epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Бунін

Начлег

Гэта сталася ў адной глухой гарыстай мясцовасці на поўдні Гішпаніі.

Была чэрвеньская ноч, невялікі поўны месяц стаяў на пуку, але святло яго, трохі ружаватае, як гэта бывае ў гарачыя ночы пасля кароткіх ліўняў, вельмі звычайных у пару, калі цвітуць лілеі, усё ж да таго ярка асвятляў перавалы невысокіх гор, укрытых нізкарослым паўднёвым лесам, што вока ясна распазнавала іх да самых гарызонтаў.

Вузкая даліна ішла паміж гэтымі пераваламі на поўнач. І ў цяні ад іх узвышэнняў, у мёртвай цішыні гэтай пустэльнай ночы, аднастайна шумеў горны ручай і таямніча плылі і плылі, мерна патухаючы і мерна ўспыхваючы то аметыстам, то тапазам, лятучыя светлячкі, лючыёлі. Процілеглыя ўзвышшы адступалі ад даліны, і па нізіне пад імі ішла старадаўняя камяністая дарога. Такім жа старадаўнім здаваўся на ёй, на гэтай нізіне, і той каменны гарадок, куды ў гэты ўжо даволі позні час паволі ўехаў на гнедым жарабцы, што накульгваў на пярэднюю правую нагу, высокі мараканец у шырокім бурнусе з белай шэрсці і ў мараканскай фесцы.

Гарадок здаваўся закінутым, мёртвым. Ды ён і быў такі. Мараканец праехаў перш па цяністай вуліцы, паміж мураваных рэштак дамоў, што красаваліся чорнымі пустотамі на месцы вокан, з адзічэлымі садамі за імі. Але потым выехаў на светлую плошчу, на якой быў доўгі вадаём з лаветкаю, царква з блакітнай статуяй мадонны над парталам, некалькі дамоў, яшчэ жылых, а наперадзе, ужо на выездзе, заезны двор. Там, у ніжнім паверсе, маленькія вокны былі асветлены, і мараканец, што ўжо драмаў, ачуўся і нацягнуў павады, што прымусіла кульгавага каня весялей застукаць па няроўным каменні плошчы.

На гэты стук выйшла на парог заезнага двара маленькая, худая бабуля, пра якую можна было падумаць, што гэта старчыха, выскачыла круглатварае дзяўчо гадоў пятнаццаці, з чубком на лобе, у эспадрыллях на босую нагу, у лёгенькай сукеначцы колеру бледнай гліцыніі, падняўся вялізны чорны сабака з гладкаю шэрсцю і кароткімі, тарчком настаўленымі вушамі, што ляжаў каля парога. Мараканец злез з каня, і сабака тут жа ўвесь ступіў наперад, бліснуўшы вачамі і як бы з нянавісцю выскаліўшы белыя страшныя зубы. Мараканец узмахнуў бізуном, але дзяўчына апярэдзіла.

- Негра! - звонка крыкнула яна, спужаўшыся. - Што з табою?

І сабака, апусціўшы галаву, паціху адышоў і лёг, мордаю да сцяны дома.

Мараканец сказаў на благой гішпанскай мове прывітанне і пачаў пытацца, ці ёсць у горадзе каваль, - заўтра трэба ў каня агледзець капыт, - дзе можна паставіць яго нанач і ці будзе яго чым пакарміць, а яму самому ці будзе вячэра? Дзяўчынка з цікаўствам глядзела на яго вялікі рост і невялікі, вельмі смуглы твар, пабіты воспаю, з апаскаю касілася на чорнага сабаку, што ляжаў смірна, але як бы пакрыўджана, бабуля, тугая на вуха, скоранька адказвала крыклівым голасам: што каваль ёсць, а работнік спіць у стадоле поруч з домам, але яна зараз яго разбудзіць і дасць чым пакарміць каня. А што да вячэры, то няхай госць не перабірае: можна спячы яечню з салам, але ад вячэры асталося толькі трохі халодных бабоў ды рагу з агароднінаю... І праз паўгадзіны, управіўшыся з канём з дапамогаю работніка, вечна п'янага старога, мараканец ужо сядзеў за сталом у кухні і са смакам еў і са смакам піў жаўтаватае белае віно.

Дом заезнага двара быў старасвецкі. Ніжні паверх яго дзяліўся доўгімі сенцамі, у канцы якіх былі крутыя ўсходы на верхні паверх, на дзве палавіны: налева прасторны, нізкі пакой з нарамі для простага люду, направа гэтакая ж прасторная, нізкая кухня і разам з тым сталоўка, уся па столі і па сценах густа закуродымленая, з маленькімі і вельмі глыбокімі ў тоўстых сценах вокнамі, з прыпечкам у дальшым кутку, з грубымі голымі сталамі і лаўкамі каля іх, слізкімі ад часу, з каменным няроўным долам. У ёй гарэла лямпа, што звісала са столі на пачарнелым жалезным ланцугу, пахла гарэлым салам - старая распаліла агонь, разагрэла пракіслае рагу і пякла госцю яечню, пакуль ён еў халодныя бабы, палітыя воцатам і зялёным аліўкавым алеем. Ён не распрануўся, не зняў бурнуса, сядзеў, шырока расставіўшы ногі ў тоўстых скураных чаравіках, над якімі былі падвязаны па шчыкалатках шырокія штаны з тае ж белае шэрсці. І дзяўчынка, памагаючы бабулі і слугуючы яму, раз-пораз пужалася яго быстрых, нечаканых позіркаў на яе, яго сіняватых бельмаў, што вылучаліся на яго сухім і рабым цёмным твары з вузкімі губамі. Ён і без таго быў страшны ёй. Вельмі высокі ростам, ён быў шырокі ад бурнуса, і тым меншая здавалася яго галава ў фесцы. Па кутках яго верхняй губы курчавіліся цвёрдыя чорныя валасы. Гэтакія ж курчавіліся сям-там і на барадзе. Галава была адкінута трохі назад, ад чаго асабліва вытыркаў вялікі кадык у аліўкавай скуры. На тонкіх, бадай што чорных пальцах бялелі срэбраныя пярсцёнкі.

Ён еў, піў і ўвесь час маўчаў.

Калі бабуля, разагрэўшы рагу і спёкшы яечню, стомлена села на ўслон каля прыпечка і крыкліва папыталася ў яго, адкуль ён едзе, ён заікліва кінуў толькі адно слова:

- Далёка.

З'еўшы рагу і яечню, ён памахаў пустым ужо вінным збанком, - у рагу было многа чырвонага перцу, - бабуля кіўнула дзяўчыне галавою, і, калі тая, схапіўшы збан, вомельгам знікла з кухні ў адчыненыя дзверы, у цёмныя сенцы, дзе паволі плылі і казачна ўспыхвалі светлякі, ён дастаў з-за пазухі пачак папярос, запаліў і папытаўся ўсё гэтак жа коратка:

- Унучка?

- Пляменніца, сірата, - пачала крычаць бабуля і пусцілася расказваць пра тое, што яна так любіла нябожчыка брата, дзяўчынінага бацьку, што з-за яго асталася ў дзеўках, што гэта яму належаў гэты заезны двор, што яго жонка памерла ўжо дванаццаць гадоў назад, а ён сам - восем і ўсё завяшчаў на вечнае ўладанне ёй, старой, што справы пайшлі вельмі нядобра ў гэтым зусім апусцелым гарадку...

Мараканец, зацягваючыся папяросаю, слухаў няўважліва, думаючы нешта сваё. Дзяўчынка ўбегла з поўным збаном, ён, зірнуўшы на яе, так моцна зацягнуўся недакуркам, што апёк кончыкі вострых чорных пальцаў, скоранька запаліў новую папяросу і з націскам сказаў, гаворачы да старой, заўважыўшы ўжо, што яна недачувае:

- Мне будзе вельмі прыемна, калі твая пляменніца сама наліе мне віна.

- Гэта не яе работа, - адрэзала старая, лёгка пераходзячы ад балбатлівасці да рэзкай кароткасці, і пачала сярдзіта крычаць:

- Ужо позна, дапівай віно і ідзі спаць, яна зараз пасцеле табе ў верхнім пакоі.

Дзяўчынка ажыўлена бліснула вачамі і, не чакаючы загаду, зноў выскачыла, скоранька затупала па ўсходах наверх.

- А вы абедзве дзе спіце? - папытаўся мараканец і крышку зрушыў феску з потнага лба. - Таксама наверсе?

Старая закрычала, што там вельмі горача летам, што калі няма пастаяльцаў, - а іх цяпер бадай што ніколі няма! - яны спяць у другой, ніжняй палавіне дома, - вось тут, насупраць, паказала яна рукою ў сенцы і зноў пусцілася ў скаргі на нядобрыя справы і на тое, што ўсё стала вельмі дарагое і што таму міжволі прыходзіцца браць дорага з паязджан...

- Я заўтра паеду рана, - сказаў мараканец, ужо не слухаючы яе. - А раніцаю ты дай мне толькі кавы. Значыцца, ты можаш цяпер мне падрахаваць, колькі з мяне трэба, і я зараз жа расплачуся з табою. Паглядзім толькі, дзе ў мяне дробныя грошы, - дадаў ён і дастаў з-пад бурнуса мяшочак з чырвонай мяккай скуры, развязаў, расцягнуў раменьчык, высыпаў на стол кучу залатых манет і зрабіў выгляд, што ўважліва лічыць іх, а старая нават прыўзнялася з услона каля прыпечка, гледзячы на манеты акруглелымі вачамі.

Наверсе было цёмна і вельмі горача. Дзяўчынка адчыніла дзверы ў душную, гарачую цемру, у якой ярка свяціліся шчыліны аканіц, спрытна вільнула ў цемры міма круглага стала пасярод пакоя, адчыніла акно і, штурхнуўшы, адчыніла аканіцы на зыркую месячную ноч, на вялікае светлае неба з рэдкімі зорамі. Стала лягчэй дыхаць, стаў чуцён ручай у даліне. Дзяўчынка высунулася з акна, каб зірнуць на месяц, не відны з пакоя, што стаяў яшчэ вельмі высока, потым зірнула ўніз: унізе стаяў і, падняўшы морду, глядзеў на яе сабака, што прыблудным шчанюком забег аднекуль гадоў пяць таму на заезны двор, вырас на яе вачах і прывязаўся да яе з той адданасцю, на якую здольныя толькі сабакі.

- Негра, - шапнула дзяўчынка, - чаму ты не спіш?

Сабака слаба віскнуў, матнуўшы ўверх мордаю, і кінуўся ў адчыненыя ў сенцы дзверы.

- Назад, назад! - скоранькім шэптам загадала дзяўчынка. - На месца!

Сабака спыніўся і зноў падняў морду, бліснуўшы чырвоным агеньчыкам воч.

- Што табе трэба? - ласкава сказала дзяўчынка, яна заўсёды гаварыла з ім, як з чалавекам. - Чаму ты не спіш, дурненькі? Гэта месяц так трывожыць цябе?

Як бы хочучы нешта сказаць, сабака зноў пацягнуўся ўверх мордаю, зноў ціха віскнуў. Дзяўчынка паціснула плячом. Сабака быў ёй таксама блізкаю, нават адзінаю блізкаю істотаю на свеце, адчуванні і памысленні якога бадай што заўсёды разумела яна. Але што хацеў сказаць ёй сабака цяпер, што яго трывожыла, яна не разумела і таму толькі строга пагразіла пальцам і зноў загадала прытворна-сярдзітым голасам:

- На месца, Негра! Спаць!

Сабака лёг, дзяўчынка яшчэ крыху пастаяла каля акна, падумала пра яго... Магчыма, яго трывожыў гэты страшны мараканец. Бадай што заўсёды сустракаў ён пастаяльцаў двара спакойна, не звяртаў увагі нават на такіх, што выглядалі разбойнікамі, катаржнікамі. Але ўсё ж бывала, што на некаторых кідаўся ён чамусьці як шалёны, моцна равучы, і тады толькі яна адна магла ўсмірыць яго. Зрэшты, магла быць і другая прычына яго трывогі, яго раздражнення - гэта гарачае, без самага нязначнага руху паветра і такая сляпучая, месячная ноч. Добра чутно было ў незвычайнай цішыні гэтай ночы, як шумеў ручай у даліне, як хадзіў, тупаў нагамі казёл, што жыў у хляве, як раптам нехта - ці то стары мул у заезным двары, ці то мараканцаў жарабец - са стукам убрыкнуў яго, а ён так моцна і гадка замэкаў, што здавалася, на ўвесь свет пачулася гэтае чортава мэканне. І дзяўчынка весела адскочыла ад акна, адчыніла другое, размахнула і там аканіцы. У пакоі пасвятлела. Апроч стала ў ім стаялі каля правай ад увахода сцяны тры шырокія ложкі, накрытыя толькі грубымі прасцірадламі. Дзяўчынка адкінула прасцірадла на першым ад увахода ложку, паправіла падушкі, што раптам казачна асвятліліся празрыстым, ласкавым, блакітнаватым святлом: гэта быў святляк, што сеў на яе чубчык. Яна правяла па ім рукою, і святляк, бліскаючы і патухаючы, паплыў па пакоі. Дзяўчынка лёгенька заспявала і пабегла адсюль.

У кухні на ўвесь свой рост стаяў спінаю да яе мараканец і нешта нямоцна, але настойліва і раздражнена гаварыў старой. Старая адмоўна матала галавою. Мараканец пацяпнуў плячамі і з такім злосным тварам павярнуўся да дзяўчынкі, што яна адхіснулася.

- Гатова пасцель? - гартанна крыкнуў ён.

- Усё гатова, - скоранька адказала дзяўчынка.

- Але я не ведаю, куды мне ісці. Правядзі мяне.

- Я сама правяду цябе, - сярдзіта сказала старая. - Ідзі за мною.

Дзяўчынка паслухала, як паволі тупала бабуля па крутых усходах, як стукаў за ёю чаравікамі мараканец, і выйшла на двор. Сабака, што ляжаў каля парога, зараз жа ўскочыў, віскануў і, увесь дрыжучы ад радасці і ласкавасці, лізнуў ёй у твар.

- Перастань, перастань, - зашаптала дзяўчынка, ласкава адхіліла яго і села на парозе. Сабака таксама сеў на заднія лапы, і дзяўчынка абняла яго за шыю, пацалавала ў лоб і пачала гойдацца разам з ім, слухаючы цяжкія крокі і гартанную гаворку мараканца ў верхнім пакоі. Ён нешта ўжо спакойна гаварыў старой, але нельга было разабраць што. Нарэшце ён сказаў моцна:

- Ну добра, добра! Толькі няхай яна прынясе мне вады, каб папіць уночы.

І пачулася, як асцярожна пачала сыходзіць па прыступках старая.

Дзяўчынка ўвайшла ў сенцы насустрач ёй і цвёрда сказала:

- Я чула, што ён гаварыў. Не, я не пайду да яго. Я яго баюся.

- Дурніца, дурніца! - закрычала старая. - Ты, значыцца, думаеш, што я зноў сама пайду з маімі нагамі ды яшчэ ў цемры і па такіх слізкіх усходах? І зусім няма чаго баяцца яго. Ён толькі вельмі дурны і гарачы, але ён добры. Ён усё гаварыў мне, што яму цябе шкода, што ты дзяўчынка бедная, што ніхто не возьме цябе замуж без пасагу. Дый праўда, які ж у цябе пасаг? Мы ж зусім збяднелі. Хто цяпер у нас спыняецца, апроч бедных мужыкоў?

- Чаго ж ён так злаваўся, калі я ўвайшла? - папыталася дзяўчынка.

Старая збянтэжылася.

- Чаго, чаго! - замармытала яна. - Я сказала яму, каб ён не ўмешваўся ў чужыя справы...

І сярдзіта закрычала:

- Ідзі скарэй, набяры вады і занясі яму. Ён абяцаўся што-небудзь падараваць табе за гэта. Ідзі, кажу!

Калі дзяўчынка ўбегла з поўным збаном у адчыненыя дзверы верхняга пакоя, мараканец ляжаў на ложку ўжо зусім раздзеты: у светлым месячным сутонні пранізліва гарэлі яго птушыныя вочы, чарнела маленькая, коратка пастрыжаная галава, бялела доўгая кашуля, тарчалі вялікія голыя ступакі. На стале пасярод пакоя бялеў вялікі рэвальвер з барабанам і доўгаю руляю, на ложку поруч з яго ложкам белаю гарою было навалена яго верхняе адзенне... Усё гэта было вельмі страшна. Дзяўчынка з разбегу ткнула на стол збан і вомельгам кінулася назад, але мараканец ускочыў і злавіў яе за руку.

- Пачакай, пачакай, - скоранька сказаў ён, пацягнуўшы яе да ложка, сеў, не выпускаючы яе з рук, і зашаптаў: - Сядзь каля мяне на хвілінку, сядзь, сядзь, паслухай... толькі паслухай...

Ашаломленая дзяўчынка пакорліва села. І ён скоранька пачаў клясціся, што ўлюбіўся ў яе на скрут галавы, што за адзін яе пацалунак дасць ёй дзесяць залатых манет... дваццаць манет... што ў яго іх поўны мяшэчак...

І, выхапіўшы з-пад узгалоўя мяшэчак з чырвонай скуры, з дрыжаннем рук развязаў яго, высыпаў золата на пасцель, мармычучы:

- Вось бачыш, колькі іх у мяне... Бачыш?

Яна адчайна заматала галавою і ўскочыла з ложка. Але ён зноў імгненна злавіў яе і, заціснуўшы ёй рот сваёю сухою цупкаю рукою, кінуў яе на ложак. Яна з шалёнаю сілаю сарвала яго руку і пранізліва крыкнула:

- Негра!

Ён зноў сціснуў ёй рот разам з носам, пачаў другою рукою лавіць яе заголеныя ногі, якімі яна, брыкаючыся, біла яму ў жывот, але ў тую ж хвіліну пачула, што віхрам імчыцца па ўсходках сабака. Ускочыўшы на ногі, ён схапіў з стала рэвальвер, але не паспеў нават адвесці курок, імгненна збіты з ног на падлогу. Засцерагаючы твар ад зяпы сабакі, што расцягнуўся на ім і абдаваў яго агняным сабачым дыханнем, ён тузануўся, адкрыў падбароддзе - і сабака адной мёртвай хваткаю вырваў яму горла.

 

23 сакавіка 1949



Пераклад: Ян Скрыган