epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Чыгрынаў

Па сваіх слядах

Вацура даўно збіраўся ў гэты лясны кут. Бадай, з таго самага часу, калі вярнуўся з вайны — на першым жа годзе як пачало шчымець сэрца, дык ужо мала і адпускала: нават у сне бачыліся тыя расцяробы і печышчы, дзе правёў не адну, а цэлых дзве доўгія зімы (цёплае лета ў разлік у партызанах не бралася — звычайная вайна) то ў зямлянках, сырых і душных, то ў буданах, дымных і халодных. Чалавека цягнула сюды памяць сэрца. Тут загінула яго жонка — чарнавокая смуглая Наста.

Пахавалі Насту на левым беразе Палужа, пад дубамі, куды ніколі — казалі людзі — не заплывае вада, нават вясной.

І вось Вацура ідзе адтуль. Магілы Насцінай пад старымі дубамі ён не знайшоў. На тым месцы, дзе была яна, ён убачыў адну разварушаную зямлю — хтосьці зноў засыпаў яму, але сыры пясок асеў, паправальваўся.

Дзяўчынка, якой ці было і дзесяць гадоў, — на ўзлеску яна шчыпала ў вялікую, пашытую з палатна, кайстру шчаўе, — сказала Вацуру:

— Не, дзядзечка, парцізанку перавязлі адсюль. Пазалетася іх усіх звазілі да Малых Выселак, што ля Гарэлага балота. Кажуць, брацкая магіла там. Дык і нашых выкапалі, павязлі, і салдат, якія пабіты, і парцізан.

— А ты ж адкуль?

— Вэ-э-эн, — дзяўчынка паказала рукой за раку, на саламяныя стрэхі, — там была вёска.

«Вусаўка», — успомніў Вацура. Ён паўглядаўся трохі, хацеў нават успомніць, каго ведаў у гэтай вёсцы, але дарма: памяць нібы з густога туману выхоплівала адны твары — ледзь улоўныя, як сцёртыя медзякі, і не прыгадвалася ніводнага прозвішча.

— Дык ты, значыць, з Вусаўкі?

— Угу.

— І бацька ў цябе ёсць?

— А як жа без таткі! — здзівілася дзяўчынка і засмяялася, паказаўшы зялёныя зубы.

— Чаму ж так далёка заходзіш? Няўжо не баішся адна?

Дзяўчынка хмыкнула, паціснула плечкамі:

— Тут жа шчавель глядзіце які! — Яна выняла з кайстры жменьку зялёнай травы і паказала Вацуру. — Во, бачыце, бытта конскі. Я ўжо даўно хаджу сюды. І летася, і пазалетася... тады, як парцізанка ляжала тут... не баялася. Чаго мне баяцца? Ета толькі Пецька Аўгінкін пужае мяне. Кажа, парцізанкіна душа засталася тут і кругом лятае. Хітры Пецька, думае, так і збаюся. — Дзяўчынка памаўчала, затым неяк вінавата ўсміхнулася: — Яму што!.. У яго баба ёсць. Яна ў шчавель ходзіць. А ў нас няма каму. Танька яшчэ маленькая. Адна я большая. Дык і гусей пасу, і ў шчавель хаджу. А сянні яшчэ і ў школу нада. Буракі палоць пойдзем у калгас. Дык я наскубу тут етага шчавеля і пайду. Зараз во і пайду.

Дзяўчынка і сапраўды хутка пайшла. І калі адыходзіла, то нават не азірнулася на Вацуру, быццам спалоханая...

Ад Палужа да Малых Выселак — кіламетраў дзесяць. Цэлая дарога.

Галава ў Вацуры поўная думак — як у дарозе. Але яны нейкія неакрэсленыя. Можа, таму, што неспакойныя — то мільгацяць хутка-хутка, то паволі выплываюць аднекуль адна за адной і, не затрымаўшыся, сунуцца далей, як пёрыстыя аблочкі, што часам бачыш на небе.

...Калі Клятнянская брыгада вырывалася з блакады, яны — Вацура і Наста — ужо былі разам. Разведчык Сцяпан Вацура прывёў Насту ў штаб брыгады перад самай блакадай, якраз у той час, калі немцы займалі навакольныя вёскі. У брыгадзе яшчэ ніхто не ведаў пра блакаду. Не вельмі далёка, за якія сто кіламетраў, стаяў фронт. Таму ў штабе спачатку палічылі, што гэта адтуль на час зацішку, які настаў пасля цяжкіх баёў, немцы адводзілі свае патрэпаныя палявыя часці. Але, здаецца, на трэці дзень паявіўся батальён эсэсаўцаў з сабакамі-аўчаркамі, і партызанская разведка данесла, што на чыгуначнай станцыі немцы пачалі згружаць з платформаў танкі. Партызаны насцярожыліся.

Вацуру паклікаў да сябе камісар брыгады. З камісарам у класе — тады штаб памяшчаўся ў Будзянскай школе, — абапёршыся локцем на край стала, сядзеў пануры начальнік разведкі Навікоўскі. Ён і пачаў гаворку.

— Трэба ў горад ісці, — сказаў Навікоўскі, не паднімаючы на Вацуру вачэй.

— Ну...

— А ты, Вацура, не нукай! — раптам раззлаваўся начальнік разведкі. — Ты спярша ўнікні, а пасля можаш нукаць!

— Ты сам, Мітрафанавіч, супакойся, — заступіўся за Вацуру камісар; ён прайшоўся ад стала да сцяны, пастаяў там, углядаючыся ў акно, і затым ужо звярнуўся да Вацуры: — У горад сапраўды трэба ісці. У нас там увесь гэты час быў чалавек. Цяпер яму пагражае небяспека. Учора мы туды паслалі Ягужынскага. І Ягужынскі папаўся. Ён ведаў канспіратыўны адрас. Абставіны складваюцца так, што мы вас павінны...

— А Стасю не давяраеце? Тады...

Камісар паморшчыўся і глянуў на начальніка разведкі.

— Ты ў мяне, Вацура, сягоння дагаворышся! — зноў ускіпеў Навікоўскі.

Вацура выпнуў грудзі, падабраўся. Ён разумеў Навікоўскага, — начальнік разведкі перажывае за Ягужынскага, шкадуе Стасіка, якога прывёў сюды ў сорак першым з-пад Гродна.

«Нябось па мне ён гараваць не стане», — нібы пазайздросціў Вацура.

Камісар адказаў на нечаканае Вацурава запытанне спакойна, але з дакорам у голасе:

— Мы нават і не задумваліся над тым, давяраць Ягужынскаму ці не. Я ж вам кажу — абставіны складваюцца. Важна тое, што мы давяралі Ягужынскаму. А цяпер ён у гестапа. Вы разумееце, што гэта значыць?

Вацура па-блазенску паціснуў плячамі: яму чамусьці не падабаліся сёння ні начальнік разведкі — пануры, натапыраны (Вацура бачыў такім Навікоўскага першы раз), ні камісар — занадта разважлівы.

— Ягужынскі ведае канспіратыўны адрас, — працягваў камісар. — Гэта дастаткова, каб нам з Мітрафанавічам не спаць. Ягужынскі ў гестапа. Таму вам трэба як хутчэй трапіць у горад. Трэба вывесці нашага чалавека адтуль. Пакуль Ягужынскі будзе ў гестапа, яму пагражае арышт. Так, толькі так мы павінны думаць, седзячы тут, Вацура! Разумееце?

Начальнік разведкі пакутліва пацёр рукою пераносіцу і стомлена закрыў далоняю вочы.

— Я цябе папрашу, не, я табе загадваю, Вацура, не лезь там, куды не трэба, — сказаў ён, але ўжо зусім ціха. — У цябе сваё заданне. Выконвай яго. Стасіку ты не паможаш...

У горадзе Вацура адшукаў патрэбную кватэру, пастукаў у дзверы — спачатку тры разы, затым яшчэ і яшчэ, ажно чатыры разы запар паўтараў стук. Адчыніла яму дзяўчына — невысокая, надзетая па-хатняму, нават босая. Яна асцярожна, быццам баючыся, узяла з яго рук ключ.

— Чаму гэты? — здзівілася яна.

Вацура развёў рукамі.

Тады дзяўчына зноў спытала:

— Дзе Ягужынскі? Я ўчора яго чакала.

Вацура апусціў галаву і сказаў:

— Стах у гестапа. Я прыйшоў па вас. Хадземце адсюль. Гэта загад камісара.

Дзяўчына разгубілася:

— Але ж камісар яшчэ не ведае, што заўтра немцы будуць наступаць!

— Ведае! — супакоіў Вацура, хоць і не быў упэўнены, што ў штабе брыгады сапраўды вядома пра гэта.

У той жа дзень яны прыйшлі ў лес. Штаб перабраўся з Будзянскай школы за Гарэлае балота. Туды і прывёў Вацура сваю спадарожніцу. Пачыналася блакада. Здаецца, на чацвёрты дзень у партызан засталіся толькі дзве саракапяціміліметровыя гарматы, якія стаялі на галоўных дарогах, пры ўездзе ў лес. А яшчэ праз дзень не стала і іх. І тады прарваліся танкі. Камандаванне брыгады адвяло свае атрады за Гарэлае балота. Для немцаў яно яшчэ было недаступнае. Яны не паспявалі ўсю адлегласць прайсці з баямі за дзень, і на ноч даводзілася адыходзіць назад, каб не застацца ў лесе. Але паступова варожыя снарады пачалі рвацца і за Гарэлым балотам, у апошнім лагеры.

Вацура быў ва ўзводзе разведкі, і яму часта здаралася бываць каля штаба, але спадарожніцы сваёй ён там ніколі не бачыў. Хлопец ужо нават забыўся пра яе, як раптам яго паклікалі да камісара. У камісаравай зямлянцы была і яна.

— Вы адзіны яе ведаеце тут, — сказаў камісар. — А нам якраз і трэба, каб у яе было як менш знаёмых. Сёння ўначы мы паспрабуем прарвацца па балоце. Нам памогуць. Дык глядзіце, каб яна не трапіла да немцаў. Сваім таксама не вельмі паказвайце.

Брыгада вырвалася з блакады ў тую ж ноч. Перад тым партызаны спалілі ў гумне эсэсаўскіх аўчарак. І гэта шмат каго выратавала ад смерці, асабліва раненых. З Гарэлага балота, пасля таго як пачаўся бой, партызаны выходзілі групамі, каму з кім патрапіла: брыгада была рассеяна, і ніхто не ведаў, дзе знаходзіўся штаб яе. Вацура таксама адстаў — ноч цёмная і сумятлівая, людзі адно страляюць, крычаць ды бегаюць. І, як на тое, асколкам снарада параніла дзяўчыне нагу. На купіне перавязалі рану, і Вацура панёс сваю падапечную на руках — пад нагамі хліпала ржавая балотная вада. Тым часам партызаны прасоўваліся наперад. Вацура не паспяваў за імі. Адставаў усё больш і больш. З балота давялося выходзіць адным. Колькі дзён яны шукалі брыгаду, але дарэмна: партызаны адразу падаліся ў Мглінскія лясы. А немцы стаялі вакол балота, лавілі тых, хто адстаў, дабівалі параненых. Вацура больш за ўсё непакоіўся за Насту — нарэшце яна назвала сябе: далей таіцца не мела сэнсу. І тых пятнаццаць дзён, якія яны правялі разам, можа, самых цяжкіх і шчаслівых у іх жыцці, якраз хапіла, каб потым, калі іх адшукалі партызаны ў вёсцы і прывялі ў штаб, Наста сказала:

— Я застануся тут, і нікуды не трэба больш пасылаць мяне!

Вацура нават цяпер, праз колькі гадоў, добра помніць, як абразліва лаяў яго, заганяючы ў чырвань, Навікоўскі, пачуўшы пра Насціну выхадку.

— Што, іншай бабы сабе не знайшоў? — камандзір разведкі ад злосці ажно не знаходзіў сабе месца — хапаўся за кабуру, тупаў нагамі. — Ты толькі ўнікні сваёй галавой! Ты нам сапсаваў усё! Усё! Ёй не ў лагеры месца! Яна разведчыца, асаблівая разведчыца, падпольшчыца, а ты... ты не разведчык, ты проста!..

Але Навікоўскі вельмі хутка забыў пра гэта і перастаў дакараць — Наста падружылася са Сцяпанавымі хлопцамі і стала лепшай разведчыцай у брыгадзе.

У тое ж лета Наста загінула: падарвалася на міне.

...Недзе ў гушчары сасновага лесу цюкаў па кары чырвоны дзяцел. Пахла нагрэтай смалой і багуном з дурнап’янам.

Да Малых Выселак можна было ісці і па Гарэлым балоце. Вацура адшукаў бы на гэтай вялікай імшарыне ўсе сцежкі — запомніў яшчэ з партызанкі. Але па балоце ён не пайшоў — падаўся па наезджанай дарозе, што вяла міма маўклівага шведскага кургана, на якім вялі ад спёкі дзікія ружы. Дарога ўвесь час то аддалялася ад імшарыны, губляючыся паміж дрэў, то падыходзіла зноў, і тады адчувалася ў настоеным паветры сырасць. Вацура чуў у вайну, што засталася гэтая імшарына ад возера. Возера паступова зарасло, зрабілася маленькім, і там, дзе некалі плёскаліся хвалі, стала багна, якая пакрылася мохам. Пасля на ёй павырасталі чэзлыя сосны. Паявіліся сухія груды. На іх і трымаліся партызаны ў блакаду.

Ля Малых Выселак тады палягло шмат народу. Там і пахавалі першых партызан. Пасля, калі брыгада вярнулася з Мглінскіх лясоў і яшчэ амаль год стаяла за Палужам, ля Малых Выселак непрыкметна выраслі партызанскія могілкі.

Вацура падыходзіў да Малых Выселак, калі сонца павярнула на захад. Стрымліваючы хваляванне, набліжаўся ён да знаёмай паляны. Брацкую магілу ён убачыў яшчэ здалёк. Яна была абнесена чыгуннай агароджай. За агароджаю — чырвоныя кветкі, здаецца, мак.

Вацура абышоў агароджу, дакрануўся рукой да яе. Сонца напаліла чыгун, і далонь апякло як агнём.

Стаяла глухая цішыня, якая бывае, можа, толькі на дне магілы.

Непадалёку ўзвышалася вялікая скрыня, збітая з нячэсаных дошак. З аднаго боку яе — знізу і зверху — дошкі былі паадрываны, відаць, ужо не адзін чалавек заглядваў туды. Праз шырокую шчыліну знізу Вацура спачатку ўгледзеў мармуровы вянок, затым босыя ногі; зверху віднелася апушчаная галава мармуровай жанчыны. Яе прывезлі на паляну, каб паставіць на брацкай магіле.

На паляне Вацура прабыў нядоўга. Яго чамусьці пачала бянтэжыць панурая маўклівасць блізкага балота і тая неадольная цішыня, якая панавала тут; яна прыгнятала нават, і ён хутка адчуў сябе адзінока. Але і за тыя лічаныя хвіліны, пакуль ён стаяў на паляне, Вацура зразумеў раптам, што для яго Насціна магіла застанецца назаўсёды пад дубамі і што разварушаная зямля на ёй цяпер будзе на ўсё жыццё, як старая, нявылечаная рана...

Вацура прайшоў, задуманы, праз усю паляну і там, на ўскраіне балота, нечакана ўбачыў жанчыну, якая вынесла ў рэзгінах ношку сырой травы і пачала растрэсваць яе ў хмызняку на прагаліне, што была знарок працярэблена, — па баках ляжалі ссечаныя зялёныя елачкі, малады асіннік і яшчэ нейкія дрэўцы, белыя дубцы якіх вытыркаліся з-пад бярозавых венікаў. Жанчына пачула Вацуравы крокі, азірнулася. Але не выпрасталася. Нагнуўшыся, не пераставала растрэсваць рукамі трубчасты хвошч з пажоўклай асакой. Толькі рухі сталі запаволеныя, быццам яна сумелася. У вялікіх вачах яе, якіх яна не зводзіла з незнаёмага чалавека, стаяла насцярожанасць.

— Ці ж яно высахне тут? — здзівіўся Вацура.

Жанчына маўчала.

— Згніе, кажу!

— Затое цалей будзе, — жанчына разагнула спіну, узялася за рэзгіны.

— А то памагу вынесці на сухое, — сказаў Вацура.

— Не варта.

— Чаму?

— Ды так. — Жанчына глядзела на Вацуру з недаверам, але неўзабаве нібы пасмялела, раптам сказала: — Тады ўжо з балота памог бы вынесці, — і ціха засмяялася.

— Што ж, можна і з балота. — Вацура падышоў бліжэй і стаў побач: жанчына была яму трохі вышэй пляча; яна ўзняла на яго неспакойныя, нібы зацененыя вочы — нарэшце ён разгледзеў іх — і неяк спалохана загаварыла:

— Што вы? Я пажартавала. Я сама. Ды і няма ўжо травы. Тут уся. Я за раз прынесла ўсю. — Яна трохі пастаяла, нібы раздумвала — ісці ці яшчэ пачакаць, затым, здзіўленая нечым, паціснула плячмі: — Ну, я пайду. — І пайшла.

А Вацура стаяў і слухаў, як на імшарыне заціхалі яе крокі. Вяртацца назад, у горад, было позна: ужо мала заставалася да вечара. Але і ў вёску ісці адразу, прасіцца на ноч, не хацелася. «Паспею», — махнуў рукою Вацура і, агледзеўшыся, сеў на венікі.

У кішэні ў яго была газета, якую ён купіў яшчэ ўранні, у гарадскім кіёску. Вацура выняў яе, але паспеў прабегчы вачамі толькі па загалоўках — неспадзявана вярнулася жанчына.

— Ай, дык вы яшчэ тут! — усклікнула яна.

Вацура падняўся.

— Вы не рады?

— Не, — прызналася жанчына. — Вы што, упаўнаважаны, ці як?

— Я сам па сабе.

— А я падумала...

Голас у жанчыны быў мяккі, прыемны; сама яна была ў тым узросце, калі пра чалавека кажуць — яшчэ не стары. Гаварыць з ёй было лёгка.

— Я некалі партызаніў тут, — прызнаўся Вацура. — Дык прыехаў вось, паглядзець захацеў, па слядах сваіх пахадзіць.

— А-а-а, — неяк расчаравана сказала жанчына. — Мой таксама тут у партызанах быў.

— Хто?

— Прахвір. Можа, чулі?

Вацура наморшчыў лоб.

— Не, штосьці не помню, — сказаў ён. — Але ж гэта добра, што і ён тут партызаніў. Мне б да яго, пагаварыць...

Жанчына ўздыхнула:

— З ім ужо не пагаворыш. Яшчэ тады, з лесу, прыйшоў хворы...

Колькі часу яны стаялі на прагаліне і маўчалі. Нарэшце жанчына спахапілася:

— Трэба ісці... Ужо вечар. — Яна ні аб чым не спытала, а проста сказала: — Пойдзем.

Ішлі міма брацкай магілы — іншай дарогі тут у Малыя Выселкі не было.

— Мой заўсёды бегаў сюды, — сказала раптам жанчына і паказала рукой на чыгунную агароджу. — У яго таварышы тут пахаваны... былі. Дык ён магілы даглядаў. Кожную вясну штосьці рабіў. А пазалетася выкапалі іх. Ды яшчэ і з іншых месц панапрывезлі.

— Чаму ж не паставілі помнік? — спытаў Вацура. — У скрыні стаіць?..

— Ды ўжо каторы год. На магілу ніяк не занясуць. Кажуць, немца прывезлі. Выкапалі недзе, памыліліся і вырылі. Разам са сваімі паклалі ў магілу. А ці праўда — хто ведае... Ета ж каб рабіць адразу, як вайна скончылася, а цяпер... Проста, можа, не дарабілі чаго, вось і марудзяць.

Жанчына гаварыла пра гэта спакойна і, падалося Вацуру, нават абыякава. Яго ажно перасмыкнула. Раптам зрабілася крыўдна. Але Вацура прамаўчаў. Ён зноў пачаў думаць пра Насту, успомніў пра вусаўскую дзяўчынку, што гаварыла яму сёння ўранні пра «парцізанкіну душу», якая лётае пад дубамі на беразе Палужа. Але словы жанчыны, якія ён толькі што пачуў, надалі яго думкам і другі кірунак — неспадзявана ён адчуў сябе вінаватым перад Настай: надта доўга ён збіраўся на яе магілу...

Яны падыходзілі да альховых кустоў, якія пачыналіся за канавай, што была перад вёскай, і Вацура азірнуўся, апошні раз глянуў на паляну. Чырвонае сонца нібы засела на вершалінах далёкіх соснаў і кідала на паляну цені. На нейкі момант Вацуру нават здалося, што ён бачыць, як растуць яны. За чорнай чыгуннай агароджай, ад якой таксама лёг на траву рашотчаты цень, чырванелі маўклівыя кветкі, — пэўна, мак.


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Чыгрынаў І. Выбраныя творы: У 3-х т. Т. 1. Апавяданні /Аўт. прадм. В.Каваленка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - 366 с., 1 л. партр.
Крыніца: скан