epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Чыгрынаў

Плывун

Адам Ружанцоў доўга разглядваў альбом, які яму падаў мастак Бараноўскі, гартаў няспешна старонкі, усё ўглядаўся ў твары будаўнікоў азотнатукавага завода, што былі намаляваны там. Але кожны раз, быццам міжвольна, вяртаўся да аднаго і таго ж партрэта. Ружанцову чамусьці здавалася, што чалавека гэтага ён ужо некалі ведаў. Толькі вось нечага забыўся, і цяпер, як ні спрабаваў разварушыць сваю памяць, яму не ўдавалася гэта: твар і сапраўды нібыта знаёмы — ці то бачыў калі, ці, можа, нават жыў разам. Тады Ружанцоў спытаў у Бараноўскага. Той паглядзеў і сказаў:

— А-а-а, гэта брыгадзір бетоншчыкаў. Я забыў прозвішча. Але ў Толі Арэхвы недзе запісана. Мы ж збіраемся альбом гэты выдаць. Цяпер Анатоль тэксты рыхтуе. — Мастак падміргнуў Ружанцову і раптам рассмяяўся: — А што, — спытаў, — дрэнна схоплена? Магчыма, але зарысоўваў я не з натуры. Усіх яго бетоншчыкаў з натуры, а самога брыгадзіра — не. Не было яго тады на будоўлі. Ездзіў некуды. Давялося з фатаграфіі браць, з Дошкі гонару. Вядомы там чалавек! Вось-вось Героя схопіць, можа, нават прадстаўлены ўжо. Я добра не ведаю, але Анатоль нешта гаварыў.

Ружанцоў зноў схіліўся над партрэтам, паўглядаўся колькі часу — няйначай знаёмы чалавек! — тады яшчэ спытаў:

— Дык ты не ведаеш прозвішча?

— Не, не помню. Ды мне і не патрэбна яно. Мне галоўнае твар каб. А ты пазвані Арэхве. У яго ўсё запісана.

Ружанцоў пазваніў.

— Прозвішча? — занепакоіўся нечага на тым канцы провада Арэхва. — Канечне, ведаю. Галкоўскага на азотнатукавым усе ведаюць. Хочаш падрабязнасці? Калі ласка. Галкоўскі, Іван Пятровіч, брыгадзір брыгады бетоншчыкаў. Брыгада змагаецца за званне брыгады камуністычнай працы. План... працэнты... Ага, ты хочаш біяграфічныя звесткі? Добра, слухай... Нарадзіўся ў тысяча дзевяцьсот трыццаць першым годзе, жыў у вёсцы Зацішша...

«Значыць, гэта сапраўды Янка Галкоўскі», — падумаў Ружанцоў і раптам адчуў, што сам захваляваўся, спытаў, перапыняючы Арэхву: — Ну, а які ён, Галкоўскі?

— Як які? — не зразумеў яго Арэхва. — Ты не сумнявайся. Павер мне, старому газетнаму прайдзісвету. (А самому яшчэ і дваццаці пяці няма.) Я гэту кандыдатуру абмацаў і знізу і зверху. Герой працы. Начальства здаволена ім амаль на дзевяноста працэнтаў, бетоншчыкі — на ўсе сто. Так што павер мне, старому газетнаму прайдзісвету, кандыдатура прахадная ва ўсіх адносінах.

— Ты з ім сам гаварыў?

— Дастаткова, што я бачыў, як ён працуе. Астатняе ўзяў з асабістай справы. Начальства таксама ў курсе. Так што павер мне, старому газетнаму...

— Добра, стары, я веру, — перапыніў Ружанцоў Арэхву.

 

 

* * *

 

Там, дзе жыў у маленстве Адам Ружанцоў (а гэта было на паўднёвым усходзе), хлопцаў называлі Іванамі, і Янка быў адзін, можа, на ўвесь раён — гэта сын ветфельчара Галкоўскага. Прывёз яго ветфельчар з заходняй граніцы, здаецца, з-пад самых Сувалак, калі ў трыццаць дзевятым Чырвоная Армія была ў вызваленчым паходзе. Тым часам сам ветфельчар паходзіў з мясцовых — у Зацішшы некалі бацька яго, Нупрэй, служыў у пана і разам з панам пераехаў у Прывіслянскі край. І вось цяпер Нупрэеў сын успомніў раптам, што недзе за Крычавам ёсць бацькава зямля — яму здалося, што яна надта далёка ад вайны, якая шугала ў Еўропе. Узяў — прыехаў. Прывёз таксама з сабою васьмігадовага хлапца і раматусную жонку. Але Галкоўскі, на шчасце, меў добрую сялянскую прафесію — ветэрынара, таму хутка абжыўся на новым месцы, стаў сваім чалавекам на ўвесь сельсавет, бо ў кожным двары былі і каровы, і парсюк. У школу Янка Галкоўскі пачаў хадзіць за тры кіламетры ад пасёлка, у Зялёны Бор, тады Адам Ружанцоў і пабачыў першы раз ветэрынаравага сына: па-першае, на «новенькіх» заўсёды збіраліся глядзець усёй школай, а па-другое, гэты Галкоўскі меў яшчэ і незвычайнае для тутэйшага вуха імя. Хлопец ён быў, як кажуць, свой — спрытна бегаў басанож па леташніх шышках у школьным сасонніку, патрапляючы аднагодкам, прасіў у старшакласнікаў «пусціць дымок», нават не шкадаваў дзеля гэтага свайго лба (плата за адну зацяжку тады складалася з пяці пстрычак) і ведаў на памяць акрамя «Ойча наш» яшчэ «Здровась Марыя». Гаварыў ён толькі па-беларуску, умеў па-польску і зусім не ведаў рускае мовы. Быў рослы і гэтым вылучаўся ў класе. Проста хлопец, пэўна, рос, гледзячы на макаўкі дрэў: меў доўгую тонкую шыю, на якой, здавалася, ледзьве-ледзьве трымалася лапавухая галава. Першы час яго дражнілі ў школе — а ў школе, калі памятаеце, усіх як-небудзь дражнілі! — «кашчэем бессмяротным». Усе смяяліся — палякі «закармілі» Янку... Але сын ветфельчара Галкоўскага прыбываў у целе даволі хутка. Гадоў праз шэсць ён ужо хадзіў з касою і дужаўся з мужчынамі.

Ветфельчар Галкоўскі ўцякаў ад вайны. Ён і сам пра гэта гаварыў. Але вайна дагнала яго. Ужо ў сярэдзіне жніўня сорак першага года немцы прыйшлі і ў Зацішша. Праўда, пабылі яны ў пасёлку нядоўга. Пастаялі дзён колькі, пасля пераехалі ў Зялёны Бор, у вёску, дзе было паболей курэй і яек, і адтуль ужо зніклі ці не на паўтара года. Навокал у вёскі наведваліся яны часта. Нават цэлыя гарнізоны былі, асабліва па той бок ракі, дзе не было лесу — на многія кіламетры адно поле ды рэдка калі ўрочышча якое ці гай. У Зацішша немцы наскочылі зноў пад канец сорак другога года, як адступала ў Мглінскія лясы Фёдараўскае злучэнне ўкраінскіх партызан. Апошні бой у іх тады быў за Цыкунамі, што непадалёку ад мястэчка, там немцы і адсталі нарэшце ад ар’ергарда злучэння. Але ненадоўга. На трэці дзень ужо ўсе зарэчныя вёскі былі заняты. Партызаны пайшлі далей, у глыб лесу. Тады немцы, раззлаваныя няўдачай, пачалі лютаваць наўкруг. І каб не даць прытоку ў Фёдараўскае злучэнне новых мсціўцаў, камандаванне карнай экспедыцыі аддало загад знішчыць у вёсках усё мужчынскае насельніцтва, якое магло насіць зброю.

Згарэла тады і Зацішша. Згарэў у калгасным свірне і ветфельчар Галкоўскі. Але сына яго ўратаваў лёс. Янку таксама вялі разам з бацькам і іншымі зацішанскімі дзядзькамі ў свіран. І раптам канвойны, пажылы і згорблены, можа, ад марозу, немец, піхнуў хлапца перад самымі варотамі свірна ўбок — пашкадаваў, і той паляцеў кумільгом у снег, пераскочыў неяк цераз сумёт і даў драпака з пасёлка, цаляючы па дарозе, што вяла ў вёску. Неўзабаве туды прыйшлі і зацішанскія бабы з малымі дзецьмі — без аніякага скарбу, хто ў чым паспеў выскачыць.

Вёскі навакольныя гарэлі не ў адзін дзень. І таму клубы жоўта-белага дыму, які мала калі чарнеў, доўга віселі над заснежанымі палямі і стоенымі лясамі. І ўвесь час у паветры стаяў пах гарэлага чалавечага мяса. Карнікі, відаць, збіраліся падпаліць усе вёскі, што былі па гэты бок ракі. Зялёны Бор таксама быў ачэплены, аўтаматчыкі на лыжах і ў белых маскхалатах шнырылі наўкол — у вёску прапускалі ўсіх, у тым ліку і пагарэльцаў, а з вёскі ўжо не выпускалі нікога, каб не дапусціць зносін з партызанамі. Тым часам партызаны-фёдараўцы быццам расталі дзе. Іх чамусьці не магла знайсці ў зімовых лясах ні наземная разведка, ні паветраная. Тады нарэшце і паступіла каманда аднекуль зверху — спыніць карную экспедыцыю. Разам з гэтым была нечакана спынена і акцыя супроць лясных вёсак і іх жыхароў. Такім чынам уцалеў і Зялёны Бор. Немцы знялі свае пасты з усіх сцежак і дарог і, здаецца, на другі дзень уранні рушылі да чыгункі грузіцца ў вагоны, а пагарэльцы — і з Зацішша, і з Кавычач, і з Мялька, і з Гарадка — пачалі рассяляцца па дварах. Ружанцовы прынялі да сябе Галкоўскіх — хворую ўдаву і яе сына. У Ружанцовых Галкоўскія пражылі да восені сорак трэцяга года, калі прыйшло вызваленне. За гэты няпоўны год сумеснага жыцця і пасябравалі як мае быць Адам Ружанцоў і Янка Галкоўскі. Пераехалі Галкоўскія зноў у Зацішша ў пачатку кастрычніка, пасля таго як згарэў перад боем Зялёны Бор. Цяпер ім усё роўна было, дзе капаць зямлянку — у Зялёным Бары ці ў Зацішшы, — і яны падаліся на сваё пажарышча.

Спаленыя ў вайну вёскі адбудоўваліся марудна і з вялікімі цяжкасцямі, нягледзячы на тое, што побач быў лес. К канцу вайны ў Зацішшы ў хатах жылі толькі дзве сям’і — агорала неяк сабе халупу Гапка Верамеева, у якой быў гатовы зруб, што прастаяў непрыкметна за гародамі ў алешніку ўсю акупацыю, ды яшчэ Іван Пастухоў, аднаногі сапёр, які адваяваў сваё на Проні, сабраў нарэшце талаку, і яму за адну нядзелю — з раніцы да вечара — бабы і падлеткі, такія, як Янка Галкоўскі, скідалі на старым пажарышчы яго зруб. Астатнія пагарэльцы пачалі будавацца ў пасёлку пасля вайны ўжо. Каб вывесці людзей як хутчэй з зямлянак, дзяржава стала даваць пазыкі на будаўніцтва хат. У раёне пачалася яшчэ адна народнагаспадарчая кампанія — кампанія «па высяленню пагарэльцаў з зямлянак», прынамсі, так яна называлася ў пратаколах пасяджэнняў розных устаноў. Вобласць націскала на раён, раён у сваю чаргу на сельсавет, а сельсавет... на ўдоў. У вёску прыязджалі нават спецыяльныя ўпаўнаважаныя. Па Зялёнаборскаму сельсавету такім упаўнаважаным быў цыбаты Галуза, старшыня раённага ДТСАРМа, чалавек, аднолькава ласы як да гарэлкі, так і да баб. І вось аднаго разу гэты ўпаўнаважаны прыходзіць пад мухай да Галкоўскіх.

— Пазыку брала? — пытае ветэрынарыху.

— Брала, — адказвае тая.

— А чаму ж... тваю маць, не пабудавалася дасюль? — ускіпеў неспадзявана Галуза, выкатваючы пачырванелыя вочы. — Ты што нам зрываеш план? З палітыкай надумала гуляць? Ты ведаеш, якая ў нас цяпер задача?

— Але ж дзе я паспею? — пачала апраўдвацца разгубленая Галкоўская. — Вунь хлопец ляпае сякерай. — Усміхнулася. — Ужо на шосты вянок ускацілі па бервяну. К зіме будзем ставіць.

Галузу нібы за жывое зачапілі.

— Нам трэба, каб ты зараз паставіла! — закрычаў ён. — А можа, пазыку пражрала?

— Ды не, ляжыць яна ў мяне, пазыка тая, але ж гэта каб да пазыкі ды цесляроў дзе знайсці. А то дзе ён адзін, хлопец мой? Будзе доўга ляпаць там...

— Значыць, не хочаш высяляцца, — шалеў Галуза. — Пазыку ўзяла і адмаўляешся будавацца? План зрываеш нам? — Галуза, як укушаны, забегаў па зямлянцы, пасля выскачыў на двор, схапіў там жалезны лом і пачаў разбураць чалеснік у печы.

Тады Галкоўская нарэшце загаласіла, ламаючы рукі. А Янка якраз быў за гародам, сядзеў на зрубе. Адразу пачуў матчын плач, кінуўся бегчы ў зямлянку. На парозе ён паявіўся з сякерай у руках і, доўга не думаючы, замахнуўся на раз’юшанага Галузу. Той павярнуўся, ударыў па сякеры ломам, выбіў яе з Янкавых рук і выскачыў сам з зямлянкі.

Праз гадзіну ў Зацішша на кані прыехаў участковы міліцыянер. А к вечару з раённай міліцыі прыслалі яму падмогу — яшчэ двух міліцыянераў. Шукалі Янку Галкоўскага. І ўжо ўсе ведалі — і ў сельсавеце, і ў раёне, — што той «аказаў супраціўленне тав. Галузу, маючы на мэце забіць яго». Так было запісана ў першым пратаколе, які пасля пачаў усю тую справу. Але хлопца тады не знайшлі. Першую ноч ён прасядзеў з курапамі ў яме, за дваром, дзе хавалі на зіму бульбу, а ўранні, калі нарэшце некуды сышла з двара міліцыя, Янка вылез са свайго сховішча і адразу даў цягу ў лес.

Цяпер невядома, чым бы скончылася ўся тая гісторыя, але праз колькі дзён па ўсім наваколлі прайшла чутка — паявіўся ў раёне новы разбойнік, нават горай за самога Пялінку (быў такі пад канец вайны, дэзерцір). А некаторыя несумленныя людзі нібыта аднаго гэтага і чакалі. Нап’ецца хто-небудзь, засне дзе папала — яго і раздзене хто п’янага і соннага. Тады чалавек, каб сораму было меней, заяўляе міліцыі, што гэта Янка зацішанскі перастрэў яго па дарозе і абрабаваў, прыставіўшы да жывата рэвальвер. Прагандлюецца які-небудзь лавачнік — зноў пускае чутку, што на яго напаў зацішанскі Янка. Благая слава разносіцца хутка. Асабліва калі гэта яшчэ і выгадна сяму-таму. Адам Ружанцоў, можа, самы першы пераканаўся ў гэтым.

Тады якраз загаварылі, што недзе ў Ключах, што непадалёку ад ракі, быў абрабаваны жаркоўскі заўмаг, які вёз з сельпо тавар. Крамнік з ахвотаю расказваў, як перастрэў яго Янка — «узброены двума наганамі, зарослы шчэццю і ў бліскучых хромавых ботах», — ачысціў воз, і «добра яшчэ, што адпусціў па-добраму і па-здароваму».

Адам тыя дні даходзіў сабе метрыкі ў загсе — пасля вайны былі вялікія чэргі па розныя даведкі, таму ён выбраўся ў райцэнтр нанач, каб сярод першых стаць ля дзвярэй загса. На дарозе яго нехта паклікаў. Адам азірнуўся і ўбачыў свайго сябра.

— Здароў, — сказаў Янка, чырванеючы.

— Ну, здароў, — Адам падаў руку.

— Ты ета куды? — спытаў Янка.

— Метрыкі дахаджу. Трэба ў школу здаць. У восьмы клас іду, у мястэчка. Дык дакументы сабіраю. Метрыкі таксама патрабуюць там. У загс іду вось.

Янка пакалупаў вялікім пальцам правай нагі пясок, спытаў:

— Есці хочаш?

— Хачу, — прызнаўся Адам — быў самы галодны пасляваенны год.

— Тады хадзем.

Неўзабаве яны трапілі на сцежку, і яна прывяла да закінутага партызанскага будана, што быў на краі балота. Адам агледзеўся, усміхнуўся.

— Тут і хаваешся? А дзе ж твая зброя?

— Навошта яна мне? — здзівіўся Янка.

— А кажуць жа, што ўзброены, — сказаў Адам.

Тады Янка ўсміхнуўся — здавалася, яму даспадобы прыйшлося тое, як сказаў Адам пра зброю.

— Яно, вядома, можна было б знайсці якую ламачыну, але я ваўкоў не баюся. Ды я і не збіраюся доўга жыць так. Вось пажыву яшчэ ў будане, пакуль цёпла спаць, пасля пайду на станцыю, сяду на поезд і паеду. — Янка падумаў і з сумам спытаў: — А міліцыя часта бывае?

— Ага, — кіўнуў галавой Адам.

— Тута мяне ніхто не знойдзе, — засмяяўся Янка. — Чорт еты Галуза. Праз яго ўсё. Але каб ведаў, што так выйдзе, то хоць бы ўжо...

— Дык ты тут і жывеш? — Адам стаяў ля будана, пераступаючы з нагі на нагу.

— А што? Вось зараз я цябе пакармлю. У мяне тута ўсяго хапае. — Янка палез у будан і вынес адтуль два паржавелыя селядцы, пачак пячэння і кавалачак халвы на прамасленым шматку паперы. — На, еш, — сказаў ён, глытаючы сліну. — Ты на мяне не глядзі. У мяне яшчэ ёсць... селядзец адзін, вялікі, і пячэння трохі. А халвы я не хачу. У мяне ўжо горка ад яе.

Адам сеў на траву, раздзёр селядца, запэцкаўшы пальцы аб вантробы, і пачаў з галадухі аплятаць, заядаючы сухім пячэннем.

— Смашна? — спытаў, пачакаўшы трохі, Янка.

— Ага, — прызнаўся Адам. — Гэта з жаркоўскай лаўкі?

— Ага, — заварушыўся ўзрадаваны Янка. — Ета ж як было. Ты толькі паслухай. Выйшаў я раз на дарогу, надакучыла сядзець тут аднаму, дый камары не даюць, дык я і пайшоў. Бачу, едзе еты лавашнік. Убачыў і ён мяне. Кліча. Я падыходжу, а ён і кажа, што бацьку майго яшчэ ведаў. Ну, і надаваў мне цэлае бярэма селядцоў, пячэння, халвы кілаграм цэлы. Вось я і кармлюся гэтымі запасамі.

Адам перастаў ад здзіўлення есці.

— А там жа ён усім кажа, што ты абрабаваў яго па дарозе. Забраў усё, што было на возе. І ў міліцыю заявіў так. Нават сказаў, што ў цябе з сабой было два наганы.

— Хы, наганы! Яму ўжо наганы сняцца. Можа, забраў усё, што палучыў у сельпо сабе, а сказаў, што ета я. — Янка падумаў і спытаў пра другое: — А матку маю бачыў калі?

— Бачыў.

— Што яна?

— Плача.

Янка апусціў галаву, пасядзеў так, абшчапіўшы каленкі рукамі, пасля сказаў, задуманы:

— А я вось забяру яе ноччу і павязу куды-небудзь. І няхай тады Галуза са сваёй міліцыяй ловіць мяне... Ты вось што, скажы-ка матцы, каб яна прыйшла сюды, а?

— Ладна.

Але Адаму не давялося перадаць старой Галкоўскай сынаву просьбу.

Пакуль ён вяртаўся на другі дзень з райцэнтра, Янку арыштавалі. Вялі яго два міліцыянеры, пад канвоем і чамусьці без штаноў — як засталі соннага ў будане, так і павялі. А вясковыя людзі глядзелі на канвой, ківалі галовамі, уздыхалі: дзіву даваліся.

З таго часу Адам Ружанцоў і не бачыў Янку Галкоўскага.

Казалі тады, што Янку спярша трымалі пры раённай міліцыі, бо вялося следства, але ўсё чамусьці не сыходзіліся ў пратаколах канцы, і яго забралі ў Магілёў.

І вось цяпер Ружанцоў неспадзявана ўбачыў у альбоме мастака Бараноўскага знаёмы твар. За лічаныя хвіліны ў яго перавярнулася ўсё ўсярэдзіне. Верылася і не верылася. А раптам яшчэ не ён?

 

 

* * *

 

Вядома, Адам Ружанцоў павінен быў неадкладна ехаць на будоўлю азотнатукавага завода, каб адшукаць там Галкоўскага і не губляцца ў здагадках. Акрамя гэтай, хутчэй за ўсё чыста зямляцкай патрэбы, якая падагравалася даўняй дружбай, былі і яшчэ прычыны. Справа ў тым, што ўвесь гэты час (а мінула ўсё-такі шмат гадоў) Ружанцоў жыў з адчуваннем унутранай віны і нявыкананага абавязку. Яму чамусьці здавалася — і чым далей, то ўсё болей, — што Галкоўскі, якога арыштавала міліцыя адразу ж пасля таго, як яны развіталіся ля будана, падумаў недзе тады — гэта Адам пайшоў у раённую міліцыю і заявіў на яго. Прынамсі, так павінен быў, меркаваў Адам, падумаць Галкоўскі, бо адзін ён ведаў пра той будан і аднаму яму даверыўся па дружбе «злачынца», які не меў за сабою ніякіх злачынстваў. І Адам, вядома, пакутаваў, на душы ў яго было неспакойна заўсёды, як агортвалі ўспаміны пра тое пасляваеннае лета. Але ён ніколі не сказаў нават самым блізкім сябрам, што бачыў у лесе Галкоўскага: адным часам баяўся сам, каб не зачапіліся пасля, і не хацеў, каб пра яго кепска падумалі. Калі Галкоўскага вялі пад канвоем па вясковай вуліцы, Адама не было ў вёсцы — яшчэ не вярнуўся з райцэнтра. Але каб ён і быў, то наўрад ці выйшаў бы насустрач: мусіць, не здолеў бы па маладушнасці глянуць сябру ў вочы, ведаючы, што той мог западозрыць яго. Пра большае тады не думалася. Нават не думалася, што Янку нечым можна дапамагчы наогул, — можа, таму, што яшчэ не да канца была парушана псіхалагічная сувязь паміж ваенным часам, калі не лічыліся ні з самім чалавекам, ні з заступнікамі яго, і пасляваенным часам, калі яшчэ за першыя гады людзі не паспелі ўсвядоміць як мае быць, што цяпер усё за чалавека і ўсё для чалавека: як ні дзіўна, але багата што атаясамлівалася яшчэ. Разам з тым быў у Адама Ружанцова і абавязак перад Галкоўскім. Дакладней, не перад ім самім, а перад ягонай маткай, бо тая, як памірала, вельмі прасіла, забываючы нават на фізічныя пакуты:

— Ты, Адамік, прашу богам, не пакінь майго Іваньку. (Яна ўжо называла сына па-зацішанску.) Знайдзі яго, Адамік... У тым Магілёве... Знайдзі. Ён жа адзін у мяне на белым свеце...

Але што мог зрабіць тады пятнаццацігадовы Адам Ружанцоў? Тады наогул ніхто са знаёмых не разумеў як след, што здарылася з сынам Галкоўскай. Не ведалі таксама, як вядзецца і следства па яго справе: у турму да яго хадзіла адна маці — ды і то, калі ёй лепшала, — і яна не мела ахвоты гаварыць пра гэта. І ў Зацішшы, таксама як і ў Зялёным Бары, надта здзіўлены былі, што не было над ім суда. Прайшла раптам чутка, што яго апраўдалі. Але то былі ўжо адны здагадкі...

 

Цягнік у абласны горад прыйшоў пад вечар, і Ружанцоў, дачакаўшыся на вакзале аўтобуса, паехаў адразу на будоўлю. Дарогу на азотнатукавы ён прыкладна ведаў. Яго не бянтэжыла нават, што рабочы дзень, бадай, кончыўся.

— Брыгада Галкоўскага? — Дзяўчына ў канторы заводакіраўніцтва доўга гартала нейкія табелі, пасля, як абураная, усклікнула: — Дык гэта ж бетоншчыкі! Так бы і сказалі адразу. А то — брыгада Галкоўскага! Ці ж у мяне тут адна гэта брыгада? Бетоншчыкі цяпер заняты на плывуне. Ведаеце, дзе аварыйны будынак?

Ружанцоў кіўнуў галавой — маўляў, ведаю, — хоць і не меў ніякага ўяўлення, дзе гэта. Але адчыніліся дзверы ў бакоўку, і адтуль выйшаў высокі мужчына з задуменным тварам. Гэта быў галоўны інжынер будаўніцтва. Ён паглядзеў на Ружанцова, пасля перавёў позірк на дзяўчыну:

— Таварыш да мяне?

— Не, Анатоль Сцяпанавіч, — сказала дзяўчына, — яму патрэбны Галкоўскі. Гэта, помніце, брыгадзір бетоншчыкаў.

Галоўны інжынер усміхнуўся. Пастаяў трохі пасярод пакоя, пасля кіўнуў галавой Ружанцову — маўляў, хадзем, — і рушыў да парога.

— Разумееце, — раптам разгаварыўся па дарозе галоўны інжынер, — калі закладвалі там жа, паблізу, будынак, ведалі — блізка ад паверхні плывун. — Ён не пацікавіўся, з кім ідзе. — Давялося забіваць жалезабетонныя палі. На дзевяць метраў у зямлю, быццам наскрозь. Цяпер будынак стаіць, як... І стаяць будзе! А тут і не падумалі пра плывун. Геадэзісты супакоілі. Сказалі, што грунт цвёрды. Сукіны дзеці!

Плывун ужо каторы дзень пагражаў разбурыць будынак. Адзін вугал будынка ўжо абваліўся ледзь не да самага даху, пад ім не было фундамента, і цэглу не мог утрымаць нават бетон: усё паглынала густая пясчаная каша, перамешаная з торфам. Работы каля будынка вяліся і дзень і ноч. Але перамагчы плывун не маглі. Спачатку прыгналі былі экскаватар. Думалі, што той вычарпае плывун. Але экскаватар давялося здымаць — па-першае, ён не дапамагаў, а па-другое, убачылі, што і пад ім пачынае асядаць грунт.

На гэтым плывуне, ратуючы будынак, папрабавала свае сілы не адна брыгада. Цяпер працавала брыгада Галкоўскага. Начальства рашыла, што толькі яго бетоншчыкі здолеюць даць рады.

Спярша хлопцы падумалі загаціць плывун. Пачалі вазіць каменне, зрушвалі цэлыя валуны, пасля сыпалі цэмент, нарэшце дабраліся і да бетону. Але плывун быццам насміхаўся з брыгады, усмоктваў з аднолькавай прагаю ўсё, што толькі кідалі яму, і па-ранейшаму пагражаў будынку.

Бетоншчыкі хадзілі злосныя, абляпаныя плывуновай тванню. Нарэшце некаму прыйшло ў галаву — гарадзіць, трэба гарадзіць! І ўсе раптам з палёгкаю паглядзелі адзін на аднаго: сапраўды, у тынкоўшчыкаў таксама не бярэцца раствор за голую сцяну, робяць абрашотку. Значыць, і тут трэба прыдумаць штосьці падобнае.

Калі Адам Ружанцоў і галоўны інжынер будаўніцтва падышлі да аварыйнага будынка, там ужо ўсе — і інжынеры, і бетоншчыкі, і шафёры самазвалаў — ведалі, што нарэшце з плывуном пакончаць. Бетоншчыкі Галкоўскага рабілі з дошак першую клетку, каб паставіць яе пасля на плывун і вычэрпваць яго, заліваючы адваяваную плошчу бетонам.

Ружанцоў адразу пазнаў Галкоўскага. Высокі і шыракаплечы, той стаяў над абрывам, дзе шыпеў унізе ўспучаны плывун, і твар у яго — скуласты і чарнявы — быў трохі стомлены і нахмураны. Янка быў вельмі падобны на свой партрэт, які бачыў Ружанцоў у альбоме мастака Бараноўскага; нават тая самая пасмачка попельных валасоў спадала на яго лоб. Але гэта ўжо быў, вядома, не той Янка Галкоўскі, якога некалі ведаў Адам Ружанцоў. Гады, што прамінулі, зрабілі з падлетка мужчыну. Але было ў гэтым Галкоўскім нешта і ад зацішанскага Галкоўскага. Напрыклад, Янка па-ранейшаму, калі задумваўся, глыбока закусваў ніжнюю губу. І рукі ён гэтаксама трымаў у кішэнях штаноў — засуне кулакі і адвядзе ад сябе локці, нібыта выварочваючы іх.

Але вось Галкоўскі павярнуўся, і нахмураны твар яго быццам зварухнуўся: на вочы яму трапіўся Адам, і ён адразу пазнаў яго, нейкі момант стаяў, як утрапёны, і нельга было здагадацца, рады ён сустрэчы ці не. Адам ужо збіраўся ступіць насустрач свайму былому сябру, але той раптам нібы спахапіўся чаго і адвярнуўся. Тым часам яго ўжо нехта клікаў: ужо гатова была першая клетка, збітая з дошак, і яе пачалі апускаць на плывун.

Брыгада Галкоўскага заставалася працаваць і ўночы: плывун не затрымліваўся ні на рыдлёўках, ні на шуфлях, і яго даставалі з клеткі вёдрамі, забіваючы яе бетонам. Адам Ружанцоў таксама не адыходзіў да самай поўначы ад аварыйнага будынка. Яго таксама захапіла ўсеагульная ўзрушанасць. Але да Галкоўскага ён не набліжаўся. Стараўся нават не трапляцца брыгадзіру на вочы — трохі бянтэжыла тое, што Янка раптам не захацеў падысці пры людзях, разам з тым не хацелася і замінаць у такі час.

Затое назаўтра, недзе ўжо ў другой палавіне дня, Галкоўскі сам прыйшоў па Ружанцова ў нумар гасцініцы, што была тут жа, амаль на будоўлі завода. Прыйшоў нечакана, падаў руку і нечага сумеўся.

— Я цябе адразу пазнаў, — сказаў ён Адаму.

— І я цябе таксама, — па-сяброўску ўсміхнуўся Ружанцоў.

Тады Галкоўскі сеў на крэсла, выпрастаўшы ногі на сярэдзіну пакоя, і прасядзеў так колькі часу з апушчанай галавой, быццам яму цяжка было гаварыць.

Ружанцоў падышоў да Галкоўскага, паклаў яму на плечы далонямі абедзве рукі, сказаў:

— Ты не ведаеш, як я рады, што мы нарэшце сустрэліся.

А той нібы чакаў аднаго гэтага прызнання — пацёр ад задавальнення адна аб адну рукі і зажмурыў павільгатнелыя вочы.

— Ну вось што, — сказаў Галкоўскі праз момант тонам вельмі занятага чалавека, якому нельга пярэчыць. — Хопіць сядзець тут. Хадзем да нас. Гэта недалёка. Во, амаль адразу за гасцініцай. Ужо і жонка мая ведае, што ты прыехаў. Хоча і яна пабачыць цябе. Хадзем, а то не паспеем — ёй у другую змену сягоння.

Галкоўскія жылі ў вёсцы, якая сваімі крайнімі дварамі падыходзіла да самай будоўлі,— яны здымалі там у гаспадара пакой, і Адам з Янкам прыйшлі туды яшчэ да жончынага адыходу. Янкава жонка, малая, як недарослая, але на дзіва прыгожая і рухавая жанчына, сустрэла іх на ганку, стала перад госцем і нечага пачала ўсміхацца, пазіраючы на яго ва ўсе свае шэра-зялёныя вочы, але гаворкі доўга не пачынала.

— Ну, вось, і ў Івана майго зямляк знайшоўся, — ледзь не прапела яна мяккім грудным голасам. — Вы гэта першы да нас завіталі, — дадала яна яшчэ ці то шкадуючы, ці то радуючыся, і, мусіць, здагадаўшыся, што далей пакуль няма пра што гаварыць, заспяшалася ў хату, на кухню.

Мужчыны зайшлі ў пакой — чатыры крокі ў адзін канец, чатыры ў другі.

— Вось так мы і жывём, — быццам парушаючы якую няёмкасць, пачаў Галкоўскі. — Не надта самавіта, але мы прывыклі. Увесь час пераязджаем. Сёння тут, а заўтра там. Як цыганы некалі. Затое завёмся будаўнікамі. — Сказаў і заўсміхаўся на ўвесь твар — яшчэ больш пачарнелы ад загару, з высокім, ледзь не квадратным ілбом. — І дачка ў нас ёсць. У школе ўжо. І таксама ў другую змену.

Жонка Галкоўскага, якую звалі Наталляй, спрытна і хутка сабрала на стол, зняла клятчасты пярэднік, — яна была тынкоўшчыца на будоўлі і ў яе пачыналася змена.

— Гэта добра, што вы прыехалі, Адам, — сказала яна, перапрашаючы за сваю вымушаную паспешлівасць. — А то ён часта пра вас гаварыў... — Яна памулялася, быццам хацела яшчэ што дадаць, але паглядзела на мужа: — Ты толькі ўжо не забудзь, што па Нюрку ісці сёння твая чарга.

Ружанцоў пачакаў, пакуль сціхлі на ганку Наталліны крокі, спытаў, быццам жартуючы:

— Цябе ўжо больш не завуць Янкам?

— Не, — усміхнуўся Галкоўскі. — Цяпер завуць па пашпарту, Іванам.

Ружанцоў кіўнуў галавой:

— Што ж ты не прыехаў? Нават не напісаў?

— Спярша было сорамна. Усё не мог забыць, як вялі мяне голага... без штаноў. Пасля даведаўся, што маці памерла.

Трохі ап’янелы, Ружанцоў сказаў, але нібы між іншым:

— Выходзіла тады, што гэта я прагаварыўся пра твой будан...

— Э-э-э, — махнуў рукой Галкоўскі, — добра яны зрабілі, што забралі мяне, а то невядома, чым бы яно ўсё скончылася. — І ўсміхнуўся без ценю на твары, быццам гаворка ішла пра нейкую даўнюю забаву.

Тады Ружанцоў апусціў галаву — Янкава абыякавасць да ягоных слоў нават збянтэжыла трохі: Адам так і не адчуў, ці паверыў той яму, і ад гэтага зрабілася ажно ніякавата.

Галкоўскі крутануў галавой, быццам адганяючы якое насланнё, пачаў зводзіць гаворку на іншае:

— Раскажы хоць, як там наша Зацішша? Як вашы?

І Ружанцоў стаў з ахвотаю расказваць пра Янкаў пасёлак, пра сваю вёску. Янка сядзеў па другі бок стала, застаўленага рознымі стравамі, уважліва слухаў і не перапыняў. І толькі на вуліцы, калі ішлі да школы сустракаць малую Нюрку, спытаў раптам, чырванеючы:

— Ну, а пра мяне... што там? Мусіць, і не помняць?

— Ды спярша расказвалі цэлыя легенды, а потым перасталі, — адказаў як ёсць Адам.

Тады Галкоўскі рассмяяўся на ўсю вясковую вуліцу:

— А ведаеш, што мне тады хацелі прышыць? Амаль усе справы, якія былі заведзены ў раёне. У міліцыі такі парадак — раз завёў справу, то ўжо абавязкова павінен раскрыць. Але самае дзіўнае — пра тое, што я накінуўся на Галузу, нават не ўспаміналі. Чамусьці рашылі маўчаць. Затое чаго толькі не прыпісвалі. Ну, і я таксама лапух яшчэ быў, усё падпісваў, што мне падсоўвалі, згаджаўся. — Ён нагнуўся, падняў з дарогі камень і адкінуў яго да нечага плота. — Але ж якраз гэта і дапамагло мне. У абласной пракуратуры раптам не паверылі, што адзін шаснаццацігадовы хлапец — гэта яны думалі, што мне шаснаццаць, а мне ж яшчэ не было, — дык што адзін шаснаццацігадовы хлапец, ды яшчэ вясковы, мог нарабіць столькі. Прыслалі ў раён свайго следчага. Цудоўнага чалавека. Паслухаў ён мяне, паляпаў па плячы і пачаў хадайнічаць, каб мяне выпусцілі. Але міліцыя заўпарцілася. Не хоча даваць задні ход, бо яшчэ ж і адказваць некаму давядзецца, што дарэмна знушчаліся. Та-а-а-кое там пачалося! Ажно пра мяне на колькі дзён забыліся. І вось аднойчы зноў прыходзіць мой следчы, пытае: «Колькі табе гадоў?» Ну, я і кажу: «Пятнаццаць!» А следчы зноў пытае: «Хто гэта пацвердзіць можа?» — «Маці, — кажу, — хто ж яшчэ!» Аказваецца, калі мяне вадзілі, ужо з турмы, на медыцынскую камісію ў раённую бальніцу, каб устанавіць там мой узрост, то там мне далі на вока шаснаццаць гадоў, нават трохі больш. І ўжо метрыкі выпісалі. З непаўналетняга зрабілі мяне дарослым. Судзіць можна ўжо. І даць на поўную катушку. Бачыў учора плывун наш? Дык штосьці падобнае было і тады. Ледзь ужо не з галавой я сядзеў у твані. Здаецца, яшчэ б трохі, і ўсё. А тут следчы з вобласці...

— Як яго прозвішча? — спытаў Адам Ружанцоў, патрапляючы ў нагу з Галкоўскім.

— Ты ведаеш, таксама Галуза! Супадзенне якое! Цікава, а дзе ж той Галуза, праз якога я ледзь не злачынцам стаў?

— Хто яго ведае, можа, дзе спіўся.

— Мусіць, страшны чалавек быў. Гэта ж дадумацца разбурыць печ! Ну я, вядома, і не стрымаўся. А тут яшчэ маці як на тое плача. М-да, Галуза... Бачыш, на мой лёс спрабавалі паўплываць адным часам ажно два Галузы. Але якія яны не падобныя адзін на аднаго былі! Дык ты паслухай, я ж не даказаў. Следчы Галуза назаўтра пасля нашай размовы паехаў у Зацішша, пагаварыў з маёй маці. І тая пацвердзіла, што мне яшчэ няма шаснаццаці. Сказала нават, што недзе ў касцёле, дзе мяне хрысцілі, запісана ў ксяндза ў кніжках. Галуза зрабіў запыт туды, а праз тыдзень адтуль прыслалі выпіску: сапраўды, мне яшчэ не было шаснаццаці. Гэта канчаткова і пераканала раённага пракурора, выпусцілі мяне. А ты кажаш — легенда! Я сёння, вядома, жартую. Але тады чамусьці не адчуваў, што мне надта пагражае. Можа, таму, што раённы следчы ўсё намякаў — маўляў, не бойся, ты не вытыркайся на судзе, а прызнавайся, дык меней дадуць. А пра тое, што невінаваты зусім, ён, здаецца, і не задумваўся. Пад канец я ўжо таксама пачаў верыць — я злачынца. Ды і кармілі ў турме. Гэта таксама нешта значыла. Дома можна было рубіць хату цэлы дзень і не паесці, а ў турме паложана было карміць. Але ў Зацішша мяне Галуза мой не адпусціў. Завёў у сталоўку, пакарміў, тады і пытае: «А можа, са мной паедзеш? У Магілёў? Паступіш там у фэзэо. Прафесію атрымаеш. Адтуль і маці напішаш». Падумаў я — сорамна было вяртацца ў Зацішша — і згадзіўся. І сапраўды, скончыў фэзэо, пачаў працаваць. Але маці так і не паспеў напісаць...

Галкоўскі пасля гэтых слоў колькі часу ішоў моўчкі, пасля павярнуўся да Ружанцова і зусім весела сказаў:

— А ведаеш, на чым хацелі заваліць мяне? (Дзіўна, але ж слоўцамі ён карыстаўся з таго часу!) Знайшлі тады ў будане селядца, якога не паспеў з’есці. Пячэння не было ўжо. Здаецца, табе апошняе аддаў. Але хітры жаркоўскі лавашнік. Сказаў, што бацьку майму застаўся вінаваты грошы яшчэ з даваеннага, дык хоць цяпер аддасць чым. І надаваў мне селядцоў, пячэння, халвы. Цікава, а яго пасля засудзілі?

— Здаецца, не. Але ў краме працаваць больш не дазволілі. Гэта я помню.

— Ладна, хопіць пра тое, — махнуў рукою Галкоўскі і пазяхнуў. — Усё ўжо даўно перажыта і забыта. А ўспомнілася — таксама прычына ёсць.

 

 

* * *

 

Ужо быў вечар. За вёскаю, на пагорках, свяцілася сінімі агнямі аўтагенаў будоўля. І, можа, таму на вясковай вуліцы было як цямней, нягледзячы, што з вокан падала на дарогу святло. У садах і прысадах яшчэ па-летняму блытаўся ў лісці восеньскі вецер.

 


1966

Тэкст падаецца паводле выдання: Чыгрынаў І. Выбраныя творы: У 3-х т. Т. 1. Апавяданні /Аўт. прадм. В.Каваленка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - 366 с., 1 л. партр.
Крыніца: скан