epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Чыгрынаў

Дзічка

Гэтым летам памёр апошні вугольшчынскі аднаасобнік, — па сельсавецкіх кнігах Андрэй Яўстратавіч Хрупакоў, а па-вугольшчынску проста Хрупак. Быў ён чалавек мнагадзетны: меў, здаецца, ажно сямёра хлопцаў. Паступова яны раз’ехаліся — адны падаліся на шахты, другія завербаваліся некуды, — і, можа, дзесятак гадоў Андрэй жыў адзін: жонка падбілася на лядах, якія карчавалі адразу пасля вайны, і аддала богу душу яшчэ да таго, як падраслі самыя меншыя. Хрупак сабраўся быў другі раз жаніцца і адзін час хадзіў у «кавалерах», але неяк за паўгода пастарэў і забыўся пра жаніхоўства. Спярша пахадзіў трохі, стогнучы, з кійком па Вугольшчыне — усё хацеў прадаць у калгас зямлю сваю,— а пазалетась раптам заняўся промыслам — гнаць у старых напаўразваленых печах дзёгаць з бяросты ды развозіць яго на сваёй аднаасобніцкай шкапе па навакольных вёсках, бо на тавар быў такі попыт: ад самае вайны, як падарвалі смолзавод, ніхто і не смалакурыў у наваколлі. Хрупак ехаў і па дарозе заснуў, не патушыўшы самакруткі. І вось спачатку на калёсах загарэлася салома, пасля ўспыхнула вопратка — прасмоленая і прашкіпінараная ватоўка. Мусіць, чалавек так і не прачнуўся як мае быць, сканаў не ў сваёй памяці. Знайшлі яго пад ранне, ужо нежывога, пасярэдзіне дарогі — як зваліўся з абгарэлых калёс, так і ляжаў нерухома, скурчаны. Прывезлі яго ў вёску на калгаснай падводзе. Сыноў не сталі чакаць. Проста не ведалі, куды пасылаць па іх. Суседзі дасталі з вышак гатовую труну, якую зрабіў Хрупак на сваю мерку наперад, і пахавалі ў той жа дзень адразу пасля паўдня, калі спала гарачыня. На пахаванне народу прыйшло шмат, ледзь не з кожнае вугольшчынскай хаты. Бабы ківалі галовамі — усё жахаліся, якою смерцю памёр чалавек. Былі і з іншых вёсак — ужо сама смерць Хрупакова, незвычайная і страшная, збірала ў той дзень на могілкі. Хадзіў туды і Залуцкі.

Залуцкі не быў блізка знаёмы з нябожчыкам і размаўляў з ім усяго адзін раз, ды, напэўна, і бачыў толькі тады, як размаўляў, але многа чуў пра яго і быў таксама ўражаны яго смерцю.

Сустрэў ён яго аднойчы ў пачатку восені ў Шацікавай выгары. Было гэта на сконе дня, Залуцкі спяшаўся ў вёску, бо да канцавых двароў патрэбна было прайсці завідна яшчэ кіламетры тры. І раптам пачуў, як недзе збоку, можа, крокаў за сто ад дарогі, зашумела дрэва, быццам на яго наляцеў моцны вецер ці хто пачаў трэсці. Залуцкі спыніўся, каб паслухаць. А шум то сціхаў, то зноў усчынаўся, але ненадоўга, і ўжо праз нейкі момант Залуцкі зразумеў, што рабіў гэты шум чалавек. Напрасткі было не прадрацца скрозь ажыннік і густыя арэхавыя кусты, і Залуцкі павярнуў назад, каб трапіць на сцежку, якая агінала балоцвіну, парослую з краёў асакой. Неўзабаве ён выйшаў на паляну. На паляне стаялі калёсы і пасвіўся, навязаны на калок, гняды конь. Залуцкі падышоў да калёс. Конь падняў галаву, пакасіўся на незнаёмага чалавека і фыркнуў. Залуцкі наўмысна кашлянуў. Але ніхто не азваўся. Чалавек пэўна заўважыў старонняга ці не адразу ў той нават момант, як Залуцкі паказаўся на галым месцы, бо перастаў трэсці дрэва і цяпер сядзеў там, не варушыўся, можа, цікаваў з вышыні. Хвіліны праз тры зноў зашумела — на краю паляны раптам здрыганулася высокае, вілаватае дрэва і закалацілася ледзь не да самых карэнняў. Штосьці густа пасыпалася з яго галін на зямлю. Залуцкі падышоў пад самае дрэва. Гэта была лясная яблыня-дзічка, і пад ёй, на траве, валяліся ляскоўкі. Увосень, калі капаюць бульбу, такія яблычкі бываюць жоўтыя і нават смачныя, але цяпер пад яблыняй ляжалі адны зелянкі. Навошта чалавек страсаў іх?

— Што з імі рабіцьме? — задраўшы галаву, гукнуў Залуцкі.

Яблыня перастала шумець. Нездаволены голас спытаў зверху:

— Курыць маеш?

— Маю.

Зашамацела лісце, і Залуцкі ўбачыў прадаўгаваты твар пажылога чалавека, на якім вылучаліся запалыя вочы і шырокі, з тоўстымі губамі рот. Гэта і быў Андрэй Хрупак. (Праўда, Залуцкі пра гэта дазнаўся многа пасля.)

— Злазьце, — махнуў да сябе рукою Залуцкі, — перакурым.

Чалавек трохі памарудзіў, быццам памеркаваў, і пачаў спускацца, чапляючыся за галінкі, уніз. Нарэшце ён ухапіўся рукамі за апошні сук, павіснуў на момант і тады ўжо скокнуў на зямлю. Быў ён высокага росту, ссутулены. Гадоў меў, мусіць, за паўсотню. Насіў пацёрты скураны картуз на рухавай галаве і парваныя гумавыя боты на цыбатых нагах. Рукі і твар нібы закапцелыя, і адзенне, памяты картовы касцюм, таксама: акурат вясковы механізатар.

Залуцкі дастаў з кішэні пачак з папяросамі.

— А махры, выпадкам, няма?

— Няма, — адказаў Залуцкі.

— Махра, яна мацней прадзірае, — растлумачыў Хрупак.

Адышліся да калёс, селі на аглоблі, закурылі. Залуцкі зацягнуўся дымам і, выпускаючы яго, спытаў:

— Дык што з імі будзеце рабіць? — І паказаў рукой пад дрэва.

— Есці, што ж яшчэ можна з імі, — зрабіў здзіўлены выгляд чалавек.

— Але ж гэта як воміга. Дзіўна, як яны адпадаюць, зялёныя такія.

— Не вельмі яны ўжо і зялёныя, — не згадзіўся Хрупак. — Улежацца ў саломе. А на зіму — у бочку. Не садзіў, не расціў, а мочаных яблык ад пуза.

— Але ж яны і на дрэве даспелі б...

— Гм, — скептычна ўсміхнуўся Хрупак. — Будзеш чакаць, то, можа, і не дачакаешся. Думаеш, адзін я ведаю пра гэтыя яблыні? Пра іх усе ведаюць. Не, тут — хто першы. Дык няхай буду я першы. Гэта няважна, што ранавата. Праўда гніла, ды богу міла — яна пад елкай і сасонкай начавала, а мы асінку тады ды ліпку гладалі.

Залуцкі пакруціў галавой — мудрагеліста гаворыць чалавек.

— Можа, даў бы яшчэ адну папяросу, — папрасіў раптам Хрупак.

Залуцкі падаў увесь пачак, але Хрупак выняў толькі адну папяросу і паклаў сабе за адтапыранае вуха.

— Цяпер курыва да самага дому будзе, — з задавальненнем сказаў ён. — Вось зараз зграбу гэтую вомігу, як вы кажаце, ды хутчэй дахаты.

Мусіць, Хрупак спадзяваўся, што і Залуцкі падымецца з ім разам, пойдзе сабе. Але той, быццам і не спяшаўся, застаўся сядзець на аглоблі. Хрупаку гэта не спадабалася — ён засоп, ссунуў свае абгарэлыя бровы і, не гаворачы больш ні слова, узяў з калёс пусты мяшок. Падбіраў ён яблыкі спакваля, спачатку валачыў за сабою мяшок, а як толькі пацяжалела, то паставіў яго пад яблыняй і пачаў зграбаць яблыкі ў картуз і высыпаць затым у мяшок. Кружыў ён пад дзічкай доўга і ўсё моўчкі.

Тады загаварыў Залуцкі:

— А што гэта? Лісце — быццам у свойскага дрэва, а плады?..

— Гэта і ёсць свойскае дрэва. Яблыня, — з прыкметнаю злосцю ў голасе адказаў Хрупак. — Была свойская, а стала не свойская. Здзічэла. Як пакінулі людзі, то і здзічэла.

— Даўно?

— Што даўно?

— Не жывуць тут?

— Даўно, як з хутароў ссялілі, з таго часу і не жывуць. А ты хто ж будзеш? Можа, новы аграном?

— Не.

Але Хрупак быццам не пачуў, што адказаў Залуцкі.

— Ты не думай, што я на калгасным. Конь у мяне свой.

— Хто ж гэта цяпер у вёсцы свайго каня мае?

— Той, хто заўсёды меў, той і цяпер без каня не жыве.

— Значыць, ты аднаасобнік?

— А што?

Залуцкі ўсміхнуўся:

— Нічога, але я, грэшным дзелам, думаў, што аднаасобнікі перавяліся.

— Не перавядуцца, пакуль не перавядуць іх, — здзекліва сказаў Хрупак і раптам зусім раззлаваўся: — Ды, зрэшты, хто ты такі, каб перад табой вылузвацца?

Калі па-разумнаму, то Залуцкаму хоць цяпер варта было б падняцца ды пайсці сваёй дарогай, каб не пасварыцца з чалавекам, тым больш што ўжо станавілася цемнавата на паляне, але тое, што Хрупак немаведама чаго пачаў злавацца, якраз і стрымала.

І ён сказаў, спрабуючы надаць сваім словам жартоўны тон:

— Мы яшчэ не паспелі пазнаёміцца, а ўжо быццам як сварымся.

— Няўжо? — здзіўлена ўсклікнуў Хрупак, і Залуцкі адчуў у яго здзіўленае прытворства. — А я і не заўважыў. Тады як хутчэй трэба мірыцца. Шкада вось толькі, што няма пляшкі.

Чалавек спрабаваў куражыцца, і ад гэтага Залуцкаму зрабілася прыкра, — і пажылы мужчына раптам на яго вачах стаў ледзь не блазнам.

Нарэшце Хрупак пазбіраў ляскоўкі, узваліў хатомку на плячо і лёгка панёс яе да калёс. Залуцкі падняўся з аглоблі, хацеў адысціся ўбок, але Хрупак спытаў:

— Можа, нам па дарозе?

— Мне ў Баравец, — сказаў Залуцкі.

— Тады якраз палавіну дарогі праедзеш. Вядзі каня.

Залуцкі адвязаў каня, прывёў і паставіў у аглоблі. Але запрагаў сам гаспадар: Залуцкі ажно залюбаваўся, як Хрупак спрытна закладаў у гужы дугу і пасля адным махам зацягнуў супоню, упершыся каленам у клешчы, пры гэтым у яго руках не было нічога лішняга.

Ужо на калёсах Хрупак спытаў Залуцкага:

— Нешта я ніяк не прыпомню. Чый ты там, у Бараўцы?

Залуцкі ўсміхнуўся:

— Прыпомніць цяжка. Нават немагчыма. Я ў зяцях там.

— У прымаках ці як?

— Проста ў зяцях. Лічуся зяцем у цешчы.

— У каго?

— У Домны, што з Прусіна.

Хрупак павярнуўся тварам да Залуцкага і з цікавасцю, быццам упершыню ўбачыў, паглядзеў яму ў твар.

— У яе ж, здаецца, двое. Дык каторы? Той, што на прамкамбінаце работае? — спытаў ён.

— Не.

— А-а-а, ведаю. Чуў і пра вас. І жонку вашу ведаю, — перайшоў ён на «вы». — І, наогул, усю сям’ю ведаю. З цесцем вашым, нябожчыкам Цімохам Лук’янавічам, амаль усю грамадзянскую прайшоў. Як Шчорс сюды да нас прыйшоў з Унечы, так мы і пайшлі з ім.

— Шчорс? — здзівіўся Залуцкі.

— Шчорс. Да Унечы ж ад нас рукой падаць. Вось і прыходзіў ён Саматэвіцкую рэспубліку падаўляць. Была такая рэспубліка ў Саматэвіцкай воласці. Багацеі стварылі на чале з местачковымі эсэрамі. Узброілі вясковую галоту вінтоўкамі, якія на складзе вайсковым былі, і падбухторылі на тую рэспубліку. А якая рэспубліка? Проста не хацелі даваць хлеба новай уладзе. Але Шчорс іх там хутка пакараў. Стрэліў некалькі разоў з гармат, і мужыкі паразбягаліся.

Дарога па выгары была няроўная — то на выбоінах, то на пясчаных купках, — і калёсы ўвесь час калываліся, таму ехаць было дрогка, асабліва на голых дошках. Да таго ж па твары балюча хвастала голле, і Залуцкі адно рабіў, што слухаў свайго спадарожніка ды ўхіляўся, каб не зачапіцца за які-небудзь сук. Але хутка здагадаўся — прыхінуўся спіной да мяшка з яблыкамі ды так і сцішыўся. Спадарожнік яго тым часам падганяў каня і не пераставаў гаварыць: раптам ён нібы палагоднеў.

— Я тады малады быў. Якраз падрос, а Шчорс набіраў да сябе вясковых хлопцаў. Запісаўся і я. Цэлы ўзвод нас сабраўся. А камандаваў цесць ваш. Справядлівы чалавек быў. І тады, і пасля, калі ўжо дырэктарам у Бараўцы быў.

Залуцкаму, вядома, прыемна было слухаць добрае пра свайго цесця, якога ён, праўда, ніколі не бачыў — той загінуў у сорак першым, пры адступленні на Смаленск, але, пэўна, самае цікавае з усяго, што ён цяпер пачуў, было тое, што расказаў яго спадарожнік пра сябе: гэтакі закаранелы аднаасобнік, прынамсі, так здалося Залуцкаму, і раптам — былы чырвонаармеец славутага Шчорса. Неяк не стасавалася адно да аднаго, і Залуцкі асцярожна спытаў:

— Цікава, а чаму ж вы не паступілі ў калгас? Кажаце, ваявалі за савецкую ўладу і вось быццам і не разам з савецкай уладай...

Хрупак ад гэтых слоў раптам сцяўся ўвесь, і без таго ссутуленая спіна яго згорбілася, быццам навалілася на чалавека што; мінуў усяго адзін кароткі момант, і Хрупак крута, усім корпусам, павярнуўся да Залуцкага, і тады Залуцкі ўбачыў у ягоных пачырванелых вачах пагарду да сябе і агіду.

— І не адзін раз ваяваў! — ускіпеў Хрупак. — Я за гэтую вашу ўладу і ў грамадзянскую, і ў нямецкую наваяваўся!

Залуцкі адчуў, як спярша прыкрая чырвань заліла яму твар, а затым дробна-дробна стала торгацца нейкая жылка над правым вокам — з ім гэтак здаралася, калі пасля раптоўнай збянтэжанасці звычайна пачынала разбіраць злосць.

— А чаму гэта «вашу»? — націскаючы на апошняе слова, зусім спакойна, можа, нават занадта злавесна, працадзіў скрозь зубы Залуцкі.

Але Хрупак не адвярнуўся і не адвёў вачэй.

— Чаму, пытаеш? — заёрзаў ён на калёсах. — Ды таму, што многа вас тут ходзіць вось, разумнікаў! Не паспеў сесці на воз, а ўжо сам кажа — «быццам і не разам з савецкай уладай...» А што ты шупіш?

— Даруйце, але я не зусім гэта меў на ўвазе, калі гаварыў так.

— Няма чаго дараваць! Я ўсё жыццё пра гэта чую: толькі плявузгаюць, не разам! Як ваяваць за савецкую ўладу, то разам, а як што-небудзь, то не разам. Во што значыць захацець жыць па-свойму! Быццам парушына на воку ў дурняў стаў. А я, можа, і не іду ў ваш калгас таму, што мне дазваляе савецкая ўлада і без калгаса жыць. Што я там, у калгасе, не бачыў? Там і без мяне хапае. А я заваяваў сабе права жыць сваім дваром яшчэ ў васемнаццатым. Тпр-р-ру! — Ён спыніў каня і паказаў пугаўём на альховыя кусты. — Злазь! Цяпер сам дойдзеш!

Залуцкі саскочыў, як укушаны, з калёс і саступіў на абочыну, каб не зачапіла воссю. На душы зрабілася брыдка і неспакойна — мусіць, адным часам і за няўдалую размову, якая так неспадзявана скончылася, і за тое, што спадарожнік яго — і там, на паляне, і цяпер, як ужо ехалі, — злаваўся і плёў абы-што, прынамсі, так здавалася Залуцкаму. Разам з тым з’явілася таксама і разумная нездаволенасць сабой — раптам немаведама чаго пачаў «пароць гарачку» ды сварыцца, замест таго каб гаварыць разважліва і, урэшце, пераканаць чалавека! Але Залуцкаму, бадай, сёння ўпершыню выпала гаварыць на такую «далікатную» і адказную тэму, і яму было крыўдна і сумна ад таго, што паміж людзей яшчэ жыве такі вось натапыраны і разлютаваны селянін, і, можа, людзі нават не ведаюць пра гэта.

Хрупак тым часам выцяў лейцамі свайго лянівага каня, і калёсы, падскокваючы на выбоінах, затарахцелі па вузкай дарозе, заціснутай з абодвух бакоў альховымі кустамі.

Сцежка, якую неўзабаве адшукаў Залуцкі паміж кустоў, вывела яго на край поля, дзе на ржышчы скрозь валялася паклычаная камбайнам салома. На полі яшчэ было як відна, і на захадзе, дзе зайшло сонца, не паспела дагарэць над лесам цёмна-сіняе неба. Залуцкі ўзышоў на самы горб няроўнага поля, з-за якога выступалі вільчакі баравецкіх хат, і азірнуўся назад. Трохі ў нізіне патанала ў шэрых прыцемках Шацікава выгара, парослая маладымі ліпамі, арэшнікам і вольхай. Адтуль не далятала ніводнага гуку. Толькі нейкая вялікая адзінокая птушка цяжка махала крыламі, быццам ляцела на вецер.

....................................................................................................................................................

Але самае галоўнае пра вугольшчынскага аднаасобніка Залуцкі пачуў пасля, можа, праз год ці нават болей. Расказаў яму настаўнік Панас Ігнатавіч Зазыба, чалавек разважлівы і разумны, які скончыў некалі ў Рагачове настаўніцкую семінарыю і зарабіў у Бараўцы пенсію. Раптам па вёсцы пайшоў пагалосак — Андрэй Хрупак прадае калгасу сваю зямлю.

— Значыць, знямогся, — сказаў Панас Ігнатавіч. — Раз Хрупак надумаў адмовіцца ад свае зямлі, значыць, яна яму стала непатрэбная.

— Пастойце, а ці не той гэта Хрупак, што са мной размаўляў у Шацікавай выгары? — схамянуўся Залуцкі. — Там, на паляне, расце яблыня. Можа, ведаеце, на дварышчы, дзе хутар быў?

— Вядома, той. Болей тут ва ўсім наваколлі ўжо няма аднаасобнікаў.

— Дык ён ляскоўкі абтрасаў. Казаў, што яблыня здзічэла. І яшчэ ён казаў, што ў Шчорса ваяваў.

— Гэта праўда, ваяваў. І ў Шчорса ваяваў, і ў партызанах ужо ў гэтую вайну быў.

— Але надта дзіўны чалавек. Лаяў усіх і ўсё.

— Гэта, мусіць, ад зайздрасці ў яго. Калгаснікі сталі лепей жыць за яго, вось ён і лаецца. А то, бывала, усміхаўся і жабракамі называў — маўляў, вось вам як не лавіцца. Цяпер пацягайце на сабе і барану, і плуг. А наогул, чалавек ён... ну, адным словам, не шкодны, ці як гэта называецца. Гэта калі не ведаючы паслухаць яго, дык жахнуцца можна. А ўсё пакутуе праз «сваю зямлю». Як ухапіўся за яе пасля рэвалюцыі, то ўжо і не захацеў выпусціць з рук. Страх у ім перад зямлёй. Гэта як хвароба. І пачалася яна, мусіць, яшчэ тады, калі дзіцем хадзіў «пасабляць» людзям. Бацька яго зямлі мала меў, адзін шматок, а дзяцей напладзіў, дык дзе ты іх накорміш! У сям’і толькі і размоў было што пра зямлю. А тут савецкая ўлада спярша дала зямлю, пасля быццам бы і назад адбірае. У калгас трэба ісці. А хто яго ведае, той калгас? І вось замест таго каб спярша вылечыць Андрэеву хваробу, каб ён не баяўся за сваю зямлю, яму прапаноўваюць аддаць тую зямлю ў калгас.

Панас Ігнатавіч паглядзеў у вочы Залуцкаму, усміхнуўся.

— Я трохі ведаю гэтага Хрупака. Жыву тут не першы год, ды і так, здаралася, сустракаў. Жонка яго адразу пасля вайны памерла, дзеці на руках засталіся, а я якраз сакратаром тэрытарыяльнай партарганізацыі быў. Сустрэў неяк на вуліцы яго, пачаў гаворку — як, маўляў, мадзееш, Андрэй, цяжка, мусіць, аднаму такую араву даглядаць? Павесіў галаву. «Цяжка, — кажа, — вельмі цяжка!» Ды я і па вачах бачу: цяжка чалавеку. Гавару яму: «Давай, Андрэй, падавай заяву ў калгас, неяк разам там з людзьмі і агораеш сваё гора».

Ён паслухаў і сумна ў адказ: «Не, у калгас я не пайду, пра гэта не варта нават і балакаць». Але я спытаў яшчэ: «Скажы, Андрэй, няўжо ў цябе ніколі не ўзнікала жадання кінуць сваё аднаасобніцтва ды ў калгас падацца?» — «Узнікала, — кажа, — але то было даўно, і таму будзем лічыць, што няпраўда». А я паверыў яму. Вядома, з’яўлялася такое жаданне. І не адзін раз. Але, мусіць, заўсёды знаходзіліся прычыны, якія стрымлівалі яго. У трыццатым, калі калгасы стваралі, раптам надумалі раскулачыць яго, нават завезлі ў Магілёў, але ні гаспадаркі, ні сям’і не зачапілі, бо нічога кулацкага, вядома, у яго не было. Але самога ў турме трохі патрымалі. Д’ябал яго ведае, што яму інкрымінавалі, можа, нават проста з вачэй хацелі падалей прыбраць: як-ніяк, а былы дабраволец, чырвонаармеец упіраецца, не хоча ў калгас, падае гэтым дрэнны прыклад. А пакуль Андрэй вярнуўся з «камандзіроўкі» сваёй, калгас быў арганізаваны. Аднаасобнікам устанавілі цвёрдае заданне. Атрымаў такое заданне і Андрэй. Пачухаў галаву, але што зробіш. З норавам ён быў яшчэ і тады. Ды і тое, што ваяваў у грамадзянскую вайну, адвагі яму прыбаўляла. А тут яшчэ, як назло, адразу пасля калектывізацыі галодны год настаў, ды не адно лета. Тым часам аднаасобнікам быццам і нішто сабе — жывуць і не наракаюць: ні на нішчымніцу не скардзяцца, ні пазычаць не пазычаюцца. Дзіва, дый годзе! Выходзіць, што Андрэй Хрупак не прагадаў. На язык ён быў востры, ну і давай пасміхацца. З таго часу і пачаў Андрэй хадзіць у «контрыках». Згарыць у калгасе гумно — аднаасобніка Хрупака на допыт. Здохне на калгаснай ферме карова — зноў на Андрэя гатовы віну ўскласці. Так прасцей, не трэба галавы ламаць. Добра яшчэ, што ваш цесць, Цімох Лук’янавіч, заступаўся, не даваў свайго былога чырвонаармейца зусім у крыўду, а то б нездабраваць небараку.

Панас Ігнатавіч памаўчаў трохі.

— Вось вы сказалі пра яблыню, што ў Шацікавай выгары. Помню, стаіць там на хутарышчы яблыня. Здзічэла. Здавалася б, ненатуральна, свойская яблыня не можа перарадзіцца, а вось жа перарадзілася. Дык нешта падобнае здарылася і з Андрэем Хрупаком. Цяпер ён хоча прадаць сваю зямлю ў калгас. Смешна. Але няхай сабе. Купіць бы яе ў яго, хоць зямля ў нас не прадаецца і не купляецца. Вызваліўся б з яе ланцугоў, можа, паспакайнеў бы.

...Зямлю ў Хрупака калгас, вядома, не купіў. Але абрабляць яе Хрупак больш не стаў. Так яна і пуставала, пакуль гаспадар смалакурыў ды развозіў па вёсках дзёгаць і шкіпінар. Жыў ён цяпер на калёсах. На калёсах і смерць прыняў.


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Чыгрынаў І. Выбраныя творы: У 3-х т. Т. 1. Апавяданні /Аўт. прадм. В.Каваленка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - 366 с., 1 л. партр.
Крыніца: скан