epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Чыгрынаў

Ішоў на вайну чалавек

Ігнат скідаў за дваром апошнюю капу сена і, разгарачаны, увайшоў у сенцы, пастаяў там, пакуль не звыкліся вочы з лёгкім змрокам, і толькі пасля ўжо ўзяўся за конаўку, што вісела на сцяне над лаўкай, на якой стаялі вёдры з вадой. Вада ў адным вядры была халодная - мусіць, нядаўна з крыніцы, і зубы Ігнатавы адразу зайшліся. Ён пачаў піць маленькімі глыткамі. Піў доўга, смакуючы, і ўвесь час адчуваў, як паступова астывала нутро.

Адчыніліся дзверы, і Ігнат пачуў за спіною жончын голас:

- Гэта ты, Ігнась...

Здавалася, сказана было звычайна, як гаварылася, можа, мільён разоў, але Ігнат раптам адчуў у голасе трывогу. Ён глянуў цераз плячо і ўбачыў заплаканы жончын твар.

- Што з табой?

Тая сцепанулася, датупала, як не свая, да лаўкі, ля якой стаяў Ігнат, усё яшчэ трымаючы конаўку ў руцэ, і спынілася побач, баючыся падняць вочы.

- Што здарылася, Анюта?

- Ды яшчэ нічога. - Яна ўздыхнула. - Ну, што мы тут стаім, хадзем у хату.

Ігнат паціснуў плячамі і, калі вешаў на цвічок конаўку, не мог суняць дрыготкі ў пальцах.

На стале ў хаце ляжала паперка, напісаная ад рукі. Ігнат заўважыў яе адразу. Падышоў, паглядзеў - павестка.

- Даўно прынеслі?

- А ўжо ў гадзіне, - адказала жонка і заплакала наўзрыд.

Ігнат узяў павестку, пачаў чытаць: «Згодна тэлефанаграме з ваенкамата Вы абавязаны з'явіцца заўтра, г.зн. 16.7, к 11 гадзінам раніцы на прызыўны пункт. З сабой мець лыжку, кружку, харчоў на двое сутак, дзве пары бялізны. Старшыня с/с Апанасенка». Ігнат пакутліва наморшчыў лоб і зноў стаў чытаць спачатку: чамусьці з аднаго разу да яго быццам бы і не дайшоў сэнс - мусіць, перашкаджаў жончын плач. А плакала жонка ўжо, як па нябожчыку. Гэта і бянтэжыла Ігната, і злавала. Нарэшце Ігнат сказаў:

- Што ўжо тут галасіць! І так, дзякаваць Богу, ажно вунь колькі пабыў лішняга. Другія і гэтага не мелі.

Ігнат нават усміхнуўся, але і сам адчуў, што ўсмешка ў яго выйшла сумная: што ні кажы, а на вайну ісці - не жыта малаціць. Ігнатавы аднагодкі даўно ўжо ваявалі - пайшлі яшчэ па першай мабілізацыі, і ў вёсцы мала пра каго з іх ведалі: прыходзілі пісьмы ад старэйшага Цішкавага сына, які быў недзе інтэндантам, ды яшчэ ад двух ці трох чалавек, што прызываліся пад самы канец года. Ігната дагэтуль не бралі праз хворую нагу - як прастудзіў яшчэ пазалетась, цягаючы брэдзень па тонях, то і не праходзіла. Сёлета нага паправілася - дала жонка рады, націраючы бадзягай. Прызнацца, дык Ігнату часам ніякавата было: выходзіла, што збіраўся прасядзець вайну дома. Сёй-той нават коса пачынаў глядзець на яго. Але сам Ігнат увесь час жыў у чаканні - разумеў, што гэтае вайны хопіць на ўсіх. І таму павестка для яго была не такая ўжо нечаканая. Можа б, нават не выклікала і такой душэўнай трывогі, каб не плакала жонка.

Ігнат пастаяў трохі задуманы і сказаў, каб толькі не маўчаць:

- Не плач, Анюта.

- Ты ўжо і паплакаць мне на даеш, - з дакорам сказала яна, але пацішэла, быццам спалохалася чаго.

Тады Ігнат, расчулены, падышоў да яе, узяў за плечы. Яна прытулілася да мужа ўсім целам, схаваўшы заплаканы твар у яго на грудзях.

- Дзе ж гэта нашы дзеці?

- Што дзецям, - уздыхнула Анюта. - Бегаюць недзе.

- Толькі ты не плач ужо.

- А я і не плачу, - сказала і зноў заплакала.

- Ну вось... - Ігнату хацелася хоць нечым суцешыць Анюту, але не хапала слоў; больш таго, ён ужо разумеў, што ніякія словы не памогуць - можа, хіба паспрабаваць заняць яе работай: - Патрохі ўжо збірала б мяне...

Яна насцярожылася ўся.

Ігнат падаўся да акна, сеў там на табурэтку, што стаяла бліжэй да стала, і раптам пачуў стому ў нагах.

Да вечара было яшчэ далёка, і ён успомніў, што на двары валяюцца граблі; пачаў дні два таму, але тады палічыў, што паспее. Дарабіць бы хоць цяпер. Але праз якую хвіліну падумаў пра сынавы боты, не папраўленыя ад самай вясны. І яшчэ ён падумаў, што не паспеў сёлета падважыць хату, каб замяніць два струхнелыя вянкі. Аказваецца, у яго было столькі работы, да якой не дайшлі рукі, і цяпер гэта пачынала непакоіць, ажно няёмка станавілася перад жонкай - гэта ж ёй давядзецца займацца ўсім. «Нядобра неяк выйшла», - падумаў ён.

Тым часам з вуліцы прыбеглі дзеці: сямігадовая дачка і сын, загарэлы і ладны ўжо хлопчык. Мусіць, яны пачулі ад некага, што бацька ідзе на вайну, бо сын падышоў і спытаў:

- Тат, і табе на вайну?

- Ага, сынок, і мне. - Ігнат паставіў паміж сваіх каленяў хлопчыка.

- Вось добра, што і ты ідзеш на вайну! - узрадаваўся сын.

- Значыць, добра? - усміхнуўся Ігнат.

- А што? У Віцькі Панаськавага бацька на вайне, у Мішкі Блінава - на вайне. Адзін ты не на вайне. Яны дражняцца і гуляць да сябе не прымаюць. Цяпер я ім пакажу!

- Ну і дурны ж ты, Пецька, - азвалася раптам дзяўчынка.

- Сама ты дурная!

- Ладна, не сварыцеся, - сказаў бацька. - Ты, Надзька, большая, гэта праўда, але ж Пецька мужчына. Цяпер ён у доме будзе і за сябе і за мяне. Так, Пецька?

- Праўда.

- Шкадаваць будзеш і мамку і Надзьку?

- Буду.

- Тады, брат, лезь пад тапчан, пашукай там свае боты, паглядзім.

Але заняцца ботамі не давялося. Раптам грукнулі ў сенцах дзверы, і ў хату ўвайшоў старшыня калгаса - аднарукі Пахамок.

- Здароў, гаспадыня, - павітаўся ён, пераступаючы парог.

- Здароў, дзядзька, - адказаў замест жонкі Ігнат.

- Чуў я, брат, чуў. - Старшыня падышоў і паціснуў Ігнату руку, хоць уранні яны і бачыліся. - Гэта я ў сельсавеце быў, там і пачуў. - Пахамок дастаў з кішэні бутэльку, паставіў на стол. - Вось была адна, вып'ем з табой. Каб час, то недзе б самагонкі нагналі. На фронт таксама па-людску трэба выпраўляць...

Ігнат вінавата ўсміхнуўся:

- Каб жа знаццё, то і сам бы нешта прыдумаў.

Забегала па хаце гаспадыня - пачала збіраць на стол.

Старшыня доўга маўчаў, нарэшце сказаў:

- Быў і ў мяне адзін сапраўдны мужчына, а цяпер... - і махнуў рукой. - Ты вось што, Ігнат... Але ж дзе там...

Пахамок адкаркаваў зубамі бутэльку.

- Налівай ты, - сказаў ён Ігнату.

Гарэлка была цёплая. Піць яе было нядобра. Але хутка Пахамок захмялеў і звесіў над сталом пацяжэлую галаву.

- Каб гэта на мой розум, - гаварыў ён, - то я ўжо цябе, Ігнат, браць і не стаў бы. Тут, брат, такая справа. Фашыста, канечне, з нашай зямлі трэба гнаць. І гэта павінны рабіць мужчыны. Факт. Але ж і без хлеба ты яго не прагоніш. Салдата перш накарміць трэба, каб ён галодны не быў, а потым ужо і пасылай у бой. А хто той хлеб рабіць будзе? Яго ж і пасеяць трэба, і сабраць. Не, адны бабы фронт як мае быць не накормяць. Таму вось я і кажу: даюць жа бронь на заводах, дык чаму б і ў нас не даваць. Не, гаспадарка без мужчын - што тое вяселле без музыкі. Гэта ж каб хто пахадзіў хоць адзін тыдзень у маёй, старшынёўскай, скуры, то...

Пахамок раптам падняў прыжмураныя вочы на гаспадара, утаропіўся сваім цяжкім позіркам і спытаў:

- Як думаеш, хутка ўжо немца вытураць?

- А вось паеду, пабачу - тады і скажу.

- Жартуеш, Ігнат...

- Хопіць ужо, што жонка плача.

- Жонка няхай плача. Жонкі заўсёды плачуць. Яны нават і тады плачуць, калі на абавязковую выпраўляюць.

Пахамок падняўся, абапіраючыся на руку, пачаў развітвацца.

- Пра астатняе ты не турбуйся. Заўтра каня дам, завязуць цябе да ваенкамата як мае быць.

- А вось каня дык і не трэба. Заўтра ж сена з далёкага лугу вазіць. Лепш пасылай ты ўсе падводы туды. Чаго добрага - яшчэ дажджы пойдуць, паплыве сена.

- А як жа ты?

- Так вось, як стаю.

Старшыня паківаў галавой і, хаваючы вочы, сказаў здаўленым голасам:

- Дзякуй, Ігнат... Здаецца, адзін ты мяне і разумееш...

Да самага вечара ў Ігнатавай хаце не зачыняліся дзверы.

Уначы Ігнат ажно колькі разоў прачынаўся - сон быў трывожны, кашмарны; нарэшце яму і зусім не заспалася, і ён доўга ляжаў з расплюшчанымі вачамі, успамінаў.

Чамусьці прыгадаўся адзін выпадак, з якім у Ігнатавым жыцці было звязана не толькі адчуванне прыкрасці. Тады быў галодны год і па зямлі хадзіла многа жабракоў. Бывалі дні, што стаялі напята дзверы: не паспее адзін выйсці з хаты з міласцінай - парог пераступае другі. Ігнат тады не быў аддзелены, жыў у бацькоў, і вось аднойчы, якраз у абед, калі толькі што паселі ўсёй вялікай сям'ёй за стол, хтосьці пастукаўся ў хату. Маці як стаяла ля печы, так і адчыніла дзверы. Увайшоў пажылы ўжо мужчына, чамусьці ў зімовай шапцы. Ён трохі пастаяў моўчкі ў парозе, пасля сеў, не пытаючыся, на лаўку. Чалавек быў галодны, пра гэта казаў увесь выгляд ягоны, а больш за ўсё - вочы з ліхаманкавым бляскам. Але за стол яго не пасадзілі. Можа, небарака чым не спадабаўся маці, бо ў хаце камандавала яна і да стала магла запрашаць толькі адна. І не запрасіла. Так і праседзеў галодны чалавек на лаўцы, пакуль сям'я абедала. З-за стала вылазілі, бы прысаромленыя, і толькі пасля таго як пайшоў жабрак з хаты, Анюта - тады маладая яшчэ нявестка - сказала з дакорам:

- Чалавека не накармілі...

Ёй ніхто нічога не сказаў, нават свякроў змаўчала на той раз. Але з таго дня нібы хто паганы прабег паміж жанчынамі, і Ігнат мусіў прасіць раздзелу.

Эх, Анюта, Анюта...

Ігнат слухаў, як роўна дыхала яна, прытуліўшыся да бока, думаў і шкадаваў яе: нялёгка аставацца адной, маючы на руках дваіх дзяцей, ды яшчэ з яе характарам - надта далікатным і разам з тым непадатлівым.

Адно суцяшала Ігната: пражылі яны гэтыя дзесяць гадоў па-чалавечы і цяпер не было за што дакараць сябе.

Пра сябе Ігнат чамусьці не думаў, быццам усё гэта не датычылася яго, быццам не яму заўтра наканавана было пакінуць дом. Больш таго, Ігнат паступова пачаў лавіць сябе на тым, што непрыкметна стаў ужо глядзець на самога сябе неяк збоку, як на чужога. І тады ён паціху, каб не разбудзіць жонкі, злез з ложка, адзеўся і выйшаў на ганак.

Над вёскай плыла старожкая ноч. Ветру не было. Але ноч, здавалася, дыхала. Пахла пахаладзелая ўжо зямля. І ва ўсім наваколлі стаяла такая ціша, што нават чуваць было, як гойсалі за дваром, па аўсе, зайцы, наядаючыся пра запас, на цэлы неспакойны дзень.

Ігнат, як, можа, і ўсе вясковыя людзі, прыроду любіў амаль несвядома і без слоў, і ўсё ж яму раптам падумалася, што заўтра ён ужо не будзе бачыць і чуць такога хараства, і наогул яму прыйшло ў галаву... Але ж якраз пра гэта і не варта было думаць, каб даастатку не развярэдзіць душу.

Тым часам усхапілася жонка, і Ігнат пачуў, як яна выйшла ў сенцы. Ён сам расчыніў перад ёю дзверы і сказаў:

- Паспала б лепей...

- Ды што ты мяне ўсё шкадуеш! - нібы зазлавала яна, потым ступіла яшчэ крок і, застагнаўшы, павісла ў яго на шыі.

Ігнат спачатку доўга цалаваў змакрэлы ад слёз жончын твар, адчуваючы, як налівалася млявай пяшчотаю цела, пасля падхапіў яе на рукі - якая яна ў яго лёгкая! - і, асцярожна ступаючы, панёс па сходках.

На шырокім выгане, што быў паміж полем і гародамі, усімі краскамі лета пахла ў копах лугавое сена.

...Праводзіць Ігната ўранні сышлася ўся вёска. А Ігнат быў спакойны, як зямля пасля дажджу, і нават жартаваў, хоць гэта яму не кожны раз і ўдавалася. Не спяшаючыся, ён абыходзіў па адным сваіх аднавяскоўцаў, трос ім рукі і сарамліва чырванеў: яму было трохі не па сабе ад таго, што праз яго да коўрат сабралася столькі народу. Жонка больш не плакала. І гэта падабалася Ігнату. І толькі пасля таго, як ужо развітаўся з усімі і пайшоў, паскараючы крок, па дарозе, ён пачуў за спіною немы плач. Бабы суцяшалі жонку, паціху перагаворваліся і не пераставалі глядзець на дарогу, па якой ішоў на вайну яшчэ адзін чалавек.

 

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая