epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Чыгрынаў

Цар і мой прашчур

У Горках, невялікім драўляным мястэчку, што тулілася паміж лясоў на берагах Капылкі, Проні і Парасіцы, гулі царкоўныя званы. Людскі натоўп, як кажуць, валам валіў па самай шырокай вуліцы на ўскраіну мястэчка, дзе ўзвышаліся блакітныя купалы святога Георгія. Сёння на малебне меўся прысутнічаць рускі цар Пётр. Учора ён прыехаў у мястэчка і адразу ж пажадаў бачыць айца Васілія.

— Вось што, голубе, — сказаў цар, — мы тут нядаўна разгавеліся былі, дык час ужо і грахі замаліць. Заўтра адпачнеш ад службы. Сам буду чытаць «Апостала».

Айцец Васілій, які першы раз на сваім жыцці бачыў жывога цара наогул і не ведаў аб набожнасці гэтага, быў збянтэжаны. Вядома, ён адразу расказаў аб сваёй размове з царом матухне Парасцы. Тая пляснула рукамі, завохкала і пабегла да суседкі, жонкі прыстава.

К раніцы вестка абляцела ўсё мястэчка.

— Кажуць, у яго чатыры нагі і чатыры рукі, — палохаў местачкоўцаў на царкоўным цвінтары вядомы ўсім Горкам гарбаты жабрак Ладымер.

Абапіраючыся на кій, ён не зводзіў вачэй з вуліцы, адкуль вось-вось павінен быў паявіцца цар.

«Не можа ж такі багаты чалавек прайсці міма, каб не кінуць у руку яфімку», — думаў сабе жабрак.

Тым часам у натоўпе ля царквы гаварылі пра вайну, што пачалася з каралём Карлам, і пра тое, што ў рускім табары ўжо выстрайваліся пешыя і конныя царовы палкі.

Але дарэмна жабрак спадзяваўся. Цар пад’ехаў да царквы з другога боку, зусім не па той вуліцы, і непрыкметна прайшоў за алтар. Жабрак здагадаўся пра гэта толькі тады, як людзі сталі заходзіць у сярэдзіну царквы.

З адчыненых дзвярэй пачуўся голас цара. Гэта Пётр выйшаў на клірас і пачаў чытаць тэксты з «Апостала». Браць удзел у малебнах было яго звычкай. У Троіцкую царкву, што непадалёку ад Сената, ён, напрыклад, прыязджае звычайна са сваімі прыдворнымі пеўчымі і становіцца з імі на правым клірасе.

Але Горкі не царская сталіца на Няве. Тут усё было па-іншаму. Нават у вачах людзей заўважалася не столькі ціхая пакорлівасць, якая павінна выклікацца знаходжаннем у святым месцы, колькі простая зацікаўленасць асобай цара. Не тоячыся, прысутныя пазіралі яму проста ў рот, і толькі самыя набожныя асянялі сябе «крестным знамением».

Малебен ішоў у гонар рускай зброі. Хоць сёлета яшчэ і не было дасягнута колькі-небудзь прыкметнай перамогі над шведамі, наадварот, пад Галоўчынам, што паміж Магілёвам і мястэчкам Бялынічы, царовы палкі пацярпелі паражэнне, але сіплаваты голас гасудара ўсяе Русі не скупіўся рассыпаць пахвалу свайму воінству.

Перад тым як пайсці ў царкву на малебен, Пётр Аляксеевіч пазнаёміўся з рашэннем ваеннага савета: «Паколькі непрыяцель маршыруе к Магілёву, а гэтае месца падрыхтаваць да асады цяжка, то прыгаворана: перабрацца на другі бок Дняпра, стаць усёй кавалерыі і коннай пяхоце ад Шклова да Магілёва, сачыць за варожымі абаротамі і куды паверне — к Смаленску ці на Украіну — старацца папярэдзіць».

Савет адбыўся ў Шклове і ці не ўпершыню за колькі год прайшоў без удзелу цара: Пётр у той час святкаваў у Пскове свой дзень нараджэння.

Сёння Пётр Аляксеевіч збіраўся пакінуць Горкі, на якія ён не паспеў як след паглядзець, каб наведаць стаяўшы пад Дрыбінам Праабражэнскі полк. А перад тым было запланавана аб’ехаць таксама войскі, што размешчаны ў ваколіцах Горак. Ноччу сюды падышла дывізія генерал-паручніка Аларта. З пісем Шарамецева і Меншыкава Пётр ужо ведаў, што палкі Аларта ўдзельнічалі ў галоўчынскім баі. А бой гэты не выходзіў з галавы цара. У данясеннях военачальнікаў нічога адметнага не гаварылася аб ім, таму аб прычынах няўдачы цяжка было меркаваць пакуль. У тым жа, што пад Галоўчынам не ўсё адбывалася так, як пісалі яму генералы, Пётр не сумняваўся. Ён хоць і расхваліў князю-кесару і Далгарукаму сваіх падначаленых, аднак сам, у душы, насіў іншае.

У цара быў круты, неспакойны, але настойлівы характар. Калі ён ужо браўся за што, дык даводзіў да канца, не шкадуючы ні людзей, ні сродкаў. Магчыма, таму і не заўсёды яму даносілі паднаготную той ці іншай справы. Ні Шарамецеву, ні Меншыкаву, ні таму ж князю-кесару Рамаданаўскаму часам не хацелася, каб ляцелі з плеч галовы сяброў-таварышаў, тым больш што штрафы, якія накладваліся царом на вінаватых, закраналі і іх саміх. Цар, бясспрэчна, здагадваўся пра гэта, таму расследаванне па кожнай справе назначаў сам. Галоўчынскія падзеі ён таксама збіраўся расследаваць. Гэта цяпер і займала, бадай, найбольш яго думкі.

Калі б не было такога клопату, Пётр Аляксеевіч з задавальненнем, да самазабыцця служыў бы малебен. Але падзеі апошніх дзён моцна непакоілі яго, і неўзабаве яму ўжо рупіла як найхутчэй закончыць папоўскі занятак. І калі б у царкве цяпер прысутнічаў хто з яго блізкіх ці нават тых, каму дагэтуль даводзілася хоць раз бачыць цара на клірасе, то абавязкова чалавек заўважыў бы, як цярплівасць і ціхманая пакорлівасць паступова змяняліся на яго смуглым твары нервовасцю і нецярплівасцю. Але побач нікога не было. Нават Аляксей Кікін, царскі дзяншчык, і той заняты быў коньмі за царкоўнай агароджай.

Апошні радок з «Апостала» быў прачытан Пятром Аляксеевічам ужо зусім без захаплення.

Айцу Васілію, які здзіраў з яго шырокай, сутулай спіны рызу, цар сказаў:

— А на алтар мне табе класці няма чаго. Сам бедны, хоць і цар, бо вайна. Гарматы патрэбны.

Пры гэтым ён так агледзеў вачамі царкоўнае начынне, што айцец Васілій падумаў: «Знікаў бы ты хутчэй адсюль». Яшчэ стаяла ў памяці тое, як у час азоўскага паходу з многіх цэркваў былі паздыманы званы, з якіх нарабілі потым гармат. «Цьфу, цьфу, згінь!»

Цар аддаў айцу Васілію «Псалтыр». Але раптам перадумаў, забраў назад кніжку, напісаў на тытульным лісце: «Чытаў у Горках ліпеня 10 дня Пётр».

 

 

* * *

 

Вайсковы лагер размешчаны быў вярсты за дзве ад Горак, на голай і адкрытай з усіх бакоў мясцовасці, і Пётр Аляксеевіч яшчэ здалёку прыкмеціў белыя панчохі і трохвугольныя капелюшы салдат. Палкі стаялі на стойцы «пад ружжо». Ад сонечных праменняў паблісквалі, кідаючы па салдацкіх тварах люстраныя зайчыкі, багінеты. На левы фланг была звезена артылерыя. Каля адной з гарматаў дыміўся фітыль.

У лагеры ўжо ўсё падрыхтавана было да сустрэчы. І як толькі Пётр пад’ехаў да левага фланга, генерал-паручнік Аларт даў знак рукой. Познюю раніцу скалануў гарматны стрэл. Аларт павярнуў каня і памчаў насустрач цару. Даклад быў кароткі — Аларт, як кажуць, ужо скарачаўся на хаду, бо насуплены цароў выгляд не толькі стрымліваў яго, але і палохаў. «Ну, вось, падсунулі мне паны генералы адказваць за пабітых салдатаў перад царом, — падумаў Аларт. — Няхай бы сам Рэпнін ехаў сюды ды дакладваў». Пётр Аляксеевіч тым часам таргануў за повад свайго каня, і той стаў бокам да генерала. Барабаны адразу ж забілі «паход», і салдацкія шэрагі, узяўшы на «каравул», рушылі па пляцы. Цар, зрэдку ўзнімаючы руку, прымаў парад. Амаль упоравень з ім выехаў наперад Аларт. Два генералы і некалькі палкоўнікаў, таксама конныя, спыніліся ззаду. Неўзабаве да іх далучыўся і царскі сакратар Макараў. Шарамецьеў, якога выклікаў цар для высвятлення «быўшага трэцяга ліпеня дзела», яшчэ не прыехаў: яго чакалі ў другой палавіне дня.

Рота за ротай маршыравалі перад царом па пляцы, станавіліся на свае ранейшыя месцы. Нарэшце Пётр Аляксеевіч пачаў агляд. Першымі, каго выбраў ён, былі, вядома, артылерысты.

Два дні таму назад з Сямёнаўскага двара і было прывезена сюды дваццаць батарэй і дзесяць марцір. Капітан Генрых Бормат, які суправаджаў артылерыю ў Горкі, аддаў цару рапарт.

Цар уважліва аглядаў кожную гармату, а было іх тут каля паўтысячы: толькі порах і ядры ледзь памяшчаліся на трыццаці вазах. Такога папаўнення даўно ўжо не паступала ў армію.

Пётр Аляксеевіч меў слабасць да артылерыі. Ён сам насіў чын бамбардзіра і вельмі ганарыўся ім, не раз падкрэсліваючы гэта перад сваімі фельдмаршаламі. Меў ён звычку пагутарыць і з самімі артылерыстамі. Не абышлося без размовы і гэты раз.

— Што гэта ў цябе? — спытаў ён раптам рэдказубага гарматчыка, які трымаў у руках баннік.

Артылерыст не чакаў, што да яго звернецца цар, і разгубіўся. Вушы і твар яго заліла чырвань. Некалькі разоў ён спрабаваў вымавіць «баннік», але слова гэта засела недзе ў горле і ніяк не хацела вылятаць адтуль.

— Ба-а-ба... — дарэмна намагаўся вымавіць небарака. Ажно цару ад гэтага зрабілася няёмка.

— Прысылаюць мне нейкіх заік! — раззлаваўся ён і паглядзеў на капітана Бормата.

Той стаяў непадалёку і еў вачамі артылерыста. На цара ён баяўся глянуць.

— Бабнік, — падказаў раптам нехта ззаду.

Генерал Аларт і сакратар Макараў здзіўлена пераглянуліся. На твары Бормата тым часам з’явілася гідлівасць. Цар павярнуў галаву і адразу ж убачыў чалавека, які адважыўся кінуць непрыстойны жарт. Той быў рослы, шыракаплечы артылерыст. Ён нават і рот яшчэ не паспеў закрыць.

— Што ты сказаў?

Позіркі цара і артылерыста сустрэліся. У вачах аднаго з іх стаяў гнеў, у вачах другога — смех.

— Баннік! — ледзь не крыкнуў артылерыст і, смеючыся, па-ранейшаму аднымі вачамі, працягваў глядзець на цара.

— Так, — кіўнуў Пётр і падышоў да артылерыста. — А што перад гэтым казаў?

Артылерыст маўчаў. Той-сёй з салдат заўсміхаўся.

— Хто такі?

— Наводчык Андрэй Кажаноў, твая царская вялікасць!

— Дурань, не твая царская вялікасць, а пан бамбардзір!

— Так точна, пан бамбардзір!

Цяпер ужо ніхто не смяяўся. Усе чакалі, што будзе далей. Нейкі момант Пётр Аляксеевіч раздумваў, потым насмешліва сказаў:

— Пабачым зараз, які ты наводчык. Хадзем.

Пераступіўшы горку ядраў, ён падышоў да гарматы і, паказваючы ў бок лесу, што віднеўся за якога паўкіламетра адсюль, дадаў:

— Бачыш вунь тое дрэва?

— Бачу.

— Пацэліш?

Адступаць не было куды, і артылерыст, скінуўшы з сябе кароткі кафтан і закасаўшы рукавы ніжняй кашулі, зрабіў крок да марціры. Нейкі час ён прымерваўся, пасля адсыпаў і дасыпаў порах, выбіраў ядро. Затым папрасіў фітыль. Заставалася толькі падпаліць затраўку. Тыя, хто стаяў каля гарматы, бачылі, што артылерыст рабіў сваю справу вельмі ўпэўнена. Зразумеў гэта і Пётр Аляксеевіч.

— Раскажы лепш, як будзеш страляць, — прапанаваў ён артылерысту.

Акінуўшы вачыма прысутных і ўбачыўшы на тварах маўклівую спагаду, артылерыст паглядзеў у той бок, куды была наведзена гармата і дзе стаяла дрэва, у якое трэба было пацэліць.

— Каб стрэліць, спярша трэба ведаць, — выцер ён з ілба пот, — колькі пакласці пораху, затым на колькі градусаў марціру паставіць і пасля стрэльнуць. А калі на прызначанае месца страляць, тады, узяўшы дыстанцыю, шукаць па табліцы градусы, якія ўжо былі перад гэтым, і той жа мерай шукаць, як далёка першая бомба лягла...

Пётр Аляксеевіч ужо чакаў усяго, толькі не гэтага. Дакладнасць у тэорыі стральбы можна было пачуць з вуснаў капітана Бормата, спецыяліста па артылерыі, выпісанага з Прусіі, але не ад мужыка. Вядома, умельства яго можна было аднесці за кошт салдацкай спраўнасці і стараннасці, але Пётр убачыў у гэтым нешта большае. Тут ужо быў відавочны вынік таго вялікага засеву, які столькі гадоў рабіў цар, каб вырасціць сваіх Алартаў і Борматаў.

«А чаму ён дагэтуль без чына?» — раптам прыйшла цару думка, і ён упершыню заўважыў, што на артылерысту брудная ад поту кашуля, а на нагах ледзь трымаюцца стаптаныя башмакі. Дарагі чырвоны плашч Аларта, на адны толькі абшлагі якога пайшло не менш дзесяці аршынаў англійскага сукна, купленага недзе ў Суражскім радзе, здаўся цару знявагай, ажно закарцела збіць з напышлівай генералавай галавы капялюш з высокім пяром і пахадзіць па ім нагамі.

Слухаючы, як Кажанаў дакладваў правілы далейшай прыстрэлкі, Пётр ужо думаў над тым, якім бы чынам пахваліць салдата, каб даць зразумець, што ён даруе яго непрыстойнасць. Як толькі Кажанаў змоўк, Пётр па-хлапечы молада, гучна крыкнуў:

— Ура-а-а! — і кінуўся да артылерыста, каб прытуліць у абдымках, але дужыя рукі батарэйцаў нечакана падхапілі цара і пачалі гушкаць.

— Дзе ты навучыўся ўсяму гэтаму? — спытаў Пётр Аляксеевіч у артылерыста, калі батарэйцы асцярожна паставілі яго на зямлю.

— Пад Нарвай.

— Ад каго?

— Ад цябе.

— Пачакай, пачакай! А чаму я цябе не помню?

— Не ведаю. Але ты яшчэ паеў тады мае сухары і паабяцаў тытуню прыслаць.

— І не прыслаў?

— Не.

— Глядзі ты! Значыць, падманіў? Макараў, а ты не помніш пра гэта? — спытаў цар свайго сакратара і, не чакаючы адказу, сказаў артылерысту: — Давай хоць зараз закурым.

Але колькі ні лазіў ён па кішэнях, кісета з тытунём не знаходзіў. Не было паблізу і Аляксея Кікіна, які змог бы выручыць яго. Той-сёй з артылерыстаў пырскаў ужо ад смеху. Нарэшце пад жарты батарэйцаў прызнаўся:

— Згубіў кісет недзе. Пакаштуем зноў твайго.

Артылерыст дастаў свой кісет. Падаў цару. Той набіў тытунём піпку. Прыкурыў.

— А сам адкуль будзеш? — спытаў цар артылерыста.

— Я, пан бамбардзір, беглы.

— Што значыць беглы?

— Ну, беглы...

— Ад каго збег? Чый?

— Ад Радзівіла.

— Значыць, не з майго царства?

— Не.

— А даўно ў маім войску?

— Гадоў дзесяць ужо.

— І як жа ты ўцёк ад свайго князя?

— А нам блізка там. Мы на самой мяжы з вамі. Гэта недалёка ад Крычава. Таму і ўцякаем у тваё царства, калі туга даводзіцца.

— Люты князь?

— Не ведаю. Але арандатары ў нас. Гэтыя лютыя. Абдзіраюць як ліпку.

— Ты вось што, Макараў, — павярнуўся цар да свайго сакратара. — Прывядзеш яго заўтра да мяне. З’езджу вось у Дрыбін, тады і паклічаш. Нам пагаварыць з ім трэба. Ды прыадзень як след. А то ажно сорамна. — І зноў загаварыў да артылерыста: — Толькі ты больш нікому не прызнавайся, што беглы. А то мне давядзецца спрачацца з-за цябе з саюзнікамі. Кароль польскі цяпер саюзнік наш. Так што... Як прозвішча?

— У князя зваўся Кажан. А ў тваім войску завуся Кажанавым.

Пасля дзёрзкіх, вясёлых і шумных артылерыстаў пяхота здалася зусім не цікавай, і Пётр Аляксеевіч пастараўся хутчэй закончыць агляд.


1983?

Тэкст падаецца паводле выдання: Чыгрынаў І. Выбраныя творы: У 3-х т. Т. 1. Апавяданні /Аўт. прадм. В.Каваленка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - 366 с., 1 л. партр.
Крыніца: скан