epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Бунін

Захар Вераб'ёў

Днямі памёр Захар Вераб'ёў з Асінавых Двароў.

Ён быў рыжавата-русы, барадаты і нагэтулькі вышэйшы, буйнейшы за звычайных людзей, што яго можна было паказваць. Ён і сам адчуваў, што належыць да нейкай іншай пароды, чым другія людзі, і часткова так, як дарослы сярод дзяцей, трымаўся, з каторымі прыходзіцца, аднак, на роўнай назе. Усё жыццё, - яму было сорак гадоў, - не пакідала яго і другое адчуванне - няяснае адчуванне адзіноты: даўней, кажуць, было многа такіх, як ён, ды пераводзіцца гэта парода. «Ёсць яшчэ адзін такі, як я, - казаў ён часамі, - ды той далёка, пад Задонскам».

Зрэшты, настроены ён быў заўсёды як лепш не трэба. Здаровы надзіва. Складу найлепшага. Ён быў бы нават прыгожы, калі б не буры загар, не крыху вывернутыя ніжнія павекі і не вечныя слёзы, што шклом стаялі ў вялікіх блакітных вачах. Барада ў яго была мяккая, густая, з невялікімі хвалямі, так і хацелася пачапаць яе. Ён часта, з ласкавасцю гіганта, здзіўлена ўсміхаўся і адкідваў галаву, крыху адкрываючы чырвоную гарачую зяпу, паказваючы цудоўныя маладыя зубы. І прыемны пах ішоў ад яго: жытні пах стэпавіка, змешаны з пахам дзягцярных, моцна каваных ботаў, з кіславатым смуродам дублёнага кажушка і мятным водарам нюхальнага тытуню: ён не паліў, а нюхаў.

Ён наогул быў схільны да старасветчыны. Каўнер у яго суравой кужэльнай кашулі, заўсёды чысты, не зашпіляўся, а завязваўся маленькаю чырвонаю жычкаю. На паяску вісеў медзяны грэбень і медзяная пушачка. Гадоў да трыццаці пяці насіў ён лапці. Але падраслі сыны, двор справіўся, і Захар пачаў хадзіць у ботах. Зіму і лета не скідаў ён кажушка і шапкі. І кажушок астаўся пасля яго добры, зусім новы, зялёна-блакітныя разводы і дробныя нашыўкі з каляровага саф'яну на хораша прастрочанай грудзіне яшчэ не злінялі. Буры коцік, - аблямоўка штрыфля і каўняра, - быў яшчэ калючы і жорсткі. Любіў Захар чыстату і парадак, любіў усё новае, моцнае.

Памёр ён зусім нечакана.

Быў пачатак жніўня. Ён толькі што адмахаў не малы кавалак дарогі. З Асінавых Двароў зрабіў вёрстаў пятнаццаць да горада: трэба было пабыць у пані, у якой абрабляў ён зямлю. З горада прыехаў па чыгунцы ў сяло Шыпава і пайшоў у Асінавыя Двары праз Жылое: гэта яшчэ вёрстаў дзесяць. Ды не тое зваліла яго.

- Што? - здзіўлена і па-царску строга сказаў бы ён сваім аксамітным басам. - Сорак вёрстаў?

І дабрадушна дадаў бы:

- Што ты, мілы! Ды я іх тысячу магу адмахаць.

Быў першы Спас. «Добра было б цяперака дзеля свята выпіць трошачкі», - жартам сказаў ён у Шыпаве знаёмаму, Пятрышчаваму фурману, праходзячы па залітым вапнаю вакзале, які, як заўсёды летам, рамантавалі. «Што ж не п'еш? Заадно і мяне пачаставаў бы», - адказаў фурман. «Няма на што, патраціўся, і так у грузавым вагоне ехаў», - сказаў Захар, хоць грошы ў яго былі. Фурман падміргнуў прыяцелю, урадніку Галіцыну. Далучыўся шыпаўскі мужык, п'яніца Алёшка. І ўсе чацвера выйшлі з вакзала. Захар і Алёшка пайшлі пехатою, фурман сеў у драбінкі, запрэжаныя параю, - ён прыязджаў па Пятрышчава, ды той не прыехаў, а ўраднік на дрожкі-бегункі. І Алёшка зараз жа заспрачаўся: ці можа Захар выпіць за гадзіну гарнец?

- А з закускаю? - папытаўся Захар, шырока ступаючы па сухой зямлі, спаласаванай каляінамі, каля высокай ураднікавай кабылы, і раз-пораз абгінаючы ўніз аглоблю, папраўляючы перакошаную вупраж.

- Можаш патрабаваць чаго хоць на паўрубля, - сказаў фурман, чалавек недалёкі, пануры.

- А прайграеш, - дадаў Алёшка, абшарпаны мужык з пераломленым носам, - а прайграеш, за ўсё ўтрая аддасі.

- Няхай будзя па-вашаму, - прабачліва абазваўся Захар, думаючы пра тое, чаго папрасіць на закуску.

Ён не толькі не стаміўся ад падарожжа ў Пальну, - дзе справа скончылася як лепш не трэба, мірам, - не толькі не здарожыўся, прамучыўшыся ў гарадской спякоце двое сутак, але нават адчуваў пад'ём, прыліў сілы. Яму ўсёю істотаю сваёю хацелася зрабіць што-небудзь незвычайнае. Ды што? Выпіць гарнец - гэта не бог ведае якая штука, гэта не нова... Здзівіць, пакінуць дурнем фурмана - невялікі інтэрас... Але ўсё-такі паспрачаўся ён ахвотна. І, узяўшыся есці і піць, перш цешыўся ядою, - есці вельмі хацелася, кожны кусок быў салодкі, - потым сваім апавяданнем пра суд.

Быў гарачы дзень. Але наўкола сяла, у прасторы жоўтых палёў, устаўленых копамі, было ўжо нешта восеньскае, лёгкае, яснае. Густы пыл ляжаў на шыпаўскай плошчы. Плошчу аддзяляюць ад сяла дрывяныя склады, булачня, вінная крама, паштовае аддзяленне, блакітны дом купца Якаўлева з агародчыкам пры ім і дзве крамы яго ў асобным зрубе на рагу. Каля задняй крамы прыступкамі навалены хваёвыя дошкі. Седзячы на іх, Захар піў, еў, гаварыў і глядзеў на плошчу, на бліскучыя пад сонцам рэйкі, на шлагбаўм гарбатага пераезда і на жоўтае поле за рэйкамі. Алёшка сядзеў поруч з ім і таксама закусваў - аржаным хлебам. Ураднік - нудны, запылены чалавек з падстрыжанымі вусамі, у абтрапаным шынялі з аранжавымі пагонамі - ураднік і фурман палілі, адзін на дрожках, другі ў драбінах. Коні драмалі, цярпліва чакалі, калі загадаюць ім кранацца. А Захар расказваў:

- Чым справа скончылася? - гаварыў ён. - Ды нічым. Памірыліся. Я гэтых судоў, каб яны спуставалі, зроду не ведаў, ні з кім не судзіўся. Мяне сам бацька-нябожчык засцерагаў ад гэтых сварак. А тут і сварка тая пустая, Бабы палаяліся, а мы здуру ўтруціліся...

Ён ужо выпіў пляшкі тры - з драўлянага карца, які дастаў на двары ў Якаўлева Алёшка; ён рабіў сваю справу да таго лёгка, будучы так упэўненым у сабе, што нават не заўважыў таго, што робіць. Фурман, ураднік і Алёшка з усяе сілы прыкідваліся спакойнымі, хоць душа кожнага з іх горача маліла бога, каб Захар зваліўся насмерць. А ён толькі расшпіліў кажушок, крышку ссунуў шапку з ілба, расчырванеўся. Ён з'еў два тараны, вялізны пук зялёнай цыбулі і пяць французскіх булак, з'еў з такім смакам і толкам, што нават супраціўнікі яго дзівіліся з яго, і ажыўлена, крышку насмешліва гаварыў:

- А на судах гэтых смехата! Я і ісці туды не хацеў. Чую - падаў прашэнне. Ну, падаў і падаў, як хочаш, а я, кажу, не пайду. Толькі раптам, гэта, прыязджае ў Пальну начальства, прысылае па мяне сам засядацель. Ах, пропаду на цябе няма! Нічога не зробіш - трэба ісці. Узяў хлеба з сабою, папёр. Гарачыня страшэзная, пыл па дарозе як прысак, ажно ісці горача. Ну, аднак, прыходжу. Ішоў даволі шустра, заяўляюся...

Трымаючы бадай што пустую пляшку пад пахаю, ён цадзіў у цёмны карэц светлую вільгаць, напаўняў яго да краёў і, разгладзіўшы вусы, прыпадаў да яе, востра і спажыўна пахучай, вільготнымі губамі; цягнуў жа паволі, з асалодаю, як крынічную ваду ў гарачы дзень, а дапіўшы да дна, пакрэктваў і, перавярнуўшы карэц, вытрэсваў з яго апошнія кропелькі. Пасля асцярожна ставіў пляшку каля сябе. Фурман не спускаў з яе сваіх пахмурых воч; ураднік, які падагнаў тайком стрэлку гадзінніка на цэлую чвэртку наперад, трывожна пераглядваўся з Алёшкам. А Захар, паставіўшы пляшку, браў дзве-тры стрэлкі цыбулі, ломячы, забіваў іх у вялікую драўляную салянку, у буйную шэрую соль, і зжыраў з апетытным, сакавітым хрустам. Вочы яго наліліся крывёю і слязьмі, здаваліся страшнымі. Але ён усміхаўся, грудны бас яго быў гучны, ласкавы, прыемна-насмешлівы.

- Ну, заяўляюся, - гаварыў ён, перажоўваючы і раздзімаючы ноздры. - Бачу, на вуліцы ўсюды народ, пад лазінкаю, у халадку сядзіць засядацель у травеньскім пінжаку, з русаю бародкаю, на століку кнігі ўсялякія, паперы, а поруч, - Захар паказаў рукою налева, - ураднік нешта запісвае чырвоным васьмікантовым аловачкам. Выклікаюць храсцьяніна Сямёна Галкіна, абухаўскага. «Сямён Галкін!» - «Тут». - «Хадзі сюды». Падыходзіць; пачынаюць дапытваць. А ён на ўрадніка і не глядзіць, дастае грушу з кішэні, стаіць, есць. Ураднік загадвае: «Кінь грушу!» Ён не слухаецца, даядае...

- Па мордзе б яго гэтай грушай, - сказаў фурман.

- Праўда! - пацвердзіў Захар, разломваючы сёмую, апошнюю булку. - Стаіць і жарэ! Звяртаецца засядацель да ўрадніка. «Вось, кажа, пане ўраднік, гэты самы храсцьянін Сямён Галкін, калі я ў той раз з опісем прыязджаў, адмовіўся плаціць па спаўніцельным лісце сорак восем рублёў восем грыўняў, а калі я хацеў апісаць, які ёсць у яго лясок і свіронак, то, кажа, гэты самы Галкін з сваімі сябраванамі, двума братамі Іванам і Багданам, селі на бярвенне гэтае каля хаты і не дазволілі мне ўчыніць опісю. А калі я ўвайшоў да яго ў хату, то ён быдта незнарок папытаўся ў свае кабеты, дзе тут у нас бязмен, што было намякнута пра мяне, і я гэта прыняў на сваю мосць, а Багдан тым часам падышоў да акна і з касою на плячы, калі касіць яму не было чаго, усё даўно скошана. А як я быў адзін, то вымушан быў назад павярнуцца. Вось маеце ласку папытацца ў яго жонкі Кацярыны і ў мацеры Тэклі і паказанні ад іх занесці ў пратакол. А яшчэ ў апросны ліст запішэце паказанне царкоўнага старасты, храсцьяніна Хвядота Лявонава. А яшчэ, што сельскі стараста Гарасім Савельеў у гэны дзень прапаў без весці і на маё патрабаванне не явіўся, а калі я пайшоў ад Галкіна да Мітры Аўчыннікава, дзе быў мой конь, і праходзіў паўз яго хату, то ён нацкаваў мяне сабакам, а сам схаваўся за вароты, што я прыгледзеў вельмі добра, і пасвістваў, але, дзякаваць богу, так сталася, што сабака мяне не чапаў, хоць кідаўся проста на грудзі, сігаў як шалёны, усё дзякаваць Мітру, які выскачыў з пугаю і тым мяне засцярог...»

Захар, захапляючыся ладнасцю свайго апавядання, нібы прачытаў апошнія словы. Без перадышкі, гучна і цвёрда пераказаўшы засядацелеву заяву, ён хацеў быў гаварыць далей, але Алёшка не вытрываў і крыкнуў:

- Пасля дагаворыш! Пі! Ураднік, зірні-тка на гадзіннік.

- Паспеецца, паспеецца, - адказаў ураднік і падміргнуў Алёшку.

Але не заўважыў гэтага Захар.

- Ды не гугні ты, чорт кірпаты! - крыкнуў ён дабрадушна. - Дай дагаварыць! Я свае часы ведаю, - вып'ю, не бойся!

Ногі яго цвёрда стаялі на крайках каваных абцасаў, - ён з гордасцю выставіў боты і часамі без патрэбы падцягваў халявы, - твар быў чырвоны, але яшчэ не п'яны. Перабольшана-нізка раскланяўшыся з мужыком, які праехаў міма з пустым возам і ўважліва агледзеў яго, ён шумна, праз ноздры дыхнуў, узяў аберуч штрыфлі душнага кажушка, трасянуў каўнер назад і загаварыў далей, любуючыся яркасцю карціны, што заняла яго ўвагу, хадою свае думкі.

- «Кацярына Галкіна! - моцна, грудзьмі гаварыў ён, паказваючы ўсіх у асобах. - На допыт. Падыдзі бліжэй!» Падыходзіць. «Чула, што пан засядацель сказалі?» - «Чула...» А сама плача, заікаецца, нічога толкам расказаць не можа. «Ці праўда, што твой муж бязмен пра пана засядацеля ўпамянуў?» - «Я, кажа, гэтага нічога знаць не магу. Хацеў муж адсеўкі важыць». - «Значыць, ты ад гэтага адмаўляешся?» - «Нічога пра гэтую справу не ведаю. Федзька ўсяму першы завадатар. Яго апрасіце - і справе канец, і граху менш...» Завуць цяпер старую Тэклю. А старая, суханогая, дзярзлівая, гаворыць - ноздры рве. «Маёмасця, кажа, мая, за сына я не выплатніца, па праве нябожчыка мужа ўсім валодаю, а ў сына нічога няма, адны порткі». - «А сын жа чый?» - «Мой». - «А раз сын твой, і талкаваць няма чаго, за няплату маёмасць адказвае. Ідзі, не гавары надта, а за дзёрзкі адказ пасаджу цябе ў халодную на два дні на хлеб ды на ваду...» Уціхамірыў, значыць, старую. Запытвае, дзе царкоўны цітар Хвядот Лявонаў? Падыходзіць дачка яго Вінадорка. «А дзе бацька?» - «У клеці, пасля полудню адпачывае». - «Бяжы, заві яго сюды. Скажы, начальства патрабуе...» А ён цераз двор жыве...

- Блізка, значыць? - перабіў ураднік і скоранька пераглянуўся з Алёшкам і фурманам. - Так, так... Ну, даказвай, даказвай. Ты, брат, надзіва добра расказваеш!

Ён гаварыў што папала, абы адцягнуць Захараву ўвагу, - ён дастаў гадзіннік і, схаваўшы яго між калень, пераганяў стрэлку яшчэ на дзесяць хвілін наперад. І Захар, з прасветленым ад пахвалы тварам, яшчэ шумней выдыхнуў паветра, матнуў галавою, адтульваючы гарачую густую шэрсць кажушка ад лапатак, і загуў яшчэ выразней:

- Верна! Слухай жа, не перабівай, а то ўзлуюся... Бачу, вылазіць з нізкай кляціны прыземісты дзед... Ідзе цераз дарогу ў хату - без шапкі, у ружовай новай кашулі навыпуск, і каўнер ад гарачыні расшпіліў. А з хаты выходзіць у новай цёплай паддзёўцы, падперазаны зялёнаю падпяразкаю, шапку ў руках нясе. Валасы гушчэзныя, сівыя, разложаны накшталт як рожкі ў барана, на абодва бакі. З ураднікам, з засядацелем - за ручку. (Багаты, відаць, стары.) Пашаптаўся нешта з імі, паказвае на Сеньку. Пасля дастае вялікі гаман скураны, пачаў адлічваць трохрублёўкі абмарожанымі куксамі... Пасля Вінадорку кліча, загадвае самавар ставіць, заве да сябе ўрадніка і засядацеля гарбату піць: «Прыходзьце маю гаспадарку паглядзець, пчол маіх, і які я сабе пасудак завёў. А яшчэ кабылу маю гляньце. Ну, чыстая, светлая, - уся пісаная, у яблыках!» - Смяецца, моршчыцца, гнілыя карані ў чырвоным роце паказвае... «Не паглядзець, кажа, нельга, таго конскі закон патрабуе. А можа, і старгуемся, пра што гаварылі...» І зноў смяецца, сіпіць, як змей. Пайшоў дахаты, заскрабае пыл ботам па дарозе, - хворсу дае...

- Форсу-то форсу, - зноў перабіў ураднік, вымаючы гадзіннік, - але ж пяць хвілін усяго асталося. Табе цяпер адным духам трэба дапіваць.

Твар у Захара адразу перамяніўся.

- Як? - строга крыкнуў ён. - Ды ты брэшаш! Няўжо ж цэлая гадзіна прайшла?

- Прайшла, брат, прайшла! - падхапілі фурман і Алёшка. - Дапівай, дапівай!

Захар дыхнуў, як кавальскі мех, і заплюшчыў вочы.

- Стойце! - сказаў ён. - Гэта не тое. Вы мяне абшальмавалі. Дайце яшчэ часу з паўгадзінкі. Галоўная рэч, я сапрэў увесь. Гарачыня! Жнівень! Чорт з вамі, я вам лепш сам пляшку пастаўлю. А вы мне часу накіньце... Ну, хоць даказаць толькі дайце пра гэты самы суд! - папрасіў ён змрочліва.

- Ага! Пакаяўся! - крыкнуў фурман насмешліва. - Слабак на расправу!

Захар спыніў на ім крывавы, цяжкі позірк. Пасля, ні слова не кажучы, узяў пляшку за горла, да дна апаражніў яе, з краямі напоўніўшы карэц, і да дна высмактаў яго. І, трошкі задыхнуўшыся, груба сказаў:

- Ну? Хопіць табе ці не?.. А цяпер - буду даказваць! - з упартасцю захмялелага чалавека сказаў ён. - Вось ты і пабачыш, напаіў ты мяне ці ў цябе і патрахоў не хопіць на гэта...

І раптам зноў павесялелі страшныя вочы яго, твар зноў стаў важны і дабрадушны.

- Цяпер вы абавязаны слухаць! - усімі грудзьмі сказаў ён і загаварыў далей, але ўжо не так складна і хораша. - А пасля гэтага выклікаюць знахара, Васіля Іванава. Гэты зусім худы, у паддзёўцы шэрай, скроні накшталт канапель і бародка кліночкам. І яшчэ горш за старога моршчыцца, - не то ад сонца, не то ад хітрасці... кадук яго ведае. Гэты, выходзіць, старую абпаіў. Даваў ёй лякарству якуюсь - бывае, наказваў ён піць па маленькай шкляначцы, а яна і зачала глушыць яго вялікімі шклянкамі... Выклікаюць яго. «Як цябе завуць?» - «Быў Васіль». - «Хто табе даў праву лячыць, паганец?» А ў іх ужо раней, канешне, было загаворана: Васька нябось ужо сунуў ім. Ну, а пры народзе, вядома, трэба ж для прыклёпу пакрычаць. Выпытваў, выпытваў, пасля ізноў як закрычыць на яго: «Згінь ты з воч маіх у асіннік!» Той быдта і спужаўся: шапку барджэечкі на галаву - і шмыгель, шмыгель у асіннік... Так, значыць, справу і зацерлі. Паглядзеўся ўраднік у люстэрачка, паправіў шаблю, паскладаў свае паперы... «Ну, кажа, хадзем, ці што, да старога? Вельмі мне хочацца, каб конь яшчэ аддыхнуў». - «А колькі цяпер часу?» Выняў ураднік новы гадзіннік, сялебраны, зірнуў: «Трыццаць восем на першую». - «Ну, хадзем, трэба яго гаспадарку паглядзець, стары мае чым ганарыцца». Падняліся, пайшлі гарбату піць. А мужыкі асталіся, расселіся, як крумкачы, на прывезеным бярвенні каля хаты, паднялі галас. Адны кажуць, што не трэба да продажу дапускаць, другія - што нельга начальства крыўдзіць. Больш за ўсіх нейкі нядошлы мужык арудуе, счапіўся са старым адным. Мужык крычыць, што пагана ў нас жыць, па чужых краінах лепей, кіргізу і то прытачней, - у таго па крайнасці гала без край свету... А стары крычыць - у нас лепей...

Яму здавалася, што ён мог гаварыць без канца і ўсё больш цікава, усё лепш, але, паслухаўшы яго, упэўніўшыся, што справа прапала, сышла толькі на тое, што Захар абапіў, аб'еў іх ды яшчэ беспярэстанку расказвае глупства, фурман і ўраднік пагналі коней і паехалі, абарваўшы яго на паўслове. Алёшка пасядзеў крыху, пападтакваў, выпрасіў чатыры капейкі на тытунь і пайшоў на станцыю. І Захар, зусім нездаволены ні колькасцю выпітага, ні субяседнікамі, астаўся адзін. Паўздыхаў, паматаў галавою, адкідаючы каўнер кажушка, і, адчуваючы яшчэ большы, чым раней, прыліў сілы і няясных жаданняў, падняўся, зайшоў у вінную краму, купіў пляшку і падаўся па завулку прэч з сяла, пайшоў па пыльнай дарозе ў чыстым полі, у неабсяжным прасторы неба і жоўтых палёў. Сонца апускалася, але яшчэ пякло. Кажушак у Захара блішчаў. Направа ад яго падаў на залацістыя перасохлыя пожні вялікі цень з ззяннем вакол галавы. Ссунуўшы гарачую шапку на патыліцу, залажыўшы рукі назад, пад кажушак, Захар цвёрда ступаў па цвёрдай пад пластом пылу зямлі, не міргаючы, як арол, глядзеў то на сонца, то на шырока адкрыты пасля касьбы стэпавы прастор, падобны на прастор пясчанай пустэльні, на раскінутыя па ім незлічоныя копы, падобныя здалёк на вусеняў, - і па гарызонтах, па акопах мільгалі перад яго крывавымі, слязою засланымі вачыма незлічоныя кругі - маліновыя, фіялетавыя і малахітавыя. «А ўсё-такі я п'яны!» - думаў ён, адчуваючы, як замірае і б'е ў галаву сэрца. Але гэта аніяк не шкодзіла яму спадзявацца, што яшчэ будзе сёння нешта незвычайнае. Ён сунімаўся, піў і заплюшчваў вочы. Ах, добра! Добра жыць, але толькі абавязкова трэба зрабіць што-небудзь усім на здзіўленне! І зноў шырока азіраў гарызонты. Ён глядзеў на неба - і ўся душа яго, і насмешлівая і наіўная, жадала подзвігу. Чалавек ён асаблівы, ён цвёрда ведаў гэта, але што надта добрага зрабіў ён на сваім вяку, у чым паказаў сваю сілу? Ды ні ў чым, ні ў чым! Старую жанчыну пранёс аднаго разу на руках вёрстаў пяць... Ды пра гэта нават і гаварыць смешна: ён бы мог дзесятак такіх бабулек данесці куды хочаш.

Уяўленне яго, прагнае ў хмелі да карцін, патрабавала работы. Ён ступаў усё шырэй, цвёрда наважыўшы не даць сонцу абагнаць сябе, - дайсці да Жылова раней, чым яно зойдзе, - і думаў, думаў... Пляшка канчалася. І ён адчуваў, што конча трэба выпіць яшчэ трошкі - у кульгавага мешчаніна, сядзельца ў жыльскай віннай краме, на вялікай дарозе. Сонца апускалася; на змену яму падымаўся з усходу поўны месяц, бледны, як аблачынка, на роўнай сухой сінізне небасхілу. Ледзьве ўлоўны, па-вечароваму духмяны дымок цягнуў аднекуль у астуджаным паветры; пунсова чырванела праменне, якое сыпалася злева па калючым, наскрозь прасвечаным, жытнішчы, чырванеў пыл, падымаючыся за Захаравымі ботамі; ад кожнае капы, ад кожнай трымбулкі, ад кожнае былінкі цягнуўся цень. «Ды не, не дажджэш, не абгоніш!» - думаў Захар, паглядаючы на сонца, выціраючы пот з ілба і ўспамінаючы то біцюга-жарабца, якога за пярэднія ногі падняў ён аднойчы на кірмашы, заспрачаўшыся пра сілу з мяшчанамі, то літы чыгунны прывад, які вывалак ён летась з гумна ў пана Хамутова, то гэтую жабрачку-бабулю, якую цягнуў ён на руках, не звяртаючы ўвагі на яе страх і мольбы адпусціць душу на пакаянне. Суняўшыся, расставіўшы ногі, ад якіх слупамі лёг цень на жытнішча, Захар дастаў з глыбокай кішэні кажушка пляшку, зірнуў на яе супраць сонца і весела ўхмыльнуўся, убачыўшы, што пляшка і гарэлка ў ёй заружавелі. Закінуўшы галаву, ён выліў гарэлку ў разяўлены рот, не кранаючыся пляшкі губамі, і хацеў быў шпурнуць яе вышэй за самую высокую, самую лёгкую дымчастую аблачыну ў глыбіні неба. Але, падумаўшы, стрымаўся: і так растраціўся! - сунуў пляшку ў кішэню і зноў папраставаў, з прыемнасцю ўспамінаючы бабулю.

«Ах, і бабулька ж была, любата!» - думаў ён, гледзячы то на сонца, то на хаты, што шарэлі за далёкімі копамі. Ішоў ён нядаўна па папарышчы. Зірк, ляжыць на сухой кучы гною бабулька-жабрачка і стогне. Быў ён здорава выпіты, і, як заўсёды ў хмелі, прагна шукала душа яго подзвігу - усё роўна, добрага ці благога... нават, напэўна, што больш добрага, чым благога. «Бабка! - крыкнуў ён, скоранька падыходзячы да бабулі. - Паміраеш, ці што? Ці забіў хто? Чым перад кім правінавацілася?» Бабуля, - яна была ўся ў рызманах, бледны твар яе быў у запечанай крыві, вочы заплюшчаны, - заварушылася і застагнала. «Ды што ж ты маўчыш? - гаркнуў Захар грозна. - Калі ў цябе пытаюцца, можаш ты мне не адказваць? Значыць, так і будзеш ляжаць? Скаціну скора пагоняць - баран затаўчэ, замучыць... Падымайся зараз жа!» Бабуля раптам загаласіла, зірнуўшы на яго, вялізнага і страшнага. «Чалавеча, не чапай мяне! Мяне і так бык намяў. Пашкадуй мяне, няшчасную!» - «Не магу я цябе пашкадаваць! - яшчэ больш грозна закрычаў Захар, адчуўшы раптам жаласлівасць і спагаду да бабулі. - Падымайся, кажуць табе!» Бабуля паднялася і тут жа зноў упала і загаласіла яшчэ мудрэй. Тады, не памятаючы сябе ад жаласлівасці, Захар згроб яе ў ахапку і ледзь не бягом памчаў да сяла. Бабуля, абхапіўшы аберуч яго валовіну шыю, задыхаючыся ад паху гарэлкі, якою дыхцела ад яго, трэслася на бягу, а ён, баючыся заплакаць, скоранька мармытаў, стараючыся як мага змякчыць свой бас: «Ды што ты? Ачмурэла, ці што? Чаго баішся? Маўчы, - кажу табе, маўчы: ні аб кім не думай! Пра ўсё забудзь!» - «Не магу, чалавеча! - адказвала бабуля. - Ніякага шчасця не бачу сабе, адна на ўсім свеце, ні пітва, ні наедкаў салодкіх зроду не бачыла...» - «А я табе кажу, не галасі! - гаварыў Захар. - Кожны сваю сцежку топча! У кожнага сваё няшчасце! Ліпі! - гыркнуў ён на ўсё поле, адчуўшы раптоўны прыліў бурнай радасці. - Еш салому, а хворсу не траць. Зараз жа за будзь здароў дастаўлю цябе на хватэру! А за быка за гэтага цябе лупцаваць трэба. Чаго швэндаешся, бадзяешся? Чаго ў гурт лезла? Табе трэба бліжэй да баб пільнавацца. З імі ты можаш гаворкай пацяшацца. А бык, ён, брат, не памілуе!» - «Ох, пастой, - застагнала бабуля, ужо смеючыся скрозь слёзы. - Усю душу вытрас...» І Захар закрычаў яшчэ больш грозна: «Бабка, маўчы! А то от шарахну цябе ў роў - касцей не збярэш!» І зарагатаў, разяўляючы зяпу, размахваючы бабулю і робячы выгляд, што хоча з усяго размаху пусціць яе з гары...

Спіна яго была мокрая, твар шызы ад прыліву крыві і потны, сэрца малаткамі біла ў галаву, калі, горда зірнуўшы на мутна-маліновы шар, што яшчэ не паспеў дакрануцца да гарызонту, хутка ўвайшоў ён у Жылое. Было мярцвяна ціха. Нідзе ні адзінай душы. Роўная бледная сінізна вечаровага неба над усім. Далёкі лясок, што цямнее ў канцы лагчыны. Над ім поўны, ужо ззяннем запалены месяц. Доўгі, голы зялёны выган і рад хат уздоўж яго. Тры вялікія люстраныя сажалкі, а між імі дзве шырокія плаціны з голымі, сухімі вербамі - тоўстымі стваламі і тонкімі прутамі сукоў. На другім баку другі рад хат. І такое выразнае ўсё гэта ў гэты кароткі час паміж днём і ноччу: і контуры шэрых стрэх, і зеляніна выгану, і блішчастасць сажалак. Адна, злева, ледзьве ружавее, астатнія - дзве люстраныя бездані, у якіх нібы ўліты адлюстраваны месяц і кожны ствол, кожны сучок.

- Фу, пропаду на вас няма! - шумна ўздыхнуў Захар, сунімаючыся. - Як павыдыхлі ўсе!

Яму захацелася гыркнуць так, каб у жаху высыпаў на выганы ўвесь гэты дробны народзік, пахаваны па хатах. «Ды не, не, - падумаў ён, матаючы галавою, - ашалеў я, п'яны... Непрыстойна думаю, не па-людску... Дахаты трэба хутчэй... Дахаты...»

І раптам адчуў такую цяжкую, такую смяртэльную тугу, змешаную са злосцю, што нават заплюшчыў вочы. Твар яго стаў кацельнага колеру, аддзяліўся ад русай барады, вушы ўспухлі ад прыліву крыві. Як толькі заплюшчыліся яго вочы, дык зараз жа заскакалі ў цемры перад ім тысячы малахітавых і барвовых кругоў, а сэрца замерла, абарвалася - і ўсё цела мякка бухнула некуды ў прорву. Ах, дамоў бы цяпер, ды ў гумно, ды ў салому! Але, пастаяўшы, Захар расплюшчыў вочы і, замест таго каб звярнуць улева, на Асінавыя Двары, упарта падаўся, перайшоўшы плаціну, на вялікую дарогу, да віннай крамы.

О, якая нуда была на гэтай пустэльнай, бясконцай дарозе, у гэтых бледных раўнінах за ёю, у гэты маўклівы стэпавы вечар! Але Захар усімі сіламі працівіўся нудзе, гаварыў бесперастанку, піў усё больш прагна, каб пераламаць яе і пакараць гэтага кучарава-рыжага, са стаячымі белымі вачыма, кульгавага мешчаніна, які подла і радасна замітусіўся, калі Захар прапанаваў яму паспрачацца: можа ён, Захар, выпіць яшчэ дзве пляшкі ці не? Вінная крама, вымазаная вапнаю, нязвычна бялела супроць бляклай сінізны ўсходняга небасхілу, на якім усё больш празрыста і з большым напаўненнем святла рабіўся круг месяца. Каля крамы стаяў столік і лаўка. Мешчанін у паркалёвай кашулі і ў абшарпаных да чырвані апойкавых ботах тырчаў каля стала, асеўшы на адну нагу і кранаючыся зямлі наском другой, - выставіўшы клуб, і, як малпа, з незвычайным спрытам і шпаркасцю лускаў семкі, не спускаючы сваіх бельмаў з Захара. А Захар, падымаючы грудзі, скрыгаючы зубамі, сціскаючы, як жалезнымі клешчамі, сваімі вялізнымі пальцамі край стала, аблізваючы ссохлыя губы, абрываючы кожнае слова бурным уздыханнем, дрэнна разумеючы, што ён гаворыць, штохвіліны правальваючыся ў нейкую чорную прорву, спяшаўся даказаць, як ён нёс бабулю...

І раптам, размахнуўшыся ўсім тулавам, скоранька ўстаў, далёка адшпурнуў нагою стол разам з пляшкаю і гранёнаю шклянкаю, што палахліва зазвінелі, і хрыпла сказаў:

- Слухай! Ты!

І мешчанін, што быў разявіў ужо рот, каб крыкнуць на Захара за бясчынства, зірнуўшы на яго бела-шызы твар, анямеў. А Захар, сабраўшы апошнія сілы, не даўшы сэрцу разарвацца перш, чым ён скажа, цвёрда дагаварыў:

- Слухай. Я паміраю. Капцы. Не хачу цябе пад бяду падводзіць. Я адыду. Адыду.

І цвёрда пайшоў на сярэдзіну вялікай дарогі. І, дайшоўшы да сярэдзіны, сагнуў калені - і цяжка, як бык, грымнуўся на спіну, раскінуўшы рукі.

Гэтая месячная жнівеньская ноч была жудасная. Адусюль бясшумна беглі бабы і дзетвара да шынка; стрымана і трывожна перамаўляючыся, ішлі мужчыны. Месячнае святло найпразрысцейшым дымам стаяла над сухімі пожнямі. А пасярод вялікай дарогі бялела і яркла нешта вялізнае, страшнае: нехта накрыў палатном мёртвае цела. І босыя бабы, скоранька і бясшумна падыходзячы, хрысціліся і нясмела клалі медзякі ў яго галавах.

 

Капры, 2.1912



Пераклад: Ян Скрыган