуманая, што заўсёды хутала плечы ў пухавую хустку і нечакана, прытворна ўздрыгвала. Гаспадыня частавала госця белым хлебам, гарбатай і сочывам, многа гаварыла, рабіла выгляд, што вельмі дасведчана ў сельскай гаспадарцы. Сева не спускаў усмешлівых воч з Лук'яна Сцяпанава, з яго загарэлага твару і носа, які ад загару лупіўся, быў ліловы, у залацістым шалупінні. Міка, нагінаючыся на стол, паліў, збіваючы попел у попельніцу, падобную на далонь, і скочваў хлебныя камячкі, што заўсёды раздражняла гаспадыню. Люлю села з нагамі на канапу, прыціснулася ў куточак, скурчылася і, не моргаючы, глядзела прыгожымі тужлівымі вачыма ў вялікі рот Лук'яну Сцяпанаву: дзясны ў яго былі ружовыя, голыя, без адзінага зуба. Усіх мучыла загадка: чаго ён прыехаў? А што, калі прытаргавацца да маёнтка? Ах, калі б даў бог! Гаспадыня вельмі тонка, як ёй здавалася, падводзіла гаворку да продажу маёнтка, намякала на тое, што, па цяперашніх часах, і яна ахвотна прадала б.

- Ах, Лук'ян Сцяпанавіч, з нашым народам нехаця скажаш, што банк самае надзейнае месца для капіталу!

Але Лук'ян Сцяпанаў гаварыў толькі пра сваіх коней, пра ўмалот, вельмі ахвотна еў белы хлеб, далікатна браў лыжачку сочыва проста з вазы, глыбока засоўваў яе ў рот, клаў назад і піў гарбату. Ён рабіў выгляд, што слухае гаспадыню, дзівіўся з самых простых рэчаў, пляскаў сабе па калене - і зноў гаварыў толькі пра сябе, не даючы гаварыць гаспадыні. Сядзеў ён у расшпіленай паддзёўцы, пад якой была вылінялая паркалёвая кашуля, выціраў залыселую галаву і твар хусткаю, знятаю з вушэй. «Зусім яшчэ здаровы мужчына! - думалі ўсе. - Толькі барада сівая, дый то не зусім, яшчэ відаць, што яна была рыжая; ёсць, вядома, і ў вачах нешта блеклае, старэчае, жывот праваліўся...» Нарэшце ён падняўся, прынёс з пярэдняй і развязаў свой цяжкі мяшочак, поўны серабра ўперамешку з золатам. Аказалася, што ён прыехаў толькі дзеля таго, каб пахваліцца. «Ды гэта яшчэ што, - сказаў ён. - Хіба гэта грошы? Так, запрадаў аўсяца, ну і ўзяў каліва задатку...»

Выклікаўшы здзіўленне, зайздрасць, пашану, ён здаволена і хітра засмяяўся, лепш кажучы, засіпеў, разяўляючы ружовы рот, падзякаваў за гарбату, за частаванне і пайшоў апранацца.

- Не, пара, пара, - сказаў ён, хоць ніхто не спыняў яго. - І так прыпазніўся. Лепш на Пакровы яшчэ прыеду.

Усе былі расчараваны і пайшлі, не дачакаўшыся, пакуль ён апранецца. У пярэдняй астаўся адзін Сева.

- Ну, от вы, Лук'ян Сцяпаныч, кажаце, што вам восемдзесят з гакам, - пачаў ён, сядаючы на тапчан. - Ну, скажыце шчыра: баіцеся смерці? Часта пра яе думаеце?

- Пачакай, раскажу, - адказаў Лук'ян Сцяпанаў, апранаючыся.

І зноў нічога не расказаў. Павязаўшы вушы, насунуўшы шапку на самыя бровы, туга і нізка падперазаўшыся, ён пачаў нацягваць на сябе кажух. Ухадзіўшыся з гэтым, ён стаміўся, задыхнуўся і цяжка сеў поруч з Севам.

- Смерці, кажаш? - сказаў ён. - Хто ж яе не баіцца? Дзівак чалавек! Ды што ж ты зробіш? І памрэш, не адмовішся... І багацця свайго, брат, з сабою не возьмеш!

- А от вы з грашыма вось гэтак ездзіце: не баіцеся, што заб'юць, абрабуюць?

- Што я з грашыма, таго ніхто не ведае. А і ўведае, не дагоніць. Такога жарабца, як мой, у твайго дзеда на вяселлі не было.

Усеўшыся на дрожкі вярхом, Лук'ян Сцяпанаў шпарка панёсся з двара, але, мінуўшы царкву, гумно, усіх, хто мог яго бачыць, пацягнуўся ступою. А ў накуранай зале доўга стаяла слупамі святло перадвечаровага сонца. Сева адкрыў піяніна, тысячны раз нешта пачаў. Гаспадыня з тужлівым і важным тварам несправядліва пакрыўджанай, але пакорыстай свайму лёсу жанчыны занялася мыццём і выціраннем пасудку для гарбаты, гідліва аддаўшы пакаёўцы вазу з сочывам, з якой еў Лук'ян Сцяпанаў:

- Выкіньце гэта і памыйце гарачаю вадою.

Люлю паднялася з хваравітай грымасай - ах, гэтыя дамарослыя музыкі! - і, выйшаўшы з дому, павольна пайшла па ліпавых прысадах, стараючыся наступаць на сухія лісты, залатыя і ружовыя. «Восень, асыпаецца ўвесь мой бедны сад!» - высокім голасам заспявала яна. Але абарвала песню на першых словах, звярнула на дарожку сярод бэзавага зарасніку, села на лаўку і раптам заплакала, стрымліваючы рыданні, злосна кусаючы край хусткі, каб не закрычаць ад болю. Палоса яркага вечаровага святла лягла на шэры стары стол каля лаўкі. Нейкая чарнавокая птушка бязгучна зляцела на галінку, з галінкі на стол, туга, бачком скокнула два разы, з цікаўнасцю гледзячы на заплаканую. У гумне, куды, строячы з сябе гаспадара, ішоў Міка ў аўстрыйскай куртцы і ў высокіх ботах, роўна гула малатарня. Ясны, раўнадушны вечар быў да таго ціхі, што яна чутна была далёка ў полі - жоўтым, пустым, пазалочаным шаўковымі цянётамі павуціння.

Праз некалькі дзён падагналі пад ганак Мікулінавага дома тройку. Фурман надзеў плісавую безрукаўку, шаўковую канарэечную кашулю і капялюш з паўлінавым пер'ем, паня і паненка - жалобу: заўсёды ёсць якая-небудзь памерлая далёкая сваячка, а гэта ж так зручна, калі няма добрых гарнітураў для дарогі. Спусціўшы вуалі, нацягваючы фільдэкосавыя пальчаткі, яны ласкава і журботна развітваліся з прыслугаю, прымаючы парасонікі, накідкі, рыжы плед нябожчыка Мікуліна. Сева паехаў верхам на нервовай худой кабылцы. Да станцыі ўсяго дваццаць вёрстаў, цягнік адыходзіць у сем, а выехалі ў дзве. Можна было адстаць. Сева адстаў каля хутара Лук'яна Сцяпанава. Тройка схавалася ў стэпе, сярод рыжай пожні; ён павярнуў на дарогу, што зарасла палыном, пад хутар.

Было горача, наўкола блішчала сухая ўзараная зямля на бульбяных выбраных палях. Удалечы серабрыліся таполі. Насустрач ішоў па пыле белы тоўсты хлопчык, гадоў трох, у бруднай кашульцы, у вялікай шапцы, падобны на старога, - ішоў, палажыўшы галаву на плячо, невядома куды. «Заблудзіць, зойдзе чортведама куды», - падумаў Сева, смеючыся.

Было свята, пасляабедны час - здавалася, што на хутары нікога не было. Вось пляцень і вароты ў шырокі двор. На двары - вазы, саракавёдзернае каменнае карыта, калодзежнае пругло, цень ад старых свірнаў пад шызай залачонай страхою. Парушаючы выгляд стэпавага мужыцкага гнязда, бялее за свірнамі яшчэ нефарбаваная бляшаная страха новага мяшчанскага дома на высокім фундаменце. Далей - нейкі чорны велічэзны будан, каля якога вісіць на шасце здохлы коршак. Наперадзе - мелкая сажалка, блішчастая на сонцы, гліняныя берагі ў гусіным пуху. А з другога боку двара - разваліны стадолы, старадаўняй, яшчэ тых часоў, калі хутар належаў барону Ачкасаву: мураваныя крапасныя сцены, голы шкілет векавечных крокваў. Усе вароты насцеж - відзён гной, зляжалы, запечаны, што нарос за многія гады пад самыя праслы.

Лук'ян Сцяпанаў адзінока і велічна стаяў сярод двара, без шапкі, у ліловай кашулі, апіраючыся на сахор. Непадалёк ціха сядзела ў вядры, забітае ў яго, захутанае ў гуньку, бледнае дзіцяня ў каптурыку. Другое, у прадранай на тугім жываце кашулі, крыва і старанна заносіла поўную ножку, узбіраючыся на каменны ганак у свірне. А наўкола спалі, як боб: аднае сям'і ў Лук'яна Сцяпанава шаснаццаць чалавек, ды яшчэ госці, кум з жонкаю прыехалі. Усе ашалелі, аслабелі пасля абеду, паваліліся дзе папала і заснулі. Адзін Лук'ян Сцяпанаў не здаўся: быў яшчэ ў хмелі, чырвоны, але стаяў трывала.

Калі Сева ўз'ехаў на двор, Лук'ян Сцяпанаў не спяшаючыся падышоў, падаў яму руку і агледзеў запацелую пад сядлом кабылку.

- У Маскву па песні? - папытаўся ён з усмешкаю.

Пад паветкамі свірнаў сядзелі на ланцугах сабакі. Ён пагразіў ім. Каля іх, у цяні, моцна спаў на спіне кум, мужык з чорнаю барадою. На сонцы, у возе - баба ў зялёнай сукенцы і старэйшы сын Лук'яна Сцяпанава, у атласнай сіняй кашулі, у каваных ботах, з выпушчанымі з-за халяў крайкамі шарсцяных шкарпэтак. Гэтыя ляжалі ніцма, абняўшыся. Рэшта спалі проста на траве. Бабы - прыкрыўшыся ад сонца фартухамі.

- Яешаньку? А? - папытаўся Лук'ян Сцяпанаў.

Сева, смеючыся, адмовіўся:

- Мы толькі што ад снедання.

- Ну, чайку?

- Таксама не хочацца. Дый на станцыю баюся спазніцца.

- Значыцца, зноў у Маскву?

- Але... Пара. Я і так прапусціў ужо многа ўрокаў.

- Жывецца вам! - сказаў Лук'ян Сцяпанаў, нібы з зайздрасцю, але і не тоячы насмешкі. - Урокаў! А я от тысяч на сорак маю, князь з князёў, а ўсё сяджу. У Кіеў і то не збяруся ніяк. А куды больш патрэбна за твае ўрокі. Хадзем, дом пакажу.

Каля дома, на рыззі баваўнянай коўдры, сушылася пшано.

- Кыш, пропаду на вас няма! - сказаў Лук'ян Сцяпанаў, махнуўшы сахаром на высокіх худых куранят, што бегалі па пшане, і падняўся на ганак, увайшоў у сенцы, якія дзялілі дом на дзве палавіны. Падлогі ў сенцах яшчэ не насцілалі: навалены былі тут парассыпаныя колы, парассыханыя кадушкі, цэгла, вапна. У паадчыняныя дзверы глядзелі пустыя пакойчыкі, кафляныя печы, медзяныя аддушнікі, сцены ў блакітненькіх шпалерах.

Сева папытаўся, азіраючыся:

- А што ж гэта вы яго не дабудоўваеце?

- Гэта каго? Дом?

- Але.

- Капіталу, брат, не хапае. Гэта ж у цябе адзін клопат - урокі вучыць, задачы рашаць ды дыктоўку гнаць.

- Не, без жартаў? І не дабудоўваеце і не пераходзіце. Вы ж, кажуць, пад паветкаю, у зямлянцы жывяце?

- Яна зямлянка, а лепш за ўсякую хату, - сказаў Лук'ян Сцяпанаў. - А не пераходжу, гэта праўда. Трэці год не пераходжу, таму і не дабудоўваюся. Не ў капітале, вядома, рэч. От дзетвара падымецца, выраўняецца.

- Якая дзетвара?

- А ўнукі. Іх у мяне не злічыш. Пусці толькі іх! Як бач усе шпалеры абдзяруць.

У заднім пакоі, у зале, як называў яго Лук'ян Сцяпанаў, сядзела на падлозе босая баба, мілая з твару, вельмі ціхмяная на выгляд, і секла нажом зялёную траву.

- Гэта каму ж? - папытаўся Сева.

- Свінням есці гатуе, - сказаў Лук'ян Сцяпанаў. - Хадзем. Тут горача.

- А я ўсё-такі хату вашу хацеў бы паглядзець.

- І хату пакажу.

Пад велізарным, чорным ад старасці буданом тоўстая столь з бярвення накрывала велізарную зямлянку. Спусціліся ўніз па земляных сцёртых сходках. Унізе было змрочна, цёмна - святло праходзіла толькі ў два малюсенькія акенцы пад самай столлю. Сева ўбачыў палок чалавек на дваццаць, таксама завалены старызнаю - гунькамі, латкамі, атопкамі лапцей, калыскамі; агледзеў растрэсканую цагляную печ, палаці, стол, які займаў ледзь не палову хаты, шчарбатыя чыгуны на мокрым земляным доле каля печы, - у іх, у вадзе з попелам, выпарваліся порткі і сарочкі.

- Але ж гэта жахліва, - сказаў ён смеючыся. - Як жа вы тут жывяце! Вас жа шаснаццаць чалавек. І цэлую зіму спіце ўсе разам...

- Нічога тут нямашака жахлівага, - сказаў Лук'ян Сцяпанаў, нешта ўважліва аглядаючы пад печкаю, і раптам махнуў вілкамі: з-пад печкі, раздзімаючы попел, вылецеў вялікі аблезлы голуб. - Нічога тут нямашака, браце ты мой, жахлівага. Дзевяць год пражыў, як дай табе бог пражыць. Дзіва, а не хата. А цеплыня якая! Зімою проста хоць сарочку скідай... Мы, браце, людзі земляныя.

- Але ж сыра, мабыць, страшэнна?

- Заладзіў! Сыра, гэта праўда, дужа сыра. Хадзем, сваю гаспадарку пакажу.

«Гаспадарка» Лук'яна Сцяпанава, яго знакамітыя на ўсё наваколле чорна-стракатыя біцюгі стаялі ў асобным двары, у мураванай, крытай дошкамі прыбудове да новага дома. Адамкнулі замкі на высокіх дашчаных варотах, увайшлі ва ўтульны квадрат з праварын і свіронкаў з ганачкамі і маленькімі жалезнымі дзверцамі.

- От буду жыць у новым доме, прачнуся калі ўночы, зірну, аж мне з залы ўсё і відаць, - сказаў Лук'ян Сцяпанаў, паказваючы на акенца, што глядзела з дома ў двор. - Зразумеў? Разумна прыдумана? Акурат як Адам у раі, жыву! Акурат князь з князёў!

Вочы яго пачалі блішчаць. Праварыны таксама былі на замках. Адмыкаючы іх, ён расчыняў дзверы, смела ішоў проста к заду каня, абгладжваў яго і ішоў да галавы.

- Ты не заходзь, не заходзь! - крычаў ён з праварыны. - На парозе стой. Насмерць заб'е! Мяне толькі аднаго падпушчаюць...

Страшныя жалобныя коні ўздрыгвалі ўсёй скурай, шарахаліся, храплі, касавурылі агнявымі вачыма. Грывы ў іх былі чорныя, густыя, траха не да зямлі. Раскормлены яны былі надзіва, з жалабамі на спінах і на крыжах.

- А? Што? Якаво? - глуха крычаў Лук'ян Сцяпанаў з цемры. - Бачыў? А то Масква... Больш за сто год у нашым родзе гэты самы завод, такой масці ні ў кога ва ўсёй губерні няма. Стану паміраць, накажу цэлую тройку запрэгчы ў самы першы воз, - каб тройка дамавіну праімчала!

Пасля, нагнуўшыся, пераступіў парог праварыны, дзе стаяла добрая жамчужная кабылка.

- А гэта мая найлепшая! Жамчужная кабылка называецца. Ну, галубка! Любіш? Любіш? - любіць, каб ёй носік чухалі, да страху любіць, - сказаў ён з захапленнем, паварочваючыся да госця.

Усё агледзеўшы і зачыніўшы, замкнуўшы, ён стаў весялейшы і радаснейшы.

- Пачакай, дурненькі, пачакай, паспееш! - гаварыў ён, затрымліваючы Севу. - Хадзем гарбату піць. А не хочаш, давай так паседзімо, папрастарэкуем...

Ён схадзіў у хату, прынёс лаву, сеў; глыбока і здаволена ўздыхаючы, усадзіў Севу поруч з сабою.

- Эй, бабка! - закрычаў ён на ўвесь двор. - Старая!

Тоўстая, сутулая бабуля ў ваўняных панчохах, у акулярах, са старой панчохай і пруткамі ў руках паказалася з-за будана.

- Княгіні мае яшчэ нябось не бачыў? - папытаўся Лук'ян Сцяпанаў, ківаючы на яе. - Заадно ўжо і яе паглядзі. Яна ў мяне таксама занятая. За хатаю сядзіць, мак сцеражэ.

Старая падышла і нізка пакланілася.

- Ну, як? - папытаўся Лук'ян Сцяпанаў. - Сядзіш? Нікога не відаць?

- Пакуль што, богу дзякаваць, нікога. Дык усе ж ведаюць, што стаіць варта.

- Маку трохі для ўцехі пасеяў, - сказаў Лук'ян Сцяпанаў, звяртаючыся да госця. - Я гэтых там макаў, сланечнікаў ніпачым не паважаю - для ўцехі толькі і сею па каліве, абы-абы дзецям хапіла. Як сеялі дзяды-прадзеды жытца, так і нам бог вялеў. Яны толькі яго, карміцеля, зналі, а цыгаркі з трохрублёвых круцілі. Я, браце ты мой...

Старая стаяла і мільгала бліскучымі пруткамі, слухала, гледзячы спадылба, з-за акуляраў. Лук'ян Сцяпанаў трохі нахмурыўся.

- Ну, будзе, паслухала, - сказаў ён і махнуў на яе рукою. - Чаго прыглядаешся? На мне ўзораў няма. Ідзі, ідзі адсюлека...

Вечарэла. Галкі, лапочучы, усаджваліся на сітаватыя каўпакі на камінах новага дома. Пачалі прачынацца тыя, што спалі. Адзін за адным прайшлі міма, на ставок, умывацца сыны Лук'яна Сцяпанава - панурыя, густавалосыя, дужыя мужчыны. Дзіця, што сядзела ў вядры, павалілася разам з вядром і крычала на ўвесь двор. Сева развітаўся. «Ну, у святы час, - сказаў Лук'ян Сцяпанаў, - ладней вучыся», - і Сева, ускочыўшы на сваю нервовую кабылку, паехаў па плаціне стаўка. Вечаровая прахалода і цішыня клаліся на стэп. Вераб'і асыпалі гарэлую, голую лазінку на плаціне суцэльным трэскам, вечаровым, утульным. Жаўтаватая мелкая вада кішэла каля плаціны драбнюткімі вашамі. Памыўшыся, мужык сядзеў на гліняным беразе расперазаны, адлюстроўваўся пад берагам і глядзеў на аранжавае сонца, што заходзіла за стэпам, за неагляднай раўнінаю, у малочна-блакітным сухім тумане. Пожні былі лімонныя. Пастушок, з распухлаю губою, у авечай шапцы, павольна гнаў па іх чараду авечак. Яны рушылі гуртам, на хаду дакормліваючыся, з шумам дыхання. Сева, ад'ехаўшы ад хутара, сцебануў нагайкаю па кані і панёсся ўгалоп, пакідаючы за сабою слуп пылу. Слуп гэты працягнуўся на вярсту і не ападаў доўга, доўга...

У Маскве ўсю восень ішлі дажджы. Міка не пісаў і не слаў грошай з вёскі - зноў з палюбоўніцаю звязаўся. Мама хварэла, - прынамсі, не прымала нікога, гаворачы, што хварэе. Прымалі толькі аднаго Жадрынскага, старога тэатрала, голенага, вельмі поўнага, які мучыўся задышкай і славіўся сваімі вострымі жартамі на ўвесь горад. У лістападзе Люлю, нечакана для ўсіх, выйшла за яго замуж. Цяпер ужо валіў снег, ноччу ўверх па Цвярской адна за адною несліся, пазвоньваючы бомамі, тройкі. Жадрынскі часта бавіў ночы з кампаніямі ў Стрэльні. Палячы на марозе цыгару, седзячы ў дасе паміж жонкаю і маленькаю вядомаю артысткаю, Жадрынскі ўсё нахіляўся да яе і трапнымі жартамі шэптам прымушаў яе смяяцца да ўпаду і біць яго па руках. Люлю, у дарагім лёгкім футры, у сярэднявечным аксамітавым берэце, тужлівымі, умольнымі вачыма, уткнуўшы твар у муфту незвычайнай велічыні, глядзела на маладзенькага сумскага афіцэра, які сядзеў насупраць. Яго сусед, знакаміты спявак, з тварам кацярынінскага вяльможы, стрыжаны «пад гаршчок», па-мужыцку, але ў цыліндры і ў мядзведжым футры, строіў леныя, абыякавыя вочы: раўнаваў. Люлю тужліва думала:

«Я гадкая, гадкая...»

Жыццё ў Стрэльні, каля Яра толькі пачыналася. Весела было ўваходзіць туды, у агні, цяпло, бляск люстэрак, цёплае паветра, якое пахла цыгарамі, шампанскім і смажанымі рабчыкамі, ацепваць марозны снег з футраў, кідаць іх на рукі спрытных людзей у паддзёўках і памагаць дамам, якія шамацелі шоўкам спадніц і ззялі чырванню з марозу, расшпільваць чаравікі!

А Лук'ян Сцяпанаў, які мірна начаваў з усім сваім шматлікім патомствам і цялятамі ў цёплай земляной бярлозе, ужо трэці раз прачынаўся ў гэты час і босы выходзіў наверх, на рыпучы снег, пад чорна-сіняе неба і зоры.

 

Капры, 30.12.1912



Пераклад: Ян Скрыган