epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Чыгрынаў

Свае і чужынцы

І
ІІ
ІІІ
IV
V
VI
VII
VIII
ІХ
Х
ХІ
XII
Замест эпілога


 

І

Восень у сорак першым выдалася ў забяседдзі нядоўгай — лічы, адразу пасля так званага бабінага лета, якое, як і кожнага разу, сёлета таксама блішчэла сонцам, блакітам і павуціннем, у наваколлі ўвачавідкі з’явіліся адзнакі блізкай зімы: усё часцей, дарма што нібыта знячэўку, шэрхнула намоклая і гразкая зямля, рабілася тупкай і калянай па начах і гулка, ажно да звону, аддавалася пад коламі вазоў; у паветры ж, у часе паўднёвага прагрэву, калі зноў панавала сонца, непрадушна пахла ўзапрэлай травой і панізовым лісцем; тым часам на разлівах, у зарасніку балотнага хвашчу, прырэчнай асакі і чароту, што шапацеў, як выпетраны, па купністых і яшчэ топкіх берагах тутэйшых азёр, па некалькі дзён, быццам туляючыся, ляжаў і не хацеў крышыцца гусіны лёд. Словам, ужо недзе з сярэдзіны кастрычніка восень з зімою акурат пачалі пераважваць адна адну на нябачаных шалях. Праўда, за гэтай з’явай у прыродзе сёлета не дужа было каму ў Верамейках лішне назіраць ды разважаць над ёй, згадваючы былыя, нават, можа, самыя аддаленыя гады, у якія, маўляў, таксама нешта падобнае здаралася,— урэшце, народны каляндар заўсёды на такіх супастаўленнях засноўваўся. Ды і не толькі ў Верамейках не дужа было каму назіраць ды разважаць. Вайна амаль напалавіну абязлюдзіла вёскі. І тым не менш, і ў гэтую восень жыццё па абодва бакі Бесядзі ішло сваім сялянскім ладам: мужыкі, а сярод іх найбольш састарэлыя дзяды ды падлеткі, звозілі на паздаравелых армейскіх конях снапы ў гумны, каб высушыць у асецях ды змалаціць на таках цапамі, бо не ў кожнай вёсцы ўцалелі калгасныя малатарні, а бабы адразу пасля позняга жніва, чуючы ў ранішняй халоднай калянасці блізкія маразы, спяшаліся выкапаць з разорын лазовую бульбу.

Між тым, у нямецкіх улад напярэдадні зімы быў свой клопат. Па-першае, акупантаў непакоіла скапленне дарослага насельніцтва ў гарадах. Таму ў Мінску, яшчэ ўлетку, была надрукавана ў газетах, а пасля, ужо ўвосень, выпушчана ў выглядзе лістоўкі адозва гарадскога камісара, у якой былых сялян, што ў гады «калектывізацыі і раскулачвання» пакінулі свае гаспадаркі і перабраліся ў горад, заклікалі вярнуцца зноў на тыя палеткі; маўляў, дайсці да дабрабыту цяпер можна толькі ў вёсцы, дзе «творацца ўзноў упарадкаваныя адносіны жыцця пад ахаронай нямецкай арміі». А па-другое, на парадак дня станавілася пытанне аб «поўным усмірэнні края». Усе бачылі, што «маланкавай вайны» не атрымалася, да таго ж прасоўванне нямецкай арміі, асабліва пасля ўзяцця Смаленска, наогул з кожным днём запавольвалася, таму неабходна было на зіму падумаць пра бяспечны тыл. Настаў час аналізу агульнага становішча на акупіраванай тэрыторыі. Цяпер фашысты сапраўды ўжо хацелі як мага дакладна ведаць аб настроях «забранага насельніцтва». «Вывучаць жыццё» на акупіраванай тэрыторыі ставілася ў абавязак шмат якім службам. І вось на стале шэфа паліцыі бяспекі і СД з’явіўся дакумент, які быў заснаваны на паведамленнях гэтых службаў, у тым ліку і на данясеннях камандзіраў айнзацгруп і айнзацкаманд1.

У цяперашні момант, гаварылася ў ім, на настрой насельніцтва ўплываюць наступныя акалічнасці: А — агульная спасылка на вяртанне Чырвонай Арміі. Гэта яшчэ больш ускладняецца стабілізацыяй фронту, якая адбылася ў апошнія тыдні. Асобы, што паступілі на службу ў акупацыйныя ўстановы, напрыклад, служачымі ў гарадскія ўпраўленні, у паліцыю службы парадку і т. п., ужо сёння сур’ёзна занепакоены тым, што будзе з імі ў выпадку нашага ваеннага паражэння. Б — у сельскай мясцовасці зацягваецца няпэўнасць адносна ўрэгулявання зямельнага пытання, таксама як і пытання, хто павінен аплочваць за здадзены хлеб і сельгаспрадукты, ці высокая гэта будзе аплата; калгаснікі патрабуюць хутчэй надзяліць іх зямлёй, бо расклееныя аб’явы гаспадарчай інспекцыі «Цэнтр» аб тым, што ні камуністы, ні памешчыкі не вернуцца і што прысядзібныя ўчасткі калгаснікаў з гэтага часу пераходзяць у іхнюю ўласнасць, не вырашае пытання. Таму мы яшчэ раз падкрэсліваем, што больш выразнае абяцанне хуткага вырашэння зямельнага пытання і выкарыстанне яго ў прапагандысцкіх мэтах не толькі прывядзе да павышэння настрою сельскага насельніцтва, але, больш таго, акажа ўплыў на Чырвоную Армію і рускі тыл... В — па-ранейшаму распаўсюджваюцца чуткі аб бальшавіцкай партызанскай дзейнасці, у выніку якой хвалюецца насельніцтва і не можа быць дасягнута поўнае ўсмірэнне краіны. Патрабуецца тэрміновае ўмяшанне нямецкай прапаганды з мэтаю агітацыі і ўздзеяння на насельніцтва. Пры гэтым не варта забываць, што яно цалкам прывыкла да метадаў савецкай прапаганды даваеннага часу.

Сумненні наконт прапагандысцкага ўздзеяння на насельніцтва нямецкіх франтавых газет, якія перакладаюцца на беларускую мову, напрыклад «Баранавіцкая газета», ужо былі выказаны намі раней. Больш таго, неабходна адзначыць, што франтавыя газеты з беларускімі старонкамі па нямецкіх тарыфах каштуюць 10 пф. за адзін экз. (напрыклад, тая ж «Баранавіцкая газета»), што выходзіць на рускія грошы — адзін рубель. У савецкі ж час газета каштавала ўсяго толькі дваццаць капеек, так што ў вачах грамадзянскага насельніцтва нават кошт газет на многа разоў узрос. Нават «Мінская газета», якая выходзіць на адной старонцы, каштуе 5 пф., беларуская «Віцебская газета» каштуе 4 пф. ...

Што датычыць нацыянальнага пытання, то варта ўказаць, што за гэты час істотных зменаў у дзейнасці беларускай групы не адбылося... Аднак няпэўнасць у нацыянальным пытанні, якая выявілася з першых дзён акупацыі, у значнай ступені падрывае давер нацыянальных колаў да нашых устаноў. Напрыклад, цэнзура вермахта ў Мінску ў другім нумары выходзячай там «Мінскай газеты» прапусціла заметкі, дзе гаворка ідзе пра Бацькаўшчыну, пад якой, вядома, маецца на ўвазе Беларусь. Паняцце Беларусь і ў астатніх выпадках ужываецца з выразна выяўленым адценнем дзяржаўна-палітычнай адзінкі. Вынікам гэтага з’явілася тое, што і ў другіх гарадах кіраўнічыя беларускія колы звярнуліся да паліцыі бяспекі і СД з запытаннем, ці могуць яны таксама працаваць у такім жа прапагандысцкім накірунку. У чым, зразумела, ім было адмоўлена. Што ж датычыць трэцяга нумара «Мінскай газеты», то ваенная цэнзура, мусіць, улічваючы сваю памылку з другім нумарам, кінулася ў іншую крайнасць: зусім забараніла яго выпуск. Аб гэтым адпаведна праінфармавана група «Цэнтр», а таксама камандуючы тылам групы армій «Цэнтр». Тым часам некаторыя беларусы, што былі дастаўлены сюды з генерал-губернатарства (Польшча) пры пасрэдніцтве айнзацгрупы В і па ўзгодненасці з аддзелам VII камандуючага тылам групы армій «Цэнтр» (група вайсковага кіравання), прызначаныя на ўтвораныя органы кіравання, выказалі просьбу, каб для іх падтрымкі былі выкліканы сюды другія надзейныя беларусы з рэйха альбо генерал-губернатарства. Але ў сувязі з прадстаячай перадачай часткі тэрыторыі Беларусі рэйхскамісару «Остланда» гэтае пытанне трэба вырашаць іначай.

Ужо даўно прыступілі да работы валасныя ўпраўленні, якія былі створаны аператыўнымі групамі сумесна з мясцовымі і палявымі камендатурамі. Зразумела, што ім неабходны дырэктыўныя ўказанні з групы вайсковага кіравання пры камандуючым тылам групы армій «Цэнтр». Разглядаючы ж у цэлым пытанне аб стварэнні часовага грамадзянскага кіравання, варта адзначыць добрае наша ўзаемадзеянне з адпаведнымі ўстановамі вермахта. Вермахт цалкам прызнаў, што стварэнне апарату грамадзянскага кіравання ў старарускіх вобласцях стала магчымым у асноўным дзякуючы прывезеным з Варшавы беларускім давераным асобам. Разам з тым наяўная дагэтуль практыка, калі прывезеных беларусаў выкарыстоўвалі не толькі пры стварэнні мясцовага кіраўнічага апарату, але і ў якасці наводчыкаў для ўстанаўлення разведвальных сувязяў, у далейшым не можа працягвацца. На гэта ёсць свае прычыны, пра якія ўжо дакладвалі мы. Таму будзе зроблена спроба падабраць агентуру з ліку карэннага мясцовага насельніцтва, хоць пакуль і цяжка сказаць, наколькі гэта забяспечыць поспех.

Эканоміка... Харчам забяспечваецца на акупіраванай тэрыторыі вельмі нязначны працэнт насельніцтва, у асноўным асобы, што працуюць на нямецкіх прадпрыемствах, а таксама ў мясцовых органах кіравання. Астатняе насельніцтва імкнецца часова аблегчыць сваё становішча тым, што здабывае харч на сваю ўласную рызыку, нават раскрадае — там, дзе гэта магчыма,— прадуктовыя склады вермахта. Людзі не вераць, што немцы могуць забяспечыць іх ежай. У якасці прыкладу скептычных адносін да магчымасці забеспячэння харчаваннем можна прывесці наступны факт: гарадскому ўпраўленню Смаленска для харчовага забеспячэння грамадзянскага насельніцтва ў зімовы перыяд аддадзены ў распараджэнне калгасы, якія маюць агульны запас зерня ў чатырыста тысяч кілаграмаў; выходзіць, што на душу насельніцтва (цяпер там прыкладна сорак тысяч жыхароў) на ўвесь зімовы перыяд даводзіцца па дзесяць кілаграмаў.

Мы зноў павінны ўдакладніць сабе галоўнае пытанне: акупіраваная тэрыторыя павінна быць усяго толькі разрабавана (Беларусі гэта датычыць у першую чаргу) ці ўсё-ткі ператворана на доўгі час у эканамічны прыдатак рэйха? Калі другая мэта становіцца зместам германскай палітыкі, то ў такім выпадку неабходна прыцягнуць насельніцтва да пастаяннага супрацоўніцтва...

У працэсе намаганняў, накіраваных на агульнае ўпарадкаванне занятых абласцей, ёсць вялікі сэнс у тым, каб палепшыць дарожныя ўмовы, бо ў выніку дрэнных дарог дужа вялікі знос аўтамашын вермахта. Гэта датычыць і чыгунак, пры дапамозе якіх робяцца розныя перавозкі — падмацаванні фронту, прадукты харчавання для рэйха. Лінія са Смаленска павінна быць пераабсталявана на нямецкую (вузкую) каляіну. З наступнага тыдня кожнага дня паміж Смаленскам і Мінскам намечана прапускаць па дваццаць адной пары цягнікоў у абодвух напрамках. Між тым, цяпер чыгуначныя саставы ў дарозе знаходзяцца параўнаўча доўга. Так, напрыклад, з Варшавы да Мінска цягнік ідзе тры-чатыры дні, а з Мінска да Смаленска — два-тры дні. Пасажырскія ж цягнікі (вядома, акрамя вайсковых) пакуль зусім не ходзяць.

Наспела неабходнасць удасканаліць карную дзейнасць на акупіраванай тэрыторыі. Выпрацаваць агульныя палажэнні яе. Бо гэта пытанне хоць і вырашалася тут з ранейшай вастрынёй, аднак у сувязі з хуткім прасоўваннем нашых войск утварыліся працяглыя перапынкі.

Напрыклад, узяць такі аспект. У царскай Расіі, як вядома, яўрэям забаранялася пасяляцца ў цэнтральных абласцях імперыі. Зона пасялення іх у Беларусі праходзіла сваёй усходняй граніцай на ўсход ад гарадоў Віцебск, Орша, Магілёў, Гомель. З адменай забароны на пасяленне ў семнаццатым годзе яўрэі рынуліся праз гэтую зону далей на ўсход. У асноўным то былі колы яўрэйскай інтэлігенцыі, якая, натуральна, знаходзіла месца жыхарства ў буйных гарадах, каб займацца палітычнымі і гаспадарчымі справамі. Шмат яўрэяў падалося ў эвакуацыю ва ўсходнія раёны краіны, а таксама ў Сярэднюю Азію з пачатку ваенных дзеянняў у гэтую кампанію. На тэрыторыі Беларусі, такім чынам, засталося цяпер зусім мала яўрэйскага насельніцтва. Не багата яго ў Пскоўскай, Смаленскай, Арлоўскай вобласцях... Таму мы прапаноўваем — у сувязі з нязначнай колькасцю яўрэйскіх элементаў на акупіраванай тэрыторыі — вызваленыя сілы карных падраздзяленняў, у тым ліку і айнзацгруп, скіраваць на дзейнасць, якая цалкам датычыць дзяржаўна-паліцэйскіх спраў сярод карэннага насельніцтва. У кожным разе ёсць магчымасць больш дэталёва і грунтоўна праводзіць нават следства і допыты і дзякуючы выкарыстанню агентуры абясшкоджваць ворагаў рэйха, асабліва небяспечных агентаў і функцыянераў.

Вынікі ліквідацыі і размеркавання іх па аператыўных камандах на гэты час наступныя: 1) штаб і перадавая каманда Масквы2 — 144 чалавекі; 2) перадавая каманда № 7а — 996 чалавек; 3) перадавая каманда № 7в — 886 чалавек; 4) апертыўная каманда № 8—6842 чалавекі; Б) аператыўная каманда № 9— 8096 чалавек.

Да таго ж аператыўная каманда № 8 у ходзе ліквідацыі небяспечнага мясцовага насельніцтва здабыла адзін мільён пяцьсот дзесяць тысяч трыста дзевяноста дзевяць рублёў. Сто дваццаць пяць тысяч восемсот восемдзесят рублёў узята ў жыхароў горада Чэрвеня. Ідуць канфіскацыі ў Мінску, Магілёве, Гомелі...

Думаецца, што падобныя канфіскацыі ў часе акцый супроць варожых элементаў неабходна ажыццяўляць таксама і з дапамогай службы парадку. Тым больш што вопыт такі ўжо ёсць, калі службай парадку было знойдзена ў кватэры мінскага ўрача-яўрэя многа золата.

Мы ўжо адзначалі раней, што чуткі аб партызанскай дзейнасці хвалююць насельніцтва. І пакуль гэта будзе адбывацца, наўрад ці ўдасца нам дасягнуць унутранага ўсмірэння захопленай тэрыторыі. Уласнай агентурай, напрыклад, было ўстаноўлена, што існуючыя партызанскія групы (а яны выяўляюць сваю дзейнасць у розных формах — слабых ці моцных — ледзь не ва ўсіх былых адміністрацыйных раёнах) выкарыстоўваюць для вярбоўкі новых членаў пераапранутых бандытаў. Грамадзянскія асобы, якія бадзяюцца па вясковых дарогах, затрымліваюцца імі і ўключаюцца ў дзеючыя партызанскія групы. Разам з тым ужо ёсць у нас дадзеныя, што ваеннапалонных, якім удаецца рознымі шляхамі, часам нават не без дапамогі салдат ахоўных падраздзяленняў, вызваліцца з канцэнтрацыйных лагераў, яны таксама выкарыстоўваюць у барацьбе супроць новага парадку.

Вельмі важны арышт у сувязі з партызанскай дзейнасцю ўдалося ажыццявіць айнзацкамандзе № 9, калі былі атрыманы звесткі, што ў лагеры для ваеннапалонных знаходзіцца партызан, закінуты Саветамі на акупіраваную тэрыторыю праз лінію фронту. Ім аказаўся ўраджэнец вёскі Ваўкавая, што ў Смаленскай вобласці, па прафесіі ветэрынар. За паўтара года да вайны ён быў асуджаны за няспадзяваную растрату і прыгавораны да двух гадоў турэмнага зняволення. З яго слоў, у пачатку ваенных дзеянняў яго паставілі перад выбарам — альбо ісці ваяваць у рэгулярных войсках, альбо прайсці падрыхтоўку ў партызаны. Зразумела, што чалавек далучыўся да партызанскай групы, бо такім чынам памеў надзею трапіць у родныя мясціны і там здацца на міласць пераможцаў. Арыштаваны расказаў далей, як ішла падрыхтоўка ў групе, кіраўніком якой стаў вопытны чэкіст, да баявой дзейнасці — інструктары вучылі будучых партызан валоданню вінтоўкай, рэвальверам, знаёмству з выбуховымі рэчывамі, рабоце на рацыі і г. д. У верасні месяцы група атрымала заданне перайсці лінію фронту, каб весці разведку ў прыфрантавой паласе нямецкіх вайсковых часцей, аэрадромаў, складаў боезапасаў, а таксама рабіць дыверсіі і распраўляцца з асобамі, якія падаліся на службу да нас. Для пачатковай дзейнасці гэтай групе былі прадугледжаны некаторыя раёны Смаленскай, Бранскай і Магілёўскай абласцей. Заданні партызаны выконвалі звычайна па два-тры чалавекі, рэдка ўмешваліся ў справу цэлай групай, ці, як яны называюць, атрадам.

І вось цяпер былы партызан выяўлены ў лагеры для ваеннапалонных. Сапраўды, ён, як і думаў наперад, у адной з сутычак здаўся нямецкім салдатам, а тыя накіравалі яго ў бліжэйшы лагер. Айнзацкаманда № 9 на падставе паказанняў выяўленага партызана адразу ж пачала пошукі закінутых бандытаў. Пра зыход гэтай справы будзе паведамлена.

Тым часам, калі гаварыць дакладна, то пра баявую дзейнасць партызан у тыле нашай арміі пакуль немагчыма даць поўнай і выразнай карціны. Ёсць толькі нямала прыкладаў, якія сведчаць пра няшчадную дзейнасць тых партызанскіх груп, якімі камандуюць савецкія афіцэры і камісары, а найбольш — чэкісты. Што ж датычыцца колькаснага складу партызанскіх груп — тых, што былі створаны партыйнымі органамі сумесна з вайсковымі штабамі, і тых, што склаліся самаадвольна, у асяроддзі салдат і афіцэраў, разбітых у летніх баях і трапіўшых у акружэнне часцей Чырвонай Арміі,— то мы маем дадзеныя, што, у адрозненне ад ранейшага перыяду, цяпер, напярэдадні зімы, яны ўсё больш распадаюцца. Але гэта зусім не азначае, што бандыцкія шайкі перастануць існаваць. Нельга не браць пад увагу тую акалічнасць, што бальшавіцкія лідэры ў самы апошні час паспрабуюць наладзіць масавую засылку ў наш тыл арганізаваных баявых падраздзяленняў, накшталт таго, у якім праходзіў падрыхтоўку ўпомнены намі ветэрынар з вёскі Ваўкавая.

З усяго сказанага, такім чынам, напрошваецца пэўны вывад — побач з канкрэтнымі захадамі ў галіне кіравання, нацыянальнай палітыкі, карнай дзейнасці ўзнікае ўсё вастрэйшая неабходнасць перайсці ў гэтым краі да больш шырокай і больш дзейснай прапаганды.

Інстанцыі, якім належыць ажыццяўляць усмірэнне акупіраванай тэрыторыі, маюць патрэбу і чакаюць спецыяльнага абагульнення — з улікам наяўных поспехаў нямецкай прапаганды і вопыту рускай, асабліва друкаванай. Тады ні лістоўкі, надрукаваныя на беларускай мове, ні бальшавіцкія газеты, якія распаўсюджваюцца, таксама як лістоўкі, з доўгімі заклікамі да супраціўлення і партызанскай вайны, не будуць мець аніякай аддачы.

 

1 Аператыўных груп і аператыўных каманд (ням.).

2 Была створана для аператыўнай работы ў Маскве, якую фа­шысты рыхтаваліся ўзяць. Рухалася ў першых эшалонах насту­паючых войск. (Заўвага аўт.)

ІІ

У гэтую шматпакутную восень —а іначай яе не назавеш — у забяседдзі таксама не адной працай ды чаканнем, чым закончыцца вайна, жылі. Як і паўсюды на акупіраванай тэрыторыі, былі тут і немцы, былі і бургамістры, былі паліцэйскія, а былі і партызаны. Праўда, найбольш чуткі хадзілі аб іх, таму што адно немцы ці тыя ж служкі аховы парадку, як называлі цяпер паліцэйскіх, гэтых кожны мог бачыць, яны панавалі ў гарадах і вёсках; іншая справа партызаны — бадай, не ў кожным паселішчы мог знайсціся чалавек, які на свае вочы пабачыў народных мсціўцаў. Да таго ж, не кожны мог і прызнацца цяпер, што бачыў, каб не зацягалі па паліцэйскіх участках ды нямецкіх камендатурах. Але чуткі хадзілі. І гэтымі чуткамі людзі таксама жылі.

Ёсць у прыродзе такая з'ява — сухавей. Здаецца, недзе і гром далёка грыміць, і маланкі неба ўначы ў тым баку паласуюць, а дажджу ўсё не дачакацца. Больш таго, няма яго і там, дзе адбываецца навальніца. Аказваецца, і навальніцы самой няма. Толькі міраж.

Так і з чуткамі.

І тым не менш, у кастрычніку месяцы ў забяседдзі ўжо былі два партызанскія атрады. І сярод іх — адзін мясцовы, той, што быў створаны ў вёсцы Машавая, калі фронт стаяў яшчэ на Сажы. Дарэчы, у спісах гэтага атрада значыўся і Радзівон Чубар. Але верамейкаўскі старшыня тады, у жніўні, не з’явіўся па выкліку райкома партыі ў Машавую, таму нават не здагадваўся, што быў залічаны ў атрад. Але гэта вядома ўжо...

З Машавой дваццаць чатыры партыйныя, савецкія і гаспадарчыя работнікі раёна, з якіх складаўся атрад, былі перавезены на аўтамашынах у Гарбавіцкі лес, куды з Клімавіцкай Родні к таму часу перабраўся штаб 13-й арміі. Тут партызаны атрымлівалі зброю: вайскоўцы кожнаму выдалі вінтоўку, па сорак пяць патронаў, па дзве ручныя гранаты і па бутэльцы гаручай сумесі — сказалі, для барацьбы з варожымі танкамі. Тым часам інструктар палітаддзела забраў у партызан сапраўдныя дакументы, у тым ліку і партыйныя білеты, а ўзамен раздаў новыя даведкі — з чужымі прозвішчамі, з другімі прафесіямі і адрасамі.

Баявую задачу перад атрадам ставіў начальнік палітаддзела брыгадны камісар Крайноў.

— Складаецца яна ў тым,— сказаў ён, паціраючы рукой усё роўна як кантужаную шыю,— каб непрыкметна перайсці ўначы лінію фронту і ўзрываць там, на рэках, масты, якія знаходзяцца на шляху прасоўвання варожых войск. Звычайна гэта робяць байцы і камандзіры службы ваенных зносін. Аднак па некаторых дадзеных, што паступілі да нас, асобныя масты па гэты бок Сажа засталіся чамусьці не ўзарванымі, і цяпер немцы выкарыстоўваюць іх у сваіх мэтах. Мы спадзяёмся, што фронт на нашым участку стабілізуецца. Ва ўсякім разе сёння ўсё для гэтага робіцца. Ідуць даволі паспяховыя баі. Такім чынам, ёсць пэўная надзея, што вы пасля таго, як выканаеце першае заданне, вернецеся сюды, да нас, і мы будзем сустракаць вас з перамогай у гэтым жа лесе, дзе знаходзімся цяпер. Жадаю вам поспеху.

Другі чалавек, які памеў ахвоту натхніць крутагорскіх партызан, быў сакратар абкома партыі Маркараў. Адзеты ён быў у вайсковую форму, але без знакаў адрознення, меў на сабе цераз плячо скураную торбу, якую распіралі ці то паперы, ці то яшчэ нейкія рэчы. Многія з партызанаў яго ведалі, бо сакратаром абкома Маркараў працаваў у іх не першы год, а да таго і наогул быў намеснікам упаўнаважанага камітэта партыйнага кантролю па рэспубліцы. Зразумела, што раённыя функцыянеры звычайна ведаюць такіх людзей не толькі па прозвішчы. Ведалі ў Крутагор’і і Маркарава. І калі той раптам, ужо ў часе выступлення начальніка палітаддзела арміі, з’явіўся перад атрадам, ніхто, здаецца, не здзівіўся гэтаму, усё роўна як Маркараў і павінен быў прысутнічаць тут. Але адна акалічнасць пры гэтым усё ж досыць выразна кінулася ў вочы усім — брыгадны камісар і сакратар абкома не сталі надаваць адзін аднаму рукі, каб павітацца. Значыць, недзе ўжо сустракаліся сёння. Хутчэй за ўсё, што Маркараў дасюль знаходзіўся у штабе і толькі цяпер вызваліўся ад нейкіх спраў там.

Яшчэ да таго, як гаварыць, сакратар абкома зняў з галавы шапку з мяккім казырком, памахаў ёю перад сабой, няйначай, спрабуючы разагнаць такім чынам душную гарычыню, што запаўняла ўжо нават край лесу.

— Добры дзень, крутагорскія таварышы,— сказаў ён усміхаючыся і нечага, быццам гаспадар на двары, паглядзеў прыжмуранымі вачамі на сонца, якое было ў яго па левы бок.— Такім чынам, вам засталося толькі схадзіць на заданне ў тыл ворага і вярнуцца назад.

Сакратар абкома, як кажуць, для партызан быў свой чалавек, таму напаўжартоўныя ягоныя словы, а найперш, мусіць, усмешка, што з’явілася на твары, выклікалі ў адказ разам з ажыўленнем здаволены і расслабляючы рагаток, якога яўна дасюль не хапала ў страі.

Маркараў счакаў момант, тады спытаў:

— Сем’і ў эвакуацыю паслалі ўсе?

— Амаль усе, таварыш сакратар абкома,— адказаў яму камандзір атрада Мітрафан Нарчук, чалавек сярэдняга росту, чарнявы і не дужа шчодры на рухі.

— Гэта добра,— пахваліў сакратар абкома.— Ну, а настрой? Які настрой у партызан?

— Ды вось,— правай рукой ад сябе паказаў на партызан Мітрафан Нарчук.

— Ну, цяпер-то, здаецца, нічога, а хвіліну таму назад думаў — скіслі хлопцы.

— Звычайная з’ява ў такім становішчы,— разважыў камандзір атрада.— Кожнага ж, лічы, з хаты выхапілі, нібыта з агню.

— Гэта праўда,— згадзіўся сакратар абкома.— Мы не надта цырымоніліся з вамі. Але што зробіш — падзеі прыспешваюць. Каля Царковішча сёння з самае раніцы ідзе моцны танкавы бой. Між тым, на астатніх участках абараняльнага рубяжа, які праходзіць таксама і па тэрыторыі вашага раёна, атакі праціўніка з поспехам адбіты. Значыць, можна спадзявацца, што і ў далейшым усё тут складацца будзе на нашу карысць. Прынамсі, так лічаць вайсковыя таварышы. Яны вельмі спадзяюцца на вас. Скажу шчыра — заданне ў вас не самае лёгкае, гэта па крайняй меры. Але выканаць яго трэба абавязкова. Я вас заклікаю да гэтага ад імя абкома партыі. А цяпер некалькі слоў аб тым, як наогул складваецца абстаноўка на сённяшні дзень. Я прывёз з сабой лістоўку, якую толькі што выдаў Цэнтральны Камітэт Кампартыі Беларусі.

Маркараў расшпіліў сваю торбу, дастаў з яе стос папер, аддзяліў ад іх адну і пачаў чытаць глухім голасам:

— «Фашысцкія заправілы і іх прадажныя пісакі, насмерць напужаныя гераічнымі дзеяннямі Чырвонай Арміі, у выхвальных перадачах і лістоўках ужо цяпер нагла брэшуць аб захопе Масквы, Ленінграда, Кіева... Гэта фашысцкая правакацыя. Не верце брахні звар’яцелай ад страху за будучае гітлераўскай сволачы! Чырвоная Армія наносіць знішчальныя ўдары па германскай арміі. Сотні тысяч нямецкіх салдат, тысячы танкаў і самалётаў — знішчаны! Берлінская дывізія Гітлера, полк «Вялікая Германія» — знішчаны. Бадэнскі армейкі корпус разбіты. Толькі на Смаленскім напрамку знішчана поўнасцю дзесяць адборных дывізій ворага. Берлін, Варшава і многія іншыя гарады Германіі, Польшчы, Чэхаславакіі запоўнены раненымі нямецкімі салдатамі і афіцэрамі. Наступальны парыў ворага і яго моц паслабляюцца. У бой паступова ўступаюць галоўныя сілы Чырвонай Арміі, узброеныя тысячамі танкаў і самалётаў. Блізкі час разгрому гітлераўскіх бандытаў. Бярыцеся, таварышы, за зброю і знішчайце фашысцкую гадзіну! За вамі ўся Савецкая краіна, увесь савецкі народ. Вядзіце ўлік забітых вамі фашысцкіх салдат і афіцэраў, знішчаных штабоў, машын, асабліва з гаручым, пушчаных пад адхон паяздоў, узарваных і спаленых складоў. Дзейнічайце смялей і яшчэ раз смялей».

Маркараў скончыў чытаць, тады агледзеў з левага флангу на правы крутагорскіх партызан, якія зноў падраўнялі строй, і сказаў далей з усмешкай:

— Як бачыце, апошнія словы непасрэдна звернуты да вас. Спадзяюся, што і на вашых грудзях заззяюць неўзабаве ордэны і медалі. А цяпер — рыхтуйцеся ў паход. Месца, дзе будзеце пераходзіць лінію фронту, падрыхтавана ўжо. Уначы вам пакажуць яго. Так, таварыш брыгадны камісар?

— Так,— пацвердзіў начальнік палітаддзела арміі, які стаяў увесь гэты час трохі збоч.

— Ну, а камандзіру нашаму, здаецца, не прывыкаць партызаніць? — сказаў Маркараў, падаючы руку Мітрафану Нарчуку.

— Калі лічыць манеўры, у якіх мне давялося браць удзел...— пачаў быў гаварыць у адказ камандзір партызанскага атрада, але раптам паміж дрэў, дзе стаялі палаткі і аўтамашыны штаба арміі і палітаддзела, грымнуў моцны выбух. За ім, літаральна праз момант, які не дазволіў усталявацца цішыні, узлесак страсянуў другі. Далей выбухі ўжо ніхто не лічыў, ды і аддзяліць іх адзін ад аднаго нельга было. Няйначай, аднекуль сюды біла далёкабойная артылерыя. Але цяпер снарады, здаецца, пераляталі ўжо тое месца, дзе размяшчаўся штаб арміі, шкуматалі дрэвы і дубасілі зямлю далей, метраў за трыста-чатырыста ў глыб лесу.

Крутагорскія партызаны знаходзіліся па-за зонай пападання снарадаў. Але ўсе яны былі людзі неабстраляныя, таму не толькі нічога не зразумелі ў тым, што адбывалася навокал, але і нейкі час, як аглавушаныя, стаялі ў страі, нібыта чакалі каманды, каб разбегчыся ці легчы на зямлю. Тут жа пакуль заставаліся і брыгадны камісар Крайноў з сакратаром абкома Маркаравым. Аднак нядоўга. Як толькі сярод штабных палатак і аўтамашын перасталі рвацца снарады, брыгадны камісар прыгнуўся і пабег у той бок. Тады і сакратар абкома раптам ачомаўся. Крыкнуў Мітрафану Нарчуку, хоць на такой адлегласці, як яны стаялі адзін супроць аднаго, хапіла б звычайнага голасу:

— Хутчэй адсюль! Вядзіце людзей у бяспечнае месца!

Дзіўна, але дакладны сэнс каманды гэтай яго ніхто не пачуў, акрамя, можа, камандзіра атрада. Затое ўсе нарэшце зразумелі, што стаяць вось так у часе абстрэлу нельга, бо варожая артылерыя магла перанесці агонь і сюды. Таму адразу ж пасля слоў сакратара абкома крутагорскія партызаны сіганулі хто куды, аднак недалёка, большая частка іх паклалася тут жа на зямлю, і адсюль паўзком ужо кожны шукаў сабе месца, дзе б — і таксама па ўяўленню кожнага — можна было ўцалець не толькі ад прамога пападання снарада, але і ад асколкаў.

Між тым, вогненны смерч у лесе не спыняўся. Наадварот, здаецца, нават узмацніўся, хоць па-ранейшаму снарады дубасілі зямлю не там, дзе размяшчаўся штаб арміі. Відаць, немцы адно ўведалі прыкладнае месцазнаходжанне штаба, але не мелі магчымасці ажыццяўляць карэкціроўку артылерыйскага агню, таму па цэлі трапілі толькі першыя снарады.

Маркараў ляжаў на зямлі ніцма, ледзь не ўпрытык да камандзіра атрада Нарчука і чамусьці цяжка дыхаў, усё роўна як апынуцца ў такім становішчы яму каштавала шмат намагання. Напакаваную вайсковую торбу ён трымаў каля боку ў правай руцэ, а шапку прыціснуў да зямлі локцем левай рукі. І ўсё гэта Маркараў рабіў з нейкай выразнай учэпістасцю, нібыта турбаваўся, што абедзве рэчы яго маглі адкінуць куды-небудзь выбуховыя хвалі, якія ўжо ўсё мацней і мацней хісталі навокал сосны. Нарчук тым часам, лежачы, займаў іншае становішча — падаў ён паміж дрэў на левы свой бок, галавой да паўдзённага сонца, і яму не толькі было відаць збольшага, што рабілася на задымленым узлеску, але і направа, дзе прытуляліся да зямлі ягоныя партызаны, якія хоць і разбягаліся спрытна, аднак, тым не менш, ляжалі на зямлі недалёка адзін ад аднаго, нібыта і тады, як разбягаліся, і цяпер утрымлівала іх нейкае сілавое поле. Дзіўна, але першага Нарчук убачыў свайго камісара Сцяпана Баранава, усё роўна як і сапраўды гэта павінна было менавіта так атрымацца, а не іначай. Скурчаная камісарава постаць колькі часу заставалася зусім нерухомай, і Нарчуку падалося, што Баранаву, мусіць, не пашанцавала, напэўна, секанула асколкам. Нарчук збіраўся сказаць пра гэта і сакратару абкома, але ўжо ў наступны момант заўважыў, як Баранаў памахаў камусьці, хто знаходзіўся далей ад яго, рукой, а тады падняўся з зямлі, нават атрэпаў з рукавоў і каленяў шыгалле, якое зачапілася за сукно, і, мала прыгінаючыся, пачаў азірацца па баках, пакуль не адшукаў вачамі начальства. А ўбачыў, што Нарчук з Маркаравым ляжаць побач, здаволена кіўнуў галавой, памкнуўся да іх.

— Ну вось, адразу вогненная купель,— акурат з радасцю сказаў ён.

— Ага,— адказаў яму камандзір атрада і пасунуўся трохі, каб даць камісару месца паміж сабой і сакратаром абкома.— Але нам што? Ім вунь! — Ён паказаў рукой у тым напрамку, дзе знаходзіўся штаб арміі.

— Так, не пазайздросціш,— згадзіўся Баранаў.— Ды і брыгадны камісар дарэмна пабег туды.

— Няйначай, выдаў нехта,— пачуўшы іхнюю размову, падаў голас і сакратар абкома.— Шпіёнамі ўсё кругом кішыць. Я вось думаю... шафёра з машынай пакінуў там. Добра, калі здагадаўся схавацца куды. Ды і машыны шкада будзе.

— А нашы хлопцы ляжаць сабе тут, нібы снапы на таку ў перавяслах, і хоць бы хны,— сказаў яўна задаволены Нарчук.

— Лічыце, што вам наогул на першы раз пашанцавала,— усміхнуўся Маркараў.

Размова гэтая зусім неабавязковая была цяпер, але, бачыце,— кожны чамусьці палічыў патрэбным сказаць слова, раз пачаў камісар, дарма што даводзілася павышаць голас, каб перакрычаць недалёкі грукат. З другога боку, яна сведчыла, што напружанасць, якую выклікаў артабстрэл спярша, калі яшчэ снарады падалі ў размяшчэнні штаба арміі, прайшла ўжо, бо ўсе раптам чамусьці паверылі, што страляць немцы будуць толькі туды, куды стралялі дасюль, і што крутагорскіх партызан сёння крывавая чаша міне.

Між тым, так яно і выйшла, нягледзячы, што ўсім, хто знаходзіўся на гэты бок Гарбавіцкага лесу, аднолькава пагражала небяспека. Снарады па-ранейшаму моцна і няшчадна калацілі зямлю і паветра. Ад горкага дыму цяжка станавілася дыхаць, і сёй-той з партызан пачынаў ужо хваравіта кашляць, у тым ліку і камісар атрада Сцяпан Баранаў, які некалі хварэў на сухоты. Мітрафан Нарчук пра гэта ведаў, таму са шкадаваннем паглядзеў на таварыша, нібыта шукаючы спосаб дапамагчы яму.

У адрозненне ад Нарчука, які прыехаў у Крутагорскі раён ці не ў той жа год, што і верамейкаўскі Чубар, Сцяпан Баранаў быў чалавек мясцовы, нарадзіўся ён у тутэйшай вёсцы, якая знаходзілася кіламетраў за дзесяць ад Гарбавіч, і меў салідную, калі можна сказаць так, адукацыю: вучыўся не толькі ў абласной партыйнай школе, аднак незадоўга да вайны скончыў у Магілёве педагагічны інстытут. Праўда, працаваць настаўнікам яму амаль не прыйшлося, бо на раённай партыйнай канферэнцыі хутка быў абраны сакратаром райкома. Наогул, Нарчук працаваў у райкоме апошні час на пасадзе загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі пад яго началам. Сказаць дакладна, дык Баранаў Нарчука і запрасіў асабіста на працу ў райком, балазе, што нават пераязджаць у горад новаму загадчыку аддзела не трэба было — Мітрафан узначальваў тады прыгарадны калгас «Парыжская камуна». Такім чынам, абодва яны — і камісар, і камандзір — мелі вопыт сумеснай работы, шмат ведалі адзін аб адным, у кожным разе, гэтая акалічнасць не ў апошняй ступені паўплывала на тое, калі вырашалася пытанне, каго паставіць на чале атрада. Была і другая прычына, якая вырашыла справу: у трыццаць другім годзе Мітрафан Нарчук прымаў удзел у вайсковых манеўрах, што адбываліся пад Масквой, у раёне Бранавіц.

Канечне, свая логіка ў гэтым была. Відаць, і штабу арміі, і кіраўніцтву раёна ўяўлялася так уся справа больш мэтазгоднай. Але сам камандзір атрада меркаваў іначай. Прынамсі, стварэнне базы, на яго думку, ні ў якім разе не зашкодзіла б справе нават тады, калі б фронт сапраўды затрымаўся тут. Нездарма кажуць — запас бяды не чыніць. Між тым, сам Нарчук на вырашэнне гэтай справы ніякага ўплыву не меў, бо даведаўся, што яму давядзецца стаць партызанам, а тым больш узначаліць атрад толькі за два дні да таго, як іх сабралі ў Машавой. І, тым не менш, увесь час, пачынаючы з таго моманту, як яму паведамілі аб рашэнні прызначыць яго камандзірам мясцовага партызанскага атрада, Нарчук думаў пра гэта.

Сёння таксама прыйшло яму ў галаву загаварыць пра базу з сакратаром абкома Маркаравым, калі той з’явіўся перад строем партызан тут, у Гарбавіцкім лесе. Але нечакана пачаўся гэты артылерыйскі абстрэл, парушыўшы ўвесь парадак.

Нарэшце Сцяпан Баранаў перастаў душыцца кашлем, што, здавалася, прабіваў яму ўсё нутро, і тады Нарчук зразумеў, што артабстрэл таксама канчаецца — стала раптам чуваць, як угары, яшчэ здалёку, пачыналі скавытаць снарады, скалынаючы зямлю ўсё радзей і радзей. І вось апошні.

— Здаецца, усё,— перасільваючы глухату, якая сціскала вушы, сказаў тут жа Маркараў і, абапіраючыся на растапыраныя рукі, адарваў сябе ад зямлі.

Але дарэмна чалавек паспяшаўся, бо зноў давялося ўкладвацца ніцма. Аднекуль з самага ўзлеску пачулася гучнае, няйначай, спалоханае папярэджанне:

— Паве-етра!

Зразумела, што ўсе партызаны, у тым ліку і Нарчук з Баранавым, скіравалі ў той бок хуткія позіркі, акурат спрабуючы даведацца, хто крычаў, аднак усё там патанала ў дыме, скрозь які нельга было адрозніць нават штабных аўтамашын, не тое што чалавека. І раптам зусім блізка і нібыта наперагонкі ўдарылі ў неба зеніткі, якія ахоўвалі штаб арміі. Партызаны не бачылі іх цяпер, але ведалі, што гэта стралялі зеніткі; тыя стаялі дасюль каля дарогі на краі лесу і не маглі не трапіць партызанам на вочы, калі яны ехалі сюды з Машавой. Не ўбачыў ніхто і нямецкіх самалётаў. Але кожны разумеў, што каманда «паветра» падавалася нездарма, таксама як і не так сабе ўсчалі страляніну зеніткі. Таму партызаны ляжалі на сваіх ранейшых месцах і не варушыліся, хоць усе ўжо і мелі думку, што лепей было б у такі момант апынуцца дзе-небудзь падалей ад штаба арміі, які не на жарты прыцягнуў увагу немцаў, і тыя спрабавалі цяпер знішчыць яго.

А ў небе тым часам адбывалася наступнае. Нямецкія самалёты, мусіць, не чакалі, што іх сустрэнуць на падлёце да штаба зеніткі, таму яны адразу замітусіліся і, парушыўшы строй, разляцеліся ў розныя бакі, каб зрабіць новы заход на лес. Аднак агонь зенітак пільнаваў іх цяпер паасобку, і белыя аблачынкі разрываў суправаджалі іх нават тады, калі яны аддаліліся ад месцазнаходжання штаба на даволі значную адлегласць. Усе, хто сачыў за самалётамі ў небе, думалі, што наступны заход іх немінучы. Але ён не адбыўся. Раптам самалёты пачалі кідаць бомбы на вёску, якая знаходзілася за паўтара кіламетра адсюль,— ці то яны заўважылі там новыя ваенныя аб’екты, ці проста рашылі скінуць бомбы абы-куды.

Тое, што самалёты паспрабуюць усё-такі прарвацца да лесу, было малаверагодным. Таму ў размяшчэнні штаба арміі ўзнік рух — пачалі снаваць людзі, загулі аўтамашыны.

Да партызан падбег той самы інструктар палітаддзела, які выдаваў паўгадзіны таму назад ці нават больш дакументы, гукнуў:

— Дзе камандзір ваш?

— Тут,— азваўся Нарчук і ўстаў з зямлі.

— Абстаноўка змянілася,— сказаў інструктар.

Тады падняўся на ногі і сакратар абкома Маркараў.

— Што там? — спытаў ён.

— Здаецца, гэты раз лёгка адбылося,— адказаў інструктар, выкалупваючы пальцам зямлю з правага вуха.— Снарады амаль усе пападалі з пералётам. Па цэлі трапілі ўсяго тры ці чатыры.

— Брыгадны камісар жывы?

— Так.

— А іншыя? Як астатнія?

— Здаецца, усё ў парадку. Але абстаноўка змянілася. Мне загадана перадаць камандзіру атрада, што мы не здолеем зрабіць тое, што абяцалі. Давядзецца вам самім шукаць месца, дзе можна перайсці лінію фронту. Варожыя танкі падыходзяць да Крутагор'я.

— А штаб ваш? — занепакоена спытаў Маркараў.

— Штаб здымаецца. Перамяшчаецца ў іншае месца.

— Куды?

— Пра гэта вам лепей даведацца ў начальніка штаба.

— Добра,— кіўнуў галавой сакратар абкома, надзеў шапку і рушыў следам за інструктарам палітаддзела.

Тым часам смуродны дым, якім поўніўся лес, пачаў вызваляць прагаліны паміж дрэў, нібыта на яго раптам падзьмуў вецер, хоць па-ранейшаму ніхто з партызан не адчуваў яго. Вачам зноў адкрылася ўсё, што было навокал,— штабныя аўтамашыны, вайскоўцы каля іх.

Штаб з месца здымаўся хутка, не прайшло і некалькі хвілін, як на дарогу пачалі вырульваць адзін за адным з накрытымі кузавамі грузавікі.

— Як думаеш,— узяў за локаць камісар атрада Мітрафана Нарчука,— за намі пакінуць машыны, на якіх мы прыехалі сюды?

— Чаму раптам? — быццам не зразумеў яго камандзір.

— Ды...— развёў рукамі Баранаў.

— Думаю, што нам яны ўжо не спатрэбяцца больш. Будзем спадзявацца на свае ногі. Так?

Пытанне гэта датычылася ўсіх, хто стаяў вакол, аднак ніхто ў адказ не падаў голасу. Толькі раённы пракурор Шашкін, які падышоў сюды апошні і чамусьці застаўся трохі воддаль ад групы, неяк нервова засмяяўся і гэтым адцягнуў на кароткі момант на сябе ўвагу.

— Пастройцеся,— скамандаваў камандзір атрада.

Партызаны хутка пасталі адзін да аднаго ў шарэнгу, сцішыліся.

— Усе цэлыя? — спытаў Нарчук.

— Здаецца, усе,— сказаў камісар.

— Ніхто са страху не збег?

— Усе тут,— зноў адказаў Баранаў.

— Ну, тады і мы рушым, а то яшчэ невядома, ці адмовіліся немцы знішчыць штаб арміі. Дастанецца нам ні за што, ні пра што.

Але вярнуўся сакратар абкома. Затрымаў.

— Аказваецца, сапраўды справы дрэнныя,— сказаў ён, усё роўна як абураны.— Каля Царковішча нямецкія танкі прарвалі абарону і рухаюцца некалькімі калонамі да вашага раённага цэнтра.

— Дзе яны цяпер? — пацікавіўся Мітрафан Нарчук.

— Думаю, што ўжо недалёка. Колькі адтуль да Крутагор’я?

— Адкуль?

— Ну, ад Царковішча,— удакладніў Маркараў.

— Самая драбяза,— з прыкрасцю смыкнуў левай шчакой камандзір атрада,— кіламетраў дванаццаць.

— Вось бачыце!..— Маркараў нейкі момант падумаў.— Значыць, трэба спяшацца.

— Але куды вы цяпер, Іван Мікалаевіч?

— Сам думаю. Хоць ты ў атрад да вас прасіся...

— А што? — заўсміхаліся партызаны.— Давайце з намі. Якраз аднаго не хапае.

— Каго?

— Старшыні калгаса з Верамеек,— адказаў камандзір атрада.

— І рад бы ў рай, ды грахі не пускаюць,— развёў рукамі Маркараў.— Мне яшчэ трэба сёння ў Хоцімск. На мне, разумееце, спраў чужых шмат. Да таго ж, у Хоцімску недзе былі таварыш Ганенка і таварыш Зімянін з ЦК камсамола.

— Але як вы туды трапіце?

— Можа, паспею праз Крутагор’е праскочыць на машыне. Машына мая, аказваецца, не разбіта.

— Наўрад ці ўдасца,— у сумненні пахітаў галавой Нарчук.

— Думаеце, у Крутагор’і немцы?

— Калі і няма яшчэ, то дарога на Хоцімск ужо напэўна адрэзана. Цяпер з гэтага лесу шлях адзін — за Бесядзь. Відаць, і штаб арміі туды накіроўваецца. Не ў курсе?

— Пра гэта я не спытаў.

— Тады паспяшайцеся, Іван Мікалаевіч. А мы таксама адсюль выбірацца будзем. Надта месца тут неспакойнае. Няйначай, немцы ўвесь лес перавернуць у пошуках штаба.

— Гэта так,— згадзіўся сакратар абкома.— Ну што ж, не будзем лішне затрымлівацца. Да пабачэння, таварышы партызаны,— памахаў ён рукой партызанам.— А вы, таварыш Нарчук, і вы, таварыш Баранаў, праводзьце мяне да машыны. Я маю сказаць вам асобна нешта.

Да самага ўзлеску Маркараў, Нарчук і Баранаў ішлі моўчкі. Партызанскія камандзіры чакалі, што скажа сакратар абкома, але той чамусьці не пачынаў гаворкі, усё роўна як не было куды спяшацца. Яно і праўда — у лесе яшчэ пакуль поўна затрымалася вайсковых людзей, якія ўкладвалі на грузавікі штабную маёмасць.

Наперадзе гарэла вёска. Гэта была Васілеўка. І Нарчук, і Баранаў добра ведалі яе, але пажар пасля бамбёжкі захапіў не ўсе хаты, дым стаяў толькі над крайнімі, сюды ад лесу.

 

— Горит, горит село родное,

Горит вся родина моя,—

 

раптам сказаў Маркараў і спыніўся каля межавой канавы, што раздзяляла поле і лес. Словы, якія вымавіў сакратар абкома, былі з даўняй песні, яшчэ ад мінулай вайны, але прагучалі яны так, што раптам сціснула сэрца і ў Нарчука, і ў Баранава.

— Ну што ж, таварышы, будзем развітвацца,— Маркараў расшпіліў пры боку вайсковую торбу, дастаў адтуль пачак лістовак.— Вазьміце,— падаў ён іх Баранаву,— вам яны таксама спатрэбяцца. Ваяваць цяпер трэба не адной зброяй. І вось яшчэ што — калі пасля таго, як выканаеце заданне, не здолееце зноў звязацца са штабам арміі, шукайце адразу свой падпольны райком. Ён будзе тут, у раёне. Але ведайце — у складзе яго за гэты час адбыліся некаторыя змены. Маштакоў не можа застацца ў тыле. У яго штосьці нядобра з вачамі. Таму раённую партыйную арганізацыю будзе ўзначальваць пакуль таварыш Манько, ваш другі сакратар.

* * *

Мітрафан Нарчук цалкам меў рацыю, калі гаварыў Маркараву, што дарога з Крутагор’я на Хоцімск, гарадскі пасёлак, які знаходзіўся ў вярхоў’і Бесядзі, няйначай, адрэзана нямецкімі танкамі. Сапраўды, па ёй ужо нельга было ехаць. І не толькі таму, што туды падышлі нямецкія войскі. Прычына хутчэй заключалася ў іншым — вораг уступаў у Крутагор’е.

Дзіўна, але першымі на канцавых вуліцах раённага цэнтра з’явіліся не танкі, а матацыклісты, якія дапялі сюды па Гарбавіцкай дарозе. Затым пачалася страляніна каля могілак, дзе размяшчаўся мясцовы аэрадром,— туды праніклі варожыя аўтаматчыкі з боку цагельнага завода. І ўжо толькі к вечару, калі стралковыя часці падавілі супраціўленне нешматлікіх абаронцаў горада, усе ўбачылі нямецкія танкі. Іх затрымаў на подступах да Крутагор’я артылерыйскі дывізіён 6-й дывізіі, палкі якой змагаліся ў чэрвені месяцы яшчэ пад сценамі Брэста, а ў канцы ліпеня перафарміроўваліся ў Краснапольскіх лясах.

Па Гарбавіцкай дарозе нямецкія матацыклісты без перашкоды прарваліся к гораду якраз у той час, як далёкабойная артылерыя абстрэльвала штаб арміі, калі да іх нікому не было справы.

Уласна, горад быў не гатовы к абароне. І толькі тады, як перадавыя часці нямецкіх войск рушылі далей, па Бялынкавіцкім бальшаку, пачалося сапраўднае супраціўленне. Тут сталі на іх шляху артылерысты той жа 6-й дывізіі. Гэта былі батарэя карпусных гармат і рота падвозу боезапасаў капітана Валодзіна. Немцы, відаць, ужо не чакалі, што ім хто-небудзь здолее перагарадзіць шлях для далейшага наступлення. Наадварот, ім здавалася, што ў Чырвонай Арміі на гэтым напрамку не засталося баяздольных вайсковых падраздзяленняў. Ва ўсякім разе, падзеі сённяшняга дня цалкам сведчылі пра гэта, хоць асобныя ачагі супраціўлення, у тым ліку і артылерыйскі заслон, які быў выстаўлены на танканебяспечным напрамку, гэта значыць па два бакі ад вёскі Царковішча, маглі б навучыць іх чаму-небудзь. Але ў запале наступальнага парыву яны няздольныя былі ўжо свядома разважаць. Ды і навошта, калі зноў часці 24-га матарызаванага корпуса, у парадках якога наступала 2-я танкавая група, выйшлі на аператыўную прастору. Таму і чарговы ачаг супраціўлення танкісты спярша ўспрынялі як звычайны занятак, якога хопіць добра калі на дзве гадзіны. Аднак прайшла гадзіна, другая, трэцяя, а савецкія артылерысты, якіх падтрымлівалі стралкі, здавалася, не збіраліся ўступаць дарогу. Перашкаджаў немцам і густы лес, зусім непраходны не толькі для танкаў, але і для пяхоты, хоць яны і спрабавалі абысціся тут аднымі танкамі.

Нарэшце немцы зразумелі, што прасунуцца далей па Бялынкавіцкім бальшаку сёння не ўдасца, выставілі свой заслон і адышлі ні з чым, каб заначаваць у самай блізкай вёсцы, якая была зусім недалёка. Тым больш што гэта стала іхняй звычкай — начаваць у поўным камфорце, дарма што ў сялянскіх хатах іх часам непакоілі клапы і блохі.

Канечне, калі б яны ведалі, што на батарэі, якая стрымлівала рух на Бялынкавіцкім бальшаку, к гэтаму часу засталася спраўнай адна гармата, а снарадаў да яе і зусім не хапала,— артылерысты падбіралі апошнія каля другіх гаўбіц, якія атрымалі пашкоджанне і не маглі страляць, то не сталі б спыняць шалёнага націску, дарма што Ubernachten1 для іх з’яўляўся не толькі вымушаным, але абавязковым: у ім таксама заключаўся нямецкі парадак, які ў падобных умовах, бадай, ужо пераходзіў у своеасаблівы шык.

У цішыні, якая наступіла пасля доўгага і цяжкага бою, неўзабаве стала чуваць, як загаўкалі ў вёсцы сабакі, закудахталі куры. Няйначай, нямецкія салдаты пачалі шнарыць там па сялянскіх дварах, ганяючыся за спакуслівай жыўнасцю. У дадатак — бухнуў вінтовачны стрэл, за ім залямантавала жанчына, ці то шкадуючы сваё свінчо, ці то яшчэ нечага.

Хутка, усё роўна як назнарок, на бальшаку згушчаліся прыцемкі, дарма што па той бок лесу яшчэ стаяла , над зямлёй сонца.

Нарэшце хвілін праз колькі настаў змрок.

Тады на пазіцыі карпусных гармат ляснула аб палявы камень рыдлёўка — уцалелыя артылерысты пачалі капаць яму, каб пахаваць сваіх забітых таварышаў. Дапамаглі ім рабіць гэта аўтабатаўцы, сярод якіх ахвяр было меней, бо асноўны агонь немцы скіроўвалі ўвесь час на батарэю.

З артылерыйскіх камандзіраў жывы пасля бою застаўся адзін сяржант — малады, але дужа знясілены чалавек, які ўвесь час, пакуль парадкавалі магілу, сядзеў павісла і нерухома на гаўбічнай станіне.

— Што далей будзем рабіць, сяржант? — спытаў яго ў цемнаце капітан Валодзін.

— Анічога,— адказаў той і дадаў: — У нас больш няма чым страляць.

— Чым мы карыснымі можам быць для вас? — спытаў зноў капітан.

— Анічым,— гэтаксама, як і першы раз, вяла адказаў арылерыст.

— Тады будзем здымацца з пазіцый,— ужо тонам загаду сказаў капітан.

— Добра,— кіўнуў сяржант.— Але я вось думаю, як мы цяпер справімся са сваёй гаўбіцай, бо не засталося ніводнага цягача. Усе разбіты.

— Людзей мы вам дадзім,— сказаў капітан.

— А што людзі? На руках яе далёка не пакоціш. Гэта не саракапятка.

— Ну, тады як знаеце.

Але артылерысты не рашыліся пакінуць на пазіцыі адзіную спраўную гармату. З дапамогай аўтабатаўцаў, якія таксама былі без машын, яны выкацілі на бальшак 152-міліметровую гаўбіцу і рушылі на ўсход, дзе яшчэ заставаўся на Бесядзі, якраз насупраць Бялынкавіч, неўзарваны мост. Урэшце было намеркавана так — пакуль немцы раскашуюць у вёсцы і, па ўсім, не збіраюцца пакідаць яе да рання, можа, удасца адшукаць дзе-небудзь у калгасе коней, якія заменяць цягач.

І сапраўды, у наступнай вёсцы, што трапілася хутка на Бялынкавіцкім бальшаку, ім далі жывое цягло, балазе, будзіць патрэбных людзей не прыйшлося, бо цяпер не да сну было. Праўда, коней не знайшлося ў калгасе, затое былі валы, прывучаныя да гаспадарчай работы. Давялося толькі гадзіну-другую павазіцца, каб прыстасаваць хоць збольшага для незвычайных мэт звычайную сялянскую вупраж, зусім далёкую ад вайсковага ўжытку, таксама як і пярэдні мост з драўляных калёс, на якім прымацавалі станіны.

Гэты незвычайны поезд — наперадзе марудныя, акурат упірлівыя валы, а за імі гарбатая гармата на сваіх і дапаможных колах ды яшчэ цэлая калона салдат — і сустрэлі за Малой Ліпаўкай крутагорскія партызаны. Сюды, на Бялынкавіцкі бальшак, яны выйшлі праз вялікую вёску, што стаяла, быццам на скразняках, асабліва зімой; міналі яе партызаны ўжо тады, як ішоў бой на бальшаку. Уласна кажучы, гэты бой і з’явіўся прычынай, якая скіравала партызан сюды. Падумалася раптам, што менавіта там, калі не толькі парушана лінія фронту, але і ўсялякае ўяўленне аб ёй, і можна будзе вызначыць месца пераходу. Хоць, з другога боку, не мела сэнсу рабіць гэтага ўжо таму, што цяпер апынуцца ў тыле наступаючых нямецкіх часцей не складала аніякай цяжкасці, даволі было перачакаць нейкі час, самы кароткі, пакуль усталюецца адноснае зацішша, прынамсі, на дарогах. Але застацца ў Гарбавіцкім лесе партызаны не адважыліся. Яны выйшлі адтуль адразу пасля таго, як выехала апошняя аўтамашына, што належала штабу і палітаддзелу 13-й арміі. Астатак гэтага дня партызаны праблукалі паміж вёскамі, хаваючыся ў невялікіх гаях і прырэчных лазняках, нярэдка трапляючы ў даволі непажаданыя сітуацыі. Каля пасёлка былой камуны іх нават хацелі абяззброіць вайскоўцы. Добра, што скончылася ўсё тым, што ўзброеных цывільных людзей, якія даказвалі, што яны партызаны, проста не прапусцілі далей. Таму атрад вымушаны быў навідавоку прайсці праз вялікую вёску, абмінуць сад і па плаціне, што на Жадуньцы, якая ўпадала кіламетры за тры адсюль у Бесядзь, перабрацца бліжэй да Крутагор’я. Лес тут быў нешырокі, затое вузкай палосай, якая адным бокам падступала да Бялынкавіцкага бальшака, цягнуўся з паўднёвага ўсходу ажно да раённага цэнтра, да яго крайніх дамоў. Далей, туды пад Бялынкавічы, цямнеў зноў лес, ужо не вельмі вузкі, але да таго лесу трэба было прайсці цэлае поле, дарма што гарбатае і з глыбокімі ўпадзінамі і канавамі; здавалася, упадзіны, таксама як і канавы, якраз і маглі саслужыць партызанам службу, па іх не толькі не складала небяспекі неўпрыкмет рухацца, а і хавацца, калі раптам спатрэбіцца, аднак усе гэтыя нізкія мясціны былі адасоблены адна ад адной і нідзе не злучаліся; бадай, ні ў адным выпадку яны не ішлі нават у тым напрамку, дзе знаходзіўся наступны лес, усе яны вялі ў бок Жадунькі, якая раней, ужо не за цяперашняй памяццю, называлася Задунайкай. Дарэчы, сама Бесядзь у тыя часы таксама мела назву Задунай.

Паколькі лес, у якім апынуліся крутагорскія партызаны, быў нешырокі, можа, кіламетры на два, калі ісці не ўздоўж, а ўпоперак ды нацянькі, і адным сваім краем прылягаў да Бялынкавіцкага бальшака, то і грукат бою, што адбываўся за лесам, даносіўся на другі край яго выразна. Грукат гэты не маглі засланіць ці хоць бы прыцішыць збольшага на такой адлегласці сваімі разгалымі шатамі нават хвойныя дрэвы, якія раслі тут скрозь, пачынаючы ад плаціны, што рабіла таксама нямала шуму падаючай уніз вадой. Было чуваць, як там, на бальшаку, зацята і злосна, але чамусьці не дужа часта бухкалі адна ў адну гарматы, паміж якімі адсюль, здаецца, не складала цяжкасці правесці мяжу, вызначыць, калі і з якога боку стралялі нашы, а калі і адкуль немцы; страчылі кулямёты — адны, тыя, што знаходзіліся справа, хутка-хутка, нібыта не маючы моцы стрымацца; другія, наадварот, раздзельна, стрэл за стрэлам, патрон за патронам, акурат у гэтай паасобнасці і была тая немінучасць, у якой заключалася ўся сутнасць крывавай справы, што рабілася на бальшаку. Дзіўна, але страху, нягледзячы на невялікую адлегласць, гэты бой у партызан не выклікаў, можа, таму, што за сённяшні дзень ён ужо быў не першы; сёння ў другой палавіне дня, калі зноў зрушыўся фронт, наогул багата дзе ўзрывалася і грукатала па ўсёй Крутагоршчыне; але па той прычыне, што баі кожны раз нечакана пачыналіся і таксама ж нечакана канчаліся дзе-небудзь у іншым месцы, а не побач (Гарбавіцкі лес усё роўна як ужо ў разлік не ішоў), то і ўспрымаліся яны, нібыта штосьці пабочнае, прынамсі, зусім не страшнае альбо, яшчэ больш дакладна, не ім наканаванае.

Тут, у лесе за Жадунькай, партызаны напаткалі людзей — кульгавага мужыка з бабай у зямлянцы, выкапанай на сухой грыве, побач з колішняй лісінай нарой, а з імі дзвюх маладых дзяўчат, здаецца, блізнят, якія былі ў тым малочным і яшчэ зусім не самастойным узросце, калі нават у лепшыя часы бацькам даводзіцца праз іх не надта моцна спаць па начах. А тут вайна! І столькі чужога народу кожны дзень вакол!.. Да таго ж дзяўчаты гэтыя не дочкі былі ім, а ўнучкі,— прыехалі да дзеда з бабай на канікулы з Маладзечна ды так і засталіся тут, у вёсцы, бо Маладзечаншчына адразу падпала пад акупацыю. І вось цяпер старыя ажно пеклаваліся над гэтымі даволі прывабнымі, дарма што пераапранутымі ў сялянскія лахманы, істотамі, баяліся, каб хто-небудзь (о крый тады божа!) не наглуміўся над імі; таму кожны раз, калі што-якое, хаваліся тут у зямлянцы, якая была выкапана даўно, лічы, месяца паўтара ўжо, і мела выгляд звычайнай ямы, накрытай тоўстымі дошкамі і прыхаванай баравым мохам. Сёння дзед з бабай прывезлі сюды ў сховы сваіх «сіраціначак», як яны называлі іх, яшчэ ўранні, дарма што ніхто ў той час нават не здагадваўся, што немцы зноў пачнуць наступаць і к вечару будзе занята не толькі Крутагор’е, але і ўсё правае прыбяседдзе.

— А мы наперад зналі пра ета,— усё роўна як пахваліўся перад Мітрафанам Нарчуком кульгавы чалавек пасля таго, як пазнаў былога старшыню калгаса з «Парыжскай камуны».— Таму і падаліся сюды, балазе, зямлянка таксама во ёсць.

Гэта не спадабалася яго жонцы, якая нагадвала нечым скукшаную на холадзе старую птушку, і яна сказала яму, нядобра паглядзеўшы:

— Зналі, зналі!.. Зямлянка!.. Ты во яшчэ пахваліся, што ты... етакі ўгадлівы ў нас, дак...

— Ну што ты баішся? — паспрабаваў суцешыць яе чалавек.— Ета ж свае.

— Свае ўчора былі,— зноў нядобра паглядзела на мужыка гэта кабета,— а сянні...

Тады мужык засмяяўся з жончынай адчужанасці.

— Што сянні? — зусім весела спытаў ён.

— А тое во, што на Бялынкавіцкім бальшаку чуеш,— па-ранейшаму трымаючыся аднаго тону, сказала, як пагразіла, яна і кіўнула галавой у той бок, дзе ўсё яшчэ не пераставала грукатаць.

Гэтакі довад раптам падзейнічаў на старога, ён на момант суняўся, услухоўваючыся ў гарматныя стрэлы і кулямётныя чэргі на бальшаку, тады і зусім пацішэў.

— Ну і колькі вы збіраецеся тут сядзець? — спытаў праз нейкі час камандзір партызанскага атрада.

— Дак... Думаю, што нядоўга,— адказаў стары селянін. Пачакаў, тады зноў сказаў: — Акурат як адны паадступаюць, а другія панаступаюць.

— Словам, спадзяешся на тое, што неўзабаве ўсталююцца зноў тут цішыня ды спакой?

— А што ж нам рабіць, калі не спадзявацца? Ваўкамі тут выць? Дак не паможа. Так і даводзіцца спадзявацца на лепшы час. Без етага ў нашым жыцці немагчыма.

— Ага, жыві й спадзявайся,— ухваляючы мужыкову гаворку, заківала галавой кабета.

Але той, здавалася, не звярнуў увагі на яе словы, працягваў разважаць далей:

— Яно, канешна... З аднаго боку... а з другога... Ну колькі етых немцаў на свеце? Пройдуць во лігулярныя часці, а потым...

— Сапраўды, цікава,— усміхнуўся Нарчук,— што будзе потым?

— Як і заўсёды,— паціснуў плячамі мужык.— Зноў пачнем жыць ды працаваць сабе патроху.

— А немцы?

— Дак я ж кажу — колькі іх? Ну, добра, калі адзін на вёску прыйдзецца, а то, можа, на цэлы сельсавет. Дак што ён нам тады? Як было, так і будзе. Ета калгас могуць распусціць, а мужыка... Мужык — як той салдат. Яго не разжалуеш у чынах. Ну, а без калгаса... Дак мы без калгаса раней таксама былі. Не хачу сказаць, што пры калгасе ўсягды адно кепска было. Не, нам тута пры горадзе можна было жыць. Але ж і баяцца наперад няма чаго. Я ж кажу, без калгаса мы таксама некалі жылі.

— Без калгаса жылі, а вось з немцамі, здаецца, яшчэ не спрабавалі.

— І ета праўда. Але неяк жа будзе і з немцамі. Галоўнае, перабыць цяперашнюю навалу. Ета як у вялікае разводдзе. Толькі і паспявай азірацца, каб самога куды-небудзь не знясло вадой. Ну а пасля, тыдняў праз колькі, глядзіш, і... усё спакойна, усё зіхціць вакол, усё на месцы... калі, вядома, яно моцна стаяла на тым месцы.

— Філосаф ты, як я пагляджу, дзед.— Нарчук абвёў позіркам партызан, якія сядзелі перад уваходам у зямлянку, убачыў камісара Баранава, усміхнуўся яму, аднак спытаў пракурора Шашкіна: — Праўда, філосаф?

Але адказу ад пракурора Шашкіна не паспеў атрымаць. Раптам з-за зямлянкі вынікла гаспадыня, апярэдзіла:

— Ат, чаўпе абы-што чалавек. Вы не дужа слухайце яго, таварышыкі.

— Чаму ж? — спакойна і як можна добразычліва паглядзеў на яе Нарчук.

— Дак... чаўпе абы-што. Ці ж вы самі не бачыце?

Дзіўна, але старога яе абарона — а было не што іншае, як самае звычайнае заступніцтва,— раптам узбурыла.

— Што ты ўсё лезеш не ў сваю справу? — павысіўшы голас, паморшчыўся ён.

Кабета ў адказ зрабіла плаксівы твар, пачала блытацца:

— Дак... Дачакаешся, стары чорт!.. Дачакаешся, што!..

Тады гаспадар сказаў, развёўшы рукамі:

— Во, зайграла шчарбатая пласцінка.

Словы ягоныя, а найбольш, мусіць, гэты вымушаны, быццам напаказ, жэст выклікаў смех сярод партызан.

«Трэба ісці далей, а то пасварылі мужыка з жонкай»,— падумаў Нарчук і чамусьці таксама засмяяўся ў душы, тады ўстаў на ногі, пачаў абцягваць на сабе падпяразаны шырокім рэменем плашч.

* * *

Пакуль атрад прабіраўся скрозь лес да Бялынкавіцкага бальшака, там заціх бой. Адбылося гэта нечакана — усё бухкала, грукатала, а тады перастала раптам, быццам па дамоўленасці з абодвух бакоў.

І стала нязвыкла.

Дагэтуль здавалася, што выбухі напаўнялі прастору і ўсё роўна як прымушалі яе жыць. Цяпер такога адчування не было. Цяпер нават не было выразнага ўяўлення, куды далей рухацца. І Мітрафан Нарчук першы зразумеў гэта.

Між тым, у лесе цямнела. І вельмі хутка. Неўзабаве ўжо цяжка зрабілася адрозніваць за некалькі крокаў і дрэвы, і чалавечыя постаці.

«Навошта цяпер блытацца па лесе? Трэба нарэшце выйсці на адкрытую дарогу»,— падумаў Нарчук, а тады сказаў гучна, каб пачулі ўсе партызаны:

— Хто ведае, як нам трапіць адсюль на поле?

— Здаецца ж, і так, праз лес, хутка будзе бальшак,— усё роўна як засумняваўся нехта з партызан.

— Не, нам неабходна выйсці на поле,— упарта паўтарыў камандзір атрада.

— Тады скіроўвай направа.

— Ага, направа,— пачалі падказваць ззаду.— Недзе там павінна быць дарога.

— І Малая Ліпаўка?

— І Малая Ліпаўка.

Глыбока ступаючы ботамі ў верас, які росламу чалавеку дасягаў вышэй каленяў, Нарчук збочыў направа, павёў атрад па схіле прыгорка, што агінаў мокрую балацявіну, парослую маладым асіннікам.

Было чуваць, як пракурор Шашкін спытаў некага:

— Дарэчы, а сярод нас з Малой Ліпаўкі нікога няма?

— Няма,— пачулася ў адказ.

— А дарэмна.

— Хіба што дарэмна.

— Цяпер мы яшчэ доўга гаварыць будзем гэтае «дарэмна»,— умяшаўся ў гаворку камісар атрада Баранаў.— Доўга будзем знаходзіць свае пралікі — і таго не хапае, і тое не ўлічылі.

— Каб жа свае...

— Ну, гэта як заўсёды, як у кожнай новай справе — і свае, і чужыя. Давядзецца на хаду папраўляць і сябе, і іншых.

— Ды і тэрмін трэба ўлічваць.

— Так, часу было мала на арганізацыю атрада.

— І тым не менш, пракурор праўду кажа,— прагучаў новы голас.— Наабяцалі чорт ведае што, а цяпер... Добра, хоць вінтоўкі паспелі даць!

Нарчук угадаў чалавека, якому належаў гэты голас: то быў Павел Чарнагузаў, загадчык гандлёвага аддзела райвыканкома.

Падтрымаўшы пракурора Шашкіна, Чарнагузаў таксама пашкадаваў, што нікога не апынулася ў атрадзе з Малой Ліпаўкі:

— А то б і павячэралі.

— Якраз гэта я і меў на ўвазе, калі пытаўся,— палічыў патрэбным удакладніць пракурор Шашкін.

— Так, аказваецца, сапраўды голад не цётка,— згадзіўся камісар і ціха засмяяўся.

Цяпер і ўсе ўспомнілі, што елі сёння адно ў Машавой, на самым світанку, а ў Гарбавіцкім лесе салдацкай кашы, якую абяцалі вайскоўцы, пакаштаваць не прыйшлося, таксама як не давялося атрымаць і харчовае забеспячэнне — перашкодзіў артылерыйскі налёт.

Успомнілі і загаманілі. Але цяпер ужо Нарчук не ўсіх сваіх партызан мог адрозніваць па галасах.

— Цішэй вы,— сказаў ён нарэшце.

Далей ішлі моўчкі. Але як толькі апынуліся на краі лесу ды прыстоялі, зноў загаварылі.

— Трэба направіць разведку,— прапанаваў упаўнаважаны наркамата нарыхтовак Валга.

— Куды? — спытаў яго Нарчук.

Упаўнаважаны паціснуў плячамі.

— А наогул, камандзір,— сказаў пракурор Шашкін,— куды мы ідзем?

— Як куды? Выконваць заданне,— спакойна адказаў Нарчук.

— Ну, гэта зразумела. А куды?

— Праз лінію фронту.

— А раптам мы яе перайшлі ўжо?

— Здаецца, не. Бой ішоў злева.

— Злева,— згадзіўся Валга,— аднак...

— Я таксама думаю,— далучыўся да ўпаўнаважанага наркамата нарыхтовак пракурор Шашкін,— ці не дарэмна мы спяшаемся? Відаць, усё-ткі лепей будзе, калі дзень-другі пачакаем тут, у гэтым лесе. Пакуль праясніцца абстаноўка, запасемся харчамі, сёння таксама настала пара паклапаціцца пра вячэру.

— Не,— сказаў Нарчук,— трэба перайсці бальшак.

— А тады што?

— Будзе відаць. Ды і чаму ўсе раптам успомнілі пра Ліпаўку? Ёсць жа і другія вёскі, дзе з такім жа поспехам нас могуць пакарміць.

— Таму што Ліпаўка зусім блізка.

— Таксама, як і ўсе астатнія вёскі недалёка. Асабліва ў цемнаце. Бачыш, нічога вакол не відаць. Ну, дзе яна, ваша Ліпаўка?

— Выйдзем на бальшак, там і Ліпаўка будзе.

— Значыць, усё-ткі на бальшак? І неадкладна, зараз жа?

— Ты — камандзір, табе і рашаць,— нарэшце адступіўся ад Нарчука пракурор, але з разлікам на іншых сказаў: — І наогул, я з гэтым нашым заданнем яшчэ падумаў бы.

— Што значыць — падумаў бы? — спытаў пракурора камандзір атрада.

— Проста,— растлумачыў той,— мы ідзем кудысьці ўзрываць чужыя масты, а свае ў раёне застаюцца. І плаціна вось на Жадуньцы застаецца. І мост каля Бялынкавіч, пэўна, дагэтуль не ўзарваны. Ды і ці мала яшчэ дзе. Выходзіць, што ўзрываць нашы масты прышлюць людзей з якога-небудзь Суражскага раёна, а мы тым часам павінны будзем шукаць масты ў Клімавіцкім, у Крычаўскім. Ці не надта складаная атрымліваецца механіка?

— Дзіўна вы разважаеце, таварыш Шашкін,— сказаў на гэта Нарчук.— Амаль як той дзед, які збіраецца адседзецца ў зямлянцы. Паслухаўшы вас, дык толькі і застаецца, што схавацца тут вось ды чакаць, пакуль усё само вырашыцца. Што, можа, і яшчэ хто-небудзь у атрадзе гэтак думае? — павысіў голас Нарчук.

Але адказу не было. Партызаны стаялі вакол яго, маўчалі. Між тым, Нарчук зусім не думаў, што ніхто з іх не падзяляў меркаванняў пракурора Шашкіна. Няйначай, былі ў атрадзе такія. Ужо нават па тым, як яны маўчалі, можна было лічыць, што былі.

Ну і няхай. Нездарма ж кажуць у народзе — колькі галоў, столькі і думак. Не гэта непакоіла камандзіра атрада. Яго бянтэжыла іншая акалічнасць. Тое, што адносіны паміж падначаленымі заставаліся, калі можна сказаць так, дужа крутагорскімі, гэта значыць ранейшымі; усе паводзілі сябе таксама, як і ўчора, і пазаўчора, і многа дзён назад; напрыклад, хто быў пракурорам, той і цяпер усё яшчэ заставаўся ім, хто з’яўляўся ўпаўнаважаным наркамата па раёну, той і сёння спрабаваў задаваць у атрадзе тон. Былая раённая іерархія пакуль захоўвалася цалкам. Як не высоўваліся наперад раней дырэктары машынна-трактарных станцый, старшыні калгасаў, так і цяпер гэтая катэгорыя работнікаў, стаўшы партызанамі, амаль не падавала аб сабе знаку. Адно тупала следам за іншымі ды збіралася ў свой гурт, калі выпадала затрымацца на хвіліну якую на месцы.

Зразумела, што і ў цяперашняй сітуацыі, якая настала пасля запытання камандзіра атрада аб тым, ці падзяляе хто другі з партызан пракурораву думку, неабходна было адрозніваць, дакладней — мець на ўвазе адначасова, што ў атрадзе знаходзіліся як і тыя, што сапраўды падзялялі яе, так і тыя, хто па ўсяго існуючым звычаі вымушаны быў захоўваць іерархію.

Уласна кажучы, якраз у сувязі з гэтым запытанне, з якім звярнуўся Нарчук да партызан, і не магло атрымаць адказу. Яно выключала яго. У кожным разе, камандзір атрада ўжо ў наступны момант зразумеў, што ніхто на такія катэгарычныя словы яго не адзавецца, нібыта яны і на самай справе былі дарэмна сказаны.

Між тым, стаяць вось гэтак ды разводзіць непатрэбныя спрэчкі, якія невядома чым скончацца, таксама не выпадала доўга. Таму з’яўленне наперадзе камісара атрада, а ўчора яшчэ — сакратара райкома партыі было зусім дарэчы. Сцяпан Баранаў раптам адхіліў рукой кагосьці з партызан, выйшаў з натоўпу.

— Не хапала, каб мы тут мітынг распачалі,— паставіўшы вінтоўку прыкладам на зямлю, сказаў ён насмешліва і напаўголаса.— Не трэба забываць, што з сённяшняга дня ўсе мы ваеннаабавязаныя. Усе мы складаем адно вайсковае падраздзяленне, якое называецца партызанскім атрадам. Карацей кажучы, я вас заклікаю, дарагія таварышы, усяго толькі прыгадаць тое, што гаварылі вам адказныя людзі ўранку ў Машавой, пасля — у Гарбавіцкім лесе. Дык вось, у вайсковым падраздзяленні заўсёды існавалі правілы ўзаемадзеяння, правілы падпарадкавання. Прытым абавязковага падпарадкавання. А гэта разумець трэба вельмі проста — у вайсковым падраздзяленні ёсць камандзіры і ёсць радавыя байцы. Камандзіры павінны камандаваць, а радавыя байцы, дакладней, падначаленыя, павінны выконваць каманды. Здаецца, усё зразумела, але ў нас знаходзяцца таварышы, якія, аказваецца, альбо не здагадваюцца, што такое вайсковая дысцыпліна, альбо знарок парушаюць яе. Акрамя таго ёсць жа партыйная дысцыпліна.

— Дык...— памкнуўся быў нешта растлумачыць пракурор Шашкін, які ўвесь час, пакуль гаварыў Баранаў, нецярпліва і шумна пераступаў з нагі на нагу.

— Пачакайце, таварыш Шашкін,— спыніў яго камісар,— мы ж, здаецца, дамаўляліся, што мітынгу не будзем устрайваць. І я са свайго боку перапрашаю ўсіх, што зацягнуў маналог, бо нічога такога, чаго б не ведалі вы, я не сказаў і не мог сказаць. Я толькі і хацеў нагадаць вам, што мы аб’яднаны ў вайсковае падраздзяленне, таму ніякія спрэчкі паміж падначаленымі і камандзірамі не павінны мець месца. А то што ж на практыцы атрымліваецца — увесь фронт нарэшце заціх, а мы, дваццаць чатыры чалавекі, дваццаць чатыры партызаны, раскудахталіся, як тыя куры ў хляве, і палохаем галасамі не толькі саміх сябе, але і наваколле. Гэта добра яшчэ, што немцаў, відаць, паблізу няма. Не мінаваць бы нам ліха. Адным словам, я за тое, таварыш Шашкін і ўсе іншыя таварышы, каб Мітрафан Ануфрыевіч Нарчук камандаваў намі і быў для нас клапатлівым і строгім бацькам-камандзірам, а мы — падпарадкоўваліся яму і слухаліся, як належыць у такім выпадку. Тым больш што задача, якая пастаўлена намі, застанецца ранейшая, ніхто яе адмяніць не можа, дарма што абстаноўка сапраўды пакуль не дужа зразумелая. Іншая справа, што гэтак перціся напрасткі, як мы прэмся, мусіць, нельга. Патрэбна больш абачлівасці, больш вайсковага майстэрства. Ну, ды Мітрафан Ануфрыевіч — чалавек вопытны ў вайсковай справе. Нездарма ж ён і ў арміі служыў. Так што камандзір у нас з вамі сапраўдны.

— Ну, пэўна што,— загулі разам у цемнаце партызаны.

Счакаўшы трохі, камісар спытаў:

— Значыць, як гаворыцца, інцыдэнт вычарпаны?

— Так! Так!

— Тады, Мітрафан Ануфрыевіч, камандуй,— сказаў камісар зноў.

Але Нарчук не адразу схамянуўся. Стаяў яшчэ колькі хвілін ды цяжка думаў. Яму не даспадобы прыйшлося ўсё тут — і тое, што наваколле закрывала ад вачэй ноч, якая не давала цяпер магчымасці арыентавацца на мясцовасці, каб свядома рухацца ў патрэбным кірунку, і тое, што ў атрадзе пачыналіся падобныя размовы, хоць, можа, гэта на першым пачатку і непазбежна; не па душы было Нарчуку і тое, што, умяшаўшыся ў «інцыдэнт», камісар атрада звёў яго, як здавалася Нарчуку, да звычайнага паблажлівага ўшчування адным часам вінаватых і невінаватых; не даспадобы было Мітрафану Ануфрыевічу і тое, што неабходна было камандаваць атрадам, а ён не ўмеў гэтага рабіць.

І яшчэ сеё-тое не задавальняла на гэтым полі Мітрафана Нарчука, хоць падстаў для незадаволенасці не ў кожным выпадку хапала.

Аднак Мітрафан Ануфрыевіч разумеў галоўнае. І галоўнае гэта заключалася ў наступным: цяпер яму належала адказваць за ўсё — і за тое, што павінны былі зрабіць іншыя, аднак не зрабілі, і за тое, што выпадала ўжо ажыццяўляць яму як камандзіру партызанскага атрада.

Між тым, жыццё, здавалася, сапраўды рыхтавала ўвесь час Нарчука да яго цяперашняй ролі.

Абавязковую службу ён прайшоў цалкам. І не ў самы горшы час.

Служыў ён у Бранску, у палку сувязі. Прызываўся з чорнай вёскі, калі яму было ўжо за дваццаць. І, можа, таму ўнутраны распарадак, знешняя чысціня, ахайнасць, якія панавалі ў арміі, паклалі адбітак на яго далейшае жыццё. У кожным разе, успамінаў Мітрафан сваю чырвонаармейскую службу з асаблівай бадзёрасцю, як успамінае чалавек ранішнюю расу на схаладнелым лузе.

Але найбольш за што было ўспамінаць абавязковую службу ў арміі — гэта за магчымасць вучыцца. Армія тады станавілася і масавай школай «паскоранай ліквідацыі непісьменнасці».

Пасля цяперашняму камандзіру партызанскага атрада таксама здаралася вучыцца. І, трэба сказаць, нямала. Аднак сістэматычнай адукацыі атрымаць усё ж не давялося, прынамсі, такой, якая была ў Сцяпана Баранава.

* * *

Між тым, сёння не адзін Мітрафан Нарчук, камандзір Крутагорскага партызанскага атрада, які рабіў на вайне першыя свае крокі, меў патрэбу ў навуцы камандаваць і ваяваць.

Але па тым, як разгортвалася вайна, па выніках яе можна было меркаваць, што давалася гэта навука нялёгка. І перш за ўсе, няйначай, таму, што, у адрозненне ад звычайнай навукі, той, якую мы ўсе прывыклі ўяўляць мірнай, а разумець як «выразнае пазнанне ісціны», гэта мела другі выгляд і другую сутнасць і патрабавала чалавечых ахвяр, чалавечай крыві і многа матэрыяльных затрат, што ў пераважнай большасці выражаліся ў тых разбурэннях, якімі суправаджалася вайна.

Тым часам партызанам, якія стаялі побач з Нарчуком на цёмным полі паміж стоеных лясоў і вёсак, не было зараз аніякай справы да таго, умеў іхні камандзір камандаваць атрадам ці не. Да таго ж, не яны выбіралі яго. Ім прызначылі яго. Вывелі ў Машавой перад строем і сказалі: «Вось вам камандзір». Затое яны — і, хутчэй за ўсё, без выключэння — ведалі ўжо, што атрад іхні зусім не быў падрыхтаваны да таго, што яму належала здзейсніць.

 

1 Начлег (ням.).

ІІІ

Другім атрадам, які знаходзіўся ў забяседдзі, быў разведвальна-дыверсійны атрад Карханава, дзе правадніком стаў колішні Чубараў спадарожнік Шпакевіч.

Праўда, за правадніка Шпакевіч заставаўся зусім нядоўга, адно на першым часе, пакуль атрад пераходзіў лінію фронту. А тады стаў звычайным байцом, бо маршрут па тыле варожых войск па розных прычынах не супадаў з ранейшым, тым, па якому давялося прабірацца ў жніўні месяцы да лініі фронту Шпакевічу і яго двум таварышам. Зразумела, што і абавязкі ў атрадзе Шпакевіч выконваў звычайныя, акурат як і ўсе астатнія партызаны, дарма, што яны прайшлі на стрэльбішчах пад Масквой спецыяльную падрыхтоўку, у якую ўваходзіла вывучэнне падрыўной тэхнікі — сваёй і варожай, тактыкі дзеяння невялікімі падраздзяленнямі, разведкі і так далей; Шпакевічу пры гэтым прыдалося тое, што ён, будучы восаўцам, пахадзіў колькі часу разам з Халадзілавым з узрыўмашынай.

Лінію фронту партызаны пераходзілі тройчы. Дакладней, каб апынуцца на гэты бок яе, атраду давялося рабіць тры спробы. Два разы яны канчаліся няўдала, бо немцы перад пазіцыямі 284-й дывізіі тэрыторыю занялі ўжо не толькі ўздоўж фронту, аднак і далёка ўглыбіню. Затое трэці раз нішто не перашкодзіла партызанам — відаць, усё-ткі гітлераўцы не здагадваліся, хто гэтак настойліва колькі начэй трывожыў іх на Дзясне.

Перад тым як трапіць у забяседдзе, атрад Карханава ўжо меў на сваім баявым рахунку не толькі ўдалыя дырверсійныя вынікі на варожых камунікацыях, але нямала засад і крывавых сутычак. Гэта было вялікае дасягненне ў дзейнасці спецатрада. Тым часам у штабе брыгады асобага прызначэння, куды ўваходзіў атрад Карханава і якая не толькі мела намер, але і магчымасць распачаць масавую засылку за лінію фронту другіх атрадаў, чакалі таксама звестак наступнага характару: як наладжана ў гітлераўцаў ахова тылу, якія вайсковыя часці вылучаны вермахтам для падтрымання парадку і спакою на акупіраванай тэрыторыі і дзе яны размешчаны; як, у якіх умовах разгортваецца супраціўленне савецкіх патрыётаў «новаму парадку» ў тыле наступаючых нямецкіх войск і якая падтрымка неабходна мясцовым партызанам, падпольшчыкам, што ўзнімаюцца на барацьбу супроць захопнікаў.

Партызанскія сцежкі, якімі рухаўся спецатрад Карханава, праляглі праз шмат кіламетраў — спярша ўздоўж лініі фронту, калі атрад трымаўся ад яе не больш як за два начныя пераходы, затым па Бранскіх і Клятнянскіх лясах, дзе ўжо даводзілася ратавацца ад каманд праследавання, што вылучаліся армейскімі і тылавымі нямецкімі часцямі наўздагон дыверсантам. Гэты шлях аказаўся няпросты не толькі з прычыны ўскладненняў, якія ўзнікалі ў выніку баявой, дыверсійнай і разведвальнай дзейнасці, але і сам па сабе, з прычыны немалой адлегласці, што ўвесь час падаўжалася ад вымушанага манеўравання і новых задач, якія ставіліся перад атрадам.

У тым, што партызаны апынуліся па левы бок Бесядзі, Шпакевічавай заслугі, трэба сказаць адразу, таксама не было. Усё вырашылася даволі проста — спатрэбілася месца для пастаяннай базы, з якой можна было б адным часам і ажыццяўляць аперацыі, і падтрымліваць сувязь з тымі раёнамі, дзе ў атрада ўжо былі свае сувязныя, а ў населеных пунктах былі створаны групы супраціўлення. Выбар лёг на забяседдзе. Тут была магчымасць для партызан згубіцца на неабходны час у лясах, і адсюль бачыліся ім самыя зручныя дарогі ў раёны іхняй ранейшай дзейнасці — у тую ж Клетню, Людзінава, Жыздру, Дзяцькава...

Зусім неспадзявана да гэтага атрада далучыўся каля Верамеек і Радзівон Чубар.

Ратуючы асірацелае ласяня ад старога і нямоглага ваўка, які ўсё-ткі не страціў надзеі дапяць да свае ахвяры, што таксама ўжо не мела моцы ўцякаць, Чубар якраз і выйшаў тады на маскоўскіх партызан.

Як можна помніць, рушыў ён з ядлоўцавай паляны, папорканай скрозь дзікамі, наўздагад, гэта значыць, не разбіраючы дарогі. Ды і не ведаў ён ніякай дарогі тут, каб кіравацца свядома. Але, тым не менш, падхапіў на рукі ласяня і панёс прэч ад ваўка, адчуваючы, як усяго яго, быццам помслівае пачуццё, распірала знутры нейкая злосць, акурат яны з гэтым старым драпежнікам гналіся дасюль навыперадкі, дарма што адзін хацеў дагнаць сваю ахвяру, каб наталіць даўні і безнадзейны голад, а другі — наадварот, імкнуўся ўратаваць небараку.

За палянай пачаўся балотны хмызняк, пасля зноў пасушэла пад нагамі, але зусім цяжка стала ісці, калі на шляху трапіўся густы ельнік, праз які напрасткі можна было адно прасачыцца. Ломячыся як не мядзведжаю сілай па гэтай чашчобе, Чубар толькі адзін раз паклаў на зямлю ласяня, якое, здавалася, ледзьве дыхала ад стоенасці; вызваленае ласяня і тады не ўскінулася на ногі, нібыта ўжо і праўда цалкам спадзявалася на чалавека ва ўсім.

Накіроўваючыся ў лес, Чубар абяцаў прывесці гэтага малога звярка ў Мамонаўку Гапчынаму Міхалку, нават хлеб для прынады браў у таго. Але пасля, калі ўжо блукаў па незнаёмых мясцінах і калі яшчэ не адшукаў ласяня, планы яго памяняліся, у кожным разе, нават зусім не багата часу таму назад ён знаходзіўся ў нерашучасці адносна таго, як яму паступіць са сваім вяртаннем у пасёлак. Не было пэўнасці на гэты конт у яго і цяпер, калі на руках ужо ляжала жывая ношка. Ды і не магла яна, відаць, пакуль з’явіцца, тая пэўнасць. Тут, няйначай, патрэбна была самая звычайная дарога, каб яна раптам адкрылася наперадзе і каб на ёй можна было спыніцца, азірнуцца і глянуць у абодва канцы; тады б рашэнне само прыйшло ў галаву; тады б думка сама выяснілася, куды кіравацца.

Між тым, на самой справе нічога такога не спатрэбілася — ні рашацца на нешта, ні нават думаць над чымсьці. Раптам на прасецы, якая, нібыта калідор, пачалася за густым ельнікам, шлях Чубару перанялі ўзброеныя людзі. Іх было некалькі, і стаялі яны не хаваючыся, натоўпам. Адразу кінуліся Чубару ў вочы тыя два, што апынуліся бліжэй да яго, крокаў, можа, за дзесяць,— адзін у летняй чырвонаармейскай форме, з нямецкім аўтаматам на жываце і з гатовымі, хоць і расслабленымі, да стральбы рукамі на ім; другі ў цёмна-сінім, усё роўна як у міліцэйскім, шынялі з зусім выцвілымі, здаецца, зялёнымі пятліцамі на каўняры; прытым шынель гэты на ім быў такі не па росту вялікі, што цяжка было здагадацца, ці ёсць на чалавеку пад нізам яшчэ якая адзежа.

— Бач ты, паліцай, а таксама без мяса не хоча жыць,— акурат з дабрадушнай здзеклівасцю сказаў той, што трымаў расслабленыя рукі на нямецкім аўтамаце.— А ну, хэндэ хох1, сволач!

Ад нечаканасці Чубар, быццам у ачмурэнні, страсянуў галавой, але ўсярэдзіне не злякнуўся дужа і не пачаў тлумачыць незнаёмым людзям, хто ён і чаму бадзяецца тут — не так важна, хлусіў бы пры гэтым ці гаварыў праўду, усё роўна як зразумеў недзе, што на прызнанне ў яго яшчэ будзе часу. Да таго ж жывая ношка, якая займала рукі і якая замінала адразу выканаць каманду, таксама як бы давала магчымасць не спяшацца. Разам з тым і цягнуць час, марудзіць надта ў такім становішчы не выпадала. Гэта ўжо выглядала б выпрабаваннем цярплівасці.

Адным словам, становішча, можа, дакладней — сітуацыя, якая стварылася нечакана на лясной прасецы, калі насупраць пасталі ўзброеныя людзі, якія не толькі не ведалі адзін аднаго, але адкрыта выказвалі варожасць — прынамсі, адзін бок, то гэта дакладна ўжо, нездарма ж Чубар названы быў паліцаем,— дык сітуацыя гэта з’яўлялася надзвычайнай не толькі па сваёй выключнасці, не толькі па сваёй напружанасці, але, трэба сказаць, і па камічнасці.

Між тым, як бы Чубар ні адчуваў сябе спакойна, у вушах яго не пераставала стаяць абразлівая каманда «хэндэ хох», хоць ён, здаецца, запомніў найбольш апошняе слова — «сволач».

«Сам ты сволач!» — падумаў Чубар і скоса, але так, каб не выклікаць злосці ў адказ, паглядзеў на чалавека з нямецкім аўтаматам.

— Ну, ну,— прыспешыў той Чубара.

Другія таксама загаманілі ў натоўпе, але галасоў іхніх Чубар чамусьці не разбіраў, нібыта сапраўды далёка стаяў ці яшчэ якая прычына была на гэта. Таму ён не ведаў і пра тое, што выклікала галасы — абурэнне ягонай марудлівасцю, якая магла здавацца чалавечай няцямлівасцю, альбо што-небудзь іншае, напрыклад, выгляд ласяняці на бярэме.

Хочаш не хочаш, а трэба было класці на зямлю ласяня, вызваліць сабе рукі.

Чубар глянуў назад, убачыў крокаў за колькі два бярозавыя пні, якія вытыркаліся па баках зялёнай купіны, ужо наважыўся ступіць туды. Але не паспеў. Раптам другі чалавек, той, што быў апрануты ў цёмна-сіні шынель, рухава, нават увішна абышоў Чубара ззаду, тады ўчапіўся кляшчом за вінтоўку зверху і моцна пацягнуў яе з Чубаравага пляча. Чубар не стаў упірацца. Ён толькі адвёў назад плячо, прапусціў рэмень паміж рукой і ласянём; гэтага дастаткова было, каб вінтоўка тут жа апынулася ў чужых руках.

Абяззбройванне адбылося хутка і нечакана, акурат чалавек валодаў незвычайнай спрытнасцю, якая не кожнаму даецца, і нечакана не толькі для Чубара, але, няйначай, і для астатніх, хто знаходзіўся на гэтай прасецы, таму ў натоўпе людзей, якія сталі сведкамі абяззбройвання, выбухнуў рогат.

«Хто яны? — нарэшце свядома падумаў Чубар.— Акружэнцы ці, можа... партызаны».

Але як адгадаеш?.. Ні твараў знаёмых, ні знакаў адрознення. Нават адзенне і зброя і тыя не аднолькавыя ва ўсіх.

На памяць Чубару прыйшла колішняя сустрэча яго ў лесе за прыфрантавой вёскай з групай байцоў і камандзіраў, якія неслі параненага палкавога камісара. Тых можна было пазнаць, як кажуць, яшчэ за вярсту, хто ды адкуль. А гэтыя?

Між тым, па ўсім станавілася зразумела, што далей чыніць гвалт над ім ніхто не збіраўся, усё роўна як гэтым людзям дасюль калі і не хапала чаго, дык такога вось выпадку, як зараз, каб адно пацешыцца ды парагатаць. Але і спадзявацца на разуменне надта не даводзілася — цяпер кожны на хуткую расправу няпісаны дазвол пры сабе меў.

Нарэшце рогат паступова пачаў аціхаць. Тады да Чубара падскочыў усё той жа нізкарослы чалавек у цёмна-сінім шынялі, што на нейкі час быў згубіўся з Чубаравай вінтоўкай у натоўпе. Здавалася, на яго тут не было ніякай управы, і дзейнічаў ён самастойна, нібыта меў упэўненасць, што заўсёды знойдзе падтрымку ў сваіх спадарожнікаў. Доўга не думаючы, чалавек гэты павярнуў Чубараву вінтоўку прыкладам наперад і штурхнуў Чубара ў плечы.

— Пшоў!

Ступіўшы трохі збоч, чалавек у цёмна-сінім шынялі зноў ускінуў вінтоўку руляй угору.

Болю Чубар і тады, і цяпер ад штуршкоў не адчуў, аднак галаву паспяшыў уцяць. Пры тым ён паспеў прыкмеціць, што іншай зброі, акрамя ягонай вінтоўкі, у чалавека ў цёмна-сінім шынялі не было. Мусіць, таму і паспяшаўся ён колькі часу назад, каб завалодаць ёю.

«От жа гніда!» — стаіў у сабе злую думку Чубар і з гэтай думкай, нібыта безвач, ступіў нягнуткімі нагамі раз і другі па карчакаватай прасецы, сілячыся здагадацца, куды ісці далей. На шчасце, кідацца ў развагах доўга не прыйшлося, бо ўжо ў наступны момант яго перагнаў хтосьці і засігаў паперадзе.

Так яны і ішлі пакуль па прасецы — спярша партызан ці чырвонаармеец (Чубар усё яшчэ не ведаў, хто яго акружаў), затым Чубар з ласянём на руках, а за імі ўсе астатнія, у тым ліку і чалавек у цёмна-сінім шынялі, які для Чубара, бадай, назаўсёды зрабіўся ўжо «гнідай».

Ніхто не шумеў ззаду і не спяшаўся перагнаць адзін аднаго, таксама як і не датыкаўся больш да Чубаравай спіны. Хоць Чубару разам з тым і трывожна было ўвесь час ісці, што гэтак падстаўляў яе і не меў магчымасці не толькі абараніцца, аднак і бачыць наперад, што магло наогул пагражаць яму адтуль.

Ласяня ён па-ранейшаму не рашаўся выпускаць з рук, бо ведаў — людзі, якія перастрэлі яго тут, на прасецы, і спярша абяззброілі, а пасля павялі кудысьці з сабой, няйначай, пакуль зусім не здагадваліся, што знаходзілася на бярэме ў «паліцая». Яму чамусьці здавалася, што як толькі ён скажа ім, што гэта не сялянская жывёліна, а дзікая, то адразу нешта здарыцца. Да таго ж выпускаць ласяня з рук проста нельга было — апынуўшыся на зямлі, яно зрабілася б яшчэ больш бездапаможным.

Між тым, галасы за спіной у Чубара паступова суняліся, і людзі ўжо ішлі ўслед за ім акурат так, быццам не хацелі дарэмна растрачваць свае душы на злосць.

Дзіўна, але і цяпер, калі Чубар адчуў гэта, ён не рашаўся ўступіць са сваімі канвойнымі ў перамовы. Хоць, з другога боку, не вельмі ўжо і дзіўным здавалася ягоная нерашучасць, бо па ўсім было відаць, што вялі яны яго кудысьці знарок, значыць, у іх недзе, можа, нават непадалёку, ёсць лагер, ну, калі і не лагер у звычайным разуменні гэтага слова, то якая-небудзь часовая стаянка. Бадай, там і будзе канчаткова вырашацца ягоны лёс. Такім чынам, сапраўды нібыта выходзіла, што спяшацца з тлумачэннем, што ён не паліцай, а зусім наадварот, што яны дарэмна палічылі яго за нямецкага прыслужніка, усё яшчэ не тое, што не варта было, але і не мела сэнсу. Ці мала што зноў магло пачацца ў сувязі з такой спробай.

На здзіўленне, Чубар не выказваў таксама і хоць колькі страху. Прынамсі, таго страху, які прымушае чалавека не толькі прыходзіць ва ўтрапенне, але часам пакрывацца халодным потам. Аказваецца, недарэмна пахадзіў ён тады, у жніўні месяцы, вакол вайны... Адыграла нейкую сваю ролю ў адсутнасці страху і тое, што апошнія тыдні Чубар пражыў адасоблена ў Мамонаўцы, у Гапкі Азаравай, і знаходзіўся там, акурат адгароджаны ад усяго свету. І вось гэтыя дзве акалічнасці цяпер не ўзаемавыключалі адна адну, а, наадварот, дапаўнялі, надаючы Чубару ў нейкай ступені і амаль абыякавасці да небяспекі, і ўпартасці ў паводзінах.

Прасека тым часам усё не канчалася, хоць у Чубара і не было пэўнасці, што па ёй давядзецца ісці скрозь. Як і належыць увосень, у лесе пахла грыбамі апенькамі, якія альбо тоўпіліся ў невысокай траве жоўта-белымі стайкамі, альбо гарнуліся да бярозавых пнёў, а дзе-нідзе нават узбягалі, быццам шустрыя гарэзы, знізу на дрэвы, што стаялі абапал прасекі. Калі на апенькі наступаў хто, яны хрумсталі пад нагамі з нейкай далікатнай, але ядранай кволасцю.

Чубаравы канвойныя, аднак, нядрэнна ведалі дарогу, прынамсі, той, што крочыў паперадзе, арыентаваўся на прасецы даволі ўпэўнена; няйначай, ён знаходзіўся ў ваколіцах Верамеек не сённяшні дзень,— гэта Чубар адзначыў для сябе найперш, бо хвілін праз некалькі чалавек гэты зусім без чужой падказкі павярнуў з прасекі направа, дзе паміж елак хавалася наезджаная лясная дарога з глыбокімі, багністымі каляінамі. Зразумела, што Чубар таксама падаўся за ім.

На лясной дарозе Чубаравы канвойныя пабраліся ў ланцуг, але ішлі па-ранейшаму ціха, нават цяжка; відаць, перад тым як апынуцца тут, яны прарабілі аднекуль немалы шлях. Сёй-той з іх ажно засынаў на хаду, дарма, што досыць трывала, няйначай, па салдацкай звычцы, тупаў па конскай выбоіне паміж каляін. Нарэшце Чубар пазнаў дарогу, якой ішлі. Якраз па гэтай дарозе ён вяртаўся некалі ў Мамонаўку, калі абначыўся ў хатцы-лупільні. Але той раз Чубар бег тут зусім у сутонні, яшчэ да сонца. І ўсё-ткі як ні спяшаўся ён абмінуць тады лесам у прыцямковай шэрані Верамейкі, а вялікі выварацень, падобны нечым з тыльнага боку, дзе паміж карэння не адбілася пры падзенні чорная зямля, на кляновы ліст, паспеў агледзець. Па ім ён цяпер і пазнаў дарогу. Чамусьці і гэты раз выварацень той таксама кінуўся найперш у вочы, стаўшы выразнай прыкметай. Ад яе можна было ўжо мераць адлегласць у адзін і другі бок. Прынамсі, Чубар цяпер з пэўнасцю мог сказаць: неўзабаве за краем леса, што паступова дзічэў і поўніўся заваллю, каб нібыта неўпрыкмет перайсці ў балота, парослае альхоўнікам, адкрыецца знаёмы грудок з хаткай-лупільняй.

Скарыстаўшы тую акалічнасць, што спадарожнікі яго нібыта забыліся пра ўсё, у тым ліку і пра злоўленага «паліцая», Чубар павярнуў галаву назад, затым гэтаксама ж крадком азірнуўся па баках. Здавалася, лепшага месца і лепшага выпадку, як цяпер, каб уцячы, нельга было выбраць. У дадатак да таго, што канвойныя страцілі пільнасць, над самай дарогай, ледва не закрываючы ніжнімі галінамі каляіны, навісаў густы зараснік з арэшніку, а далей сцяной стаялі высокія дрэвы з тоўстымі камлямі ствалоў, якімі, ратуючыся кароткімі перабежкамі ад стрэлаў, можна было лёгка сабе засланяцца.

Чубар зварухнуў здранцвелымі рукамі. Ласяня таксама адчула ягоны неспакой, здрыганулася, насцярожана ўскінула галаву.

Але дарэмна. Дарога ўжо выходзіла на грудок, наперадзе пазначылася вялікая прасветліна.

Злева на грудку адразу кінулася вачам тры вайсковыя палаткі. За імі — яшчэ нейкае прыстасаванне для жылля, мусіць, звычайны лясны будан, складзены з зялёных лапін. Там, каля гэтага будана, ледзь прыкметна дымілася вогнішча і там знаходзілася некалькі чалавек у такім жа напаўчырвонаармейскім адзенні, як і ў Чубаравых канвойных.

«Ну вось,— неяк весела сказаў сабе Чубар,— тут ужо нельга маўчаць, нават калі і змушаць стануць, каб не гаварыў».

Сумнення, здаецца, не было ўжо — на грудку атабарылася нейкая вайсковая часць.

Ланцуг, што ўтварыўся з Чубаравых канвойных на дарозе, тут адразу рассыпаўся, зноў перайшоў у невялікі натоўп. І Чубар нават не паспеў пасля заўважыць, як гэты натоўп змяшаўся з тым, што варушыўся каля вогнішча. Прынамсі, неўзабаве ўжо нельга было пазнаць, хто апынуўся тут толькі што, а хто знаходзіўся раней. І далей, што адбывалася потым каля вогнішча, Чубар таксама не бачыў. Затое не прамінула і пяці хвілін часу, як зноў пачало паўтарацца нядаўняе, тое, што рабілася на прасецы: Чубара абступілі паўкругам незнаёмыя людзі, у ліку якіх, няйначай, знаходзіліся і былыя яго канвойныя, і нановы раз выбухнуў рогат. Як жа, паліцая злавілі ды яшчэ з крадзеным цялёнкам на руках!

А чаму паліцая?

Чаму, напрыклад, не партызана?

Аднекуль да Чубара зноў падскочыў чалавек у цёмна-сінім шынялі, пачаў выскаляцца ды пагражаць:

— Ага, паліцэйская морда! Вось зараз табе пакажуць, як цялят рабаваць! — Пры гэтым, у вачах яго стаяла наогул нейкае дзікае і шумнае шчасце.

Поўны непрыязнасці, якая не пакідала з таго моманту, як ён атрымаў ад гэтага чалавека штурхяля ў спіну прыкладам вінтоўкі, Чубар сказаў з пагардай:

— Гэта не тое, што ты думаеш, гэта — ласяня.

Здавалася, такая акалічнасць, што на руках у «паліцая» замест адной жывёліны апынулася другая, да таго ж дзікая, на момант збянтэжыла людзей. Рагатаць і хапацца за бакі перасталі разам амаль усе, аднак ужо ў наступны момант з натоўпу пачуўся голас — адным часам і наіўна-разважлівы, і падбухторлівы:

— Ну і што, калі ласяня?

Гэтага дастаткова было, каб недарэка ў цёмна-сінім шынялі зноў заскакаў перад Чубарам, нібыта ў танцы, заенчыў:

— Ага, ну і што?

Цяпер, калі ён увесь час круціўся паперадзе і на вачах у Чубара, з’явілася магчымасць разгледзець чалавека, дакладней, чалавечка: шынель не вінаваты быў у тым, што вісеў на ім; ён быў пашыты звычайным ростам і на звычайнага чалавека. Іншая справа, што чалавек патрапіў зусім нягеглы. Але не гэта ўразіла Чубара. Урэшце, ці мала якім удаецца нарадзіцца каму? Адзін, як за Крычавам кажуць, з каломенскую вярсту, другі — карантыш. Здзівіў Чубара не рост. Неяк нядобра кінулася ў вочы яму ўсё роўна як нежывая васковасць, што ляжала не толькі на маршчыністым твары, а і на ўсёй вялікай галаве, падобнай чамусьці на галаву верамейкаўскага Мікіты Драніцы. Было такое ўражанне, што гэта адмірала ўжо на чалавеку скура.

— А тое, што не аддам! — сказаў упарта Чубар.

— Глядзі ты, паліцай, а таксама вы...цца,— кінуў на ягоную ўпартасць хтосьці з натоўпу.— Шлёпнуць яго!

Гэтае «шлёпнуць» гарачым металам штурханула Чубара ў грудзі.

— Адкуль вы ўзялі, што я паліцай? — нарэшце закрычаў ён ледзь не на ўвесь голас.

— А то хто ж ты? — зусім не здзівіўся, але таксама крыкнуў, усё роўна як здалёку, ужо знаёмы голас, які толькі што пагражаў «шлёпнуць» Чубара.

— Старшыня мясцовага калгаса.

— Ну, гэта мы яшчэ паглядзім, які ты старшыня,— няйначай, ад нечаканасці засмяяўся чалавек з жоўтай галавой.— Прызнаешся...

— Няма ў чым прызнавацца мне. Вядзіце да начальства, вядзіце ў асобы аддзел!..

— Бач, захацеў чаго?

— Ага, вядзі яго адразу да начальства!..

— Да бога высока, а да начальства далёка.

Галасоў цяпер сыпалася з усіх бакоў так многа, што Чубар нарэшце перастаў адрозніваць на слых, каму належалі яны. Здавалася, што кожны з прысутных лічыў патрэбным выказаць свае адносіны да таго, што адбывалася тут, акурат знарок ніхто не хацеў, каб чалавек, якога прывялі сюды пад канвоем, аказаўся не паліцаем, а старшынёй калгаса.

«Дзіўна,— падумаў Чубар,— гэтыя людзі паводзяць сябе так, нібыта, акрамя паліцаяў, ім нікога больш не даводзілася бачыць і сустракаць».

— І ўсё-ткі прыйдзецца вам паказаць мяне свайму начальству, раз самі не верыце,— сказаў ён.

— Ну, гэта ніколі не позна зрабіць,— раптам на дзіва памяркоўна пачулася ў адказ.— А цялёнка свайго і праўда аддайце. Якраз на вячэру сёння паспее.

Чубар павярнуў галаву ў той бок, адкуль гаварыў чалавек. У бруднай, але белай накідцы стаяў крокі за два ад яго справа повар з нажом у голай засуканай руцэ. Быў ён худы і ўсмешлівы.

— Я ўжо казаў,— паморшчыўся ад чалавечай няцямлівасці Чубар,— што гэта — ласяня.

— Гм,— здзіўлена паціснуў плячамі повар,— а падобна на каровіна дзіця.— Ён падышоў, пакратаў вольнай рукой за поўсць звярка, тады ўзяўся за вуха.

Ласяня насцярожылася, памкнулася вырвацца з Чубаравых рук. Але дарэмна — здолела адно таргануцца. Чубар па-ранейшаму моцна трымаў сваю ношку, дарма што ўжо амаль не мог павесці рукамі.

— Сапраўды... ласяня,— зноў у здзіўленні паціснуў плячамі повар.— Дзе вы яго ўзялі? — спытаў ён Чубара.

— У ваўка адбіў. Нёс, а яны вось перастрэлі.

— І куды вы збіраліся падзець яго?

— Ну, трэба ж было неяк ратаваць.

— Адкуль жа яно ўзялося тут? І чаму адно? Без бацькоў?

— Выйшла так,— не стаў тлумачыць Чубар.

— Халера, можа, ён і папраўдзе не паліцай, а старшыня тутэйшы,— хіхікнуў хтосьці, зайшоўшы Чубару ззаду, акурат маючы намер упэўніцца, ці ёсць там якія-небудзь адзнакі гэтаму.

Тады повар павярнуўся да ўсіх, спытаў:

— А хто ўведаў, што ён паліцай? Сам сказаў?

— Ды не...

— Адкуль жа тады такая катэгарычнасць?

Натоўп раптам замуляўся.

— Дык...

Але не ўсе яшчэ здаваліся.

— Ну а табе што? — пачуўся голас з самай сярэдзіны натоўпу.— Без цябе разбяруцца, што да чаго. На тое начальства ёсць. Скажы лепей, што на мяса вось узбіліся зноў, а то б нішчымніцай па-ранейшаму давіліся.

— Не надта вы...

Няйначай, повар хацеў запярэчыць на гэтыя словы, але не паспеў. Распіхваючы натоўп, паперад яго выйшаў... Шпакевіч.

Чубар няверліва ўскінуў галаву, адчуваючы разам з тым слабасць у нагах.

— Разыдзіцеся, таварышы,— ціха сказаў Шпакевіч.— Гэта мой знаёмы, таварыш Чубар.

У натоўпе хтосьці зарагатаў. Тады сказаў з прытворнай скрухай:

— Ну вось, і сёння не пашанцавала Патолю. Асечка выйшла. Думаў, што вінтоўкай назаўсёды завалодаў, а тут... Давядзецца назад аддаваць.

Мусіць, Шпакевіч сярод гэтых людзей меў немалую вагу, бо ніхто з ім не стаў уступаць у спрэчку. Праўда, самы спрытны, вядома, пасля Патолі,— а таго чалавека ў цёмна-сінім шынялі звалі, аказваецца Патолем,— дык самы спрытны з іх, які нядаўна падказваў «шлёпнуць» Чубара, сказаў яшчэ перад адыходам адсюль:

— Але ж гэты... старшыня... Таксама недарэка нейкі. Мог адразу, яшчэ тады, як бралі яго, сказаць, што не паліцай. Цяпер бы непаразумення не было. А то...

* * *

Нечаканая сустрэча з Чубарам усхвалявала Шпакевіча, у нейкіх адносінах нават збянтэжыла, магчыма, найбольш таму, што ўвесь час ён думаў, што былы ягоны спадарожнік недзе ваюе на фронце. Аднак атрымалася наадварот. Чубар зноў знаходзіўся ў забяседдзі і ў ранейшай сваёй якасці — адзін і без чужой дапамогі, бо іначай ён не апынуўся б у гэтакім становішчы, як цяпер, калі спатрэбілася вызваляць яго ад партызан. Між тым, Чубар стаяў перад ім усё ў той жа плісавай «талстоўцы», што была на ім і тады, як яны сустрэліся першы раз, на беразе Дзяражні, дарма што Шпакевіч некалі ў Пёкліне зняў са свайго пляча дзеля яго шынель. І ўсё іншае на Чубару заставалася, як і тады,— ялавыя боты, штаны ў палоску, картуз з вышчарбленым казырком. Праўда, адсутнічала вінтоўка, але Шпакевіч не спыніў на гэтай акалічнасці ўвагі, бо помніў — зброю ў Чубара забралі ў Пёкліне. Яму было няўцям, што Чубар за гэты час, як яны не бачыліся, меў ужо другую вінтоўку. І яе таксама забралі ў яго. Затое цяпер Чубаравы рукі заняты былі жывым бярэмам, і выгляд колішні ягоны спадарожнік меў такі, быццам яго заспелі ў зладзеях.

Дзіўна, але Шпакевіч таксама спярша падумаў, што Чубар трымае на руках цяля...

— Адкуль ты ўзяўся, Радзівон?

— Пачакай, вось зараз...

Уздыхнуўшы на поўныя грудзі, Чубар паспрабаваў паставіць на зямлю ласяня. Але тое адно дыбнулася на ножках, тады, акурат з прывычкі ўжо, павалілася на траву.

Даўшы вызваліцца Чубару ад ношкі, Шпакевіч зноў спытаў, праўда, без ранейшага парыву:

— Чаму ты тут, Радзівон?

— Не выйшла ў мяне тады ладам,— нахмурыўся Чубар.— Заблытаўся ўначы ў незнаёмым наваколлі і не дайшоў у Журынічы.

Пераскокваючы з аднаго на другое, Чубар пачаў расказваць Шпакевічу, што з ім здарылася далей, як трапіў сюды, у забяседдзе. Не прамінуў, зразумела, прыгадаць і пра сустрэчу з групай чырвонаармейцаў, якая адбылася ў яго непадалёку ад вёскі Шыраеўка, пра гаворку сваю з былым далёкаўсходнім партызанам, а цяпер палкавым камісарам.

— Гэта ён мне параіў вярнуцца ў свае мясціны.

Шпакевіч слухаў, ківаў галавой, усё роўна як шкадаваў Чубара. Вядома, ён нават не здагадваўся, што Радзівона ў лесе за Шыраеўкай звёў лёс якраз з тым палкавым камісарам, якога яму, Шпакевічу, давялося бачыць ужо мёртвага, калі група акружэнцаў у жніўні месяцы пераходзіла з боем лінію фронту ў паласе абароны 284-й дывізіі.

Чым бліжэй падыходзіў Чубар у сваім расказе да сённяшняга дня, тым больш рабіўся шчодры на падрабязнасці, акурат паступова адчуваў неспакой, штокольвечы ў ягонай «адысеі» застанецца для субяседніка, па меншай меры, непераканаўчым.

— Наколькі я зразумеў цябе,— паклаў руку на плячо Чубару Шпакевіч,— атрада партызанскага ты яшчэ не стварыў?

— Не.

— Тады паступай у наш.

— А што гэта за атрад, дазволь спытаць?

— Разведвальна-дыверсійны. З-за лініі фронту.

— А як ты апынуўся ў ім?

— Спярша за правадніка бралі, хацелі, каб я правёў атрад тымі шляхамі-дарогамі, якімі мы некалі ішлі з табой к фронту, але пасля планы памяняліся. Проста немцы прымусілі нас зрушыць на другія шляхі-дарогі. Таму атраду давялося шукаць іншых праваднікоў, якія ведалі мясцовасць, а я стаў байцом. Сумяшчаю абедзве прафесіі — і дыверсійную, і разведвальную.

— А Халадзілаў?.. Дзе ён? Таксама ў гэтым атрадзе? — спытаў Чубар.

— Не. Халадзілаў загінуў.

Сказана гэта было неяк проста, нават з адценнем абыякавасці ў голасе, ажно Чубара нядобра кальнула ў сэрца.

Больш таго, Шпакевіч чамусьці зусім не стаў працягваць размову пра былога іхняга спадарожніка. Ён раптам усміхнуўся, паказаў на ласяня і спытаў:

— А гэта — што ў цябе?

Дзіўна, але тое нібыта зноў зразумела, што размова пайшла пра яго, падхапілася на ножкі і скочыла ўбок. Ды недалёка. Тут жа вярнулася, акурат ужо прыручанае, да Чубара, тыцнулася пысай пад калені яму; не ў прыклад чалавеку, які патрапіў нямала сілы, пакуль нёс яго, і не вярнуў яшчэ, гэта істота зрабілася адразу жвавая, дарма што не стала, брыкаючыся, гойсаць з канца ў канец па грудку.

— Ды вось,— развёў рукамі Чубар, усё роўна як засаромеўся раптам свайго ўчынку, што прынёс сюды, на гэтую грыву, ласяня; тады пачаў расказваць, як яно засталося на верамейкаўскім сухадоле сіратой, як далучылася пасля да яго, як яны начавалі разам у гэтай хатцы-лупільні, як на другі дзень Чубар уцякаў ад яго і як сёння знарок шукаў...

Такой адданасцю, калі не сказаць болей, Чубар мог расчуліць хоць каго, таму Шпакевіч, усміхаючыся скрозь павільгатнелыя вочы, яшчэ спытаў:

— Ну, ад ваўка ты яго адбіў, ад нашых, здаецца, таксама ўжо абараніў, а далей? Што далей ты збіраешся рабіць з ім?

— Ратаваць, каб не загінула адно.

— Ці ж навокал другіх ласёў няма, каб і гэтае далучыць да іх?

— Уся штука ў тым, што няма.

— Хіба?

— Так, няма.

— А гэтыя адкуль узяліся?

— З вайной аднекуль прыйшлі.

— І мужыкі вашы адразу паквапіліся?

— Ды не, застрэліў старога лася не наш чалавек. Прышлы.

Не праганяючы з сваіх вачэй усмешкі, Шпакевіч паківаў галавой:

— Аднак жа і клопат у цябе, Радзівон!..

— А то не клопат?

— Я і кажу — клопат.

Шпакевічу не хацелася крыўдзіць паблажлівасцю Чубара, але, тым не менш, і зразумець да канца яго ён няздольны быў — нягледзячы ні на якія акалічнасці, цяперашні Чубараў клопат усё-ткі хутчэй нагадваў дзівацтва, чым што іншае.

«Канечне,— падумаў Шпакевіч,— пабадзяешся столькі на адзіноце, то не толькі дзіваком станеш, але і ...»

— А вашы таксама — аддай ды аддай,— з непрайшоўшай крыўдай сказаў Чубар.— Мяса ім, бачыце, захацелася!

— Байцоў зразумець трэба, Радзівон,— уздыхнуў Шпакевіч.— Карміцца ва ўмовах акупацыі не так сабе.

— Але ж я казаў ім — ласяня!

— Ну але, ты так даводзіў, што на руках трымаеш не цяля, а ласяня, што нават забыў растлумачыць незнаёмым для цябе людзям, хто ты сам!..

— А яны не дужа пыталіся. Як адразу нехта крыкнуў «паліцай», так і прывялі сюды «паліцаем». Аднак справу я ўсё-ткі добрую зраблю.

— Якую?

— Ды з ласянём гэтым. Яго зберагчы трэба. Вайне ж не вечна быць, а ласёў тут няма. Ва ўсякім выпадку, пры мне, пакуль я тут, ніхто іх не бачыў. Дык няхай цяпер разводзяцца.

— Ну, да разводу яшчэ далёка,— акурат запярэчыў Шпакевіч.— Гэта паку-у-уль малое вырасце. І ці вырасце наогул? А там, можа, і пары не дастане. Сам жа кажаш, раней у вашых лясах звяроў такіх не было.

— Але ж вось з'явіліся!

— Гэта яшчэ нічога не значыць, што з’явіліся. Не ўсе ж такія апантаныя, як ты. Нябось, мужыкі вашы, забіўшы лася, вінаватасцю па начах не пакутуюць? Словам, узваліў ты на сябе, Радзівон, клопат. Не хачу сказаць, што дарэмны, толькі зусім не па вайне. Тут людзей не заўсёды шкадуюць, а ты — звера. Але як жа нам быць з табой?

— Ну, цяпер проста, раз мы сустрэліся,— разважыў Чубар.— Гэта я думаць мог дасюль, а цяпер...

— Трэба паказаць цябе камандзіру. Здаецца, ён вярнуўся ўжо.

— Адкуль?

— Пра гэта не кожны павінен ведаць.

— А-а-а,— кіўнуў галавой Чубар.

Шпакевіч адчуў, што той пры гэтым сумеўся, сказаў, быццам удакладніў:

— Так прынята ў нас. Ды і наогул... у войску.

— Добра, паказвай свайму камандзіру. Але перад тым скажы, каб аддалі мне маю вінтоўку.

— Якую вінтоўку?

— Кажу, маю.

— А яна ў цябе ёсць? Здаецца ж, тады, у Пёкліне...

— Гэта я забыў табе сказаць. Мне палкавы камісар і вінтоўку даў. Лейтэнант той у Пёкліне забраў маю, а палкавы камісар новую даў. Кажа, без вінтоўкі вяртацца дамоў не трэба. Ну, а вашы вось зноў сёння абяззброілі. І ўзрадаваліся.

— У каго яна цяпер?

— У нейкага Патолі.

— А-а-а,— зразумела кіўнуў галавой Шпакевіч,— тут у нас такая справа... у атрад прыходзяць новыя людзі, а зброі не маюць. Даводзіцца здабываць рознымі шляхамі.

— Але ж такому тыпу, як ваш Патоля, ці варта наогул дазваляць зброю?

— Чаму раптам?

— Бо злосны дужа. На сабе адчуў.

— Значыць, табе ўсё-ткі дасталося? Бывае. А чалавек ён, мне здаецца, нічога, гэты Патоля. Можа, залішне мітуслівы. Іншым разам робіцца нават зухаватым. Тады яму, відаць, і мора па калена.

— Гэта ты за яго заступаешся, што і ён міліцыянер. Рыбак рыбака бачыць здалёку.

— Чаму ты рашыў, што ён міліцыянер?

— Па форме бачу. Такая ж, як і ў міліцыі, цёмна-сіняя, не вайсковая.

— Наадварот. Гэта форма армейская, лётсаставу.

— Дык што — ён лётчык, ваш Патоля?

— Авіятэхнік.

— А я думаў — царкоўны стараста.

Шпакевіч засмяяўся. Спытаў весела:

— Чаму раптам?

— Жоўты ўвесь. Усё роўна як воск у царкве тапіў ды свечкі рабіў.

— Ці мала што можа здацца.

— Ён што? Таксама з-за лініі фронту прыйшоў з вамі?

— Не. Тут далучыўся. У акружэнне трапіў каля Суража.

— Каля якога? Іх жа два.

— Не, іх, здаецца, больш нават, чым два. Але гэты тут, недалёка.

— Што па дарозе на Унечу?

— Так.

— А то ж і каля Віцебска яшчэ ёсць.

— Я ведаю. Дык вось, Патоля гэты кажа, што ў самога Краўчанкі тэхнікам служыў, самалёт даглядаў.

— Хлусіць ён.

— Ды не. Здаецца, не хлусіць. У нас тут ёсць адзін Герой Савецкага Саюза, маёр, дык той таксама казаў, што нібыта бачыў Патолю на Бялынкавіцкім аэрадроме, калі туды Краўчанка прылятаў.

— Даруй, а хто такі Краўчанка?

— Ну, гэта ты павінен быў ведаць! Двойчы Герой Савецкага Саюза. Помніш, Грыцавец, Сяроў, Смушкевіч. Чацвёрты — Краўчанка.

— І ўсё-ткі хлусіць твой Патоля!

— Добра, няхай. Урэшце, не ў гэтым справа. Але што мы стаім тут, пасярэдзіне? Давай-тка пашукаем месца сабе, каб і пасядзець можна было, і вочы не дужа мазоліць другім. А то ласяня тваё, няйначай, апетыт байцам наганяе.

— Ну вось, ты таксама...

— Не хвалюйся, я гэта жартам. Але тым часам і раю — з вачэй не дужа спускай. Голад, брат, не цётка.

— А што, даводзіцца галадаць?

— Ды не, гэта я так сказаў. Дзеля парадку. Звычайна справа да галадання не даходзіць. У кожным разе, да працяглага. Усё-ткі паўсюды свае людзі, дарма што нягоднікаў таксама хапае. З голаду прапасці не дадуць. Ды і з палёў калгасных пакуль што не ўсё прыбрана, асабліва бульба выручае. Урэшце, што я табе кажу? Паходзіш вось так, як яны,— кіўнуў ён галавой за палаткі, дзе знаходзіліся партызаны,— патуляешся па лясах ды балотах, тады і сам усё зразумееш, сентыменты з галавы выкінеш.

— Справа не ў сентыментах.

Яны адышліся за палаткі, селі на аблупленае крывое дрэва, якое, мусіць, было прынесена аднекуль сюды ці то на дровы для вогнішча, ці то знарок замест лаўкі. Тут панаваў зацішак — і ад людзей, і ад сонца, якое, праўда, пахіліўшыся збоч, не надта ўжо і даймала гарачынёй, каб шукаць ад яго паратунку.

Сядаючы на новым месцы, Шпакевіч падзівіўся з ласяняці, якое таксама падалося следам за імі на гэты бок палатак:

— Бач ты, звер недарослы, а разумее, што да чаго, хінецца, як да свайго.— Памаўчаў, затым паглядзеў на Чубара, сказаў зусім пра іншае: —Значыць, ты, Радзівон, зноў дома?

— Лічы, што так.

— А хіба не?

— Ну...

— Ах так! Я і забыў, што не жанаты, таму не займеў уласнага дома. Ну, а цяпер, бачу, і свайго не маеш, і казённы страціў. На нелегалку перайшоў?

— Амаль што.

— А я вось тупаю ўвесь час, як кажуць, з усходу на захад, перабіраюся з аднаго раёна ў другі і думаю сабе паціху, каб не сурочыць,— можа, пашанцуе вось так паступова да Прыпяці дапяць, у Мазыры сваіх пабачыць. У сне часта прыходзяць.

Яшчэ калі яны стаялі на грудку адзін перад адным, Чубар збольшага паспеў угледзецца ў Шпакевіча. Здаецца, асаблівых змен у абліччы яго не адбылося. У хвіліну роздуму ён усё так жа ссоўваў да пераносіцы свае выгаралыя бровы, на адным з якіх не зарастаў знаёмы плешык, што заставаўся на скуры ад нейкага даўняга, бадай, яшчэ дзіцячага выпадку. Па-ранейшаму на рамяні ў яго вісеў наган у брызентавым кабуры. І толькі вялікія цёмныя вочы, якія некалі, пры першай сустрэчы, абласкалі Чубара,— так, іначай не скажаш пра той момант,— здавалася, назапасілі за гэты час у сваёй глыбіні значную долю насцярожлівай колкасці.

Дзіўна, аднак усё тым жа дрыготкім голасам прамаўляў Шпакевіч, калі гаварыў пра сваіх,— пра жонку і сына, якому не было пакуль яшчэ і шасці. Але тады, у жніўні месяцы, ён не рабіў гэтакіх доўгіх перапынкаў паміж слоў, можа, таму, што, клапоцячыся пра сям’ю, ён адным часам і расказваў спадарожніку пра яе. Сёння ж гэтага не трэба было рабіць, бо Чубар ведаў ужо ўсё з таго разу.

Няйначай, Шпакевіч чакаў цяпер, што Чубар пачне спачуваць яму, прынамсі, пачне доўжыць размову, трымаючыся зададзенага ўжо. Але той, памаўчаўшы трохі, вярнуўся да іншага.

— Я не зусім зразумеў цябе надоечы,—сказаў ён, павяртаючы позірк да Шпакевіча. — Што з Халадзілавым?

— Ну, а што тут разумець трэба? Загінуў Халадзілаў. Я ўжо сказаў, здаецца.

— А ўсё-ткі... як ён загінуў?

— Звычайна. Як на вайне гінуць?

— Ну...

— Ты лепей раскажы, Радзівон, пра сябе яшчэ.

— Дык я пра сябе, здаецца, усё ўжо сказаў. Ага, усё.

Шпакевічава нежаданне — а яно відавочна было — гаварыць пра смерць Халадзілава раптам збянтэжыла Чубара, выклікала ў ім адным часам і недаўменне, і раздражнёную нездаволенасць, можна было падумаць, што з былым іхнім спадарожнікам здарылася нешта такое, аб чым цяпер нават успамінаць не варта. І гэтыя збянтэжанасць, а потым раздражнёная нездаволенасць хутка знайшлі сабе выйсце. Чубар спытаў:

— Вы што?.. Пасварыліся з Халадзілавым ці яшчэ горай?

— Адкуль ты ўзяў?

— Муляешся, бачу. Як толькі я пытаць пачынаю пра Халадзілава, ты ўсё роўна як супраціўляешся. Нібыта ад хваробы якой адмахваешся.

— І не супраціўляюся я, і не адмахваюся,— уздыхнуў Шпакевіч.— Ну, гэта... Як бы табе растлумачыць, каб ты зразумеў. Проста я ўжо шмат пабачыў пасля таго іншых смерцяў. Не паспееш сысціся з чалавекам, а яго... то куляй, то асколкам, а то і зусім... Словам, адбылося тое, што і павінна было здарыцца. Смерць Халадзілава стала для мяне звычайнай. Яе паспелі засланіць другія. Цэлы шэраг. І Халадзілаў далёка ў гэтым шэрагу. Вайна, брат, і наогул — нялёгкая гэта справа расказваць, як паміраў альбо гінуў чалавек. Не кожнаму яна па сіле.

* * *

Блізка к вечару таго ж дня адбылася сустрэча ў Чубара з камандзірам атрада.

Хоць рэкамендацыі Шпакевіча і былі надзейныя, аднак, тым не менш, давялося Чубару шмат расказваць Карханаву — і пра сябе, і пра Верамейкі, і пра раён Крутагорскі. Асабліва наводзіў размову камандзір атрада на цяперашняе становішча ў гэтай мясцовасці. Вядома, Чубар гаварыў, як толькі мог сягаць куды ў развагах. Прыдалося ў размове і тое, што бачыў сам, на свае вочы, не лішнім аказалася таксама пачутае ад людзей, дарма што апошнім часам Чубар іх стараніўся, у прыватнасці, з цікавасцю слухаў Карханаў пра нараду ў бабінавіцкага каменданта, на якую ездзіў некалі з Верамеек у мястэчка Дзяніс Зазыба і пра якую расказваў у Мамонаўцы Чубару. Словам, увага да верамейкаўскага старшыні калгаса з боку камандзіра атрада была поўная.

Сядзелі яны ў часе размовы — і Чубар, і Карханаў — на парозе прыбудовы да хаткі-лупільні, дзе цяпер знаходзіўся штаб атрада. Дакладней, дзе размяшчаўся камандзір атрада, бо і камісар, і начальнік штаба на ноч хадзілі адсюль у палаткі і спалі там разам з партызанамі. Зараз абодва яны таксама адсутнічалі, няйначай, па справе, якая не даступна пакуль была Чубару. Такім чынам, размове ніхто не перашкаджаў. Наогул, як заўважыў Чубар, тут усе, пачынаючы ад самога камандзіра, стараліся не замінаць адзін аднаму, і, можа, таму на грыве не назіралася лішняй мітусні. За ўвесь час, як яны сядзелі ды гаманілі, Чубару толькі адзін раз давялося ўбачыць партызан — тыя ішлі з будана кудысьці на заданне і, мінаючы камандзіра, аддалі чэсць, прытым чамусьці кожны паасобку; Карханаў таксама падняўся з парога, паднёс руку да казырка. Тады Чубар паспеў разгледзець яго на ўвесь рост — высокага, але зусім не грузнага, як здараецца нярэдка ў сорак гадоў, павольнага, аднак ніколькі не скаванага ў рухах. Дарэчы, у гаворцы ён таксама быў нетаропкі. Асабліва ўмеў слухаць.

Нарэшце хмура сказаў Чубару:

— Пакуль я ў вас бачу толькі жаданне дзейнічаць.

— Ці ж гэтага мала? — усё роўна як нароўні спытаў Чубар.

— І многа, і мала. Жаданне — гэта адно, а дзейнасць — зусім другое. Самі ж ведаеце, можна ўсё жыццё нечага жадаць, аднак нічога не рабіць, каб ажыццявіць задуму. Але давайце лічыць, што я гэта к слову напомніў. Бо жаданне стварыць партызанскую групу з мясцовага насельніцтва ў вас заслугоўвае ўсялякай падтрымкі. Яно мне зразумелае. Сапраўдны камуніст іначай думаць цяпер не павінен, асабліва калі ён да таго ж не радавы. Бачыце, я не кажу: не можа. Я кажу: не павінен. Я раблю гэта знарок. Таму што не маю намеру ўтойваць ад вас наступную акалічнасць — шмат каго з такіх «не радавых» нам даводзіцца цяпер шукаць і шукаць. Хто зусім хаваецца і ад сваіх, і ад чужых, а хто задужа доўга знаходзіцца ў канспірацыі, хоць і мае канкрэтнае заданне, якое даўно павінна быць выканана. Як кажуць, ужо зіма хутка на двор пастукаецца, а яны думаюць, што бабіна лета не прайшло. Так што не кожнаму на словы даводзіцца верыць. І не кожнае жаданне пад увагу браць.

— Я разумею,— кіўнуў галавой Чубар.

— Толькі, далібог, не бярыце гэта цалкам на свой кошт. Добра?

— Добра.

— Дык вось, таварыш Чубар. Цяпер пра вас. Дакладней, пра тое, з чаго вам трэба пачаць дзейнічаць, каб ад слоў нарэшце перайсці да спраў. А пачаць трэба з самага простага — з наладжвання сувязей. Скажыце, а гэты ваш... намеснік па калгасу?..

— Зазыба?

— Так, Зазыба. Ці зрабіў ён ужо спробу знайсці сувязь з пакінутымі ў раёне таварышамі? Вы ж кажаце, што дамаўляліся пра гэта?

— Дамаўляліся, але ці хадзіў ён у Машавую, не ведаю.

— А чаму вы думаеце, што менавіта ў Машавой знаходзяцца тыя канцы, за якія можна ўхапіцца?

— Інтуіцыя. Падмацаваная сякімі-такімі дадзенымі.

— Напрыклад?

— Ну... Ёсць у мяне падазрэнне, што апошняе пасяджэнне райкома перад адыходам нашых войск адбылося там. Хутчэй за ўсё, што на тым пасяджэнні якраз і вырашалася пытанне, каго пакінуць у тыле ворага і дзе пакінуць.

— Што ж, рацыя ў гэтым ёсць. І немалая. Больш таго, але гэта ўжо па нашых звестках,— у раёне сапраўды засталіся дзейнічаць дзве групы: адна ў якасці падпольнага камітэта партыі, другая ў якасці мясцовага партызанскага атрада.

— Мы таксама з Зазыбам пра гэта гаварылі. Канечне, у нас такіх канкрэтных звестак, як у вас, няма, аднак прадчуванне не пакідае, што нехта застаўся ў раёне для агульнага кіраўніцтва.

— Ды і ў нас яны не дужа канкрэтныя, бо ў адваротным выпадку мы ўжо наладзілі б сувязь за гэты час, як знаходзімся ў раёне, альбо з райкомам, альбо з атрадам. Зноў жа тая праблема — таварышы мясцовыя недзе так заканспірыраваліся, што нават слядоў ніякіх іхняй дзейнасці не знайсці. Праўда, пазамінулай ноччу ў некаторых вёсках з’явіліся лістоўкі, а паміж Бабінавічамі і Белай Глінай нехта шмат у якіх месцах спілаваў тэлеграфныя слупы. Можа, гэта справа якраз вашых падпольшчыкаў ці партызан.

— Магчыма.— Чубар паціснуў плячамі.

— Мне зараз вось што прыйшло ў галаву, Радзівон Антонавіч.— Карханаў тыльным бокам левай рукі падбіў знізу раз і другі сваю бародку, якая ў яго расла, акурат у колішняга земскага доктара, тады сказаў: — Паколькі мы яшчэ пабудзем тут, у вас, дзень-два, давайце паспрабуем разам пашукаць таварышаў, якія засталіся ў акупацыю ў вашым раёне. Чаму б, напрыклад, не наведацца ў тую ж Машавую, раз вы ўжо маеце на яе сваю інтуіцыю. Можа, і праўда там знаходзіцца райком, а?

— Я не супроць.

— Ну, а тое, што вы накіроўвалі чалавека перад гэтым туды, перашкодай не стане. Ён — па сабе, а мы з вамі таксама што-кольвечы прадпрымем. Адно другое не выключае. Як думаеце?

— Добра.

— Я рады, што мы такім чынам да згоды прыходзім. Дадзім вам у дарогу Шпакевіча і яшчэ каго-небудзь з байцоў. Зразумела, што ў іх паміж гэтага яшчэ адно заданне будзе. Дарэчы, наконт Шпакевіча. Ён нас угаворваў тут цэлую гадзіну, каб мы і вас прынялі ў атрад. Гатовы нават застацца з вамі, калі іншае рашэнне будзе. Так што не выключана магчымасць, што гаворка такая зноў паўстане. Таму нам хацелася б, каб вы самі пра ўсё добра падумалі. Асабіста я пакуль лічу, што вы павінны распачынаць барацьбу з ворагам тут, у сваім сельсавеце, у сваім калгасе. Прынамсі, права такога, каб зрываць вас адсюль, мы нібыта не маем. І пачаў я яе адно з павагі да вашага добрага сябра Шпакевіча. І нават не нібыта, а сапраўды не маем, бо вы мясцовы кадр, можа, дзе-небудзь запісаны і перапісаны, таму да вас не толькі адносіны павінны быць асаблівыя, але з вас таксама і спрос асобны. Спадзяюся, вы разумееце мяне?

— Так.

— Ну вось. І я не так сабе акцэнтую ўвагу на мясцовыя кадры, на мясцовых таварышаў. Трэба, каб паўсюды заставалася наша ўлада, Савецкая ўлада. Цяпер яшчэ цяжка меркаваць, у якой форме яна павінна дзейнічаць. Думаецца, што ўмовы акупацыі самі падкажуць гэтыя формы. Але я зноў паўтараю, Савецкая ўлада павінна быць на захопленай ворагам тэрыторыі. З другога боку, нехта павінен наогул ведаць, што робіцца, дапусцім, у раёне, у вобласці, чым і як жывуць людзі.

— Гэта так,— згадзіўся Чубар.

— Я больш скажу вам. Мы людзі прышлыя. Мы мала чаго ведаем у вас. У кожным разе, нам дорага каштуе гэтае веданне. Таму нават з гэтага боку мясцовыя кадры неабходны, гэта значыць патрэбны такія людзі, якія б па-ранейшаму і адказвалі за ўсё, і дарадцамі былі. Мы тут нядаўна па той бок Бесядзі ўзялі аднаго тыпа. Коўзкі, скажу вам, індывідыум. Па нашых дадзеных, ужо нарабіў столькі шкоды, што да сценкі час ставіць, а ён адно чаўпе: «Па заданню таварыша Чачуліна ў немцаў, па заданню таварыша Чачуліна...» Спрабуем даведацца, хто такі Чачулін, таксама нічога не атрымліваецца. Вы ў сваім раёне чулі такое прозвішча?

— Здаецца, не.

— І другія кажуць, што не ведаюць «таварыша Чачуліна». А між тым, камеры папярэдняга заключэння ў нас няма, каб утрымліваць падобных тыпаў да высвятлення асобы, тым больш— ступені злачынства. Яшчэ горай — на адным месцы нельга доўга затрымлівацца. Таму даводзіцца... Словам, іншы раз сабе возьмеш і падумаеш — а раптам на тым свеце некалі падыдзе да цябе чалавек і скажа: «Помніш, як ты мяне... А я тым часам там (гэта значыць на нашым, цяперашнім свеце) замест іконы ў кожнай хаце стаю». Так што я недзе нават зайздрошчу вам, Радзівон Антонавіч, што вы маеце і час пакуль, і магчымасць праявіць клопат пра гэтае ваша ласяня.

— Я яго аддам каму-небудзь з вяскоўцаў. Хлопчык адзін ёсць на ўвазе.

— Што ж, якраз сёння яшчэ можа выпасці такая магчымасць. Дарэчы, вы падсілкаваліся хоць збольшага ў нас?

— Мяне пакармілі.

— То і добра. А цяпер вось што скажыце мне — вы Сідара Раўнягіна з Кулігаеўкі добра ведаеце?

— Так, членам праўлення ў калгасе быў.

— Дзе ён зараз?

— Думаю, што ў пасёлку. Ногі ў яго хворыя, у раматусе. Далёка на іх не пойдзеш.

— Павядзеце мяне да яго.

— Калі?

— Сёння.

— А ў Машавую? Калі нам ісці ў Машавую?

— Заўтра.

 

1 — Рукі ўгору! (ням.)

IV

Сідар Раўнягін не чакаў да сябе такіх наведнікаў, аднак і здзіўлення асаблівага не выказаў, калі адчыніў на Чубараў голас дзверы.

Ужо ў хаце Чубар сказаў:

— Знаёмцеся.

Карханаў падаў Сідару руку:

— Камандзір партызанскага атрада.

— Раўнягін,— сказаў у адказ гаспадар і дадаў: — Сідар Карнеевіч.— Усё роўна як наперад адчуў, што гэтага для першага разу не будзе хапаць.

— Вось і добра,— чамусьці з палёгкай зноў сказаў Чубар, акурат толькі што звёў людзей, якія доўга не згаворваліся, жылі паміж сабой і ўвесь час чужаліся, можа, нават варагавалі.

Усе тры — і Чубар, і Карханаў, і Сідар Раўнягін — былі мужчыны рослыя, як кажуць, да пары адзін аднаму, таму ў Сідаравай хаце ад іхняй сумеснай прысутнасці зрабілася ажно цесна, прынамсі, гаспадыня гэта адчула адразу, бо ёй яшчэ і без таго хапала вячэрняга клопату, а тут раптам у дадатак госці завіталі.

Нарэшце прышлыя селі — Карханаў на канец услона, які тырчаў з-за стала, Чубар на тапчан, што і ў Сідаравай хаце быў змайстраваны з дошак паміж печчу і ўнутранай сцяной. Тады з другой палавіны адчыніліся дзверы, і адтуль выйшла зусім яшчэ маладая жанчына ў накінутай на плечы, нібыта ад зябкасці, гарусовай хустцы.

— Пляменніца наша,— чамусьці без асаблівай радасці сказаў Раўнягін, затым дадаў: — Замужам за маім пляменнікам, Іванам. Лётчыкам. У Белай Царкве да вайны жылі. А цяпер яна да нас вярнулася. Бацькоў няма, дак у нас жыве.

Кінуўшы бліскучымі вачамі направа і налева ад сябе, дзе сядзелі, кожны па сабе, госці, маладзіца прыстояла трохі, усяго на якую чвэртку хвіліны, затым выйшла следам за цёткай у сенцы.

— Вячэраць будзеце зараз,— растлумачыў гаспадар.

— Можа, не варта? — не запярэчыў, аднак спытаў Карханаў.— Прызнацца, мы з таварышам Чубарам не галодныя сёння. Ды і гаспадыні турботы.

— Невялікая турбота,— махнуў рукой гаспадар, які ўсё не садзіўся, стаяў спіной блізка да завешанага акна.— Для маёй Кацярыны Арцёмаўны гэта дзела прывычнае.

— А пляменніцу як завуць?

— Просяй.

— Як гэта — Просяй?

— Ну, Фрузай, Еўфрасіняй.

Карханаў засмяяўся, усё роўна як загладжваў гэтым сваю недасведчанасць. Тады Сідар Раўнягін сказаў далей:

— У нас цяпера ўсягды гаршчок з кашай у печы стаіць. І на сябе нямала варым, і на ўсялякі такі выпадак.

— Як сёння?

— А хоць бы і так.

— Што, часта госці здараюцца?

— Як вам сказаць? Раней зусім часта бывалі. Як фронт ішоў, а пасля адразу і за ім. Тады здаралася, што не хапала і некалькі гаршкоў. Людзей процьма ішла, асабліва за фронтам ужо. Ну, а цяпера...

— А вы, тым не менш, па-ранейшаму кашу варыце ў вялікім гаршку?

— Дак...

Па размове гаспадара з камандзірам партызанскага атрада, ці наадварот, Чубар адчуў з прытоенай здаволенасцю, што ў хаце па-сапраўднаму пачынае ўсталёўвацца чалавечая прыязнасць, з якой неўзабаве ўзнікне зусім згодная гамонка, і тут жа падумаў, каб знайсці таксама сабе часу схадзіць у Мамонаўку. Па-першае, трэба было завесці туды ласяня, якое не адставала цяпер ад Чубара ні на крок, нават сюды, у Кулігаеўку, быццам прыкормлены дварняк, па пятах прыбегла, а па-другое, быў сэнс хоць на хвіліну паказацца на вочы Гапцы, каб не прымушаць яе думаць, дзе ён гэты час прападае.

Між тым, дарэмна Карханаў адмаўляўся ад вячэры — гаспадыня, якая не слухала ягоных слоў, ужо несла да стала вялікі гаршчок грэцкай кашы. Пляменніца таксама не заставалася без справы. Увайшоўшы з сенцаў у хату, яна працадзіла ў гладыш з драўлянай даёнкі малако, пачала наліваць у гліняныя кубкі.

Чубар не вытрымаў, сказаў:

— Мне, таварыш Карханаў, адлучыцца хвілін на дваццаць трэба.

Карханаў, відаць, не чакаў, што пачуе такую заяву, таму ўскінуў няверліва галаву.

— Куды гэта?

— Хачу прыпарадкаваць... ласяня.

— А-а-а,— зразумеў Карханаў.

Тады спытаў яшчэ і Сідар Раўнягін, якому таксама цікава стала даведацца:

— Што там за ласяня такое ў цябе, Антонавіч? — І, не чакаючы адказу, здагадаўся.— А-а,— кіўнуў ён галавой,— дак ета ты прыгалубіў небараку? А то ж верамейкаўскія мужыкі ўсё ніяк рады не дадуць сабе: куды ета падзелася з сухадолу ласяня? Здаецца, было і раптам не стала? У нас тута надоечы... — Гаспадар павярнуўся да камандзіра партызанскага атрада, хацеў расказаць, як верамейкаўцы застрэлілі ў жніво каля крыніцы старога лася. Але той папярэдзіў яго:

— Ага, Радзівон Антонавіч гаварыў ужо.

— Ну што ж,— перавёў з усмешкаю позірк на Чубара Сідар Раўнягін,— справу ты, Антонавіч, зрабіў карысную, як кажуць, божую, што не пакінуў сірату. Значыць, цяпер рашыў у двор аддаць?

— Так.

— Мішку Гапчынаму?

— Так.

— Што ж, справа карысная,— зноў ухваліў гаспадар і спахапіўся: — Але сядайма за стол. Каша стыне.

— Я ўсё-ткі хачу пайсці цяпер,— настойліва падняўся з тапчана Чубар.

— Як знаеш, раз есці не хочаш,— паціснуў у адказ плячамі гаспадар.

Але Чубар не спяшаўся пакідаць хату, ведаў, што апошняе слова павінен сказаць Карханаў. Нарэшце і той нібыта перасіліў сябе, хоць, з другога боку, вагацца лішне не было чаму — пры той размове, якая мелася адбыцца ў іх с Сідарам Раўнягіным, далейшая прысутнасць Чубарава наогул стала б перашкодай, і ўсё роўна давялося б прасіць старшыню пакінуць іх на нейкі час сам-насам.

— Ідзіце,— сказаў Карханаў,— калі гэта недалёка.

Грэцкая каша ў сялянскай печы была зварана добра, проста яна ўдалася гаспадыні, дарма што гэтак доўга, да самага вечара, стаяла на цёплым подзе пад накрыўкай. Асабліва смачнай яна здавалася з малаком. Карханаў нават пашкадаваў, што лёгка адпусціў Чубара, няхай бы і ён параскашаваў за сталом.

Жанчыны таксама чамусьці не селі вячэраць, дарма што госць сам па вясковаму звычаю, не з адной далікатнасці ўпрошваў. Яны паставілі ўсё, што трэба, на стол і выйшлі, зачыніўшыся на другой палавіне хаты.

Такім чынам, упраўляцца з грэцкай кашай давялося на пару з гаспадаром.

Калі Сідар стаяў паўз сцяну, Карханаў не дужа разгледзеў яго, бо святло ад лямпы не зусім высвечвала твар, нават накідвала цені. Зараз умовы былі іншыя — яны сядзелі насупраць адзін аднаго, і Карханаву нішто не замінала бачыць чалавека. Звычайнае сялянскае аблічча, трохі мясістае, з сівымі, ажно белымі валасамі, якія ён галіў, няйначай, праз дзень ці праз два. Цяпер, як заўважыў Карханаў, наогул мужчыны, што знаходзіліся ў акупацыі, стараліся меней галіцца, некаторыя запускалі неахайныя бароды, мусіць, знарок выдавалі сябе старэйшымі ад свайго сапраўднага ўзросту. Затое вочы ў Сідара былі прыметныя, над імі навісалі прыпухлыя павекі, і выглядвалі яны адтуль акурат скоса. Пра такія вочы мясцовыя людзі звычайна гавораць — не тутэйшы, то мангольскія, то яшчэ якія.

Яшчэ з тае хвіліны, як яны з Чубарам зайшлі ў хату, Карханаў адчуў на сабе, нібыта ўспамінаючы нешта, позірк гэтага чалавека. Тады, на першым часе, усё было натуральна — гаспадар прыглядаецца, хто прыйшоў да яго. Але паступова патаемнае, а то і адкрытае разглядванне пачало выклікаць адпаведную рэакцыю ў адказ. Таму, калі грэцкай кашы было з’едзена дастаткова (апрастаць гэтакі гаршчок яны ўдвух усё-ткі не здолелі), Карханаў адкрыта спытаў:

— Што прыглядаецеся, Сідар Карнеевіч? Пазнаяце?

Раўнягін паплюскаў, нібыта ад доўгай стомленасці, вейкамі і, кладучы навобмацак круглую драўляную лыжку на стол, сказаў:

— Ага, хачу пазнаць.

— А не дарэмна, Сідар Карнеевіч?

— Можа, й дарэмна. Але штосьці ўсё-ткі ёсць.

— Ад каго?

— Ад чалавека.

— Ад якога?

— Ну, ад таго, якога некалі даводзілася бачыць.

— Тады хутчэй пазнавайце,— засмяяўся Карханаў.

— Барада — ета, здаецца, новае. А от вочы? Вочы тыя. Так, я іх бачыў.

— Тады гаварыце.

— Але то было ажно во-о-он калі!..

— Усё роўна.

Карханаў ужо глядзеў на гаспадара з насмешлівым патрабаваннем.

— Банду Кутузава ў дваццаць трэцім браў бліз Паповай Гары?

— Браў.

— На хутары?

— Так.

— Ну от. Я таксама тама быў.

— У бандзе?

— Чаму раптам у бандзе? — здаецца, не дужа здзівіўся, але паціснуў плячамі Раўнягін.— Мы ў тую зіму з плытагонаў якраз вярталіся. Загналі па Бесядзі плыты ў Гомель, а тады затрымаліся тама на ўсю восень у сплаўканторы. Ну й ішлі пешкі ўжо ў самую зіму. Ета я як цяпера помню. Мы на хутары тым збіраліся на ноч прасіцца. Але міліцыя паспела ўжо забіць Кутузава. І атамана, і яго напарнікаў. Здаецца, двух. Так яны і сядзелі, мёртвыя, каля плота, а фатограф нечага завіхаўся каля іх з трыногай, усё вадзіў перад апаратам рукой. Відаць, фотакарткі патрэбны былі.

— Сапраўды так, Сідар Карнеевіч. Мы іх друкавалі пасля. У «Палескай праўдзе».

— Толькі міліцыя на хутары ў сваёй хворме хадзіла, а ты бытта ў штацкім. Ета я таксама помню.

— А я — не.

— А я помню. У штацкім. Але, нягледзячы на тое, за галоўнага ты быў.

— Там нас, галоўных, многа было.

— А ўсё-ткі было?

— Было, Сідар Карнеевіч. Аказваецца, я таксама, як сёння, усё помню. Вы вось сказалі, і я ўспомніў. І забітых бандытаў, і вас, плытагонаў. Мы нават насцярожаныя былі. Спярша падумалі, што гэта і вы з атаманавай хэўры. Хацелі ўжо зброю ў вас пад кажухамі шукаць.

— Але ж абышлося?

— Так, ніякага непаразумення тады, здаецца, не ўзнікла. Значыць, гэта вы былі?

— І я ў тым ліку.

— З таго ажно і ўспомнілі мяне?

— Выходзіць, з таго.

— Значыць, памяць добрая.

— Дак што тута асаблівага?

— Ну, усё-ткі...

— На памяць не скарджуся. Памяць яшчэ не падводзіла мяне. Хапае адзін раз на каго-небудзь паглядзець, а яшчэ лепей — вочы добра ўбачыць. На ўсё жыццё ў памяць западаюць. Словам, я табе і цяпера скажу, якога колеру вочы ў цябе, дарма што пры лямпе і не разабраць іх як след. Цёмна-зялёныя ў цябе вочы, вось якія!

Карханаў засмяяўся — сапраўды, у яго некалі вочы былі цёмна-зялёнага колеру. Цяпер — проста цёмныя. Бадай, ужо без асаблівага колеру.

— А от прозвішча тваё не скажу,— працягваў Сідар Раўнягін.— Мусіць, не чуў тады. Да й што прозвішча? Прозвішча можна мець сянні адно, заўтра — другое. Дарэчы, як і бараду. А вось вочы, вочы, як люстра ў душы. Яны адны на ўсё жыццё, на ўвесь час. Іх можна толькі засмуціць альбо ўзрадаваць да прытушыць трохі.

«Калі тое было, а чалавек помніць»,— акурат з зайздрасцю падумаў Карханаў.

Прызнацца, ён і сам не часта ўспамінаў, як бралі банду атамана Кутузава. То былі ўжо астаткі яе — атаман ды два хаўруснікі. Аперацыю распрацавалі і правялі разам навазыбкаўскія, бранскія і гомельскія чэкісты. Тады было пакончана з бандай, якая вельмі доўга, ад самага дзевятнаццатага года, дзейнічала на ўскраінных паветах чатырох губерняў — Смаленскай, Чарнігаўскай, Магілёўскай і пасля Гомельскай. Карханаў у той час,— а гэта і праўда, як кажа Сідар Раўнягін, ішоў дваццаць трэці год,— ужо лічыўся сталым чэкістам. Служба ў Чырвонай Арміі, у якую ён пайшоў, бадай, у юначым узросце, дала яму тое, што потым вызначыла накірунак усяго жыцця: непахісную веру ў справу рабочага класа, сярод якога нарадзіўся і вырас у адным з пазаштатных гарадкоў Расіі, дакладней, рабочых пасёлкаў, беззапаветную адданасць бальшавіцкай партыі... У органы надзвычайнай камісіі прыйшоў якраз з армейскай разведкі, уласна, яго накіравалі сюды яшчэ ў часе грамадзянскай вайны, калі найбольш за ўсё, здавалася, заставалася справы на фронце. Аднак гэта сапраўды толькі здавалася так, што найбольш. У тылавых губернях дзейнічала контррэвалюцыя. Нібыта грыбы ўвосень, з’яўляліся аднекуль розныя банды — налётныя, пералётныя, залётныя, пастаянныя, засадныя і г. д. Адной з такіх банд была таксама банда атамана Кутузава, тая самая, што некалі рабавала ў забяседдзі яўрэйскія мястэчкі. Але ў дваццаць трэцім годзе яна ўжо не выглядала такой налётнай, якой давялося бачыць яе Дзянісу Зазыбу ў Бялынкавічах. Тады гэта быў конны атрад, а Кутузаў выдаваў сябе за «народнага атамана», які, маўляў, не дае ў крыўду працоўнага сялянства, абараняе і ад «чырвоных», і ад «белых». Цяпер ад сотні атаманных шабельнікаў, што некалі рабавалі местачкоўцаў, засталося, як кажуць, усяго нічога, а сам атаман ператварыўся ў асцярожнага звера, у якога ўжо не адзін раз стралялі і які, хоць і не выдае свайго логава, але наводзіць жах. Трымацца доўга на паверхні дапамагалі Кутузаву падзеі, што адбываліся паблізу — то раптам зноў аднекуль з’явіцца ў Гомельскай губерні «разбітае» войска Булак-Балаховіча, і тады Кутузаў кідаецца ў той бок, каб працягнуць існаванне сваёй банды, то нечакана, калі ўжо, здаецца, ніякага шанцу не застаецца на далейшую дзейнасць вялікай хэўрай, дойдуць чуткі пра авантуру былога экспрапрыятара, члена партыі эсэраў Антонава ў Тамбоўскай губерні, і Кутузаў са сваім атрадам спяшаецца туды, але не дасягае мэты, бо дужа далёка ад Клінцоўскага павета, мераючы адлегласць, да таго ж Казлоўскага альбо Маршаньскага, дзе адбываюцца галоўныя падзеі. Кутузаву са сваёй бандай удаецца трапіць усяго толькі ў Варонежскую губерню, дзе к таму часу, у раёне Урупінска, пад ударамі Чырвонай Арміі і войск Усерасійскай надзвычайнай камісіі канала ў агоніі так званая «першая армія паўстанцаў», што не здолела затрымацца за Донам... Між тым, банда Кутузава, усё роўна як неўпрыкмет, памяншалася паступова ў колькасці, бо ў сувязі з заканчэннем грамадзянскай вайны і са зменай сацыяльна-палітычнай абстаноўкі наогул (асабліва паўплывала замена харчовай развёрсткі на харчовы падатак) папаўненне яе новымі членамі не адбывалася, а старыя «пабрацімы» то гінулі ў выпадковых сутычках, таму што Кутузаў звычайна не лез абы-калі ў бойку, то ўпотай здраджвалі свайму атаману, каб неяк засцерагчы сябе ад небяспекі і ўладкавацца ў савецкім жыцці, якое пры наяўнасці нарабаванага золата пасля абвяшчэння новай эканамічнай палітыкі, здавалася, абяцала прадпрымальным людзям неабмежаваныя магчымасці. Хто ведае, можа, каму-небудзь з банды Кутузава і праўда пашанцавала такім чынам злавіць жар-птушку за хвост, зрабіцца легальным мільянерам, аднак чэкістам, якія ўвесь час трымалі нязлоўную банду Кутузава ў сілавым полі сваёй увагі, у снежні дваццаць трэцяга года стала вядома, што атаман з двума апошнімі «пабрацімамі» нарэшце спешыўся з каня і пачаў, згодна з новай тактыкай, шукаць прытулку на хутарах, дзе ў яго, зразумела, былі надзейныя людзі. Праз паўмесяца з Кутузавым і яго хаўруснікамі ўсё было скончана. І вось пра той выпадак, калі можна назваць выпадкам перастрэлку, што цягнулася ледва не паўдня, нагадаў цяпер нечакана Карханаву ў Кулігаеўцы Раўнягін.

— Гэта праўда, Сідар Карнеевіч,— сказаў Карханаў,— і прозвішча можна памяняць, і бараду вырасціць. А вочы ад людзей не схаваеш. Хоць, канечне, я зусім і не думаў, што асабіста мае вочы камусьці запалі гэтак у памяць.

— Да вы таго... не надта,— заварушыўся на ўслоне паміж сцяной і сталом Сідар Раўнягін.— Я ета прыгадаў усё дзеля таго, што бачыў ужо вас.

Няйначай, гаспадар пры гэтым раптам падумаў, што субяседнік яго чамусьці сумеўся і не хоча слухаць пра мінулае. Але дарэмна.

— Наадварот, Сідар Карнеевіч,— сказаў тут жа Карханаў,— гэта добра выйшла, што мы з вамі даўнія знаёмыя. Паміж знаёмымі і справа будзе карацейшая. Вы ж, напэўна, здагадваецеся, што не адну кашу есці прыйшоў я да вас.

— Да ўжо ж...

— Справа да вас ёсць, Сідар Карнеевіч. Ну, а паколькі вы пра мяне, бадай, галоўнае ўжо ведаеце, то скажу шчыра — мне таксама што-кольвечы вядома пра вас.

— Дзіва што. Чубар мог расказаць. Мы тута ўсе бытта на далоні. Не той раскажа, дак іншы, абы добра папытаўся хто. Але адкуль ён узяўся, Чубар? У нас гаварылі, што пайшоў на фронт, а тута раптам атрымліваецца, што з партызанамі апынуўся.— Раўнягін ускінуў вочы на камандзіра атрада, спытаў: — Мы от колькі ўжо сядзім з вамі, гаворым, а я таксама не ведаю — адкуль вы? Ну, партызаны?.. Калі, зразумела, не сакрэт?..

— З Масквы.

— З самае Масквы?

— Так.

— А ў нас тута гавораць, што немец ужо ці не ў Маскве. Ленінград аблажыў і да Масквы падступіўся.

— Падступацца можна доўга, але так і не падступіцца.— Карханаў развёў з дапамогай мускулаў пагусцелыя маршчыны на высокім лобе.

— І гэта так,— згадзіўся Раўнягін.— Але мяне здзіўляе от што. Хоць, канечне, з аднаго боку, тая акалічнасць, што Масква думае пра нас.

— Партызан.

— Так, партызан. Дак, з аднаго боку, тое, што Масква думае пра нас... Словам, ета сведчыць, што ў яе не такія ўжо дрэнныя справы. Значыць, яшчэ распалагае, як кажуць, і людскімі рэсурсамі, і зброяй. А з другога боку? Тута, у нас, была цэлая армія і не здолела нічога зрабіць з немцам, а вы раптам з адным атрадам прыйшлі. І куды? Адкуль армія пайшла, дзе яна не магла даць рады. Дак што ета значыць і як ета трэба разумець?

— Як бы гэта вам растлумачыць, Сідар Карнеевіч...

— А от і растлумач, будзь ласка.

— Нас накіравалі сюды праз лінію фронту для таго, Сідар Карнеевіч, каб мы разам з вамі вось у тыле ворага таксама распачалі барацьбу.

— Значыць, у Маскве надумалі цяпера з двух бакоў немца біць? Ззаду і спераду?

— Выходзіць, так. І адтуль, і адсюль. А вы сумняваецеся?

— Не, я сумнявацца не сумняваюся. Але прыкідваю, колькі на ета на ўсё нас спатрэбіцца.

— Многа, Сідар Карнеевіч, многа.

— Дак вы з етым і мяне агіціраваць прыйшлі?

— Як вам сказаць,— засмяяўся Карханаў,— і з гэтым, і не з гэтым. А колькі вам гадоў?

— За пяты дзесятак... А вам?

— Абодва мы старыя. Я — з дзевяноста восьмага.

— Ну, не такі ўжо стары. Самы раз. Ета мы тута ў вёсцы старымі задзелаліся раней часу, а ты яшчэ выгляд малайцоўскі маеш.

— Але на пенсіі пабыў ужо.

— Што так?

— Так атрымалася.

— Ай хворы?

— І хвароба далучалася.

— А цяпера, значыць, зноў ваяваць?

— Зноў, Сідар Карнеевіч, зноў! Сам папрасіўся ў строй.

— Але бачу — кульгаеш на адну нагу? Даўняя рана ай цяпера папала?

— Цяпер.

Раўнягін крутануў галавой, зноў спытаў:

— А ўсё-ткі чаго да мяне? Чым я карысны магу быць партызанам? За маладзейшымі ж мне, здаецца, не ўгнацца?

— Сапраўды, за маладзейшымі вам не ўгнацца,— без спачування згадзіўся Карханаў.— Ды і навошта? Маладыя няхай сваю справу робяць, а для старых свой занятак будзе. Нездарма ж кажуць, што і ў старой печы, калі бярозавых дроў падкінуць бярэма, агонь моцна гарыць.

— Ету байку,— усміхнуўся Раўнягін,— няйначай, самі старыя прыдумалі. Цешаць сябе, што і яны яшчэ на штосьці здатныя, нешта значаць. Хоць, канечне,— малады сілу паказвае, а стары спосабу шукае.

— Якраз так,— падняў у захапленні абедзве рукі над сталом Карханаў,— стары звычайна спосабу шукае. Але ж у нас з вамі, Сідар Карнеевіч, усё яшчэ нявырашанай застаецца справа, дзеля якой я прыйшоў сюды. Тым часам і Чубар хутка вернецца. А нам з вамі трэба высветліць сёе-тое адзін на адзін.

— Дак я не супроць. Давайце, а то і праўда... То да сё. Гэй, Кацярына Арцёмаўна,— гукнуў гаспадар праз зачыненыя дзверы на тую палавіну хаты,— ці ты, Прося, прыбярыце са стала.

На яго голас выйшлі абедзве жанчыны, забралі посуд са стала, вынеслі ў сенцы.

Карханаў пачакаў, пакуль зноў застанецца ў хаце адзін на адзін з Раўнягіным, тады пачаў:

— Дык вось. Я дакладна ведаю, Сідар Карнеевіч, што ў жніўні месяцы, калі адсюль адступала Чырвоная Армія, вы ўладкоўвалі па заданню разведаддзела арміі ў мястэчку аднаго чалавека. Было такое?

— Не.

Відаць, гэтакі адказ для Карханава быў зусім нечаканы. Таму ён ажно адкінуўся спіной да сцяны, сцяў сківіцы.

— Штосьці я не разумею,— крутануў ён у дадатак галавой.— Звесткі ў мяне... дакладныя... але ў чым разыходжанне?

— А разыходжання няма,— падаўся яму на выручку гаспадар.— Проста таго чалавека... Вы маеце на ўвазе дзяўчыну?

— Так.

— Дак таго чалавека павінен быў уладкаваць у мястэчку другі чалавек.

— Хто?

— Зазыба. Ёсць у нас, у Верамейках, чалавек такі.

— Але мне сказана, што вы... Словам, Сідар Карнеевіч, мне было сказана да вас звярнуцца.

— Ну што ж, няхай будзе так. Але не я вазіў тую дзяўчыну ў Бабінавічы. Гэта даручылі Зазыбу. Трэба з яго спытаць.

— Пачакайце, Сідар Карнеевіч,— амаль ці не спыніў Раўнягіна Карханаў.— Тут варта падумаць. Вы мне вось што скажыце — наколькі вы ў курсе гэтай справы?

— Ну, прыехалі да мяне ўдзень на машыне. Грузавая машына была. Два зайшлі ў хату, ета быў знаёмы чалавек з Крутагор’я, першы сакратар райкома, а з ім — вайсковец, дак яны ўдвух і зайшлі ў хату, а салдаты засталіся сядзець на машыне. Бачу, вайсковец той з твару як цыган, а так нічога, здаецца, чалавек. Тады Маштакоў і кажа: «Вось што, Сідар, хацелі мы табе напаследак заданне даць, а цяпера не будзем». Ну, я, вядома, смяюся: «Не давяраеце? Няўжо я такі няцямлівы ці, можа, задужа гаваркі?» — «Не тое і не гэта,— смяецца ў адказ Маштакоў,— а вось падумалі мы з таварышам маёрам у дарозе і рашылі звярнуцца да другога чалавека. Не ведаеш, як паклікаць сюды Зазыбу?» — «Чаму ж не ведаю? — кажу.— От зараз пашлю ў Верамейкі ўнучку, яна і прывядзе вам Зазыбу».— «Добра, пасылай унучку, толькі хутчэй, бо часу мала». Уласна, на гэтым тады мая місія і скончылася, што паклікаў да сябе Зазыбу.

— Дзіўна, але мне пра Зазыбу нічога не гаварылі,— паціснуў плячамі Карханаў.— Мне да вас параілі звярнуцца.

— Кажу, як было.

— А вы яе помніце, тую дзяўчыну?

— Ну, так...

— Адшукаць здолееце ў Бабінавічах?

— Дак навошта? Зазыба ж, мусіць, ведае, дзе яна цяпера? У яго трэба спытаць.

— Не, так не гадзіцца, Сідар Карнеевіч. Разумееце, я чалавек ваенны. Нават больш таго, я — чэкіст. Таму прывучаны дзейнічаць згодна з сваёй прафесіяй. Дык вось, там, дзе мне расказалі пра ўсю гэту справу з уладкаваннем разведчыцы ў Бабінавічах, ніякі Зазыба не называўся. Там называлася ваша прозвішча, Сідар Карнеевіч. Вы павінны былі займацца гэтай справай. І менавіта да вас мне належыць звярнуцца, адшукаць армейскую разведчыцу ў мястэчку і звязацца з ёй. Трэба перадаць ёй адну рэч, без якой яна працаваць не можа.

— Але як жа тады атрымалася, што Зазыбу было даручана завезці дзяўчыну? Ён яе і павёў адсюль да сябе ў Верамейкі.

— Не ведаю. Урэшце, не ў гэтым справа. Мне даручана звярнуцца да вас, вось я і зрабіў гэта. Цяпер за вамі справа.

— А якую рэч перадаваць хочаце? Дзе яна?

— Ну, пра гэта пасля. Спярша трэба адшукаць дзяўчыну, а потым мы ўжо пра астатняе падумаем.

Карханаў устаў з-за стала, узяў на падаконніку і надзеў на галаву шапку.

— Вельмі прыемна і карысна было пазнаёміцца, Сідар Карнеевіч. Трэба спадзявацца, што мы яшчэ не раз з вамі сустрэнемся і пагаворым, тым больш за такой цудоўнай кашай. А вось, здаецца, і Чубар стукаецца.

Следам за камандзірам партызанскага атрада Раўнягін выйшаў на ганак. Там ужо сапраўды стаяў Чубар. Але з ім знаходзіўся і яшчэ нейкі чалавек, якога ў цемнаце нельга было разгледзець. Няйначай, той увесь час так і прастаяў тут ціха, у якасці вартавога.

 

V

Між тым, дарэмна ўдзень гаварыў Карханаў — назаўтра ў Машавую з Чубарам Шпакевіч не пайшоў. Той спатрэбіўся камандаванню атрада на нейкай іншай справе. Прынамсі, так было растлумачана Чубару, калі ён паспрабаваў нагадаць Карханаву пра ўчарашнюю дамоўленасць. Нават не самому камандзіру атрада, а начальніку штаба Веткіну, бо адпраўкай людзей у Машавую займаўся ён. Але найбольш збянтэжаны быў Чубар, калі раптам даведаўся, што ў ліку двух партызан, з якімі належыць яму ісці ў Машавую, апынуўся Патоля, той самы нехлямяжы нявырастак, які ўчора на прасецы ў лесе як не шалёна кідаўся на Чубара, каб завалодаць вінтоўкай. Сёння пры Патолю таксама не было відаць зброі, бо вінтоўку яму ўсё-ткі давялося аддаць назад, і Чубару цяпер ажно няўцям стала, што меўся рабіць далей авіятэхнік і на якое ліха пасылалі яго ў адной кампаніі з Чубарам. Аднак не Чубар вырашаў справу — можа, у камандавання атрада сапраўды мелася на гэты конт сваё меркаванне. Прынамсі, так у рэшце рэшт падумаў Чубар, калі пераканаўся, што Патоля ідзе ў Машавую разам з ім. Між тым, за кароткі час, які Чубару давялося правесці ў спецатрадзе Карханава, ён паспеў заўважыць, што да Патолі, бадай, усе без выключэння чамусьці ставіліся з памяркоўнасцю, якая была падобна на паблажлівасць, нават не паблажлівасць, гэта не зусім тое слова, можа, дакладней сказаць, з нейкай асаблівай ніштаватасцю, калі чалавеку нібыта наперад даруюць не толькі, дапусцім, блазенства, а і штосьці большае.

Ужо ў дарозе, усё роўна як перасільваючы сябе, Чубар спытаў Патолю:

— Гэта праўда, што ты ў камандуючага авіятэхнікам служыў?

Аказалася, не. Двойчы Героя Савецкага Саюза Краўчанку ён адно бачыў, калі той прылятаў на Бялынкавіцкі аэрадром. Справа ў тым, што Патоля служыў авіятэхнікам у палку, які ўваходзіў у склад змешанай авіядывізіі, дзе камандзірам у пачатку вайны быў Краўчанка. Полк гэты якраз меў на ўзбраенні самыя найноўшыя самалёты — Іл-2 і з’яўляўся пакуль адзіным такім у паветраных сілах краіны. У ліпені месяцы з Багадухава полк перабазіраваўся на аэрадром у Стара-Быхаў, пасля, калі ўжо немцы падыходзілі да Дняпра, перабраўся на лясны аэрадром, што знаходзіўся за тры кіламетры ад Канічаў, якраз там, дзе ў Бесядзь упадае рака Сураў. Гэта быў запасны аэрадром, падрыхтаваны зараней на выпадак баявых дзеянняў, выгляд меў звычайнай роўнай пляцоўкі, без асаблівых збудаванняў; адно, што ён заўсёды заставаўся ў недатыкальнасці, гэта значыць тут не аралі і не сеялі. Са Стара-Быхаўскага аэрадрома полк пералятаў надвечар, прытым у навальніцу, што пачалася раптоўна, а паколькі мясцовасць, якую належала асвойваць, была незнаёмая, то лётчыкі ў цемнаце папасаджвалі свае машыны абы-куды — хто ў сялянскі агарод, хто на калгаснае поле, галоўнае, за цэлыя кіламетры ад месца прызначэння.

Адзін самалёт, напрыклад, апынуўся на тэрыторыі Верамейкаўскага сельсавета. І таму досыць было цяпер загаварыць Патолю пра гэта, як Чубар адразу ўспомніў — тады сапраўды прыязджалі аднекуль авіятэхнікі рамантаваць самалёт. Тым часам у Прусіне дык і зусім здарылася смешнае. Наслухаўшыся пра нямецкіх дыверсантаў, звышпільныя вясковыя мужыкі, не зважаючы ні на якія тлумачэнні і доказы, пасадзілі лётчыка пад арышт у лазню і потым трымалі яго пад сваёй аховай увесь наступны дзень, пакуль не прыехалі па яго адтуль з палка.

На Каніцкім аэрадроме штурмавому палку не пашанцавала. У паветраных баях, якія неўзабаве пачаліся, былі страчаны ўсе да аднаго самалёты. Адступаць на ўсход, на Унечу, лётчыкам давялося ў пешым страі. Тады і адстаў недзе каля Журбіна ад іх авіятэхнік Патоля. Праўда, зрабіў ён гэта несвядома, проста ціха заблытаўся ў паўсне на лясной дарозе ўначы і не здолеў знайсці болей сваіх.

Да партызан Патоля далучыўся нядаўна, аднак, як відаць, паспеў пахадзіць ужо нямала з імі.

Па праўдзе кажучы, гэтага недарэку можна было нават пашкадаваць за ягоную нешанцоўнасць. Здаецца ж, чалавек не стаў прыжывацца надоўга ў вёсцы, як гэта рабілі цяпер сёй-той з адстаўшых ці акружэнцаў. Нібыта зноў хацеў ваяваць. Аднак штосьці ўнутры не давала Чубару забыць пра ўчарашні гвалт над сабой, было ў ім для Чубара нешта непераадольнае, можа, нават помслівае.

Затое другі партызан накіраваны быў з Чубарам нібыта цалкам у процівагу Патолю. Звалі яго Савасцянам, а прозвішча ён меў Бераснёў. Выглядаў гэты чалавек стала, не стараніўся Чубара і не назаляў.

Дарогу ў Машавую Чубар выбраў глухую і, як кажуць, вілаватую — па старой гаці, што масцілі колісь у старыя часы па Гразіўцу, каб ездзіць улетку з Верамеек у Кавычачы. Але багна тут багата дзе была на чортавых ямах, якія ўтварыліся невядома калі і з чаго, таму з насцілу нічога трывалага не атрымалася, праца чалавечых рук загінула дарма. І толькі паваленыя ўздоўж дрэвы, стаўшы вузкімі кладкамі, давалі цяпер магчымасць чалавеку пераступаць з аднаго тупкага астраўка на другі. Затое зімнік застаўся назаўсёды — у халодную пару, калі браўся закарэлым лёдам Гразівец, можна было без перашкоды ездзіць тут нават на санках.

Ідучы па гаці паперадзе сваіх спадарожнікаў, Чубар чамусьці найперш падумаў, што добра ўчора зрабіў, адвёўшы ў Мамонаўку ласяня. Цяпер вось не трэба было важдацца з ім, непакоіцца. Праўда, у хату да Гапкі Азаравай заходзіць ён не стаў — штосьці затрымала ў апошнюю хвіліну, Чубар адно ціха расчыніў весніцы ў двор ды піхнуў туды ласяня: няхай Міхалка далей апякуецца.

Такім чынам, гэта пытанне Чубара больш не хвалявала. Бадай, ён уладкаваў яго як найлепш, дарма што не перакінуўся словам з гаспадыняй.

Затое з другога згрызота ў душы была.

Пра гэта Чубар таксама пачаў думаць. Цяпер яму, на адлегласці амаль у паўтара кіламетра ад партызанскага лагера, стала нарэшце зразумела, што ўсё-ткі ён дарэмна сёння пайшоў у Машавую. Менавіта сёння, а не заўтра, напрыклад, паслязаўтра. Бо рушыў ён у дарогу наўдаку, акурат з завязанымі вачамі.

Сапраўды, каго ён хоць збольшага ведаў там, каб пачаць размову па важнай справе і выклікаць давер у адказ? Нікога. Праўда, машаўское начальства ён не раз сустракаў за гэтыя гады ў Крутагор’і — і старшыню мясцовага калгаса Яфрэменку, і старшыню сельскага Савета Рыгайлу. Але дзе яны цяпер? Мяркуючы па тым, як многія з старшыняў падаваліся ў апошнія дні перад адступленнем Чырвонай Арміі ў эвакуацыю, можна было думаць, што і гэтыя не засталіся ў Машавой. Прынамсі, упэўненасці, што машаўское начальства не кранулася з месца і што ён заспее і Яфрэменку, і Рыгайлу ў вёсцы, у Чубара не было. З другога боку, а ці маглі наогул абысціся без іх, мясцовых партыйцаў, ствараючы падполле ў Машавой? Звычайна падобных людзей не багата, сказаць проста, раз-два — і няма каго лічыць. Тым больш цяпер, калі ўсё лепшае, здаровае падпала пад мабілізацыю.

Разважаючы так, Чубар і зусім прыйшоў да высновы, што ў гэтай справе — шукаць сувязі з раённым партыйным падполлем — лепш за ўсё спадзявацца да канца было на Зазыбу. І яму, Чубару, заставалася б адно наведацца ў Верамейкі, бо за гэты час Зазыба, няйначай, ужо ўправіўся пабываць у Машавой.

Дарэчы, кладучыся ўчора спаць у палатцы, якую паказаў камандзір атрада пасля вяртання з Кулігаеўкі, Чубар гатовы быў назаўтра зрабіць менавіта так, і гэта было б самае правільнае, аднак уранні прамаўчаў, акурат засаромеўся прызнацца, што не меў да каго звярнуцца ў Машавой.

Тым не менш, цяперашнія Чубаравы турботы аказаліся дарэмныя. Урэшце, чаго б мы вартыя ўсе былі ў жыцці, каб не яго вялікасць выпадак? Няйначай, палавіна добрых і дрэнных дзеяў на зямлі заставалася б неажыццёўленай.

Чубар, здаецца, ніколі раней не цікавіўся гэтым, наколькі сапраўды ён, ягоны лёс ці тая справа, якую даводзілася рабіць, залежала ад выпадку. Але цяпер таксама не стаў бы адмаўляць дарэмна, што нямала дзе і нямала калі «яго вялікасць» не толькі ўплываў на пэўныя акалічнасці, а і перайначваў варункі жыцця.

Так і тут.

Ужо на карэністай лясной дарозе, калі краем былі абмінуты адна, другая і трэцяя вёсачкі, што ляжалі за гаццю на шляху ў Машавую, здалёк пачуўся грукат колаў. Ён усё нарастаў. А неўзабаве Чубар пазнаў і вазака. То ехаў з Вараноўкі Васіль Пацюпа.

Прызнацца, лепшага і чакаць нельга было.

Чубар адразу ажыў душой. І вось чаму.

Гэты Пацюпа да вайны працаваў у Заходняй Беларусі ў органах Народнага камісарыята ўнутраных спраў. Прынамсі, так ён сам казаў, бо Чубар з яго слоў ведаў пра гэта. Таксама як ведаў і пра тое, што ў першы ж дзень вайны Пацюпу было даручана вывезці ў горад Ліду сем’і так званых «усходнікаў», дакладней, дзяцей і жанок тых партыйных, савецкіх і іншых работнікаў, якія з трыццаць дзевятага года, гэта значыць пасля вызвалення Заходняй Беларусі ад Польшчы, накіроўваліся сюды цэнтральнымі органамі на ўмацаванне Савецкай улады. Даручэнне гэтае аказалася вельмі няпростым, мусіць, як і ўсё няпростае было ў той дзень у нашым прыграніччы.

А галоўнае — цягнікі з Ліды ўжо не хадзілі ні ў адным кірунку. Давялося бежанцам і далей ратавацца ад ворага на гужавым транспарце: хто падаваўся на конях да знаёмых на навакольныя хутары, хто працягваў шлях уздоўж чыгункі, спрабуючы дабрацца да якой-небудзь дзеючай станцыі. Пацюпа колькі дзён ехаў з гэтымі, апошнімі, ажно пакуль не застаўся адзін.

У сярэдзіне ліпеня ён нарэшце прывёз сям’ю ў Крутагор’е, пасля ўладкаваў жонку і дзяцей у родзічаў за Бесяддзю.

За той час, як фронт стаяў на Сажы, Чубару выпала некалькі разоў бачыць Пацюпу ў розных абставінах. Адзін раз яны нават вярталіся з Крутагор’я разам. Праводзіў іх старшыня калгаса з Ганчы Захар Доўгаль. Тады Чубар і даведаўся ўсё пра Пацюпу.

Цяпер Пацюпа таксама без цяжкасці пазнаў Чубара.

— Тпру,— спыніў ён рыжага, з раскормленым задам каня, які тут жа неяк па-воўчы павёў вушамі, акурат настаўляючы іх на чалавечыя галасы.

— А я думаю, хто гэта,— стоячы на абочыне, сказаў насустрач адразу Чубар, тады падышоў да воза і чамусьці паспешліва, нібыта баючыся, што Пацюпа перадумае затрымацца на больш на дарозе, ухапіўся абедзвюма рукамі за бакавую гнушку, пасля і нагу на атосіцу паставіў.

— А гэта што за людзі з табой? — грубавата спытаў Пацюпа, паказаўшы пугаўём на Чубаравых спадарожнікаў.

Пытанне было нечаканае, прынамсі, пачулася яно сапраўды быццам зарана і як бы нават недарэчы, таму Чубар на кароткі момант ажно сумеўся.

— Ды вось, ідзем,— сказаў ён зусім няпэўна.

— Сам бачу, што не едзеце,— засмяяўся Пацюпа.— Але куды і за чым?

— Ну, гэта другое пытанне,— махнуў рукой Чубар.— Падвязі.

— Ці ж па дарозе?

— Маючы каня, можна і наняцца. Тым больш што дарога тут, здаецца, адна.

— І гэта праўда,— згадзіўся Пацюпа, перастаючы азіраць незнаёмых людзей.— Толькі ці не багата нас на аднаго каня будзе?

— Ён жа ў цябе моцны.

— Тады сядайце,— сказаў Пацюпа, акурат чакаў дасюль, каб дазволіць, менавіта гэтага сведчання.

Чубаравы спадарожнікі рынуліся да воза, пачалі масціцца на голых драбінах. Вёрткі і ўсё роўна як пусты Патоля зрабіў гэта хутка, скочыўшы на воз з усімі нагамі; тым часам Савасцян Бераснёў, нягледзячы, што таксама рынуўся быў да воза разам з Патолем, уладкаваўся на ім з вінтоўкай без прыкметнай увішнасці, заняўшы адразу месца ў самым задку. Сеў, зразумела, і Чубар. Выйшла так, што яны з Пацюпам апынуліся спіной адзін да аднаго.

Ад гэтага месца яшчэ заставалася нямала дарогі да Машавой, але размова на возе пачалася няскора. Дакладней, чацвёра дзецюкоў ажно колькі разоў пачыналі яе, і столькі ж разоў яна, акурат няўзнак, абрывалася. «Вось што значыць — людзі паміж сабой незнаёмыя»,— мусіць, падумаў сабе кожны. Да таго ж, здаецца, ніхто не меў жадання мацаваць яе, агульную размову, бо ўзнікала яна адвольна, без пэўнага выкліку ў душы. І толькі тады, як Савасцян Бераснёў угледзеў на момант паляўнічым вокам лісу ў густым верасе, што даўно ўжо глушыў абапал дарогі баравыя паляны, паязджане ў адзін голас завохкалі, заківалі з дарэмным шкадаваннем галовамі, маўляў, не паспелі злажыцца з вінтоўкі. А між тым, гэтае ўзрушанасці якраз хапіла, каб пакрыць ранейшыя выдаткі ў іхняй мулкай размове.

— Сюды б майго беркута,— пацмокаў зусім па-ўсходняму Савасцян.

— Каго? — недачуў Патоля.

— Беркута.

— А што гэта — беркут?

— Ну, арол такі.

Тады Патоля сказаў:

— Наўрад ці ўзяў бы яе і беркут у такой гушчэчы.

— Ага,— падтрымаў яго Пацюпа.

Але Савасцян Бераснёў запярэчыў:

— Узяў бы. Як міленькі ўзяў бы. Я гэту справу ведаю, бо паляўнічы сам. Некалі ў галодны год карміў адзін цэлы аул.

— Дзе гэта?

— Пад самым Цянь-Шанем.

— Ты што, родам адтуль?

— Не, родам я з-пад Мурама. Але жыў доўга з казахамі. Адтуль і ў армію прызываўся. У нас там шмат хто мае сваіх беркутаў для палявання. Ну і я завёў сабе. Джайранаў браў без памылкі, лісіц таксама.

— А як гэта выходзіць, што драпежная птушка слухаецца ва ўсім чалавека?

— Так і выходзіць. Галоўнае, каб беркут адчуваў у табе гаспадара. Валадара. А для гэтага неабходна навуку задаць яму. Нездарма ж кажуць — каб над кім панаваць, трэба спярша добра яго памуштраваць.

— Ну, гэта вядома,— кіўнуў галавой Пацюпа.— Але ж у небе арлу не загадаеш?

— Трэба на зямлі загадваць, каб у небе слухаўся. У небе позна ўжо будзе загадваць.

Адчуўшы, што спадарожнікі яго наважыліся слухаць, Савасцян працягваў:

— Ловяць казахі беркутаў звычайна пры дапамозе сеткі. І адразу надзяваюць нявольніку на галаву скураны каўпачок. З гэтага часу для беркута свету няма больш. Нават промня святла, адна цемра. Але і гэтага мала. Усе ведаюць, што арлы ў гарах жывуць, за скалы трымаюцца. Таму наступнае, што робіць казах,— саджае птушку на канат, перакінуты з адной сцяны дувала на другі. І вось з гэтага моманту аслепленая, але яшчэ няўрымслівая істота адно і думае, адно і цаляе, каб на канаце ўтрымацца. Больш таго, нават у такім становішчы гаспадар не пакідае беркута ў спакоі. І сам часта торгае за канат, і другіх, хто прыходзіць на двор, падбівае рабіць гэта.

— Як у той песні: хто ні едзе, хто ні йдзе,— сказаў Пацюпа.

— Але вось мінаюць суткі, другія. Нарэшце казах надзявае вялікую скураную рукавіцу, кладзе на яе кавалачак мяса, якое перад тым вымачыў добра, затым падыходзіць да знясіленага беркута, пагладзіць яго, каб паказаць першую ласку, а тады здымае з галавы каўпачок, адкрывае нанава на нейкі момант свет навокал і рукавіцу з кавалачкам мяса. Галодны нявольнік, зразумела, адразу заўважае гэты кавалачак, ляціць з каната на руку. Але дарэмна. Не паспее беркут нават раз дзеўбануць спажыву, як чалавек зноў надзявае на вочы яму каўпачок. І зноў для беркута пачынаецца жыццё ў пакутах, у бяссонніцы, з адным імкненнем — не ўпасці з каната, за які цяпер торгаюць яшчэ мацней.

— Сапраўдная муштра.

— І катаванне.

— Але вось нявольніку даецца новы адпачынак. Зноў ён бачыць пры дзённым святле рукавіцу з кавалачкам мяса, а вышэй трохі — ласкавы твар чалавека, які ўжо здаецца яму збавіцелем.

— І колькі часу гэтак паўтараецца? — спытаў Пацюпа.

— Тыдні чатыры звычайна. К таму часу беркут ужо добра засвоіць, што адзіным сябрам яго з’яўляецца чалавек, ад якога ён мае ласку, а каб атрымаць мяса, трэба, аказваецца, абавязкова сесці на рукавіцу. Значыць, гатовы служыць.

— І служыць?

— Самым адданым чынам.

— Чорт пабяры, пасля такой навукі я і сам бы ўзмыў угору,— засмяяўся Патоля.

Але маўклівы дасюль Чубар сказаў яму здзекліва:

— Для гэтага трэба быць арлом.

Дзіўна, аднак расказ Бераснёва не толькі ўразіў Чубара, а і засмуціў. Праўда, ён не мог сказаць чаму.

Тым часам ужо выязджалі з лесу.

Наперадзе гарбацілася прыбранае поле, на якім здалёку была відаць пясчаная дарога. Яна пакручаста ўзбягала на самае высокае месца і на тым баку поля прападала з вачэй.

— Зараз каню палёгку трэба даць,— занепакоіўся Пацюпа і адразу саскочыў з воза.

Прыкладу яго паследавалі астатнія. Пры гэтым неяк само атрымалася так, што ўсе чацвёра тут жа пабраліся на пары: па адзін бок дарогі, адстаючы на некалькі крокаў ад воза, пайшлі Бераснёў з Патолем, па другі — Пацюпа з Чубарам.

— Не хацеў пытацца пры іх,— ціха сказаў Пацюпа,— што гэта за людзі? І наогул, адкуль ты ўзяўся раптам, чаму тут, а не на фронце?

— Так выйшла, што не на фронце,— таксама напаўголаса адказаў Чубар.— Доўга расказваць. А гэта,— ён кіўнуў галавой назад,— партызаны.

— І даўно ты з імі?

— Не. З учарашняга дня.

— А яны даўно тут?

— Ты маеш на ўвазе — на акупіраванай тэрыторыі, у тыле?

— Не, у нас, у забяседдзі?

— Думаю, што не дужа.

— А куды яны цяпер?

— У Машавую.

— І собіла ж мне дагнаць вас!

— А мне, няйначай, пашанцавала.

— Ды ўжо ж. Каму не хочацца ў дарозе пад’ехаць?

— Я не пра гэта.

— А пра што?

— Справа ў мяне да цябе ёсць.

— Калі гэта яна з’явілася?

— Як толькі ўбачыў цябе. Але ў самога мяне яна даўно. Дакладней, з учарашняга дня.

— Але ад іх хаваешся?

— Як табе сказаць... Не тое што хаваюся, аднак у гэтай справе яны па сабе, а я па сабе.

— Тады гавары.

— Мне трэба ведаць дакладна, ці застаўся хто-небудзь у раёне для вядзення падпольнай работы?

— Ты лічыш, што я ў курсе?

— А каму ж быць у курсе, як не табе, былому аператыўнаму работніку?

— Ну, гэта ты занадта. Я так, па дробязях больш, як кажуць, папяровы пацук.

— І ўсё-ткі?

— А ты што, ходзіш вось так з вёскі да вёскі і пытаешся?

— Разумееш, я сам ведаю, што гэта не лепшы спосаб. Але што зробіш? Камандзір іхняга атрада таксама цікавіцца. Так што...

— А яны сапраўды партызаны?

— Ты што, сумняваешся?

— А калі раптам не?

— Як гэта разумець?

— А так. Можа, яны выдаюць сябе не за тых, хто на самой справе?

— Не, тут справа чыстая.

— Адкуль у цябе такая ўпэўненасць?

— Знаёмы мой у атрадзе.

— Дапусцім. Але...— памуляўся Пацюпа.— Словам, справа гэта далікатная. Па праўдзе кажучы, лепей было б зрабіць так, што і я цябе не бачыў, і ты мяне.

— Не давяраеш?

— Проста не маю права заводзіць падобныя размовы. Вось каб ты пачакаў дзень-другі, а я падумаў, параіўся з тым-сім. Можа б, хто дасведчаны і трапіўся.

— Ну што ж, раз так...— Чубар памаўчаў, тады спытаў: — А цяпер ты куды?

— У Машавую. Да аднаго знаёмага садоўніка. Дакладней, да вартаўніка садовага. Яблык трэба ўзяць. У нас у вёсцы садоў мала, вось дзеці і папрасілі, каб прывёз адсюль.

— Дзіўныя справы твае, гасподзь.

— Ды і не дужа простыя. Ну, а ты, у цябе знаёмыя ў Машавой ёсць?

— Некалі ведаў Рыгайлу, Яфрэменку. Але цяпер не ўпэўнены, што яны ў вёсцы.

— А я чуў, што якраз дома абодва — і Рыгайла, і Яфрэменка.

— Значыць, справы мае не такія ўжо дрэнныя?

— Ты, Чубар, неяк дзіўна разважаеш. Калі не гэты, дык той. Дарэчы, а чаму ты думаеш, што сувязі трэба шукаць тут?

— Я ўжо казаў надоечы аднаму чалавеку і табе скажу так — інтуіцыя. Мяне ў жніўні таксама клікалі сюды на нараду. Вось я і разважыў цяпер, што нешта ж важнае тады рашалася. Якраз перад тым, як адступіць нашым войскам з раёна. Мусіць жа, сапраўды не так сабе выклікалі. Асабліва калі ўлічыць, што позва была падпісана Маштаковым.

— Дык чаму не з’явіўся, раз клікалі?

— Звычайна, заняты быў у калгасе эвакуацыяй. Рашыў, нічога не здарыцца, калі мяне аднаго і не далічацца на нарадзе. Хто ж ведаў, што фронт немцы на Сажы прарвуць і нашы зноў адступаць стануць?

— Ладна, Чубар, давай-тка нанава сядаць на воз ды паганяць каня. Кліч сваіх партызан, а то дарога з гары пайшла.

Сапраўды, у размове гэтай яны і не заўважылі, што ўжо было прамінута на гарбаціне поле, на якім тапырылася аплеценае маладым павуціннем іржышча, і дарога крута пакацілася ўніз, увесь час выпростваючыся і цвярдзеючы. Пацюпаў конь, дарма што падобны на ламавіка быў, адчуў за сабой накат колаў, пачаў хутчэй перабіраць нагамі і без прынукі. Сядаючы на воз, Чубар нібыта са злосці падумаў:

«А ну яго к чорту, гэтага Пацюпу!.. З ім гаварыць, што гнілую рэпу есці. Урэшце, ніхто мяне да сценкі не паставіць, калі я і не знайду ў Машавой патрэбнай сувязі. Хоць, канечне, яна і самому акурат бы цяпер была. Але ж цікава, ці рабіў ужо якія-небудзь захады наконт гэтага Зазыба?» Праехаў трохі на дрогкім возе, тады зноў падумаў: «А ўсё-ткі, ён штосьці пэўнае ведае, гэты Пацюпа. Нездарма ж таксама з арміяй на ўсход не пайшоў. Бо яму, з яго ранейшай работай, мала што свеціць тут, акрамя як... Так, на здрадніка ён не падобны, не стане ён гэтым займацца, а вось што пра машаўскіх кіраўнікоў ён сказаў мне — гэта, можа, самае галоўнае цяпер. Не ён, дык Рыгайла з Яфрэменкам дадуць рады».

Па правы бок ад дарогі пачаліся адна за адной балацявіны, парослыя пасярод асакой і балотным хвашчом, а паабапал — бліскучай, быццам пасярэбранай лазой, што дробна трапяталася лістотай на ледзь чуйным ветры. Па правы ж бок адкрылася вачам і вёска. Яна выглядала такой жа, як і ўсе іншыя паселішчы ў гэтым былым прыграніччы1, ні лепшай, ні горшай, з саламянымі стрэхамі на хатах і гумнах.

Праўда, не ў кожнай тутэйшай вёсцы будавалася царква. Але ў Машавой яна якраз была.

Вуліцы на тым, дальнім канцы вёскі абміналі царкву і галінаваліся ў розныя бакі, а тут, напачатку, была адна вуліца. Яна выходзіла сваімі дварамі насустрач кожнаму, хто ехаў ці ішоў у Машавую з Кавычач, Жаркоў, Мокрага... Недзе пасярод гэтай вуліцы чарнеўся гарбаты масток цераз Машоўку, адну з тых рачулак, што жывяць вадою ў сярэднім цячэнні Бесядзь.

— Ты вось што, Чубар,— раптам сказаў Пацюпа,— не хадзі адразу цяпер ні да Рыгайлы, ні да Яфрэменкі. Навошта з вінтоўкай будзеш шастаць пад вокнамі ў вёсцы? Ды і невядома яшчэ, можа, тут немцы.

— А куды мне?

— Паедзеш са мной.

— А яны? — Чубар паказаў на партызанаў.

— І яны няхай едуць з намі. Да вечара пабудзеце ў садзе, у вартоўні, а там ужо няхай яны робяць сваю справу. Ды і ты. Як, хлопцы? — павярнуўся Пацюпа да Бераснёва з Патолем.

— А што там у цябе, у тым садзе? — адразу ж ухапіўся за Пацюпаву прапанову непаседлівы Патоля.

— Ды ўсё, што захочаш.

Але Бераснёў не адказваў. Тады Пацюпа пачаў спакушаць:

— Дзед віном дамарослым пачастуе, паснедаць дасць...

— Ды яно па часе ўжо не зашкодзіла б і да абеду дапасці,— засмяяўся нарэшце Савасцян Бераснёў.

— Ну, то як, хлопцы?

— Пабачым там,— ляніва, як для адчэпкі, махнуў рукой Бераснёў.

Відаць, ён думаў, што далей належыць ехаць па мастку цераз рэчку, таму яшчэ будзе часу канчаткова рашыцца, але Пацюпа раптам павярнуў каня раней, на брод — амаль перад тым, як уз’ехаць на вясковую вуліцу.

Здаволены, што Бераснёў больш не пярэчыў, а два другія спадарожнікі ўжо нібыта падзялілі Пацюпаў намер пабыць, пакуль не сцямнее, па-за вёскай, Пацюпа, торгаючы лейцамі, пагнаў каня па вадзе цераз Машоўку, тады ўехаў у сад, які пачаўся ў лагчыне паміж глыбокімі схонамі і быццам знянацку. Сад гэты скрозь складаўся са старых дрэў, для большасці з якіх, бадай, ужо адышла пара вялікіх яблык. Як на добры лад, то даўно тут трэба было зрабіць падсадкі. Але ніхто пра гэта не паклапаціўся, і сад увачавідкі буцвеў знутры, дарма што на суччы пакуль яшчэ і сёлета нарасло поўна антонавак.

— Шкарнякоў сад,— сказаў Пацюпа, нібыта пра нешта такое, што дасюль абавязкова ўжо ўсім хоць па чутках, але было вядома.

Між тым, з трох Пацюпавых спадарожнікаў адзін Чубар мог зразумець, чаму раптам іхні фурман сказаў так. Па-першае, не дужа вялікая даўніна былыя паны, каб пра іх забыць, усяго трохі больш за дваццаць гадоў мінула, як іх пазбавілі зямлі і маёнткаў, а па-другое, Шкарняк і ў савецкі час не пакідаў свайго дома. Памёр ён недзе на пачатку трыццатых гадоў. Тады, можа, праз год ці два, і перавезлі адсюль ягоныя пабудовы. На Шкарняковай сядзібе засталося ад таго некранутым усяго адно прадпрыемства, калі можна назваць яго так,— невялікі бровар.

Але не садам і броварам застаўся ў памяці людзей Шкарняк. Урэшце, калі на тое пайшло, то і працавала яна пасля гады на ўрады, тая вінакурня. Справа была, бадай, у іншым. І хутчэй за ўсё, што Шкарняк пасля семнаццатага года не падаўся нікуды са свайго маёнтка, не стаў хавацца ад мясцовых людзей, а тым больш не падаўся, не раўнуючы іншых, за граніцу; ён цярпліва, быццам з усведамленнем гістарычнага моманту, перажыў і раздзел ягонай зямлі на сялянскія двары, і грамадзянскую вайну, у часе якой можна было лёгка апынуцца калі не ў «белай» арміі, то ў якой-небудзь «чорнай» альбо «зялёнай». Да таго ж Шкарняк не без падстаў выдаваў сябе майстрам па механізмах, дакладней, знаў лад у сельскагаспадарчай тэхніцы, якая хоць і была прымітыўнай тады, аднак сялянам заставалася недаступнай. І вось апошняя акалічнасць, здаецца, і прыдалася найбольш у навакольных вёсках. Верамейкаўцы таксама не адзін раз вазілі Шкарняка да сябе. Чубар нават чуў, як апавядаў пра гэта на скотным двары Парфён Вяршкоў. «Прывезлі ў дваццаць дзевятым годзе ў Верамейкі малатарню,— расказваў ён з гумарам.— А разбірацца ў ёй мужыкі не дужа разбіраюцца. Перш за ўсё, зразумела, устанавілі прывад. Тады запрэглі ў яго коней. Пачалі круціць. Снапы ў малатарню мужыкі падаюць, але яна не прымае іх, назад выкідвае, толькі і робіць, што адбівае чуць-чуць каласкі. Ну, а некаторыя тлумачаць: гэта яна знарок такім чынам робіць, каб адным часам і зерне абмалаціць, і салому не паклычыць,— кулі ж патрэбны ў гаспадарцы для стрэх. Брава-Жыватоўскі, які пабачыў свету трохі, стаяў на таку, глядзеў, а тады і кажа: «У нас, у Старасельскай камуне, калісьці была таксама такая малатарня, але тая працавала як належыць. Тут штосьці не так». Пачалі думаць верамейкаўцы. Нехта параіў: «Трэба з раівону майстра прывезці. Няйначай, тама ёсць».— «Ета доўга чакаць давядзецца,— засумняваўся Сілка Хрупчык.— Лепей да Шкарняка чалавека на кані паслаць. Нездарма ж ён пан. Кажуць, усё ўмее». Махнулі рукой, няхай так будзе. І вось прыехаў на верамейкаўскай параконцы Шкарняк на другі дзень, зірнуў сюды-туды ў малатарні, сказаў: «Два гарцы гарэлкі будзе каштаваць работа і пяць пудоў жыта». Нічога не папішаш, трэба згаджацца. А пан ужо прыспешвае мужыкоў, каб тыя пакінулі гумно, дзе стаяла малатарня: «Не замінайце, таварышы савецкія грамадзяне і грамадзяначкі, я тут адзін спраўлюся». І сапраўды, пакорпаўся якія з паўгадзіны ў механізме, выцірае рукі пакуллем ды расчыняе нанова вароты: «Ну, цяпер паганяйце на прывадзе свае коні». Кінулі верамейкаўцы першы развяслены сноп у малатарню — жарэ, падалі другі — таксама закруціўся недзе на барабане. «Ну і пан!» — чухаюць мужыкі галовы. А той бярэ два гарцы гарэлкі, пяць пудоў жыта ды кажа: «Адвязіце мяне назад, дзе бралі». Але на гэтым гісторыя не скончылася. Праз два тыдні прыязджае ў Верамейкі з Бялынкавіч інжынер па нейкай іншай справе, дзівіцца на Шкарнякову работу, усміхаецца: «Трансмісія на заводзе была пастаўлена наадварот. Тут толькі і работы хапіла, што пераставіць пас. Маглі і самі дадумацца».

Маглі б, аднак не даўмеліся!..

Паколькі Пацюпа ўжо не адзін раз бываў тут, у гэтай Шкарнякоўшчыне, то і напаўразваленую вінакурню, збудаваную напалову з чырвонай цэглы, а напалову з пілаванага дрэва, адразу адшукаў на схіле парослага хвоямі пагорка. Яшчэ ён не спыніў каня на двары, як на грукат колаў з невялічкай і досыць абымшэлай прыбудовы, што служыла, няйначай, вартоўняй, выйшаў на ганак кульгавы чалавек у зімовай шапцы і суконных бурках, абшытых знізу скурай. На выгляд яму можна было даць старыя гады, хоць на самой справе ён яшчэ быў порсткі, і гэта ўсе заўважылі нават па тым, як ён зачыняў за сабою дзверы.

Прыезджыя заўсміхаліся яму насустрач — маўляў, добры дзень! Аднак у адказ не атрымалі ні ласкі, ні прывету. Чалавек толькі паплюскаў усё роўна як падслепаватымі вачамі.

Тады да яго падаўся на ганак Пацюпа. Ён нешта сказаў вартаўніку, што не пачулі на возе, бо той тут жа гукнуў з ганка:

— Ладна, парадкуйце каня ды самі заходзьце ў хату, не мазольце людзям вочы.— Ён так і сказаў звыкла — «у хату».

Партызаны пабралі з драбінаў свае вінтоўкі, якія яны паклалі былі туды блізка ля вёскі, рушылі да ганка.

Вартаўнік прапусціў іх у дзверы, затым кульгануў уніз з ганка, пачаў сам распрагаць Пацюпавага каня.

Тым часам Чубар не спяшаўся заходзіць у вартоўню. Ён яшчэ паглядзеў, як гаспадар вывеў з аглобляў каня, паставіў за прыбудовай, тады прынёс аднекуль сена. Праз нейкі момант Пацюпа таксама падаўся да яго за прыбудову.

— Што гэта за людзі з табой? — пачуўся адтуль буркатлівы голас старога.— І навошта ты прывёз іх сюды?

— Чубар папрасіў,— адказваў яму Пацюпа.

— А хто еты Чубар?

— Старшыня калгаса з Верамеек.

— А тыя двое?

— Чубар кажа, партызаны.

— А самі яны што гавораць?

— Не пытаўся я.

— Ну во, ты не пытаўся, а мне цяпера разбірайся.

— Чубар сапраўды кажа, што яны з-за лініі фронту. Ці не з Масквы нават.

— А што мне да таго, адкуль яны? Мне забаронена тута не толькі пастой наладжваць, а і прымаць каго б там ні было.

— Чубар жа не чужы!

— Адкуль табе ведама, што ён не чужы? Цяпера хто хочаш прадаць можа.

— Ды не прадасць ён. І гэтым такое не трэба.

— Ну, трэба не трэба — не табе знаць і не табе рашаць. Цяпера давядзецца перайначваць усё. Так бы яны прыйшлі сюды, а так давядзецца цябе некуды весці. Ды яшчэ пра месца трэба зараней змовіцца. Ды яшчэ невядома, што яны на ўсё ета скажуць, што ты чужых прывёў.

— Добра. Рабі, як ведаеш. Толькі не падавай выгляду перад Чубарам і гэтымі. Іначай я не мог паступіць, бо Чубар сам намер меў да Рыгайлы з Яфрэменкам пайсці. Проста ўдзень, на вачах усяе вёскі. Сам падумай, што мне было рабіць у такім разе? Але пра Чубара, як пойдзеш, абавязкова скажы, бо ён шукае сувязі з райкомам.

Далей Чубар не стаў слухаць, акурат і ад гэтага, што пачуў, зрабілася яму не па сабе. Узышоў на ганак і, як у зімовую пару, моцна патупаў па ім ботамі, тады пацягнуў за клямку на вуліцу дзверы. Бераснёў з Патолем ужо сядзелі на лаве, здаецца, прыглядваліся да прыцемку, які панаваў у вартоўні, бо не хапала паўсюль святла з маленькага акенца. Няйначай, яны паспелі за гэты час і паразмаўляць ужо між сабой, перакінуцца словам пра нешта сваё, можа, нават змоўніцкае; убачыўшы Чубара, Бераснёў тут жа па-добраму ўсміхнуўся спадарожніку і гэтым нібыта прымусіў Патолю таксама паказаць свае чырвоныя, як запаленыя, дзясны. За дарогу, пакуль яны ішлі і ехалі сюды, Чубар неяк, бадай, насуперак сабе, прыцярпеўся да Патолі. Але цяпер, пры выглядзе гэтай усмешкі, зноў адчуў былую непрыязнасць, якой недалёка заставалася ўжо да закарэлай зацятасці.

Хвілін праз колькі пасля Чубара ў вартоўню зайшлі і Пацюпа з гаспадаром.

— Ну што ж, частуй, дзед, гасцей,— сказаў Пацюпа, кідаючы пусты мяшок у кут.

Чубар ажно здзівіўся — на твары старога зусім не заўважна было ранейшай пахмурнасці. Ён і Пацюпавы словы прыняў без пярэчання, нават брывом не павёў, адразу пачаў даставаць вялікую плеценую бутлю з-пад нядубленых авечых скур, што ляжалі паўз сценку на падлозе замест накрывала. Гэтая гатоўнасць амаль з парога наладзіць пачостку раптам збянтэжыла Савасцяна Бераснёва, усё роўна як ён і не чуў раней ад Пацюпы пра «дамарослае віно».

— Не, мы не можам,— наўздзіў Патолю сказаў ён,— мы павінны зараз ісці.

— Куды? — спытаў яго Патоля.

— У вёску. На разведку.

Пачуўшы гэта, гаспадар вартоўні пакінуў на месцы бутлю, выпрастаўся ў момант, крута павярнуўся да Пацюпы і нібыта апёк таго позіркам уражаных вачэй.

— Ну, ета, здаецца, не дзела,— сказаў ён затым да партызан.— Навошта спяшацца? Да й што тама разведваць у Машавой?

— Знойдзем што,— упарта хітануў галавой Бераснёў.

— Але хто ета ўдзень на разведку ходзіць? — сказаў следам за ім гаспадар.— Дачакайцеся вечара, а пра ўсё астатняе я пакуль магу расказаць.

— Нам якраз удзень і трэба сялянам паказацца. Няхай ведаюць, што ў забяседдзі з’явіліся партызаны.

— Ну, калі так! — з унутранай абуранасцю развёў рукамі вартаўнік.

Тады ўмяшаўся ў гаворку Радзівон Чубар.

— Сапраўды, Савасцян, навошта гэтак спяшацца? — сказаў ён, акурат прымерваючыся.

— Не, нам трэба, таварыш Чубар,— стаяў на сваім Бераснёў.— Вы сабе як хочаце, а мы з Патолем піць не станем і заседжвацца тут не будзем.

— Ну, гэта ўвогуле-то пахвальна,— зноў, але расчаравана, сказаў Чубар, а потым падумаў: «Ат, няхай ідуць, раз не церпіцца!..»

Між тым, сам ён ужо дакладна ведаў, што трапіў сёння па адрасе: прынамсі патаемная размова, якую нядаўна вялі за прыбудовай гаспадар гэтай вартоўні і Васіль Пацюпа, якую ён няўзнак, але наўмысна падслухаў, была шматабяцаючай. Таму зразумела, што нікуды адсюль ісці ён пакуль не збіраўся. Гэта было б цяпер, калі сапраўды штосьці намацана, у вышэйшай ступені неразумна.

— А як жа пасля — у атрад разам мы будзем вяртацца? — спытаў Чубар.

— Наогул, добра было б,— сказаў на гэта Бераснёў.

Ён яшчэ пасядзеў трохі на лаўцы, тады ўстаў. За ім, яўна з неахвотаю, што даводзіцца адрывацца ад спакуслівай справы, падняўся і Патоля.

— У нас парадак такі,— паглядзеўшы на Чубара, растлумачыў Бераснёў.— У час, калі выконваем заданне, пітва і ў рот не браць.

Тады зноў усміхнуўся дзед:

— Дак навошта яго браць, ета пітво? І ніякае не пітво яно саўсім, а звычайнае вясковае гавенца. Тым больш што ніхто ж нікога не прымушае піць. Я ета дзеля прыліку рашыў пачаставаць, а раз не хочаце, дак і не трэба. Іншая справа, што ў вёсцы цяпера сапраўды няма каго разведваць. Немцаў етыя дні зусім не відаць, ну а...

— Немцаў трэба разведваць на бальшаку, што з Бялынкавіч на Баронькі,— усё роўна як падначваючы, удакладніў Пацюпа.— Там яны ездзяць і ўзад і ўперад.

— Разведаем і большае, калі спатрэбіцца,— спакойна, але ўсё-такі з нейкім націскам сказаў Бераснёў, быццам адчуў у Пацюпавых словах насмешлівы дакор, затым перавёў позірк на старога:— Я вось падумаў... немцаў, як вы кажаце, відаць, і праўда ў вёсцы няма. А паліцаяў?

— Дак... цяпера, лічы, у кожнай вёсцы вялікай без іх не абыходзіцца. Асабліва там, дзе яшчэ й воласць.

— Ну, а ў Машавой?

— І ў Машавой, раз воласць ёсць.

— Колькі?

— Пакуль адзін. Ета тама, дзе стан, іх звычайна багата, а дзе няма стану, дак адзін, два.

— Хто ж ён?

— Не туташні. Я дайжа прозвішча не запомніў. Здаецца, з акружэнцаў.

— А ў воласці? Хто ў воласці запраўляе?

— Ну, тама наш за бургамістра. Зімароў.

— Зімароў?

— Ага, Зімароў.

— Дзе ён жыве?

— Тама, дзе й воласць знаходзіцца. У вёсцы вам пакажуць, бо адсюль не відно. Але жонка ў яго немка будзе.

— Як гэта — немка? — страпянуўся раптам Патоля.

— Звычайна. Прывёз яшчэ з таго палону. У Германіі працаваў недзе. Адтуль і прывёз кабету за жонку сабе.

— Ну вось, а ты кажаш, каго разведваць,— з насмешкай сказаў Патоля і пачаў прыспешваць Бераснёва:— Хадзем, Савасцян!

— А можа?..— памкнуўся да яго гаспадар вартоўні.

— Нічога не можа,— ажно затупаў чамусьці на месцы Патоля.— Жалеза трэба каваць, пакуль гарачае.

Тады вартаўнік зусім спахмурнеў, сказаў, як сабе:

— Але і пляваць на гарачае жалеза таксама не варта, бо небяспечна ад етага бывае.

Калі ж за двума партызанамі нарэшце зачыніліся дзверы, стары пакруціў галавой, папракнуў Чубара:

— Нешта яны ў вас як шыцікі тыя.

А Пацюпа сказаў:

— Баба з воза — каню лягчэй. Няхай пашвэндаюцца, калі захацелася. А мы тут...

— Але каб яны не натварылі чаго лішняга тама.

— Нічога, дзед. Даставай з-пад кажухоў сваё гавенца. А то ажно смага.

Стары не прымусіў чакаць. Выняў з-пад авечых скур бутлю, паставіў на стол. Затым пашукаў у шафе акраец хлеба, сырыя яйкі. Але на гэтым не спыніўся — выйшаў у двор, прынёс у лазовым кашы яблыкі.

Пакуль ён хадзіў недзе, Пацюпа сказаў Чубару:

— Ты правільна зрабіў, што адстаў ад іх.— Ён меў на ўвазе Бераснёва і Патолю.— Дзед табе дапаможа ў тваіх блуканнях па дарогах. Мяркую, гэты нешта ведае.

— А то ты не ведаеш?

— Ну! — бліснуў вачамі Пацюпа.

— Карханаў, камандзір спецатрада, які цяпер стаіць недалёка ад Верамеек, гаварыў, што ў нас у раёне было пакінута ў жніўні, калі адступала армія, дзве групы. Адна ў якасці партызанскага атрада, другая ў якасці падпольнага камітэта партыі.

— Адкуль у яго такія звесткі?

— Не ведаю. Але ж атрад называецца разведвальна-дыверсійным. Рацыя таксама маецца. Так што інфармацыя паступае.

— Пра атрад я не ведаю, а вось пра падпольны райком чуў. Ды ты не спяшайся з гэтым. Зараз вось раскалыхаем дзеда...

— А як яго зваць, гэтага дзеда?

— Калістратам.

— А прозвішча?

— Шандоў. Яны аднекуль былі прывезены сюды Шкарняком. Сястра яго служыла ў паноў, здаецца, пакаёўкай. Ну, а брат, гэта значыць цяперашні Калістрат Шандоў, у садзе тут заўсёды рабіў на вінакурні. І пры панах, і пазней, ужо пры калгасе.

— Дзіва што я каторы час прыглядаюся — нос у чалавека чырвоны,— здаволены, што гэтак няблага ўсё складваецца, засмяяўся зусім без прычыны верамейкаўскі старшыня.

Словы ягоныя, бадай, ужо мог чуць і гаспадар, але не закрыўдаваў.

— Сядайце да стала,— кінуў ён з парога.

Віно Калістрату не надта ўдалося на смак, нездарма сам называў непрыстойным словам, аднак за трэцяй чаркай Чубару ўдарыў нязвыкла хмель у галаву.

— Пі, пі,— падахвоціў яго тым часам павесялелы Пацюпа, які таксама не дужа грэблівы быў і яўна не шкадаваў чужога пітва.

Чубар наліў сабе з бутлі чацвёртую шклянку. Паставіў яе збоч на стале, збіраючыся працягнуць руку да закусі, аднак насцярожана прыслухаўся — чуваць было здалёку, што ў вёсцы стралялі. Бах, бах... А тады зноў — бах, бах...

— Ну вось, наразведалі,— злосна сказаў гаспадар і плюнуў пад стол.— Ты заўсёды, Пацюпа, недзе зачэпішся за г....!..

— А раптам гэта немцы?

— Якія табе немцы! — паморшчыўся стары.

Чубар схапіў з лавы сваю вінтоўку, кумельгам выскачыў на двор. З вёскі даляцеў яшчэ адзін стрэл.

Гаспадар вартоўні таксама выйшаў на ганак. Спытаў:

— Што тама?

Чубар паціснуў плячамі, але, быццам вінаваты, узышоў далей на пагорак, стаў у самым лесе, каб паглядзець на вёску адтуль.

Спярша нічога не было відаць там, але вось неўзабаве ён убачыў, як цераз гарбаты масток на Машоўцы прашыбавалі на гэты бок дзве знаёмыя постаці. Патоля цаляў паперадзе, за ім паспяшаў Савасцян Бераснёў з вінтоўкай у руцэ, раз-пораз азіраючыся на вёску, якая, здавалася, нават не страпянулася ад нядаўніх стрэлаў. Хоць ад мастка да вінакурні і было праз сад не болей як паўтара кіламетра, аднак упрэлыя партызаны паспелі прыджгаць сюды за лічаныя хвіліны — якраз Чубару хапіла часу нанава спусціцца ўніз.

— Што там здарылася ў вас? — гукнуў ён яшчэ крокаў за дваццаць.

Калістрат Шандоў таксама падазрона не зводзіў вачэй з абодвух.

Але адказу яны дачакаліся не адразу — Бераснёў і Патоля колькі часу яшчэ адсопваліся ад хуткай хады і толькі пасля таго, як Чубар зноў спытаў:

— Хто страляў?

Савасцян Бераснёў нерашуча сказаў:

— І мы, і бургамістр.

— Як гэта здарылася?

— Ды так...

— Што значыць — так?

— А тое, што ўсё сарвалася,— раптам раз’юшана, зрывістым голасам закрычаў Патоля.— З яго стралок!..— Ён апёк ненавісным позіркам Савасцяна Бераснёва і затупаў нагамі, акурат як тады ў вартоўні, але гэты раз ужо не ад нецярплівасці, няйначай, ад злосці; затым з-пад палы даўжэзнага шыняля, з якім не разлучаўся нават у цёплую пару сутак, выхапіў сякеру, насаджаную на новае тапарышча, і з усяе сілы, на якую здольны быў, шпурнуў у прасценак, дзе замест загавальні ляжала прысыпаная зверху пяском струхлелае шула.

Кульгавы Шандоў кінуўся туды ўслед за сякерай, падняў і агледзеў яе. Пры гэтым усім было відаць, як ён паківаў там з боку на бок галавой.

— Ну вось што,— вярнуўся Шандоў да партызан з каменным тварам, на якім прапала кудысьці нават тая чырвань, якая, як жартаваў Чубар, можа, сапраўды трымалася на скуры за кошт выпітага,— гаварыце, што вы нарабілі? — І ледзь не тыцнуў абухам сякеры пад нос Патолю: — Чыя ета кроў?

— А табе што да яе? — натапырыўся Патоля.

— А тое, што я тут гаспадар! І я павінен ведаць, што мне праз вас чакаць трэба! — Стары павярнуўся да Бераснёва, сказаў таксама настойліва, з пагрозай:— Ты, здаецца, разумнейшы — гавары! Толькі хутчэй!

Бераснёў не ўтрымаўся на нагах у такой напружанасці, сеў на ўрослы ў зямлю цурбан, што, мусіць, без аніякай патрэбы ляжаў пасярод гэтага двара.

— Здаецца, выйшла недарэчнасць,— ціха, з выразнай прыкрасцю, ад якой перасмыкнула пабялелы твар, сказаў ён.— Жанчыну забілі. Немку.

— Бургамістраву жонку?

— Так.

— Сякерай?

— Так.

— Гэты? — Шандоў паказаў на Патолю.

— Так.

— А стралялі навошта? — праз нейкі момант зноў спытаў Шандоў.

— Стралялі пасля, калі бургамістр выскачыў праз акно,— растлумачыў Бераснёў.

— Так, так,— ухапіўся за Савасцянавы словы Патоля,— гэта той па нас першы стрэліў!

— Памаўчы ты,— не даў яму разысціся Шандоў.— Расказвай пра ўсё! — загадаў ён другому партызану.— Акурат як было!

Бераснёў хуценька глянуў на Пацюпу, які стаяў, здавалася, безудзельны да ўсяго, што адбывалася ў двары старой вінакурні, пасля перавёў позірк на Чубара, усё роўна як па чарзе ў абодвух шукаў спагады, а можа, падтрымкі.

Чубар у адказ насуплена кіўнуў галавой:

— Гавары, гавары!

Пацюпа тым часам не зварухнуўся і не прамовіў ні слова.

Відаць, Савасцяну Бераснёву да прыкрасці не хацелася апавядаць пра забойства, якое толькі што адбылося ў Машавой, але мусіў, бо надта пагрозліва навісаў над ім з акрываўленай сякерай кульгавы Шандоў.

— Ну, прайшліся мы, як звычайна бывае ў нас, па вёсцы, нават далей трохі пратупалі, да пасёлка. Немцаў і праўда, як вы казалі, няма. Мы тады ў валасное праўленне. Глядзім, а там гэты Зімагораў. Абедае.

— Зімароў.

— Так, Зімароў,— лёгка паправіўся Бераснёў, нібыта цяпер гэта на самой справе мела нейкае значэнне.— І жонка яго. Пытаецца, што за людзі. Мы адказваем — па дзелу. Якое дзела ў вас, пытаецца зноў Зімароў і ўсё на маю вінтоўку глядзіць, вачэй не зводзіць. А сваю тым часам бліжэй ды бліжэй да сябе заграбае.

— Ага, і ў яго таксама вінтоўка аказалася,— зусім без патрэбы ўдакладніў Патоля, тады дадаў: — Праўда, не наша, відаць, французская ці яшчэ якаясьці.

— Ну, Патоля і кінуўся на бургамістра з сякерай, моў, аддавай зброю. Тут і выйшла ўсё. Жанчына гэта, немка, раптам заступіла дарогу Патолю, засланіла мужа. Удар сякерай таму і прыйшоўся па ёй. А бургамістр тым часам праз акно, якраз расчыненае было. Ну, я і стрэліў яму наўздагон.

— Ды не, гэта ты забыўся,— перапыніў Бераснёва Патоля.— Спярша ён, падла, па нас з вуліцы стрэліў, а ты потым ужо па ім пальнуў. І сякерай я замахнуўся таму, што ён пачаў хапацца за вінтоўку, страляць хацеў.

— Страляць, страляць,— з прыкрасцю перадражніў яго Шандоў.— Нарабілі дзялоў.— І раптам нібыта спахапіўся: — А можа, яна яшчэ жывая?

— Наўрад ці,— пакруціў галавой Бераснёў.— Сам бачыў, як галава напалам раскалолася.

Нічога не кажучы далей, стары Шандоў пакульгаў да бочкі, што была ўкапана да палавіны ў зямлю на вуглу вінакурні і ў якую звычайна сцякала дажджавая вада, сунуў туды сякеру. А калі вярнуўся да партызан назад, то сказаў, акурат сам толькі што ў вадзе ахалодаўся:

— Ладна, цяпер нічога не зробіш. Урэшце, людзі яны — і Зімар, і жонка яго, самі па сабе, можа, і сапраўды не вартыя, каб шкадаваць да ўбівацца, а вось... Словам, не на карысць усё ета: і страляніна, і забойства — асабліва тое, што ўцёк бургамістр. Цяпера заварыцца каша.

Нарэшце з ганка сышоў Пацюпа. Спытаў:

— У які бок пабег Зімароў?

— Туды, к пасёлку,— адказаў Бераснёў.

— Немцаў зараз у Машавую прывядзе,— заключыў стары Шандоў.— Там, за пасёлкам, недалёка бальшак, дарога вялікая на Душацін. Дак ён рашыў немцаў перастрэць. За жонку Зімар не даруе, я яго ведаю, чалавека абы ў злосць увесці, тады ўсім мірам не абярэшся.

— А можа, нам паспрабаваць пераняць яго? — разважыў Пацюпа.— Пакуль дабярэцца да бальшака ды пакуль дачакаецца немцаў...

— Яны тама часта цяпера ездзяць на машынах. Не, не паспееце. Я мясцовасць ведаю. Можаш не сумнявацца, Васіль,— Зімар ужо недзе на абочыне стаіць, рукой галасуе.

— Халера,— усё роўна як злаваўся Пацюпа.

— То-та, што халера,— паківаў галавой стары.— Ужо такая халера, што й сказаць страшна. Давядзецца сянні плаціць за пабітыя вамі гаршкі. Ах, Пацюпа, Пацюпа!..— Ён пастаяў трохі задуманы, затым сказаў, звяртаючыся да партызан, у тым ліку і да Чубара: — Вось што, грамадзяне, вам тут заставацца нельга. Ідзіце сабе, адкуль прыйшлі. На сянні вам подзвігаў ужо, здаецца, хопіць. Наразведваліся, і дос. А ты, Пацюпа, пабудзь.

— Я таксама застануся,— сказаў Чубар.

— І табе заставацца няма чаго,— нядобра паглядзеў на яго Шандоў.

Прыйшлося падпарадкавацца. Спярша рушыў з двара Савасцян Бераснёў, за ім — Патоля з Чубарам.

Між тым, Чубару ніяк не выпадала пакідаць гэта месца. Тут заставаліся людзі, якія патрэбны былі яму. Але ён цяпер не толькі не ведаў, як вярнуць іхнюю прыхільнасць да сябе, іхні давер, але не ўяўляў нават збольшага, як нанава належыць падступіцца да іх, каб высветліць нарэшце, дзе знаходзіцца падпольны камітэт партыі. А ў тым, што менавіта праз гэтых людзей — старога калгаснага вартаўніка Шандова і былога супрацоўніка раённага аддзела Наркамата дзяржаўнай бяспекі, няхай нават «папяровага пацука», як ён сам сябе называў, Пацюпу,— неабходна дзейнічаць, Чубар ужо не сумняваўся. Дарэчы, наконт Пацюпы Чубар таксама не сумняваўся. Чамусьці быў упэўнены, што Васіль нават пасля сённяшняга здарэння пойдзе яму насустрач, калі толькі ён зноў звернецца да яго, бо наўрад ці стане дакараць, а тым больш абвінавачваць Чубара ў тым, што зрабілі ў Машавой гэтыя партызаны. Тут Чубарава віна была не намнога мацнейшая, чым Пацюпава. Іншая справа Шандоў. Стары і дасюль не выказваў асаблівай гатоўнасці мець справу з верамейкаўскім старшынёй, а цяпер тым больш не стане. Хоць, з другога боку, відаць, іначай ён не можа. Мусіць, тое, што ён ведае пра падпольшчыкаў, абумоўлена такімі акалічнасцямі, якія ён не мае права па сваёй волі пераступіць, парушыць.

Але калі гэта будзе, што Чубар зноў трапіць сюды, у гэты Шкарнякоў сад? І навошта ён наогул ідзе адсюль?

У процівагу Шандову Чубар зусім не лічыў, што сапраўды патрэбна як найхутчэй знікаць з вінакурні; іншая справа, што пакуль не было другога выйсця — усё-такі гаспадаром тут з’яўляўся гэты чалавек, і ён меў права пасля таго, што здарылася ў вёсцы, патрабаваць хоць ад каго пакінуць ягоную сядзібу, і не толькі таму, каб выказаць такім чынам свае адносіны да зробленага, але, у першую чаргу, каб засцерагчыся наперад ад небяспекі.

Колькі часу Чубар ішоў услед за партызанамі па садзе ў такіх вось унутраных развагах, усё роўна як не рашаючыся на большае. Але развагі гэтыя прывялі яго паступова да такога стану, што ён раптам пачаў прыкідваць у галаве, па якой прычыне яму лепей было б вярнуцца назад. І тым не менш, прычыны важкай не знаходзілася, акрамя аднаго — не зважаючы ні на што, яму неабходна быць там, дзе Шандоў, Пацюпа...

Ён запыніўся, можа, за паўкіламетра ад вінакурні, затрымаў сваіх спадарожнікаў.

— Вось што,— сказаў ён,— вы ідзіце ўдваіх у атрад, а я вярнуся. Я павінен давесці даручаную справу да канца. І не толькі таму, што яна даручана менавіта мне. Я сам зацікаўлены ў ёй не менш. Да таго ж, можа, не ўсё будзе складвацца гэтак страшна, як напалохаў нас вартаўнік.

* * *

Дзіўна, аднак за ўвесь дзень Чубар, здаецца, ні разу з ахвотаю, з жывым пачуццём у душы не глянуў на неба. Вядома, гэта зусім не азначала, што ён сапраўды не бачыў яго. Як кажуць, маючы вочы, чалавек не можа не заўважыць, што звісае над ім, кожны раз мяняючыся. А сёння вось неяк здарылася, што толькі цяпер, ідучы па садзе, Чубар, вядома, акурат з зацікаўленай патрэбай, узняў угору вочы, адчуваючы ў сабе такое становішча, якое бывае пасля доўгага зняволення.

Нічога асаблівага на небе ў гэтую хвіліну не было, нават аблачынак, якія ўвосень, быццам безнадзейныя вандроўніцы, ператвараюцца ў хмары і плаваюць ледзь не кожнага дня, Чубар не прыкмеціў. Затое, паглядзеўшы ў глыбокае прадонне, нечакана яшчэ раз зразумеў, што за гэтыя няпоўныя два месяцы адвык ад людзей і што яны яму нібыта ўжо ў цяжар. І справа тут была не ў Бераснёве. І нават не ў Патолю, які не заслугоўваў добрага слова. Галоўнае заключалася ў тым, што Чубар пачаў траціць былую сваю якасць калектывісцкага чалавека, якая скрозь выпрацоўвалася ў ім ад самае дзіцячае камуны, дзе яму прыйшлося пражыць самыя ўражлівыя гады. Тым часам сказаць, што Чубар станавіўся індывідуалістам, таксама нельга было. Проста за доўгі час сваёй непрыкаянасці, у тым ліку і паддашкавага знаходжання ў Мамонаўцы, ён адвык ад людзей, прызвычаіўся глядзець на іх здалёку, быццам з адваротнага боку бінокля, і цяпер усё роўна як сыходзіўся з імі прымусова, не па сваёй волі, не мог нанава знайсці кантакту. Ва ўсякім выпадку, Чубар зусім не пашкадаваў, што гэтак проста адстаў зараз ад Бераснёва і Патолі.

Адных пакінуў. Да другіх вяртаўся.

Але там была найважнейшая справа.

Калі Чубар нарэшце хвілін праз колькі зноў узышоў на двор знаёмай вінакурні, там ужо ні Васіля Пацюпы, ні Калістрата Шандова не было. Нават конь, на якім яны, гэта значыць Чубар, Савасцян Бераснёў, Патоля і Васіль, прыехалі сюды, таксама адсутнічаў, кудысьці падзеўся, прынамсі, на ранейшым месцы, за прыбудовай, не было ні калёс, ні рыжага біцюга. Тады Чубар, расчыніўшы дзверы, заглянуў у вартоўню, у якой яны з Пацюпам і Шандовым нядаўна балявалі. Стол там быў прыбраны і выглядаў так, быццам ніхто дасюль не сядзеў за ім і не карыстаўся гаспадаровай гасціннасцю.

Стоячы на ганку, Чубар колькі часу, усё роўна як ад вялікай спустошанасці, якую ўжо немагчыма аднавіць ці хоць збольшага прывесці ў парадак, глядзеў на дарогу, што вяла ў Машавую. І калі нарэшце перакінуў адтуль позірк на блізкі ўзлесак, што пачынаўся справа па схоне крутога пагорка, то ўбачыў неспадзявана знаёмую постаць Пацюпы. Васіль знаходзіўся якраз на тым месцы, дзе нядаўна, пасля таго, як яны ў вартоўні за сталом пачулі стрэлы, стаяў сам Чубар, выглядаючы, што робіцца ў вёсцы.

Няйначай, Пацюпа прыкмеціў Чубара яшчэ з таго моманту, калі верамейкаўскі старшыня апынуўся нанава ў двары вінакурні, але не мог адразу падаць аб сабе знаку, не ўмеў на ладнаватай адлегласці звярнуць на сябе ўвагу, бо іначай давялося б крычаць на ўсё гэта наваколле, парослае і ў нізіне, і на схонах садам.

Таму цярпліва чакаў, пакуль Чубар не павернецца і не гляне туды. Убачыўшы нарэшце, што Чубар скіраваў позірк у ягоны бок, Пацюпа замахаў рукамі, пачаў жэстамі клікаць Чубара да сябе, на пагорак.

Як і тады, пасля насцярожлівых стрэлаў, Чубар даволі хутка, амаль подбегам адолеў спярша той кавалак адлегласці да лесу, што распасціраўся па роўным месцы, затым пачаў гэтаксама паспешліва карабкацца ўгору па схіле. І калі першы раз ён адчуваў у галаве хмель ад выпітага ў вартоўні самаробнага віна, то цяпер ад таго хмелю ў ім не засталося нічога, акурат ветрам выдзьмула.

Пацюпа гукнуў яму наперад:

— Лявей бяры, лявей, тут не такая строма.— Ён не хаваў сваёй здаволенасці, што бачыць Чубара, нават радасці, а калі той, згінаючыся ў тры пагібелі, наблізіўся ўшчыльную і стаў побач, сказаў: — Неяк нядобра ў нас выйшла, Радзівон Антонавіч.

Чубар прамаўчаў, хоць Пацюпа, мусіць, і не чакаў ад яго пэўнага адказу, тады спытаў:

— Дзе Шандоў? І куды ты падзеў каня?

— Каня я схаваў там, у лесе,— паказаў ён далей на пагорак, дзе ажно ці не ў тры ярусы непраглядна ўзвышаліся калматыя хвоі,— а Калістрат пабег у вёску. Стары меў рацыю тады. Аказваецца, бургамістр усё-такі перастрэў на бальшаку немцаў, ужо дзве грузавыя машыны праехалі з пасёлка ў Машавую. Адсюль якраз добра відаць было. А твае? Дзе твае?

— Пайшлі адны.

— Правільна. Ці ж лёгка хоць пазбавіўся?

— Каго?

— Ну, іх.

— А-а, звычайна.

— Правільна зрабіў, што назад не прывёў іх. Мы з табой зараз таксама падалей схаваемся.

— Думаеш, немцы і сюды заявяцца?

— Ну, калі ніхто не падкажа. А так — па слядах тваіх сяброў якраз. Неспакойныя, скажу табе, таварышы ў цябе аказаліся. Вось ужо праўду гавораць — не спытаўшыся броду, не сунься ў воду. Так і тут выйшла.

Сонца, між тым, ужо стаяла на захадзе, недзе над Верамейкамі, калі глядзець проста адсюль, і промні яго, падаючы з левага боку, перасталі быць колкімі, дазвалялі без перашкоды вачам бачыць наваколле, асабліва, што датычыла таго абсягу, які знаходзіўся справа і ў які трапляла таксама частка дарогі паміж пасёлкам і вёскай. Напэўна, Пацюпа ўсё яшчэ чакаў, што там, у гэтым прамежку, могуць з’явіцца акрамя тых дзвюх машын з немцамі, якія праехалі ў Машавую, другія машыны, але ніякага руху больш непрыкметна было на дарозе. Нарэшце Пацюпа зразумеў, што дарэмна стаяць так далей, сказаў Чубару:

— Хадзем.

Расхінаючы рукамі хвойнік, ён рушыў у глыб лесу.

— А чаму Шандоў пабег туды? — спытаў Чубар, патрапляючы следам за ім.— Гэта ж, наадварот, небяспечна?

— Тут, брат, не да асабістай бяспекі,— сказаў на гэта Пацюпа; ён спыніўся на галым і мяккім ад зляжалага шыгалля месцы, пачакаў, пакуль параўняецца Чубар, тады пачаў тлумачыць: —Тут такая справа. Можа здарыцца, што наогул... Словам, я табе адкрыю сакрэт. У Машавой знаходзяцца два члены падпольнага райкома партыі. Ты іх ведаеш — Панцеляймон Рыгайла і Яфрэм Яфрэменка. І бургамістр, няйначай, пра гэта здагадваецца, што яны не так сабе засталіся на акупіраванай тэрыторыі. Такое жыццё спрадвеку ў вёсцы, што ўсе калі не ведаюць дакладна пра ўсё, дык здагадваюцца. Цяпер падумай сам — а што, калі яны не ў курсе таго, што адбылося ў будынку валаснога праўлення? Вось Зімароў і навядзе зараз на іх немцаў. Так што сябры твае і ў гэтым сэнсе дрэнную справу зрабілі.

— Можа, яшчэ ўсё абыдзецца?

— Будзем спадзявацца. Таму я табе і не параіў удзень у Машавую з'яўляцца. Трэба было вечара дачакацца. Разумееш?

— Так.

Пацюпа зноў рушыў па хвойніку.

— Гэтага Зімарова,— сказаў ён праз нейкі момант,— маглі б убраць даўно і без вашай дапамогі.

— Ты не далучай мяне да...

— Я гэта к слову. Але не чапалі яго таму, што пакуль носа свайго куды не трэба не соваў. Канечне, давяраць яму цалкам не давяралі, аднак і не чапалі пакуль. Тым больш што паставіць падпольшчыкі на пасаду бургамістра свайго чалавека не паспелі. Зімароў на яго адразу замахнуўся. Відаць, і немцы насустрач яму з ахвотаю пайшлі, бо жонка з іхніх.

Схаваны конь у лесе знаходзіўся не далей чым за паўкіламетра ад вінакурні, але Чубару здалося, што ішлі яны з Пацюпам туды доўга, можа, па той прычыне, што шлях увесь час падаўжаўся з-за густога хвойніку, які шчыльна рос тут скрозь паміж вялікіх дрэў. Чубар нават падзівіўся ў сувязі з гэтым, якім чынам наогул удалося Пацюпу праехаць па такім гушчары з возам. Але вось нарэшце пачулася конскае фырканне, і Чубар зразумеў, што яны прыйшлі. Воз стаяў у даволі ўтульным месцы, быў аслонены ледзь не ўпаўкруг маладым ельнікам. Конь быў распрэжаны, дакладней, выведзены з аглобляў і прывязаны да бакавой гнушкі на калёсах, але хамут, сядзёлка і ўся іншая збруя заставаліся на ім. На возе, зусім навідавоку, тырчала горлачкам з сена, якое не паспеў стравіць Пацюпаў конь на вінакурні, знаёмая плеценая бутля з самаробным віном.

— Можа, яшчэ вып’ем? — паглядзеў на Чубара Пацюпа.— А то ж я і закусі прыхапіў.

— Не,— крутануў галавой Чубар,— здаецца, ужо напіліся!..

— Ат,— усё роўна як не зразумеўшы Чубара, махнуў рукой Пацюпа,— яно, ета Калістратава гавенца, зусім не бярэ за галаву.

— Не скажы,— усміхнуўся Чубар; ён пачакаў, пакуль Пацюпа наліў з бутлі ў прыпасеную шклянку прывезенае сюды віно, спытаў: — Ты лепей вось пра што скажы мне, Васіль,— як ты застаўся тут, у акупацыі?

— А ты?

— У мяне так выйшла, што ўжо ад самага фронту завярнулі назад. Вінтоўку далі ў рукі і сказалі — моў, ідзі, ваюй дома.

— А ў мяне прасцей адбылося. Паклікалі сюды, у Машавую, і сказалі — моў, заставайся ў сваёй хаце і чакай, пакуль зноў паклічам.

— Куды?

— Гэта не ўдакладнялася.

— А цяпер — паклікалі?

— І цяпер, і не цяпер,— няпэўна адказаў Пацюпа.— Словам, будзь здаровы.

Ён выпіў за адзін раз віно, сказаў задумана, акурат як спытаў:

— Але нешта Шандова доўга няма?

— А хто ён, гэты Шандоў, на самой справе?

Пацюпа засмяяўся:

— Усё табе хочацца ведаць? Вось дачакаемся, у самога спытаеш.

Але праходзіла гадзіна, другая... Шандоў не вяртаўся з Машавой... Тым часам вечарэла...

Пацюпа пачаў нанава напаўняць шклянку віном.

Чубар сеў на аглоблю бліжэй да правага кола, сказаў, нібыта пад руку яму:

— Я ў цябе, Васіль, і раней хацеў папытацца, ды неяк усё не выходзіла. Затое цяпер вось, здаецца, настаў той момант. Як гэта вайна пачыналася там, на граніцы?

— Гм... Як пачыналася...— Пацюпа паставіў на горлачка бутлі поўную шклянку, скамянеў без яе ля воза на кароткі час і тварам, і ўсёй постаццю.— Як пачыналася?..

Здавалася, яму штосьці неабходна было пераадолець унутры, каб пачаць гаварыць далей альбо проста нанава ўспомніць. Але вось ён зрушыў з месца, падышоў і сеў насупраць Чубара на другой аглоблі, пакінуўшы непачатую шклянку на горлачку бутлі.

— Так і быць, раскажу,— усміхнуўся ён.— Толькі, мне думаецца, у розных месцах вайна пачыналася па-рознаму. Некалі ўсё гэта, відаць, звядуць у адно, тады з’явіцца агульная карціна. А цяпер пакуль... Словам, працаваў я ў Граеўскім раёне. Гэта за Гродняй, недалёка ад Аўгустова. Зараз вось разважаюць — падрыхтаваны мы да вайны былі ці не? Гавораць і так, і гэтак. Цяжка аспрэчваць тых, хто сцвярджае адваротнае — супроць фактаў не папрэш: фашыст пад Ленінградам ужо. Смаленск пад сябе ўзяў, к Арлу, мусіць, падыходзіць. Ва ўсялякім выпадку, звесткі гэтыя калі і не зусім дакладныя, то мала чым перабольшаны. Так што... Я раскажу, калі ўжо зажадаў ты, як я ўспрыняў, будучы на граніцы, вайну. Дакладней, не як успрыняў, а якое ў мяне адчуванне было на самым пярэдадні. Прызнаюся, на той дзень, гэта значыць на дваццаць другое чэрвеня, я яе не чакаў. Так, не чакаў. Неяк абстаноўка ў нас, у Граеве, была такая, што не выклікала неадкладнай трывогі, нягледзячы, што пра вайну ўжо не толькі гаварылі ў кругу людзей, але і ў газетах пісалі. Мяркуй сам. З трыццаць дзевятага ў Граеве стаялі нашы войскі — пяхотны полк, артылерыйскі і танкавы. Але перад тым, чысла пятнаццатага чэрвеня, усе тры палкі былі накіраваны пад Беласток, у Замбрава, на вучэнні. У раённым цэнтры застаўся адзін батальён для нясення гарнізоннай службы. Раніцай дваццаць першага чэрвеня да нас у аддзел зайшоў незнаёмы палкавы камісар, адрэкамендаваўся, што прызначаны намеснікам начальніка Граеўскага ўмацавальнага раёна. Па палітчастцы. Прозвішча яго цяпер ужо не помню. Ды і дакументы мы ў камісара не папрасілі паказаць. Але бачым неўзабаве праз акно — пайшоў таксама ў райком партыі, гэта, лічы, насупраць ад нас. Пабыў там з паўгадзіны, тады выходзіць на ганак разам з першым сакратаром райкома Царанковым.

— Я аднаго Царанкова ведаў, настаўніка,— сказаў Чубар,— у Муравіллі, здаецца, у школе працаваў. Як гэта яго звалі — Леанід...

— Не, у нашага сакратара райкома партыі другое імя было — Іван Дарафеевіч. Мы жылі побач, вярней, кватэры нашы адна каля адной знаходзіліся на ўскраіне Граева. Вядома, жонкі патрохі знаёмства вадзілі, бо ў гаспадарцы з дзецьмі без гэтага нельга, ну, а мы, мужчыны, таксама не цураліся адзін аднаго. Часам я не толькі ў яго дома бываў, але і ў кабінет у райкоме заходзіў, асабліва ў канцы рабочага дня. Не лічылася, што гэта цераз галаву начальства выходзіла. Вядома, майго начальства. І вось бачым — Царанкоў выклікае сваю машыну з райкомаўскага двара, там у іх і гараж быў, усаджвае ў яе палкавога камісара. А машына ў яго была чорная, трафейная, яшчэ ад палякаў. «Няйначай, едуць умацавальны раён глядзець,— кажа мой начальнік.— На цэлы дзень работы хопіць». Сапраўды, у нас уздоўж граніцы ўмацавальны раён праходзіў на працягу сарака трох кіламетраў. Там ужо меліся доты і дзоты, праўда, без узбраення яшчэ і войск. Ды і супрацьтанкавы роў цалкам не выкапаны быў. Словам, паехалі нашы палітработнікі з раённага цэнтра. А тут час абеду настае. Прыйшоў я дамоў — абедаць я хадзіў заўсёды дамоў,— чакаю, седзячы за сталом, пакуль жонка варыва на стол падасць, ды ў акно ад няма чаго рабіць гляджу. Граніца з гэтага боку — вось яна. За ёй — чыгуначная станцыя Просткі. Там немцы. Усё на станцыі ціха, мірна. Паравозы дымяць. Бачу, з нашага боку таварны цягнік рухаецца па рэйках туды. Значыць, па-ранейшаму паміж намі і немцамі гандлёвы абмен адбываецца — мы ім хлеб пастаўляем, яны нам абсталяванне і механізмы. Мне нават праз акно нашы пагранічнікі відны каля моста. Стаяць сабе, як заўсёды. Дык пры чым тут вайна, скажы мне?

— Думаеш, перахітрыў немец?

— Бадай што... Ну, паабедаў я, зноў на службу пайшоў, назіраючы ўвесь час вакол сябе адно і тое ж. І на службе нічога асаблівага. Праўда, занятку хапала, найбольш чамусьці тады папяровага, бо ўсё яшчэ разбіралі справы былой польскай дэфензівы, правяралі мясцовых людзей, якія мелі сувязь з ёй. Хоць, павінен сказаць, у руках у немцаў дакументаў дэфензівы апынулася больш, чым у нас. Асабліва, што датычыць спісаў супрацоўнікаў і агентаў. Цяпер яны недзе арудуюць ваўсю разам з немцамі супраць нашых актывістаў. Дык вось, за работай я нават не заўважыў, ці вярнуўся з паездкі ва ўмацавальны раён Царанкоў. Але думаю, зайду таксама і сёння надвечар да яго ў райком. Заходжу, а там якраз палкавы камісар, ужо развітваецца. Чую, гаворыць: «Мы заўтра паспрабуем дзе-нідзе прыстраляць рэперы, таму не палохайцеся, калі моцныя стрэлы будуць». Сказаў і пайшоў. Царанкоў пасля гэтага падумаў трохі, затым на мяне паглядзеў. «Ведаеш, кажа, мне сёння затрымацца ў райкоме трэба. Гадзін, мусіць, да дванаццаці. Рыхтуюцца ў Мінску разглядаць пытанне аб стане партыйна-масавай работы ў нашай, Беластоцкай вобласці. Трэба гатовым быць, бо не выключана магчымасць, што давядзецца выступаць. Да таго ж з пісьмом яшчэ не ўсё ўладжана. Будзе сёння званіць таварыш Рыжыкаў з Мінска». Пра пісьмо я ведаў. І пра тое, хто такі Рыжыкаў, таксама ведаў. Пісьмо пасылалі ў Маскву, ці не на імя самога Сталіна, мясцовыя палякі, яны скардзіліся, што ў раёне, дзе польскае насельніцтва складае амаль дзевяноста працэнтаў, газета выходзіць па-беларуску, ва ўстановах дзяржаўныя справы вядуцца па-руску; раней у Граеве было дзве гімназіі, дзе навучаліся па-польску, цяпер іх не стала.

Скарга палякаў была падтрымана ў Маскве. Прынамсі, у Мінску ўжо адбылася нарада, дзе было загадана як мага хутчэй выпраўляць становішча. Я нават ведаў, што Івану Дарафеевічу прапанавалі напачатку сабраць мясцовую інтэлігенцыю, пагаварыць з ёй на сходзе, што трэба рабіць, каб аднавіць становішча. «Так што не губляй дарэмна часу,— сказаў напаследак сакратар райкома.— Ідзі дамоў». Я падаў яму руку, выйшаў, каб не замінаць. А пад ранне чую скрозь сон — страляюць. Няйначай, думаю ў сне, як і папярэджваў палкавы камісар, рэперы прыстрэльваюць недзе. Аднак штосьці па гуку нібыта не падобна. Хоць яшчэ і ў сне слухаю, аднак пачынаю разумець: нешта адбываецца не тое. Нарэшце, прачынаюся канчаткова, падскокваю да акна на кухні: увесь нямецкі бок, што за ракою, ва ўспышках. Ніякія гэта не рэперы, рашаю я і кідаюся да жонкі, крычу ёй: «Збірай дзяцей, вайна!» А сам тым часам хапаюся за тэлефон. Толькі дарэмна — ні ў нас, у аддзеле эНКэДэБэ, ні ў райкоме партыі, ні ў райвыканкоме, ні ў камендатуры сувязь не працуе. Значыць, пашкоджана ўжо. «Вось табе і рэперы!» — лаюся, а сам ліхаманкава надзяваю на сябе верхняе, нацягваю боты. Са зброі ў мяне дома былі наган і бельгійскі браўнінг. Хапаю наган з-пад падушкі, запіхваю нанава ў кабур, наган кладу ў кішэню. Зноў забягаю ў пакой, дзе жонка апранае дзяцей. Крычу: «Збірайцеся!» — а куды і сам не ведаю, падказаць не магу. Тады выбягаю на вуліцу. Чую, як нехта крычыць цераз паркан: «Немцы ў горадзе!» Я таксама пераскокваю цераз паркан, азіраюся на ўсе бакі, аднак ніякіх немцаў нідзе не бачу. Затое добра ўгадваю, як ірвуцца снарады ў ваенным гарадку. Бухкаюць снарады і ў той частцы Граева, дзе знаходзяцца адміністрацыйныя ўстановы. А вось і Іван Дарафеевіч. Адзін. Кудысьці бяжыць ад свайго райкома. Ну, думаю, нарэшце невядомасць канчаецца. Пытаюся ў сакратара райкома: «Іван Дарафеевіч, што гэта?» — «Вайна! — кажа.— Дзе твая сям’я?» — «Дома»,— адказваю. «Тады вось што, далей табе спяшацца няма куды — будынак, дзе размешчаны быў аддзел ваш, усё роўна бомбай разбураны, ад яго нічога не засталося, і наогул... Бяжы дамоў, забірай сем'і, і сваю і маю, выходзьце з горада. А я тым часам паспрабую дабрацца да батальёна ў гарнізоне. Можа, яшчэ што-небудзь зробім, пакуль нашы часці падаспеюць». Але дарэмна, небарака, спадзяваўся. Калі я праз нейкі час прывёў на яўрэйскія могілкі сем’і, там ужо быў і ён, і той палкавы камісар, што збіраўся прыстрэльваць рэперы, і яшчэ чалавек дзвесце цывільных і вайсковых. Значыць, з ваеннага гарадка чырвонаармейцаў выбілі адразу, а заняць баявыя пазіцыі ў іншым месцы яны не здолелі. Тым часам па ўсім было відаць, што ў Граеве ўжо немцы. Неўзабаве гэта пацвердзіў і нейкі паляк, напэўна, мясцовы жыхар, які невядома чаму тут апынуўся. Ён узяў за плячо Царанкова, сказаў: «Пане сакратар, ідзіце хутчэй адсюль, бо вас тут знойдуць».— «Але як? — паціснуў плячамі Царанкоў.— Мы з гэтых могілак дарогі далей не ведаем». Тады паляк паказаў на балота: «Бачыце балота?» — «Так».— «То там, пане сакратар, і праходзіць дарога. Па дну балота. Яна цяпер у пацёмках нават блішчыць. Бачыце?» Сапраўды, паляк не хлусіў. Па той дарозе, гразнучы ў вадзе і багне, усе мы, хто апынуўся к таму часу на яўрэйскіх могілках, і выйшлі праз некалькі гадзін да сваіх недалёка ад вёскі Руда. «Гэта добра, што вы ўратаваліся,— сказаў там камандзір разведбатальёна асавецкай дывізіі.— Бярыце, хто можа трымаць, зброю. Зараз паспрабуем адбіць Граева». Я чаму кажу — асавецкай дывізіі. Недалёка ад нас, асабліва ўжо ад вёскі Руда, знаходзілася крэпасць Асавец. Яшчэ даўняя, зроблена пры царах. Дык там, у крэпасці, з трыццаць дзевятага года, пасля палякаў, стаяла наша дывізія. І вось разведбатальён гэтай дывізіі чамусьці апынуўся ў Рудзе. Ды яшчэ збіраўся адбіць Граева. Мы былі забегалі спярша, пахапалі, якая знайшлася ў вёсцы, зброю, аднак наступлення на раённы цэнтр не адбылося. Неяк сама гаворка пра гэта паступова аціхла, а каманды не паступала. Больш таго, неўзабаве нам давялося пакінуць Руду. На чале ж таго разведбатальёна ўсе рушылі ў крэпасць. Думалася, што дваццацітысячны гарнізон возьме нас пад сваю абарону. Бачыш, якія старыя ўяўленні ў нас жылі аб сучаснай вайне? Ну, дабраліся да крэпасці, глядзім, а яна пустая ўжо. Мясцовыя рабуюць вайсковыя склады. Так што нічога асаблівага там, на граніцы ў нас, як бачыш, не адбылося.

— Гэта як сказаць,— нядобра ўсміхнуўся Чубар.— Нічога асаблівага не адбылося! Чаго ўжо болей трэба!..

— Ты гаворыш так, нібыта прайгралі.

— Ну, прайграць вайну такой краіне, як наша, таксама нялёгка. Але да перамогі нам яшчэ далёка. Ах як далёка!..

Кульгавага гаспадара вартоўні ўсё не было, і Пацюпа з Чубарам недзе апоўначы рашылі прыкархнуць трошкі.

Пацюпа яшчэ выпіў віно з тае шклянкі, што заставалася стаяць амаль укоптарак на горлачцы бутлі, прыбраў з воза самае бутлю, сказаў Чубару:

— Кладзіся тут, а я кіну сабе травы пад бок на зямлі.

Дзіўна, але, нягледзячы на ўнутраную ўзбуджанасць, заснуў Чубар хутка, балазе, сёння чамусьці не было ў лесе ні камароў, ні іншага гнюсу.

Перад сном ён яшчэ нейкі час чуў, як рыжы Пацюпаў конь ляніва, акурат у вялікім роздуме, хрумстаў сена, парушаючы крохкую, усё роўна як першы лядок, цішыню...

Затым Чубару снілася... Пажар... Нейкі клубок з чалавечых постацяў... І Зазыба...

Дзянісаў твар выплыў як бы з туману. Нават з таго крывавага зарыва, што доўга яшчэ заставалася на небе пасля пажару. Намеснік штосьці гаварыў Чубару, аднак словы яго да вушэй не даходзілі. І тым не менш, Чубар здагадваўся па Зазыбавым твары, што той спрабуе давесці яму нешта важнае. Нарэшце Чубару паказалася, што гук у Зазыбавым голасе пачаў прарэзвацца, хоць да слыху пакуль далятала адно бубненне.

У гэтым месцы свайго несвядомага бачання Чубар раптам прачнуўся і тут жа ўспомніў, што сон пра пажар яму ўжо адзін раз сніўся — тады, як згарэла падпаленае ім у Паддубішчы верамейкаўскае жыта...

Сапраўды, цяпер хтосьці бубнеў каля воза. Але гэта толькі здалося на першым часе Чубару, бо на самой справе размова ішла зусім выразная.

— Гэта дакладна, што іх узялі? — пытаўся Пацюпа.

— Яфрэменку і Рыгайлу — праўда,— адказваў яму Шандоў.

«Значыць, стары ўжо вярнуўся,— падумаў Чубар.— Але як гэта я не пачуў?»

— А хто яшчэ з падпольшчыкаў у Машавой быў? — пытаўся далей тым часам Пацюпа, тупаючы ў цемнаце каля воза.

— Не ведаю. Людзі бачылі толькі, як павялі на калгасны двор етых — старшыню калгаса і старшыню сельсавета.

— А Улляну Каганцову?

— Не, яе не чапалі,— адказаў Шандоў і адразу спытаў: — Думаеш, для яе таксама небяспечна?

Але Пацюпа нібыта не пачуў гэтага. Уздыхнуў, сказаў:

— Што ж нам цяпер рабіць, дзед?

— А нічога. Трэба чакаць.

— Чаго чакаць?

— Пакуль усё само не высветліцца.

— А ты дакладна ведаеш, што немцы яшчэ ў вёсцы?

— Ага.

— Тыя, што прыехалі на машынах?

— Ага.

— Я вось пра што падумаў зараз, Калістрат,— пачаў, а тады памаўчаў Пацюпа.— Табе таксама нельга заставацца тут. Бо невядома, як будуць разгортвацца заўтра падзеі.

— А хто ж замест мяне застанецца?

— Нічога з вартоўняй не зробіцца.

— А як спатрэблюся Касьяну ці яшчэ каму?

— І тым не менш,— упарта сказаў Пацюпа,— на нейкі час табе ўсё-такі неабходна знікнуць. Зрабіць гэта не цяжка, чалавек ты адзінокі...

— Ну так, бабыль!..

— Бабыль не бабыль,— ужо нібыта павышаючы голас, перапыніў Пацюпа старога,— а перасцерагчыся і табе не зашкодзіць. Дапусцім, пажывеш пакуль у мяне.

— А етага, верамейкаўскага?.. Што з ім рабіць?

— Як што? — здзівіўся Пацюпа.

— Я б яму не дараваў.

— А-а, ты вунь пра што,— ціха засмяяўся Пацюпа.

— Стукнуць бы яго тута соннага да ў валежнік.

— Ну-у,— абурыўся Пацюпа.— Навошта раптам такая крайнасць? Па-першае, Чубар ні ў чым не вінаваты. Гэта здарылася так, што ён прывёз з сабой незнаёмых людзей. А па-другое, да чаго мы дойдзем, калі вось так, як ты прапануеш, будзем усё вырашаць? Помста, ведаеш, не заўсёды добры дарадца ў справе.

— Але еты Зімароў!..

— Ну, Зімароў — зусім іншая рэч. Такую здраду ніхто не апраўдае.— Пацюпа спыніўся ля воза, штурхнуў Чубара: — Гэй, прачніся!

— А я не сплю,— сказаў Чубар.

— Значыць, усё чуў?

— Так.

Акурат уражаны, Пацюпа памаўчаў нейкі момант, пасля сказаў:

— Што ж, тым больш. Але як пойдзеш у атрад, то раскажы там, што адбылося ўчора. Можа, масквічы што-небудзь зробяць, каб вызваліць падпольшчыкаў. Мы таксама тут будзем думаць.

— Можа, разам у атрад дабярэмея? — прапанаваў Чубар, звешваючы ногі з воза.

— Не,— адмовіўся Пацюпа,— нам хопіць сваіх спраў. Вось зараз мы вывезем цябе на дарогу, а тады сам ідзі.

Сапраўды, далей чым за ваколіцу Машавой яны не павезлі Чубара. Тым не менш, на світанку Чубар ужо быў у атрадзе, які па-ранейшаму размяшчаўся каля Верамеек. Ён чамусьці думаў, што першаму давядзецца расказваць, што адбылося ўчора ў Машавой. Але Савасцян Бераснёў, як і належыць сапраўднаму салдату, ужо далажыў Карханаву пра ўсё.

 

1 У старыя часы тут, прыкладна за дзесяць кіламераў ад Бесядзі, праходзіла мяжа паміж Вялікім княствам Літоўскім, пасля — Польшчай і Расіяй.

VI

Між тым, у Верамейках ужо каторы час, пачынаючы з досвітку кожнага дня, зноў чуўся звон кавадла. Разлятаўся ён ва ўсе канцы вёскі з кузні, якая стаяла, акурат анямелая, лічы, ад другой мабілізацыі, калі пайшоў на зборны пункт у Кручкоўскі гай, што каля самога Крутагор’я, верамейкаўскі каваль Васіль Шандабыла. Тады яшчэ здавалася, што ідуць на вайну мужыкі зусім намала, адно збяруцца з сіламі — гэта ж падумаць, зрушыла супроць Гітлера ўся краіна, ад Амура да Беластока. Але тым часам у дарэмным спадзяванні міналі тыдні, месяцы... Вайна ўжо грукатала недзе за Дзясной, паступова становячыся для тутэйшых людзей як не сваёй. Зразумела, што кузня ў Верамейках увесь гэты час заставалася зачыненая: без яе сяляне абышліся і ў касавіцу, і ў жніво; без яе пасеялі азімыя ў верасні і малаціць пачалі. Між тым, кожнаму ведама, якая гэта патрэба для вёскі — кузня. У мірны час, калі шмат што, напрыклад, сярпы, розныя тапары ды іншае, можна было набыць у крамах спажывецкай кааперацыі, і то з купленым, каб давесці яго да ладу, вяскоўцы заўсёды ішлі да каваля ў кузню; да таго ж нямала у гаспадарцы знаходзілася такіх прылад, якія і зусім патрэбна было рабіць нанава, не тое што даводзіць ці папсутае правіць. Таму нават недасведчанаму, гэта значыць не вясковаму, жыхару без цяжкасці льга здагадацца, якой неабходнай зрабілася кузня цяпер, калі ў вёсцы не было ўжо крамы, у якую раней чалавек мог наведацца кожнага дня, абы захацеў, дакладней, абы з’явілася ў гаспадарцы патрэба ў чымсьці такім, без чаго не абысціся, а яшчэ больш, калі не было таксама і надзей, што аднекуль прывязуць добрыя людзі ўсё неабходнае ў сялянскай гаспадарцы. Словам, у Верамейках раптам запрацавала, калі можна так сказаць, установа, якая прыйшла ў абыходак, няйначай, яшчэ з пачатку жалезнага веку і з’яўлялася ажно да гэтага часу адметнай з’явай вясковага ўкладу жыцця. Дарэчы, пры падзеле калгаснай маёмасці ў вёсцы кузню і ў голаў нікому не прыйшло зачапіць, няхай што каваля не было, так яна і стаяла пры паваротку ў Падліпкі з усім абавязковым для яе начыннем, нават бярозавы вугаль і той ляжаў у прыбудоўцы яшчэ ад Васіля Шандабылы.

Але акрамя гаспадарчай мэтазгоднасці ў тым, што кузня запрацавала зноў, была і яшчэ адна, можа, найбольш важная з усіх у цяперашніх умовах акалічнасць: пачуўшы звон кавадла, аб якое, быццам зацятая істота, біўся молат, верамейкаўцы раптам зразумелі, што гэта, займеўшы сэрца, нанава пачала жыць іхняя вёска; кожны ўдар молата ўспрымаўся як штуршок таго вясковага сэрца.

Спачатку, у першы дзень, як разлеглася над верамейкаўскімі стрэхамі знаёмае — «тук-тук, так-так», шмат каму ў вёсцы, нібыта ў добрым сне, заманулася, што гэта вярнуўся дамоў Шандабыла і цяпер даў волю сваім счарнелым ад кавальскае працы рукам, што недзе знудзіліся па гарачым жалезе і цяжкім, ледва не ў пуд вагою, молаце. Але хутка высветлілася — у кузні не менш спрытна, як ранейшы гаспадар, завіхаўся паміж горнам і кавадлам палонны чывонаармеец, якога выбавіла з яшніцкага лагера Палага Хахлова. Мікалаеўскія залатоўкі, што кабета, лічы, выхапіла ў Гэлі Шарахоўскай для выратавання Дуні Пракопкінай, якая нечакана, як пасля гаварылі ёй,— па дурноце жаночай ды неразважлівай запальчывасці,— уступіла ў бойку з нямецкімі салдатамі, падзейнічалі акурат.

Яшніцкі старшы паліцэйскі з местачковым ваенным камендантам не толькі аддалі верамейкаўскім бабам Дуню Пракопкіну, але і не запярэчылі, каб Палага Хахлова ўзяла з лагера пад выглядам мужа палоннага чырвонаармейца. Праўда, не таго, што прасіўся: сапраўды, меў рацыю тады нават нямецкі салдат-вартавы, калі не паверыў жанчыне, што гэтакі малады і інтэлігентны чалавек можа быць у пажылой кабеты за мужа; зарагатаў проста ў вочы Палазе і яшніцкі старшы паліцэйскі, калі яна паказала на другі дзень праз агароджу таго масквіча.

— Пасаромелася б людзей,— паморшчыўся ён.— Навошта табе гэты...— Паліцэйскі нават вартага слова для вызначэння не знайшоў.— Вазьмі каго-небудзь іншага — і дужэйшага, і сталейшага. Глядзіш, і пожню пакосіць, і сена падверне, а ўначы, можа, і цябе пацешыць.

Ну, а паколькі дамоўленасць паміж імі была, што Палазе належыць за залатоўкі палонны, няважна хто і які, то і справа вырашылася да канца — немцы адпусцілі з лагера таго, на каго выпаў апошні выбар. Як і раіў паліцэйскі, другі раз Палага згледзела праз агароджу работніка, шыракаплечага русявага мацака з шэрымі вачамі і кірпатым носам на круглым твары, праўда, таксама шмат маладзейшага гадамі, на што яшніцкі старшы паліцэйскі таксама не ўтрымаўся заўважыць:

— Усё-ткі паганыя вы істоты, бабы!

І вось гэты Палажын абраннік цяпер раздзьмухваў запыленымі мяхамі ў верамейкаўскаў кузні горан і ўдараў па кавадле молатам. Звалі палоннага Андрэем Марухіным. У Чырвонай Арміі ён быў механікам-вадзіцелем танка, а ў сваёй Кустанайскай вобласці працаваў механізатарам шырокага профілю, у тым ліку і кавальскую справу разумеў. У палон механік-вадзіцель трапіў недалёка ад Крутагор’я. Дакладней, спярша ён апынуўся ў акружэнні, а ўжо затым немцы прывялі яго ў Яшніцкі лагер. З акружэння з-пад Чавусаў разам з ім выходзілі Пятро Багрыенак, ягоны зямляк з вёскі Нешкаўка, таксама Хведар Лапацін... Пасля да іх далучыліся Мікіты — Мікіта Арэхаў і Мікіта Барзоў... І вось аднаго разу для Андрэя Марухіна настала чарга разведаць навакольныя вёскі, што ляжалі на шляху паміж Клімавічамі і Родняй. Там яго і ўзялі ў палон мясцовыя паліцаі — раптам выйшлі двое з лазовага куста на лузе, забралі вінтоўку, якую ён нават не паспеў павярнуць супроць іх, і тут жа, прывёўшы ў нейкую вёску, здалі немцам. Таварышаў сваіх ён не выдаў на допыце, а сам неўзабаве трапіў у Крычаў, у размеркавальны лагер, затым у Яшніцу.

У Верамейках Андрэй Марухін пасяліўся ў Палагі Хахловай, уласна, як і належала, яна прывяла яго ў вёску з Яшніцы. Праўда, не абышлося пры гэтым без абгавораў, звычайных плётак, аднак такое працягвалася ў вясковым маштабе да таго моманту, пакуль не высветлілася, што чалавек ведае кавальскую справу, значыць, вельмі патрэбны вёсцы: цяпер адно скажы дзе пра гэта, як на яго тут жа знойдуцца ахвотнікі не ў адных Верамейках, бо кузні заставаліся зачыненыя пасля дзвюх мабілізацый і ў Гончы, і ў Кавычычах, і, няйначай, у саміх Бабінавічах. Канечне, сёй-той пацвельваўся і потым, калі ўжо ўсе астатнія, прынамсі, большасць людзей у Верамейках, звыклася, што ў Палагі Хахловай жыве прымак. Адно на згаджаліся верамейкаўцы,— неяк не верылася, каб такога маладога і віднага мужчыну не адбіла ў Палагі якая-небудзь порсткая салдатка, што камечыць па начах спацелую падушку ды ўтаймоўвае дарэмна няўцешную плоць. Ну, а пакуль гэтага не адбылося, Андрэй Марухін акуратна хадзіў з Хахловага двара ў кузню, распальваў вуголле і абуджаў молатам вёску, балазе, нястачы ў попыце на ягоную працу не было, адно бабы шкадавалі, што прыймовы чалавек да таго ж не ўмее літаваць ды лудзіць, тады б і зусім лепшага не трэба жадаць. Знаходзіліся нават ахвочыя, што параўноўвалі ўмельства былога каваля, пайшоўшага на вайну Шандабылу, і новага майстра, прыведзенага з палону. І трэба сказаць, не заўсёды на карысць свайго аднавяскоўца. Дзіўна, але гэта быў якраз той выпадак, калі мясцовыя прыхільнікі, кажучы рускім словам — ревнители, каб дагадзіць патрэбнаму чалавеку, гатовы былі здрадзіць нават сабе.

Збіраючыся першыя дні ў ажыўшай кузні, вясковыя мужыкі сур’ёзна кідаліся ў развагах, каго паставіць да каваля ў малатабойцы. Сапраўды клопат — каваль ёсць, а вось памочніка няма, не паставіш жа да кавадла з цяжкім молатам Кузьму Прыбыткова ці нават Цітка, маладзейшага гадамі. Не ішлі ў належны разлік таксама лядашчы Мікіта Драніца, сухарукі Сілка Хрупчык, не кажучы ўжо пра Івана Падзерына, якому такая справа і зусім не па сіле была — гэтага хапала толькі на нястрыманую, юрлівую гамонку з ахвочымі вясковымі кабетамі. Тым часам здаровыя мужыкі, такія, як Брава-Жыватоўскі, Раман Сёмачкін, наогул пад увагу не браліся, можа, таму, што ніхто не верыў, што яны, маючы іншы занятак, могуць стаць хоць часова каля кавадла. Праўда, былі ў Верамейках падлеткі, напрыклад, пятнаццацігадовы Гаманькоў Іван, Гаўрылішын Хведзька, цёзкі яго — Хведзька Парфенаў і Хведзька Сычоў, таксама Янка Лазарэнкаў, што цяпер замест бацькоў міжволі зрабіліся гаспадарамі ў сваіх дварах. Аднак якія з гэтых камсамольцаў малатабойцы? Адна справа пры доме, на сядзібе, тым больш што да сялянскай працы кожны быў прыстасаваны змалку, прынамсі, толк у ёй вясковыя хлопцы разумелі, хоць і не заўсёды ставала належнага спрыту ды ўмення; іншая рэч — кавальскае рамяство, няхай нават падсобнае; а самае галоўнае — усё-ткі ў падлетка, якім бы ён ні рос мацаком, дужасць не тая, што ў дарослага: нездарма кажуць, у малога, як і ў старога, ногі ў каленях трымцяць. Таму верамейкаўцам нічога не заставалася, як ускладаць усю надзею на вяртанне з палону каго-небудзь з мабілізаваных. У другія ж вёскі прыходзяць мужыкі. Напрыклад, у Сілічы вярнуўся з Мікалаева,— лічы, ад самага Чорнага мора прайшоў,— Лукаш Патаенка, у Гончу аднекуль з-пад Варонежа прышкандыбаў паранены ў нагу Іван Казак. Мелі к гэтаму часу навакольныя вёскі і прымакоў сабе, ды не па адным. Верамейкаўцам жа тым часам хоць ты і праўда ўсёй вёскай кланяйся Палазе Хахловай, якая забылася на сорам і на мужа ды прывяла з Яшніцы гэтага Андрэя Марухіна. Ну, а пакуль што да чаго, каля кавадла ў кузні спрабавалі гарту многія — звычайна з раніцы за большы молат браўся той, каму знаходзілася патрэба ў кузні, каму Андрэй Марухін памеўся зрабіць клямку ці прабой, завесу ці нават шворан.

Між тым, больш зручнага месца, каб сабрацца ў адно сялянам, таксама цяпер не было ў Верамейках, чым гэтая кузня. Размовы ў ёй вяліся літаральна аб усім, дзіва, што столькі народу разам сыходзілася, бо кожнаму карцела і сваё хоць бы нават няўзнак сказаць, і ад другога нешта пачуць, няхай нават пра тое, што нездарма ў замасточчы ці не з самага жніва кугакае сёлета сава, значыць нейкая кабета носіць патаемна ў чэраве грэх... Але часцей гаварылі, вядома, пра вайну. Тым больш што нямецкія газеты пачалі друкаваць вялікія карты Маскоўскай вобласці, дзе была пазначана нарэшце лінія фронту. З кожным днём няроўныя рыскі з маленькімі пікамі на іх выгіналіся ў бок сталіцы, усё роўна як там разлівалася цераз пахілы бераг няўрымслівая рака. Мажайск, Валакаламск...

Здавалася, у хлусні ўжо немцам не было патрэбы.

Замкнуўшы ў пачатку верасня ў кальцо блакады Ленінград і дасягнуўшы значных поспехаў на паўднёва-заходнім фронце, нямецкае камандаванне рашыла пачаць аперацыю «Тайфун», у выніку якой мелася на мэце завяршыць кампанію 1941 года ў Савецкім Саюзе.

Ва ўсіх ротах на ўсходнім фронце салдатам быў зачытаны загад, у якім, у прыватнасці, гаварылася: «За некалькі тыдняў тры самых асноўных прамысловых раёны (няйначай, меліся на ўвазе Паўночна-Заходні, Цэнтральны і Данбас) будуць цалкам у нашых руках... Створаны, нарэшце, умовы для апошняга ўдару, які яшчэ да наступлення зімы павінен прывесці да знішчэння ворага... Сёння пачынаецца апошняя вялікая, рашаючая бітва гэтага года».

Гітлер, які з 22 чэрвеня, гэта значыць з пачатку вайны, ні разу не выступаў публічна, палічыў нарэшце, што момант для яго настаў самы зручны. Цяпер ён узышоў на трыбуну Шпортпаласа ў Берліне і заявіў на ўвесь свет: «На нашым усходнім фронце зноў адбываюцца вялікія падзеі... Вядзецца новая аперацыя гіганцкіх маштабаў! Яна дапаможа знішчыць ворага на ўсходзе... Я гавару пра гэта толькі сёння, таму што сёння я магу зусім пэўна сказаць: гэты праціўнік разбіты і больш ніколі не ўстане».

Прамову Гітлера верамейкаўцы таксама мелі магчымасць прачытаць у газетах. Аднак загалоўкі маглі збянтэжыць хоць каго: «Лёс паходу на ўсход вырашаны», «Апошнія баяздольныя дывізіі Саветаў прынесены ў ахвяру», «Ваенны канец бальшавізму»...

Газеты найчасцей верамейкаўцы таксама чыталі ў кузні.

Не абмінаў, зразумела, вясковую кузню і Зазыба — то жалязяку якую браў туды, каб надаць ёй выгляд хатняй ці сельскагаспадарчай прылады, то проста ўзнікла жаданне пасядзець сярод аднавяскоўцаў. З гаспадаркай яны з Марфай упраўляліся спакваля. Да таго ж памагаў Масей. Той з ахвотаю, акурат упершыню ў сваім жыцці, вадзіў за аброць па палосе каня, калі разворвалі бульбу, браў ад маці кашы, насіў іх да калёс, пасля ехаў з возам у вёску, ссыпаў на двары накапаную лазоўку і вяртаўся ў поле. Аднолькава старанна ўходжваўся ён і з цэпам на таку, калі з ёўні даставалі высушаныя снапы. Словам, тром дарослым чалавекам асаблівай цяжкасці працаваць не складала, злашча, жыта пасля пажару, які ўчыніў у Паддубішчы Чубар, засталося ў іх не багата, малаціць збольшага давялося ячмень ды пшаніцу.

Але блізка пазнаёміцца з Андрэем Марухіным Зазыбу пакуль не ўдавалася. Тым часам, калі быць дакладным, то ён і не дужа спяшаўся рабіць гэта, усё роўна як не было патрэбы.

Сапраўды, у адрозненне ад яшчэ зусім нядаўняга часу, жыццё цяпер, увосень, акурат запаволіла свой рух, можа, таму, што раптам аціхла ўсё ў забяседдзі, і часам здавалася, што нават вайна перастала быць вайной, змяніла сваю сутнасць. Прынамсі, шмат з таго, што даходзіла да Верамеек, успрымалася як вынік яе, а не як сама рэальнасць. І толькі самалёты, якія гулі ў небе, нагадвалі ранейшыя падзеі. А яшчэ не даваў спакою ў Верамейках сабака Парфёна Вяршкова. З таго дня, як усёй вёскай пахавалі Парфёна на могілках пад буслянкай, сабака не вяртаўся адтуль дамоў. Ён жыў на могілках і па начах моцна выў па гаспадару.

Чуючы гэты нечалавечы плач, Зазыба, здаралася, пралежваў у сваёй хаце на тапчане з расплюшчанымі вачамі ад віднога да віднога.

Па прыездзе тады з Бялынкавіч Зазыба аддаў лейцы Івану Гаманькову, які прыцемкам нечага стаяў у завулку, насупраць хаты Прыбытковых, і адразу ж паспяшаўся ў двор да Вяршковых. Парфён ужо быў памыты і прыбраны, але ляжаў на шырокім услоне пакуль без труны. У хаце акрамя пажылых кабет, якія паціху, як і належыць у такіх выпадках, перашэптваліся паміж сабой, сядзеў Зазыбаў Масей. Нечаканая Парфёнава смерць на яго таксама, мусіць, падзейнічала моцна, бо пры бацькавым з’яўленні ён не ўзняў галавы — сядзеў, абшчаперыўшы зверху рукамі яе, каля стала, перанесенага з кута да бакоўкі, і не варушыўся.

Бацька не ведаў, што Масеў быў апошні, хто бачыў Вяршкова жывога, што той памёр на вачах у яго сына. Зрэшты, гэта было і не так важна цяпер — ведаў ці не. Важней было паклапаціцца, каб мужыкі, якія вярнуліся разам з Зазыбам з Бялынкавіч, пачалі майстраваць труну. Зазыба нават з прыкрасцю падумаў, што ў вёсцы нікога не знайшлося дасюль заняцца такой справай. Можа, якраз праз гэты клопат, які раптам зрабіўся для Зазыбы галоўным, ён не ўспомніў і пацікавіцца, што здарылася з Парфёнам, чаму той памёр. Адна справа хвароба... Але адразу смерць... Прытым Парфёнава смерць... Пастаяўшы колькі хвілін над нябожчыкам, паўглядаўшыся са скрухай у яго спакойны твар, які, тым не менш, здаваўся нейкім загадкавым і неўтаймаваным, акурат чалавек яшчэ меў у сабе вельмі важную думку, якую край належала давесці людзям, Зазыба нячутна выйшаў праз сенцы на ганак.

Дарэмна ён наракаў — над цёмнай павеццю ў двары ўжо гарэў ліхтар, падвешаны на бэльку, і там нехта працаваў гэблем. Зазыба саступіў з ганка, пазнаў Кузьму Прыбыткова і Цітка. Труна была амаль зроблена імі, заставалася збіць вечка.

Тым не менш, Зазыба не ўтрымаўся, каб не сказаць:

— Што ж гэта вы так позна?

— Ат,— махнуў рукой у адказ Ціток,— пакуль адно на другое. Спярша Кузьма кудысьці прапаў быў, шукалі, лічы, цэлага паўдня, а тады дошак спахапіліся. Шалёўкі, здаецца, ёсць у кожнага, а дошак, каб на дамавіну, няма.

— У мяне б узялі за хлевам,— сказаў Зазыба.

— А то мы ведалі, што яны ў цябе тама ляжаць! — усё роўна як зверавата паглядзеў на Зазыбу Кузьма Прыбыткоў.— У мяне і то не знайшлося, а пільшчыкам дасюль зваўся. Да і Парфён во...

— Што з ім здарылася?

— Казала Куліна, захварэў, дак і я чуў пра ета, нехта таксама гаварыў, а тады раптам сянні... Спытай сам — Масей твой бытта быў з ім, калі ён паміраў.

— Дак нічога і Масей не ведае,— няйначай, паморшчыўся ў прыцемку Ціток.— Смерць прыйшла, вот і памёр!..

Тым часам у хату Парфёнаву праз двор пачалі заходзіць адзін за адным другія верамейкаўскія мужыкі. Раман Сёмачкін, здаецца, з'явіўся апошні з тых, хто ездзіў сёння ў абозе, аднак у хату ён не падаўся, скіраваў адразу сюды, пад павець.

Кузьма Прыбыткоў адступіўся ўбок, даючы месца Раману каля труны. Раман быў спраўны цясляр, таму нават Ціток перастаў стукаць пры ім малатком.

— Нясіце труну ў хату,— тут жа закамандаваў Раман.— Крышку я адзін дараблю.

— А крыж? — паглядзеў на яго Кузьма Прыбыткоў.

— Цяпер паспеем, раз мужыкі прыехалі,— супакоіў Кузьму Ціток.

Зазыба з аднаго боку, Кузьма Прыбыткоў з Цітком — з другога паднялі труну, перавярнулі дагары, каб ачысціць ад трэсак і стружак, якія непазбежны пры цяслярскай рабоце.

Дзверы ў сенцы былі вузкія, мусіць, гаспадар наперад не думаў, што некалі давядзецца выносіць яго праз іх. Але якая б труна ні была шырокая, дзверы за яе заўсёды шырэйшыя, бо яшчэ ні ў адной хаце нябожчык не застаўся ляжаць праз гэта.

Бабы, якія набіліся ў хату, адразу кінуліся засцілаць прынесеную дамавіну. Мужыкі пачакалі, пакуль яны ўправяцца з гэтым, тады ўзялі асцярожна нябожчыка з услона, паклалі галавой на падушку.

Зазыба прымаў удзел у пахаванні ад пачатку да канца, глядзеў за ўсім ажно да таго моманту, пакуль далакопы не ўмацавалі шырокі крыж на Парфёнавай магіле, а бабы, перастаўшы плакаць, павязалі на яго белую стужку.

Але перад тым, як верамейкаўцам апускаць на вяроўках труну ў яму, адбылася нечаканасць. Нават раней, калі яшчэ заставалася не прыбітым века. Праз натоўп тады прабраўся да Парфёнавай труны Ціма Вусаўскі. Усе думалі, што юродзівы таксама мае намер ціха развітацца з нябожчыкам. Аднак не. Ціма раптам выхапіў з труны нягнуткае Парфёнава цела і паспрабаваў панесці яго праз натоўп ад ямы. Але яму не дазволілі. Верамейкаўскія дзядзькі перагарадзілі яму шлях і прымусілі пакласці мёртвага Парфёна назад у труну. Чым кіраваўся пры гэтым Ціма, сказаць цяжка. Можа, у хворай галаве юродзівага ўзнікла тое, як заступіўся за яго Парфён перад нямецкім жандарам на вясковым пляцы, і вось цяпер Ціма спалохаўся, што ягонага абаронцу могуць схаваць людзі назаўсёды ў зямлі...

Быў за самага блізкага чалавека Зазыба і на памінках.

Уласна, гэта забрала ў яго часу на ўвесь наступны дзень, і ён не пайшоў у Гончу, як гаварыў у Белай Гліне Захар Доўгаль. Не давялося яму збегаць туды і назаўтра, бо верамейкаўскаму паліцэйскаму нечага ўздымалася зноў накіраваць абоз у Белую Гліну на адбудову моста. Гэты раз Брава-Жыватоўскі, няйначай, дзейнічаў па сваёй ініцыятыве, маўляў, лепей перастарацца, чым недастарацца, што адразу стала відаць: мост на Дзяражні ўжо здалёку выдаваўся чэсаным бярвеннем. Зразумела, смялейшыя дзядзькі моцна ўзбурыліся, гатовы былі ўзяць паліцэйскага загрудкі. Але раптам убачылі, што ў Белую Гліну хтосьці вязе праз луг з таго боку Бесядзі на кранджолах добры піловачнік. Пастаялі, паразважалі ў сувязі з гэтым, акурат збянтэжаныя ці засцігнутыя знянацку. Тады і паліцэйскі нарэшце знайшоўся, успомніў: «У Ключы ж яшчэ з вясны ляжыць на ўскоцінах піловачнік. Значыць, недарэмна паехалі».

Яно і сапраўды — каму з мужыкоў не закарціць прывезці дамоў лішняе бервяно, балазе, цяпер безнагляднае.

Нарэшце ў суботу — а гэта было дакладна ў суботу, бо ў сераду, як помніў Зазыба, хавалі на вясковых могілках Парфёна Вяршкова,— дык у суботу недзе па абедзе ў Верамейкі прыйшоў з Гончы сам Захар Доўгаль. Каб не ўпадаць са сваёй місіяй лішне каму ў вочы, ён спярша заглянуў на двор да сваёй стрыечнай сястры, што выходзіла некалі замуж сюды за Ігната Парменава, якога потым забіла ў навальніцу маланка, і на зваротным шляху, быццам незнарок, патрапіў у завулак, дзе стаяла Зазыбава хата.

— Цябе, Зазыба, не дазвацца і не дачакацца,— сказаў ён не то з насмешкаю, не то абурана.

— Дык...— адно развёў рукі Зазыба ў адказ.— Сястра ж, пэўна, расказала, што ў нас тут робіцца пакуль.

— То сёння тады, як сцямнее. Ды не ідзі ў двор ка мне, а ў лазню. Там цябе будуць чакаць.

Прысаромлены Зазыба патрываў, пакуль пачне хіліцца на лес сонца, тады накінуў на сябе ватоўку, зняў з пеньчука, што тырчэў над тынам, бульбовы кош,— якраз пасля летніх дажджоў пачаліся восеньскія грыбы,— і зусім навідавоку ў людзей пакрочыў за вёску. Вядома, грыбы ён не надта збіраўся шукаць, але кош прыдаўся якраз, бо часу да цёмнага яшчэ хапала, ну, а які вясковы чалавек, маючы добры посуд, устрымаецца ў такім выпадку, каб не забегчы на знаёмую баравіну? Таму і Зазыба паследаваў даўняму прыкладу. Але на блізкіх грыбных мясцінах ужо бялела адно карэнне, якое не паспела нават завянуць, няйначай, хтосьці паваротлівы ды руплівы недаспаў світанак, пабраў усё лепшае вакол. Тады Зазыба, акурат у раўнівым запале, павярнуў бліжэй да возера. Дзіўна, але ці не ў тым жа раўнівым запале ён пашкадаваў раптам, што нельга цяпер пачуць у лесе зязюлі — няйначай, тая б навяла сваім голасам на добрае месца. Але абышлося і без гэтае прымхі. У рэдкім ельніку, што рос самасеем скрозь па сіўцу, Зазыба напаў на раннія рыжыкі. Калі баравік — цар грыбам, то рыжык таксама з царскай сям’і, прынамсі, вялікі князь. Можа, таму, што вакол Верамеек гэтыя грыбы не дужа густа раслі, яны хутчэй пракідаліся, чым раслі, то і мясцовыя людзі ў сваім масавым, таму не вельмі разборлівым, пошуку не надта вылучалі іх. Ну, рыжык і рыжык. Яшчэ адзін грыб будзе ў кошыку. Зазыба не помніў, каб хто-небудзь з верамейкаўцаў нарыхтаваў іх асобна. Затое цесць яго, Давыд Сяголетка, які жыў у Зялёнкавічах, умеў даць рыжыкам рады. Сказаць, яны і раслі там, асабліва дзе малады сасняк у Цыкунах. Здараліся гады, што Зазыбаў цесць проста шалеў ад іх. Трэба было бачыць тады, як абіраў Сяголетка рыжыкі, як саліў іх. Не абіраў, не саліў, а свяшчэннадзейнічаў. Пачыналася ўсё з таго, што чалавек, прыйшоўшы з лесу, ставіў перад сабой дубовую кадку, потым браў салянку, а цераз плячо вешаў ручнік. Дастаўшы з кошыка першы грыб, ён здзімаў з яго шыгалле, а то і слімакоў, затым зразаў да астатку корань і гэта жа далікатна, як браў у рукі, каб не зашчарбіць, акурат размаляваную шапку, пачынаў выціраць «князя» ручніком. «На гэты грыб,— казаў ён,— не павінна нават капнуць вада. Зверху на шапку няхай ідзе хоць і дождж, а на грабеньчыку сыспаду і блізка вады не трэба». Абабраны і выцерты «князь» тут жа ўкладваўся на дно кадкі, аднак таксама з захаваннем пэўных умоў — угору тым ружовым грабеньчыкам, з якога ўжо гатовы быў пырснуць сок. І так — адзін круглячок да аднаго, у самы прытык, пакуль першы пласт грыбоў не закрываў дно кадкі. Тады гаспадар чэрпаў жменяю соль і густа пасыпаў ёю ўвесь пласт. На першы пласт гэткім жа чынам клаўся другі, затым трэці і так далей. Солі Сяголетка не шкадаваў. Звычайна з аднаго прыносу не хапала на поўную кадку рыжыкаў. Але гэтая акалічнасць не замінала справе. Як толькі апошні рыжык быў ачышчаны з дапамогаю ручніка і ўкладзены сваім парадкам у кадку, чарга наставала за вечкам, дакладней, у ход ішоў звычайны драўляны круг, які свабодна памяшчаўся ў сярэдзіне кадкі. На вечка тым часам клаўся цяжар. Для гэтага з печы, з самага поду, выкочваўся жалезнай качаргой палявы камень, можа, кілаграмаў на пяць, які ўвесь дзень перад тым моцна жарыўся там. Можна сабе ўявіць, што пасля гэтага рабілася з прадстаўнікамі знатнага грыбнога роду. Вынік звычайна відаць быў назаўтра. За ноч кадку да сярэдзіны затапляў сок. Уласны рыжыкавы сок, які нагадваў цёмна-бурштынавае піва. Дні праз тры — трэба ж даць часу нарасці на знаёмых мясцінах новым грыбам — гаспадар прыносіў дамоў укоптар наступны кошык, сплецены з лазовай кары знарок дзеля гэтага, і ўсё пачыналася спачатку. Зноў той жа ручнік перавешваўся цераз гаспадарова плячо, у драўляную ступку-салянку насыпалася соль, а на ўслоне станавілася дубовая кадка. Як помніў Зазыба, цесць ягоны вытрымліваў затым рыжыкі ў кадцы не меней шасці тыдняў: можа, то былі выдаткі асаблівай вытворчасці, вытанчанасці густу, а можа, сапраўды ў тых шасці тыднях заключалася штосьці абавязковае. У кожным разе, Сяголетка тэхналогіі прыгатавання і ўтрымання рыжыкаў ніколі не парушаў. Ён і на стол падаваў іх з асаблівай дыхтоўнасцю. Набярэ з кадкі ў рэшата, тады пачне паліваць крынічнай вадой, каб змыць да астатку і пясок, які мог затрымацца на грыбе, і лішнюю соль. На стале тым часам ужо чакала гасцей у глінянай місцы развараная бульба, абвалаквалася парай, а побач у цёмнай, затлушчанай бутэльцы стаяў алей. Гэта як для сябе. Гасцям жа гаспадар заўсёды раіў паліваць рыжыкі смятанай. Справа, вядома, густу. Але ў адным і ў другім выпадку глыбокай восенню ці нават зімой чалавек, які браў на відэлец прыгатаваны такім чынам рыжык, чуў перад сабой водар жнівеньскага лесу.

Між тым, сам Зазыба ніколі не пераймаў добры прыклад. Можа, сёлета будзе час.

Пахапаўшы цяпер грыб за грыбам у кош, ён абмінуў краем возера, затым узбіўся на сцежку, якая вяла праз гразкае, але ўжо моцна замшэлае балота к дубам ля Топкай гары.

У лесе звычайна раней за ўсё пачынае плаваць сутонне. Так і сёння. Але ўгары, паміж вершалінамі дрэў, па-ранейшаму трымаўся дзень.

Зазыба чамусьці моцна быў упэўнены, што ў Гончы яго чакае Маштакоў. Рыхтуючыся цяпер да сустрэчы з сакратаром райкома, ён што-кольвечы прыкідваў у галаве наперад. Далёка не заходзячы ў думках, пачынаў са свае нядаўняе паездкі ў Бабінавічы, на нараду, якую праводзіў Гуфельд. Няйначай, Маштакову таксама цікава ведаць, што гаварыў тады камендант, якія задачы ставіў па наладжванню «новага парадку» ў мястэчку і навакольных вёсках. Нельга, вядома, прамаўчаць і пра Марылю, бо, як сабе разумеў Зазыба, тады, у Кулігаеўцы, ён атрымліваў заданне ўладкаваць яе ў мястэчку не толькі ад вайскоўца, які прадстаўляў разведаддзел арміі, але і ад сакратара райкома. А якраз яе, Марылін, лёс найбольш і хваляваў Зазыбу гэтыя дні — сапраўды, дзе і калі канчалася яго апека над разведчыцай? Само сабой паўставала пытанне і наконт Чубара, які дамагаўся ад Зазыбы ехаць у Машавую шукаць падполле. Раскажа ён Маштакову і пра тое, што пабачыў на чыгунцы.

Верамейкаўцы тады спадзяваліся, што заспеюць на чыгунцы цэлае крушэнне, з пакарэжанай ваеннай тэхнікай і знявечанымі трупамі акупантаў. Аднак сапраўдная карціна, бадай, хутчэй расчаравала: на міне, што была закладзена пад рэйку, падарваўся толькі паравоз, які цягнуў за сабой чатыры вагоны з мукой. Пры іншых умовах не было б вялікай складанасці ліквідаваць вынік дыверсіі, дастаткова было выклікаць рамонтную брыгаду з бліжэйшай станцыі ды прыгнаць другі паравоз. Але такой магчымасці ў немцаў пакуль не было, бо перад самым адыходам адсюль войск 13-й арміі па чыгунцы з Бялынкавіч на Унечу прайшоў савецкі бронецягнік з прыстасаваннем для разбурэння рэек...

Сунуўшы кош з грыбамі пад лазовы куст на шарым лузе, Зазыба пераплыў у нечым забытым чоўне вышэй брода Бесядзь наўскось па цячэнню і апынуўся над стромым берагам ля лазні Захара Доўгаля, якая была прыстасавана цяпер для часовага жытла: у ёй стаяў ложак з пасцеллю — там, дзе некалі месціўся палок, на якім людзі парыліся з венікам,— а на падлозе ляжала салома.

У чаканні Зазыбы, Захар Доўгаль увесь гэты час, што завецца шарай гадзінай, стаяў непрыкметна пад вярбой, якая крывым галлём хілілася блізка над страхой. Як толькі Зазыба ступіў пад цёмную навісь, ён адразу зварухнуўся, аддзяляючыся ад каржакаватага камля, знаёма кашлянуў.

— Ну што,— беручы наўгад Захараву руку, спытаў Зазыба,— Пракоп тут?

— Адкуль ты ўзяў, што гэта Пракоп?

— Сам жа казаў.

— Гм... Ты сам узяў у галаву, што гэта Пракоп. А я казаў... Але пойдзем у лазню. Пабачыш.

У лазні гарэла газоўка, і пры яе святле Зазыба ўбачыў, што на краі ложка сядзеў другі сакратар райкома партыі Касьян Манько. Пры з’яўленні Зазыбы той чамусьці не ўстаў і не павітаўся, але адразу паказаў месца побач з сабой. Зазыба паслухмяна сеў на паказанае месца, цаляючы тым часам, каб хапіла дзе прыткнуцца і гаспадару. Але Захар адно павярнуўся ў лазні, не адыходзячы нават на крок ад парога, сказаў:

— Ну, вы тут сабе гаварыце, а я папільную знадворку.

Як помніў Зазыба, Манько працаваў у Крутагор’і ўсяго тры гады, затое якраз тыя, калі Зазыба пасля арышту Масея ў Мінску ўжо мала якое дачыненне меў да грамадскага і гаспадарчага жыцця ў раёне. Але паколькі Манько па рабоце ў Верамейкі таксама прыязджаў, то і Зазыбу, бясспрэчна, ведаў, хоць найбольш калгасныя справы, зразумела, кожны раз рашаў з Чубарам. Манько не спяшаўся з першым словам, неяк нецярпліва кідаў зрокам на Зазыбу, акурат прыглядаўся; Зазыба ж, у сваю чаргу, і зусім, здавалася, не падаваў ахвоты да размовы, усё роўна як з прыходам сюды ў яго прапала цікавасць да таго, што турбавала дасюль. Нарэшце Манько быццам наталіў сваю маўклівую, акурат патаемную цікавасць, расклеіў ва ўсмешцы тонкія губы, якія дасюль утульна хавала кучаравая шчэць ад вусоў да барады, тады сказаў:

— От бачыце, таварыш Зазыба, зноў настаў час, калі такое паняцце, як мера патрыятызму, кладзецца на шалі.

Зазыба ў адказ крутнуў галавой. Але свядома падумаў пра іншае — маўляў, з Маштаковым у іх гаворка пачалася б іначай. Праўда, гэта зусім не сведчыла, што яны прамінулі б сказаць і гэтыя словы, мусіць, абысціся без іх у такі час немагчыма, аднак першыя словы знайшлі б іншыя, прынамсі, звернуты яны былі б адзін да аднаго, а не да кагосьці ўяўнага. Між тым, Манько працягваў гаварыць далей, вядома, не здагадваючыся, што ў галаве Зазыбы з’явілася такая думка. Разважанні яго зводзіліся да наступнага — мера патрыятызму, маўляў, з’яўляецца адной з самых складаных з’яў, і выяўляецца яна ў гадзіну найцяжэйшых выпрабаванняў; у звычайным, мірным жыцці чалавеку немагчыма стаць на гэтыя суровыя ў сваёй дакладнасці шалі айчыны; іх проста няма, яны адсутнічаюць, а словы пра тое, як ты любіш Радзіму і што гатовы ахвяраваць у імя яе, не маюць вагі; галоўную праверку робіць вайна, дзе трэба плаціць за зямлю, на якой вырас, крывёю, жыццём; і вось настаў час, калі павінна зноў высветліцца, ці шчодрыя мы на такую плату.

Няйначай, Манько даўно быў падрыхтаваны гаварыць гэтак. І не абавязкова Зазыбу — хоць каму. Таму Зазыба цярпліва дачакаўся, калі сакратар райкома выкажацца да канца, тады спытаў пра Маштакова, не зважаючы нават, што выйдзе ўсё роўна як неўпапад.

— Першага ў раёне цяпер няма,— спакойна, акурат не заўважаючы Зазыбавай знарочыстасці, адказаў Манько.— Але нічога,— дадаў тым часам ён,— пакуль спраўляемся і без яго. Падпольны райком узначальваю я.

— Хто ж, калі не сакрэт, з вамі?

— Які можа быць сакрэт ад вас, таварыш Зазыба? Але пра гэта лепей пасля. Урэшце, прыйдзе час, і вы самі пабачыце ўсіх таварышаў. Я вось дзеля чаго вас паклікаў сёння.— Манько перайшоў з ложка на услончык супроць Зазыбы, акурат цаляў, каб трымаць субяседніка ў полі зроку.— Я хачу вам сказаць, таварыш Зазыба, што падпольны райком партыі вельмі спадзяецца на вас. Таму не думайце, што я дарэмна адразу пачаў гаворку аб патрыятызме. Цяпер для нас гэта галоўнае. Трэба забыць на ўсе крыўды, якія каму нанесены былі...

— Ну, што датычыць мяне,— ускінуў на сакратара райкома павузелыя вочы Зазыба,— то...

— Вы не так мяне зразумелі,— адразу пасуравеў Манько, няйначай, адчуўшы Зазыбаву прыкрасць.— Я меў на ўвазе... Словам, гэта спраўды вас асабіста не датычыць. Тым больш што сын ваш, як нам вядома, вярнуўся.

— Так, сын мой цяпер дома.

— Дык вось... Я хачу, каб вы мяне зразумелі. Іменна вы, таварыш Зазыба. Паверце, справа не ў вас і не ў вашым сыне. Хоць, вядома, з песні слова таксама не выкінеш.

Настойлівасць сакратара райкома, якому, няйначай, сапраўды край неабходна было давесці сваё, бянтэжыла Зазыбу. Але гэтая настойлівасць разам з тым прымушала таксама і паслухацца яго голасу. Так Зазыба, бадай, нават насуперак свайму пачуццю, настроіў сябе палагаднець з твару, глянуць на Манько, адпусціўшы напружаныя маршчыны вакол вачэй. Манько ўбачыў гэта, ледзь прыкметна ўсміхнуўся, крануўшы ўсмешкай адны вусны.

— Ды і ці трэба выкідваць яго, тое слова,— зусім без запытання ў голасе, хутчэй у развазе, сказаў далей ён.— Але сёння мы ўсе тут сапраўды становімся на такія шалі, якія не пакідаюць месца нават недагаворанасці, не тое што праўдзе ці нейкай зацятасці. Цяпер гэта зусім лішні цяжар, больш таго, ён непатрэбны, гэта як тое каменне, якім напакованы кішэні. У мірны час, ды яшчэ пры цвёрдай уладзе, падобная акалічнасць можа і не брацца пад увагу. Я не кажу, што яна не павінна брацца. Гэта было б няправільна. Я маю на ўвазе, што ў звычайных умовах, гэта значыць пры нармальным функцыяніраванні ўлады, такая акалічнасць па розных прычынах можа часам знарок не брацца пад увагу. Тут абы злая воля чыя. Але цяпер, ва ўмовах варожага нашэсця, калі ў нашым краі пачалася фашысцкая акупацыя, па-ранейшаму заплюшчваць вочы на ўсё, што было кепскага, вельмі недаравальна. Так, былі да вайны перакосы, можа, нават злоўжыванні. Урэшце, сёння справа не ў дакладных вызначэннях. Прыйдзе час, і ўсё стане зразумелым, чаму што рабілася так, а не гэтак. Сёння ж усім нам неабходна зразумець, дакладней, высветліць,— на каго злосць мецьмуць тыя, хто незаслужана падпаў пад рэпрэсіі? На Савецкую ўладу? Дык не ж, сто разоў не! Бо дваццаць тры гады, якія пражыў народ пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, паказалі кожнаму, што лепшай улады для селяніна і рабочага не можа быць і няма. Іншая справа, што гавораць пра яе класавыя ворагі, а яны цяпер ужо не толькі паціху сабе, патаемна думаюць, як было раней, але і гавораць. Гэтыя няхай плявузгаюць, як кажуць, гарбатага магіла выпраміць. Тады на каго — на ўладу нашу? Але ж для гэтага таксама падстаў, здаецца, няма. Сапраўды, хто ў нас працаваў? Тыя ж рабочыя і сяляне, для якіх і сама Савецкая ўлада жыла.

— Ну ворагі на тое і ёсць ворагі, каб абы-што гаварыць,— сказаў Зазыба,— а цяпер не па часе вінаватых шукаць. Да таго ж, па ўсім выходзіць, што вінаватых і зусім няма. Так што...— Пры гэтым Зазыба выразна, з нейкай новай абвостранасцю раптам падумаў сабе: сакратар падпольнага райкома чамусьці гаворыць яму цяпер амаль тое, што вось ужо каторы час ён даводзіў сам некаторым верамейкаўцам, у тым ліку і ўласнаму сыну.

Пасля гэтых Зазыбавых слоў Манько нібыта паўглядаўся нейкі момант у непраніклівы твар свайго субяседніка, тады прамовіў:

— Я гэта к таму, што мы цяпер усе як адзін павінны наладжваць тут даверлівыя адносіны паміж сабой. Ну, хоць бы для разумення сітуацыі, якая склалася з прыходам акупантаў.

— Ды гэта так,— згаджаючыся з сакратаром райкома, кіўнуў галавой Зазыба.

— Ну, а цяпер раскажыце, які настрой у Верамейках?

— Звычайны, мужыцкі.

Манько засмяяўся:

— Што гэта яшчэ за такі мужыцкі настрой?

— А вось паслухайце. Надоечы я размаўляў неяк з адным нашым старым чалавекам, Прыбыткоў яго прозвішча, дык той і кажа: трэба ўжыцца ў новы парадак. Заўважце, не зжыцца, а ўжыцца.

— А ці такое гэта ўжо вялікае адрозненне паміж паняццямі «ўжыцца» і «зжыцца»?

— Ну...

— Хоць павінен сказаць, што селянін заўсёды загадкай быў. Не думаю, што дзесяць гадоў, якія давялося яму жыць і працаваць у калектыўнай гаспадарцы, назусім перайначылі ягоную псіхалогію. Выпрацоўвалася яна стагоддзямі. Затое селянін заўсёды быў патрыётам. Яму заўсёды было што бараніць — зямлю, дом. Значыць, з гэтага мы і павінны сёння зыходзіць у сваёй рабоце па ўцягненню людзей у супраціўленне акупантам.

— А як гэта канкрэтна рабіць?

— Ну, на гэты конт ёсць шмат дырэктыў. Урэшце, мы з вамі і сышліся тут, каб паразумецца добра. Нешта вы параіце мне, нешта я падкажу вам. Але перад тым хачу напомніць, што барацьба бывае актыўная і пасіўная. Ну, вось, напрыклад, вашы справы, верамейкаўскія. Мне тут Захар расказваў, як вы зямлю падзялілі, не паслухаўшы немцаў, як маёмасць раздалі. І тое, што раздалі яе на захаванне да прыходу Чырвонай Арміі — таксама добра. Гэта якраз супадае з рашэннем нашага падпольнага райкома. Дык чым гэта ўжо не барацьба? Няхай пасіўная, але ж таксама барацьба. Трэба ўсюды аказваць акупантам непадпарадкаванне. Трэба ўсё рабіць наадварот ад таго, што яны хочуць, чаго яны дамагаюцца. Ну, а наогул, як яно жыць, цяжка?

— Вядома, не весела.

— І ўсё-ткі людзі вераць, што Чырвоная Армія наступаць яшчэ будзе?

— Іначай нельга.

— Гэта мы з вамі так лічым, што іначай нельга. А верамейкаўцы вашы, як яны думаюць? Зразумела, не тыя, што збіраюцца ўжыцца ў новы парадак.

— Самі ж ведаеце — згадзіліся ўзяць калгасную маёмасць на захаванне. Значыць, вераць.

— Гэта так. Але цяпер важна, каб гэта вера не знікала ў людзей. Яе ўсялякім чынам неабходна падтрымліваць.

— Але мала чым ёсць падтрымліваць. Часам адных слоў тваіх не хапае. Радыё ў нас у Верамейках няма. Правесці па правадах да вайны не паспелі, а прыёмнікамі таксама не запасліся. Газет савецкіх таксама ўжо не бывае з таго часу, як фронт адышоў. Так што звесткі аб усім, што робіцца па той бок фронту і па гэты, мужык наш мае цяпер ад немцаў. Ну, а якая гэта праўда, калі з аднаго боку ідзе? Немцы ж, няйначай, пра ўсё гавораць так, як ім патрэбна, як ім выгадна. Ды і з мясцовай уладай у іх неяк надзвычай спрытна выходзіць. Паліцыю ствараюць. Бургамістраў у воласці прызначаюць. Старастаў у вёсках выбіраюць, нават не забараняюць выбіраць, абы людзі захацелі.

— Гэтага трэба было чакаць. Ні адна армія не можа ўстанавіць на захопленай зямлі больш-менш трывалы рэжым без калабарацыяністаў. Каб кіраваць вялікай масай незнаёмых людзей на акупіраванай тэрыторыі, неабходна акрамя ўласнай ваеннай сілы яшчэ і мясцовая адміністрацыя. Таму яны і спяшаюцца цяпер з гэтым. Ну, а ў нашу задачу якраз і ўваходзіць рабіць наадварот, дакладней, ставіць на розныя пасады, якія ўводзяць немцы ў створаных установах, сваіх людзей, савецкіх патрыётаў. Трэба вучыцца паводзіць сябе з немцамі. Проста, трэба іх абдурваць, дзе гэта магчыма. Урэшце, без здраднікаў яны нічога не здолеюць зрабіць у нас.

— Гэта б сапраўды не блага было б, каб паўсюды ўдалося сваіх людзей расставіць. Але ж, здаецца...

— Так, пакуль мы спахапіліся ды выпрацавалі ў райкоме агульную думку на гэты конт, у некаторых месцах пасады пазаймалі нягоднікі.

— Ну, а... Словам, а тыя, каго вы падсоўваеце немцам, яны з ахвотай на гэта ідуць?

— Як сказаць...

— Вядома, не свая воля заўсёды мулкая.

— Але таварышы, якія ўладкоўваюцца па нашай падказцы ў мясцовую адміністрацыю, нават у нямецкія ўстановы, разумеюць, што гэта неабходна. Таму і ўспрымаюць падобную з’яву як адказнае заданне.

— Цяжкая гэта справа, Касьян Касьянавіч. На словах яно часам выходзіць адно, а наяве — другое. Нездарма кажуць — калі наняўся да новага гаспадара, то ў старога службу кідай, а то нездабраваць пасля.

І той невядома за што таўчы ў каршэнь будзе, і гэты.

Манько з Зазыбавай заўвагі раптам засмяяўся.

— Што ж, часам і патрываць трэба, на тое і чужая воля, як вы кажаце.

— Але каб толькі гэта.

— А што яшчэ?

— Ну, а раптам свае аднойчы не пазнаюць. Не кожнаму давядзеш, што ты свой, а не чужы. Ёсць такая байка ў народзе — чалавека лесавік ператварыў у мядзведзя. Дакладней, галаву мядзведзеву даў яму. А чалавек жа тым часам адчувае сябе чалавекам, яго да людзей цягне. Пабадзяецца дзень-другі па лесе, тады і прабіраецца бліжэй да вёскі, бліжэй да людзей. А тыя бачаць на ягоным тулаве мядзведзеву галаву ды ўцякаюць хто куды. Так і з гэтым, што пайшоў па заданню да немцаў служыць, можа здарыцца. Ды і хто ў яго будзе пытацца, свой ён ці чужы? Раз маеш звярынае аблічча, то і ў душы ты звер. А ў нянавісці, як вядома, расправа кароткая.

— Ну, гэтага не трэба баяцца. Раз мы паставілі чалавека, то і абаронім, калі спатрэбіцца. Урэшце, у сваім раёне мы гаспадары. Прынамсі, збіраемся імі стаць. Гэта наша зона дзеяння.

— Хіба што. Але ўсё-такі не зайздрошчу я такім небаракам. Доўга пасля давядзецца некаторым даказваць сваю прыналежнасць да падпольшчыкаў ці партызан. І добра яшчэ, калі ўдасца даказаць.

Тым часам Зазыба з унутраным супраціўленнем чакаў, што Манько прапануе і яму заняць у Верамейках нейкую пасаду. Але сакратар райкома ў процілегласць Зазыбаваму чаканню не спяшаўся з гэтым. Ён доўга яшчэ разважаў пра сувязі з мясцовым насельніцтвам, якія трэба неадкладна наладжваць ва ўсіх населеных пунктах раёна, пра надзейную агентуру, якая б стала слыхам і зрокам падпольнага райкома, пра групы супраціўлення ў вёсках, якія, пакуль не хапае зброі, павінны стаць асноўнымі ачагамі пасіўнага супраціўлення фашыстам, і пра розныя іншыя не менш важныя рэчы, неабходныя ў барацьбе з ворагам. Тады спытаў:

— Зброя ў каго-небудзь у Верамейках ёсць?

— Думаю, што няма, акрамя звычайных паляўнічых стрэльбаў.

— Паляўнічыя стрэльбы — гэта добра. Праўда, імі з немцамі не наваюеш. У немцаў кулямёты, аўтаматы. Але ж пакуль што да чаго, пакуль і мы займеем кулямёты ды аўтаматы, давядзецца і іх пускаць у ход. Будзем пры дапамозе паляўнічых стрэльбаў здабываць сапраўдную зброю. Найперш трэба абяззбройваць паліцыю. Добра было б таксама пашукаць зброі па месцах нядаўніх баёў.

— У нас іх тут не адбывалася.

— Я гэта ведаю. Але ж ішлі вялікія баі па той бок Бесядзі. Там зброя павінна была застацца. Ва ўсякім выпадку, вы таксама тут паглядзіце скрозь добра, а раптам што-небудзь знойдзецца. Для актыўнай барацьбы патрэбна багата зброі. Ну, а ў вас асабіста ад грамадзянскай вайны нічога не засталося?

— Не.

— Шкада. Ну ды ладна. Урэшце, будзе чым змагацца, абы жаданне само было. Галоўнае, што нам удалося нарэшце сустрэцца. Вельмі настойваў, адыходзячы з раёна, таварыш Маштакоў на гэтай сустрэчы. Дарэчы, я нават пашкадаваў адзін час, што сам не быў знаёмы добра з вамі. Ну, а цяпер будзем развітвацца. Мне сёння яшчэ ў адно месца трэба паспець. Тым часам трэба спадзявацца, што мы з вамі яшчэ не адзін раз пагаворым. Даруйце, калі што не так было. Паміж незнаёмых людзей заўсёды не адразу ўсё як належыць атрымліваецца.

— Сапраўды, надта ўжо доўга вы, Касьян Касьянавіч, агітавалі мяне за Савецкую ўладу.

— Ну,— развёў рукі Манько.

— Я ўжо не вельмі даўно гаварыў Пракопу Іванавічу, як я да яе стаўлюся. Так што...

— Вы не крыўдуйце, таварыш Зазыба. Дарэчы, вось вы мяне называеце па імені і па бацьку, а я не ведаю вашага імя. Даўно ўжо чую ад усіх — Зазыба ды Зазыба...

— Дзянісам мяне завуць, а бацька быў Яўмен.

— Значыць, Дзяніс Яўменавіч. Вось і пазнаёміліся напаследак.

— Але пачакайце,— спыніў сакратара райкома Зазыба.— Мне таксама ў вас неабходна што-кольвечы высветліць.

— Давайце.

— Тут аб’явіўся нядаўна Чубар, ведаеце, старшыня наш.

— Дзе ён?

— У Мамонаўцы.

— Хаваецца?

— Так.

— Правільна робіць. Але няхай яшчэ трохі пачакае. Неўзабаве павінен вярнуцца ў раён наш партызанскі атрад. Мы яго чакаем ужо некалькі тыдняў. Вось тады і Чубар ваш няхай далучаецца да яго. Тым больш што і напачатку меркавалася, што ён стане адным з байцоў атрада.

— Добра, я яму перакажу гэта. Ну, а чыя работа — цягнік каля Бялынкавіч?

— Наша.

— Я таксама падумаў, што не так сабе ўзарвалася пад ім тая міна.

— Так сабе нічога не бывае, Дзяніс Яўменавіч,— бадзёра, але неяк наўмысна сказаў Манько і ляпнуў, лічы, па-сяброўску ўжо, Зазыбу па калене.— Дарэчы, Захар гаварыў, што вы са сваімі верамейкаўцамі таксама нібыта ездзілі на конях туды. Значыць, усё бачылі там. Як яно? Як ваша ўражанне? Словам, раскажыце, якія вынікі ад выбуху?

— Вынікі? — усміхнуўся Зазыба і пачухаў патыліцу, яўна спрабуючы гэтакім чынам зменшыць уражанне ад свае ўсмешкі.— Ведаеце, ёсць такая людская прымаўка: забілі зайца — не забілі, а шуму многа нарабілі.

— Нават так?

— Не, я не ў тым сэнсе,— спахапіўся Зазыба.— Я кажу, што... Адным словам, цягнік вам не той трапіўся. Чатыры вагоны з мукой. Нават нікога не напалохалі.

— Але ж паравоз сапсулі?

— Гэта так. А вось каб яшчэ і немцаў... А то муку яны прымусілі нас перавезці ў Бялынкавічы на станцыю, гэтым усё, здаецца, і скончылася.

— Нічога, другі раз лепей патрапім.

— Ды ўжо ж...

— А што людзі гаварылі там?

— Большасць схілялася да таго, што міна тая засталася яшчэ ад Чырвонай Арміі.

— То можаце гаварыць цяпер, што гэта не так.

— Я і сам акурат падумаў — няйначай, нехта ўжо цяпер падлажыў яе, тую міну, пад рэйку. Ажно неяк суцешна на душы стала. А перад тым яшчэ Захар мне сказаў — моў, чакаюць цябе ў Гончы. Таму і падумаў, што мясцовая дыверсія. У кожным разе, пачатак ёсць.

— А цяпер — асабіста вам заданне.

— Якое?

— Не хвалюйцеся, старастам быць у Верамейках мы пакуль не збіраемся прапаноўваць вам. Дужа вядомы вы чалавек, каб выкарыстоўваць вас на такім месцы. Тут нават можа атрымацца наадварот, бо, няйначай, аднавяскоўцы вашы адразу падумаюць — раз чырвоны ардэнаносец пайшоў на службу да немцаў, то, лічы, усё прапала, звароту назад няма. Ну, а далей як быць з вамі, пакажа час. А раптам бог не выдасць і свіння не з’есць. Так, здаецца, гавораць?

— Ды так.

— Я вось што маю на ўвазе, кажучы пра заданне. Яно не зусім канкрэтнае, але... Словам, райком партыі плануе паўсюды ў населеных пунктах напярэдадні сёмага лістапада правесці, як і да вайны, урачыстыя мітынгі. У Верамейках за правядзенне мітынгу будзеце адказваць перад райкомам вы, Дзяніс Яўменавіч. Падумайце таксама, каго паставіць у вас за старасту. Трэба неяк альбо апярэдзіць з гэтым немцаў альбо ўжо тады, як яны самі надумаюць праводзіць у вас выбары, вылучыць выгадную для нас кандыдатуру. Словам, чалавек для падобнай справы патрэбны сур’ёзны і надзейны. Ці ёсць у вас у вёсцы такі?

— Дасюль быў, але...

— Таксама да немцаў пахіснуўся?

— Не, проста памёр.

— А-а... Я не ведаў яго?

Зазыба назваў прозвішча Вяршкова.

— Не, не чуў такога. І ўсё-ткі вы падумайце далей, каму з вашых можна даверыцца. Прытым не дужа звужайце кола сваіх пошукаў. Трэба ўлічваць тую акалічнасць, што ў часе вайны чалавек варты большага, чым пра яго звычайна дагэтуль думаюць.

— Добра.

— Ну, а паліцэйскі? Што ён за чалавек? Відаць, падлюга, раз сам напрасіўся ў паліцыю?

— Вы маеце на ўвазе Брава-Жыватоўскага?

— Прозвішча я не помню, але пра тое, што ён сам пайшоў у паліцыю, нам вядома. Урэшце, цяпер не ў прозвішчы справа. У чалавечай сутнасці справа.

— Сутнасць у яго паганая,— сказаў Зазыба.— Праўда, ён усё яшчэ быццам у нерашучасці жыве. Здаецца, адкрыта нічога благога не робіць у вёсцы. Аднак службу нясе спраўна. Думаю, што з’яўляецца ў Верамейках вачамі і вушамі бабінавіцкага каменданта. Мне давялося неяк пабыць з ім адзін на адзін, якраз ехалі на нараду, што была ў камендатуры ў Бабінавічах, дык пагаварылі трохі. Небяспечны тып. Акрамя таго звычайны хітруга, далажу вам. Мужыкі нашы кажуць, што прызнаўся па п’янай лавачцы — у грамадзянскую знаходзіўся ў бацькі Махно, а затым увесь час замятаў сляды. Наогул, ён не тутэйшы. У нас з’явіўся ўжо ці не ў канцы дваццатых гадоў. Ну і прыстаў у прымакі да адной салдаткі, дарэчы, ранейшы муж яе таксама ў грамадзянскую ў Чырвонай Арміі ваяваў.

— Давядзецца за гэтым за вашым...

— Брава-Жыватоўскім.

— Але ж і прозвішча!..— пакруціў галавой сакратар райкома.— Відаць, не адзін чалавечы розум прымаў удзел, каб атрымалася такое спалучэнне, няйначай, нячыстая сіла таксама пастаралася. Дык давядзецца за гэтым Брава-Жыватоўскім трохі папільнаваць, а там, калі не адумаецца, і...

— Не, на гэта надзеі няма, каб адумаўся. Праўда, калі б фронт зноў у адваротны бок пакаціўся...

— Ну, тады яны ўсе іначай паводзіць сябе стануць. Тады яны ўсе назад да нас пабягуць, канешна, каму не позна будзе, калі крывёю сябе не запляміць. Але пакуль наша армія ўсё яшчэ адступае, на гэта разлічваць не даводзіцца. Усіх гэтых калабарацыяністаў, а дакладней — здраднікаў, трэба ўспрымаць за злейшых ворагаў.

Нарэшце Манько, мусіць, палічыў, што ўсё перагаворана з Зазыбам, падняўся з услончыка.

— Словам, Дзяніс Яўменавіч,— сказаў ён, ужо стоячы,— падпольны райком хоча, каб вы па-ранейшаму заставаліся ў Верамейках гаспадаром становішча. Можа, нават у большай ступені, чым дагэтуль.

— Гаспадаром — не гаспадаром, аднак... Добра, я вас разумею.

— І вось яшчэ што, Дзяніс Яўменавіч...— Апусціўшы галаву, сакратар райкома памаўчаў нейкі момант, затым падняў вочы на Зазыбу — пераносіца ў яго была тонкая, і ад гэтага здавалася, што вочы абапал яе вельмі блізка пасаджаны,— і ўжо не адводзіў іх да канца.— Нас турбуе трохі ваш сын.

— Як гэта? — занепакоена сцепануў плячамі Зазыба.

— Дужа не хацелася б, каб ён нарабіў глупства.

— А-а, вы вось пра што,— схамянуўся Зазыба.

— Ну, што раней было з ім, цяпер гаварыць позна. Ступень вінаватасці яго таксама, бадай, не ўстановіш, і наўрад ці трэба гэта рабіць. Я ўжо казаў — прыйдзе час і з усім, што было не так, разбяруцца. А цяпер — каменне прэч. Цяпер важна не даць чалавеку пахіснуцца, куды не трэба. Адным словам, Дзяніс Яўменавіч, вы — бацька ягоны, і вам за яго адказваць.

— Да ўжо ж,— кіўнуў галавой Зазыба, успомніўшы, што сам не адзін раз думаў пра гэта.

— Разумеецца,— працягваў разважаць далей Манько,— здраднікі — яны таксама адрозніваюцца ў агульнай масе сваёй. Адна справа, калі здраднікам становіцца чалавек непісьменны. Нездарма ж таварыш Ленін гаварыў, што непісьменны чалавек апалітычны. Уласна, з яго, можа, і патрабаваць за гэта вельмі не варта было б. Хоць, вядома, здрадніцтва на самой справе нікому не даруецца. Другая справа, калі чалавек адукаваны. Ад ягонае здрады грамадства атрымлівае куды больш шкоды. Ну, а тут яшчэ ваш сын, пішучы да ўсяго іншага.

— Добра, я скажу яму пра вашу перасцярогу.

Зазыбава гатоўнасць усё роўна як збянтэжыла сакратара райкома. Ён працяў таго сваімі цёмнымі вачамі, тады рашуча сказаў:

— Не, гэтага рабіць не трэба. Прынамсі, цяпер яшчэ рана. Гаварыце з ім пакуль ад свайго імя, як бацька і савецкі патрыёт. Але не выключана магчымасць, што хутка настане час, калі падпольны райком са сваёй прапановай таксама звернецца да яго.

— Тады, можа, і Чубару не гаварыць пра вас?

— Чаму ж? Чубар — гэта зусім іншае. Чубара мы ведаем. Наадварот, наведайцеся да яго ў Мамонаўку і скажыце, што бачылі мяне, што з вяртаннем у раён партызанскага атрада яму належыць уступіць туды байцом. Ну, а тым часам і сапраўды бывайце да наступнага разу, бо мне пара.

Манько хутка сунуў Зазыбу руку на развітанне, але да парога, да якога заставалася ступіць усяго два ці тры крокі, не праводзіў.

Калі Зазыба выйшаў з лазні, Захар Доўгаль, які стаяў знадворку за вартаўніка, зноў зварухнуўся пад вербай.

— Пакуль ты размаўляў там,— сказаў ён сцішана,— тут абрабавалі цябе. Човен твой узяў хтосьці. Я нават прыцемкам не пазнаў, што за чалавек. А выходзіць на паказ не рашыўся. Давядзецца табе, Дзяніс, бродам ісці. Пераезд, нябось, ведаеш?

— Каторы?

— А хоць ніжні, хоць верхні.

— Да ніжняга быццам бліжэй будзе.

— Не дужа каб, але бліжэй. Я б цябе сам праводзіў туды, паказаў, як у нас тут сцежка ідзе пад стромай, але сам ведаеш — чалавек пакуль яшчэ ў мяне. Ну як, пагаварылі?

— Дзякуй табе за клопат. Якраз па часе, а то ўжо згрызота адольваць пачала.

Захар Доўгаль дарэмна турбаваўся — хоць і ў суцэльнай цемры, але Зазыба не збіўся са сцежкі, якая звілістым берагам прывяла яго да ніжняга пераезду. Некалі тут, каля гэтага пераезду, Зазыба ўбачыў бялынкавіцкага настаўніка Сцяпана Мурача. Тады яны добра пагаварылі па дарозе ў Белую Гліну, і цяпер Зазыбу ажно падумалася, што дарэмна недзе згубіўся карысны чалавек: хоць Бялынкавічы, як кажуць, і не за гарамі, але ж дзе і навошта ты будзеш шукаць яго?

Нягледзячы на тое, што акупацыйныя ўлады давалі дазвол на аднаўленне навучальнага года, у Верамейках школы пакуль так і не адчынялі — не знаходзілася дастаткова настаўнікаў. Зазыба нейкі час спадзяваўся, што з Нова-Зёрнаўскага лагера вось-вось вернецца ў вёску Бутрыма, даваенны дырэктар. Але дарэмна. Тым часам, здаецца, ніхто і з сялян, у сваю чаргу, не збіраўся пасылаць дзяцей у школу: хапала на кожнага занятку ў гаспадарцы.

Успомніўшы цяпер і пра Мурача, і пра Бутрыму, і пра тое, што ў Верамейках сёлета наўрад ці ўдасца наладзіць навучанне ў школе, Зазыба ўспомніў таксама і яшчэ пра адну рэч, а іменна: як ён, прыехаўшы дамоў пасля размовы з Мурачам, падбіваў узяцца за настаўніцтва ў Верамейках свайго Масея.

— Не,— закруціў той галавой,— такая справа ўжо не для мяне. Ды і як гэта ты, бацька, надумаўся прапанаваць мне настаўнікам стаць? То іншы раз угаворваеш, каб я нават не дужа ўступаў у размовы з дарослымі ў вёсцы, а тут раптам дзеці? Няўжо ты думаеш, што з імі буду я размаўляць на птушынай мове ды розныя казачкі расказваць? Да таго ж, і немцы ад мяне якраз запатрабуюць, каб я ў першую чаргу ўспомніў, дзе я дасюль знаходзіўся. Словам, ты, бацька, не зусім гэта прадумаў, калі рашыўся зрабіць з мяне настаўніка. Лепей я ўжо буду пакуль на правах звычайнага тунеядца.

Прызнацца, сённяшняя гаворка з сакратаром падпольнага райкома пра Масея была для Зазыбы непрыемнай — адчуваючы справядлівасць апаскі, якую той выказаў, Зазыба разам з тым адчуў раптам у сабе і нейкую супраціўляльнасць ім, дарма, што ўвесь час рабіў выгляд поўнай згоды. Гэта было ўжо, бадай, нешта новае ў адносінах да Масея, і яно з’явілася, можа, таму, што нечакана пачала ўмешвацца ў справу іншая сіла. Тым не менш, Зазыба разумеў цяпер, што неабходна зноў парахавацца аб усім у сямейным коле, іначай Масеева зацятасць сапраўды можа кепска абярнуцца для яго.

Усё роўна як суцешыўшы сябе гэтай думкай, Зазыба сеў на беразе на пахаладнелую траву, пачаў разувацца. Вядома, дарэмна Захар недагледзеў за чоўнам: калі гэта прайшоў сёлета Ілля той, а тут яшчэ дажджы, што лілі дасюль неперашчукана, зрабілі ваду зусім халоднай; карацей кажучы, пераходзіць раку ўброд Зазыбу не толькі не хацелася, але нават было боязна. Зусім без прытворства пацепваючыся ўсім целам, ён нейкі момант яшчэ пастаяў, трымаючы ў руках боты, на галечным пяску, тады асцярожна, каб не расплюхваць вакол сябе халодную ваду, увайшоў у раку і наўгад пабрыў да таго берага.

Ужо выходзячы з ракі, ён азірнуўся на вёску, якая на адлегласці павінна была адкрыцца на строме. Але яе ўсё роўна як не было там — ні аднаго засвечанага акна. І толькі трохі пасля, калі ён, падыходзячы да лесу, зноў павярнуўся тварам назад, у Гончы камусьці спатрэбілася запаліць агонь у хаце, і гэта раптам пасведчыла, што вёска ўсё-ткі па-ранейшаму заставалася на месцы.

Да Верамеек адсюль было прыкладна аднолькава, што і да Мамонаўкі. Да таго ж, нават самая вялікая вярста для вясковага чалавека ніколі не з’яўлялася лішняй, калі ўзнікла патрэба кіравацца ў дарогу, а тым больш стрымліваючай. Таму і Зазыбу хутка прыйшло ў галаву: раз усё роўна давядзецца ісці ў Мамонаўку, каб убачыцца з Чубарам, то навошта адкладваць? І наогул, падумалася ў працяг гэтай згадцы,— навошта ўвесь час паказваць людзям, што цябе кудысьці раз за разам носіць з Верамеек? Дапусцім, сёння хадзіў па грыбы, а заўтра? «Дарэчы,— спахапіўся ён,— дарэмна пакінуў у лазовым кусце кошык. Ну, ды няхай сабе...»

Прыкідваючы так у галаве і нібыта ўсур’ёз пераконваючы сябе ў тым, што нядрэнна было б сапраўды ўжо сёння адбыць усё за адзін раз, Зазыба тым часам, акурат самахоць, прапусціў неўзабаве дарогу, якая збочвала адсюль на пасёлкі.

— Ну, а што ты будзеш рабіць, калі навокал такая густая цемра, хоць ты з-за непатрэбнасці вочы выкалі,— уголас суцешыў ён сябе, а тым часам і апраўдаўся.

Але ненадоўга. Хвілін праз некалькі ранейшае жаданне зноў зарупіла яму, і ён канчаткова рашыў ужо сёння падацца ў Мамонаўку, балазе, туды вяла яшчэ адна дарога, тая, што агінала па лесе вёску.

Узышоў ён на двор Гапкі Азаравай, лічы, недзе апоўначы, калі нават начныя птушкі і тыя перасталі кугакаць паблізу.

— Хто гэта? — спытала праз дзверы ў сенцах разбуджаная гаспадыня.

— Гэта — я, Зазыба,— ціха адказаў Дзяніс Яўменавіч.

Гапка адчыніла дзверы.

— Чаго раптам?

— Радзівон патрэбны мне,— гэтак жа ціха, як і той раз, адказаў Зазыба.

— Але ж яго няма ў мяне. Як пайшоў колісь з дому, так і не прыходзіў. Я ўжо думала, каб спытаць у вас, можа, вы ведаеце. Ды вось усё не збяруся ў Верамейкі. Значыць, і вы не ведаеце, дзе ён?

— Не.

Колькі часу яны памаўчалі, кожны думаючы хоць і аб адным, але ўсё-ткі пра сваё, тады Зазыба сказаў:

— Ну ладна, ты спі сабе. Нікуды ён не дзенецца. Знойдзецца.

— Да ўжо ж... Хоць Міхалка мой кажа, што Радзівон аднаго разу прыходзіў у пасёлак. Але чамусьці да нас не зайшоў.

— Адкуль ён ведае, Міхалка твой?

— Бо ласяня нехта ў двор прывёў.

— Якое ласяня?

— Ну тое, што ля крыніцы засталося адно.

— А-а-а...

— Дак Міхалка і кажа, што ета дзядзька Радзівон зрабіў. Бытта абяцаў яму знайсці ў лесе і прывесці дамоў. Але самога няма во.

Дамоў у Верамейкі Дзяніс Яўменавіч ішоў ужо як праз сон, дарма што не спатыкаўся. Тады ён і пачуў першы раз, як пад бярозай на магіле Парфёна Вяршкова выў сабака — самотна і жахліва, нібыта не толькі перажываў адну гаспадарову смерць, а чуў наперадзе шмат іншых. Тады Зазыба і звязаў у думках Парфёнаву хваробу, пасля і смерць, вядома, з тым выпадкам, што здарыўся на вясковым пляцы, калі Парфён выйшаў з натоўпу і стаў да штыкетніку пад аўтаматы побач з прыдуркаватым чалавекам. Тады і збянтэжыла Зазыбу, перавярнуўшы ўсё усярэдзіне, вінаватая здагадка — свядома ці не свядома, аднак ён ва ўсім прапусціў наперад сябе Вяршкова...

 

VII

Аўтабатаўцы на чале з капітанам Валодзіным у тую ноч ужо зноў былі на маршы, рухаліся з Малой Ліпаўкі на Бялынкавічы, дзе можна было пераправіцца па мосце цераз Бесядзь, калі на бальшаку іх перастрэлі крутагорскія партызаны. Хоць кіраваліся Нарчуковы людзі надвечар на грукат бою, але цяпер, калі даўно настала вакол цішыня, выйшлі напярэймы чырвонаармейцам, лічы, выпадкова. Добра, што не адбылося пры гэтым не толькі звычайнай сутычкі, няхай на адных словах, а і ніякага непаразумення. Проста хтосьці з аўтабатаўцаў згледзеў у цемнаце невыразную гурму людзей, насцярожана паказаў таварышам.

— Хто такія? — адразу ж паляцела наперад грознае запытанне.

І калі партызаны гэтак жа хутка адказалі, хто яны і чаму апынуліся тут, абедзве групы — вайсковая і партызанская — сышліся на нейкі час на бальшаку, стаўшы адна супроць другой.

«Партызаны! Партызаны!» — пачуліся галасы сярод чырвонаармейцаў, нібыта яны дасюль ужо багата што ведалі пра іх і вось цяпер прыйшлі раптам у захапленне.

— Далей вы не ідзіце па бальшаку,— папярэдзіў партызан капітан Валодзін.— Там у засадзе варожыя танкі стаяць. І наогул, у тым баку, здаецца, паўсюды ўжо немцы. Толькі сюды яны яшчэ не праніклі. Мы вось з артылерыстамі іх не пусцілі.

Даючы дарогу чырвонаармейцам, партызаны саступілі на левую абочыну бальшака. І пакуль тыя тупалі, разміноўваючыся, усё паварочвалі галовы, адгадваючы ў цемнаце: ці вялікая іх сіла, гэтых людзей, якія застаюцца ў тыле ворага.

Сапраўды, было чаму дзівіцца — армія адступае, а нейкая жменька дрэнна ўзброеных людзей збіраецца тым часам на пакінутай тэрыторыі ваяваць!..

...Калі настала туманная раніца наступнага дня, то раптам высветлілася, што атрад Нарчука зноў апынуўся паблізу таго лесу за Васілеўкай, дзе партызанам давалі парады на дарогу сакратар абкома і начальнік палітаддзела арміі, хоць, уласна кажучы, трапляць сюды другі раз не мела сэнсу, трэба было рухацца адразу на Царковішча. Але ўначы атрад збіўся з дарогі. Таму ўвесь час давялося рухацца наўздагад. Між тым, калі б яшчэ за дзень да гэтага каму-небудзь з дваццаці чатырох партызан, якія складалі атрад, сказаў хто, што падобнае магчыма, што можна заблытацца і праблукаць усю ноч у сваім раёне, ён бы не паверыў. Тым не менш, з крутагорскімі партызанамі гэта здарылася. Здарылася пасля таго, як яны збочылі з бальшака на вузкія, ледзь пазначаныя лясныя сцежкі. І вось толькі ўранні, у яшчэ некранутай сонцам прыцямковай шэрані, якая плавала разам з туманам, партызаны пазналі абрысы знаёмай мясцовасці. Нарэшце быў адшуканы надзейны арыенцір. І на тым, як кажуць, дзякуй.

Усе ведалі, што далей рухацца ўдзень нельга будзе. Таму пачалі шукаць месца для прытулку.

Адразу заціхалі спрэчкі, якія дагэтуль кожны раз аднаўляліся, калі партызанам станавілася зразумела, што блукаюць яны, уласна, вакол аднаго і таго ж месца, дарма што ў радыусе, можа, пяці-шасці кіламетраў. Сунялося таксама хваляванне.

Атраду трэба было заставацца непрыкметным на акупіраванай немцамі тэрыторыі. Праўда, акупіраванай яна на самой справе магла пакуль называцца толькі ўмоўна, бо, як ужо вядома, фашысты асноўнымі сваімі сіламі наступалі тут на поўдзень усяго па дзвюх магістралях — уздоўж чыгункі на вялікі чыгуначны вузел Унеча і па грунтовай дарозе, што вяла па правы бок Бесядзі на Ноўгарад-Северскі. Але, тым не менш, і камандзіру атрада Мітрафану Нарчуку, і камісару Сцяпану Баранаву, і радавым партызанам здавалася, што паўсюды ўжо — і па левы бок Бесядзі, і па правы — знаходзяцца немцы.

Каб не выдаць сваё месцазнаходжанне не толькі акупантам, але і наогул усім, хто па той ці іншай прычыне мог трапіцца ў наваколлі, атрад, туляючыся па ранішняй шэрані, заглыбіўся кіламетры на два ў лес, залёг там пасярод імшары на вялікім, парослым бруснічнікам, грудзе. Высылаючы ва ўсе бакі дазоры, адсюль можна было сачыць за дарогамі, на якіх з надыходам раніцы меўся аднавіцца рух нямецкіх войск. А галоўнае — адпачынак у партызан пасля такой блытанай ночы, здаецца, ва ўсіх адносінах забяспечаны быў. Праўда, праз некалькі гадзін, калі сёй-той пачне прачынацца ад сну, высветліцца, што забяспечанасць гэта няпоўная, што багата чаго людзям не хапае ў новых умовах, і найперш — харчу. І наогул, ужо сама новая якасць, у якой гэтыя людзі апынуліся, зрабіліся партызанамі, прымушала іх думаць і непакоіцца пра самае звычайнае намнога больш, чым раней. І не толькі таму, што ў адрозненне ад салдат рэгулярнай арміі партызаны ва ўяўленні акупантаў лічыліся па-за законам; бадай, мацней за ўсё турбавала, рабілася ўсё роўна як згрызотай, няпэўнасць, тая ўсеабдымная нявызначанасць, калі ўсё даводзіцца рабіць не так, як звычайна, а акурат навобмацак, у зусім абмежаваных умовах. Як бачыце, нават з харчам і то паўстала пытанне, якое неўпрыкмет ператварылася ў праблему, бо вельмі не хацелася партызанам уступаць у кантакт з мясцовым насельніцтвам раней, чым будзе выканана заданне. Нават не тое слова — не хацелася. Проста пры стварэнні атрада ім было забаронена рабіць гэта. Зразумела, у часовай самаізаляцыі заключаўся сэнс і, можа, не малы. Але ж падобная засцярога, няйначай, мела апраўданне пры ўмове, што партызаны акрамя зброі атрымаюць на армейскім складзе таксама на некалькі дзён харчовае забеспячэнне; зусім ніхто не дапускаў яшчэ ўчора магчымасці, пры якой атрад апынецца ў цяперашнім становішчы. Прынамсі, першае сутыкненне з рэальнасцю, з так званым жыццём, паказала, наколькі далёкія былі арганізатары атрада ад таго, каб хоць збольшага ўявіць сабе акалічнасці, з якімі давядзецца партызанам сур’ёзна лічыцца ўжо праз некалькі гадзін самастойнай дзейнасці.

Здабываць абед пайшоў камісар Баранаў. Так было вырашана паміж ім і камандзірам. Праўда, Баранаву акурат і на самой справе выпадала: за некалькі кіламетраў ад Гарбавіцкага лесу быў у вёсцы ягоны брат, Архіп. Але не ў гэтым складалася асноўная прычына такога рашэння, што, маўляў, недалёка знаходзіўся камісараў брат. Мелася на ўвазе іншае. Прычына заключалася ў адказнасці, якую кожны адчуваў за даручаную справу і якая выключала б усялякую выпадковасць, што магла ўскладніць становішча атрада. У адказнасці і ў даверы.

У вёсцы, калі туды, усё роўна як назіркам, з’явіўся Сцяпан Баранаў, немцаў яшчэ не бачылі, а брат Архіп трапіўся дома. Ён быў намнога старэйшы за Сцяпана, таму не падлягаў мабілізацыі. Але разжыцца харчам Сцяпану Паўлавічу ў брата свайго не ўдалося. Той адно расчыніў дзверы перад ім ды груба сказаў праз парог:

— Хочаш наклікаць бяду на мяне і на маю сям’ю? Ідзі прэч, каб цябе ніхто не пазнаў у вёсцы.

— А я нават не ведаў, што ты дома...— збянтэжана паглядзеў на яго Сцяпан.

— А то дзе мне загадаеш быць?

— Ну-у!..

— Хацеў жыць вялікім начальнікам, дак цяпера...

— Мне харчу трэба.

— Няхай лепш табе пададуць у другім месцы. Кажу, ідзі прэч!

Можна ўявіць сабе, што адчуў пасля гэтага камісар. Ён выцер слёзы на братавым двары, павярнуў назад.

У канцавой хаце з акна на вуліцу выглянула старая жанчына.

— Ты што ета, Паўлавіч, ходзіш сабе, бытта непрыкаяны, і не баішся? — спытала яна.

— Есці хачу,— сказаў ён, як бывала ў дзяцінстве, калі адкідваліся і не браліся ў разлік больш сур’ёзныя акалічнасці.

— А што ў брата? Нікога няма?

— Так,— няпраўду сказаў ён.

— Ну, тады заходзь да мяне. Я пакармлю.

Баранаў зайшоў. Ён не дужа ведаў гэтую старую жанчыну, бо знаходзіўся не ў сваёй вёсцы, не ў той, дзе нарадзіўся; Архіп жыў тут у прымаках і не кожны год — то ў шахты ездзіў разам з іншымі фартовымі мужыкамі, то яшчэ якога заробку шукаў на старане. Зразумела, што і Сцяпану таму не часта даводзілася наведвацца сюды. Як кажуць, гады на ўрады. Але, тым не менш, нейкім чынам ён усё ж запомніўся жанчыне, упаў у вока ёй, і яна вось цяпер пазнала яго.

Камісар вельмі рады быў, што старая не цуралася яго; яна і ў роспыты не кідалася, з яе даволі было пачуць, напрыклад, што ў братавай хаце нікога якраз не апынулася, і яна паверыла гэтаму.

Хата яе хоць і старая была, няйначай, таго ж веку, што і гаспадыня, аднак паштукатурана і пабелена ўсярэдзіне, таму выглядала чыстай святліцай, асабліва шмат вісела ў яе на абразах і так на сцяне вышываных ручнікоў, акурат на выраб іх пайшло ўсё жыццё. Рэчаў другіх людзей, акрамя тых, што належалі гаспадыні, у хаце не відаць было, мусіць, яна жыла тут і праўда адна, і ўжо не першы год.

Адчыніўшы засланку, жанчына пачала даставаць вілкамі з печы чыгункі. Адзін, пасля другі. Чыгункі былі маленькія, велічынёй усяго з добры кулак, значыць, варыла на адну. Але чалавеку, які раптам гэтак проста сказаў, што хоча есці, не шкадавала, дарма што варыла толькі сабе.

Баранаў усміхнуўся з яе шчодрасці, сказаў:

— Гэтага мала. Я не адзін. Са мной — некалькі чалавек.

— А вохці мне! — раптам пляснула яна рукамі.— Дзе ж яны?

— У лесе.

— А колькі іх тама?

— Багата.

— Дак... І рада б паслужыць табе, Паўлавіч, і тваім таварышам, але етага харчу, што навараны ў мяне, і праўда на ўсіх не хопіць,— яна пастаяла нерухома, акурат у вялікім здзіўленні, што гэтак выйшла, затым зноў чамусьці пляснула рукамі, быццам у яе і раней такая звычка была: — Але ж неяк дадзім рады. Ты во зараз сядай за стол да еш, што пастаўлю, а я сама на гарод пабягу, бульбы накапаю. Тады стане накарміць чым і цябе самога, і яшчэ каго хочаш тама, хто з табой у лесе. Ета нядоўга, адно запаліць у печы да паставіць бульбу варыцца ў мундзірах. Хочаш адзін вялікі чугун, а хочаш два. Як, пачакаеш?

— Пачакаю.

— Тады сядай, еш. Я во тута сянні сабе гатовіла... Праўда, яшчэ не спрабавала, бо рана ж, але прасяная каша, здаецца, паспела ўварыцца ўжо. Ета яшчэ старое проса. Сёлетняга не было. Дак еш. І капусты з хлебам пасёрбай. А сама я і без етага пакуль абыдуся.

Баранаў пачакаў, пакуль гаспадыня ставіла з прыпечка чыгункі на стол, пасля даставала акраец хлеба з вялікай ступы, якая, мусіць, служыла ў яе хатняй гаспадарцы іншы раз замест шкапчыка.

— Ну, сядай еш,— зноў сказала яна, нібыта дасюль яшчэ не верыла да канца, што ён паслухаецца.— А я зараз. Я хутка. Ай, можа, не ў мундзірах трэба бульбу варыць вам, а? Можа, проста, па-нашаму?

— У мундзірах хутчэй будзе,— акурат так, як і яна, сказаў, сядаючы да стала, камісар.

— Яно-та ў мундзірах і праўда хутчэй будзе,— згадзілася яна.— Толькі па-нашаму абіраная бульба заўсёды лічылася смачнейшай. А то мы тута неабіраную свінням звычайна варым. Дак абіраную ці ў мундзірах?

— У мундзірах,— удакладніў Баранаў.— Самі ж кажаце, што ў мундзірах хутчэй выйдзе.

— Тады я зараз.

Схапіўшы з-пад тапчана лазовы кош, старая, усё роўна як з нейкай нечаканай радасці, зварушліва скочыла за парог з ім, ляснула ў сенцах клямкай. На агародзе гаспадыня прабыла нядоўга. Не паспеў камісар апрастаць чыгунок з гарачай капустай, каб пасунуць да сябе другі, з кашай, а яна ўжо вярнулася, перакінула цераз парог кош з бульбай, пасля і сама зайшла ў хату.

Звычайна, калі вараць бульбу ў мундзірах, клопату гаспадыні не багата, адно трэба памыць добра ды паставіць у печ яе. Але цяпер бульба яшчэ заставалася маладая, з нетрывалай, парэпанай лупінай, таму абіраць яе давялося ўсё роўна, дарма што прасцей і нядоўга — дастаткова было перабраць адну за адной у руках ды дзе-нідзе дакрануцца нажом.

Не склала цяжкасці для гаспадыні і дровы запаліць у печы.

За якія паўгадзіны, здавалася, усё пароблена было ў хаце, заставалася адно сядзець ды чакаць, калі зварыцца тая бульба.

Але гаспадыня была няўрымслівая:

— Ці бачыў жа ты, Паўлавіч, хоць немцаў?—спытала яна праз нейкі момант.

— Не,— адказаў камісар.

— Мы таксама пакуль не бачылі,— акурат шкадуючы, сказала яна.— Да нас яны яшчэ не прыязджалі. А вось у Красніцы і Гарбавічах, здаецца, былі.

— Ну і што?

— Дак... Ета я так, к слову. Учора яшчэ думала во, што папрашу вашага Архіпа, каб плот мне па той бок гароду паправіў, а цяпера рашыла — ці варта? Няхай сабе пастаіць дзіравы. А то ж яшчэ невядома, як выйдзе з етымі немцамі? І ці патрэбны будзе саўсім еты плот?

— Ну, плот, як і мост, заўсёды патрэбны будзе,— яўна з залішняй настраёвасцю запэўніў старую Баранаў.

— Ты так думаеш?

— А што тут дзіўнага?

— Дак...

Гаспадыня памаўчала, тады раптам спахапілася:

— Але ж бульбы адной, мусіць, людзям тваім мала будзе? І соль патрэбна, і хлеб да яе... Да і скварка не пашкодзіла б. У мяне, праўда, нічога етага няма. Зжылася. Але ж людзям тваім трэба памагчы, давядзецца пазычацца ў суседзяў. Дарэчы, а што яны ў вёску не ідуць, твае таварышы? Баяцца? Дак немцаў жа пакуль няма во!

Баранаў не ведаў, што гаварыць ёй на гэта, але яна тым часам, здаецца, і сама не чакала адказу. Пыталася і тут жа нібыта забывала адразу. Вось і зараз успомніла пра другое.

— Я от думаю сянні, да і ўчора... Як немцы прарваліся сюды, дак і ў голаў узяла сабе. У нас тута ў вёсцы жанчына адна жыве, з Казелля. Ета па той бок, пад Краснаполле.

— Я ведаю.

— Дак хаваецца. Як ты думаеш, Паўлавіч, зачэпяць яе немцы тута ай не?

— А што яна такое зрабіла?

— Дак не яна. Тама ўсё Казелле недзе цяпера ад страху калоціцца. І Казельская Буда. За лётчыкаў тых нямецкіх. Ай не помніш, як бабы пабілі іх?

Сапраўды, была такая справа, што ў суседнім раёне сяляне хацелі расквітацца з нямецкімі лётчыкамі. Пра гэта Сцяпан Баранаў чуў яшчэ тады, у ліпені месяцы.

Самалёт, двухматорны бамбардзіроўшчык, быў падбіты далёка адсюль, можа, пры палёце на які-небудзь тылавы аб’ект, што ахоўваўся зеніткамі, але пасадку вымушаны быў зрабіць паміж Рвенскам і Дзяражняй, усяго за паўсотню кіламетраў ад лініі фронту. Зразумела, што адразу ў раёне былі наладжаны пошукі лётчыкаў, якія пашкодзілі прыборы ў кабіне, знялі кулямёты з гнёздаў і зніклі, злашча, лес знаходзіўся зусім побач. Кіраваў пошукамі начальнік Крутагорскай міліцыі Аксёнаў. Аднак станоўчых вынікаў яны не далі, дарма што туды акрамя супрацоўнікаў міліцыі і байцоў раённага знішчальнага батальёна былі кінуты таксама калгаснікі з бліжэйшых вёсак, якія літаральна прачасалі конна і пешкі лясы і палеткі наўкола. Нямецкія лётчыкі нібыта скрозь зямлю праваліліся. Між тым, усё гаварыла за тое, што яны не перайшлі лініі фронту і па-ранейшаму знаходзіліся тут, на савецкай тэрыторыі, бо кожнага дня аднекуль прылятаў другі нямецкі самалёт, двукрылы, і падоўгу кружыў над Сілічамі, Відуйцамі, Рвенскам, Дзяражняй... Нават ад самой Бесядзі прастору займаў кругамі, хоць гэта было ўжо зусім у адваротным баку, таму наўрад ці маглі трапіць туды падбітыя лётчыкі. Нарэшце, пошукі спынілі. Рашылі: дарэмна гэтак доўга спрабуюць знайсці прапаўшых і немцы, і нашы. Няйначай, тыя загінулі недзе. Неўзабаве і ад падбітага самалёта на полі паміж Рвенскам і Дзяражняй мала чаго засталося, здалёку свіціўся адзін шкілет — астатняе, што блішчэла і што мела хоць якую каштоўнасць альбо, дакладней кажучы, магло знайсці ўжытак у хатняй гаспадарцы, нават не ў гаспадарцы, а проста магло спатрэбіцца для чаго-небудзь, было развінчана і расцягнута вясковымі здабывальнікамі, найбольш, вядома, хлапчукамі. Таму ўсе, хто займаўся непасрэдна пошукамі ці проста назіраў за імі, вельмі здзівіліся, калі з суседняга раёна паведамілі, што нарэшце нямецкія лётчыкі выяўлены. На іх, сонных, натрапілі ў жыце казельскія пастухі. Немцаў было чацвёра, адзін — цяжка паранены ў нагу; з раны, якую не было каму лячыць, пахла ўжо гнілым мясам. Бралі іх у жыце ў той жа дзень, калі стала вядома пра месцазнаходжанне. Кіравала аперацыяй краснапольская міліцыя. Аднак галоўнай ударнай сілай былі там мясцовыя мужыкі, якія аблажылі немцаў з усіх бакоў, маючы на ўзбраенні тапары ды аглоблі.

Баранаў цяпер дакладна не ведаў, што здарылася з тымі нямецкімі лётчыкамі пасля, аднак чуў ад кагосьці, што нібыта міліцыянерам не ўдалося давесці іх да Краснаполля.

Баранаў у адказ кіўнуў ёй галавой, маўляў, штосьці падобнае сапраўды некалі чуў, але ўдакладніў:

— А гэтая жанчына з Казелля? Што яна — сур’ёзна хаваецца цяпер тут, у вашай вёсцы?

— Дак... жыве ў нас пакуля. Як думаеш, Паўлавіч, будуць немцы помсціць за сваіх лётчыкаў?

— Гэта як справу паставіць. Калі вяскоўцы самі адзін на аднаго не данясуць, то хто ж дакапаецца?

— От і я кажу — цяпер усім толькі маўчаць. Пра ўсё маўчаць. Ці мала што здарыцца магло? А ета жанчына казельская ўсё-ткі ўратуецца ў нас. Яй-богу, жывая застанецца!

Размаўляючы так з гаспадыняй, а найперш — слухаючы яе, Сцяпан Паўлавіч час ад часу пазіраў у акно з хаты, праз якое відны былі недалёкі лес, дарога адтуль і калгасныя гумны адразу за вясковымі дварамі. Гэта ўсё роўна як супакойвала яго, давала магчымасць спярша паабедаць па-чалавечы, затым вось і словам-другім перакінуцца. Але ён разумеў таксама, што сядзець у хаце, калі з коміна валіць дым пасярод белага дня, не варта доўга, нават небяспечна, бо такая з’ява заўсёды звяртае ў першую чаргу на сябе ўвагу. Тым больш што небяспека гэта, як кажуць, увесь час лунала ў паветры — кожную хвіліну на дарозе маглі з’явіцца немцы.

Таму Баранаў неўзабаве ўстаў з-за стала, падзякаваў за абед.

— Дак няма за што, Паўлавіч,— няйначай, ажно здзівілася з ягоных слоў жанчына, для якой скарміць абед свой чужому чалавеку не складала асаблівай праблемы.

Сказаў камісар ёй і пра тое, што збіраецца пачакаць, пакуль зварыцца бульба, дзе-небудзь у іншым месцы.

— Дак тады на гумне, Паўлавіч, на гумне,— з ахвотай параіла яна.— Пасядзі на гумне. Туды якраз сена нядаўна мужыкі нашы вазілі.

Перад тым як пайсці Баранаву з хаты, яны яшчэ дамовіліся — старая наварыць бульбы, гэтага найпершага хлеба ў беларусаў, як мага больш, нават калі і ў двух чыгунах, то таксама ўкоптар, тады пашукае па суседзях якой-небудзь акрасы да яе, узяць таго ж хлеба, і прынясе ўсё непрыкметна ў збуцвелае гумно, што ледзь не апоўзнем стаяла самым крайнім пры лесе.

Сапраўды, не прамінула і паўгадзіны, а Сцяпан Паўлавіч ужо ўбачыў са свае схованкі, што дым над бабчынай страхой перастае струменіць угору. Затым, трохі спагадзя, і сама старая выйшла на ганак, трымаючы ў адной руцэ драўляны цабэрак за вяроўчатую пачопку, у другой — ладны такі пакунак, загорнуты ці то ў белую анучу, ці то нават у ручнік. Каб не ўзяць на сябе чыйго-небудзь падазронага позірку, яна пакружыла з гэтым усім знарок па сваім агародзе, быццам у яе там сапраўды знайшлася пільная патрэба, тады шмыгнула ў варотцы, што вялі адтуль у загароддзе, і, тулячыся самахоццю, папрастала ў бок лесу — маўляў, няхай думаюць, што панесла нейкаму работніку абед ці напіцца скаціне.

Сцяпан Паўлавіч выйшаў наперад ёй з гумна.

— Вось дзякуй,— сказаў ён.

— А етага я ў суседзяў разжылася,— чамусьці зусім у вясёлым гуморы растлумачыла старая, паказваючы на пакунак.— Карміцеся сабе на здароўіца, хто б з табою ні быў тама. Ну, а цабэрак... Дак таксама няхай хоць і ў вас пакуля пабудзе, цабэрак еты. А як выдасца мінута, то й паклапаціцца можна назад вярнуць. Я заўсёды дома.

— Дзякуй,— зноў сказаў Сцяпан Паўлавіч, хоць зусім не ўяўляў сабе, як можна захаваць гэты посуд, каб пасля, пры зручным выпадку, прынесці спагадлівай кабеце.

Між тым, старая і гаварыла ўжо, і пазірала на сакратара райкома — у гэтай якасці яна яго ведала — так, нібыта ад кагосьці з суседзяў толькі што даведалася пра няўдачу, якая напаткала яго ў братавым двары. Але нездарма кажуць, што няўдачы, як і ўсё іншае, таксама адрозніваюцца адна ад адной. Ці назавеш, напрыклад, няўдачай тое, што адбылося гадзіны паўтары назад у Сцяпана Паўлавіча з Архіпам? Пэўна што не. Гэта было нешта большае, чым няўдача. Нечаканая братава выхадка, калі наогул можна назваць яе так, не толькі збянтэжыла камісара; яна, здавалася, перавярнула ўсё ў сярэдзіне яго, насцярожыла. Таму і цяпер, і трохі раней малодшы Баранаў кідаўся ў разгадкі: «Можа, даўняя крыўда якая раптам напаверх вылілася?» Але дарэмна. Ніякай такой крыўды, якую нанёс ён брату, Сцяпан Паўлавіч не помніў. Можа, калі і не жылі яны дружна, то і не чужаліся адзін аднаго тым часам. І тым не менш... Няйначай, праўду пісалі некалі людзі: «...і здраджаны будзе родзічамі і сябрамі, і брат брата аддасць на смерць...»

Цяжка было на душы ў камісара, нават бездапаможная злосць распірала знутры яго, аднак прызнацца партызанам, як сустрэў у вёсцы брат яго, не набраўся духу — усё-ткі сорамна акрамя ўсяго іншага... Так і засталіся ўсе з думкай у атрадзе, што і вараную бульбу ў мундзірах, і два кавалкі свінога сала, і добры шчопаць солі, і хлеб вясковы прынёс Сцяпан Паўлавіч ад брата.

* * *

Астатак таго дня крутагорскія партызаны прабылі на грудку ў імшаным балоце без асаблівага клопату, адно што трэба было ўвесь час мяняцца на бліжніх і дальніх пастах, а як надышоў вечар, зноў падаліся да бальшака. Думалася, што сёння на ноч фашысты таксама спыняць рух там. Але колькі ні чакалі яны, лежачы ў густым прыдарожным хвойніку, што бальшак нарэшце ачысціцца, усё дарэмна: як і ўдзень, з надыходам цемнаты тут па-ранейшаму грукала жалезам, да таго ж, аўтамашыны і танкі рухаліся з запаленымі фарамі, далёка высвечваючы і неба начное, і лес абапал; ці то і праўда немцы ўжо нікога не баяліся, ці то пагарджалі небяспекай.

Цяпер партызаны разумелі, што апынуцца па другі бок бальшака можна будзе толькі ў тым выпадку, калі настане на ім хоць нейкі супынак, калі ўтворыцца паміж варожымі калонамі неабходны разрыў.

Момант такі сапраўды надарыўся, але недзе ўжо апоўначы. Не выдаўшы сябе, партызаны пераскочылі, нібыта лясныя дзікі, бальшак адзін за адным, пасля доўга ламіліся скрозь буралом і заваль, пакуль не ўзбіліся на вохру, па якой стала вольна ступаць нагам. Аднак за той час, як ляжалі пры ўсёй нескладанай амуніцыі ў хвойніку, працяклі, падвешаныя на рамянях, а то і ў торбах цераз плячо бутэлькі з гаручай сумессю і паапякалі, нягледзячы на адзенне, багата каму скуру. Спачатку апёкі адчуваліся мала. Таму партызаны не звярнулі на іх асаблівай увагі — ну, працякла і працякла сумесь, бо, мусіць, дрэнна закаркавана была. Ды і паспешлівасць, з якой давялося брацца ў дарозе, каб як далей прайсці за ноч адлегласць да Царковішча, таксама замінала ў час агледзецца. Толькі ўранні сёй-той убачыў на сабе, што ў нацёртых мясцінах папаўзла далоў аблезлая скура. Яшчэ ў баі не пабывалі, а лазарэт хоць ты зараз адкрывай!.. І тым не менш, ні на якія лекі разлічваць не даводзілася — адсутнічалі тыя лекі, нават прысыпаць раны не было чым.

Між тым, сапраўды ёсць пэўная рацыя ў тым, як часта кажуць,— абы пачаць! Далейшы шлях атрада да мэты ўжо не быў звязаны з такімі цяжкасцямі. Прыходзіў вопыт. Нягледзячы, што рухацца ўвесь час даводзілася супроць патоку наступаючых варожых войск, уночы прабірацца ў тыл ім стала амаль бяспечна. На чацвёртыя суткі атрад нарэшце апынуўся ў басейне ракі Сож. Іншая справа, што прыход крутагорскіх партызан аказаўся не толькі запозненым, аднак і непатрэбным. На адной рацэ, левым прытоку Сажа, мост, які належала ўзарваць згодна з заданнем у першую чаргу, быў спалены яшчэ ў канцы ліпеня ў часе бамбёжкі, і з вады цяпер, быццам дзіды, высока ўгару тырчэлі драўляныя палі. Тым часам з другім мостам атрымалася і зусім неверагоднае — на месцы высветлілася раптам, што і рака такая, і мост на ёй адно лічыліся на тапаграфічнай карце: відаць, нанесены яны былі на яе — і рака, і мост — яшчэ за дзедам-шведам; няйначай, што рака паступова абмялела і высахла, ператварылася ў звычайны ручай, які, можа, калі і жывіўся добра вадой, то ўвосень, пасля вялікіх дажджоў, альбо ўвесну, у часе раставання снегу, а мост з-за непатрэбнасці збуцвеў і цалкам праваліўся, бо для тутэйшых людзей, што жылі ў дзвюх бліжніх вёсках, хапала пераехаць з аднаго берага на другі звычайнага броду.

Дзіўна, але апошняя акалічнасць не збянтэжыла партызан, проста рассмяшыла — адсутнасць моста, як напраўду, павінна была на самай справе раззлаваць людзей, якія дарэмна гэтак рызыкавалі, ідучы па акупіраванай немцамі тэрыторыі, ну, хоць бы выклікаць абуранае пачуццё, штосьці накшталт брыдлівай пагарды да тых, хто накіроўваў іх сюды, аднак выйшла наадварот: убачыўшы рэчку-ручай, тады струхлелае, парослае слізкім цёмна-зялёным мохам бярвенне на ёй, што некалі служыла надзейным сродкам пераправы, партызаны зарагаталі; спярша нехта адзін, яўна ў вялікім здзіўленні, затым другі, а за ім і ўсе іншыя.

І трэба было ажно сюды перціся праз гэта — такой была агульная думка.

Акурат не верачы яшчэ, што атрад выйшаў менавіта да той ракі і да таго моста, які належала знішчыць другім, Мітрафан Нарчук выбраў трох партызан, накіраваў спытаць пра ўсё ў вёску, што знаходзілася з гэтага боку.

— Але, ета наша сморкаўка,— пацвердзіў там нейкі чарговы запушчаны дзед.

— Значыць, не памыліліся, выйшлі да мэты акурат.

Час быў надвечар, месца глухое, таму камандзір атрада аддаў каманду заначаваць у вёсцы, заняўшы дзве крайнія хаты. Чамусьці пры выглядзе гэтага збуцвелага моста адразу прапала ва ўсіх ахвота таіцца, шукаць прыстанку ў лесе, да таго ж і лес знаходзіўся не блізка адсюль.

Гаспадаром у адной хаце трапіўся якраз той запушчаны дзед, што назваў рэчку, дакладней, ручай, сморкаўкай. Была тут і гаспадыня.

Між тым, вячэраць у іх не надта знайшлося чаго, добра, што партызаны наогул за ўсе чацвёра сутак паходу сюды не раскашавалі з харчам, ужо нібыта прывыклі да беднасці яго, так што і гэты раз абышліся, чым бог паслаў, як сказала гаспадыня.

— Ага, чым багаты, тым і падзяліцца рады,— дадаў да яе слоў гаспадар.

Звалі яго Лазарам, а прозвішча ён меў Знаны. Выглядаў чалавек праз сваю запушчанасць на ўсе шэсцьдзесят гадоў, хоць сапраўдныя таксама назваў — пяцьдзесят шэсць.

— Узрост не прызыўны ўжо,— няйначай, на ўсякі выпадак растлумачыла незнаёмым людзям за яго гаспадыня, кабета маладзейшая з твару, але насцярожаная і ўсё роўна як нечага спалоханая.

Затое гаспадар выдаваў сябе перад партызанамі чалавекам прыкідлівым і не ў меру гаваркім. Чамусьці ён рабіў гэта назнарок, нібыта бачыў у такіх паводзінах нейкі разлік. Хоць магло, вядома, і адваротнае быць, што ён прыкідваўся і многа гаварыў, проста характар у яго такі выхаваўся, а ўсё іншае толькі здавалася чужым людзям.

Зразумела, што ні ён, ні жонка яго не здагадваліся, што ў хату да іх зайшлі начаваць партызаны. Няйначай, зусім не прывычна было ім нават чуць пра партызан, не тое што бачыць. Але нешта не давала старому спакою, штосьці муліла.

— Здаецца, таварышы, усе камандзіры,— казаў ён, зыркаючы вачамі,— бо салдаты, гэта значыць чырвонаармейцы, нават калі і пераапранутыя прыходзяць, то па кароткаму валоссю можна лёгка пазнаць. А вы, бачу, да аднаго з чупрынамі.

Па ўсім відаць было, старому сёлета ўжо дагэтуль нямала давялося перабачыць рознага народу — калі не ў самой хаце, то пад вокнамі, на вясковай вуліцы: і не толькі ў вайсковай форме, а і ў цывільным адзенні, бо нездарма ён раптам разважыў так.

У сваю чаргу «камандзіраў» таксама пацешыла гэта ягоная прыкмета, асабліва з задавальненнем смяяліся пракурор Шашкін і суддзя Глёкаў. Нават камандзір атрада і той не стрымаўся спытаць:

— А часта прыйшлося бачыць, як чырвонаармейцы мянялі адзенне?

— Дак хто ж іх ведае? — быццам схамянуўся пасля гэтага гаспадар, яўна ўхіляючыся ад адказу.— Аднак, гм...

Тады жонка яго, акурат як у злосці, кінула:

— Ад етага мяняння іхняга не дужа пабагацеў хто. Ён табе сваю шмотку, а ты яму таксама дай, бо голага ж не пусціш на вуліцу. Але мы тута не займаліся етым. Хоць што я хлушу. У нас жа генеральская шапка засталася. Лазар, дзе ета яна?

— Навошта табе?

— Дак... Пакажы.

Мусіць, гаспадыні не даспадобы нечым была «генеральская шапка», бо мала хто не зразумеў, што сказала яна пра яе наўмысна, можа, хацела нават збыць такім чынам.

— Тута выпадак адзін у нас быў,— пасуравеў тварам стары.— Якраз перад тым, як адысці нашым. Генерал спыніўся ў нашай хаце. Усё чын-чынам — і машына-легкавушка ў двары, і дзяншчык Анэце маёй у гаспадарцы каля печы памагае. Камандзіры таксама з другіх хат прыходзяць, а то і прыезджыя забягаюць, нешта дакладваюць і чэсць аддаюць. Прызнацца, я нават не слухаў. Думаю, вайна і вайна, што з яе ўзяць. А тута раптам аднекуль вазьміся дый другі генерал наскочыў. На машыне таксама. Убачыўшы яго з акна, наш адразу на ганак выйшаў — моў, так і так. Адным словам, таварышы камандзіры, было тут у нас таксама. І мы са старой маёй нават не знаем, хто ён ды адкуль. Дак з таго часу, бачыце, Анэце маёй ета генеральская шапка і не дае спакою. А я кажу, няхай ляжыць сабе на пяколку, раз засталася ў нас. Так што, таварышы камандзіры, ці як тама вас велічаць трэба, мы ўжо даўно тута асаблівай цікаўнасці не праяўляем. Вось і вы — паначуеце і пойдзеце сабе, куды ішлі, а мы нават і ведаць не будзем, хто быў ды адкуль.

— Багата захацеў, дзед,— засмяяўшыся, зусім бесцырымонна сказаў Шашкін, якому кожны раз, калі надараўся выпадак, чамусьці хацелася давесці сваю пракурорскую значнасць.

Між тым, ужо настаў час сапраўды ладзіць начлег, і Мітрафан Нарчук сказаў партызанам:

— Пара ўкладвацца. А ты, Сцяпан Паўлавіч, схадзі да суседзяў, паглядзі, як другая наша група ўладкавалася.

— Добра,— падняўся камісар з самаробнага табурэта.— Я там, відаць, і заначую з імі.

Камісар тут жа пайшоў, а партызаны, быццам дзеля парадку, пачалі корпацца ў сваіх небагатых рэчах, займаць адзін каля аднаго на падлозе месца ў хаце Лазара Знанага.

Тым часам у другой хаце, там, куды трохі наўскасяк праз дарогу прыйшоў за хвіліну Баранаў, яўна яшчэ не збіраліся класціся спаць.

Тут панаваў другі настрой — вясёлы, акурат у самым разгары была вечарынка. За доўгім сталом, што стаяў паўз вокны амаль што ад адной сцяны да другой, сядзелі астатнія партызаны. Іх было прыкладна столькі, колькі ў хаце Лазара Знанага. Здавалася, не дужа лічылі тады, калі дзяліліся, каму дзе начаваць, аднак атрымалася, тым не менш, у кожнай хаце амаль пароўну.

У гэтай хаце гаспадара не было. Тут была гаспадыня — яшчэ зусім маладая жанчына, з трыма дзецьмі. Дзеці таксама чамусьці не спалі. Яны ледва не ліплі да партызан, усё роўна як былі прывучаны да такой абстаноўкі.

Гаспадыня, між тым, ажно кідалася з аднае палавіны хаты ў другую, хоць рабіць ёй і там і тут, бадай, не было чаго, акрамя як паказваць сваю ўвішнасць і спакуслівасць.

Баранаў, як і належыць у такім выпадку, даў на хату «добрага вечара», тады паставіў сваю вінтоўку ў парозе да іншых.

— Сядай да нас, камісар,— пачалі запрашаць яго да стала партызаны.

Аказваецца, яны ўжо дапівалі вялікую бутлю, якая стаяла пасярод рознай вясковай закусі.

— А нас вось частуе гаспадыня,— сказаў цыганаваты Барыс Набялокаў, адкрыта падміргваючы кабеце.

Тая таксама пачала ўгаворваць камісара сесці за стол.

Баранаў выпіў шклянку, якую падаў яму Іван Герасічкін, узяў са стала свежы гурок на закуску. Самагонка была нясмачная, бо вельмі падгарэла, але неяк хораша разлілася ўсярэдзіне, адразу пачала падступацца да галавы.

— Што там нашы суседзі робяць? — спытаў тым часам Набялокаў.

— Як і належыць,— сказаў камісар, — на ноч укладваюцца.

— Тады і нам пара,— з ахвотай кіўнуў галавой Набялокаў.

Пасля яго слоў партызаны сапраўды пачалі ўставаць з-за стала, разыходзіццца па хаце.

Хоць і на новым месцы, аднак кожны знайшоў сабе куток хутка, і ўжо хвілін праз дзесяць у хаце то тут, то там пачуўся здаровы мужчынскі храп.

Баранаву, між тым, чамусьці доўга не спалася.

І думак асаблівых у галаве не было, а вочы не закрываліся.

Недзе каля першых пеўняў ён раптам пачуў, як хтосьці з партызан пратупаў на цыпачках да ложка, дзе начавала гаспадыня.

«Хто гэта?» — здзівіўся Баранаў, але чамусьці падумаў таксама, што гаспадыня зараз адпрэчыць аматара. Толькі дарэмна. Тая адно войкнула ціха і тут жа зусім нязлосна нешта зашаптала чалавеку, які патрывожыў яе.

Не чакаючы, пакуль пад цяжарам чалавечых целаў зарыпіць ложак, камісар злаяўся сам сабе і шумна падаўся з хаты, злашча, якраз была малая патрэба.

* * *

Назад у забяседдзе дарога для крутагорскіх партызан выйшла не ў прыклад той, што прывяла сюды, да верхніх прытокаў Сажа.

На другі дзень разведчыкі, якія на чале з Паўлам Чарнагузавым, былым загадчыкам гандлёвага аддзела райвыканкома, пачыналі дзейнічаць не толькі з насцярожлівай абачлівасцю, аднак, бадай нават ужо і з адпаведнай прафесійнасцю, выявілі на краі нейкага населенага пункта, што знешнім выглядам хутчэй нагадваў рабочы пасёлак, чым вёску, рухомы нямецкі аўтапарк. Пасёлак той — а гэта і на самой справе быў пасёлак і ў ім жылі сплаўшчыкі — знаходзіўся блізка каля лесу, які вялікім масівам, кіламетраў, відаць, праз сем, ляжаў паміж Гусаркай і Дамамерычамі, што пры самай шашы з Крычава на Рослаў. Збудаваны ў чатыры кароткія шнуры, пасёлак не выдаваў лішніх праяў жыцця, не кажучы пра знешні неспакой. Нават сады, якія найперш мелі падставу прывабіць нямецкіх салдат, і тыя стаялі сцішана. Тым часам узаемная такая ціхамірнасць тлумачылася проста: пакуль мясцовыя жыхары ў невядомасці хаваліся па сваіх кватэрах, акупанты, зачыніўшыся ў будынку сплаўканторы, глядзелі пры завешаных вокнах кіно. Затое пры аўтамашынах, па два бакі стаянкі, шнуравалі вартавыя з аўтаматамі.

Партызаны рашылі дзейнічаць.

— Што ж, пачнем і мы свой баявы рахунак,— сказаў перад усімі камандзір атрада.

План нападзення быў складзены хутка. Іначай нельга было, таму што неўзабаве павінны былі выходзіць пасля сеанса са сплаўканторы немцы. Каб дзейнічаць напэўна, атрад быў падзелены на дзве групы, амаль гэтаксама ж, як і там, у вёсцы, калі разбіраліся начаваць учора. Адной, крыху большай па колькасці, належала рушыць да стаянкі па канаве, парослай чартапалохам і дзядамі. Гэтую групу браў на сябе камісар. Другая, якую пакідаў за сабой камандзір, заставалася на месцы, каб прыкрываць нападаючых з лесу. Першая група, такім чынам, вылучалася ў галаўную. Ёй ставілася ў задачу ўзяць на сябе асноўную частку баявой аперацыі. Зразумела, што боезапасы, якія меў атрад, таксама давялося пераразмеркаваць: адным — паболей патронаў, каб весці з засады прыцэльны агонь, калі немцы сыпануць з будынка абараняць аўтапарк, другім — гранат, асабліва калі ўлічыць, што бутэлькі з гаручай сумессю даўно былі выкінуты як небяспечныя ў далёкім паходзе, дзе даводзілася не толькі ісці ў рост, а нярэдка паўзці. Тут, як кажуць, дастаткова было апячыся адзін раз, каб...

— Ну, хлопцы, гайда,— скамандаваў сваёй групе Сцяпан Паўлавіч.

З лесу было відаць, як спярша, нейкі час, паўзлі партызаны за камісарам па зарослай канаве, пасля пачалі рыхтавацца непасрэдна да нападу, разгрупаваўшыся на ўсю шырыню пляцоўкі, ад першай да апошняй аўтамашыны. Заняло ўсё гэта не болей чым дзесяць хвілін, якія, тым не менш, здаліся ў нецярплівым чаканні вельмі доўгімі. Нарэшце Сцяпан Баранаў падняўся там за дзядамі на ўвесь рост, замахнуўся, адставіўшы далёка назад руку, і ў наступны момант шпурнуў адразу, рыўком, гранату. Тая марудна, быццам з вялікай неахвотаю, апісала ад канавы да пляцоўкі ў паветры дугу і выбухнула недзе на зямлі паміж аўтамашынамі. Выбуху ніхто не ўбачыў. Яго адно пачулі. Але прагучэў ён у поўнай цішыні моцна, з рэхам, якое разлеглася ў адзін бок над пасёлкам, а ў другі — па ўзлеску, спрабуючы прарвацца далей. Толькі дарэмна. Сцяна густога лесу, што ўстаў на шляху, завярнула яго назад, кінула ў адваротным напрамку, усё роўна як расцягнуўшы, а затым і падвоіўшы першы выбух.

Камісараў прыклад займае дзеянне. Да таго ж, ён і задуманы быў з самага пачатку як сігнал. Пасля гэтага астатнія партызаны, што знаходзіліся разам з камісарам у канаве, пачалі выскокваць з зарасніку, кідаць на аўтапарк свае гранаты. Збоку было падобна, што яны рабілі гэта, яўна забыўшыся на двух вартавых, якія неслі службу на пляцоўцы. А тыя якраз былі напагатове. Сцяміўшы, у чым справа, яны тут жа зрэагавалі на нападзенне партызан адпаведным чынам: адзін круцячыся ледзь не ваўчком і страляючы з аўтамата, кінуўся раптам да пасёлка, балазе, недалёка, крокаў за сто ўжо стаялі канцавыя двары, а гароды і зусім бліжэй, амаль упрытык падступаліся да пляцоўкі з нямецкімі аўтамашынамі; другі тым часам дзейнічаў, як і належыць спрытнаму салдату,— скочыўшы за гумовы скат, ён тут жа пачаў паліваць агнём з аўтамата. Але і ў таго, і ў гэтага стральба выходзіла непрыцэльная, дакладней, не дасягала мэты, акурат абодва яшчэ не зразумелі, адкуль зыходзіла пагроза. Відаць, гэта і каштавала ім жыцця, бо ўжо наступная граната, кінутая Паўлам Чарнагузавым, пасекла асколкамі таго, што страляў з-за гумовага ската. Не адбегся далёка і другі вартавы. Куля, пушчаная кімсьці з партызан, што ляжалі на ўзлеску, паваліла яго на плот.

Пры выглядзе забітых вартавых партызаны ў канаве адчулі сябе зусім ужо ў бяспецы. Здавалася, цяпер ім нішто не пагражала. Таму яны адкрыта выскоквалі адзін за адным з канавы, скручвалі, быццам птушкам галовы, ручкі клятчастых гранат і кідалі іх з усяго маху, на які хапала здольнасці, наперад, туды, дзе на пляцоўцы палалі ўжо аўтамашыны. Прытым ва ўсім гэтым «закідванні» больш назіралася неразважлівага азарту, чым спрактыкаванасці, а найперш абачлівай перасцярогі, таму што кожны з іх лёгка мог наскочыць на асколак ад сваёй жа гранаты...

У пасёлку, між тым, немцы глядзелі фільмы таксама з выбухамі і стралянінай на экране — раз’язныя кінаўстаноўкі якраз вазілі ў гэтыя дні па войсках найноўшую хроніку аб узяцці Смаленска. Зразумела, што за выбухамі, якія чуліся з экрана, нельга было разабраць тыя, што ўжо чутна скалыналі паветра за тоўстымі сценамі драўлянага будынка. Зразумела таму, што і да свядомасці кінагледачоў у сплаўканторы не адразу дайшоў сэнс таго, што адбывалася на дварэ.

Нават днявальны на ганку сплаўканторы і той спярша не здагадаўся, што грукат і страляніна ўзніклі ў аўтапарку, за пасёлкам; нейкі час яму ўсё яшчэ здавалася, што гэта даносяцца да яго гукі кіно; і толькі тады, калі ўбачыў, што над пляцоўкай, дзе знаходзіўся аўтапарк, зашугала ўгору тлустае полымя, спахапіўся раптам, ірвануў на сябе дзверы і крыкнуў трывогу.

Ад лесу было відаць, як з ганка сплаўканторы пасля гэтага пачалі саскокваць нямецкія салдаты. Спярша ім было няўцям, што дзе робіцца, адкуль пагражае небяспека. Але вось яны ўбачылі полымя над сваім аўтапаркам, пачулі ў ім выбухі, якія адбываліся ўжо таксама і за кошт бочак з гаручым, і толькі тады нарэшце зразумелі, дзеля чаго днявальны раптам падняў трывогу. Здаецца, зусім без каманды ўсе кінуліся на пажар. Адны беглі па агародах, другія — кароткай вуліцай.

Прымаць бой з гэтакай колькасцю варожых салдат партызанам пакуль было не з рукі. Праўда, патронаў на першую сутычку хапіла б. Але ці варта выпрабоўваць удачу за адзін раз?

Мітрафан Нарчук, які ўвесь гэты час трымаў у полі зроку і дальнія і блізкія подступы да лесу, падаў камісару сігнал, каб той павярнуў групу назад.

Баранаў зрабіў гэта хутка, усё роўна як партызаны яшчэ не паспелі цалкам аддацца той справе, на якую пайшлі.

Узрушаныя і ўзрадаваныя, абедзве групы без супраціўлення адступілі ў глыб лесу. Мясцовасць тут мела няроўны выгляд, была з узоркамі і ўпадзінамі, таму адразу надзейна засланіла партызан не толькі ад пагоні, якую маглі наладзіць немцы, але і ад куль, што пчаліным роем хутка загулі ў вершалінах дрэў.

Між тым, дыверсія, якую гэтак паспяхова і, здаецца, зусім без цяжкасці, быццам гуляючы, ажыццявілі крутагорскія партызаны, не засталася незаўважанай для тылавых нямецкіх службаў. Ва ўсякім разе, яе не палічылі выпадковай і не аднеслі да разраду тых, што ажыццяўляліся групамі выходзіўшых з акружэння чырвонаармейцаў. Відаць, начальнік аховы мясцовага тылавога раёна ўжо меў нейкія звесткі пра атрад Нарчука.

Тым не менш, наступны дзень з раніцы да вечара прайшоў для партызан зусім без трывогі на нейкай закінутай пасецы, што, мусіць, яшчэ з першымі вясновымі краскамі была вывезена ў далёкае ўрочышча на багатыя меданосы. Гаспадара на пчальніку не было — ці то ён пайшоў тым часам у вёску праведаць сям’ю, ці то наогул такі адсутнічаў тут, дакладней, не было яго зусім, і вуллі з пчоламі даглядаліся калектыўна, таму па-сапраўднаму нікому не рупілі. Выставіўшы пасты, партызаны распарадзіліся адным вуллем, а як добра прагоркла ад мёду ў жыватах, падаліся шукаць паблізу крыніцу. Вада знайшлася хутка. Праўда, не ў крыніцы, як думалася, а ў рачулцы, што бруілася, быццам пахіленая на адзін бок, па галечніку, дарма што берагі былі балотныя. Няйначай, у гэтай рачулцы вадзілася стронга, бо ад чыстай і сцюдзёнай вады ажно заходзіліся зубы. Жыццё ў партызан, такім чынам, было пачало складвацца амаль ідылічнае, не хапала на пасецы толькі імшаніка, каб начаваць, аднак назаўтра, калі вярнулася разведка з бліжэйшых вёсак, стала вядома, што следам за атрадам ужо рухаецца нейкая конная нямецкая каманда прыкладна ў трыццаць шабель. Хутчэй за ўсё, коннікі мелі намер напасці на атрад знянацку: альбо тады, як партызаны апынуцца нарэшце сярод белага дня дзе-небудзь на зыры, прыдатным для манеўру, альбо выдадуць сябе нечым больш яўна ў часе стаянкі ў лесе. Складвалася ўражанне, што немцы якімсьці парадкам ведалі пра патаемныя рухі атрада, акурат мелі ў ім сваё недрэмнае вока. Між тым, за ўвесь час, пачынаючы з таго першага дня, калі атрад рушыў з лесу паміж Васілеўкай і Гарбавічамі на заданне сюды, ніхто старонні нават не спрабаваў далучыцца да партызан. Значыць, для немцаў існавала нейкая іншая магчымасць сачыць за атрадам. Але якая?

Адсюль, з Гусарскіх лясоў, якія паступова ўжо распадаліся на асобныя зялёныя астравы, аточаныя з усіх бакоў палямі, дарога ў забяседдзе прадстаяла не простая. Далей там, ажно да Батаеўскіх лясоў, што пачыналіся за Вялікім Хоцімскам, мясцовасць наогул ляжала зусім адкрытая. Пры наяўнасці такога «хваста», якім з’яўлялася нямецкая конная каманда ў трыццаць шабель, рухацца навідавоку ў вышэйшай ступені небяспечна было. І тым не менш, неабходна было як хутчэй адарвацца ад праследавання, а калі і не адарвацца ў зразумелым значэнні гэтага слова, то абавязкова растварыцца раптам, збіць коннікаў са следу. З ранейшай навукі, якую Мітрафан Нарчук атрымаў і якую цяпер старанна ўспамінаў, выходзіла, што самым надзейным сродкам у такім становішчы будзе — залегчы дзе-небудзь на колькі часу ў вялікім балоце, куды і звер не часта заходзіць, не тое што чалавек. Так і зрабілі. Але дзеля гэтага давялося змяніць маршрут і збочыць далёка ўлева. Вялікае балота сапраўды знайшлося недзе паміж Галічамі і Забялышынам. Атабарыліся. Нечаканы манеўр неўзабаве даў свае вынікі. На пятыя суткі нямецкія коннікі, што стаялі трыма групамі ў вёсках вакол балота, знялі асаду, няйначай, рашылі, што партызаны за гэты час здолелі прасачыцца скрозь пасты непрыкметна, і цяпер іх трэба шукаць ужо ў іншым месцы. Але тыя некалькі сутак, што былі праведзены ў сырым балоце, якраз і затрымалі партызан потым надоўга. Раптам захварэў камандзір. Сырасць і голад звалілі Мітрафана Ануфрыевіча зусім. Спярша ён пачаў моцна кашляць, ажно жахліва рабілася, што чуваць здалёку, затым да яго прычапілася, кажучы нядобрым словам, другая трасца — вострым болем працяло спіну па ўсёй хрыбціне, нават зварухнуцца і то стала немагчыма, не тое што падняцца на ногі, а тым больш пайсці.

Насілкі, якія зрабілі партызаны з падручных сродкаў, таксама надоўга не прыдаліся: кожны нязначны штуршок прычыняў камандзіру нясцерпны боль.

Такім чынам, хутка высветлілася, што Мітрафан Ануфрыевіч аказаўся не толькі нерухомым, аднак і не вельмі транспартабельным. Але, тым не менш, не зважаючы на ягоныя пакуты, партызаны перанеслі камандзіра з таго балота, дзе яны перачакалі асаду, кіламетраў на пятнаццаць бліжэй да Бесядзі, ледзь не ў самае вярхоўе яе. У сасновым лесе, на пясчаным схіле, што выдаваўся нібыта казырком, над вялікай упадзінай, якая даўно пабралася старым, закарэлым і ўсё роўна як пасярэбраным мохам, паставілі будан для хворага.

Уласна, прыстанак гэты наладжваўся толькі на час хваробы камандзіра атрада, а значыць, зусім на няпэўны тэрмін, які мог расцягнуцца не на адны суткі, можа, на тыдні,— тут усё залежала ад таго, як удасца справіцца са сваёй нямогласцю камандзіру, аднак сядзець склаўшы рукі ў лесе партызаны таксама не мелі намеру. Хоць у планы атрада пакуль і не ўваходзіла распачынаць актыўныя баявыя дзеянні, але ніхто не перашкаджаў партызанам весці разведку, якая патрэбна была для ўласнай бяспекі, наладжваць сувязь з мясцовым насельніцтвам, нарэшце, здабываць харч, якога чамусьці заўсёды не хапала,— дзіва што, столькі люду ў адным месцы сабралася!.. На здабыванне харчу партызаны звычайна накіроўваліся невялікімі групамі, па два-тры чалавекі, прытым у самыя далёкія вёскі, каб не выдаць сваё цяперашняе месцазнаходжанне. На разведку тым часам хадзілі і таго меншымі кампаніямі. Вядома, кіраваў гэтай дзейнасцю атрада найбольш камісар. Ён і сам іншы раз адлучаўся з лесу. Аднойчы ён прывёў з сабою ў лес незнаёмага чалавека. Дакладней, незнаёмым той з’яўляўся для астатніх, для самога ж Сцяпана Паўлавіча ён быў вядомы яшчэ з часу вучобы ў інстытуце.

Пяркоўскі — так звалі прыведзенага ў атрад чалавека — працаваў да вайны дацэнтам у Магілёве. Меў ён воінскае званне батальённы камісар у запасе, па ваенна-ўліковай спецыяльнасці значыўся лектарам сацыяльна-эканамічных дысцыплін. У армію прызваны быў у канцы чэрвеня месяца, калі немцы падыходзілі ўжо да Дняпра. З Магілёва Пяркоўскі разам з іншымі выкладчыкамі неўзабаве трапіў у Навазыбкаў, дзе тады фарміравалася новая стралковая дывізія. Але паваяваць яму ў складзе яе не давялося. У адзін дзень, ужо ў ліпені месяцы, у дывізію раптам прыехаў чалавек, які пачаў падбіраць людзей, найперш беларусаў альбо тых, хто працаваў да вайны тут. Пяркоўскі прайшоў кароткатэрміновую падрыхтоўку, і яго на чале групы з чатырох чалавек пераправілі на акупіраваную гітлераўцамі тэрыторыю цераз лінію фронту. Групу Пяркоўскага складалі настаўнікі. Раней яны не былі добра знаёмыя паміж сабой, але працавалі ў вясковых школах не дужа далёка адзін ад другога, таму, вядома, сёе-тое чулі пра кожнага. Лінію фронту пераходзіць давялося ў Свяцілавіцкім раёне. Яна межавалася там якраз па Бесядзі. Па левы бок стаялі ў абароне нашы войскі, па правы — варожыя. Паколькі мясцовасць была незнаёмая, а карты і ў паміне не было, то несвядома блукаць па навакольных лясах група пачала яшчэ з вёскі Глыбаўка. Аднаго разу ў разведку пайшоў сам Пяркоўскі. Тады яго і схапілі немцы. На допыце ён выдаў сябе за вайсковага сапёра, але паколькі быў у цывільным, то сказаў, што іхнюю вайсковую часць не паспелі абмундзіраваць. Немцы, вядома, не паверылі яму. Забралі зброю, узрыўчатку. А самога павялі на расстрэл за вёску. Выратавала Пяркоўскага тое, што ў халяве правага бота застаўся маленькі польскі рэвальвер, якога не намацалі немцы пры вобыску. Гэты рэвальвер Пяркоўскі і пусціў у ход, калі два паліцаі на чале з нямецкім яфрэйтарам прывялі яго на бераг Бесядзі. Цяпер Пяркоўскі не мог дакладна сказаць, пацэліў ён па кім-небудзь з іх ці не, але страху нарабіў многа, гэта праўда, нездарма ж ні халуі-паліцаі, ні сам гітлеравец не кінуліся даганяць яго, да таго ж, і ўмовы для пабегу, як на тое, былі найлепшыя — адразу за ровам, дзе яны збіраліся расстраляць яго, пачынаўся нячасты хвойнік. Словам, удача была на баку Пяркоўскага цалкам. Але настаўнікаў сваіх на месцы ён не застаў. Тыя адно дачуліся ад мясцовых людзей, што нейкага чалавека немцы схапілі ў вёсцы і павялі ў камендатуру, як адразу кінуліся ў паніку. Дагнаў іх Пяркоўскі ўжо за Чэрыкавам.

— А якое ў вас заданне было? — спытаў Пяркоўскага Мітрафан Нарчук.

— Спярша мы павінны былі цягнік узарваць на чыгунцы. Ну, а пасля пачаць дзейнічаць на свой погляд і на сваю рызыку.

— Узарвалі цягнік?

— Так. Але цяжэй было, здаецца, падняць на гэту дыверсію настаўнікаў маіх. У кожнай хаце паўтаралася адно і тое ж, калі я прыходзіў,— жаночы лямант, слёзы. Не пускаюць бабы мужыкоў ад сябе, і ўсё там, маўляў, немцы за бацькавы справы сям’ю пакараюць. Ледзь угаварыў.

— Гм... Ну, а як ім вядома стала, з чым вярнуўся чалавек дамоў?

— Нездарма ж кажуць, мужык і жонка — адна кішонка. Відаць, расказалі самі, пакуль я шукаць іх пачаў.

— Іх там, у школе, вучылі, а мала навучылі.

— Выходзіць, так. Тэрмін сапраўды кароткі быў. Але цягнік мы, тым не менш, пусцілі пад адхон. Навукі хапіла. Праўда, не дужа багаты. На дзвюх платформах знаходзіліся артылерыйскія цягачы. Ну, мы іх і перавярнулі. Ахову таксама на той свет накіравалі.

— А цяпер? Што цяпер маеце рабіць? — спытаў Нарчук.

— Ды вось... Сцяпан Паўлавіч кажа, каб я трохі пабыў у вас.

— Дык... у нас пакуль што таксама нічога цікавага няма. Наступіў зацішак. Уласна кажучы, проста працягваецца. Не паспелі распачаць як след, а я вось...

На гэта Баранаў, які прысутнічаў пры іхняй размове ў будане, сказаў з усмешкай:

— Мітрафан Ануфрыевіч думае, што кожны дзень можна калі не па эшалону нямецкаму пад адхон скідваць, то па аўтамашыне з салдатамі напэўна ўзрываць. І гэта ў той час, калі ні ўзрыўчаткі, ні патронаў. Гранаты мы свае, якія атрымалі некалі з армейскага складу, ужо выкарысталі з адной добрай нагоды, цяпер маем толькі вінтоўкі на ўзбраенні ды па некалькі патронаў. Здаецца, і на строгім уліку ўсе былі дасюль, а як пачалі нядаўна праверку рабіць, то і ў таго не поўны камплект, і ў гэтага... Словам, на вялікую адвагу ў такім становішчы не пойдзеш...

— Хіба што,— прамовіў у адказ камандзір атрада, хоць ні Пяркоўскі, ні Баранаў так і не зразумелі, што ён гэтым хацеў сказаць на самай справе.

Тады камісар зноў усміхнуўся:

— Гэта добра, Мітрафан Ануфрыевіч, што ў цябе ваяўнічы сверб з’явіўся. Няйначай, ад доўгага ляжання?

— А што, можа, і так. Можа, ты якраз і маеш рацыю, камісар? Здаецца, калі ўвесь час рухаліся, калі ў дарозе знаходзіліся, нават без справы, ну, без баявой дзейнасці, ці як лепей сказаць, дык уражанне зусім іншае ў душы было.

— Дакладней, уражанне поўнай актыўнасці,— падказаў камісар.

— Ага,— згодліва паківаў галавой камандзір атрада,— паўнейшай. Вядома, таксама ілюзія, не больш. Але ж няхай. Урэшце, сэнсу можна шукаць не толькі ў тым, што даганяеш, але і ў тым, чаго ўцякаеш. А цяцер вось... Баюся, каб разлажэнне ў атрадзе ад бяздзейнасці не пачалося, каб нашы бюракраты, нашы начальнікі, не забыліся, дзеля чаго яны пакінуты ў тыле ворага. Што звычайна ў арміі на пастоі салдатам камандзіры задаюць?

— Ну, страявую, матэрыяльную частку...

— Вось-вось! Трэба і нам, Сцяпан Паўлавіч, пра сёе-тое паклапаціцца. А то я чую тут, лежачы ў будане, як некаторыя гавораць... Дык вось, камісар, пакуль я не транспартабельны і паколькі вы аднаго мяне пакідаць не рашаецеся...

— Ну, пра што ты гаворыш!..

— Пачакай, пачакай! Дык вось, пакуль мне наканавана ляжаць тут, у гэтым будане, варта аднавіць нармальнае жыццё ў атрадзе. Няхай людзі і страявой займаюцца, няхай і матэрыяльную частку вывучаюць, не ўсё ж без патронаў заставацца будзем, некалі ж страляць усё роўна давядзецца, словам, няхай вопытныя людзі праводзяць заняткі хоць бы і па імітацыі стральбы. Хто ў нас дагэтуль служыў у арміі?

— Сцепаненка, Смірноў, здаецца, Валга.

— Ну вось, няхай яны і зоймуцца справай. Неабходна разбіць людзей на групы і даць кожнаму па некалькі чалавек. Тады і языкамі менш мянташыць будуць. Меней часу застанецца на ўсякія абгаворы.

— А што за абгаворы? — насцярожана спытаў камісар.

— Ды так,— хацеў адмахнуцца Нарчук.— Дэмагогія.

— А ўсё-ткі?

— Як і тады, яшчэ ў першую ноч, калі мы блукалі па сваім раёне. Моў, і гэта не так, і тое трэба было іначай рабіць. Словам, дэмагогія. Хоць, з другога боку, у кожнай такой гаворцы сэнс адпаведны ёсць.

— Дзіва што,— сказаў на гэта камісар,— сабраліся ў адно людзі, якія і дасюль маглі хоць на якую тэму паразважаць. Хоць якую ідэю не толькі ўмацаваць маглі, але і расшатаць. А тут, з гэтай партызанскай дзейнасцю, і наогул пакуль мала што зразумела. Таму...

— Дык я вось пра што думаю, камісар,— не даў дагаварыць Нарчук.— Пакуль мы застаемся на месцы, трэба наладзіць вучобу па ўсіх напрамках у атрадзе. Спадзяюся, таварыш Пяркоўскі таксама дапаможа нам. Як, таварыш Пяркоўскі?

Той кіўнуў галавой.

— З тактыкі партызанскай барацьбы,— сказаў ён,— якая выкладалася нам у школе, наўрад ці можа што прыдацца цяпер. Дужа яна прыблізнай была, хутчэй выдуманай, чым сапраўднай, тая тактыка. На практыцы ўсё аказалася іначай. Прынамсі, умовы, якія склаліся тут, на акупіраванай тэрыторыі, ужо за гэты кароткі час, мала чым адпавядаюць тым, пра якія тады гаварылася. Усім, хто будзе ўздымацца на барацьбу, давядзецца праходзіць новую школу гэтай барацьбы. І кожны раз не падобную адна на адну. Усё з новымі і новымі акалічнасцямі. Нябось, вы самі нават маглі пераканацца, наколькі вялікае разыходжанне паміж тым, што мы чакалі ўбачыць у тыле ворага, і тым, што аказалася тут на самай справе.

— Гэта так,— сказаў Нарчук.

— Ну, а што датычыць усяго іншага, менш значнага, то я гатовы дапамагчы вам. Напрыклад, у нас у школе добрыя былі выкладчыкі па ўзрыўной справе.

— Узрываць нам пакуль няма чаго, дакладней, няма чым,— усміхнуўся камандзір атрада,— хоць, вядома, сапраўдная навука ніколі не прападзе дарэмна. Не сёння, дык заўтра спатрэбіцца. А вось пра цяперашняе становішча ў краіне расказаць партызанам...

— Гэта таксама не дужа простая задача. Няма не толькі дакладнай інфармацыі, але і ніякай. Найбольш апошні час даводзіцца карыстацца чуткамі. Адны прымаць, бо сам бачыш, што яны праўдзівыя, другія — адкідваць. І таксама іншы раз усяго толькі таму, што няма дакладнай інфармацыі.

— Гэта ўжо камісарава справа даць вам дакладную інфармацыю,— зусім проста, як пра нешта нязначнае, сказаў Пяркоўскаму камандзір атрада і тут жа звярнуўся да Баранава: — Вось бачыш, Сцяпан Паўлавіч, для цябе раптам з дапамогай таварыша Пяркоўскага знайшлася зусім канкрэтная, камісарская справа. Трэба пашукаць па навакольных вёсках, у каго ёсць спраўны радыёпрыёмнік. Лістоўкі, якія ты носіш у торбе, таксама аддай таварышу Пяркоўскаму. Няхай ён усё вывучыць, абагульніць, а тады і выступіць перад нашымі партызанамі. Усё ж чалавек новы, незнаёмы, а да такіх, што ні кажы, давер бывае большы. Ды і не толькі перад партызанамі. Час ужо распачаць нам агітацыйна-прапагандысцкую работу сярод насельніцтва. Мусіць, не варта дужа баяцца, што мы гэтым выдадзім сваё месцазнаходжанне. І за мяне таксама не трэба лішне хвалявацца. Урэшце, няма чаго мне доўга ляжаць тут, у гэтым будане. Што я за камандзір? Трэба знайсці дзе-небудзь доктара і прывесці, не баючыся, сюды, а калі не доктара, то хоць бы знахара. Няхай ставяць на ногі.

— Будзе табе, Мітрафан Ануфрыевіч, і радыёпрыёмнік, будзе табе і знахар. А можа, лепей папытаць знахарку?

— Табе жартачкі...

— Я сур’ёзна, бо ў вёсках гэтым звычайна займаюцца жанчыны. А наогул, Мітрафан Ануфрыевіч, я вельмі рады, што ты загаварыў так. Значыць, ужо сам пачаў выздараўліваць.

— Не, без доктара мне, відаць, не падняцца.

— Галоўнае, гэта — што злосць у цябе з’явілася. Яна цябе хутчэй за ўсё паставіць на ногі.

— Думаеш, галоўнае сапраўды ў злосці?

— Няйначай. Я нават думаю часам, што і армія наша таму адступае, што злосці яшчэ не набралася.

— У такім разе скажы — што ж надае злосці?

— Жыццё. Па-другому — рэчаіснасць.

— Занадта агульна.

— Так, на першы погляд сапраўды агульна. Але давай памяркуем. Сам бачыў — у людзей таксама пакуль злосці на акупантаў малавата.

— Як сказаць?

— А так і трэба прызнаць. Боязь — ёсць, страх — ёсць. А вось злосці, якая б ператварылася ў святую помсту, мала. І з’явіцца яна толькі тады, калі вайна нарэшце сваёй жудасцю дойдзе не толькі да свядомасці кожнага ў горадзе і ў вёсцы, але і закране любога ў той ці іншай ступені, стане стратай, болем і крыўдай. Тады вось пачнецца вялікае жніва. Як гэта ў Купалы сказана? Калі вораг сарве яблык, саспелы ў нашым садзе, ён разарвецца ў яго руках гранатай! Калі ён сажне жменю нашых важкіх каласоў, зерне вылеціць і скосіць яго свінцовым дажджом! Калі ён падыдзе да нашых чыстых сцюдзёных калодзежаў, яны перасохнуць, каб не даць яму вады!

— Вось гэта агітацыя, вось гэта!..

— На жаль, пакуль толькі агітацыя. На самой жа справе багата што выглядае іначай. І робіцца таксама не так, як трэба.

— Што ж, будзем перайначваць,— сказаў спахмурнелы Нарчук.— На тое мы і засталіся тут, на тое нас і накіравалі сюды. За фронтам, здаецца, нам ужо не паспець.

На другі дзень ён сам паклікаў у будан камісара.

— Вось што, Сцяпан Паўлавіч,— пачаў ён адразу, як толькі Баранаў, уцяўшы галаву і ссутуліўшы спіну, зайшоў да хворага,— я тут, у працяг нашай учарашняй размовы, надумаў сёе-тое.

— Слухаю, Мітрафан Ануфрыевіч. Але дазволь спярша далажыць. Таксама ў выкананне нашай учарашняй размовы. На групы мы людзей падзялілі. Якраз выйшла тры групы. Валга, аказваецца, у арміі не служыў. Затое служыў Набялокаў. Ён і зоймецца справай у трэцяй групе. Але ці не ўвесці нам у атрадзе пасаду начальніка штаба, які б заняўся ўсім гэтым?

— Ну вось, штаба яшчэ няма як такога, а ты ўжо начальніка шукаеш,— чамусьці нездаволена азваўся на камісараву прапанову Нарчук.— Не трэба лішняга выдумляць, бо такім чынам хутка ўсе мы, як і раней, у райцэнтры, станем начальнікамі. Тады хто стане выконваць нашы з табой каманды і распараджэнні?

— Я гэта таму, што ты...

— Нічога, галава мая яшчэ цэлая, хвароба не замуціла, можаш упэўнены быць, што я пра ўсё, што трэба, здолею распарадзіцца.

— Як знаеш. Была б парада,— усё роўна як пакрыўджаны, сказаў Баранаў, хоць у душы застаўся здаволены, што Мітрафан Ануфрыевіч гэтак настойліва і энергічна пачаў выяўляць камандзірскі характар; здавалася, што ён ужо зусім пераадолеў у сабе тую мяжу, тую хваравітую нерашучасць, якая яшчэ нядаўна, можа, нават учора ці заўчора, калі і не бянтэжыла, то стрымлівала яго напэўна не толькі ў адносінах з іншымі падначаленымі, аднак і з ім, камісарам; але на самой справе гэта было не так, і гэта дало сябе адчуць неўзабаве.

Між тым, Нарчук памаўчаў нейкі момант, тады ўсміхнуўся ў прыцемку, які стаяў у будане.

— А я цябе якраз і паклікаў за парадай,— сказаў ён.— Толькі не за гэтай. Усяму свой час. Тут да цябе пракурор Шашкін сюды прыходзіў. Таксама выдумаў пасаду. Але той прасіў яе для сябе. І якую б ты думаў? Кажа, трэба ўвесці асобы аддзел, а яго паставіць начальнікам асобага аддзела. Ну, а калі не асобы аддзел, то хоць бы аддзел контрразведкі. Зразумела, што і на гэты аддзел сваю кандыдатуру прапаноўваў.

— Ну, а ты?

— А я сказаў, што ў нас яшчэ як след не арганізаваны разведаддзел. Ідзі, кажу, у разведку. Будзеш у Паўла Чарнагузава памочнікам. Дык не, у разведку наш пракурор не хоча. Яму падавай альбо асобы аддзел, альбо контрразведку. Хоць я сабе добра і не ўяўляю, у чым розніца паміж контрразведкай і разведкай у нашых умовах. Але ўсё-ткі карысна было пагаварыць з ім. Вось што падумаў я пасля таго, як ён пайшоў адсюль. У цяперашнім нашым становішчы неабходна ажыццявіць нам дзве рэчы. Адна — гэта глыбокая разведка. Здаецца, так на армейскай мове завецца. Хоць я лічу, што лепей сказаць — далёкая разведка. Другая рэч — аперацыя. Так, баявая аперацыя. Поспех яе зноў добра падзейнічае на людзей. Канечне, багата мы не здолеем зрабіць. Тут трэба зыходзіць з наяўных магчымасцей. Але калі падрыхтавацца як след, то поспех будзе забяспечаны. Як думаеш?

— Правільна.

— Падрыхтоўку неабходна правесці ўсеабдымную. І пачаць яе варта з пошукаў зброі, найперш — узрыўчаткі. Тады можна будзе і цягнік пусціць пад адхон, яшчэ багата чаго зрабіць. Трэба, каб хлопцы, як добрыя ганчакі, пагойсалі з гэтым па наваколлі. Ад таго, наколькі мы забяспечым сябе неабходным матэрыялам, будзе залежаць і выбар аб’екта для аперацыі.

— Ну, а ў чым павінна заключацца ў такім разе разведка? Таксама ў забеспячэнні будучай аперацыі?

— Гэта само сабой. Без адпаведнай разведкі, вядома, паспяховую аперацыю не правядзеш. Але, кажучы пра далёкую разведку, я меў на ўвазе іншае. Трэба накіраваць чалавека ў свой раён, каб ён там высветліў і абстаноўку, і ўсё астатняе.

— Карацей кажучы, каб ён ужо чакаў нас там?

— Не зусім так. Куды карысней будзе, калі ён сустрэне нас па дарозе туды. Ну, а можа здарыцца яшчэ і такое, што ён заспее нас тут. Разлічваць варта на два варыянты — і на той выпадак, што чалавек сустрэне нас па дарозе ва ўмоўленым месцы, і на той, калі мы не зрушым адсюль.

— Каго мяркуеш прасіць?

— Паўла Чарнагузава.

— Што ж, кандыдатура вартая таго. Павел Ягоравіч не падвядзе.

— I я так думаю. Ва ўсякім разе, нават за гэты час, як мы ўжо дзейнічаем самастойна, ён паказаў з добрага боку свае разведчыцкія якасці. Ды і наогул чалавек ён кемлівы, палітычна свядомы.

— Гэта так.

— Ну, а лёс баявой аперацыі, якую атраду належыць здзейсніць за той час, пакуль Чарнагузаў будзе на заданні, возьмеш на сябе, Сцяпан Паўлавіч. Літаральна ўсё: і пошукі зброі, у тым ліку, я казаў ужо, найперш выбуховых рэчываў, і выбар аб’екта для дыверсіі, і разведку. Для гэтага бяры ўсіх, хто спатрэбіцца. А тут, у лесе, цябе пакуль падменіць дацэнт твой. Не супроць?

— У прынцыпе — не.

— А не ў прынцыпе?

— Справа ў тым, што праз дзень-два ён павінен ісці далей. У яго заданне цяпер такое — легалізавацца ў горадзе, паступіць у якую-небудзь нямецкую ўстанову і дзейнічаць у падполлі.

— Дзе ён гэтыя заданні атрымлівае? Якім чынам?

— Яшчэ там, у школе па падрыхтоўцы партызанскіх кадраў, было намеркавана, што ён павінен зрабіць так.

— А-а, вунь яно што. Ну што ж, няхай паступае, як знае. Хоць нам бы таксама такі чалавек прыдаўся. Урэшце, тут, у лесе, я сам за ўсім глядзець буду. За такімі сценамі, як у гэтай маёй цяперашняй хаце, чуваць усё. Ладна, пакліч сюды Чарнагузава. Будзем гаварыць разам.

— Але я хачу табе паказаць яшчэ вось што.— Баранаў дастаў са сваёй торбы шматок паперы ў школьную чвэртку, падаў камандзіру.

Той паглядзеў на яго, тады аддаў назад.

— Што я тут убачу ў цемнаце? Чытай сам.

— Гэта хлопцы сёння прынеслі. Казалі, на сасне, што пры выхадзе з лесу, наклеена была.

— Чытай, чытай.

— Вядома, тут найбольш звычайнай лаянкі, прытым, брыдкай. Але ёсць адна акалічнасць.

— Ну, чытай.

— «У адказ на вашу рэпрэсію, лясныя бандыты, што ўзялі і павялі з сабой прадстаўнікоў нашай улады — бургамістра воласці, старасту вёскі і ахоўніка, мы заарыштоўваем васемнаццаць чалавек, былых актывістаў жыдоўска-бальшавіцкага ладу, у якасці заложнікаў. Калі нашы таварышы не будуць у бліжэйшы час вызвалены, заложнікі таксама панясуць суровае пакаранне. Ім пагражае расстрэл. Памятайце, бандыты-крывапіўцы, што за аднаго нашага ляжа вашых дзесяць». Ну і далей тут розныя заклінанні ды запалохванні.

— Не хвалюйся, чытай. Ты гэтым мяне не сапсуеш,— сказаў камандзір.

— Я не таму, што баюся сапсаваць цябе,— засмяяўся Баранаў.— Проста не паварочваецца язык паўтараць усё. Але ў канцы тут ёсць цікавы заклік.

— Давай.

— «Дык вось што, лясныя бандыты, калі вы гэтак хочаце ваяваць, то рабіце гэта не з-за вугла, не з-за кустоў, а падавайцеся на фронт і там ваюйце!»

— Чаго захацелася гіцлям! — усміхнуўся Нарчук.— Але ж нехта дапёк, бачыш? Ну што ж, Сцяпан Паўлавіч, паперкай гэтай, няйначай, належыць выцерці адно месца, не больш. Урэшце, калі сам не хочаш зрабіць гэтага, то перадай каму-небудзь з хлопцаў. Аднак тут сапраўды ёсць цікавая акалічнасць. Значыць, ужо нехта дзейнічае з патрыётаў і ў гэтай мясцовасці. Не адны мы тут. Нашы ж хлопцы не чапалі нікога?

— Не.

— А ты дакладна ведаеш?

— Так.

Нарчук паляжаў моўчкі на сваім мулкім лежыве, хацеў павярнуцца на бок, але сам не здолеў зрабіць гэтага, адно скрывіў выраз твару ад болю. Камісар памкнуўся быў дапамагчы камандзіру. Той чамусьці адмовіўся.

— Не трэба,— сказаў ён.— Але калі твае дактары будуць?

— Пайшлі ўжо хлопцы па доктара. Аказваецца, ёсць тут недалёка ў вёсцы.

— Думаў, без доктара абыдуся, а цяпер бачу — не.— Нарчук зноў зварухнуўся.

— Будзе табе неўзабаве доктар, Мітрафан Ануфрыевіч,— сказаў камісар.— Але, можа, і праўда дарэмна мы гэта зацягвалі?

— Дык... Ладна, давай пра справу. Дзе гэта заложнікаў забралі?

— Тут не напісана.

— А хто наогул зварот падпісаў?

— Таксама не пазначана.

— Я гэта к таму, што варта было б і нам падумаць. Дзе тыя заложнікі, што з імі? Гэта ж не жартачкі — васемнаццаць чалавек. Трэба даведацца, Сцяпан Паўлавіч, высветліць усё як мае быць. А тады ўжо на штосьці пэўнае будзем рашацца. Можа, якраз гэта і будзе нашай аперацыяй? Словам, паклапаціся. Ну і Чарнагузава прышлі да мяне. Няхай сёння ж і кіруецца ў Крутагор’е.

* * *

Нарчук сапраўды разлічваў, што Павел Чарнагузаў можа пайсці з гэтага лесу ў Крутагорскі раён адразу. Але рушыў ён туды толькі назаўтра, бо спатрэбіліся сякія-такія падрыхтоўчыя захады.

Праз два дні пасля гэтага пакінуў атрад Пяркоўскі.

А яшчэ праз суткі пайшоў на разведку з чатырма партызанамі Сцяпан Баранаў. Паміж Нарчуком і ім была ўжо канкрэтная дамоўленасць, што група паспрабуе выканаць прынамсі тры рэчы, пра якія папярэдне гаварылася раней: высветліць, у якім населеным пункце адбыліся нядаўнія арышты і дзе цяпер знаходзяцца заложнікі з ліку былых савецкіх актывістаў; вызначыць, дзе трэба шукаць зброю; нарэшце, вырашыць канчаткова, які аб’ект узяць для будучай аперацыі. Было дамоўлена таксама, што выкананне апошняга пытання будзе залежаць ад таго, наколькі ўдасца даведацца пра заложнікаў, пра якіх партызаны прачыталі ў нямецкай лістоўцы.

Зразумела, што пра ўсё гэта цяпер у атрадзе ведаў адзін камандзір.

Баранаў з чатырма партызанамі пакінуў размяшчэнне атрада ў сераду, здаецца, так, а ў пятніцу адзін з іх, Іван Герасічкін, прывёў у лагер пажылога чалавека з доктарскім сакваяжам у руках. Сакваяж, вядома, нёс Іван Герасічкін. Доктар ішоў улегцы. Але па тым, што менавіта Герасічкін нёс яго рэчы, можна было адразу здагадацца, што гэта не так сабе, што гэта патрэбны чалавек.

— Таварыш камандзір,— адрапартаваў, як і належыць, пры ўваходзе ў будан Іван Герасічкін,— па загаду камісара атрада доктар Скабічэўскі дастаўлены для аказання дапамогі.

Звычайна такога парадку, каб ледзь не на ўвесь лес дакладвалі партызаны камандзіру, у атрадзе пакуль не прытрымліваліся, ва ўсякім разе, умовы не заўсёды адпавядалі статутнаму патрабаванню, але Іван Герасічкін, няйначай, наўмысна зрабіў гэта ў прысутнасці доктара — маўляў, не абы-куды трапіў, таму знай нашых.

Доктар выгляд меў кашчавы — сярэдняга росту і не ў маладых ужо гадах. Белая бародка яго быццам падбіта была знізу, таму здавалася, што яна і галаву яму задзірае ўгару.

— Аказваецца, гэта камісар ваш загадаў,— сказаў ён, нібыта ў адпомсту, як толькі Іван Герасічкін стаў на другі бок будана.— Прыйшоў і загадаў, моў, збірайся, хвораму дапамагчы трэба. А хто хворы, куды ісці,— так і не гаворыць. Кажа, вас будзе суправаджаць партызан наш. Дзякаваць богу, што нарэшце ўсё высветлілася. Значыць, гэта вы хворы, таварыш камандзір? Канечне, ні прозвішча вашага, ні імя мне недазволена ведаць? Ну што ж. А ну-тка, таварыш камандзір, дазвольце ў такім разе паглядзець на вас?! — І калі ўбачыў, што хворы няздольны добра паварушыцца, кінуўся супакойваць:— Ляжыце, ляжыце! — Тады зноў, нібыта сам з сабой, пачаў разважаць уголас:— Па ўсім відаць, што справу мы маем не з агнястрэльнай ранай і не колатай. Так?

— Так,— адказаў Нарчук.

— Ну вось, нарэшце і голас ваш пачуў я,— бадай, паўжартам ужо прамовіў доктар, спрабуючы ўшчыльную падступіцца да Нарчука.— Але скажыце, што з вамі здарылася?

Мітрафан Ануфрыевіч расказаў, як яго раптам, акурат без дай прычыны, скруціла ўсяго ў балоце.

— А ну-тка,— гукнуў за ім доктар з будана,— дапамажыце вынесці камандзіра! Эй, хто там?

На яго голас першы кінуўся Іван Герасічкін, паклікаўшы яшчэ аднаго партызана, Навума Слепакова, і яны ўдвух асцярожна, каб не прычыніць болю, вынялі з будана сцятага камандзіра на насілках, што ўвесь час знаходзіліся пад ім, найперш, на выпадак трывогі.

З нахмураным тварам, засяроджана і доўга мацаў доктар Скабічэўскі хворага Нарчука спярша зверху, пасля папрасіў тых жа партызан павярнуць яго на жывот і зноў пачаў абмацваць.

— Тут баліць? — пытаўся ён, ідучы пальцамі ўздоўж пазванка.

— Не.

— А тут?

— Баліць.

— Так. Тут баліць?

— Не.

— А тут?

— Баліць,— адказаў распластаны на насілках Нарчук, якому чамусьці паступова прыемна стала адчуваць націск доктаравых пальцаў.

Нарэшце доктар Скабічэўскі нацягнуў на спіну камандзіру задраную пад самую шыю кашулю, накрыў хворага паверх плашчом.

— Дэфарміруючы спандэлёз,— сказаў ён.— У вас раней здараліся такія прыступы?

— Не. Але як гэта хвароба мая на зразумелай мове завецца? — спытаў Нарчук.

— Некалі, чуў я, называлі воўчай хваробай,— адказаў доктар,— але назва гэта зусім не пашырана. Вы не хвалюйцеся. Хвароба гэта не смяротная. Праўда, папакутаваць яшчэ давядзецца.

— І доўга?

— Гэта ўжо як пашанцуе. Тут альбо ты яе выганіш з сябе, альбо яна цябе трымаць будзе.

Абодва яны — і Нарчук, і Скабічэўскі — памаўчалі хвіліну. Тады Нарчук сказаў:

— Ведаеце, доктар, мне доўга ляжаць у такім становішчы не выпадае. Я ўжо так заляжаўся. На мне акрамя ўсяго іншага абавязкі таксама.

— Разумею, дарагі, але... Умовы... Скажыце, а вы не хочаце пераехаць у вёску?

— Як гэта?

— Проста. Мы прышлем па вас з вёскі падводу, і вы пераедзеце. Разумееце, у такіх умовах, у якіх вы цяпер знаходзіцеся, паспяхова лячыць гэту хваробу нельга. Гэта па-першае. А па-другое, ніякіх лякарстваў. Я хоць і нашу з сабой сакваяж, але ў ім ані парашка патрэбнага, ані таблеткі. Толькі пінцэнт ды стэтаскоп. Нават перавязачны матэрыял адсутнічае. Усё ранейшае выйшла, патрачана на хворых, а ўзяць яшчэ дзе-небудзь — немагчыма, дакладней, няма куды звярнуцца. Трэба зноў пераходзіць да народнай медыцыны, якую мы за апошні час не толькі сталі забываць грунтоўна, аднак і цкаваць. Хоць ёй, праўда, даўно дастаецца. Заўсёды з дубцамі ганяліся людзі за ведзьмамі. Ну, а ў наш час дык і зусім цераз край, здаецца, хапілі. Дык як, згодны ў вёску на нейкі тэрмін пераехаць?

— На печку?

— Можна на печку, а можна і ў асець.

— Не. Разумееце...

— Я ўсё разумею, дарагі таварыш. Але добра, будзем тут лячыць. Ёсць сярод вас кемлівы чалавек?

Ніхто не адказаў яму. Здаецца, не ведаў, што сказаць, і сам хворы.

— Ладна,— махнуў рукой доктар,— паклічце повара.

І калі пачуў, што ў атрадзе па чарзе займаюцца гэтым, што повара, як таго, няма, пачаў тлумачыць:

— Трэба, сябры, з сённяшняга дня рабіць камандзіру прыпарку з торфу. Тут яго за лесам багата. Дык неабходна прынесці адтуль, нагрэць добра на вогнішчы, вядома, лепей у якой-небудзь пасудзіне, пасля загарнуць у радно ці мешкавіну і трымаць па гадзіне на спіне ўздоўж хрыбціны. Можна, канечне, таксама соль выкарыстаць. Але дзе ты яе цяпер возьмеш?

— А яшчэ ёсць такі народны метад,— засмяяўся Іван Герасічкін,— выносяць хворага на парог і топчуць нагамі.

— Ёсць,— сказаў доктар Скабічэўскі,— але гэты метад, нягледзячы на знешнюю прастату, якраз найбольш складаны. Трэба ўмець таптаць нагамі. Тут свайго роду майстар патрэбны. Прынамсі, я не ўзяўся б такое рабіць, бо можна пазванковыя дыскі пашкодзіць і чалавека назусім калекам пакінуць. Адным словам, бярэмся, хлопцы, за справу. Я вам цяпер жа, не адкладваючы, і торф пакажу, дзе браць, і як награваць, і як на спіну класці. Думаю, што гэта хутка дапаможа вашаму камандзіру, праз які тыдзень-другі ён па-сапраўднаму стане на ногі. А цяпер — нясіце яго ў будан.

Доктар быў энергічны, відаць, ён не толькі ўмеў лячыць, а і распараджацца не менш, таму ўжо надвечар тарфяная гразь, якую ён называў аплікацыяй, прыпякала, саграваючы, камандзіраву спіну.

Няхітрая працэдура гэтая, зробленая ў зусім прымітыўных умовах і такім жа прымітыўным чынам, адразу супакоіла Нарчука, яму нібыта палепшала. І пакуль доктар яшчэ некалькі часу заставаўся ў партызанскім лагеры, яны паспелі абмяняцца сякімі-такімі думкамі. Але цяпер гаворка вялася ўжо ўвогуле, як кажуць, пра ўсё. З яе Нарчук, напрыклад, даведаўся, што доктар Скабічэўскі не прызываўся сёлета ў армію, што практыкавацца ён пачаў яшчэ напярэдадні той вайны, але ўвесь час працаваў у сельскай мясцовасці, цяпер загадваў участковай бальніцай, якая абслугоўвала насельніцтва пяці тутэйшых сельсаветаў.

— Камісар ваш зрабіў правільна, што звярнуўся да нас,— па-добраму ўсміхнуўся Скабічэўскі, з якога паступова сыходзіла доктарская суровасць.— Неяк разам адужаем вашу хваробу.

— Скажыце, доктар,— спытаў Нарчук,— а хворых цяпер багата?

— Чаму вас гэта раптам зацікавіла?

— Ну, можа, таму, што сам хворы, таму і другім нібыта наперад спагадаю.

— Дзіўна, але не багата. У вёсках, здаецца, на сённяшні дзень ніводнага хворага. Гэта я і раней чуў ад сваіх старэйшых калег, што ў вайну мірнае насельніцтва мала хварэе. Уся медыцына звычайна бывае накіравана на вайсковы кантынгент.

— І чаму так атрымліваецца?

— Мусіць, таму, што чалавек у такіх умовах цалкам разлічвае на сябе. Напружанасць асаблівая і арганізма, і ўмоў жыцця.

— Ну, а такія хворыя, як я? Ёсць такія?

— Вы маеце на ўвазе прыватна, менавіта па хваробе?

— Не. Шырэй.

— Ну, тут, дарагі мой... Гэта пытанне ўжо належыць да ўрачэбнай этыкі. Чулі пра такую? Клятва Гіпакрата і іншае? Дык вось, ні пра хваробы, ні пра хворых з пабочнымі людзьмі мы, дактары, не маем права гаворкі весці. Асабліва цяпер. Этыка... і наогул... выключнасць моманту. Нябось, вы ж таксама папярэджваць станеце, калі адыходзіць буду адсюль, ад вас, моў, каб ані-ні?

Нарчук у адказ засмяяўся.

— Вось бачыце,— сказаў доктар,— другія таксама не забываюць папярэдзіць у першую чаргу. Таму ў дактароў заўсёды ёсць тайны, з іх, калі добра патрэсці, можна багата што вытрасці. Спадзяюся, вы гэтага не будзеце рабіць?

— Як вам не сорамна, доктар! Хто стане ў калодзеж пляваць, з якога самому давядзецца яшчэ не адзін раз піць?

— Ну-ну, ляжыце. Гэта я пажартаваў, хоць пра калодзеж вы надта правільна сказалі. А тым часам няблага было б прыпісаць вам таксама і абязбольваючае. Ёсць у народзе такая вера, што адвар чабару памагае ад болю. Заснавана яна, вядома, як і ўсё іншае ў народнай медыцыне, на вялікай практыцы, якая налічвае стагоддзі. Вы вось што, таварыш камандзір, вы ўсё-ткі прышліце свайго чалавека да нас у бальніцу, мы паспрабуем перадаць праз яго гатовага чабару. Будзеце аплікацыі з торфу на пазванок прымаць, гэта, як самі цяпер разумееце, не дужа хітрая справа, ну і адвар чабару ўжываць. Можна таксама адварваць лісце ясеня. Дарэчы, я тут, пакуль вадзіў вашых хлопцаў паказаць, дзе можна капаць торф, трохі перабраў сёе-тое ў сваёй памяці яшчэ. Калі не дапамогуць тарфяныя аплікацыі, паспрабуем націркі, напрыклад, з шышак хмелю, настоеных на гарэлцы, з корняў крапівы-жыгучкі, з насення дурману, нават мухамор можна выкарыстаць. Думаю, што праз тыдзень-другі вы будзеце, таварыш камандзір, на нагах. І нават шабляй здолееце махаць. Гэта я вам гарантую. Ну, а калі што-якое, калі якая неспадзеўка ўзнікне, то завіце мяне зноў, хоць наведвацца сюды часта па розных прычынах не выпадае мне.

На другі дзень той жа Іван Герасічкін прынёс з вясковай бальніцы, дзе не было хворых, але знаходзіўся на сваім пасту доктар Скабічэўскі, сухога чабору, таксама лісце ясеня і яшчэ розныя хатнія зёлкі. Пачалося актыўнае лячэнне камандзіра атрада. Але ў канцы тыдня яму зноў пагоршала. Здаецца, больш не дапамагалі ні тарфяная гразь, ні абязбольваючыя травы.

Між тым, камісар са сваёй групай усё яшчэ не вяртаўся ў атрад. Не было і Паўла Чарнагузава, хоць мог гэты сустрэць атрад па дарозе. На тое ў яго была дамоўленасць з камандзірам, згодна з якой ён сапраўды меў права выбраць сабе маршрут, зыходзячы з тых акалічнасцей, якія будуць узнікаць у часе далёкай разведкі.

Нарчук па-ранейшаму ляжаў у будане, перамагаў, сілячыся, боль, які не даваў варушыцца чалавеку, але ні ад тарфяной гразі, ні ад іншых лекаў не адмаўляўся.

Нарэшце сонечнае надвор’е, якое гэтак доўга стаяла ўвесь канец лета і на пачатку восені, змянілася дажджамі. Пачалася стыласць. Асабліва адчувалася яна ў лесе. Да таго ж прыйшлі восеньскія туманы, хоць сюды, на касагор, дзе размясціўся партызанскі атрад, яны яшчэ не дабіраліся з нізін, плавалі там, мяшаліся з імжой.

Аднаго разу прыйшоў доктар Скабічэўскі. Яго ніхто не клікаў у лес, прыйшоў сам. Праўда, ён зусім не здзівіўся, што хвароба ўсё яшчэ не адпускала Нарчука. Але гэты раз доктар, здаецца, больш, чым тады, распытваў камандзіра, ці здаралася нешта падобнае з камандзірам раней, ці не атрымаў той якую-небудзь траўму да таго, як захварэць. Цяпер Нарчук таксама адмаўляў усё, бо яно і на самой справе было так,— нідзе Мітрафан Ануфрыевіч не ўдарыўся, не помніў, каб і хто-небудзь яму наносіў траўму, а тым больш не меў у жыцці падобнай хваробы.

— Ляжаць,— зноў сказаў доктар і зусім без хмурасці ў твары абнадзеіў:— Неўзабаве мінецца крызіс, пачнецца выздараўленне.

Часам Нарчуку было чуваць з будана, як размаўлялі між сабой партызаны. Спярша ён быў вельмі здзіўлены, як сёй-той зусім сур’ёзна даводзіў, што ў адрыве ад фронту, без сувязі з рэгулярнай арміяй паспяховыя баявыя дзеянні атрада немагчымы, уласна, казалі некаторыя, практыка якраз і пацвярджае гэта. Для пераканаўчасці партызаны прыводзілі прыклады з гісторыі, чамусьці прыгадвалі дзеянні партызан ажно з Айчыннай вайны 1812 года, таксама з недалёкага часу, з грамадзянскай вайны... Нарэшце Нарчук адчуў, што размовы, якія часта канчаліся спрэчкамі, пачалі рабіць людзей зацятымі, нават злоснымі, усё роўна як яны з цяжкасцю трывалі адзін аднаго. Было такое ўражанне, што калі партызаны пакуль і не разыходзяцца з атрада, то з аднае павагі да хворага камандзіра.

У адсутнасць камісара самым уплывовым у атрадзе станавіўся пракурор Шашкін. Нарчуку было чуваць, што кожны раз яго бок бралі адны і тыя ж людзі — Валга, Сцепаненка, Смірноў, Самусёў... Нават Іван Герасічкін, які амаль аддана даглядаў і лячыў камандзіра, і той схільны быў падзяляць іхнюю думку.

Дзіўна, але сам Нарчук, будучы зусім бездапаможным, паступова нібыта прывыкаў да такіх размоў. Прынамсі, здаецца, не зусім сур’ёзна ставіўся да іх. Урэшце, як яму думалася, падначаленыя яго — і тыя, што высоўвалі прапанову адмовіцца ад вяртання ў забяседдзе, каб рушыць за лінію фронту, і тыя, што аспрэчвалі іх,— імкнуліся да аднаго: змагацца з ворагам. А найбольш здавалася яму, што размовы гэтыя застануцца аднымі размовамі, так сказаць, тэарэтычнымі высновамі, бо акрамя агульнага абавязку, які ўсклаў на кожнага незвычайны час, ёсць яшчэ і штосьці зусім пэўнае, чаго вымагае ад патрыётаў лёс вайны — у дадзеным выпадку, напрыклад, заставацца партызанам. Праўда, акалічнасці пакуль складваліся для вядзення адкрытай барацьбы ў тыле ворага неспрыяльныя, у першую чаргу гэта датычыла забеспячэння ўсім неабходным. Аднак падобнае становішча таксама паступова можна перайначыць. Па той бок чыгункі, пад шатамі знаёмых забесядскіх лясоў, сярод знаёмых людзей справы адразу пойдуць па-другому. Тым больш што там жа, у забяседдзі, знаходзіўся і падпольны камітэт партыі. Гэтае спадзяванне не пакідала Нарчука нават у самыя моцныя гадзіны хваробы. Таму ён і пра сваіх байцоў думаў — нягледзячы на ўсё, яны таксама жывуць гэтым.

Тым не менш, пракурор Шашкін думаў іначай і рабіў усё дзеля таго, каб ажыццявіць задуманае. Неўзабаве ён прыйшоў у будан да Нарчука, рашуча сказаў:

— Ты, Мітрафан Ануфрыевіч, як сабе хочаш, а мы пойдзем за лінію фронту. З голымі рукамі тут надта не наваюеш.

— Хто гэта — мы? — спытаў Нарчук.

— Ну, я вось таксама...

Тады Нарчук ажно ўскіпеў:

— З таго моманту, як вы зробіце гэта, камандаванне атрада будзе лічыць вас дэзерцірамі!

— Затое Радзіма даруе нам такое дэзерцірства. Мы ж не ў адсідкі куды падаемся. Мы хочам атрымаць сапраўдную зброю, каб таксама біць фашыстаў. А тут, прабач, выходзіць, як у вялікую дрысню, адна беганіна ад куста да куста.

Бачачы такую рашучасць, Нарчук сціснуў пад плашчом кулакі — аказваецца, гэты бунт трэба было спыніць яшчэ ў пачатку, калі пачаліся размовы, якія тады выглядалі звычайнай дыскусіяй.

— Добра, пачакаем, пакуль вернецца камісар,— суняў сябе Мітрафан Ануфрыевіч.

Проста ад нечаканасці — а рашэнне пракурора і тых, хто яго падтрымліваў, усё-ткі з’явілася нечаканасцю для камандзіра, можа, не толькі нечаканасцю, колькі звычайнай непадрыхтаванасцю ўспрыняць яго,— дык ад гэтай нечаканасці ўзнікла ў душы раптам крыўда і нерашучасць, падобная на абыякавасць. Таму ён нават не адразу здагадаўся, што яшчэ можна ў такім становішчы ўжыць свае камандзірскія правы. А калі нарэшце ўсвядоміў гэта, то чамусьці таксама не стаў звяртацца да іх, нібыта яны, тыя правы, дадзены былі яму толькі напавер, часова.

— У адрыве ад фронту,— зноў пачаў даводзіць яму Шашкін,— без шчыльнай, пастаяннай і надзейнай сувязі з рэгулярнай арміяй, цэнтрам, без іхняй дапамогі, і ў першую чаргу зброяй, нельга разгарнуць актыўныя баявыя дзеянні ў тыле.

Нарчук паглядзеў на яго памутнелымі ад болю вачамі, які асабліва зрабіўся нясцерпны ў часе гэтай размовы, сказаў зусім ціха, акурат для самога сябе:

— А я думаю іначай. І я застаюся. Хоць і на час, але выракацца зямлі сваёй не стану. І ніякая сіла, няхай нават сам Гітлер, не выгане мяне з яе. Пабачым, хто тут гаспадар — яны альбо мы. Бо заўсёды бывае мацнейшы той, хто бароніць свой дом. Вось так!..

Гэтае «вось так» у думках Нарчук пасля паўтараў доўга, нібыта ўсё яшчэ пераконваў такім чынам не толькі тых, хто збіраўся пакінуць атрад, але і самога сябе.

* * *

Група партызан, якую падбухторыў пракурор Шашкін, не стала чакаць камісара. Акрамя тых, што адкрыта падтрымлівалі Шашкіна, цішком пакінулі атрад яшчэ некалькі чалавек.

Дзіўна, але здарылася гэта пасля таго, як вярнуўся ў атрад з Крутагор’я Павел Чарнагузаў. Ён прынёс вестку, што некаторыя сем'і партызан, якія паехалі ў эвакуацыю, апынуліся ў акружэнні і цяпер жывуць дома — адны ў раённым цэнтры, другія ў сваіх вёсках. Гэта вось канчаткова, здаецца, і паўплывала на рашэнне часткі партызан падацца за лінію фронту, каб не падвяргаць таксама небяспецы жонак, дзяцей...

— І мае ў Крутагор’і? — спытаў Нарчук, калі пачуў, як Павел Чарнагузаў расказваў партызанам, каго бачыў у раённым цэнтры і пра каго чуў.

— Так. І жонка, і сын.

— Ты іх сам бачыў?

— Як цябе вось цяпер. Заходзіў уначы да іх.

— Як яны там?

— Нічога. Жонка, вядома, усплакнула.

— А твае?

— Мае таксама дома. Дзеці давольныя, што зноў у горадзе, а жонка, як і твая, плача.

— Ну, дарэмна яны гэта... Пакуль жа яшчэ няма прычыны, каб ліць слёзы. А сям’я Сцяпана Паўлавіча? Што з ёй?

— Здаецца, праскочыла. Жонка ж яго з дачкой паехалі ў эвакуацыю трохі раней. Тады яшчэ з Унечы цягнікі хадзілі.

— Добра, што хоць яму пашанцавала. Спакойны будзе. Ну, а нам з табой... Ды і іншым... Канечне, вяртанне дамоў сем’яў не на карысць справе. Павязалі яны, здаецца, нам рукі, Павел Ягоравіч. Шчасце, калі немцы не схопяцца за гэта, не ператвораць у сродак, каб уздзейнічаць такім чынам на нас.

— Можа, не дадумаюцца?

— Падкажуць. Няйначай, халуі падкажуць. Дарэчы, якая там абстаноўка ў Крутагор’і? І наогул ва ўсёй мясцовасці? Паспеў ты што-небудзь канкрэтнае разведаць?

— Як і дамаўляліся, Мітрафан Ануфрыевіч. Ну, відаць, трэба пачаць з таго, дзе і як размясціліся немцы ў самім Крутагор’і. Дык вось, гестапа знаходзіцца ў памяшканні паліклінікі, што паміж рынкам і прамкамбінатам. Дарэчы, на прамкамбінаце цяпер працуюць нашы палонныя.

— Многа?

— Не дужа. Чалавек пяцьдзесят. Жандармерыя забрала сабе гасцініцу, пасяліліся на двух паверхах, там у іх і канцылярыя. Бачыў сам, як салдаты, дакладней, жандармы ўранні бегаюць у споднім з гасцініцы на бераг Жадунькі, балазе, гэта зусім недалёка. Гагочуць, прысядаюць і рукі разводзяць у бакі. Ну, а так у горад уваход больш-менш свабодны. Патрулі стаяць ад чыгуначнай станцыі і ў канцы Бальнічнай вуліцы, туды, пад самы мост на Крупні.

— А з таго боку, ад спіртзавода? — спытаў Нарчук.

— Там пакуль аховы няма. У іх каля жандармерыі на гасцінічным двары стаіць кулямёт з вартавым, мусіць, пад абстрэлам яго знаходзяцца і мост на Жадуньцы, і дарога паўз спіртзавод на Белую Гліну.

— А як ты заходзіў у Крутагор’е?

— З боку Прусіна. Дарэчы, па той дарозе, што вядзе ў горад ад гарадскіх могілак, таксама свабодны ўезд.

— Ну, а хто там?..

— І гэта скажу, усё скажу,— здагадаўся Чарнагузаў, што мае на ўвазе Мітрафан Нарчук.— Вайсковым камендантам горада стаў нейкі Гельбах. Курт Гельбах. Начальнікам «каманды дзеяння» СД — Ганс Рыхтар. Бургамістрам пастаўлены Барысевіч. Паліцыяй камандуюць Жмэйда і Рослаўцаў.

— Адкуль жа яны з'явіліся ў Крутагор’і? Хоць што я кажу — Рослаўцаў жа, здаецца, увесь час заставаўся ў горадзе. А Жмэйда?

— Сядзеў, цяпер вярнуўся аднекуль.

— А яшчэ хто ў паліцыі служыць?

— Зумер, Радзевіч, Вятроў.

— Гэта што, повар?

— Так.

— Ну і гады!

— Аказваецца, чакалі свайго часу. Цяпер павыпаўзалі.

— Нічога, гэта яшчэ не іхні час. Іхні час прыйдзе, калі расплочвацца за ўсё давядзецца. Ну, а што чуваць пра падпольны райком?

— Нічога. Праўда, людзі гавораць, што ў Машавой нібыта пакараны смерцю старшыня сельсавета Рыгайла і старшыня калгаса з Дуброўкі Яфрэменка.

— Яны ж таксама ўваходзілі ў склад падпольнага камітэта.— Нарчук доўга думаў, тады сказаў:—Трэба нам, Павел Ягоравіч, хутчэй вяртацца дамоў. Нешта мне не дужа ўсё гэта падабаецца.

— Але я дакладна ведаю, што ў горадзе ўжо дзейнічае група камсамольцаў. Узначальвае яе там Уладзімір Віннікаў.

— Ведаю яго. Здаецца, дзесяцігодку ў гэтым годзе скончыў.

— Сабраў групу ў адно нейкі камандзір, нібыта са штаба трынаццатай арміі. Але сам ён ужо загінуў. Пасярод Ізбужара, на вуліцы, падарваў гранатай варожы матацыкл і тады загінуў.

— Словам, пара дамоў, Павел Ягоравіч. Падзеі прыспешваюць нас.

...Зразумела, што развал атрада Мітрафан Нарчук перажываў моцна. Ён зрабіўся яшчэ больш маўклівы і ўсё роўна як недаверлівы. Але партызанам, якія засталіся з ім, здавалася ўвесь час, што камандзір па-ранейшаму змагаецца са сваёй хваробай.

Затое ён зусім не стаў марудзіць з адыходам у забяседдзе, калі нарэшце палягчэла яму і калі ён зноў адчуў у сабе сілы хадзіць.

* * *

У запаветны лес, што займаў паўз Бесядзь шырокі прасцяг ад Батаева да Верамеек,— а за Верамейкамі таксама грувасціўся суцэльны лес, адступаючы часам ва ўсе бакі на кіламетр ці другі ад паселішчаў, каб даць разгарнуцца хоць збольшага селяніну на полі,— Мітрафан Нарчук і Сцяпан Баранаў, які са сваёй групай далучыўся да рэшты атрада ў самы апошні момант, прывялі ўсяго сем чалавек. На далёкай баравіне пасярод былога печышча, дзе некалі мясцовыя людзі гналі з бяросты дзёгаць, здарожаныя і зарослыя партызаны, якія зрабіліся падобныя на неахайных вясковых мужыкоў, адразу пачалі капаць зямлянку. З квадратнай, па чатыры сажэні ў кожны бок, ямы ўгору раз-пораз узлятала, рассыпаючыся на свежых грудках, счарнелая старая зала. А на мурашніку прудзілася сподняе.

Для тутэйшага краю то быў час поўнай нямецкай акупацыі. Нават палахлівымі бліскавіцамі ў змроку ўжо не падаваў аб сабе вестак фронт. На былой франтавой, затым прыфрантавой тэрыторыі размяшчаўся, бадай, ці не трэці эшалон вермахта з яго складамі, майстэрнямі, аэрадромамі, вялікімі і малымі штабамі, шпіталямі, дамамі адпачынку і ўсякімі іншымі тылавымі службамі; па гарадах і вёсках стаялі ахоўныя гарнізоны.

 

VIII

Прызнацца, Чубар не чакаў, што яму зноў давядзецца ісці за лінію фронту, якая была ўжо к таму часу за Дзясной. (На карце, што ляжала на стале і якую абступілі з усіх бакоў камандзір атрада Карханаў, камісар Багачоў, начальнік штаба Веткін і ён, Чубар, быў адзначаны самы далёкі лукаваты выгін яго, што пачынаўся ўнізе ад Мелітопаля і імкнуўся ўгору паміж Сумамі і Курскам; тым часам на маскоўскім напрамку ўжо і вызначыць цяжка было, якія гарады альбо населеныя пункты заставаліся падсавецкімі, акрамя самой сталіцы, бо гэтак накрэслена было тут розных умоўных знакаў у выглядзе падкоў і рысачак...) Ды яно і зразумела — Чубар быў выпадковы чалавек у атрадзе. Але сёння яго выклікалі ў штаб і сказалі, што збіраюцца даручыць даволі адказнае заданне.

Чубар спярша ўсё роўна як з недаверам паставіўся да выкліку сюды, здалося чамусьці, што яго такім чынам усё-ткі прыбіраюць з атрада.

Дапамагчы тады двум арыштаваным старшыням у Машавой партызаны не здолелі. Проста спазніліся. Калі ў вёску прыйшла група, якую вызначыў дзеля гэтага Карханаў, Рыгайла і Яфрэменка былі ўжо мёртвыя.

Чубар спадзяваўся, што пасля такой справы Патолю стануць судзіць у атрадзе. Але дарэмна. Яго адно прагналі з атрада.

Чубару таксама карцела застацца на месцы, бо цяпер ён ведаў Пацюпу, быў знаёмы з кульгавым Шандовым, урэшце, ведаў пра тое, што недзе ў забяседдзі знаходзіцца падпольны райком...

Між тым, Шпакевіч, наадварот, зусім не жадаў расставацца з Чубарам. Ажно ці не два дні запар ён угаворваў Радзівона, каб той не адставаў ад іхняга атрада. Пры гэтым Шпакевіч браў толькі адным — такое надвор’е не вечна будзе стаяць, прыйдуць халады, затым зусім настане зіма, а зімой... Словам, зімой нават не кожнаму зверу знаходзіцца ўтульнае месца ў наваколлі, не тое што бяздомнаму чалавеку. Няйначай, што Шпакевіч назаляў гэтым і камандзіру атрада Карханаву, бо той, сустрэўшы Чубара, спытаў нарэшце:

— Як вы рашылі? З намі будзеце?

— Яшчэ нічога не надумаў.

— То думайце. Мы прастаім тут не больш за тыдзень, а тады рушым далей. Праўда, я зусім не настойваю, каб вы ішлі з намі. Я казаў ужо вам. Але адмаўляць вам таксама не стану.

Тым не менш, і ў канцы абумоўленага тыдня ў Чубаравай галаве не з’явілася пэўнасці наконт свайго рашэння. Калі ён пачынаў думаць пра гэта, у яго неяк смылела ў душы, нібыта ён сапраўды здраджваў камусьці, рашаючыся пайсці зноў далёка ад Верамеек.

З цягам часу ён нарэшце зразумеў, адкуль з’яўлялася такое адчуванне: ад сваёй бяздзейнасці.

А пакуль Чубар адно муляўся, злашча, што ўмовы дазвалялі — яго ніхто не падганяў, ніхто не праганяў. Праўда, іншы раз ён адчуваў непрыемны цяжар у душы, аднак гэта хутка праходзіла, даволі было вярнуцца з чарговага задання Шпакевічу, як усё станавілася нібыта на месца.

Вось і цяпер насцярожлівыя сумненні зусім нядоўга хвалявалі Чубара — неўзабаве да іх і тут таксама далучыўся Шпакевіч, па якога хадзіў некуды той самы партызан, што суправаджаў надоечы з мяшком за плячыма Карханава з Чубарам у Кулігаеўку да Сідара Раўнягіна. Па ўсім было відаць, што ён з’яўляўся ад’ютантам камандзіра атрада. Шыракаплечы мацак і, няйначай, трэніраваны ў жыцці чалавек, ад’ютант, які меў прозвішча Князеў, здавалася, не столькі рухаўся, колькі імгненна і амаль непрыкметна перамяшчаўся з аднаго месца ў другое. Пры гэтым ён зусім нікому не замінаў сваёй прысутнасцю, быццам сапраўды яго не было побач. І разам з тым з’яўлялася такое ўражанне, што ён здольны раптам узнікаць, як кажуць, з нічога. Гэта Чубар адзначыў яшчэ тады, як яны хадзілі ў Кулігаеўку. Але той раз падобную ўласцівасць чалавечых паводзін можна было растлумачыць звычайнай цемнатой, якая спрыяе розным пераўтварэнням, дакладней, дапамагае адным часам рабіцца нябачаным і бачным. А цяпер стаяў дзень. Значыць, Князеў сапраўды даволі спрытна выкарыстоўваў пры абавязках ад’ютанта камандзіра атрада сваю колішнюю натрэніраванасць, хоць, вядома, магло быць і іначай — чалавек набыў такія якасці за час знаходжання ў партызанах, калі даводзілася прызвычайвацца да ўсяго.

Вылучаліся тут сваёй адметнасцю таксама і Багачоў з Веткіным. Адзін з іх, Веткін, выглядаў чалавекам, які ў сваім жыцці, мусіць, часта заставаўся сам-насам: і зусім славянскі твар яго, і наогул уся пастава, трохі каржакаватая і адным часам яшчэ па-маладому лёгкая, выдавалі ў ім тую засяроджанасць, што ўзнікае на паверхні і назаўсёды губляецца недзе ў далёкім прадонні, не вяртаецца больш назад. Другі, гэта значыць камісар Багачоў, быў, усё роўна як назнарок, процілегласцю начальніку штаба Веткіну — вышэйшага росту, рухавы, хоць і не настолькі, каб здавацца жвавым альбо непаседлівым, у кожным разе, нават з першага разу не цяжка было зразумець Чубару, што і характар ён меў адкрыты. Толькі дакладнага ўзросту ні аднаму з іх Чубар не вызначыў, але падумаў, што недзе абодва яны такіх гадоў, як і сам Чубар. І камісар атрада, і начальнік штаба трымаліся з Карханавым без асаблівай нацягнутасці, а тым больш не адчувалася ў іх адносінах да яго ліслівасці, затое павага была поўная. Дзіўна, але Шпакевіч з камандаваннем атрада таксама паводзіў сябе, бадай, без прыкметнага хвалявання, можа, і сапраўды ў душы захоўваў цывільны спакой.

— Ну, а зараз давайце разам памяркуем, як лепей ісці вам,— пачаў Карханаў, калі Шпакевіч следам за Князевым пераступіў высокі парог прыбудовы, і чамусьці паглядзеў на Чубара.— А ісці гэты раз давядзецца далёка.

Сказаўшы так, камандзір атрада дастаў са скураной торбы, што вісела цераз правае плячо пры левым баку яго, звычайны школьны цыркуль, паставіў вострай падножкай на карту, якраз у тым месцы, дзе належала быць Верамейкам (карта на стале ляжала буйнамаштабная і зусім не вайсковая, таму невялікія населеныя пункты, аж да цэнтраў сельскіх Саветаў, на ёй адсутнічалі), а тады сігануў уторкнутым у цыркуль алоўкам да лініі фронту, дзе знаходзіліся Сухінічы, Масальск, Юхнаў, і спрытна апісаў дугу, якая заняла на карце палавіну акружнасці.

— Хоць і гавораць у народзе, што варона прама лятае, затое дома не кожны раз бывае, аднак нам, відаць, неабходна выбраць гэты шлях,— паказаў Карханаў тым жа цыркулем адлегласць паміж Бесяддзю і Угрой і абвёў позіркам прысутных.— Якія будуць пытанні? Удакладненні?

Усе нейкі час маўчалі, нібыта прапанова камандзіра атрада з’явілася для іх нечаканасцю. Вядома, Чубар пры гэтым у разлік не ішоў, бо ён наогул пакуль нічога не разумеў, таму што ў сутнасць задання, якое прадстаяла выконваць, ніхто яго пакуль не ўводзіў. З таго, што рабілася цяпер і гаварылася, стала выразным адно: давядзецца зноў падавацца за лінію фронту. Тым не менш Чубар усё-ткі знайшоў момант і глянуў запытальна на Шпакевіча. Але Шпакевіч нават не паспрабаваў злавіць ягоны позірк — стаяў, як і ўсе, нібыта безуважны да камандзіравых слоў. Тады Карханаў нанава перамераў цыркулем адлегласць да лініі фронту і зноў аловак, устаўлены ў рухомую ножку цыркуля, спыніўся на Масальску, што быў пазначаны паміж Сухінічамі і Юхнавам.

— Здаецца, так,— сказаў ён тым жа роўным голасам, што і раней.

— Але я вось пра што думаю, Дзмітрый Мікалаевіч,— нарэшце вярнуўся, усё роўна як з-за нябачнай сваёй мяжы, начальнік штаба Веткін і далікатна, зусім па-дзіцячы ўсміхнуўся.— Частку дарогі ім лепей будзе прайсці з намі. Бачыце,— і ён схіліўся над картай, пачаў вадзіць пальцам.— Ад Батаеўскіх лясоў, дзе мы наважыліся заснаваць сваю пастаянную базу, таксама амаль аднолькавая адлегласць і да Юхнава, і да Сухінічаў.

— У кожным разе,— падтрымаў начальніка штаба камісар Багачоў,— сэнс у гэтым сапраўды ёсць.

Згаджаючыся са сваімі саратнікамі, Кархануў кіўнуў галавой.

— Ну, а як вы лічыце? — спытаў ён Шпакевіча з Чубарам.

— Так, сэнс ёсць,— адказаў Шпакевіч, а за Чубарам чаргі не стала, бо Кархаў зусім нечакана падвёў вынікі нарады наступным чынам:

— Значыць, сёння спынімся толькі на вызначэнні маршрута. Дэталі і ўсё іншае абгаворым пазней, таму што часу яшчэ хапае. Ну, а што датычыць таварыша Чубара, то я думаю, што з ім няхай пакуль працуе Шпакевіч. Урэшце, ён выбіраў сабе спадарожніка, яму і ў курс справы ўводзіць яго. Так, таварыш Шпакевіч?

— Зразумела, таварыш камандзір,— зусім не павайсковаму пераступіў з нагі на нагу той.

Чубар тым часам застаўся быццам нездаволеным — выходзіла, што ўсё рабілася неяк за ягонай спіной, няважна, што яму таксама нароўні з іншымі была прапанавана магчымасць прысутнічаць на нарадзе ў штабе атрада. Але паказваць сваю нездаволенасць ён пры ўсіх не стаў, падумаўшы, што часу і на гэта яшчэ хопіць, тым больш што далей яму належала справу мець непасрэдна са Шпакевічам. Ну, са Шпакевічам яму хоць якая гаворка не складае цяжкасці.

Уласна, яно так і выйшла. Толькі Шпакевіч не прымусіў яго чакаць.

Ужо адразу за парогам штаба Шпакевіч паклаў руку Чубару на плячо, сказаў:

— Ты, Радзівон, не сярдуй, што гэтак выйшла... нібыта няскладна. Не мог я папярэдзіць цябе зараней. Проста і сам даведаўся, што давядзецца ісці за лінію фронту, толькі ўчора. Адно, што паспеў зрабіць, дык гэта — схіліць камандзіра атрада на тое, каб разам з табой ісці.

— А чаму раптам?

— Разумееш, тут у нас сабралася група з акружэнцаў, таксама з ваеннапалонных, якім удалося вызваліцца з лагераў. Адным словам, трэба адвесці іх за лінію фронту, каб яны зноў сталі ў строй дзеючых байцоў.

— А чаму вы не пакідаеце іх у атрадзе?

— Як табе сказаць. У асноўным — гэта палітрукі, камандзіры Чырвонай Арміі з вайсковымі спецыяльнасцямі лётчыкаў, танкістаў, артылерыстаў. Дакладней, гэта такія кадры, якія карысці болей прынясуць на фронце, чым тут, у тыле, няхай, што тут таксама трэба ваяваць. Але ж — самалётаў у нас няма, танкаў таксама. Ды і гармат мы з сабою не возім. Так што мяркуй сам: залаты фонд арміі павінны быць дастаўлены па прамому прызначэнню. Вось мы і будзем з табой за праваднікоў у іх.

— А група — вялікая?

— Не дужа, бо адну такую мы ўжо накіравалі туды. Праўда, фронт у той час яшчэ блізка стаяў.

— А яны ўзброены?

— Не ўсе, але ў пераважнай большасці вінтоўкі ёсць.

— Ну, а як вы іх знаходзіце?

— Каго? Вінтоўкі?

— Не. Камандзіраў.

— Звычайна. Адных у сялянскіх хатах знаходзім, другія самі да нас прыходзяць, ну, а некаторых выпадкова сустракаем на дарозе.

— І тую, першую групу ты таксама вадзіў?

— Не.

Яны памаўчалі. Затым Шпакевіч зноў сказаў:

— Вось я і падумаў — што табе тут, у атрадзе, без мяне ацірацца? Пакуль гэта ты як след асвойтаешся ды спрыту партызанскага набудзеш! Таму не адмаўляйся.

— А я і не адмаўляюся, раз ты рашыў,— усміхнуўся Чубар.— Але як яно далей будзе — зноў мяне ў якое-небудзь апалчэнне аддасі, як некалі?

— Ну, цяпер справа іншая,— схіляючы галаву да левага пляча, развёў рукамі Шпакевіч.— Цяпер і статус у нас пэўны, і ўсё іншае адрозніваецца ад таго, што раней было.

На тым і рашылі. Чубар адно хацеў яшчэ наведацца ў Мамонаўку, нават дзень наперад выбраў — якраз наставала нядзеля, аднак уранні паступіла каманда ўсяму атраду рухацца ў Батаеўскія лясы.

Група акружэнцаў і былых ваеннапалонных, якую Шпакевічу з Чубарам належала вывесці за лінію фронту, знаходзілася ў другім месцы, здаецца, за дзесяць кіламетраў ад Верамеек. Па плану камандавання атрада яна павінна была рухацца ў Батаеўскія лясы паралельным маршрутам. У чым тут быў сэнс, Чубар не ведаў. Таксама як і не здагадваўся, па якой прычыне яны са Шпакевічам не пакіраваліся адразу туды, а ішлі разам з атрадам. Тым не менш, пытацца ні ў кога ён не стаў — нездарма кажуць, у чужы манастыр са сваім статутам не ходзяць. Нават Шпакевічу і таму Чубар не абмовіўся словам пра гэта.

Карханаў таксама ішоў разам з атрадам з дубцом у руцэ, у доўгім, ці не кавалерыйскім, шынялі, ён выглядаў здалёку, асабліва ў халаднаватае сутонне месячнай ночы, акурат апосталам. На дзённых прывалах, калі хапала часу не толькі адпачыць, вярнуць патрачаныя за ноч сілы, а і агледзецца добра вакол, Чубар іншы раз лавіў на сабе хоць і беглы, але ўсё роўна як клейкі камандзіраў позірк, ад якога чамусьці рабілася неспакойна на душы. У такія хвіліны Чубар звычайна вяртаўся ў думках да ўсяго нядаўняга, чым жыў, і яму тады здавалася, што ён трапіў у нейкую паласу адчужанасці, з’яўлялася такое адчуванне, што ў ягоным становішчы нанава пачыналася колішняя няпэўнасць, зноў даводзіцца паўтараць старое, ужо зазнанае ім за гэтыя апошнія месяцы. Прынамсі, цяпер ён акурат ужо быў пераконаны, што адлегласць, якая аддзяляла яго ад Верамеек і якая ўвесь час падаўжалася, заключала ў сабе нешта такое, за што трэба было непакоіцца. Праўда, прысутнасць побач з Чубарам Шпакевіча, як ужо гаварылася, не давала цалкам завалодаць падобнымі пачуццямі, але калі Чубар заставаўся сам-насам і не знаходзіў занятку, то не мог адкараскацца ад іх.

Вядома, атрад не толькі рабіў тое, што з кожным новым пераходам набліжаўся да Батаеўскіх лясоў. Ад Чубаравай увагі не выпадала, што ўвесь час з атрада кудысьці адыходзілі, а пасля неўзабаве вярталіся невялікія групы партызан. Значыць, атрад і на хаду дзейнічаў, хоць гэтая ягоная дзейнасць і была скрыта ад вачэй, прынамсі Чубару яна заставалася недаступнай, проста яго пакуль альбо не далучалі да яе, альбо ў атрадзе сапраўды гэтак заведзена было, што акрамя камандзіра, камісара, начальніка штаба ды яшчэ тых, хто прымаў непасрэдны ўдзел у той ці іншай справе, наогул нікому не належала ведаць, хто і чым займаецца. За ўсю дарогу Чубар усяго адзін раз з’явіўся сведкам, як у атрад прывялі з Бялынкавіч немца. То быў нейкі інтэндант ці, можа, інжынер. Урэшце, для Чубара падобнае ўдакладненне не мела ніякага значэння. Было вядома толькі, што афіцэр той, у чыне капітана, кіраваў работамі, якія вяліся на адбудове бялынкавіцкага спіртзавода. Наогул, у Крутагорскім раёне да вайны працавала ажно тры спіртзаводы — у самім Кутагор’і, у Забычанні і ў Бялынкавічах. Але пры адступленні Чырвонай Арміі ўсе яны былі пашкоджаны, дакладней, выведзены з рабочага стану. І вось немцы, заняўшы тэрыторыю раёна, рашылі з трох заводаў скласці адзін. Выбралі чамусьці бялынкавіцкі, можа, нават таму, што знаходзілася прадпрыемства зусім блізка ад чыгуначнай станцыі, якая хоць і не працавала пакуль, аднак была ўсяго за паўкіламетра.

Дарэчы, у такую групу партызан, якая ажыццявіла нападзенне на мястэчка, уваходзіў таксама і Шпакевіч. Ад яго Чубар і даведаўся, пры якіх акалічнасцях быў узяты ў палон нямецкі капітан. Уласна, то было нават не нападзенне. Зрабілі партызаны ўсё, як кажуць, без стуку і груку. «Свой чалавек», які к таму часу ўжо быў у атрада ў мястэчку, разам з іншымі дадзенымі паведаміў па сваёй сувязі, што ў пасёлку спіртзавода ёсць дом, ператвораны гаспадаром у своеасаблівы прытон, куды часта наведваюцца салдаты і афіцэры вермахта, пераважна так званыя ландверныя, якія разам з мясцовымі рабочымі адбудоўвалі на акупіраванай тэрыторыі разбураныя прамысловыя і транспартныя аб’екты; нярэдка папасваліся там і французы, што ахоўвалі блізка ад мястэчка чыгуначны мост праз Бесядзь. Адным словам, як толькі ў атрадзе стала вядома пра гэта пажыўнае месца, Карханаў загадаў, каб партызаны «пацікавіліся» ім. Камандзіра атрада асабліва збянтэжыла, што дом свой ператварыў у такое брыдкае завядзенне былы актывіст, рабочы спіртзавода, які раней заўсёды сядзеў на розных урачыстасцях за сталом у прэзідыуме і які меў урадавую ўзнагароду, а злашча занепакоіла тое, што ў якасці прынады ў дом ён выкарыстоўваў сваю жонку і дзвюх дачок. Цяжка сказаць, чым чалавек кіраваўся, ідучы на гэта. Страхам перад адказнасцю за былое сваё «сядзенне» ў прэзідыумах? Дык наўрад ці, бо для гэтага, мусіць, хапіла б аднаго шчыраватага ўдзелу ў адбудове спіртзавода, а ён сапраўды вельмі дапамагаў немцам цяпер там. Нажывай?.. Словам, суб’ект трапіўся цікавы ва ўсіх адносінах. Было над чым падумаць.

У тую ноч, як прыйсці ў мястэчка партызанам, у мясцовым прытоне акрамя нямецкага капітана баляваў і бялынкавіцкі бургамістр Панедзька. Немца партызаны ўзялі ў пасцелі ўтаймаванага, пры боку старэйшай гаспадаровай дачкі, а вось бургамістр і сам утрымальнік прытону паспелі ўцячы праз паддашак, дзе ў доме быў абсталяваны яшчэ адзін пакойчык, але патаемны, з выхадам на знадворную лесвіцу. Дарэчы, у гэтай шпакоўні гаспадар якраз і складваў розныя падарункі, якія атрымліваў ад наведвальнікаў свайго дома, таксама нямецкія маркі і нават савецкія трыццацірублёўкі, якіх у шуфлядзе старадаўняга камода чамусьці ляжала дужа багата, ці не на цэлыя тысячы. Немец не супраціўляўся. Ён, здавалася, нават не быў напалоханы, што гэтак неспадзявана ўзброеныя людзі паднялі яго з пасцелі: адно ціха нацягнуў на сябе верхняе і, пануканы ззаду, пакінуў прытон, дзе яму, няйначай, няблага гулялася. Перад тым партызаны перавярнулі ўсё дагары нагамі ў пошуках зброі, якая павінна была знаходзіцца пры ім, але дарэмна. Капітан не меў з сабой нічога такога, што б нават блізка нагадвала зброю. І ў акно не мог выкінуць, бо захапілі яго соннага. Ён і на допыце пацвердзіў, што ніколі не насіў яе з сабой. І наогул, як выходзіла з яго слоў, ніякага дачынення да арміі ён не меў і займаўся толькі гаспадарчымі справамі. Пры гэтым дзіваку нібыта няўцям было, што цяпер кожны немец, узброены ён ці не ўзброены, з’яўляецца ворагам савецкага народа, і за тое адно ўжо, што знаходзіцца на акупіраванай тэрыторыі, падлягае пакаранню... Зразумела, капітана давялося расстраляць, а камандзір атрада пасля гэтага чамусьці сказаў са злосцю, што падобна была хутчэй на прыкрую грэблівасць:

— Не маглі заместа гэтага... паскудніка таго прывесці!..

Тым не менш, эпізод з нямецкім капітанам, як зразумеў неўзабаве Чубар, з’явіўся для атрада ў цэлым радавой з’явай. Прынамсі ўжо на другі дзень мала хто з партызан меў у галаве яго.

І яшчэ адна акалічнасць уразіла Чубара ў часе паходу атрада Карханава ў Батаеўскія лясы — партызаны, нягледзячы ні на якія заклікі, зусім не займаліся знішчэннем ураджаю сорак першага года, дарма што на палях паміж вёскамі ў шмат якіх месцах стаялі неабмалочаныя пакуль сцірты ячменю і жыта, усё роўна як для іх, прыйшоўшых з-за лініі фронту, ужо не існавала тых дырэктыў, якія некалі, пры адыходзе Чырвонай Арміі, моцна займалі Чубараву свядомасць і прымушалі дзейнічаць, як ён думаў, адпаведна свайму і чужому разуменню. І толькі аднойчы, здаецца, па той бок чыгункі, калі Чубар наогул правільна цяпер арыентаваўся, вачам кінулася на світанку счарнелае калгаснае поле, якое моцна нагадала яму другое, верамейкаўскае, што ў Паддубішчы. Праўда, гэтае магло згарэць таксама і ў часе бою, калі вакол шугаў пякельны агонь. Але ўсё роўна — чужое пажарышча раптам нібыта ўзрадавала Чубара спярша, а потым адразу ж і засмуціла, кінуўшы пачуцці ў душы з аднае крайнасці ў другую. Узрадавала таму, што Чубару падумалася — вось жа нехта таксама займаўся аднолькавай з ім справай, паліў збожжа, а засмуціла з тае прычыны, што, мяркуючы па паводзінах партызан, па тым, як яны нават не заўважылі счарнелае поле, можна было заключыць, што справа гэта не толькі не карысталася павагай у іх, але і не выклікала ніякіх асацыяцый. Значыць, і тады, калі яны ішлі з Карханавым у Кулігаеўку, камандзір атрада нічога не сказаў Чубару пра пажар у Паддубішчы не таму, што праявіў звычайную далікатнасць. Няйначай, сутнасць заключалася ў іншым.

Не даходзячы кіламетраў за колькі да Яленаўкі,— а гэтая вёска ўжо знаходзілася на краі Батаеўскіх лясоў,— атрад спыніўся на наступную сваю днёўку. Тут Шпакевіч з Чубарам нарэшце і атрымалі поўны інструктаж, што датычыў будучага задання.

— Не перадумалі ісці са Шпакевічам? — спытаў найперш Карханаў, калі Чубар з’явіўся да яго па выкліку.

— Мне ўсё роўна,— сказаў на гэта Чубар.

Карханаў нібыта вінавата ўсміхнуўся такому адказу, але ні ўгаворваць, ні павучаць Чубара не стаў. Ён толькі паспрабаваў растлумачыць:

— Нам бы хацелася пачуць ад вас пэўны адказ, але ініцыятыва тут зыходзіла ад вашага сябра, таму і апошняе слова за ім.

— А якое яго апошняе слова? — паглядзеў Чубар на Карханава, пасля на Шпакевіча.

— Тое самае, бадай,— замест Шпакевіча адказаў Карханаў.— Так што давядзецца вам, таварыш Чубар, збірацца ў дарогу.

— Я гатовы.

— Ну, то і добра,— здаецца, вонкава ніяк не зрэагаваў на Чубараву гатоўнасць камандзір атрада.

Тым часам да іх трох — Карханава, Шпакевіча і Чубара, што размаўлялі на нечым закінутым і ўжо добра-ткі разбураным млыне, у які зазіраў праз адарваныя ўгары дошкі знявераны восеньскі дзень,— далучыўся камісар Багачоў. Зрабіў ён гэта амаль нячутна, акурат не зайшоў адкрыта ў сярэдзіну млына праз дзверы, а таксама пранікнуў разам з шэрым святлом цераз зрашэчаны верх. Карханаў убачыў яго, дастаў з армейскай торбы нейкія паперы, моўчкі падаў камісару. Мусіць, той ведаў, якія гэта паперы, бо нічым не абмовіўся, адно ўзяў іх і сеў каля сцяны на падлогу, з-пад якой чуваць было, як унізе плёхкалася патрохі паміж цвілога дрэва рачулка, што гублялася на двары ў густых зарасніках змакрэлага альхоўніку, чырвонай каліны і спелага чароту, які даўно пабраўся на канцах худымі і чорнымі таўкачыкамі.

— Уласна,— сказаў, звяртаючыся да Шпакевіча з Чубарам, камандзір атрада,— група таксама гатова адправіцца ў шлях хоць сягоння.— Ён пакусаў зубамі ніжнюю губу, акурат хацеў дастаць такім чынам самы верхні куточак падрэзанай барады, затым прыставіў дубец да вялікай скрыні, якая невядома дзеля чаго была некалі збіта кімсьці з дошак і якая цяпер служыла тут замест стала, і пачаў ціха, зусім не кульгаючы, пахаджваць вакол.— Рыхтавалі яе Лапацін з Абаротавым, так што вам застаецца адно прыняць людзей на сваю адказнасць. Маршрут, як мы і дамаўляліся, неабходна пакінуць ранейшы. Хутчэй за ўсё, што фронт цяпер найбольш стабільны сапраўды на лініі Сухінічаў і Юхнава, ва ўсякім разе, Цэнтр нам таксама раіць накіроўваць вас туды. Праўда, гэта не значыць, што заўтра ці паслязаўтра нешта не парушыцца там. У такім разе давядзецца дзейнічаць вам цалкам па-свойму. Але ёсць і змены ў нашым плане. З групай пойдзе і Гусеў, якога вы знойдзеце на месцы. Чалавек ён вопытны ў такой справе, дарэчы, вы яго, таварыш Шпакевіч, добра ведаеце.

— Так,— пацвердзіў Шпакевіч, хоць адказу ад яго, здаецца, ніхто і не чакаў тут.

— З’явілася адна дадатковая і вельмі важная акалічнасць, якая прымусіла нас вылучыць трэцяга чалавека,— працягваў між тым Карханаў.— Зараз мы пра яе скажам вам. Але ў групе сярод палітработнікаў і камандзіраў таксама ёсць нямала правераных намі, а таму і надзейных, лічым мы, таварышаў. Напрыклад, Ляднёў. Некалі ён вучыўся ў Ленінградскай школе сувязі. Затым на завочным аддзяленні Ваенна-палітычнай акадэміі імя Леніна. Апошняя пасада ў РСЧА: старшы інструктар палітаддзела стралковага корпуса. Прызнацца, такі чалавек і нам бы тут спатрэбіўся, але загадана пераправіць таксама і яго за лінію фронту. Відаць, у ім там большая патрэба цяпер ёсць. А вось другі таварыш, на якога таксама цалкам можна пакладацца. Пралоўскі Павел Архіпавіч. У партыі з тысяча дзевяцьсот семнаццатага года. Званне — батальённы камісар. Па ваенна-ўліковай спецыяльнасці — выкладчык ваенна-навучальных устаноў. У баях удзелу не прымаў. Ну, і гэтак далей. Я толькі двух надзейных таварышаў назваў вам. Гусеў, вядома, мае на ўвазе больш такіх людзей. Зразумела, што за лініяй фронту яны ўсе пройдуць адпаведную праверку. Але вы таксама па дарозе прыглядайцеся да кожнага. І галоўнае — нікога ў групу не прымайце дадаткова. У вашу задачу ўваходзіць вывесці да сваіх гэтых. Ну, а яшчэ ў вашу задачу ўваходзіць наступнае.

Камандзір атрада кінуў позіркам у той бок, дзе чытаў паперы сцішаны камісар. Той, мусіць, адчуў, што настала нейкая затрымка праз яго, даволі лёгка падняўся з падлогі і, падышоўшы да скрыні, вярнуў усё, што трымаў у руках, Карханаву.

— Дзе гэта яна здолела раздабыць такія звесткі? — здзіўлена спытаў Багачоў.

— Не ведаю,— адказаў Карханаў.— Урэшце, гэта ўжо яе справа і яе тайна. Але калі мяне прасілі армейскія таварышы звязацца з ёй, памагчы рацыяй, я на гэтае не спадзяваўся. І вось учора Князеў раптам прыносіць з Бабінавіч ад яе такое, што нам з вамі пакуль і сасніцца не магло.

Староннім, гэта значыць Шпакевічу з Чубарам, іхняя размова была пакуль незразумелая, і яны стаялі воддаль ад скрыні зусім з недасведчанымі тварамі. Зрэшты, могуць жа такія адказныя людзі, як Карханаў з Багачовым, мець свае справы, на тое адзін з іх камандзір, а другі камісар. Але вось Карханаў разгарнуў на скрыні ўжо знаёмую карту, сказаў:

— Тут нанесена размяшчэнне варожых часцей, якія падпарадкаваны камандуючаму тылу армій «Цэнтр» па стану на мінулы тыдзень. Трэба спадзявацца, што за гэты час у размяшчэнні часцей ніякіх асаблівых змен не адбылося. Словам, у нашы рукі трапілі неспадзявана вельмі каштоўныя разведдадзеныя, іх ужо чакаюць у Маскве, а вам, таварышы, належыць даставіць іх за лінію фронту. Адзін пералік часцей займае дванаццаць старонак машынапіснага тэксту. Такім чынам, усе дадзеныя не змясціліся на нашай карце. Дарэчы, таварыш Шпакевіч, карту гэту мы даручаем вам асабіста. Таму ўважліва глядзіце і на ўсякі выпадак запамінайце: галоўная кватэра камандуючага тылу ўсёй групоўкі знаходзіцца ў Смаленску. У нас гэта памечана такім знакам. Вось. У Смаленску знаходзяцца і некаторыя іншыя падраздзяленні, якія ўваходзяць у штаб камандуючага тылу. Гэта — вышэйшы начальнік СС і паліцыі, упаўнаважаны шэфа паліцыі бяспекі і СД, генерал па кантролю за дысцыплінай у войску, група армейскай патрульнай службы, пашпартны аддзел «Ост У», рота прапаганды «В» (Беларусь), камендатура ваеннапалонных акругі «К», якую немцы мяркуюць перавесці ў Гжацк, таксама камендатура ваеннапалонных акругі «Р», кіраўнічы дырэктар тайнай палявой паліцыі (ГФП), карпусны картаграфічны аддзел і група палявой пошты. Разам з тым галоўны камандны пункт таможанна-пагранічнай аховы размешчаны ў Магілёве. У Рослаўлі знаходзіцца камендатура ваеннапалонных акругі «Я», у Барысаве — перасоўная турма вермахта. Гэта, як я сказаў, усё, што датычыць штаба самога камандуючага. Тым часам мы маем цяпер таксама звесткі і пра ахоўныя дывізіі. У паласе наступлення групы армій «Цэнтр» іх налічваецца ў сучасны момант пяць — 221 -я, 286-я, 403-я, 255-я і 339-я. Апошнія дзве чамусьці пазначаны як пяхотныя. Дык вось — штаб 221-й дывізіі знаходзіцца ў Крычаве, але немцы мяркуюць яго перавесці неўзабаве ў Бранск. Штаб 286-й дывізіі стаіць у горадзе Орша, штаб 403-й — у Віцебску, штаб 255-й — у Вязьме, а штаб 339-й — у Барысаве. Акрамя таго вышэйшаму начальніку СС і паліцыі, што падпарадкаваны штабу камандуючага тылам групы армій «Цэнтр», належаць дзве брыгады СС — кавалерыйская са штаб-кватэрай у Тарапцы і першая маторная са штаб-кватэрай у Канатопе. І яшчэ я хацеў бы звярнуць вашу ўвагу, таварыш Шпакевіч, на адну акалічнасць. Вось, бачыце? Асобныя адзнакі нанесены на такія населеныя пункты, як Свіцічы і Дзямідаў. Там немцы паспелі стварыць ужо так званыя нацыянальныя часці са здраднікаў. У Свіцічах стаіць 354-ы ўкраінскі эскадрон, які ўваходзіць у 286-ю ахоўную дывізію, а ў Дзямідаве — украінская сотня, што належыць 403-й ахоўнай дывізіі. Але і гэта не ўсё. У Гомелі знаходзіцца 45-ы ўкраінскі эскадрон 221-й ахоўнай дывізіі, а ў Магілёве — 120-ы казацкі эскадрон, які падпарадкаваны самому камандуючаму.

Карханаў падняў галаву на Шпакевіча:

— Паспяваеце сачыць за мной?

— Не ўсюды,— прызнаўся Шпакевіч.

Тады Карханаў усё роўна як сумеўся, сказаў зусім памяркоўна:

— Нічога, мы яшчэ з вамі паўторым усё спачатку. Наладзім, так сказаць, экзамен. А вось і вам, таварыш Чубар, работа.

Чубар зварухнуўся, маючы намер падступіцца бліжэй да карты. Але гэта не спатрэбілася. Карханаў завучана, з веданнем справы выхапіў некалькі аркушаў з усяго стоса папер, падаў яму.

— Тут збольшага тое, што не трапіла на карту,— сказаў ён.— Напрыклад, месцазнаходжанне паліцэйскіх часцей у паласе групы армій «Цэнтр», таксама размяшчэнне груп і каманд тайнай палявой паліцыі, палявых і мясцовых камендатур, лагераў ваеннапалонных, армейскіх зборных пунктаў ваеннапалонных, стацыянарных і франтавых лагераў. Зараз мы з камісарам на нейкі час пакінем вас тут, на млыне, а вы тым часам, таварыш Чубар, таксама паспрабуйце праштудзіраваць паперы гэтыя і разабрацца, што да чаго. Бо зусім не лішне будзе, калі вы сёе-тое не толькі ў кішэні за лінію фронту панясеце, але і ў галаве. Слушна?

— Так,— кіўнуў Чубар, ужо цалкам захоплены паперамі, якія атрымаў ад камандзіра атрада.

Карханаў узяў у правую руку свой дубец і, абапіраючыся на яго, быццам напаказ, выйшаў з камісарам з млына.

Шпакевіч тым часам, здавалася, нават не пачуў, як за імі рыпнулі і зачыніліся дзверы: схіліўшыся над картай, якую пакінуў на скрыні камандзір атрада, ён намагаўся нанава асэнсаваць тыя абазначэнні, дакладней, умоўныя знакі, што багата ў якіх месцах відаць былі побач з населенымі пунктамі. Чубар, у сваю чаргу, таксама заняўся даручанай справай. Прыхінуўшыся спіной да халаднаватай сцяны, ён пачаў перабіраць, перакладваючы з рукі ў руку, паперы, усё роўна як жадаючы хутчэй заглянуць у самы канец, пасля вярнуўся зноў да пачатку і стаў пільна ўчытвацца ў тэкст. Уласна, яму дасталіся толькі няпоўныя шэсць аркушаў, якраз тыя, што былі апошнімі. Але надрукавана на іх было шмат чаго, і Чубар раптам адчуў у сабе нешта падобнае на збянтэжанасць, акурат так, як адчувае сябе вучань, калі адкрывае кніжку і пачынае нарэшце разумець, што наўрад ці справіцца з заданнем на наступны ўрок. Сапраўды, чыталася яму з цяжкасцю, а запаміналася яшчэ горш — да лічбаў ён прывыкнуў, такая работа яму траплялася раней кожны раз, што даводзілася ўвесь час нешта падлічваць, а вось назвы, асабліва тыя, што заставаліся без перакладаў з нямецкай мовы, не даваліся як належыць. Для гэтага патрэбна была адпаведным чынам трэніраваная памяць. І, тым не менш, неўзабаве Чубар ужо мог без паперкі сказаць, што ў Бранску, напрыклад, у Рослаўлі, таксама як і ў Вялікіх Луках, у Магілёве, Віцебску і Гомелі, у Оршы, Веліжы, Клінцах, яшчэ ў мінулым месяцы асталяваліся групы нямецкай тайнай палявой паліцыі, а ў Смаленску, Чэрыкаве і Тарапцы — паліцэйскія часці (полк «Цэнтр», 131-ы, 309-ы і 317-ы батальёны, таксама 690-ы дывізіён палявой жандармерыі), якія падпарадкоўваліся вышэйшаму начальніку СС і камандаванню 2-й танкавай арміі. Больш марокі з запамінаннем для Чубара стала тады, калі ён падступіўся да раздзела пад літарай «Н», дзе пералічваліся нумары палявых і мясцовых камендатур і ўказвалася месцазнаходжанне іх. Асобны раздзел быў адведзены лагерам ваеннапалонных, якія чамусьці называліся па-рознаму: адны — дулагамі, другія — шталагамі, трэція — офлагамі. Тлумачэнне ім ні ў дужках, як звычайна робіцца, ні ў зносках адсутнічала ў паперах, якія трымаў цяпер у руках Чубар, але тут можна было выпрацаваць пэўную сістэму, што дапамагла б адкласці ў чалавечай памяці на некаторы час і гэтыя звесткі. Прынамсі, Чубар якраз на гэта і спадзяваўся, бо вучнёўская збянтэжанасць дасюль ужо мінулася, і ён пачаў паступова прыкідваць у галаве, што да чаго тут. Лёгка было запомніць месцазнаходжанне офлага, таму што такі значыўся ў паперах адзін — у Бабруйску. Затое дулагі немцы размясцілі ў Малаяраслаўцы, Полацку, Калузе, Мажайску, Крычаве, Ржэве, Барысаве, Міхнаўцы, што каля Смаленска. Знаходзіліся дулагі таксама ў самім Смаленску, Гомелі, у Вязьме, Бранску, Мінску, Рослаўлі, Глухаве, Канатопе. Тым часам шталагаў налічвалася ўсяго пяць — у Барысаве, Віцебску, Оршы, Баравусе, Магілёве. Няйначай, складалі цікавасць сярод разведвальных дадзеных армейскія і франтавыя зборныя пункты ваеннапалонных. У кожным разе, Чубар дужа сур’ёзна паставіўся і да гэтай часткі нечага паведамлення, узяўшы на прыкмету, што армейскія зборныя пункты ваеннапалонных былі размешчаны немцамі ў Мажайску, Невелі, Жураўцы і Ноўгарад-Северску. Франтавы ж зборны пункт ваеннапалонных у паласе наступлення групы армій «Цэнтр» знаходзіўся ў Смаленску, а яго філіял — у Рослаўлі.

Былі ў гэтых паперах (маецца на ўвазе тая частка іх, якая засталася ў руках у Чубара), зразумела, і іншыя звесткі — напрыклад, дадзеныя аб складзе войск сувязі і іх месцазнаходжанне, аб сапёрных падраздзяленнях ахоўных дывізій... Адным словам, пасля знаёмства з падобным матэрыялам нават не надта дасведчанаму можна было прыйсці ў захапленне ад яго зместу, дакладней, ад наяўнасці тых звестак, якімі меў магчымасць цяпер распараджацца атрад. Ну, а праз яго — далей. Заставалася толькі здзіўляцца, як трапіў гэты матэрыял да Карханава. Але Чубар не стаў кідацца ў здагадках, хоць на самой справе меў ускоснае дачыненне. Ды і як ён мог здагадацца, што пачалося ўсё з таго вечара, калі яны з камандзірам атрада наведаліся ў Кулігаеўку да Сідара Раўнягіна, а той разам з ад’ютантам хадзіў пасля ў Бабінавічы да разведчыцы, той самай Марылі, якую ўладкоўваў некалі ў мястэчку Зазыба. Такім чынам, атрымлівалася, што да гэтых разведдадзеных меў дачыненне цэлы ланцуг людзей, у тым ліку і бабінавіцкі кравец Шарэйка. Ну, а галоўнай дзеючай асобай, вядома, з’яўлялася дзяўчына, якая здабыла «пералік» (дакладней, зрабіла яго копію) у нямецкага афіцэра сувязі з аператыўнага аддзела камандуючага ахоўнымі войскамі.

Карханаў дарэмна казаў, што яны з камісарам пакідаюць млын на кароткі час. Таго «кароткага часу», які прамінуў пасля іхняга адыходу, хапіла Чубару і Шпакевічу, каб не толькі разабрацца з картай і паперамі, аднак і пагаварыць. Шпакевіч чамусьці ўспомніў раптам — і, няйначай, па асацыяцыі,— як была захоплена нямецкая аўтамашына са штабнымі дакументамі яшчэ на пачатку баявога шляху атрада, калі партызаны знаходзіліся паблізу ад лініі фронту, што стабілізавалася на нейкі час на паўднёва-ўсходнім напрамку ўздоўж вялікага тракта з Тулы на Арол. Тады партызанам давялося правесці дзеля гэтага цэлы бой, а тут, здаецца, не спатрэбілася зрабіць нават аднаго стрэлу. Прынамсі, Шпакевіч меў поўную падставу меркаваць так, бо, наколькі ён быў у курсе спраў, камандаванне атрада нічога падобнага не прадпрымала ў апошні час, што хутчэй за ўсё азначала: разведдадзеныя, з якімі толькі што пазнаёміліся Шпакевіч з Чубарам і якія ім належала даставіць за лінію фронту, трапілі ў рукі партызан.

Бадай, ад унутранай нецярплівасці, што паступова пачынала апаноўваць без справы, Чубар, як больш няўрымслівы ў адрозненне да Шпакевіча, паспрабаваў выглянуць за дзверы млына, аднак убачыў непадалёку вартавога і зразумеў, што менавіта тут давядзецца ім са Шпакевічам увесь астатні час чакаць камандзіраў. Прынамсі, якраз меры перасцярогі, якія былі ў наяўнасці ў асобе вартавога, найлепшым чынам сведчылі пра гэта. Шкада толькі, што даводзілася пакуль заставацца без абеду, час якога даўно мінуўся. Але што зробіш? Як кажуць, на тое і накладныя выдаткі ў кожнай справе бываюць.

Нарэшце знадворку пачуліся галасы, і камандзір атрада са сваімі паплечнікамі — камісарам Багачовым і начальнікам штаба Веткіным — увайшлі ў сярэдзіну млына, дзе ўжо амаль ці не чахнулі ў настылай шэрані Шпакевіч з Чубарам.

— Ну як? — кідаючы позіркам з аднаго змушанага пустэльніка на другога, гучна і весела спытаў Карханаў.

Ён зноў прыхінуў да скрыні свой дубец, які тут, у млыне, рабіўся непатрэбны яму, тады пацёр адна аб адну рукі, але было відаць па ім, што не ад зябкасці, а яўна паказваючы гэтым здаволенасць. Бачыць яго такім стала трохі незвычайна, сапраўды, камандзір атрада Чубар заўсёды цяпер помніў калі і не больш стрыманага ў адносінах з падначаленымі, таксама як і ўвогуле і іншымі людзьмі, з якімі даводзілася мець справу, то ўжо пэўна што не такога адкрытага нават у сваёй здаволенасці. Аднак трэба сказаць — прыкметна ўзрушаным чамусьці выглядаў і начальнік штаба Веткін.

— Здаецца, нарэшце разабраліся, што да чаго,— адказаў Шпакевіч Карханаву.

— Ну, па карце гэта не дужа цяжка было, а вось мы зараз паглядзім, ці моцная памяць у вашага сябра. Як, таварыш Чубар?

Карханаў узяў у Чубара паперы, пачаў перабіраць іх.

— Дзе цяпер знаходзіцца група нумар семсот дваццаць дзевяць тайнай палявой паліцыі і каму яна падпарадкавана?

— У Клінцах. Дзвесце дваццаць першай ахоўнай дывізіі.

— Ну, а... група семсот дзевяць?

— Знаходзіцца ў Рослаўлі. Падпарадкавана дзвесце восемдзесят шостай ахоўнай дывізіі.

— Няблага, няблага,— не адрываючыся ад папер, акурат як стары настаўнік, зрэагаваў на Чубараву дакладнасць камандзір атрада.— Ну, а цяпер глядзіце сюды,— ён падступіўся да карты.— Вось дзе Рослаўль, а вось дзе Клінцы. Бачыце? Якраз паміж імі вам належыць ісці за лінію фронту. Таму не выключана магчымасць, што з гэтымі дзвюма групамі тайнай палявой паліцыі давядзецца мець справу па дарозе. Акрамя таго ў прамежку паміж гэтымі гарадамі, па нашых дадзеных, размешчаны часці трыста пяцідзесятага ахоўнага палка адной з названых вамі дывізій. Напрыклад, дакладна вядома, што ў Ершычах стаіць першы батальён гэтага палка, а ў Суражы — другі батальён. Да таго ж, у Рослаўлі знаходзіцца штаб і некаторыя часці шэсцьдзесят першага ландвернага палка дзвесце восемдзесят шостай ахоўнай дывізіі. Адсюль мяркуйце самі, якія перашкоды могуць быць на вашым шляху. Я ўжо не кажу пра палявыя і мясцовыя камендатуры, якіх на захопленай ворагам тэрыторыі ўжо даволі густая сетка. Дарэчы, вы запомнілі месцазнаходжанне іх, таварыш Чубар?

— Здаецца, збольшага.

— Бадай, на першы раз дастаткова будзе і гэтага вашага «збольшага». У далейшым усё роўна давядзецца ўдакладняць. Дык вось — палявая і мясцовая камендатуры, якія маюць свае вайсковыя і паліцэйскія гарнізоны, таксама неабходна ўлічыць. Ды і пра армейскія часці, што могуць трапіцца на маршруце, не забывайце. Ну, а наконт самой лініі фронту, то тут і сумнявацца не прыходзіцца. Каб пранікнуць праз яе, шчыліну давядзецца шукаць асабліва пільна і з вялікай цярплівасцю. Урэшце, пра гэта гаварыць можна пакуль толькі ўвогуле, бо наконт лініі фронту няма ў нас сёння ніякай яснасці. Тым больш ускладняецца ваша задача — правесці групу ў такіх умовах на той бок і даставіць разведвальныя дадзеныя, мала кажучы, неацэннай каштоўнасці. Персанальна за групу загадана адказваць Гусеву, а вам, таварышы, трэба тым часам пільнавацца галоўнага. Нават калі абставіны прымусяць адлучацца ад групы, дык і на такое ў імя вось гэтай карты і гэтых папер неабходна будзе пайсці. Вядома, сёе-тое мы паспелі перадаць ужо ў Цэнтр па рацыі, але самі бачыце, колькі тут матэрыялу,— нават калі цэлага паўдня перадаваць, то і тады ўсяго не зробіш. Таму астатняе мы давяраем вам. Што ж датычыць выпрацоўкі вашага маршруту ў дэталях, то тут усё ў руках начальніка штаба. Неўзабаве вы і зоймецеся гэтым. А зараз — абедаць, хоць па часе ўжо, мусіць, належыць палуднічаць. Здаецца, так у вас гавораць, таварышы беларусы, калі сядаюць за стол перад тым, як вячэраць?

— Так,— усміхнуўся Чубар.

— Бачыце, як добра ведаць звычаі народа, можна нават на кашы сэканоміць,— зусім без найгрышу, але з прасвятлелым тварам сказаў Карханаў, акурат сапраўды быў задаволены сваім нечаканым адкрыццём.

Тады Чубар зноў сказаў, не перастаючы ўсміхацца:

— Эканомія невялікая, калі чалавек два разы абедае. Гэта калі сам абед прапусціць, тады і праўда можна што-кольвечы сэканоміць. Вось як мы сёння.

— А-а, усё-ткі не забыліся! — усклікнуў Карханаў.— Дарма што сонца ўвесь дзень не відаць! — І чамусьці гучна засмяяўся, што стала чуваць, бадай, нават за сценамі млына. Тады пацішэў і дадаў, ківаючы на Веткіна: — Гэта начальнік штаба вінаваты, што мы сёння без абеду засталіся. Але няхай, затое добра папалуднічаем. Ва ўсякім разе, з ахвотаю. Так?

Паколькі гэтае «так» невядома да каго было звернута, ніхто на яго не адказаў. Нават начальнік штаба Веткін ніяк не павёў сябе. Аднак размова гэта, тым не менш, дарэмна не прайшла. Ад’ютант камандзіра атрада, не выдаючы сябе і не робячы прыкметных рухаў, тут жа знікнуў з млына і неўзабаве вярнуўся яшчэ з адным партызанам, ружовашчокім і трохі сарамяжлівым маладым чалавекам, апранутым у вайсковую ватоўку.

— Падаваць, таварыш камандзір? — трохі задыхана спытаў той, падносячы правую руку да шырокай, усё роўна як распёртай абручом, фуражкі.

— Нясіце,— заківаў галавой Карханаў, сеў на нейкую высокую трыногу, якая дагэтуль непатрэбнай ляжала ў куце.— Што ў вас сёння?

— Крупнік з мясам.

— Ну што ж, суп дык суп, абы не клёцкі,— не стрымліваючы сваёй словаахвотлівасці, сказаў на гэта Карханаў.

— А чаму раптам такая непавага да клёцак? — няйначай, падзяляючы камандзіраву словаахвотлівасць, пацікавіўся ў яго камісар Багачоў.

— А хто яго ведае,— паціснуў, нібыта ўражаны, плячамі Карханаў.— Чуў недзе такое выслоўе, вось і ўспомніў. Хоць клёцкі — гэта таксама, мусіць, беларуская страва. Га, таварыш Шпакевіч?

— Не ведаю, таварыш камандзір,— адрываючы спіну ад сцяны, зварухнуўся заспеты знянацку Шпакевіч, але падумаў кароткі момант, разважыў, акурат у здзіўленні: — Хоць мне заўсёды здавалася, што клёцкі ядуць па ўсім свеце.

— Ну так, гэта... як прэжаны гарох,— чамусьці зусім няпэўна азваўся са свайго месца, якое таксама было каля сцяны, начальнік штаба Веткін.— Помніце, як дзед адзін у Жабыках накарміў нас ім. Не ведалі пасля, каму за кім ісці ў дарозе, усё азіраліся, ажно шыі ў байцоў забалелі.

Мусіць, сапраўды той выпадак застаўся ў памяці кожнага, бо Шпакевіч з ад’ютантам раптам выбухнулі рогатам.

— Нічога, Дзмітрый Дзмітравіч,— яўна суцяшаючы начальніка штаба, сказаў спахмурнелы раптам Карханаў,— усё — часовае. І клёцкі, і прэжаны гарох.

— І нават... жыццё...

— Ну, гэта як каму пашанцуе,— бліснуў цёмнымі вачамі Карханаў.— Галоўнае — не ўпадаць раней часу ў змрочнасць. Тым больш што сёння ў нас яшчэ клопату па самае горла.

Нарэшце каля скрыні, з якой у часе размовы была прыбрана карта, апынуўся прынесены сарамяжлівым партызанам нямецкі тэрмас для ежы, і ўсе, захоўваючы чаргу пасля камандзіра атрада, пачалі падыходзіць да яго і моўчкі, быццам знарок ухіляючыся ад далейшай размовы, сталі наліваць сабе чарпаком гарачага крупніку ў посуд, які ў кожнага быў самы што ні на ёсць розны — ад кацялка да пагнутай алюмініевай міскі.

За гэты нядоўгі час, як знаходзіўся ў атрадзе Карханава, Чубар таксама абзавёўся пасудзінай, без якой у паходных умовах нельга заставацца, і ў яго ўжо ў торбе ад процівагаза пабразгваў пры штуршках аб рассыпаныя патроны кацялок, зроблены з гільзы 152-міліметровай гаўбіцы. Праўда, дно ў ягоным кацялку было дужа цяжкое, таму Чубар чакаў выпадку, каб раздабыць сабе дзе-небудзь сапраўдны кацялок, лепей — нямецкі, які зручна насіць пры баку, але пакуль еў з гэтага, самаробнага. Ён і цяпер дастаў яго з торбы, паглядзеў, павярнуўшы да віднага, у глыбокую сярэдзіну, а тады дачакаўся, калі Шпакевіч апошні аддасць чарпак, наліў, дакладней, наклаў дымнага крупніку і, узяўшы са скрыні з агульнага парэзанага бохана ладны кавалак сялянскага хлеба, адышоўся да сцяны, сеў на ранейшае месца.

Крупнік быў звараны густа і пахнуў не толькі мясам, а і сякімі-такімі прыправамі, зразумела, мясцовымі, якія не кожны меў здольнасць адгадаць; у тэрмасе ён захаваўся зусім гарачым, быццам цяпер вось з катла, таму ажно апякаў нёба і язык у роце; і есці яго партызаны не надта хапаліся, сёй-той нават астуджваў, дзьмухаючы зверху на лыжку. Затое Чубару ў гэтай справе не трэба было дужа прыстасоўвацца — яшчэ ў дзіцячай працоўнай камуне, а затым і ў каморніцкай школе, дзе не даводзілася залішне раскашаваць з харчам, дзякаваць богу, абы трапіла што на вячэру ці на сняданак, ён так навучыўся варочаць на языку гарачую страву, што іншыя часам дзіву даваліся, маўляў, да Родзькі далёка нават тым штукарам, якія агонь пры народзе ў цырку глытаюць. Сказаць, дык і Чубар, вядома, тады, у малым узросце, часта меў ахвоту паказаць спрытнасць сваю ў паглынанні гарачай ежы, балазе, што сярод такіх жа малых блазнюкоў, як і сам Чубар, заўсёды знаходзіліся таксама і падбухторшчыкі, якія гатовы былі аддаць сваю частку, пакуль аднаго разу повар, стары чалавек, у каморніцкай школе не напалохаў яго — глядзі, хлапец, ад гарачага ў жываце ўсялякія страшныя хваробы бываюць. Пасля гэтага Родзька не тое каб перастаў паказваць свае практыкаванні, але нібыта сцішыўся, прынамсі, калі і рабіў далей іх — цяжка было адбіцца адразу ад жадаючых падзівіцца, то ўжо яўна з насцярожлівым утрапеннем, акурат сапраўды баяўся невылечных балячак усярэдзіне. Ну, а з цягам часу і патрэбы такой — выступаць ды паказваць — не стала: пачалася калектывізацыя, і ён, пакінуўшы няскончанай каморніцкую школу, пайшоў разам з дарослымі ствараць па вёсках калгасы. Але практыка ёсць практыка. Нездарма ж кажуць, што ўмеламу не толькі рукі, аднак і язык не баліць. У кожным разе, для Чубара ніколі ў жыцці не складала праблемы гарачае есці ці пачакаць, пакуль астыне, усё залежала ад умоў, якія складваліся на той момант. Ён і цяпер, лішне не выдаючы пасярод абеда сваю прысутнасць на млыне, апрастаў крупнік у самаробным кацялку і, аблізаўшы старанна — да першай вады — лыжку, сунуў яе ў цесную халяву правага бота. Тым часам усе яшчэ былі заняты абедам, і ніхто не звярнуў увагі на тое, што Чубар свой абед скончыў першы, а партызан, што прынёс у млын тэрмас з крупнікам, чамусьці не прапанаваў яму дабаўкі, хоць яна Чубару і не патрэбна была, хіба, не хапала толькі запіць чым. Дзіўна, але ад доўгага і бесперапыннага знаходжання тут, у млыне, Чубару нават і ў галаву не прыйшло, што млын стаіць на вадзе, якая ўвесь час паціху плешчацца ўнізе, пад дошкамі падлогі, і да якой праз разабраныя каля адной сцяны дошкі няцяжка дастаць кацялком, няхай нават, калі давядзецца чапляць яго на вяроўку ці рэмень. Адкінуўшыся назад, Чубар прыхінуўся спіной да сцяны і ўсё роўна як ад вялікай стомы заплюшчыў вочы. Робячы так, Чубар не збіраўся нават прыкархнуць, не тое аддавацца цалкам ва ўладу сну, да таго ж, дзіўна было спадзявацца, што сон наогул возьме чалавека ў такіх абставінах; ён хацеў толькі расслабіцца ды пасядзець убаку ад людзей, да якіх яшчэ не паспеў як след прывыкнуць і якія, можна сказаць, пакуль былі для яго амаль чужыя, дарма што ўжо ставіліся да верамейкаўскага старшыні з поўным даверам. Але Чубар разумеў, што давер гэты ішоў да яго праз Шпакевіча. Усяму прычынай быў колішні ягоны спадарожнік. Як на тое, лёс неспадзявана звёў іх каля Бесядзі нанава, цяпер ужо, бадай, на больш трывалай глебе, бо другая вандроўка за лінію фронту вымагала разам з усім і вяртання назад.

Седзячы ціхутка вось так каля сцяны і не адкрываючы вачэй, Чубар неўзабаве ўлавіў слыхам, як пачалі перамаўляцца аб нечым паміж сабой партызанскія камандзіры. Пры гэтым ён не стаў знарок дападаць вухам да іхняй размовы, злашча, што яна, гэта размова, і сама, мусіць, не далася б яму на адлегласці. Але неўзабаве галасы і наогул сталі то аддаляцца ад Чубара, то набліжацца. Не паспеўшы, а дакладней, не здолеўшы асэнсаваць такой акалічнасці, Чубар нечакана заснуў, і Шпакевічу праз нейкі час давялося будзіць яго.

— Чубар...

— Га,— зварухнуўся Радзівон у адказ.

— Хадзем.

Усё роўна як не бачачы вакол сябе, Чубар ускочыў на ногі, тыцнуўся туды-сюды, тады навобмацак знайшоў на падлозе каля сцяны сваю торбу ад процівагаза, узяў вінтоўку.

— Хадзем, нас чакаюць,— зноў гукнуў яго Шпакевіч, нібыта наперад здагадваючыся, што той будзе доўга вось гэтак корпацца ў зборах.

З млына яны выходзілі апошнія.

Невыразны і волглы восеньскі дзень яшчэ трымаўся нейкім чынам на дварэ, але ўжо, мусіць, моцна хіліўся да вечара. Па вадзе, што збіралася, быццам укоптарак, перад збуцвелай драўлянай запрудай, плыло апалае лісце, а ў ракітавых зарасніках уздоўж рачулкі, якая нягледзячы на павольнасць усё-ткі вырывалася з-пад млына, крывавіла скрозь яшчэ ні разу не чапаная марозам каліна.

— Няйначай, сёлета ранняя будзе зіма,— зыходзячы з няведама якіх прыкмет, сказаў раптам Карханаў.— Якраз нам, партызанам, гэта дарэчы. А вось там, на фронце...— Ён кіўнуў галавой на левы бок ад сябе, дзе, па ўсёй верагоднасці, быў усход, але чамусьці не стаў працягваць далей, звярнуўся да Шпакевіча з Чубарам.— Ладна, таварышы, не будзем вас затрымліваць. З богам, як кажуць, хоць і ўсе мы тут атэісты. Гусеў з групай вас чакае яшчэ сёння, то якраз паспееце да паўночы. А мы таксама рушым далей.

 

ІХ

Дзіўна, але за пяцьдзесят з лішнім гадоў Зазыба, бадай, не запомніў у сваім жыцці ні адной яшчэ восені, каб вось гэтак, як сёлета, убачыць першы снег не з акна, як звычайна здаралася. Ён наглядаў за ім пасярод дня ў лесе, куды хадзіў шукаць барсукову нару. Справа ў тым, што ў Масея ўсю восень у грудзях моцна, ажно да надрыву ўсярэдзіне, біўся кашаль, і Марфа Давыдаўна, баючыся скарацечных сухотаў, якія маглі пачацца праз турму, угаварыла бацьку здабыць барсуковага сала: ім вясковыя людзі па-даўнейшаму, яшчэ з таго, як не хапала дактароў, лячылі такую хваробу.

— У кожным разе,— казала яна,— шкоды ад барсуковага сала сыну не будзе, нават калі і хваляванні пра хваробу выйдуць дарэмныя.

Барсукову нару Зазыба адшукаў без асаблівай цяжкасці, у бярэзніку, што за верамейкаўскім возерам, бо наперад здагадваўся, дзе яна блізка ад вёскі можа знаходзіцца. Але па калянай зямлі нельга было зразумець, дома цяпер гаспадар ці недзе пакуль бадзяецца. «Няйначай,— разважыў Зазыба,— давядзецца колькі дзён пацікаваць за нарой збоку, а тады ўжо на штосьці пэўнае рашыцца». У Зазыбы толькі і знайшлося сёння работы, што выбраць ды ссекчы ёмісты дубец, каб стаяў ужо, прыхаваны, напагатове, бо ні стрэльбы, ні капкана ў доме не было, адсюль спадзявацца належала на гэту доўгую, нібыта рагаціна, з якой мужыкі ходзяць на вялікага звера, палку ды на сваю паваротлівасць, нават спрытнасць, калі наогул апошняя яшчэ ўласціва чалавеку ў такім немаладым узросце. Ну, ды наракаць на сябе Зазыба тым часам, здаецца, таксама не збіраўся і дапамогі прасіць ні ў кога з суседзяў не думаў, нават сына і таго клікаць на такую справу намеру не меў. Словам, з паляваннем на барсука справа знаходзілася цалкам, як кажуць, у стадыі падрыхтоўкі. А пакуль барсук самым спакойным чынам жыў сабе ў нары (трэба думаць, што ён усё-ткі перастаў бадзяцца на волі і асталяваўся ўжо там на зіму), Зазыба, накіроўваючыся назад у вёску, паварочваў спакваля свой клопат у думках зусім на іншае. Уласна, то быў і не клопат у поўным сэнсе гэтага слова. Звычайны ўспамін. Чамусьці зноў, але цяпер ужо нібыта без дай прычыны, нават без аніякай асацыяцыі, на памяць прыйшло колішняе знаходжанне ў махноўскім палоне і выратаванне з яго, што адбылося потым. Дзіўна, аднак сёння ўсё гэта — здаецца, першы раз у жыцці — не выклікала здаволенасці. Проста адно думалася, усё роўна як самахоць перагортвалася на ветры перад чалавекам старонка за старонкай кніга. Але першыя ж сняжынкі, што раптам упалі паміж дрэў з нізкае хмары, моцна апякалі Зазыбаў твар, спынілі рух ягонай думкі.

На старой Ігнацькавай пасецы, куды неўзабаве Зазыба вышыбаваў, лічы, наўздагад, снегу ўжо было — калі мераць старой вясковай меркай — роўна па забарасні. Укрыў ён сабой тут усё, у тым ліку і шматлікія мурашнікі, якія цяпер чамусьці нагадвалі паменшаныя валатоўкі, што засталіся з далёкага часу ў сасняку каля верамейкаўскага бальшака. З гэтай пасекай і з гэтымі мурашнікамі ў Зазыбаў была звязана адна сямейная акалічнасць, ледзь не паданне, пра якое не забывалі: некалі Дзянісаў бацька, Яўмен Зазыба, вазіў сюды на возе свайго бацьку, Міхалкавага Івана, калі ў таго адняло было правы бок, і добра-ткі вылечыў. Праўда, націралі хворага таксама і мядзведжым тлушчам, ці, як у Верамейках кажуць,— салам. Але чамусьці ўсе лічылі, што хвароба прайшла якраз праз гэтыя мурашнікі: дзеля такой патрэбы Дзянісавага дзеда клалі на іх без сподняга. Адбылося тое вылячэнне даўно, яшчэ тады, як Зазыба меў зусім нямнога гадоў і, можа, у выніку падобнай прычыны гатовы быў нават сведчыць дзе хочаш, што ён таксама разам з бацькам вазіў сюды дзеда. Ва ўсялякім разе, месца гэтае, дакладней, мурашовыя кучкі ў доме Зазыбаў, заўсёды ўспаміналі добрым словам, ды і не толькі ў адным іхнім, бо пасля паспрабавалі ў Верамейках мужыкі такога сродку ад шмат якіх хваробаў, незалежна ад таго, неабходна гэта было рабіць у кожным канкрэтным выпадку ці не. Нават ад дзікоў раней, калі тыя ў вялікім мностве папасваліся тут, у забяседдзі, усім канчанскім канцом жэрдкамі засланялі.

Апынуўшыся на Ігнацькавай пасецы, Зазыба адразу спыніўся, тады назад азірнуўся. Снег і цяпер усё яшчэ рабіў сваю справу — неадкладна, проста на вачах, засыпаў ужо нават не зямлю, а ў каторы пласт самога сябе і найперш Зазыбавы сляды, робячы такім чынам саму ягоную прысутнасць у лесе ўсё роўна як дарэмнай і непатрэбнай. Але, тым не менш, ужо ў наступны момант якраз гэтая акалічнасць раптам і ўразіла Зазыбу. Прыйшла думка — снег не толькі тут адбіткі ног яго ды мурашнікі засыпае; ён накрывае далёка навокал усю зямлю, а значыць, і... вайну з яе жахлівымі і крывавымі слядамі. А за гэтай думкай з’явілася другая — цяпер, няйначай, лягчэй стане там, на фронце!..

Здавалася б, хто-хто, а Зазыба павінен быў ведаць, што зімою ў вайне ў параўнанні з летам узнікаюць свае складанасці, і зімою ваяваць абодвум бакам ніколькі не лягчэй, чым улетку, можа, нават наадварот. І, тым не менш, ён трохі пагрэў сябе на такой надзеі, мусіць, таму, што ведаў — багата хто ў акупацыі так разважаў, чамусьці людзі лічылі — немцы тутэйшай зімы не вытрымаюць, і калі самі па сабе не ператворацца ў ледзяшы, то наступаць далей ужо напэўна перастануць, тады і турнуць іх назад цяжкасці не складзе...

Усю восень Зазыба ні на хвіліну не даваў сабе забыць, што ідзе вайна. І, відаць, па той прычыне, што не меў амаль ніякага дачынення да яе, усе падзеі, якія адбываліся вакол і пра якія станавілася вядома яму, успрымаў як нейкія кульмінацыйныя моманты.

Між тым быў ужо час, калі Зазыба пасля сустрэчы ў Гончы з Касьянам Манько палічыў, што нарэшце і ў іх, у забяседдзі, вось-вось скалыхнецца народная хваля, што і тут возьмуцца людзі за зброю. Але спадзяванні яго скончыліся, як толькі па вёсках папаўзлі чуткі, што ў Машавой пасля забойства Панцеляймона Рыгайлы і Яфрэма Яфрэменкі быў арыштаваны падпольны райком.

Пакуль у Верамейках не сталі вядомы падзеі машаўской трагедыі, а злашча — нявысветленым заставаўся лёс падпольшчыкаў, Зазыба ажно колькі разоў у трывозе наведваўся цераз Бесядзь у Гончу да Захара Доўгаля. Яны падоўгу сядзелі там, у Захаравай хаце, кідаліся ў здагадкі, яшчэ трывала не ведаючы, што сапраўды такое магло здарыцца. Аднак у канцы таго ж тыдня, на якім пачалі распаўсюджвацца жахлівыя чуткі, немцы самі абвясцілі, што ў іх рукі трапілі члены мясцовага райкома партыі. У Верамейкі пісьмовую абвестку пра арышты ў Машавой прынёс з Бабінавіч Брава-Жыватоўскі. Пры гэтым ён нібыта прасвятлеў з твару, хоць на словах і не выдаваў сваю здаволенасць — проста шматзначна гаварыў кожнаму стрэчнаму ў вёсцы, маўляў, схадзі, чалавеча, да кузні, прачытай, што там наклеена на дзвярах. Вядома, верамейкаўцы пасля ягоных слоў ішлі туды і чыталі. А там было напісала ад імя «германскай палявой жандармерыі», што вайсковыя ўлады сумесна з мясцовай паліцыяй сапраўды «выкрылі шайку бандытаў, якія называлі сябе раённым камітэтам бальшавікоў». Пералічваліся таксама і імёны арыштаваных: яшчэ даваенны сакратар райкома партыі Касьян Манько, упраўляючы гарадскім аддзяленнем банка Саламон Якубовіч, загадчык сельгасаддзела райвыканкома Андрэй Цішчанка... Але Зазыбу вельмі здзівіў «зварот», які быў змешчаны ў канцы гэтага паведамлення. «Партызаны,— гаварылася ў ім па-руску,— вы робіце злачынствы не толькі таму, што, абараняючы бальшавікоў, перашкаджаеце народу скінуць бальшавізм... Але, што самае галоўнае,— вы не дазваляеце людзям на вызваленай ужо зямлі наладжваць сваё новае і шчаслівае жыццё. У каго яшчэ захавалася хоць кропля чыстага сумлення і хоць крыху развагі, той зразумее, што абарона бальшавікоў, асабліва цяпер, калі кадравая чырвоная армія разбіта, а засталіся скараспелыя часці, якія нічога ў ваеннай справе не разумеюць, справа дарэмная. Жывучы як ваўкі ў лясах, вы не ведаеце, што адбываецца на фронце. Вашы разбойніцкія ўдары ў спіну для немцаў — як камарыныя ўкусы. Яны больш не дапамогуць. Бадзяючыся, як разбойнікі, па лясах, вы тэрарызуеце народ, наклікаючы небяспеку на вашых блізкіх, якім даводзіцца адказваць за вашу дзейнасць перад нямецкімі ўладамі».

Па ўсім — і па змесце, і па складзе гэтага звароту — можна было без асаблівай цяжкасці здагадацца, што пісалі яго не самі немцы, а іх памагатыя. І не ў Крутагор’і, як сцвярджаў Брава-Жыватоўскі, а ў Бабінавічах. Зазыба нават падумаў пасля таго, як ён ад першага да апошняга слова прачытаў зварот, што іхні, верамейкаўскі паліцай, няйначай, таксама прымаў удзел у гэтым, да таго ж у кузні сярод верамейкаўскіх мужыкоў Брава-Жыватоўскі дужа старанна тлумачыў змест лістоўкі, спрабаваў давесці сваімі каментарыямі нават тое, чаго не было ў ёй. Дарэчы, менавіта Брава-Жыватоўскі расказаў там жа ў кузні, што членаў падпольнага райкома акупацыйная ўлада збіраецца судзіць адкрыта, прынародна ў Крутагор’і, куды запросяць і прадстаўнікоў ад кожнай воласці. «Так што,— казаў ён,— мужыкам самім будзе дадзена магчымасць пераканацца, што справа цяпер ужо канчаткова ідзе не толькі да завяршэння вайны ў цэлым, па краіне, а і да ўціхамірання ўсіх нязгодных з новым парадкам тут, на акупіраванай тэрыторыі». Бадай, пры аднавяскоўцах Брава-Жыватоўскі гэтак безаглядна гаварыў упершыню, не лічачы, вядома, выпадкаў, калі збіралася даверлівая кампанія накшталт той, што была на сёлетні вялікі спас у ягонай хаце: усё роўна як чалавек і сапраўды дачакаўся нарэшце спрыяльнага моманту, усё роўна як падзеі ўжо канчаткова пасведчылі правільнасць ягонага апошняга выбару. «Ціснуць немцы пад Масквой нашых,— круціў ён галавой,— ды яшчэ як ціснуць! Хутка кранты наступяць!» Цяжка сказаць, наколькі вялікі поспех сярод верамейкаўцаў меў паліцай ад гэтакай агітацыі, асабліва калі ўзяць пад увагу, што мужык наогул не дужа ахвоча раскрываецца перад кожным і па ўсякаму выпадку. Аднак Зазыба не мог не бачыць тады, што арышт членаў падпольнага райкома і маючы адбыцца суд над імі падзейнічалі на ягоных аднавяскоўцаў моцна. Прынамсі, ранейшыя вольныя размовы — ці то адбываліся яны ў цёплую пару на бярвенні каля стайні, ці то пасля, ужо ў кузні,— дык падобныя размовы з нейкага часу пачалі здавацца ўсім вялікай раскошай, якую наўрад ці займець нанава. Выразней кажучы, ніхто ўжо не спрабаваў пры сведках абмяркоўваць нічога такога, што б пагражала пасля караю. А калі і дазваляў, то гэта, можа, адзін чалавек — вясковы каваль, былы ваеннапалонны Андрэй Марухін.

Між тым, не ўсё з таго, аб чым гаварыў у той час Брава-Жыватоўскі, выйшла акурат так, як ён абяцаў. Напрыклад, немцы не здолелі наладзіць прынароднага суда над арыштаванымі падпольшчыкамі, бо нечакана «галоўнаму бандыту», сакратару райкома Касьяну Манько, удалося нейкім чынам вырвацца ад іх, і гэта зблытала ўсе карты.

Тым часам, здаецца, ці не на другім тыдні пасля гэтага, у Верамейках выбіралі старасту. У вёску, акурат напаказ, у звычайнай таратайцы прыехалі з Бабінавіч камендант Гуфельд і бургамістр Брындзікаў. Апошняга верамейкаўцам даводзілася бачыць раней, калі ён, як старшыня сельскага спажывецкага таварыства, наведваўся па службовых справах у вясковую краму, а аднаго разу нават праводзіў агульны сход пайшчыкаў у будынку мясцовай школы. Карацей кажучы, бургамістр для верамейкаўцаў не складаў асаблівай цікавасці, нягледзячы, што цяпер ён з’явіўся ў новай якасці. Іншая справа — камендант Гуфельд. Пра Гуфельда дагэтуль у Верамейках шмат чаго былі наслуханы, зрэшты, як і па ўсёй воласці, уключаючы і тыя населеныя пункты, што незалежна ад адміністрацыйнага падзелу падпарадкоўваліся яму, як вайсковаму палявому каменданту,— маўляў, Адольф і такі і гэткі, таго заслужана пакараў, а гэтаму наадварот — дапамог,— таму ён меў усе падставы выклікаць у вяскоўцаў цікавасць да сваёй асобы. Аднак, тым не менш, верамейкаўцы праявілі здзіўляючую стрыманасць да абодвух прыезджых. Прынамсі, па сваёй ахвоце ні адзін чалавек з усяе вёскі не паспяшаўся на калгасны пляц, дзе быў прызначаны агульны сход. Мабыць, ніхто яшчэ не паспеў забыць, як ужо аднойчы яны вялікім гуртам пастаялі на тым пляцы супроць браневіка пад настаўленым кулямётам, пакуль салдаты маршавай калоны шукалі па вёсцы тапельца. Давялося цяпер Брава-Жыватоўскаму з Драніцай прайсці Верамейкі паўз вокны з канца ў канец ды і завулкі пры гэтым не мінуць.

Зазыба ішоў на сход, маючы ў галаве сваю размову з Касьянам Манько ў Гончы, у Доўгалевай лазні, калі сакратар падпольнага райкома раіў яму памеркаваць наконт таго, каго выбраць у Верамейках старастам. Але тады чамусьці здавалася, што прымаць канчатковае рашэнне дзеля гэтага давядзецца не хутка, няйначай, стане яшчэ часу сапраўды вольна разважыць. Тым больш што цяпер Дзяніс Яўменавіч нават не сумняваўся, што выбар спыніцца найперш на ім. Верамейкаўцы, здавалася Зазыбу, не захочуць мець над сабой яшчэ каго-небудзь. Хапае ўжо Брава-Жыватоўскага. Нельга было не ўлічваць Зазыбу пры гэтым і наступнае — паліцэйскі даўно гразіўся аддаць яму «грамадзянскую ўладу на вёсцы». Такім чынам, з аднаго боку, Зазыба ўнутрана супраціўляўся таму, што чакала яго наперадзе, з другога — ён усё роўна як цешыў сябе, што верамейкаўцы і тут наўрад ці захочуць без яго абысціся. Праўда, апошняе пачуццё ўсё-ткі выразна ў ім не выявілася, хутчэй яно ўзнікла несвядома.

Тым часам на самой справе ўсё выйшла насуперак Зазыбаваму непакою.

Гуфельд, які запомніў Зазыбу яшчэ з нарады «мужоў даверу» ў Бабінавічах і які пагражаў тады разабрацца, хто вінаваты, што сяляне падзялілі пасевы і калгасную маёмасць у Верамейках, не дазволіў нават абмеркаваць Зазыбаву кандыдатуру на старасту ў вёсцы. Седзячы, быццам колішні мясцовы пан, на лавачцы ў таратайцы, ён раптам насцярожыўся і адмоўна секануў па паветры бліскучым шомпалам, калі пачуў, што хтосьці ў натоўпе сялян, а затым і бургамістр Брындзікаў пачалі называць Зазыбава прозвішча. Брындзікаў тут жа спахапіўся, растлумачыў верамейкаўцам: «Былы намеснік старшыні калгаса вашага мае правіннасць перад нямецкай уладай, за якую яшчэ не панёс пакаранне».

«А што тама ў яго за правіннасць? — выгукнулі галасы з натоўпу.— У чым яна, а то мы дак тута і не знаем пра яе». Аказваецца, нарэшце даведаліся ўсе верамейкаўцы, што нельга было без дазволу, на свой розум, распускаць калгасы. Гэта нечаканае адкрыццё не тое што збянтэжыла былых калгаснікаў, аднак прымусіла хвіліну-другую падумаць. Тады камендант акурат злітаваўся над імі. «Вы можаце,— дазволіў ён,— выбраць яго, вашага Зазыбу, раз ужо так хочаце, намеснікам валаснога агранома тут, у сваёй вёсцы».— «Намеснік агранома, дык намеснік агранома»,— сказаў за ўсіх, нібыта ўступаючы Гуфельду, Брава-Жыватоўскі і назваў у старасты Рамана Сёмачкіна. Верамейкаўцы паціскалі плячамі, аднак на Рамане ўсё-ткі неўзабаве сышліся. Затое патрапяталіся яны, ды і нямала, калі Гуфельд прапанаваў у дапамогу паліцэйскаму стварыць самаахову. «Справа гэта новая,— казаў ён праз перакладчыка,— прынамсі, у вашай практыцы. Здаецца ж, і ў старой Расіі нічога падобнага не стваралі. Але і цяпер самаахова ўводзіцца ў нашай воласці раней, чым дзе. Гэта будзе адна з новых форм масавай грамадскай творчасці. Наша камандаванне і наша цывільнае кіраўніцтва, якое адказвае за далейшае развіццё вашага краю, ускладаюць надзею, што ваш прыклад хутка наследуюць па ўсёй заваяванай тэрыторыі. Скажу шчыра — справа гэта патрэбная, і ў першую чаргу для вас. Вы ж самі маглі пераканацца, што без самааховы немагчыма мірным чынам ладзіць новы парадак. Успомніце хоць бы згарэлае на вашым палетку збожжа. А вось калі б у вашай вёсцы да таго ўжо існавала самаахова, такое не здарылася б, бо кожны мусіць клапаціцца пра свой набытак і лепш пільнавацца навокал».

І хоць ахвотнікаў уступаць у самаахову сярод прысутных на пляцы не знайшлося, аднак усе мужыкі, каму не стукнула шэсцьдзесят, мусілі запісацца ў памочнікі да Брава-Жыватоўскага. Пасадзейнічалі гэтаму верамейкаўскія кабеты. І зусім не з-за рэўнасці ці зайздрасці. Наадварот, з пачуцця салідарнасці, альбо, дакладней, з адчування спрадвечнай перасцярогі. Напрыклад, выгукнуў хтосьці з натоўпу ў самаахову Івана Падзерына, а Іванава жонка, Гануся Падзерына, тут жа паспяшалася, доўга не думаючы, назваць Сілку Хрупчыка, дарма што той, лічы, аднарукі. І гэтак далей. Па прынцыпу — маўляў, раз мой дурань па вашай дабраце трапіў у спіс, то няхай тады і твой будзе там. Тым больш што яно і выбіраць вельмі не было з каго: мужчыны ў Верамейках паддаваліся пераліку на пальцах. Аднаго каваля, Андрэя Марухіна, ніхто не назваў — ці сапраўды верамейкаўцы забыліся пра яго ў выбарчым запале, ці, можа, пабераглі такім чынам.

Дзіўна, але ў Верамейках Адольф Карлавіч (каменданта цяпер мала хто называў Гуфельдам, часцей — Адольфам Карлавічам) чамусьмі не стаў паказваць сябе ў заўсёднай сваёй ролі — руплівага ды справядлівага айца-барына, які галубіць за добрыя справы адных і карае за кепскія другіх. Мусіць, яго цалкам задаволіла свядомая «актыўнасць», з якой аднесліся верамейкаўцы да стварэння ў вёсцы органаў новай улады, асабліва да ўвядзення мясцовай самааховы. Прынамсі, ні ў што іншае ўмешвацца ён не захацеў, калі, вядома, знарок не зрабіў выгляду, што не захацеў. Адпаведна яму дзейнічаў і бургамістр Брындзікаў. Ну, а верамейкаўцам акурат гэта і трэба было — абы д’ябал з вачэй.

Разыходзіліся верамейкаўцы са сходу тады шумна. Гэта запомніў Зазыба. «От жа людзі гэтыя, мае аднавяскоўцы,— нязлосна, але з пэўнай доляю горычы ў душы ўсміхаўся ён сабе.— На сход збіраліся ўнураныя, быццам статак у дождж, а са сходу ідуць як пасля скокаў. Радуюцца, мабыць, што абдурылі гамузам немца. Але ж яшчэ паглядзець трэба, што з гэтага атрымаецца. Цяпер ужо і праўда, як хацеў таго Брава-Жыватоўскі, усе ў вёсцы павязаны адной вяроўкай. Толькі невядома, хто за яе торгаць мецьме...»

Між тым, як паставіцца да свайго выбрання намеснікам валаснога агранома, Зазыба, прызнацца, нават не ведаў. Аднак разумеў, што Гуфельд, дазволіўшы сялянам выбраць яго, дараваў гэтым самым і правіннасць, за якую ўсё пагражаў пакараць, а можа, проста адклаў справу на потым, бо чамусьці не верылася, што той у часе вясковага сходу забыў пра свае пагрозы. Як кажуць, адпусціў з богам дамоў і тады, пасля нарады «мужоў даверу» ў Бабінавічах, не стаў затрымліваць і цяпер. Вядома, за «забыўлівасцю» такой магла стаяць таксама і пэўная палітыка, менавіта ягоная, гуфельдаўская. Ды разбірацца ў ёй Зазыбу не было як, у кожным разе, дзеля гэтага неабходна было па меншай меры хоць бы што-кольвечы пэўнае ведаць пра свайго праціўніка, а не толькі пра дзівацтвы яго. Адно мог тады выразна сказаць Зазыба — прыкрасці асаблівай ад выбрання ён не адчуваў, успрымаў сваё прызначэнне на новую пасаду ў вёсцы як непазбежнае. Урэшце, ягоную згоду, нават калі б яна і падлягала асуджэнню, можна было растлумачыць зусім проста: мусіць, так хацеў некалі і Касьян Манько, дарма што не змушаў.

Тым часам усё настойлівей хадзілі чуткі па правы і па левы бок Бесядзі, што сакратара падпольнага райкома партыі, якому нейкім чынам пашанцавала выратавацца ў Крутагор’і з былой гарадской гасцініцы, а цяпер палявой жандармерыі, бачылі людзі то на бальшаку за Белай Глінай, там, дзе ў стары час стаяў Цярэшчанкаў бровар, то ў лесе каля Панькаўскай Буды, то яшчэ ў якім-небудзь не вельмі патаемным месцы. Зазыба з Захарам Доўгалем чакалі, што той неўзабаве аб’явіцца і ў Гончы таксама. Але Касьян Манько чамусьці не прыходзіў. Не паступала ад яго таксама вестак. Нарэшце настаў час, калі Захар Доўгаль сказаў Зазыбу: «Ты, Дзяніс, дарэмна не бегай к нам у Гончу. А то яшчэ застудзішся, пераходзячы раку, бо не кожны раз на вашым беразе човен бывае. Лепей сам я прыскочу ў Верамейкі па цябе, калі што якое».

Зазыба так і зрабіў. Стаіўшыся ў сваіх Верамейках, ён стаў чакаць, пакуль зноў хоць што-небудзь праясніцца на змрочным небасхіле фашысцкай акупацыі. Па абавязках намесніка валаснога агранома ў вёсцы за ўвесь час яго ні разу не патурбавалі з Бабінавіч. «Відаць, таму,— растлумачыў Дзянісу Яўменавічу Брава-Жыватоўскі пры сустрэчы,— што рабіць цяпер, увосень, няма чаго. Пачакаем да вясны, тады ўжо,— і нібыта паўшчуваў: — Урэшце, было не распускаць свайго калгаса, цяпер бы вось і быў пры дзеле. Праўда, у іншых вёсках здаюць збожжа. Але нас камендант нібыта вызваліў. Гэта я ўжо пагаварыў з ім. Дай, думаю, і я займуся дабрадзейнасцю перад верамейкаўцамі. Некалі рабіў ім усялякае дабро-заступніцтва Зазыба, а цяпер стану рабіць тое ж я. Можа, такім чынам і я ў давер нарэшце ўвайду да іх».— «Ну, ну»,— кіўнуў на гэта з усмешкай Зазыба. «Вось я і кажу каменданту, што ў Верамейках жыта амаль усё згарэла ў Паддубішчы, а ячмень ды пшаніца... Словам, пакуль невядома нічога ні пра ячмень, ні пра пшаніцу. Урэшце, калі і будзем здаваць якое зерне, то ссыпаць давядзецца недзе тут, у вёсцы. Пра гэта я таксама дамовіўся з Адольфам, каб не везці куды ў свет. А вось мяса нашы мужыкі ды бабы няхай рыхтуюць. З надыходам маразоў давядзецца сяму-таму расстацца з цялушкамі...» — «А чаму да маразоў? — спытаў Зазыба.— Чаму не цяпер?» — «А ты сам у Адольфа спытай. Ты ж таксама начальства ў вёсцы».— «Якое там начальства!.. Ці ж другому прабіцца цяпер паміж табой і Раманам Сёмачкіным? Не, я ўжо сваё адхадзіў у начальстве раней».— «Ну, а я ў гэтым не вінаваты,— зусім сур’ёзна, не заўважаючы Зазыбавага прытворства, развёў рукамі Брава-Жыватоўскі.— Было самому свой інтэрас пільнаваць, быў бы ў вёсцы не старастам па зямлі, а поўным старастам».— «А можа, яно, што па зямлі, дык і лепей,— прытвараўся далей Зазыба.— Не будзе пасля клопату вялікага. Ну, пажураць свае трохі, дый... Некаму ж за зямлёй таксама трэба глядзець». Брава-Жыватоўскі пасля гэтых Зазыбавых слоў ажно зарагатаў: «Кідаў бы ты, Зазыба, свае дзівацтвы. Усё не верыш, што бальшавікам, як немцы кажуць, капут. Альбо выгляд робіш, што не верыш? На вось, чытай!» — сказаў і тут жа дастаў з унутранай кішэні цёплага паліто на аўчыне пацёртую газету, якая ад частага разгортвання ды пераходу з рук у рукі ўжо мела амаль старавечны выгляд. То была «Правда». Зазыба ўспомніў, як падмануўся аднойчы ў Бабінавічах, прыняўшы спярша за сапраўдную газету фашысцкую падробку, што друкавалася недзе ў Прыбалтыцы, у Рызе, таму гэту цяпер распасцёр у руках, балазе, у той дзень не было ветру на вуліцы, паўглядаўся на ўсе старонкі. Не, гэтая была сапраўдная, выпушчаная ў Маскве. Нягледзячы, што мела паношаны выгляд, але чысло, якім выйшла ў свет, значылася на ёй зусім нядаўна: 22 кастрычніка. Зазыбу даволі было пераканацца, што ў руках яго знаходзіцца не падробка нямецкая, як вочы адразу знайшлі тое, з-за чаго БраваЖыватоўскі, уласна, і рашыўся паказаць газету,— «Пастанова Дзяржаўнага Камітэта абароны», у якой гаварылася: «Гэтым аб’яўляецца, што абарона сталіцы на рубяжы, які знаходзіцца за 100—120 кіламетраў ад Масквы, даручана камандуючаму Заходнім фронтам генералу арміі Жукаву... З мэтаю тылавога забеспячэння абароны Масквы і ўмацавання тылу войск, якія абараняюць Маскву, а таксама з мэтаю папярэджання падрыўной дзейнасці... Дзяржаўны Камітэт абароны пастанавіў: 1) увесці з 20 кастрычніка 1941 года ў горадзе Маскве і ў раёнах, прылягаючых да горада, асаднае становішча». Значыць, чорныя стрэлы на нямецкіх картах, якія дасюль даводзілася бачыць верамейкаўцам, у тым ліку і Зазыбу, нездарма даходзілі з паўночнага боку ажно да Сонечнагорска. Ад чыгуначнай станцыі Крукава, якую немцы таксама наносілі на карты, да Ленінградскага вакзала сталіцы заставалася ўсяго сорак кіламетраў... «Ну што ж,— пасля некаторай збянтэжанасці сказаў Зазыба,— звычайная з’ява: ці мала хто да Масквы даходзіў!.. А пасля аказвалася, што гэтага недастаткова. Чуў жа, нябось, як у народзе здаўна кажуць — хоць вы нас капут, то мы не галём?» — «Ат,— з раззлаванай прыкрасцю павярнуўся ісці ад яго Брава-Жыватоўскі,— табе хоць кол на галаве чашы!..»

Тым часам з самааховай у Верамейках атрымалася і зусім смешна.

Паколькі на вёску, што складалася з паўтараста двароў, па нямецкіх мерках належала мець не меней як пяць паліцэйскіх — з разліку адзін паліцэйскі на трыццаць двароў, то Брава-Жыватоўскаму, відаць, не цяжка было дамагчыся ў Бабінавічах дадатковай зброі. Праўда, немцы не вельмі расшчодрыліся. На верамейкаўскую самаахову камендант Гуфельд загадаў выдаць пад адказнасць Брава-Жыватоўскага яшчэ адну бельгійскую вінтоўку і паўтара дзесятка патронаў да яе, як часта гаварыў Мікіта Драніца, з шырокімі срачкамі. Насілі вінтоўку самаахоўцы па чарзе — каму выпадала вартаваць на вёсцы, той і агульную вінтоўку да сябе на гэты час браў. Першаму давялося хадзіць уначы з вінтоўкай Івану Падзерыну. «Нічога,— сказаў ён назаўтра мужыкам,— па етым жыць можна. Акурат у старым рэжыме. Можаш сабе па вуліцы хадзіць, а хочаш — да жонкі падавайся. Нікому да цябе справы няма, і ніхто цябе не бачыць». Другому выпала вартаваць вёску Сілку Хрупчыку. Той таксама свае адносіны выказаў: «Справа няхітрая, абы ніхто не чапаў цябе». І калі нарэшце чарга дайшла да Мікіты Драніцы, а той уранні здаваў яе ў наступны двор, то высветлілася раптам, што вінтоўка да стральбы непрыгодная ўжо: на патронніку хтосьці прасвідраваў дзірку. Цяпер з яе, не нарабіўшы шкоды сабе, можна было дазволіць толькі імітацыю стрэлаў. Зразумелая справа, што Брава-Жыватоўскі адразу ж кінуўся па дварах, каб высветліць, хто сапсаваў зброю. Але гаспадары, якім дагэтуль ужо выпала чарга павартаваць вёску з вінтоўкай, адно разводзілі рукамі — маўляў, ці ж мог я прабіць такую адтуліну ў жалезе; тут не проста цвік, а дрыль патрэбны, ды і суседу аддаў яе спраўнай, няхай пацвердзіць.

Сапраўды, у наступным двары гаспадар, як і належыць, з ахвотаю сведчыў — ага, ад яго браў вінтоўку цэлай, таксама і аддаваў непашкоджанай.

Нарэшце следчы ланцуг прывёў Брава-Жыватоўскага да апошняга верамейкаўскага двара — зноў да Мікіты Драніцы. Давялося паліцаю браць сябрука за шчэлепы. А той таксама, акурат як і ўсе іншыя, хто меў дачыненне да зброі,— знаць нічога не знаю і ведаць не ведаю. А ў сваё апраўданне довад прывёў: «Не маглі ж яны, як тэй таго, нашы мужыкі, заляпіць ету дзірку так, што я не ўбачыў».— «Можа, ты п'яны быў?» — пытаўся Брава-Жыватоўскі. «А пры чым тута, як тэй таго, ета? — няйначай, спадзеючыся на дружбу, талопіў, тым не менш, свае наіўныя вочы Драніца.— Мог жа я ету дзірку, як тэй таго, заўважыць сянні, дак чаму тады не мог учора, калі б яна была?» — «Значыць, нехта прасвідраваў патроннік уначы, калі вінтоўка знаходзілася ў цябе. Прызнайся, дзе ты быў, што рабіў і чым займаўся?» — «А нідзе, як тэй таго, і нічым!» —з той жа наіўнасцю ўпарціўся Драніца. Нарэшце знямогся: «Ну, выпіў увечары трохі, як тэй таго. Хадзіў-хадзіў у цемры па вуліцы, як тэй таго, пасля і заглянуў на агеньчык да Васілёвічавай Вулькі».— «Які там яшчэ агеньчык? Якая Васілёвічава Вулька?» — «Ну, звычайны, як тэй таго, агеньчык, звычайная, наша верамейкаўская Вулька. Ціснула ў Карнеевай ёўні ўчора, як тэй таго, каланіцу, казала, бытта на даўгі ранейшыя. Ну, я і хлабыснуў тама ажно два карцы, як тэй таго, з-пад самага карыта, яшчэ цёплую, а заесці не было чым. Ведама, баба. Ета ж каб мужык, як тэй таго, самагон еты гнаў, дак і закусь пры сабе трымаў бы. А то адна цыбуліна была. Ну, я і з капытоў, відаць, адразу далоў, як тэй таго».— «Дзе, у Вулькі?» — «Не, па дарозе к дому, як тэй таго. Але як прачнуўся назаўтра, дык вінтоўка са мной ляжала. Пра ета я помню, як тэй таго. А зрэшты, чаго ты ўспудзіўся? Раз нельга будзе цяпера страляць з яе, етай вінтоўкі вашай, дак бяры сабе, як тэй таго, усе нашы патроны і палюй на каго хочаш, вунь надоечы, здаецца, дзікі прыходзілі пад самыя Падліпкі».

Як кажуць, з ідыётам далей парога не паедзеш, бо навошта?

Брава-Жыватоўскі грэбліва паморшчыўся з Мікітавай парады, перадражніў: «Дзікі, дзікі, як тэй таго! Адкуль тым дзікам узяцца было?» — «А чаму б і не? Ласі ж аднекуль прыйшлі, як тэй таго?»

Бачачы, што Драніцу мала абыходзіць загадкавая гісторыя з вінтоўкай, Брава-Жыватоўскі рашыў прыстрашыць вясковага недарэку: «Ты глупства не гарадзі, Мікіта,— сказаў ён ужо без крыку, але зусім строга.— Раз дапусціў правіннасць, рыхтуйся адказваць. Давядзецца адвесці цябе ў воласць ды пасадзіць там у халодную. Будзе тады табе цёпленькая. Адразу працверазееш».— «А я і так не п’яны, як тэй таго. Толькі як ты мяне павядзеш?» — «А на шворцы!» — «Ну, ты дужа не палохай, як тэй таго!» — «Я не страшу, але ў Бабінавічы ўсё роўна павяду».— «Ну і вядзі, як маеш! Але нашы мужыкі, як тэй таго, не маглі зрабіць у зялезе такую дзірку. Ета ж прасвердліна. А свярдзёлак так, як тэй таго, быў у вёсцы толькі ў Васіля Шандабылы».— «У Васіля?» — «Дак Васіль жа на фронце».— «Добра, праверым!»

Сапраўды, нічога не заставалася, як падацца на Шандабылаў двор. «Дзе Васілёў дрыль?» — спытаў паліцэйскі Шандабылаву жонку, якая выбірала апошнюю бульбу на гародзе за хатай. «Дак дзе яму быць, як не дома»,— з ахвотаю адказала кабета і, атрэпваючы на хаду рукі аб суконны андарак, павяла БраваЖыватоўскага ў кладоўку.

Аказалася, Шандабылаў інструмент ляжаў дома і ад бяздзейнасці, калі можна сказаць так, зрабіўся чорны. Ва ўсякім разе, дрыль ніхто не браў з хаты дасюль, а тым больш не выкарыстоўваў яго для свідравання адтуліны ў вінтоўцы, іначай гэта лёгка можна было б цяпер выявіць. Значыць, у Верамейках яшчэ ў кагосьці ёсць падобны інструмент. Зразумела, што падазрэнне ў першую чаргу пала на Андрэя Марухіна. «Няўжо палонны? — усё роўна як схамянуўся Брава-Жыватоўскі.— Ну і прымак! І як гэта я не падумаў адразу?» Але дарэмна паліцэйскі паціраў адна аб адну далоні: новы верамейкаўскі каваль наадрэз адмовіўся ад абвінавачання, дазволіўшы Брава-Жыватоўскаму зрабіць у кузні і ў Хахловым доме, дзе ён жыў, павальны вобыск. «Гэта ж адмысловы інструмент, дрыль, яго ў кузні не зробіш,— паціскаў Андрэй плячамі, назіраючы, як Брава-Жыватоўскі пераварочвае ўсё дагары нагамі.— Ды і як можна было наогул прасвідраваць такую адтуліну ў патронніку, калі вінтоўка знаходзілася ўвесь час пры Драніцу?»

Моцна жадаючы дакапацца да ісціны, Брава-Жыватоўскі зноў падступіўся да свайго сябрука. Але і цяпер Мікіта кляўся і бажыўся, што нават у п'яным выглядзе ён, як і належыць, пільнаваў зброю. «Ты вось што,— параіў Брава-Жыватоўскаму Раман Сёмачкін,— ты, Антон, пакуль не гавары пра вінтоўку каменданту, а то невядома яшчэ, як яно абернецца для самога цябе. Ета ж табе не жартачкі, ета ж цэлая дзіверсія!»

Давялося Брава-Жыватоўскаму сапраўды запасціся помслівай думкай.

А Зазыба ад душы пасмяяўся сабе з нечай даволі не простай вытворы: «Эйш, ты!..»

Ну, а ўсе астатнія мужыкі ў Верамейках дык і наогул адкрыта за жываты браліся. «А галоўнае,— пачалі адзін перад адным выскаляцца дзядзькі,— што з тае цяпера самааховы, калі няма з чаго страляць?» Так і вырашылі без агульнага вясковага сходу, але ўсе дружна: не трэба зважаць, запісаны ўсе ў самаахову ці не, а вартаваць Верамейкі павінен кожны, раз ужо нельга без гэтага цяпер абысціся. З таго дня бельгійская вінтоўка, акурат калека-старац, і павандравала, не абмінаючы ні аднаго двара, з канца ў канец Верамеек.

Тым часам Брава-Жыватоўскі ў сувязі з нядаўняй вытворай прыкідваў у галаве сваё, а Дзяніс Зазыба таксама сваё, гэта значыць адзін імкнуўся выкрыць зламысніка, які пашкодзіў вінтоўку, зрабіў яе непрыгоднай, а другі ўсяго толькі хацеў даведацца, каму ў Верамейках падобная ідэя прыйшла ў галаву і хто на такую справу наогул здатны? Але як Брава-Жыватоўскі, так і Зазыба, губляючыся ў здагадках, прыходзілі да аднаго — няйначай, Андрэй Марухін.

Зразумела, што для Зазыбы была пэўная рацыя як хутчэй сысціся з гэтым чалавекам. Таму ён пачаў наведвацца ў кузню часцей, чым дазваляў сабе раней, з прычынай і без прычыны. Аднак застацца адзін на адзін з кавалём не проста было, бо заўсёды там тоўпіўся верамейкаўскі народ.

Дапамога прыйшла з таго боку, з якога Зазыба ніколі не чакаў яе. Раптам праз нейкі час, здаецца, у самым канцы кастрычніка, вярнуўся з палону Іван Хахол. Прыйшоў ён у Верамейкі глыбокай ноччу, калі стылі пад халоднай імжой саламяныя стрэхі, а вясковыя пеўні ці не другі ўжо раз рыхтаваліся на седалах спудзіць глухую цішыню. Вядома, салдат не чакаў убачыць пасярод ночы ў сваёй хаце чужога чалавека, але, тым не менш, шуму не стаў падымаць. Ды і не было, як ён адразу пачаў пераконвацца, за што. Па тым, як паводзілі сябе ягоныя дзеці,— а іх у сям’і расло адзін за адным чацвёра, можна было здагадацца, што да граху ў Палагі з гэтым незнаёмым чалавекам, нашмат маладзейшым за яе, мусіць, сапраўды не дайшло. Таму ў Хахла хапіла і розуму, і вытрымкі, каб з гарачкі не атруціць той радасці, якая запанавала ў хаце з ягоным прыходам, нягледзячы, што да вайны тут не толькі здараліся сваркі паміж мужам і жонкай, але нярэдка ўзнікалі зацятыя бойкі. Цяпер жа Іванавы паводзіны ў гэтым сэнсе былі бездакорныя, што нават Палагу адным часам здзівіла і ўразіла. «Во ўжо недзе папакутаваў, дак папакутаваў,— пашкадавала яна мужа і, доўга не вагаючыся, тут жа адмовіла свайму пастаяльцу ў прытулку.— Ты ўжо, Грыгоравіч, пашукай сабе сянні ў каго іншага месца». Пры гэтым яна выказала такую рашучасць, што нават гаспадар спярша паспрабаваў за каваля заступіцца: «Навошта чалавека з хаты ўначы гнаць?» — «А ў яго кузня ёсць, каб ноч пераспаць, ну, а заўтра няхай шукае сабе сталае жыллё,— сказала на гэта Палага, вельмі жадаючы пазбавіцца чужой прысутнасці ў хаце, і дадала, каб канчаткова заспакоіць мужа, каб у таго не было ніякага сумнення: — Хопіць з нас, што я етага маладзёна з лагера выслабаніла. Няхай дзякуй скажа». Тады Іван Хахол спытаў: «Ты што, праўда каваль?» — «Умею, канечна, і кавалём быць,— адказаў Андрэй, якому таксама не дужа падабалася заставацца паміж мужам і жонкай.— Некалі малатабойцам у каваля стаяў з паўгода, то навучыўся сяму-таму. Цяпер вось прыдалося».— «Тады Палага праўду кажа,— нечакана разважыў гаспадар,— з такой работай без хаты не застанешся»,— пры гэтым ён усміхнуўся і тут жа нібыта страціў усялякую цікавасць да чалавека, што жыў дасюль у ягонай хаце. Далей ні сябе выпрабоўваць, ні Івана Хахла з ягонай Палагай Андрэй Марухін не стаў. Па-першае, не было ніякага сэнсу рабіць гэта, а па-другое, ён сапраўды меў у душы пачуццё вялікай удзячнасці да гэтай жанчыны, якая зусім не раўня была яму і якая, не зважаючы ні на што, у тым ліку і на тую акалічнасць, што заўсёды існавала магчымасць вяртання мужа, не толькі адважылася вызваліць яго з лагера ваеннапалонных у Яшніцы, аднак і прывяла да сябе ў хату. Таму Андрэй адразу адшукаў свае рэчы, якіх у яго не набіралася на поўную торбу і якія можна было загарнуць у звычайны ручнік, выйшаў на ганак. Затым паклікаў туды гаспадара. «Ты, салдат, не думай благога пра Палагею Хвядосаўну,— сказаў ён.— Няма падставы думаць так. Цяпер усе мы павінны дапамагаць адзін аднаму. Можа, і табе ўжо хто-небудзь у нечым дапамог. А яна мне, твая Палагея Хвядосаўна, бачыш, дапамагла. Так што не трымай за пазухай камень, калі раптам прынёс яго».— «Ладна, разбяромся»,— быццам з неахвотаю адказаў Хахол, павярнуўшы назад у хату. Тым часам Андрэй Марухін, акурат сілячыся скрозь сенцы пачуць галасы, пастаяў яшчэ трохі на чужым ганку, да якога за восень ажно паспеў прывыкнуць, нават прагнілыя дошкі, да якіх гаспадаровы рукі не даходзілі, памяняў ужо, тады закутаў на сабе кажушок, які даў яму адзін чалавек з Кавычач,— таксама, як і ўвесь цяперашні набытак, плата за кавальскую працу,— і рушыў да кузні, дзе ў яго была магчымасць правесці астатак ночы.

Назаўтра ўся вёска ўжо ведала, што вярнуўся з вайны Іван Хахол і што прагнаў з хаты Палагінага прымака.

Зразумела, што да Зазыбы той жа раніцы таксама дайшла такая навіна. «А чаму б нам не ўзяць каваля да сябе»,— прыкінуў ён у галаве і адразу падзяліўся сваім разлікам з хатнімі. «Дак,— быццам разгубілася спярша ад ягоных слоў Марфа, затым чыста па-жаночаму разважыла: — А што яму рабіць тута з вамі? І як ета саўсім будзе выглядаць, што збяруцца тры мужыкі ў доме? Тым часам вэнь колькі двароў у вёсцы застаецца без іх. Як па мне, дак няхай бы ён ужо адразу прыставаў да каго-небудзь і жыў. Без етага цяпер усё роўна не пражывеш. Хата патрэбна, бо што ў той кузні? Ета пакуль не задуло-замяло, дак...» — «Ну, а калі зноў хто вось так, як Хахол, вернецца?» — з дакорам паглядзеў на жонку Зазыба. «А навошта яму ісці да той, што замужам? Ета і Палага непрыгожа зрабіла, што павяла яго да сябе, калі свой недзе быў, няважна, што на вайне ці ў палоне. Муж ёсць муж, абы жывы заставаўся. А дзе ён — няважна. Так што я яе таксама не хвалю і тады не хваліла».— «Дык ці яна ж дзеля гэтага прыводзіла сабе чалавека? — незалюбіў Зазыба.— Па-першае, яны ж зусім не тыя па гадах, а па-другое...» — «Няхай што няроўня і няхай што не для етага, як ты гаворыш, брала чалавека з лагера,— круціла, як у запале, галавой Марфа.— Але самой трэба было думаць, што муж яшчэ недзе жывы. Хоць для прыстойнасці, а няхай. Ці ж ета іх усіх пазабівала тама, раз няма пакуль?» — «Канешна, ты рацыю маеш,— акурат у нерашучасці, пакратаў кончык свайго носа Зазыба.— Але, тым не менш, чалавеку як хутчэй трэба парадак даць. Сама ж кажаш, што па салдатчыных хатах непрыгожа бадзяцца, значыць, у нас...» — «І не абавязкова ў нас,— зноў не згадзілася з мужам кабета.— І не абавязкова да салдатак прыставаць. Ёсць жа ў вёсцы і бязмужнія жанчыны. Узяць хоць бы Ганну Карпілаву».

Зазыба пасядзеў, падумаў.

«На гэтай Ганне ў нас нібыта свет клінам сышоўся!..» — акурат шкадуючы, сказаў ён праз нейкі момант. «Ну, тады рабі, як знаеш,— махнула рукой Марфа.— Вам падказваеш па-чалавечы, а вы ўсё лезеце ў гайна, усё вам карціць...» Зазыба паморшчыўся, але перасіліў унутры сябе прыкрасць і сказаў жонцы зусім весела: «Што ўжо нам цяпер карціць? Нам цяпер абы... Словам, зводнікам я не збіраюся рабіцца, а чалавеку, пакуль што да чаго, пакуль сам разбярэцца, куды яму прыставаць, да чыйго ганку падавацца, трэба памагчы. У гэтым я пераконаны цалкам. І нічога іншага не бачу на сённяшні дзень, як запрасіць да нас».

Так ён і зрабіў, чым усё-ткі засмуціў сваю гаспадыню, бо не ведаў, што Марфа не так сабе настойліва падказвала звесці каваля з Ганнай Карпілавай; яна ахоўвала такім чынам сына, Масея, баючыся, каб саламяная ўдава не ўзялася за таго па-сапраўднаму — ад маці не засталося тайнай, што Масей не адзін і не два разы ўжо наведваўся на яе двор. Калі ж нарэшце Дзяніс Яўменавіч таксама дачуўся пра гэта, дык і яму зрабілася зразумела, чаму Масей праз усю тую ранішнюю размову не ўзяў ні бацькаў, ні матчын бок, карацей кажучы, проста маўчаў.

Дзіўна, але так яно і выйшла, як хацела Зазыбава Марфа.

Андрэй Марухін, якога прывёў да сябе з кузні Дзяніс Яўменавіч, пражыў у Зазыбаў усяго тыдні паўтара. У той час якраз ужо малацілі верамейкаўцы на гумнах збожжа. Ганна Карпілава таксама занялася гэтай справай, злашча, што яе палосу ў Паддубішчы Чубараў пажар тады ўначы зусім не крануў, і адных жытнёвых снапоў хапала цяпер на цэлую асець. Ну, а паколькі без мужчынскіх рук з малацьбой не справіцца было, то яна папрасіла памагчы Зазыбавых — бацьку і сына. Зразумела, што Андрэй дзеля такога выпадку таксама зачыніў кузню і выказаў жаданне ісці працаваць на ток. «Усё-ткі я механізатар шырокага профілю,— пахваліўся ён.— Хоць і не цэпам, аднак жа памалаціў нямала рознага збожжа. Бывала, дні і ночы напралёт па калгасных таках даводзілася пыл глытаць ды мяшкі бабам насіць памагаць».— «А цяпера во Ганне пасобіш,— сказала дужа здаволеная Марфа Давыдаўна.— Да і...» — Але ўбачыла, як звёў над пераноссем бровы Дзяніс Яўменавіч, спахапілася.

За восеньскі дзень, якога звычайна хапае адно выйсці ў дарогу, трое мужчын напакавалі снапамі асець у гумне, падмялі ток і нанасілі карчоў з Зазыбавага двара. Заставалася далей паліць іх праз усю ноч, каб да рання маглі высахнуць снапы. Ніхто знарок не падстройваў, але здарылася так, што паліць тыя карчы ў асеці з Ганнай застаўся палонны: Масей з бацькам вярнуліся начаваць дамоў, чым вельмі ўсцешылі Марфу. З таго вечара каваль больш і не прыходзіў да Зазыбаў, нават няхітрыя рэчы яго не ён сам, а Марфа занесла на новае месцажыхарства, сказаўшы там: «Шчасце ў дом, а д’ябал вон».

Між тым, за паўтара тыдні, якія пражыў Андрэй Марухін у Зазыбаў, гаспадар паспеў добра сысціся з ім. Па душах гаварылі яны адзін на адзін пра ўсё, што было важна і ад чаго залежала, калі можна так сказаць, далейшае жыццё і ў вёсцы і за яе межамі; сягалі, вядома, думкамі і далей забяседдзя, найбольш — туды, дзе вырашаўся лёс вайны. Ад былога танкіста Зазыба ўпершыню даведаўся, як абаранялі нашы войскі Магілёў. Нават не тое што ўпершыню. Гэтак няправільна было б гаварыць. Газеты пра абарону Магілёва пісалі яшчэ тады. Але маштабы абароны, яе гераізм уразілі Зазыбу толькі цяпер, калі расказаў пра яе сам удзельнік. Баявыя часці 61-га стралковага корпуса тады займалі пазіцыі ўздоўж Дняпра ад Оршы да вёскі Дашкаўка, што знаходзіцца па левы бок ад Магілёва, за некалькі кіламетраў ад яго. Сам Магілёў непасрэдна абараняла 172-я стралковая дывізія і 394-ы полк 110-й дывізіі, што асноўнымі сіламі сваімі стаяла паміж вёскай Масток і горадам Шклоў. Актыўны ўдзел у абароне прымалі народныя апалчэнцы. Уласна кажучы, без дастатковай колькасці танкаў, без належнага авіяцыйнага прыкрыцця зверху, без доўгачасовых абараняльных збудаванняў, ва ўмовах акружэння абаронцы Магілёва амаль цэлы месяц вытрымлівалі масіраваны штурм танкаў і мотамеханізаваных злучэнняў ворага. А наогул — абарону Магілёва можна было падзяліць на тры перыяды. Першы — гэта той, калі баі на далёкіх подступах да горада, пачынаючы ад Беразіны, вялі толькі разведвальныя і перадавыя атрады 61-га корпуса. Затым, з 9 па 16 ліпеня, пачалася сапраўдная абарона, ужо на ўскраіне горада і па два бакі ад яго. Трэці этап цягнуўся з 16 па 27 ліпеня, калі войскі, што абаранялі горад, змагаліся ў акружэнні. Андрэй Марухін у ліпені месяцы прайшоў праз усе гэтыя этапы. Танкавая рота, у якой ён ваяваў, выгрузілася з эшалона разам з карпуснымі часцямі ў канцы чэрвеня месяца на чыгуначнай станцыі Лупалава і замаскіравалася непадалёку сярод высачэзных соснаў. Адтуль у бінокль добра відаць быў горад — вялікі вал за Дняпром, а на ім белыя сцены старажытных дамоў і прыгожая ратуша на фоне праваслаўных сабораў. У тыя дні яшчэ не паступаў у войскі загад Сталіна: «Магілёў пад кіраўніцтвам Бакуніна зрабіць Мадрыдам»,— але ўсе, пачынаючы ад камандзіра корпуса і канчаючы радавым салдатам, разумелі, што дняпроўскі рубеж павінен стаць першай вялікай перашкодай для ворага, які па Маскоўскай шашы к таму часу набліжаўся ўжо да Смаленска. Палітрукі ў сваіх гутарках з чырвонаармейцамі ўспаміналі гісторыю — бітву пад Галоўчынам, якую далі генералы Пятра І шведскаму каралю Карлу XII у 1708 годзе; таксама бітву пад Салтанаўкай у 1812 годзе, калі корпус генерала Раеўскага прымусіў адступіць адсюль войскі напалеонаўскага маршала Даву... Тым часам з захаду ўжо даносілася кананада. На Магілёў кожны дзень наляталі нямецкія самалёты. Карпусная эскадрылля, што перабазіравалася на мясцовы аэрадром таксама ў канцы чэрвеня, не магла адна справіцца з імі, таму горад зверху стаў безабаронны для нападаў яшчэ тады, як танкі Гудэрыяна знаходзіліся ў раёне Бялыніч і Круглага.

Па сутнасці, ніхто дакладна не ведаў, што адбываецца па той бок Дняпра, прынамсі, за сто кіламетраў на захад ад Магілёва. Хадзілі чуткі, што ўжо здадзены Бабруйск. Нарэшце праз Магілёў пачалі адступаць тылавыя часці 20-й і 30-й армій. У Лупалаве іх убачылі ўранні, а надвечар танкавая рота, у якой рыхтаваўся ваяваць механікам-вадзіцелем Андрэй Марухін, атрымала загад вылучыць для перадавых атрадаў па некалькі баявых машын і рушыць насустрач ворагу. Экіпажу, у які ўваходзіў Андрэй, выпала задача падтрымліваць перадавы атрад у складзе стралковай роты.

У сутыкненне з ворагам атрад увайшоў за Друццю, каля мястэчка Шапялевічы, што на рацэ Вабіч. Хоць байцы ўвесь час і шукалі праціўніка, аднак сустрэцца з ім тут, далёка ад шашы Магілёў — Мінск, лічы, у глухім кутку, было нечаканасцю. Бою тады не адбылося, таму што немцы не прынялі яго, адступілі на Круглае. Затое на другі дзень, ужо каля вёскі Ухвала, што на рацэ Можа, пралілася кроў з таго і з другога боку. Немцы прыкмецілі атрад з самалёта-карэкціроўшчыка, а сустрэлі яго на старой грэблі, адкрыўшы агонь з дзвюх гармат спярша па танку, затым па пяхоце. Танк быў падбіты адразу, але не зусім, з яго можна было страляць, і наводчык ужо з трэцяга снарада знішчыў першую варожую гармату за грэбляй. Другую гармату прымусілі змоўкнуць пры дапамозе гранат стралкі, якія ў адзіным парыве кінуліся былі ў атаку, тады адступілі, бо далей напаткаў іх вельмі моцны кулямётны агонь. Разам з пехацінцамі ў той дзень адышлі ад Ухвалы і танкісты з падбітага танка — механік-вадзіцель, гэта значыць Андрэй Марухін, наводчык Сямён Куляшоў і камандзір танка Хведар Сіўцоў. Пазней, ужо ў баях за Магілёў, абодва яны — і Сіўцоў і Куляшоў — загінулі, як кажуць, у пешым страі, а Андрэю Марухіну яшчэ адзін раз выпала сесці за рычагі танка, якраз тады, як немцы распачалі прарыў на стыку 172-й дывізіі 61-га корпуса і 187-й дывізіі 42-га корпуса. Але і гэты раз нядоўга яму давялося ездзіць на танку: хутка варожы снарад заклініў вежу.

Адступаў за Днепр Андрэй Марухін разам з байцамі 187-й дывізіі, але на шашы Магілёў — Гомель неўзабаве напаткаў сваіх: тут з паўднёвага ўсходу абаранялі горад батальёны 747-га стралковага палка. Уласна, пазіцыі гэтага палка даходзілі адсюль ажно да Лупалава. Зразумела, што Андрэю быў сэнс дабрацца да таго лесу на ўскраіне прыгарада, дзе стаяла ў канцы чэрвеня іхняя танкавая рота. Але пра яе там ужо ніхто не ведаў, і Андрэю нічога больш не заставалася, як зноў зрабіцца пехацінцам. У штабе палка, куды ён вярнуўся па дапамогу, накіравалі яго ў 2-гі батальён, якім камандаваў старшы лейтэнант Сібіракоў. З гэтым батальёнам былы танкіст дзяліў лёс да канца Магілёўскай абароны...

Зазыба таксама шмат чаго расказаў Марухіну. Не ўтаіў нават, што сустракаўся ў Гончы з сакратаром падпольнага райкома Манько. «А цяпер вось нанава трэба ўсё пачынаць,— паскардзіўся ён.— Здавалася, справа ўжо зусім наладжвалася, не хапала толькі сапраўды ўзяцца за зброю, як тут няшчасце — арышты ў Машавой!..»

Андрэй вельмі даверлівы быў да Зазыбы, часцей нават сам пачынаў падобныя размовы, пакуль аднойчы не спытаў адкрыта: «Ну, а на каго ў Верамейках можна будзе разлічваць, калі справа сапраўды дойдзе да выступлення?» — «Перш-наперш трэба будзе адшукаць нашага старшыню калгаса, Чубара, цяпер, наколькі мне вядома, ён кудысьці сышоў».— «Ну, а яшчэ на каго?» Прыйшлося Зазыбу развесці ў адказ рукамі: «Сам жа бачыш, якія ў нас мужыкі!.. Два здаровыя на ўсю вёску засталіся, дык і тыя... адзін паліцэйскі ўжо, другі — стараста. Але я так думаю, што тут у справу можа пайсці кожны».— «Не, Дзяніс Яўменавіч, з вашых мужыкоў войска не складзеш, незалежна ад таго, многа будзеш думаць ці мала. Гэта я вам кажу як чалавек, які трохі паваяваў. Вашых Драніцаў, Хрупчыкаў, Падзерыных можна будзе, вядома, скарыстоўваць. Але, як кажуць, на падсобных работах. Між тым, для барацьбы патрэбны будуць сапраўдныя ваякі».

Канечне, Марухін цалкам меў рацыю, гаворачы так. Гэта Зазыба выразна разумеў. І, можа, таму словы Андрэевы неяк нядобра закранулі ягоную душу, нібыта сам ён толькі што не разводзіў рукамі, не казаў: «Сам жа бачыш, якія ў нас мужыкі!..» Але то было ўжо чыста «верамейкаўскае» пачуццё — маўляў, няхай мы сапраўды сухарукія, няхай мы кілаватыя, аднак усё роўна, што ты, чалавеча, разумееш аб нас?.. «Ну, пачынаць справу з аднымі нашымі мужыкамі, мусіць, сапраўды не мае сэнсу — счакаўшы трохі, разважыў Зазыба.— Дакладней, не пачынаць, а... я хачу сказаць, пакладацца на адных верамейкаўцаў у такой справе не тое што нельга, а проста недастаткова будзе. Трэба прыгледзецца да другіх вёсак, пашукаць там неабходных людзей».— «Спадзяюся, у вас на прыкмеце ўжо ёсць такія?» — «Як сказаць?..— Зазыба задумаўся, тады пачаў пералічваць:—Ужо цяпер напэўна можна меркаваць, што Захар Доўгаль з Гончы цалкам надзейны. Нядаўна стала вядома, што ў вёсцы, за пяць кіламетраў адсюль, жыве Васіль Пацюпа. У энкэвэдэ да вайны працаваў. Мяркую, што на яго таксама палажыцца можна. У Бялынкавічах недзе асеў пасля палону настаўнік Мурач. Такім чынам, калі добра раскінуць розумам ды па-гаспадарску падысці, то сякую-такую мабілізацыю можна будзе правесці навокал. У кожнай вёсцы нехта знойдзецца, каму даверыцца можна і ад каго карысці можна чакаць. Але ж і ад нашых мужыкоў адмаўляцца нельга. Гэта няпраўду гавораць, што не кожнае лыка ў страку. Ва ўсякім разе, на нашым бязрыб’і пакуль і рак сыдзе за шчупака. Да таго ж на вайне часам немагчыма вызначыць — дзе цяжкая работа, а дзе — лёгкая».— «Гэта так,— чамусьці засмяяўся Андрэй.— У прынцыпе, я супроць вашых нічога не маю. Урэшце, на што-небудзь і яны прыдадуцца. Ну, а зброя? Што пра зброю чуваць?» — «Была ж яшчэ нядаўна адна вінтоўка ў вёсцы, але і тую хтосьці сапсаваў,— прыжмурыў вочы Зазыба.— І як гэта ён, штукар адмысловы, зрабіў так, каб засталося шыта-крыта?» — «Была б ахвота,— непрыступна сказаў на гэта Марухін,— а як ды чым зрабіць, затрымкі не стане».

Дзён праз колькі Марухін зноў падступіўся да Зазыбы. «Я вось што надумаў, Дзяніс Яўменавіч,— сказаў адразу Андрэй.— Ці не настала пара пахадзіць мне па вёсках, каб паказаць і там кавальскае рамяство, бо ў Верамейках ужо, здаецца, няма да чаго прыкладаць рукі, нават жалеза патрэбнага не стае».— «Справу кажаш, справу»,— заківаў галавой, але быццам няпэўна Зазыба. Тады Марухін сказаў больш ясна: «Самі ж, нябось, думаеце — адной сапсутай вінтоўкі не хопіць, каб пасля апраўдацца?» — «Гэта так — адной сапсутай вінтоўкі не хопіць!..» — засмяяўся Зазыба, бліскаючы нібыта ўзмакрэлымі вачамі. «Таму я і гавару: трэба пахадзіць па навакольных вёсках, прыгледзецца ды прыслухацца да мясцовых людзей. Акрамя таго, як мне здаецца, цяпер можа патрапіць таксама сустрэць каго-небудзь з былых вайскоўцаў. Не адзін жа я з лагера выбрацца здолеў. Было нямала выпадкаў такіх і да мяне. Значыць, нашы недзе тут засталіся».— «А чаму ты кажаш — былы, былыя? Вас жа ад вайсковага абавязку ніхто не вызваляў, а тым больш — ад прысягі?» — «Гэта праўда, Дзяніс Яўменавіч,— падумаўшы трохі, згадзіўся Марухін.— Ніхто нас ні ад вайсковага абавязку, ні ад прысягі не вызваляў. Але дзіўна — за час, пакуль знаходзіўся ў палоне, пасля ў вас тут, усё, што было раней, чамусьці пачаў успрымаць я, нават называць у прайшоўшым часе — былы, былое... Ну, а цяпер вось... Цяпер давядзецца нанава да ўсяго прывыкаць».— «Адна справа — прывыкаць, другая — напэўна адчуваць».— «Ну, але. Дык як таго бялынкавіцкага настаўніка, вашага знаёмага, завуць?» — «Мурач. Сцяпан Канстанцінавіч Мурач».— «Кажаце, надзейны чалавек?» — «У кожным разе, што глыбокаідэйны, гэта сапраўды так. Ну, а наконт надзейнасці... Людзям наогул трэба верыць заўсёды».— «Як сказаць, Дзяніс Яўменавіч. Наўрад ці вы даверыцеся цяпер Брава-Жыватоўскаму з Раманам Сёмачкіным!» — «Не пра іх гаворка,— спакойна запярэчыў Зазыба.— Яны — на віду, і ўсе, хто не сляпы, бачаць, што гэта за птушкі. Хоць пра Рамана Сёмачкіна таксама яшчэ варта падумаць. Я гавару наогул пра людзей».— «Зразумела,— кіўнуў галавой Марухін.— Але ж па гэтым часе людзі якраз і дзеляцца на здраднікаў, на тых, хто ні вашым, ні нашым, ну і на патрыётаў, вядома».— «Няхай будзе так,— згадзіўся Зазыба.— Я не стану адмаўляць. Хачу толькі сказаць, што апошніх намнога больш, чым першых. Яны вось і складаюць у маім уяўленні паняцце «людзі». Нават тыя, якіх ты правільна называеш «ні нашым, ні вашым». Галоўнае тут усё-ткі ў даверы. Нездарма ж кажуць: «некалі, моў, быў ні нашым, ні вашым, а зрабіўся нарэшце свойскім. А то што атрымаецца з таго, калі мы і цяпер, калі вораг дакладна вядомы, будзем дужа падазрона паглядваць адзін на аднаго? Ад баязні сапраўды мала прыязні. Іншая справа, што ва ўмовах варожай акупацыі трэба больш асцярожнымі быць, ці як яшчэ сказаць — бадай, больш пільнымі, не абавязкова кожны раз шыльду на сябе чапаць — моў, глядзіце, хто я. Узаемнасці, узаемаразумення неабходна дамагацца іншым чынам. У нас некалі ў кавалерыйскім палку камісар служыў. Не дужа пісьменны чалавек, аднак пераконанні меў цвёрдыя. Дык той казаў — я сваіх і чужых здалёку па паху чую, магу дакладна адказаць, хто белы, а хто чырвоны, хто за Савецкую ўладу, а хто супроць яе. Давядзецца і нам цяпер пачуццё такое развіваць больш, чым калі, бо нюхаўкі нам таксама спатрэбяцца. Вядома, побач з рэвалюцыйнай пільнасцю. Ты гэта запомні, Андрэй, раз бярэш на сябе такую місію, што хадзіць ды глядзець».— «Дзякуй, Дзяніс Яўменавіч, я вашы парады ўлічу. Значыць, адразу магу і папытаць у Бялынкавічах, дзе жыве Мурач?» — «Так»,— зусім упэўнена адказаў Зазыба.

Пасля, ужо ўначы, Зазыба падумаў, што яму самому таксама было б не лішне пабадзяцца цяпер ад кузні да кузні па забяседдзю разам з такім чалавекам, як гэты Андрэй Марухін, шкада толькі вось, што ў малатабойцы па гадах ды па нямогласці не прыдатны.

Прызнацца, дасюль Зазыба ўсё мог уявіць, на гэта ў яго хапала і душы, і свядомасці, аднак здагадацца наперад, што ў іх з прымаком — іначай за вочы Андрэя Марухіна ў Верамейках ужо і не называлі — даволі хутка справа выкіруецца на такія вось рэйкі, не здольны быў.

Між тым, увесь гэты час, як Андрэй яшчэ жыў у Палагі Хахловай і кожнага дня хадзіў у вясковую кузню, Зазыба меў вялікае жаданне сысціся з ім. Ён разумеў, што каваль недзе спатрэбіцца яму, як ніхто іншы ў вёсцы, і што яго нельга выпускаць з поля зроку. І вось акурат па-ягонаму ўсё здарылася. Праўда, Зазыба не мог даўмецца тады, што Андрэй праявіць такую ініцыятыву, а калі гаварыць дакладна, то Зазыба наогул неяк не думаў раней, што такім вось чынам трэба пачынаць справу, якая пасля знікнення Чубара і гібелі падпольнага райкома партыі прыводзіла яго ў адчай па вельмі простай прычыне. Разумеючы, што далейшая бяздзейнасць можа мець нядобрыя вынікі,— гэта, няйначай, лёгка сказана,— Зазыба, тым не менш, ужо колькі часу не ведаў, як і да чаго прыкласці свае намаганні. Апынуўшыся нібыта ў тупіку, ён адно хваляваўся і чахнуў, дарма што меў перад сабою вялікую ідэю. І толькі цяпер, калі справа ўвачавідкі зноў мелася крануцца з месца, ён адчуў, колькі патрачана ім за гэтую восень душэўных сіл, якія разам з сабою забралі таксама і шмат фізічных. Нарэшце Дзяніс Яўменавіч зразумеў і тое, што ў іхніх з Чубарам спрэчках аб арганізацыі супраціўлення фашыстам мала было цвярозага сэнсу. Аказваецца, ні максімаліст Чубар, які гатовы быў хоць зараз ламаць ды крышыць усё навакол, абы хоць чым нашкодзіць ворагу, няхай гэта спалучана будзе нават не толькі з вялікімі, нераўназначнымі ахвярамі, але і з самазагубай, ні разважлівы, таму, можа, залішне абачлівы Зазыба, які хацеў унесці ў арганізацыю супраціўлення больш разумны пачатак, не мелі рацыі. У выніку адбывалася марная трата часу. Прынамсі, абодва яны не ў стане былі зрабіць першыя крокі ў належным напрамку, і абодва яны адзін перад адным жаданае выдавалі за сапраўднае; выходзіла, абодвум ім, каб пачаць дзейнічаць, патрэбны быў альбо сакратар падпольнага райкома, альбо вось гэты механік-вадзіцель падбітага танка, што без доўгіх разваг, нават зусім проста прапанаваў у цяперашніх умовах самае неабходнае — пад выглядам каваля пайсці па вёсках, прыслухацца ды прыгледзецца да мясцовых людзей, чым тыя жывуць пры акупацыі і што збіраюцца рабіць, а разам пашукаць і акружэнцаў, былых ваеннапалонных... Яшчэ не ведаючы, чым падобная задума можа скончыцца, Зазыба разам з тым нейкім далёкім прадбачаннем разумеў: гэта надзвычай важна, што за партызанскую справу браўся вайсковы чалавек.

Між тым, у Зазыбавым жаданні пайсці разам з Андрэем па забяседдзю востра выявілася тая згрызотлівая трывога, якая апошнія тыдні жыла ў ім, як кажуць, нібыта падспудна, глыбока схаванай і якая за прычыну мела нездаволенасць, дакладней, немагчымасць патрапіць, уключыцца ў вір актыўнай дзейнасці, якой вымагала вайна. І не толькі гэта. Была для згрызотлівай трывогі і другая прычына. Памыляўся тут Зазыба ці не, аднак ён стаў прыкмячаць, што па меры таго, як фронт усё далей падаваўся на ўсход, запрацаваныя вясковыя людзі пачыналі нібыта супакойвацца, акурат сапраўды нічога больш не цікавіла іх, што адбывалася ў свеце, гэта значыць за Верамейкамі і далей. Цяпер, здавалася, толькі такія падзеі, як вяртанне ў вёску Івана Хахла ды выгнанне з хаты сярод ночы такога ж, як і ён, палоннага, Андрэя Марухіна, здольны былі ўзрушыць на нейкі час верамейкаўцаў, прымусіць гаварыць іх уголас і па душы. Нават выпадак з самааховай застаўся ўжо, бадай, звычайным эпізодам, якому калі і знайшлося б пасля месца, то адно ў доўгім ланцугу быліц і небыліц. У сувязі з гэтым на памяць Зазыбу ўсё часцей прыходзіла колішняя размова на ягоным двары,— адбылася яна неўзабаве пасля таго, як апынуўся дома Масей,— у ёй, сярод іншых, прымаў удзел Зазыбаў сусед, Кузьма Прыбыткоў. Стары чалавек, які шмат пабачыў на сваім вяку, сэнс размовы зводзіў да наступнага — маўляў, мірныя людзі ёсць мірныя, і хочаш не хочаш, а давядзецца ўсім ужывацца ў «новы парадак». Праўда, Зазыба нібыта сам тады змушаў Прыбыткова прамовіць гэта, нібыта сам падбіваў паўтарыць за ім гэтыя словы, але цяпер ён ужо схільны быў лічыць, што такая гаворка цалкам зыходзіла ад Кузьмы Прыбыткова. Урэшце, не ў тым нават справа, ад каго яна зыходзіла, з каго пачыналася. Важна, што гаворка такая ўзнікала і вось цяпер нібыта паварочвалася ўжо явай...

* * *

Калі ў самую хлябіцу Зазыба нарэшце ўзышоў на ўласны падворак ды збіў шапкай пад брыльком унутранага ганка наліплы снег з апраткі, было, бадай, позняе пасляабеддзе.

Пад павеццю стаяў чужы конь.

Гэта Зазыба найперш пачуў, чым убачыў: адтуль раптам даляцела выразнае жывое фырканне, якое ні з чым не зблытаеш. Між тым, ні ў завулку, ні тут, за варотамі, ніякіх слядоў не было відаць. «Значыць, нехта прыехаў яшчэ да снегу»,— падумаў Зазыба, усё роўна як вызначыць гэта належала край.

Не шкадуючы, што зноў давядзецца трапіць пад калматы і ўжо нагрузлы снег, Дзяніс Яўменавіч, лішне не выдаючы сябе, сышоў па прыступках з ганка, глянуў пад павець. У непагадзь там было цямней, чым звычайна. Але вочы адшукалі патрэбнае хутка. Ды і конь адразу ж зрэагаваў на прысутнасць старонняга чалавека — ускінуў галаву, бразнуўшы цуглямі, а тады перастаў хрумстаць сена, якое ляжала на дровах — на выбранай да палавіны крайняй шурцы. Тут жа, пад павеццю, стаялі таксама калёсы з адмысловымі драбінамі па баках. І конь, і калёсы былі не знаёмыя Зазыбу, у кожным разе, належала думаць, што прыехаў хтосьці з іншай вёскі, дарма што не разлічыў часу. Ну, а калі чалавек змушаны быў рушыць такім надвор’ем у дарогу на калёсах, то няйначай што меў вельмі пільную патрэбу.

Адрываючыся ад гэтых думак, дакладней, ад гэтакіх разважанняў, Зазыба перастаў варушыцца на момант, акурат жадаючы прыслухацца да таго, што цяпер рабілася ў ягонай хаце. Але дарэмна, бо ўсё навокал было скавана зацятай маўклівасцю, адзін снег, які падаў і падаў з неба, здольны быў рабіць шум; толькі шум той зусім не падобны быў на іншыя знаёмыя ўсім шумы, якія мелі магчымасць узнікаць на зямлі; шорах гэты,— сапраўды, то быў мяккі і разам з тым нейкі трывожны шорах,— калі нарэшце Зазыба яго пачаў адрозніваць, чамусьці нагадаў яму адну даволі дзіўную з’яву ў прыродзе — нараджэнне і смерць мятліка, што жыве ўсяго кароткую летнюю ноч. Бывала, у вёсках раней звычайна чакалі яе, тую ноч: тады нібыта шалела ў азёрах і рэках рыба, імкнулася на паверхню, як у прыдуху, і мала хто ўранні вяртаўся дамоў без поўнага лазовага вясла.

«Але хто гэта прыехаў?» — схамянуўся нарэшце Зазыба. Ён выйшаў з-пад павеці і па старых, ледва не замеценых ужо слядах, перасек двор, тады, акурат з неахвотаю альбо нават з унутранай перасцярогай, піхнуў нагою дзверы ў сенцы, не зважаючы, запёрты яны адтуль ці не. З хаты насустрач гаспадару кінулася Марфа, але не таму, каб папярэдзіць аб нечым мужа,— гэта Зазыба зразумеў адразу, дарма што і ў сенцах стаялі прыцемкі; на твары ў Марфы не было відаць насцярожлівай узрушанасці, і гэтая акалічнасць, якую Зазыба адзначыў для сябе перш за ўсё, супакоіла яго, злашча, што і раней, у колішнія гады, яна таксама ж вось так выбягала сюды.

Усё роўна як коўзаючыся па падлозе, Зазыба пачаў старанна знішчаць на сабе наліплы снег — і з ног, і з ватоўкі, але ўжо не той, што прынёс з лесу, а нядаўні, можна сказаць, свой, які нападаў на двары. Марфа таксама памкнулася памагаць яму.

— На во, гальнём змахні,— падала яна з-за луткі выкарыстаны ў гаспадарцы — і ў лазні, і ў хаце — бярозавы венік і, пакуль Дзяніс Яўменавіч шэрхаў ім па ботах, сказала яшчэ: — Ці ўдалося ж табе звера высачыць?

— За возерам нару знайшоў. Але як яго ўзяць цяпер, па такім снезе?

— А ета ўжо верна, што барсук у нары?

— Верна,— ставячы на ранейшае месца дзяркач, усміхнуўся Зазыба, хоць, вядома, магло быць зусім іначай з тым барсуком.

— Ну, раз у нары, дак ужо неяк выманіць яго адтуль здолееце,— сказала Марфа.

— А чаму не гаворыш, што ў нас госць?..— выпрастаўся Зазыба, дапытліва глянуўшы на жонку.

— Дак...

Дзверы ў хату Марфа не зачыніла, калі выходзіла ў сенцы, і цяпер чуваць было, як адтуль, з далёкага пакоя, ці, як у вёсцы гавораць,— з задняй, гэта значыць светлай палавіны хаты, даляталі мужчынскія галасы, сярод якіх вылучаўся Масееў; уласна, гучалі два галасы, і сярод іх Масееў. І хоць сынаў голас цалкам не даваўся Дзянісу Яўменавічу, аднак па тоне адчувалася, што гаварыў Масей камусьці знаёмаму, у кожным разе, перад сабой меў чалавека, які не выклікаў ні нязручнасці, ні насцярогі.

І тым не менш, для селяніна галоўнае — паважнасць. Не спяшаючыся, Зазыба распрануў з сябе намоклую ватоўку, аддаў Марфе і ўжо тады ступіў у пярэднюю палавіну хаты.

— Але куды яе такую? — кінула наўздагон жонка.

— Пакладзі на чарано.

Люстэрка ў іх было ўмазана ў печ над чалеснікам, і гаспадар павярнуўся туды, балазе, адлегласці заставалася паміж імі мала больш за адзін крок. Як і належыць, бязвусы і безбароды твар ягоны на паветры зрабіўся чырвоны і нібыта пакруглеў, але з-пад брывоў, якія за апошні час зусім памянялі колер, сталі ледва не сівымі, па-ранейшаму глядзелі тыя ж незамутнелыя карыя вочы, што і кожнага дня. Непарадак быў толькі на галаве — валасы па баках пад шапкай злямчыліся, таму давялося Зазыбу паправіць іх рукамі.

— Ну, паказвайце нарэшце госця,— сказаў Зазыба і ўсё так жа няспешна, быццам не трацячы апошніх намаганняў нават на рухі, накіраваўся на другую палавіну хаты.

Можна было ўсё дапусціць, але не гэта. Госцем аказаўся бабінавіцкі кравец Шарэйка. Ён сядзеў на табурэце спіной да дзвярэй, маючы перад сабой на ўслоне Масея, які пры з’яўленні бацькі ўзняў галаву і перастаў гаварыць. Па тым, што драўляная Шарэйкава кавяла ляжала, адчэпленая, на суножцы стала, можна было заключыць, што кравец знаходзіўся тут ужо не адну гадзіну. Стаяла ў хаце, пры сцяне паміж вокнамі, і ягоная зінгераўская машынка, але не на фабрычным, чыгунным станку, як дома, а на самаробным, сталярным, мусіць, каб лягчэй было ўпраўляцца з ёю ў дарозе.

Зазыба прайшоў ад філёнкавых дзвярэй ужо ці не палавіну хаты, паспеў прыкмеціць, што новае з’явілася тут у ягоную адсутнасць, а Шарэйка ўсё не паварочваўся насустрач, нібыта яму складала гэта вялікую цяжкасць. Але вось апушчаныя плечы краўцовы раптам здрыгануліся, і тады Зазыба ўбачыў, што нейкі неспакой адным часам перасмыкнуў таксама і левую краўцову шчаку. «Не з дабром Шарэйка прыехаў»,— падумаў Зазыба.

Няйначай, Шарэйкава замяшанне, ці, як гэта па-другому сказаць, збянтэжанасць, не засталася незаўважанай і для Масея, бо той паглядзеў адразу ж, нібыта ў здзіўленні, на абодвух.

— А я думаю сабе, чый гэта конь распрэжаны пад павеццю ў нас,— парушыў знарочыстую цішыню Зазыба, а тады парукаўся з краўцом, стаўшы ўпоравень збоку.— Вось ужо не знаццё, дык не знаццё, як мая Марфа кажа. Бачу, з інструментам да нас?

Зазыба сеў на ўслоне побач з сынам, так што Шарэйка апынуўся цяпер насупраць яго. Але дарэмна наперад імкнуўся здагадацца — твар у даўняга знаёмага за гэты кароткі час зрабіўся ўжо зусім спакойны, акурат перад тым чалавекам і праўда не меў ніякай згрызоты на душы; затое ў вачах яго, глыбокіх і нібыта сініх ад чарнаты, выразна чыталася дакорлівая пакута.

— Рашыў вось падзарабіць,— адказаў госць на Зазыбавы словы, хітануўшы галавой у той бок, дзе стаяла швейная машынка.

— Няўжо ў мястэчку дзела не стае?

— Гледзячы якога.

— Ведама, шытво. Сам жа хваліўся некалі — старыя заказы былі, пасля і ад немцаў паступаць пачалі.

— Ага, пачалі,— Шарэйка падумаў колькі моманту, нібыта прыслухоўваючыся да вуліцы, усміхнуўся: — Такая наша доля, што работы паўсюдна шукаць. Нездарма ж кажуць, кравец, што курыца, дзе ступіць, тама й клюне.

— Не, Шарэйка,— засмяяўся ў сваю чаргу Зазыба,— ты гэта не так гаворыш. Гэта курыца, ступіўшы, і праўда клюне, а кравец, няйначай, клюкне.

— І тут вялікага граха няма. Ай недавольны, што давядзецца на пачастунак патраціцца? Дак ты не хвалюйся дужа. Мы з Масеем ужо, даў бог, прычасціліся, балазе, Марфа твая з нашых краёў, дак таксама не куксіцца. Ну, а па якім балоце тым часам чэрці насілі, дазволь спытаць?

— Барсука хадзіў пільнаваць.

— Ах так, я і забыў, што Марфа казала ўжо. Ну і як?

— Цяпер, бадай, трэба сабаку браць з сабой, каб з нары выманіць.

— І сабака наўрад ці дасць рады. Хітры ён, барсук. Да й снег.

— А я думаю, што снег гэты ненадоўга сёння.

— Думаеш, растане.

— Куды яму дзецца. Не падобна, што ён ужо назусім, бо першы. Тады вось і па барсука сходзім. Га, сын?

Масей усміхнуўся. А Шарэйка сказаў:

— Ета я не ведаў, што Дзянісавічу патрэбна барсукова сала, а то ў нас кабета адна нядаўна забіла барсука. Проста каромыслам. Так, без сабакі і стрэльбы.

— Ну, гэта няхітрая справа,— згадзіўся Зазыба.— Тут важна каб...

— Ну, вядома, важна. Важна, каб звер наскочыў на твой каромысел. Урэшце, яно акурат так і было. Пайшла баба па ваду да студні, а ён аднекуль вазьмі да й выскачы, балазе, студня ў нас на краі балота.

— Нічога,— пакратаў рукою свой нос Зазыба,— мы на свайго таксама ўправу знойдзем. Мы таксама ўжо добрую палку падрыхтавалі. Але расказвай, што новага ў мястэчку?

— Да, здаецца, нічога.

— Хіба ўжо так і нічога? — не паверыў Зазыба, праўдзівей, не захацеў паверыць.

— Ну, што было, дак мы вось з Дзянісавічам перагаварылі. А я, бачыш, і не ведаў, што ён дома ў цябе. Прыязджаю сабе ў завулак, думаю, што ета ты мне з двара спяшаешся вароты адчыніць, ажно бачу пасля — не. Тады і саўсім пазнаў. Кажу, няўжо ета ты, Дзянісавіч? Ну, мы і пагаварылі тута з ім, пакуль ты недзе бадзяўся. І на кажух за рукі патрымаліся.

— Што праўда, то праўда,— сказаў Зазыба.— Кажух яму патрэбны. Вось толькі не хапае пакуль аднае аўчыны. Мусіць, давядзецца прасіць у людзей.

— Ну, а калі ты не выпрасіш, дак я ўжо няйначай. Нарэшце, з аднае аўчыны зраблю дзве, тута абы справа на лад пайшла. Чуў жа, нябось,— што кравец на ножнях вынес, то бог даў?

— Хочаш сказаць, што кравец — злодзей, шавец — буян, а каваль — п’яніца? — падхопліваючы жартоўны Шарэйкаў тон, паківаў галавой гаспадар.— Дарэчы, наш каваль, таксама вось, як і ты, падаўся некуды ўмельства сваё паказваць. Кажа, у Верамейках няма патрэбнага жалеза, няма матэрыялу,— моў, пайду, папрацую ў другіх.

— Ну вось, а ты пытаеш — няўжо ў мястэчку справы не стае? Усе мы такія, майстравыя. Усё мы па бальшаках да па вялікіх дарогах жыцця спрабуем. А каваль сапраўды ваш?

— Не, з палонных. Наш недзе ваюе.

— Таксама хаманея. І ў нас так, свае ваююць, а чужыя салдатак па начах гушкаюць. Высветлілася раптам, што ніякія яны не ваякі — звычайна, хто каваль, хто бондар, а хто дак і проста паліцай. На тое, чаму іх вучылі ў Чырвонай Арміі, забыліся. Прымакамі ў нас іх цяпер завуць.

Шарэйка хоць і быў выхаваны ў местачковым асяроддзі, але і ён разважаў часам рэзка — можа, з прычыны калецтва на шахце жыло ў ім нейкае аголенае, быццам адчайнае пачуццё да праўды, таму ў словах яго мала было стрыманасці; прынамсі, кравец сапраўды быў з тых людзей, якія ў разважаннях сваіх чамусьці не баяліся перабраць, чым недабраць, усё роўна як дакладна ведалі, што чым ураўнаважваць пасля; затое, калі ўжо справа даходзіла, каб дзейнічаць, тут Шарэйка паводзіў сябе і рабіў усё акурат як і ў кравецкім майстэрстве: з прыкідкай, не дай бог сапсуеш чужую скуру ці сукно.

— Ну, прымакі — гэта нешта другое,— сказаў на Шарэйкавы словы Зазыба.— Па-старому прымак — гэта калі ў дом зяця бяруць, а не дачку ў чужую сям’ю аддаюць.

— Дзякуй за падказку,— усміхнуўся Шарэйка,— але не я ета выдумаў пра цяперашніх прымакоў. А калі падумаць добра, дак... акурат так яно і будзе. А ваш яшчэ не прыстаў да каго?

— Не ў тым справа — прыстаў ці не прыстаў. Чалавеку ж сапраўды недзе прытулку трэба шукаць!

— А як па мне, дак етаму чалавеку ваяваць па цяперашнім часе трэба, а не прытулку шукаць.

— Нічога не зробіш, раз так выйшла.

Дзіўна, але Зазыбава памяркоўнасць, ці як лепей сказаць — неразборлівасць, раптам узбурыла Шарэйку.

— Во, бачыш, Масей, як твой бацька загаварыў? — чамусьці кінуўся ён за падтрымкай да Масея, які ўвесь гэты час, здавалася, наогул абыякава ставіўся да размовы.— Зразумела цяпера, чаму мы вайну прайгралі!

— Ну, гэта яшчэ пакуль далёка ад праўды,— ускінуўся на яго Зазыба.— Адкуль ты ўзяў, што прайгралі?

— Сам падумай. Бо калі яшчэ зусім і не прайгралі, дак ледва таксама...

— Што — таксама?

— А тое, што ледва таксама не лічыцца.

— Калі як.

— Во-во! Табе абы за нешта ратавацца!

— Чамусьці я не разумею цябе сёння, Шарэйка.

— Ат, не хачу я гаварыць пра тое, у чым мы абодва, аказваецца, мала дасведчаны,— махнуў рукою кравец і заварушыўся на табурэце, гатовы саскочыць на падлогу.— Давай-тка, Масей, мы лепей займемся тваім кажухом. Марфа, дзе ў вас аўчыны?

— Дак на паддашку яшчэ, на жэрдках,— азвалася з пярэдняй хаты гаспадыня.

— Вы іх хоць пасалілі ў свой час?

— Панятная справа.

— Тады нясіце.

— Няхай во Дзяніс паабедае пакуль.

— Што ж, няхай паабедае,— усё роўна як астыў Шарэйка.

Нездаволены тым, як ён павёў, а затым і скончыў размову з Шарэйкам, Дзяніс Яўменавіч падняўся з услона і, нібыта прысаромлены, выйшаў на жончын голас.

На стале там ужо гатовы быў і дыміўся абед — гліняная міска шэрай капусты, якую сёлета, калі абіралі качанне, не адважыліся скарміць жывёле, пакінулі на варыва сабе, і, бадай, традыцыйная ўжо ў іхнім доме ўвосень затоўчаная мясам скрыляная бульба.

— А яны сапраўды паабедалі? — спытаў гаспадар, маючы на ўвазе Шарэйку і сына.

— Дак не жартуюць жа. Спярша чакалі цябе, а тады бачым — позна, ну і рашылі абедаць. Падумалі, можа, ты да самага вечара будзеш шукаць барсука.

— Але ж абед на абед не тое, што кій на кій?

— Ну, ета ты ўжо сам заві іх другі раз.

Зазыба абапёрся далонямі на край засланай будзённым абрусам сталешніцы, пастаяў так, нібыта набычаны, тады сказаў, усё роўна як нарэшце разважыў штосьці:

— Ладна, няхай сабе.

Але дарэмна ён хадзіў столькі па лесе — апетыту не было. Мусіць, калі б адразу Марфа паставіла гэты ўварысты абед, значыць тады, як Зазыба зайшоў яшчэ з сенцаў у хату і не ўстраваў у размову, апрастаць яго не складала б цяжкасці. А цяпер...

Астываючы патрохі душой, Зазыба, тым не менш, ляніва сёрбаў з драўлянай лыжкі капусту, якая сёння здавалася яму ажно калянай, і думаў пра тое, чаму ў іх з Шарэйкам раптам не атрымалася гаворкі. Масеева прысутнасць магла таксама стаць прычынай. Але ж не настолькі, каб не знайшлося паміж даўнімі знаёмымі чалавечага паразумення. Хоць, вядома, якраз праз Масея Зазыба ўстрымаўся пытацца ў Шарэйкі пра Марылю.

Больш за ўсё загадкавымі заставаліся паводзіны краўца напачатку, калі яшчэ Зазыба ішоў праз хату да ўслона — Шарэйка тады сапраўды чамусьці адчуў у сабе збянтэжанасць, яна была даволі выразна прыкметна нават са спіны па ягонай нібыта напятай постаці, ды і вочы Шарэйкавы, у якіх увесь час, пакуль перакідвалася з аднаго на другое гаворка, стаяла трапяткая пакута, як мага менш сведчылі пра гэта.

«Ну канешне, сёння ён не падобны на ранейшага сябе,— рашыў Зазыба.— Значыць, не пра ўсё сказаў і яшчэ мусіць сказаць тое, з-за чаго прыехаў у Верамейкі».

Справа ў тым, што Зазыба і тады, як Шарэйка гаварыў, і цяпер, ужо седзячы за абедам, чамусьці не верыў, што той сабраўся ў дарогу паміж зімой і восенню сапраўды адно дзеля таго, каб зарабіць у Забяседдзі кравецкім рамяством.

Зрэшты, так яно і выйшла.

Не паспелі Марфа з Масеем хвілін праз некалькі падацца ў сенцы, каб лезці адтуль па драбіне на паддашак, дзе ў іх віселі на жэрдках нявырабленыя аўчыны, як следам за імі да Зазыбы ў пярэднюю палавіну хаты на мыліцах (кавяла так і засталася ляжаць пад сталом) выйшаў Шарэйка.

— Ета я табе пры Масею не сказаў. Забралі ж дзеўку тваю ў мястэчку!

Зазыба хоць і быў гатовы ў душы да горшага, аднак гэтая вестка раптам зрушыла ўсё ў ім. Затрымаўшы лыжку ў паветры на паўдарозе да міскі, ён на нейкі момант сцяўся, каб суняць у сабе хваляванне, тады быццам зверавата глянуў на госця:

— Як гэта забралі?

— Ну, арыштавалі,— таксама акурат злуючыся на Зазыбаву няцямлівасць, удакладніў Шарэйка.

— Т-так!..— Зазыба дажаваў капусту, што заставалася рэштаю ў роце, праглынуў.— Дзе ж яна цяпер?

— Не ведаю. Арыштавалі ўчора, а сёння я, бачыш, запрог каня да, пакуль што якое, пад выглядам краўца з машынкай на возе, сюды вось, да цябе.

— А Ганна, дзе жонка твая?

— Мы так дамовіліся, што яна пабудзе ў дачкі на сяле.

Зазыба быццам толькі цяпер, у гэтую хвіліну, заўважыў, што Шарэйка дарэмна стаіць на мыліцах, спахапіўся:

— Ты сядай.

Але кравец не паслухаўся яго — мусіць, не хацеў дзеля раўнавагі лішне варушыцца, тым больш што здаровая нага яшчэ моцна трымала на сабе ягонае цела.

Было чуваць, як на гарышчы тупалі чалавечыя ногі — Марфа з Масеем ужо здымалі там з жэрдак аўчыны, клалі іх на сярэднюю бэльку, каб потым скінуць на падлогу ў сенцы. Дошкі на столі хоць і не прагіналіся ад хадзьбы сюды, у хату, але ў шчыліны паміж імі церусіўся не то дробны пясок, якім быў накрыты мох, не то звычайны пыл.

Нібыта змушаныя прыслухацца, Зазыба з Шарэйкам памаўчалі хвіліну-другую, пасля Зазыба зноў спытаў:

— Думаеш, табе пагражае таксама што-небудзь?

— Пагражае не пагражае, аднак дужа выстаўляцца таксама не трэба. Дай не ў етым справа. Усё роўна я неяк павінен быў сказаць табе, што адбылося з Марыляй. Але вось я пра што думаю цяпера — неяк ты ўсё так зрабіў тады, калі прывозіў яе, што нават цяжка было здагадацца, чым усё можа скончыцца. Пытаўся ж я ў цябе, чаго мне ета дабрачыннасць каштаваць будзе?

— Ну, пытаўся.

— А ты што?

— А тое, што гэта зусім справа цёмная. Я таксама пра яе амаль столькі ведаю, колькі і ты. Папрасілі мяне адвезці ў мястэчка ды ўладкаваць, ну, я і зрабіў, як прасілі. А што да цябе звярнуўся, дык ты ж таксама...

— Зноў ты не пра ета,— пакутліва наморшчыў лоб Шарэйка.— Урэшце, не адказнасць страшная. Да таго ж, можа, яшчэ і не выведзе след на мяне. Так што дарэмна наперад хвалявацца. А вось што мы, не ведаючы нічога, не змаглі памагчы дзяўчыне, не збераглі яе, дак тута з нас варта было б спытаць як след. Да й з пасяленнем, здаецца, прамашку дапусцілі.

— Як гэта?

— Відаць, не варта было ў яўрэйскі дом яе сяліць.

— Але ж на той час адны яўрэйскія дамы і пуставалі ў мястэчку.

— І тым не менш. Хоня ж Сыркін вярнуўся з дзецьмі. Ай не чуў?

— Гэта я сам бачыў. Але пры чым тут Хоня?

— Як табе сказаць? — Падскокваючы, Шарэйка пачаў папраўляць пад пахамі калодкі мыліц.

— А ты сядай,— сказаў яму зноў Зазыба.

— Дак...

— Сядай вось і гавары ўсё па парадку, усё, што ведаеш.

— Проста недарэчнасць нейкая ў нас у мястэчку выйшла. Выдалі яе суседзі.

— Выдалі?

— Так. Таму я і кажу адразу пра Хоню. Бо з Хонем звязана гэта найбольш. Паслухай вось.

Шарэйка нарэшце сапраўды сеў.

— У мястэчка Хоня вярнуўся ў раннюю восень,— пачаў ён,— калі яшчэ немцы ў нас мала пабылі, а тута, бачыце, у хаце яго ўжо дзеўка чужая жыве, да якой немцы ледзь не кожнага дня наведваюцца. Ну, Хоня і пайшоў сабе далей шукаць прыстанку. Пасяліўся ў людзей. А суседзі за ета зуб точаць на Марылю, моў, чалавека без сваёй страхі пакінула. Словам, не спадабалася яна нашым местачкоўцам. Зразумела, сёй-той пачаў пільнаваць за ёй. Дзяцей на ета таксама сталі падбухторваць — сачыце за гэтай нямецкай курвай, калі не цяпера, дак пасля спатрэбіцца ўсё. І вось надоечы Хоневы блазнюкі да яшчэ адзін такі ж, сын начальніка пошты, палезлі ў кладоўку да яе, а тама перадатчык стаіць у чамадане. Канешна, падлеткі, мусіць, падумалі, што ета нямецкая рэч, раз немцы часта ходзяць у дом. А выйшла не так. Не паспелі яны перахаваць чамадан у іншае месца, як іх застукалі. Паліцэйскі ўбачыў. Ну і прымусіў паказаць, што ў чамадане. А тады ўзрадаваўся і каменданту панёс. З таго і пачалося. Хлопцаў пачалі выклікаць у камендатуру, а як напалохалі трохі, то й прызналіся, дзе ўзялі чамадан. Ну, а далей сам можаш уявіць — прыйшлі і арыштавалі дзеўку нашу. Ета падлеткі думалі, што перадатчык нямецкі, а камендант адразу здагадаўся, што да чаго. Аказваецца, яна зусім іншым займалася, нашым штосьці пра немцаў перадавала, дарма што з праезджымі афіцэрамі ўвесь час дзеля выгляду круціла. Таму я і думаю — няйначай, мы з табой, Яўменавіч, тута таксама чагосьці не дакумекалі. Лічы ж, адну яе пакінулі. Як адвезлі ў Хонеў двор, так і пакінулі. Хіба не так?

Але тут вярнуліся ў хату з паддашка гаспадыня з сынам, і Зазыба не стаў адказваць Шарэйку.

— Ідзіце глядзець, што тама ў нас захавалася,— паклікала мужчын Марфа Давыдаўна.— Адна-дзве дак і праўда яшчэ нічога, на кажух згадзяцца, а з тае авечкі, што пазалетась рэзалі, здаецца, прапала аўчына.

Шарэйка з ахвотаю, а Зазыба пэўна што за кампанію зрабілі так, як хацела Марфа,— пайшлі глядзець у сенцы задубелыя авечыя скуры, на якія сёлета, калі б не гэтакі выпадак, што сам кравец апынуўся ў хаце, наўрад ці знайшоўся б попыт, дарма што Масею вельмі патрэбна была цёплая апратка зверху.

Сапраўды, Шарэйка следам за Марфай таксама непрыгоднай прызнаў адну аўчыну. Сказаў:

— Лішай пабіў.— Але адразу махнуў рукой: — Каб толькі нам таго клопату!

Зноў застацца адзін на адзін у хаце бабінавіцкаму краўцу з гаспадаром выпала ўжо над самы вечар, калі Марфа Давыдаўна пачала ўпраўляцца з дамашняй жывёлай, а Масей, узяўшы ў сенцах вёдры, пачаў насіць у двор са студні ваду.

— Як думаеш, дзе цяпер Марыля? — беручыся за вушак, панура і цяжка, акурат пасля густога пахмелля, спытаў Зазыба.

— Людзі бачылі, як вялі яе ў камендатуру,— адказаў Шарэйка,— а далей нібыта ніхто нічога не знае. Відаць, трымаюць тама, калі не павезлі ўжо ў Крутагор’е. Але скажу, арышт яе раптам усё мястэчка перавярнуў. Ета ж трэба — думалі чорт ведама што пра дзеўку, а тута выходзіць напраўду, дак таксама не чужая.

— Ты вось што, Шарэйка,— нарэшце адарваўся ад дзвярэй Зазыба і пайшоў на тое месца, дзе сядзеў на пачатку гісторыі.— Ты пажыві пакуль у нас. Сапраўды, займіся шытвом сваім. Не трэба табе цяпер вяртацца ў Бабінавічы. Усякае можа быць, яна не маленькая, ведае, што людзей таксама падводзіць. Аднак... на допыце чалавек не заўсёды валодае сабой. Адным словам, усё ты правільна зрабіў — і што прыехаў ка мне адразу, і што расказаў, і нават што Ганну сваю на сяло да дачкі паслаў. А мы тым часам паспрабуем што-небудзь дапытацца праз людзей. Зусім не лішне будзе ў такім становішчы наведацца таксама ў мястэчка. Калі і не здолеем дапамагчы дзяўчыне, то хоць самі будзем ведаць, як сябе паводзіць. Але ўсё гэта я сам зраблю.

— А сувязь у цябе ёсць цяпера з тымі людзьмі, што даручылі табе Марылю тады? — раптам спытаў Шарэйка.

— Не давалі мне такой сувязі. Паклікалі ў адзін двор і папрасілі, каб я ўладкаваў Марылю ў мястэчку. Нават спыталі, ці ёсць такі чалавек у мястэчку, які дапамог бы мне. Ну, я і сказаў, што ёсць. Але прозвішча твайго не называў.

— Ну, а... у чый двор цябе клікалі, ты не забыў?

— Думаю, што гэта не мае значэння. Ды і не варта ўмешваць у нашу справу больш людзей, чым трэба, бо ланцуг можа атрымацца задоўгі. Не дай бог, калі пабяжыць іскра па ім. Усіх уцягне, усім канцы будуць.

— Вядома, берагчыся неабходна,— згадзіўся Шарэйка.— Але хаваючыся адзін ад аднаго вось так, як ты раіш, можна і зусім калі-небудзь застацца невядомым, бо сянні ты жывеш, а заўтра можа і не быць ужо цябе. Сянні адзін ведаеш таго чалавека, а заўтра ніхто ўжо не будзе ведаць яго. Тым часам, можа, сянні ўжо не толькі ты да яго дачыненне маеш. Я ета к таму, што не ўсё яшчэ табе сказаў. Дак паслухай. На тым жа тыдні, якраз у чацвер, прыходзіла Марыля да нас.

— Чаму?

— Паперы нейкія прынесла. Сказала, няхай яны ў нас паляжаць, а тама яна забярэ. Відаць, ужо не спадзявалася цалкам на сябе. Паперы гэтыя я таксама прывёз з сабой. Цяпера я так думаю — няйначай, іх трэба камусьці перадаць. Але каму?

Зазыба ў адказ адно паціснуў плячамі.

Тады Шарэйка дастаў з вялікай кравецкай торбы, што стаяла на падлозе каля швейнай машынкі, скрутак і паказаў Дзянісу Яўменавічу.

 

Х

 

Хоць сёлета паводле народнага календара і паказвала ў прыродзе ўсё на тое, што зіма будзе ўлаштоўвацца на калянай зямлі ці не з першага разу (і вельмі нізка, ледва не над стрэхамі вясковых хат, ляцелі дзікія гусі ў вырай, і зусім нядоўга, а чыста ападала лісце з дубоў ды бяроз), аднак не прайшло і адной цэлай ночы, як вецер перамяніўся, падзьмуў з цёплага краю. Выходзіла, такім чынам, што снег клаўся на зямлю ўсё роўна як дарэмна, а галоўнае — спадзяванні людскія не спраўдзіў, бо ўжо шмат каму заманулася, што зіма сёлета з балотных зазімкаў, няйначай, адразу ў завеі з сумётамі пойдзе.

Першы ў Зазыбавай хаце сказаў назаўтра, што снег ці не растае, бабінавіцкі кравец Шарэйка. Уначы яму балела адрэзаная нага, ляжаць спакойна не давала, а на дасвецці ён сам двойчы выходзіў у двор, адзін раз каню кідаў нанава сена, другі так, хутчэй з таго, што даймаў хатні клопат і не было як спаць. Тады ён, стоячы на мыліцах на ганку, і здагадаўся, што вецер раптам за тынам памяняў напрамак, пачаў дзьмуць з іншага боку.

— Во, нездарма мы ўчора дзівіліся, што з етым снегам будзе,— акурат пахваліўся кравец перад Марфай Давыдаўнай, якая, можа, нават ад грукату Шарэйкавых мыліц, таксама рана прахапілася і ў парозе пакавала ўжо дрывамі печку.— А яго скора, здаецца, саўсім ветрам згоніць.— Кравец пастаяў яшчэ на месцы, тады пакульгаў далей на мыліцах і ў той хаце таксама сказаў, але цяпер гаспадару, які начаваў у прасценку паміж грубкай-галанкай і шафай: — Чуеш, Дзяніс, аказваецца, дарэмна я бедаваў учора, бо сані, мусіць, пакуль не спатрэбяцца, буду яшчэ ездзіць на сваіх калёсах. Снег жа, здаецца, крануўся.

— Дзіва што, гэтага трэба было чакаць,— адказаў яму Зазыба, хоць добра ведаў, што цяпер Шарэйкава радасць ненадоўга, за першым снегам ляжа другі, потым трэці, а зіма сваё нарэшце возьме; прызнацца, яму нечага не даспадобы стала, што гэты снег, як сказаў Шарэйка, так скора «крануўся»; няхай бы ляжаў сабе.

— І наогул,— сказаў далей Шарэйка,— на санёх ці на калёсах, а трэба, мусіць, падавацца назад у мястэчка. Можа, усё тама выглядае не так, як мне падалося тады, можа, усё тама ціха і ў парадку ўжо. Я ета параскінуў галавой сянні, лежачы тута ў вас, дак надумаўся...

— Што ж ты надумаўся? — хутчэй падаў голас, чымся спытаў, Зазыба, і таксама, як і першы раз, без асаблівай насцярогі, здавалася, адно дзеля таго, каб даць зразумець чалавеку, што ён слухае яго.

— А тое, што трэба вяртацца мне.

Зазыба колькі часу маўчаў, тады падняўся з ложка ў прасценку, выйшаў босы і ў споднім на хату.

— Ты гэта дарэмна, Шарэйка,— сказаў ён глуха.— Сам жа разумееш, цяпер гэта не толькі твая справа, цяпер гэта ўсіх нас датычыць у аднолькавай меры. А раз так, то і вырашаць павінны разам.

— Табе латва гаварыць. Табе!.. А ў мяне тама жонка, дачка з дзіцём, двор. Да й не адзін. У зяця таксама ж гаспадарка ёсць. Так што...

— А ўсё-ткі не спяшайся,— адчуваючы Шарэйкаву ўзрушанасць, памяркоўна сказаў Зазыба.— Гэта ўначы табе нечага не заспалася, дык...

— Гм, нечага!

— Словам, не нудзіся і не карай сябе. Першы ў мястэчка, як і дамовіліся ўчора, наведаюся я, а там ужо, што далей рабіць, будзе само відаць. Ды і кажух ты абяцаў пашыць Масею, значыць, Марфа таксама яшчэ прасіць стане. Не, ты не наганяй гарачкі. Зараз уднее вось, а там і на душы пасвятлее.

— Ну так, чужую бяду — рукой развяду. Ты ж хоць паглядзеў паперы тыя, што ад яе засталіся?

— А як іх глядзець, калі не па-нашаму напісаны? Па-нямецку. Хоць ты да Мікіты Драніцы нясі!

— Ну во, толькі етага цяпера й не хапала! — зусім сур’ёзна ўспрыняў Зазыбавы словы кравец.— Грамацея знайшоў. Дак, можа, Масей прачытаў бы тады?

— Не ўжо, няхай без яго.

— А то ж...

— Кажу, не. І не крычы дужа. Мусіць жа, спіць яшчэ?

— Урэшце, як знаеш...

Шарэйка больш ні на чым не настойваў, таму яны спынілі размову, нібыта страціўшы адзін да аднаго інтэрас; між тым, няйначай, кожны па-ранейшаму працягваў унутрана разважаць над тым, што цяпер для абодвух з’яўлялася галоўным.

Масей сапраўды яшчэ спаў — ён займаў пры сцяне свой даўні ложак, у галавах якога стаяла накрытая хусткай скульптура, зробленая з дзеда Яўмена. Галасоў ён не чуў, хоць наўрад ці зразумеў бы што з іх. Але справа не ў тым. Галоўнае, бацька не хацеў, каб сын дапаў да сакрэтаў, якія абмяркоўваў ён з Шарэйкам, не толькі розумам, аднак і слыхам.

А тым часам у чалесніку ў Марфы разгараліся карчы, якія яна дастала з запечча для падпалу дроў; стала чуваць, як трэскала, пырскаючы там, смала, і праз адчыненыя філёнкавыя дзверы, што злучалі сабой абедзве палавіны хаты, ужо лажылася адтуль на падлогу трапяткое, трохі чырвонае святло.

Сапраўды, гаспадар меў рацыю, калі гаварыў, што ўранні на душы ў Шарэйкі пасвятлее: не паспеў шары ўсход за глінішчам саткаць паміж патанелых хмараў невыразную, акурат мутную, ружовасць, а кравец паставіў ужо сваю зінгераўскую машынку на самаробны станок і, не чакаючы, пакуль будзе на стале сняданак, за якім не пераставала завіхацца гаспадыня, пачаў прыдзірліва аглядаць з усіх бакоў скінутыя ўчора з паддашка скуры; дзьмухаў на іх і старанна мяў рукамі. Па тым, што іх, гэтыя аўчыны, належала яшчэ вырабіць,— а для такой справы патрэбны не адзін дзень,— можна было зразумець, што Шарэйка застаецца ў вёсцы; няйначай, кравец паступова ўсё-ткі прыйшоў да заключэння, што ад’езд яго ў мястэчка цяпер нічога не дасць і што лепш і праўда пабыць колькі часу ў Верамейках, злашча, Зазыба таксама непакоіўся пра тое самае не менш за яго. Праўда, з надыходам раніцы на душы ў Шарэйкі зусім не пасвятлела, гэта толькі гаворыцца так, што раніца паўсюды змрок з’ядае, нават на душы, аднак ён ужо быў заняты работай, чаго хапала, каб лішне не выдаваць старонняму воку ні ўсхваляванасці, ні ўнутранага клопату.

Дзіўна, але пасля сняданку, не зважаючы на стан свой, Шарэйка ўзяўся за справу з Масеевым кажухом самым належным чынам, дарма што дагэтуль рэдка калі займаўся вырабам аўчын, бо заўсёды прыносілі да яго гатовыя; да таго ж у Зазыбы не хапала дубільнага матэрыялу — звычайнай крушынавай кары, нават не было жытнёвага соладу; тым не менш, справа даволі паспяхова рухалася наперад, балазе, кругом жылі запаслівыя вясковыя людзі, і ў кожнай верамейкаўскай хаце можна было пазычыць патрэбнае альбо проста папрасіць; ва ўсякім выпадку, недзе па абедзе кравец ужо меўся зачыніць дзежку з аўчынамі, а перад тым надумаўся схадзіць цераз дарогу да Кузьмы Прыбыткова: у іх, у Кузьмы і Шарэйкі, былі нейкія свае разлікі яшчэ з даўняга часу, таму зразумела, што Прыбыткоў хацеў бачыць цяпер Шарэйку і ў сваёй хаце, прыходзіў па яго да суседзяў сёння ажно два разы.

Зазыба не пярэчыў, адно зачыніў за краўцом дзверы ды сказаў перад тым услед яму:

— Ты ж там не баўся.

Сам ён чамусьці не надта хапаўся выходзіць на вуліцу з хаты, нават па гаспадарцы ўвесь час Марфе памагаў Масей. Але ў хаце таксама занятку нібыта не знаходзіў. Адно сноўдаўся з аднае палавіны на другую, акурат сапраўды не ведаў, да чаго прыкласці рукі. Вядома, сын з жонкай трохі дзівіліся з гэтага, аднак самі па сабе і ў душу да яго не лезлі, а тым больш не здагадваліся, які клопат не даваў яму спакою, нават узрушваў.

Зазыба, між тым, разумеў — колькі ні адкладвай, аднак давядзецца яшчэ сёння ісці ў мястэчка. Толькі яму чамусьці здавалася, што зрабіць гэта лепш будзе пад вечар, каб апынуцца ў Бабінавічах непрыкметна.

Ходзячы так па хаце са сваім роздумам, Дзяніс Яўменавіч не адразу пачуў, як на павароце ў іхні завулак скрозь неглыбокі снег загрукаталі па цвёрдай зямлі акаваныя колы. Выглянуў ён пацікавіцца ў акно тады, калі стала позна: нехта адзін моцна тупаў з таго боку на ганку, другі тым часам прывязваў лейцамі каня за крайні слуп, што вытыркаўся над палісаднікам. Убачыўшы гэтага, другога, Зазыба злякнуўся і ў наступны момант спалатнеў. То быў немец!.. Не цяжка было пазнаць Зазыбу і каня, запрэжанага ў таратайку,— на ім некалі разам з бургамістрам воласці Брындзікавым прыязджаў у Верамейкі камендант Гуфельд выбіраць вясковую адміністрацыю. «Значыць, на ганку таксама знаходзіцца Адольф Карлавіч! — падумаў Дзяніс Яўменавіч і тут жа звёў усё ў адно: — Няйначай, за Шарэйкам прыехаў!..»

Зазыба кінуўся да акна, але ўсяго толькі спыніўся ў сваім імкненні на парозе ў тую хату, ліхаманкава прыкідваючы ў галаве, за што першае хапацца і куды што парадкаваць.

Тым часам Марфа з Масеем таксама пачулі, што нешта здарылася ў завулку, пачалі падыходзіць да вокнаў.

— А вохці мне! — утрапёна пляснула рукамі Марфа, убачыўшы немца там; пры гэтым яна разгубілася не менш за мужа, хоць выразна яшчэ і не паспела ні пра што падумаць.

Адзін Масей, здаецца, не паддаўся агульнаму настрою ў хаце. Прынамсі, вочы яго і рухі заставаліся спакойнымі, толькі, можа, залішне доўга ён знаходзіўся ля акна, акурат хацеў прасачыць за чымсьці большым, чым тое, што бачыў цяпер у завулку. Але вось Масей таксама адпаў ад запацелай па краях шыбіны, акінуў запытальным, хоць зусім і не трывожным позіркам бацьку, які ўсё яшчэ стаяў, трымаючыся трапяткою рукой за бакавы брусок у дзвярной асадзе, і, мусіць, уражаны ягоным выглядам, памкнуўся дзеля парадку выйсці ў сенцы. І не паспеў. Адтуль хутка і амаль напята адчыніліся дзверы, і калі чалавек, які зрабіў гэта, занёс першую нагу цераз парог, каб апынуцца ў хаце, Масей ад нечаканасці ажно саступіў на бок, тады рынуўся назад і ўсклікнуў:

— Алесь!

Сапраўды, гэта быў даўні Масееў дружбак Алесь Астрашаб.

Зазыба таксама помніў гэтага Алеся яшчэ з таго, як у трыццаць трэцім годзе ездзіў у Мінск на першы Усебеларускі з’езд калгаснікаў-ударнікаў. Хлопцы тады жылі разам на кватэры ў гаспадара на Ляхаўцы. Зазыба адну ноч нават пераспаў у іх, дарма што меў чыстае месца ў гасцініцы.

Тым часам Марфа ведала пра Астрашаба ўсяго колькі з Зазыбавых слоў, таму Дзянісу Яўменавічу ажно дзіўна зрабілася цяпер, што і яна ўслед за Масеем нібыта пазнала нечаканага госця і ўжо ўсё роўна як гатова была адкрыта выказваць сваю прыхільнасць да яго.

Масей падхапіў Астрашаба з парога на распасцёртыя рукі, пачаў абдымаць.

Зазыба, між тым, стаяў на ранейшым месцы — ён і цяпер, пры выглядзе чалавечай радасці, не здымаў рукі з вушака,— і хмура, яшчэ зусім спалатнела пазіраў са спіны на сына, акурат пакуль да канца не разумеў, што той робіць.

Але вось Масей павярнуўся да бацькі, сказаў:

— Гэта ж Алесь, бацька! Так што дарма мы нечага спалашыліся! — Затым падвёў Астрашаба да маці, пачаў даводзіць і ёй:

— Гэта ж Алесь Астрашаб, мама! Таварыш мой па Мінску!

Марфа заківала ў адказ сыну галавой, здавалася, яшчэ больш пасвятлела з твару.

Астрашаб, як адзначыў сабе Дзяніс Яўменавіч, мала чым змяніўся за восем гадоў — выгляд меў свежы і малады, не тое што Масей, які пасля зняволення, нягледзячы на матчыны захады, усё яшчэ не мог падужэць як след і набраць ранейшай моцы. Праўда, Астрашаб быў цыганісты з твару, а такія людзі не дужа хутка старэюць, дакладней, не так скора мяняюцца з выгляду. Але Зазыба не лічыўся б бацькам, калі б не звярнуў увагі на гэтае адрозненне паміж прыезджым госцем і сынам, адчуўшы раптам усё роўна як вінаватасць перад апошнім, нібыта сапраўды нечага недаглядзеў у жыцці, каб засцерагчы яго ад дарэмных пакут.

Між тым, немец, што прыехаў разам з Астрашабам у камендантавай таратайцы, чамусьці не спяшаўся заходзіць у хату, і ягоная адсутнасць тут дала магчымасць Дзянісу Яўменавічу нарэшце ачомацца і спытаць:

— Ты, Алесь, пад канвоем гэта ці як?

Няйначай, госць не чакаў ад гаспадара падобнага запытання, таму зарагатаў у адказ, а за ім пырснуў смехам і Зазыбаў Масей, аднак няшмат, хутка спахапіўся, здушыў яго ў сабе.

— Адкуль вы ўзялі? — спытаў гаспадара Астрашаб.

— Дык... немец на возе і... Неяк...

— А-а,— сказаў Астрашаб,— гэта мне камендант ваш у Бабінавічах даў. Цяпер ён мне і за фурмана адным часам, і за ахоўніка. Але вы не турбуйцеся, салдат ён ціхманы, а галоўнае — культурны. Працаваў недзе ў Баварыі настаўнікам да прызыву ў армію, цяпер служыць у вашых Бабінавічах у камендатуры. Дарэчы, па-руску, а тым больш па-нашаму, па-беларуску, нічога не разумее. Толькі асобныя словы ведае. Так што гаварыце пры ім свабодна, нічога не бойцеся.

— А я, прызнацца, падумаў спярша, што гэта сам камендант прыехаў,— счакаўшы трохі, сказаў Зазыба.— І таратайка тая ж, і конь знаёмы ўжо. Гуфельд прыязджаў на ім да нас у Верамейкі.

— Хваліўся ён мне.

— А ты, бачу, служыш у немцаў? — зноў спытаў Зазыба, а тады ўдакладніў: — Забыўся, як гэта цябе па бацьку?

— Данілавіч.

— Дык служыш, Алесь Данілавіч?

— Увогуле, служу,— праз нейкі момант адказаў Астрашаб.— Толькі не немцам, а свайму народу.

— Як гэта разумець?

— А так і трэба разумець, Дзяніс Яўменавіч. Вы ж таксама, са слоў Гуфельда, пастаўлены намеснікам валаснога агранома ў сваёй вёсцы.

— Дык гэта зямля... гэтага патрабуе зямля.

— Ну і маёй службы патрабуе зямля. Зямля Беларусі.

Масей, які з цікавасцю і нейкай насцярогай слухаў гэту размову, спахапіўся раптам, падаўся зноў да сябра.

— Ты сядай лепей, а пагаварыць паспееце,— сказаў ён.

— Ага, а то гаспадар наш таксама накінуўся,— падтрымала сына Марфа Давыдаўна і засмяялася.

Абараняючыся ад бацькі, Масей пасадзіў Астрашаба на ўслон, але тут жа і сам спытаў:

— Як ты знайшоў мяне?

— Не дужа цяжка было,— сказаў у адказ Алесь.— Я ж ведаў яшчэ з таго, як разам жылі, дзе гэтыя Верамейкі. Ну, а пра астатняе...

— А пра мяне, хто табе сказаў пра мяне?

— Якуб Вайніловіч.

— Дзе ты яго бачыў?

— У Магілёве.

— Ён там жыве цяпер?

— Не, прыязджаў. А жыве таксама, як і ты, дома, у вёсцы. Вось ён і расказаў мне, як вы выбавіліся і куды ты падаўся.

— А чаму ты сам апынуўся ў Магілёве? Хіба ты не ў Мінску цяпер?

— У Мінску. Але ў Магілёве быў па адной справе. Дарэчы, у нейкай ступені яна прывяла мяне і сюды.

— Што за справа?

— Гэта не к спеху. Пасля раскажу.

Дзіўна, але Марфа Давыдаўна і сына ўжо нібыта ўшчуваць збіралася за тое, што ён госцю не даваў спакою.

— Вы яго, як таго салаўя, байкамі займаеце. Лепей за стол во завіце, а я абед падаваць буду,— сказала яна.— Да і Шарэйку паклічце ад Прыбытковых.

— Не трэба яго,— пачуўшы гэта, паморшчыўся Зазыба.

— Ну, не трэба дак і не трэба,— лёгка адступілася Марфа.

Дзяніс Яўменавіч тым часам ужо дакладна ведаў, што дарэмна спалохаўся тады, пачуўшы грукат колаў у завулку — Шарэйку пакуль нічога не пагражала ў Верамейках, бо не камендант прыехаў, а зусім іншы і нечаканы чалавек, але цяпер ён падумаў таксама: «Няхай кравец да часу пабудзе ў суседзяў, нездарма ж кажуць — таго, хто беражэцца, і бог беражэ».

Разважыўшы так, Зазыба нават глянуў у акно, усё роўна як папярэджваў цераз дарогу краўца, каб той сапраўды не кранаўся з месца, сядзеў пакуль што да чаго ў Прыбытковых, а дзежку з аўчынамі ён накрые вечкам і сам.

Гэта ўжо заўважана даўно, што госці — званыя ці не званыя,— акурат цаляючы знарок, звычайна прыязджаюць блізка да сняданку, да абеду, да вячэры. Да таго ж у шчырых людзей наогул лічыцца, што грэх бывае трымаць чужога чалавека не за сталом, а ў парозе. Таму для хатніх нічога дзіўнага не было і цяпер у тым, што Марфа таксама адразу пачала прымушаць усіх з абедам.

Каб быць на ўзроўні, Зазыба спытаў Астрашаба:

— А як мы — немца будзем зваць з сабою за стол?

— Мусіць жа, трэба.

— Ну, то пакліч тады. Можа ж, лавы таксама не праседзіць, дарма што немец.

Астрашаб з гэтых Зазыбавых слоў засмяяўся, але тут жа падышоў да акна, паляпаў па шыбіне.

Тады ў сваю чаргу засмяяўся Зазыба:

— Гэта ўсё роўна як сляпому на мігі паказваць. Бо ў нас двайныя вокны на зіму пастаўлены.

Давялося Астрашабу выходзіць з хаты, клікаць фурмана так.

Між тым, немец нібыта чакаў увесь гэты час, што на стале ў вясковых тубыльцаў неўзабаве павінна з’явіцца патрава, таму пасля запросін адно крутануўся на ганку і тут жа следам за ездаком уваліўся ў хату, прынёсшы на ботах вялікія ашмёткі наліплага снегу. Цяпер немца можна было разгледзець як належыць. Быў той яшчэ не стары, бадай, гадоў за трыццаць меў, але выглядаў зусім не бравым ваякам,— няйначай, на ім ляжаў у нейкай ступені таксама і адбітак прафесіі. Ды і сама акалічнасць, што служыў ён у камендатуры, а не ў рэгулярным войску, усё-ткі гаварыла за сябе.

Астрашаб узяў з рук фурмана жоўты партфель, дастаў адтуль бутэльку, загорнутую ў газету, пасля прамовіў невядома чаму:

— Звычайна кажуць — гаспадыня за талерку, гаспадар за гарэлку, а госць...

— А ў нас наадварот выходзіць,— развёў рукамі Масей.

— Нічога,— супакоіў яго Астрашаб, ставячы бутэльку на стол.— Вось!

— О-о, ды ў цябе каньяк! — убачыўшы голай бутэльку, усклікнуў Масей.— Нямецкі?

— Не, наш,— адказаў Астрашаб.— У немцаў, здаецца, віны свае, а каньяк прывазны.

— Мусіць, цяпер для іх гэта ўжо не праблема.

— Мяркуючы па тым, што ўся Еўропа заваявана, можа, і не праблема — прывазны альбо не прывазны каньяк. Цяпер ужо ў кожным выпадку іхні.

Нарэшце пачалі сядаць за стол. Немец таксама адразу далучыўся да кампаніі і з вялікай ахвотай, акурат пасля моцнага марозу, моўчкі хлабыснуў пастаўленую перад ім чарку з рудой вадкасцю.

Зазыба крактануў, акурат замест яго, сказаў, але так, што было незразумела — блазнаваў ці захапляўся:

— Аказваецца, і немцы аднолькава з намі п’юць!

— Гут, гут1,— накідваючыся на закусь, акурат пацвердзіў Астрашабаў фурман Зазыбавы словы.

А Зазыба тым часам спытаў Астрашаба:

— Ён што, і праўда больш не ведае па-нашаму? — усё роўна як гэтыя «гут, гут» былі таксама сказаны не па-нямецку, а неяк іначай.

Астрашаб запэўніў,— так, можна не турбавацца, затым паглядзеў на Дзяніса Яўменавіча, усміхнуўся:

— Ну, а як вам каньяк?

— Нічога, піць можна,— адказаў Зазыба і паднёс да зубоў кіслы гурок.— Але закусь... Наша закусь не да таго пітва. Белыя афіцэры ў грамадзянскую вайну, помню, закусвалі каньяк лімонамі. Казалі, апошні рускі цар гэтак закусваў. А мы тут у вёсцы цяпер — пад кіслы агурок. Але я вось пра што думаю, Алесь Данілавіч, няйначай, ты вялікім начальнікам стаў, раз гэтак ездзіш поплеч з немцамі ды каньяк папіваеш?

— Якраз наадварот. Можна сказаць, каня з фурманам у вашага каменданта таксама за каньяк атрымаў.

— Хіба што,— працягваў Зазыба,— аднак... каб паразумецца так вось, як вы паміж сабой, аднаго каньяку, бадай, мала было?

— Вядома,— шматзначна пагадзіўся Астрашаб і нечага засмяяўся.

— Але дзіўна,— праз момант зноў яўна з цікаўнасцю паглядзеў на Астрашаба старэйшы Зазыба,— здаецца, збіраўся ты, Алесь Данілавіч, прыехаць у Верамейкі ажно вунь калі яшчэ, я помню, як ты гаварыў, а прыехаў зусім неспадзявана, ды ў такі час, калі другія зусім нікуды не ездзяць.

— Ці ж я ведаў, Дзяніс Яўменавіч, што гэты снег раптам выпадзе? Ну, а чакаць у мястэчку, пакуль ён растане, таксама не выпадала. Ды і ці растане яшчэ.

— Я не пра гэта,— паправіўся гаспадар, няйначай, маючы ў душы прыкрасць ад таго, што госць нібыта наўмысна не зразумеў яго.— Снег само сабой. Снегу магло і не быць хутка. Я пра другое.

— А-а, вы вось пра што!.. На ўсё свой расклад, Дзяніс Яўменавіч. Для нас з Масеем цяпер вось настаў час.

— Дык хіба і ты разам?..

— Бог мілаваў. Але падрыжэць таксама давялося.

— А цяпер?

— Што — цяпер?

— Я хацеў сказаць — усё-ткі час настаў?

— Ну...

Масей нарэшце зразумеў, што трэба зноў ратаваць. ад бацькі Алеся, ён разліў па шклянках астатні каньяк, падняўся і, памінаючы вайну, доўга гаварыў тост, сэнс якога пад канец звёўся да наступнага — маўляў, чорт балота запаліў, а тушыць, аказваецца, няма каму.

Зазыбу сынаў тост не тое што не спадабаўся, бадай, ён мала што зразумеў з яго, бо Масей гаварыў не толькі невыразна, але неяк і не пераканаўча, усё роўна як хацеў задаволіць адным часам і сябра, які ажно вунь адкуль прыехаў, каб адно сустрэцца, і бацьку, які пэўна што не хацеў лічыцца з падобнымі акалічнасцямі.

Дзіўна, але асаблівай непрыязнасці да Алеся Астрашаба старэйшы Зазыба не адчуваў у сваёй душы з самага яго прыезду, цяпер таксама яна не ўзнікала яшчэ, дарма што за сталом у гэты час разам з усімі знаходзіўся... немец. Канечне, гэта надта нязвыкла было, хутчэй за ўсё, парушала парадак рэчаў. Аднак у свядомасці Зазыбавай цяпер чамусьці здольна было ўладкавацца. Мусіць жа, нездарма людзі кажуць, што жаба ў вадзе таксама сядзіць, хоць і не рыба.

Між тым, Дзяніс Яўменавіч, здавалася, доўга не збіраўся заставацца ў баку ад гаворкі, якая паступова, але пасля таго ўжо, як узяў на сябе яе Масей, станавілася нейкай непрадметнай, таму акурат неабавязковай, прынамсі ў Зазыбавым уяўленні. І гэта тады, калі Зазыбу хацелася як мага больш ведаць, злашча, чалавек прыехаў у Верамейкі ажно з самага Мінска. Ды і апрача Мінска, няйначай, нямала дзе пабываў гэтым часам, раз нават сюды, у забяседдзе, дапяць здолеў.

І вось Дзяніс Яўменавіч счакаў, пакуль настане зручны момант, тады зноў патрохі, устаўляючы у гаворку слова за словам, пачаў падступацца да госця з наўмыснымі роспытамі, разумеючы, вядома, што Масей ужо не дазволіць яму заходзіць надта глыбока ў сваім інтэрасе, у сваёй настойлівасці.

— Як там у Мінску ў вас? — авалодаў нарэшце ініцыятывай Зазыба.— Кажуць, горад нібыта разбураны?

— Ды хапіла яму,— акурат з неахвотай адказаў Астрашаб.— Але нічога. Жывем.

— А ўлада? Як новая ўлада паводзіць сябе ў горадзе?

— Якая — вайсковая ці грамадзянская?

— Ну, і тая і другая.

— Здаецца, як і паўсюды. Але на ўсю Беларусь грамадзянская ўлада яшчэ не створана. Гэта немагчыма пакуль.

— Чаму?

— Справа ў тым, што немцы рашылі абыходзіцца пакуль ваеннай уладай.

— А ў нас? Чаму ў нас тады і бургамістраў прызначылі, і старастаў загадалі выбраць?

— Гэта — для мясцовага кіравання. У Мінску таксама дзейнічае гарадская ўправа, у якой, дарэчы, я таксама служу. І ў іншых гарадах. Але я кажу пра цэнтральную ўладу. Пра ўладу на ўсю Беларусь. Дык такой пакуль няма. Праўда, нядаўна, акурат дваццаць другога кастрычніка, генеральны камісар Вільгельм Кубэ падпісаў загад аб стварэнні беларускай народнай самадапамогі. Яна хоць і засноўваецца цяпер як масавая арганізацыя, у задачу якой уваходзіць адраджэнне нацыянальнай культуры і аказанне дапамогі пацярпеўшым ад вайны, але мы спадзяёмся паступова ператварыць яе ў орган шырокай, нават, калі хочаце, дзяржаўнай улады, гэта значыць у цэнтральны кіруючы орган.

— Хто гэта — мы? — тут жа спытаў Астрашаба Масей.

— Ну, тыя, хто працуе цяпер у мінскай управе.

— А чаму адразу немцы не дазволілі стварыць цэнтральную ўладу?

— На гэта ёсць свае прычыны. І адна з іх, відаць, тая, што Беларусь цяпер... Словам, яна цяпер, наша бацькаўшчына, не такая, якой стала пасля трыццаць дзевятага года. Беластоцкая вобласць адышла да Усходняй Прусіі. Туды ж далучаны Гродня з яе землямі, Ваўкавыск і іншыя заходнія гарады з акаляючымі населенымі пунктамі. Паўднёвыя раёны Брэсцкай, Гомельскай, Пінскай і Палескай абласцей аддадзены ў рэйхскамісарыят Украіны.

— А мы куды трапілі пры такім заліхвацкім падзеле? — зусім хмура спытаў Зазыбаў Масей.

— Магілёўская вобласць, таксама Віцебская, часткова Гомельская і Мінская належаць да тэрыторыі армейскага тылу. Дарэчы, вось карта,— Астрашаб нагнуўся, дастаў з жоўтага партфеля, што стаяў унізе побач з ножкай стала, складзеную газету, у якую ці не была загорнута дагэтуль бутэлька, сказаў: — Гэта — «Мінскер цайтунг»2.

Сапраўды, на трэцяй паласе нямецкай газеты была надрукавана карта.

Масей паўглядаўся колькі часу ў яе, тады паказаў бацьку. Беларусь па новаму адміністрацыйнаму падзелу, які зрабілі нямецка-фашысцкія акупанты, уключала ў сябе цяпер усяго некалькі гарадоў з прылеглымі да іх абшарамі палёў, балот і лясоў; пасярод іх туліліся мястэчкі і вёскі. Гэта — Мінск, Слуцк, Ганцавічы, Баранавічы, Слонім, Навагрудак, Ліда, Маладзечна, Вілейка, Глыбокае і Барысаў. Здаецца, і ўсё. Не даўшы вачам веры, Масей разгублена паглядзеў на Астрашаба. Той маўчаў. Тады старэйшы Зазыба, усё роўна як кагосьці перадражніваючы, забурчэў:

— Ну вось, а вы кажаце, нашы, збавіцелі... Ды калі хочаце...

— Пачакай, бацька,— спыніў яго Масей.— І як цяпер аскабалак гэты завецца? — спытаў ён Астрашаба.

— Немцы завуць яго генеральным камісарыятам Беларусі. Таксама, як і на Украіне. Іншы раз называюць Беларутэніяй. І нас прывучаюць.

— А ты?

— Ну, а мы па-ранейшаму спрабуем называць Беларуссю.

— Не дужа вялікая радасць мець такую Беларусь,— смыкнуў шчакою Масей.— Гэта ж усяго, здаецца, чацвертая частка былой нашай тэрыторыі?

— Так, я супастаўляў. Акурат шэсцьдзесят восем раёнаў.

— А раней колькі было іх у нас?

— Усяго?

— Так.

— Сто дзевяноста два.

— А як гэта вы так шчодра распарадзіліся наконт астатніх?

— Не мы, Масей. За нас распарадзіліся. Вайна распараджалася. Сіла распараджалася. А мы цяпер прабуем сабраць у адно.

— Думаеце, немцы калі пойдуць насустрач вам?

— Прынамсі, на Віцебшчыну, Магілёўшчыну, на Гомельшчыну, у прыватнасці на тыя раёны, што не адышлі да Украіны, таксама на Міншчыну цалкам мы неўзабаве разлічваць пэўна можам, бо не заўсёды ж гэтыя тэрыторыі будуць адыгрываць ролю армейскага тылу. Урэшце, фронт не стаіць на месцы. Увесь час на ўсход рухаецца. І тэрыторыяй армейскага тылу стануць рускія і ўкраінскія вобласці.

— Ну добра,— сказаў Масей, адкідваючыся на ўслоне спіной да сцяны,— дапусцім, што ў гэтым нейкая логіка ёсць. Але няўжо толькі адна вось гэтая прычына вашай нерашучасці, што вы там, у Мінску, не атрымалі дасюль дазволу на стварэнне цэнтральнай улады?

— Ты, мусіць, не так мяне зразумеў. Я казаў — гэта адна з прычын. А іх некалькі.

— Ну, а другія? У чым яны?

— У даверы.

— Цікава. Значыць, немцы не давяраюць вам?

— Дакладней, не ўсім давяраюць.

— Ну, а каму давяраюць?

— Тым, каго прывезлі з сабой у абозе.

— А вам?

— Ну!..

— Але вы спадзяецеся, што заслужыце давер?

У адказ Астрашаб сцепануў плячамі, млява ўсміхнуўся:

— Мы з табой яшчэ пагаворым пра гэта. Тым больш што на колах ехаць цяпер цяжка. Альбо трэба санкі папрасіць у старасты вашага, альбо пачакаць, пакуль растане снег. Як, Дзяніс Яўменавіч? Дасць стараста нам на чым ехаць адсюль?

— Думаю, што пярэчыць не стане,— адказаў Зазыба.— Ды і снег, бачыш, растае ўжо. Так што... можна будзе пакуль і затрымацца ў нас. Ай камендант дужа чакае ў Бабінавічах?

Дзіўна, аднак маўклівы, акурат нясмелы Астрашабаў фурман, які дагэтуль проста раскашаваў за сталом, бо хапала тут чаго і на відэлец укалоць, і лыжкай укоптар засіліць, нібыта адчуў, што гаворка нарэшце пайшла пра ад'езд у мястэчка. Ён ускінуў галаву, пачаў дапытліва пазіраць на гаспадароў: спярша на старэйшага Зазыбу, пасля на Масея. А паколькі быў прыстаўлены вайсковым камендантам да Алеся Астрашаба, то і за канчатковым тлумачэннем звярнуўся да яго.

— Вас іст дас?3

— Койне зорген! Іс вайтэр зо віее, віе ду віллет,— сказаў яму па-нямецку Астрашаб.— Фергіт дзіе біеларусішэ гастфройндшафт ніхт4.

Немец задаволена заківаў галавой — маўляў, дзякуй, я і так аддаю належнае вашай гасціннасці, тым больш што гаспадыня ўжо несла ад печы да стала тушаныя дранікі ў гаршку.

Тады Зазыба няверліва глянуў на Астрашаба, паціснуў плячамі з дакорам:

— А ты казаў, што ён па-нашаму не разумее!

— Дык і праўда не разумее,— засмяяўся Астрашаб.— Гэта я па-нямецку з інстытута трохі разумею. А ён па-нашаму не разумее.

— Але ж вось здагадаўся, аб чым мы гаворым?

— Не, гэта так. Проста інтуіцыя.

— Ну-ну!..— Гаспадар перавёў той жа няверлівы позірк з госця на сына.— Але глядзіце, каб пасля не адведаць камендантавага шомпала, гэта па меншай меры, за ўсе гэтыя нашы тары-бары. Хоць ты, Данілавіч, мусіць, ужо недатыкальны стаў?

На гэтыя Зазыбавы словы Астрашаб зноў засмяяўся, але гаварыць далей не стаў, усё роўна як сапраўды палічыў Зазыбаву перасцярогу дарэмнай.

Затое Масей сказаў:

— Чаму быць, таго не мінаваць, бацька.

— Ну-ну!..— паківаў яму галавой бацька, затым звярнуўся да Астрашаба.— Дык ты кажаш, Данілавіч, што фронт наш усё далей адыходзіць і далей? На ўсход?

— І на поўнач, і на ўсход, і на поўдзень. Праўда, пад Масквой выйшла пакуль замінка.

— Што так?

— Бальшавікі прадпрынялі там вялікае контрнаступленне.

— Ну і як?

— Здаецца, пакуль баі ідуць з пераменным поспехам. Але... Не думаю, што бальшавікам што-небудзь удасца зрабіць. Усё адно верх і цяпер возьмуць немцы. Армія ў іх моцная.

— А наша?

— Ну, самі ж бачыце — сіла салому ломіць.

— А раптам усё-ткі фронт назад пакоціцца? І сіла знойдзецца?

— Дай бог чутае бачыць.

— Значыць, ты таксама не супроць, каб здарылася так?

— Справа не ў нашых жаданнях, Дзяніс Яўменавіч. Справа ў аб’ектыўных фактах. А факты якраз паказваюць адваротнае. Тым часам нам, беларусам, трэба думаць пра бацькаўшчыну. Толькі ў адданым служэнні ёй можна знаходзіць сёння сэнс усялякай дзейнасці.

— Але ж узбуйняць бацькаўшчыну за кошт таго, наколькі далёка адступяць чырвоныя, здаецца, па крайняй меры...

— Мы не збіраемся ўзбуйняць Беларусь. Мы маем намер усяго толькі аднавіць яе за кошт таго, што яна ўжо мела, што ёй належала гістарычна. І гэта нам не ўпершыню даводзіцца рабіць. Гісторыя ведае падобныя прыклады. Напрыклад, пасля Рыжскага дагавору, калі палова Беларусі была аддадзена палякам. Дарэчы, бальшавікамі.

— На бальшавікоў цяпер лёгка валіць,— усміхнуўся Зазыба.— Але ж дзеля справядлівасці ты, Алесь Данілавіч, павінен прызнаць, што ніхто іншы, а якраз бальшавікі ў трыццаць дзевятым сабралі яе, нашу Беларусь, у адно, далучыўшы заходнія землі да ўсходніх. Ды і наогул варта далей заглянуць, калі ты ўжо гісторыю памянуў. Масей гэта добра ведае. У нас тут, у Мокрым,— гэта недалёка, адразу за Верамейкамі, граніца праходзіць паміж Рэсэфэсэрыяй і Беларуссю. На карце відаць. Дык яна ў нас дужа са старых часоў, гэта граніца. І пры Вялікім княстве ў Мокрым заўсёды стража стаяла, і пазней, пры кароне.

— Гэта толькі на карце граніца ваша тут непарушнай застаецца ўвесь час, а так...

— Няхай на карце, калі табе ўжо хочацца, аднак жа... Немцы цяпер вось парушылі яе і на карце. Сам жа паказваў толькі што новую карту.

Дзіўна, але тое, што гаварыў Астрашабу бацька, пачынала падабацца Масею. Дакладней, не тое, што гаварыў, а як ён рабіў гэта, бо іншым разам старому не хапала гістарычнай пераканаўчасці, хоць тым часам было відаць, што Астрашаб, можа, ашчаджаючы паважанага субяседніка, у якога частаваўся за сталом, таксама асабліва не ўдаваўся ў гістарычныя дэталі, якія ён, няйначай, лепей ведаў за Масеевага бацьку. «Адкуль у яго гэта неўтаймаванасць, гэтая непрымальнасць чужога, гэтая фанатычная адданасць ідэям і людзям, якія, бадай, ужо завяршаюць сваё нядоўгае гістарычнае існаванне? — думаў Масей пра бацьку.— З ім можна згаджацца ці не згаджацца, сур’ёзна прымаць доказы ці наадварот, нават можна абвінаваціць у недасканалым веданні таго пытання, пра якое ідзе размова, аднак не захапляцца вось гэтай неўтаймаванасцю, вось гэтай непрымальнасцю, якая падобна на самаахвярнасць, нельга, вядома. Аднак даволі. Трэба спыніць гэтую небяспечную дыскусію, бо можа зайсці невядома куды».

Выбраўшы момант, калі маці, прыбіраючы са стала апрастаны посуд, засланіла сабой субяседнікаў адзін ад аднаго і тыя змушаны былі нарэшце змоўкнуць, Масей спытаў Астрашаба:

— Ну, а яшчэ што новае ў Мінску?

Астрашаб, няйначай, зразумеў Масеева памкненне, таму адгукнуўся на ягонае запытанне яшчэ да таго, як гаспадыня перастала завіхацца каля стала.

— Для яўрэяў зроблена гета. Цяпер яны маюць у горадзе сталы раён. А газеты друкуюць анекдоты пра Іцку і Хаіма.

— І агароджа ўзведзена?

— Ніякай сцяны пакуль няма,— удакладніў Астрашаб,— аднак абмежаванне гарадскімі ўладамі вызначана: па Калгасным завулку, да якога прымыкае таксама Калгасная вуліца, затым далей паўз рэчку Свіслач да самай Нямігі, пасля мяжа ідзе па Нямігскай вуліцы, па Рэспубліканскай, да якой прылягаюць Шорная, Калектарная, Мэблевы завулак, Перакопская, Нізавая, Абутковая, Заслаўская. Такім чынам, раён зноў замыкаецца на Калгасным завулку. Выхад у горад жыхарам гета дазволены толькі праз дзве вуліцы — Апанскага і Астроўскага.

— Ты па старой памяці вуліцы называеш, ці, можа, немцы сапраўды яшчэ не памянялі назвы?

— Да гэтага ні ў іх, ні ў нас не дайшлі рукі.

— А царква? Праваслаўная царква, што пад гарою стаіць на Нямізе, куды яна трапіла?

— Царква выключана з раёна гета.

— Ну, а якія анекдоты пра яўрэяў газеты змяшчаюць? Хоць гэтага трэба было чакаць, што антысемітызм фашысты пастараюцца ўзбудзіць.

— Пры чым тут антысемітызм? Гэта палітыка.

— А ты думаеш — антысемітызм не палітыка?

— Ну, гэта не зусім так.

— Але ж я неяк даўно ў мястэчку чытаў,— сказаў Дзяніс Яўменавіч,— там павешана была газета. Дык немцы сцвярджалі, што яны і да нас пайшлі з-за бальшавікоў і яўрэяў. Калі б не было ў Расіі іх, то і вайну пачынаць не мела б сэнсу. А так — трэба выгнаць і яўрэяў і бальшавікоў. Раз рускія самі не здольныя, то немцы за іх робяць гэта. Але мне цікава было б паглядзець, што ў іх планах сапраўды намечана. Мусіць жа, ёсць недзе ў галоўным гітлераўскім штабе такія сакрэтныя планы, якія пакуль недаступны ўсім?

— Планы канчаткова раскрываюцца пасля вайны,— акурат павучальна сказаў на гэта Астрашаб, пасля весела спытаў, абвёўшы ўсіх, хто сядзеў за сталом, позіркам: — Дык як, будзем слухаць анекдоты пра яўрэяў?

— Не,— рашуча ўстаў з-за стала Зазыба: ён і раней не надта ахвочы быў, калі часам плявузгалі абы-што, а цяпер тым больш недарэчы прымаць удзел у гэтым; да таго ж Зазыба яшчэ са старога жыцця добра помніў, што пагромшчыкі заўсёды пачыналі свае чорныя справы з яўрэяў, затое канчалі звычайным людам...

Выйшаўшы на двор, Дзяніс Яўменавіч адразу ўспомніў пра другога свайго госця, пра краўца Шарэйку, які вельмі дарэчы пайшоў тады да Кузьмы Прыбыткова. Цяпер неабходна было дагледзець каня яго, ды і з самім краўцом быў сэнс перакінуцца словам, бо па ўсім станавілася відаць, што Астрашаб са сваім фурманам не збіраліся сёння падавацца з Верамеек у мястэчка, значыць, будуць начаваць у Зазыбавай хаце. Ну, а гэта вымагала сякіх-такіх захадаў: звычайна ўлетку няма праблемы знайсці прытулак на сялянскім двары хоць якім гасцям, нават цэламу вяселлю; іншая справа ў халодны час; прынамсі, ужо з аднае гэтай прычыны давялося б прасіць Шарэйку застацца на ноч у Прыбытковых; між тым, Зазыба лічыў, што наогул краўцу ў такой сітуацыі лепей пабыць у чужых людзей, каб тут, у Зазыбавай хаце, не выклікаць да сябе непажаданай увагі; і не толькі ўвагі — так было б проста абачліва і разумна.

Зазыба задаў пад павеццю корму Шарэйкаваму каню, прынёс з сенцаў вядро з вадой — справа ўжо ішла к вечару, і Дзяніс Яўменавіч падумаў цяпер, што рана ці позна, але паіць каня таксама давядзецца.

Нямецкі конь, які прывёз у Верамейкі Алеся Астрашаба, стаяў яшчэ ў завулку; ён быў прывязаны там да Зазыбавага палісадніка, усё хрумстаў у брызентавай торбе авёс. Торба тая вісела на ім неяк збоч, мусіць, збілася за гэты час без нагляду, таму замінала яму даставаць з самага дна зерне. Шкадуючы жывёліну, варта было паправіць торбу, але Зазыба ўсё роўна як перасіліў сябе, не стаў падступацца да чужога каня, прайшоў па завулку міма.

У Кузьмовай хаце стаяў прыцемак, але гэта заўсёды, як помніў Зазыба, у іх, у Прыбытковых, было так на зіму, бо падвойныя вокны напалову засыпаліся мякінай. Зазыба пераступіў парог і адразу прызвычаіўся. У задняй хаце, што ад дарогі, сядзеў гаспадар на ўслоне, нешта корпаўся ў рыззі, якое кучкамі ляжала ў нагах на падлозе. Шарэйка тым часам ляжаў на печы, укрыты кажухом.

— Хіба прастыў? — кінуў яму туды запытанне Зазыба.

— Ат,— акурат з неахвотаю адказаў кравец.

Тады Кузьма паглядзеў на абодвух, засмяяўся:

— Дак чалавек чакаў, што яго таксама пазавеш на пачостку, але дарэмна. Вось ён і залёг на чарано, балазе, цяпера бабы паляць добра, халадоў баяцца. Я сам, бывае, дзянёчак цэлы магу праляжаць вось так, дарма што кажуха ўважаю.

— Што тама ў вас? — спытаў з печы следам за Прыбытковым кравец.

Зазыба зразумеў, што гэта датычыцца яго, адказаў:

— Чалавек да Масея прыехаў. І з ім немец. За фурмана.

— Да мы тута бачылі, як яны пад’ехалі,— сказаў Прыбыткоў і чамусьці засмяяўся: — Дак ета за фурмана ён?

— Так.

— Значыць, чалавек важны прыехаў?

— Не дужа разабраўся я.

— Але наш?

— Так, з нашых.

— У немцаў служыць?

— Мусіць, так.

Тады і Шарэйка спытаў:

— А ён цяпера з Бабінавіч?

— Здаецца, так.

— І што тама ў нас?

— Ён больш пра Мінск расказвае. Пра мястэчка, мусіць, не ведае.

— А-а-а,— быццам з расчараваннем сказаў Шарэйка.— Ну, а ты?

— Што — я?

— Ты ж, здаецца, збіраўся сянні ў Бабінавічы?

— А што яму рабіць тама? — пацікавіўся Прыбыткоў, але нібыта з дакорам.

— Мне тута адной рэчы не хапае для работы,— схлусіў Шарэйка.— Дома забыў, дак папрасіў Зазыбу, каб не вяртацца ўжо самому туды.

— А-а-а,— сказаў Прыбыткоў.

Тады Зазыба растлумачыў краўцу:

— Якраз вось з імі, сённяшнімі гасцямі, і паеду заўтра.

Шарэйка доўга ляжаў моўчкі пад кажухом, акурат узважаў Зазыбаў намер.

— Добра,— нарэшце вымавіў ён і сам рашыў: — Ты зачыні тама дзежку і даглядай майго каня. А я тута, у Кузьмы, пакуля застануся. Балазе, чарано сапраўды шырокае. На ўсе лапаткі. У нас такіх, у мястэчку, чамусьці не клалі раней. Але каб цяпера я хату сабе нанава ставіў, то абавязкова печку не яўрэйскую, а сялянскую, з вялікім чараном, прымусіў скласці.

Трэба сказаць, з самага пачатку, з самага прыходу сюды Зазыбу нечага было цяжкавата размаўляць з Шарэйкам; забываючыся пра ўсё астатняе, міжволі атрымлівалася, што ён і цяпер нібыта вінаваты заставаўся перад ім, што не запярэчыў і не браў з сабой, пакідаў тут, а злашча, адкладваў назаўтра важную справу; да таго ж, і Кузьма Прыбыткоў акурат унураны сядзеў, нязвычна негаваркі здаваўся, быццам зусім нядаўна, але ўжо як прыйсці сюды Дзянісу Яўменавічу, дзядзькі размаўлялі паміж сабой аб нечым такім, што не толькі стрымлівала іх зараз у адносінах з ім, аднак і бянтэжыла.

Ледзь не катуючы сваю душу і ледзь не ненавідзячы сябе, Зазыба хутка развітаўся з мужчынамі, пайшоў дамоў.

На дварэ неўпрыкмет вечарэла, хоць пазнаць гэта нават вопытнаму чалавеку, які пражыў нямала на свеце, адразу нялёгка было, бо снег, які дарма што з самае раніцы раставаў і паступова цямнеў, рабіўся брудны, не даваў пакуль папросту згушчацца не толькі змроку, але асесці звычайнаму сутонню.

На вёсцы чуліся галасы — то далёкія, то блізкія, як і заўсёды, кожнага дня, калі нічога не мянялася і тым больш нічога не здаралася; праўда, Зазыбу трохі дзіўна было, што сёння ні разу яшчэ не прабег па завулку ні Мікіта Драніца, ад якога наўрад ці застаўся ў тайне прыезд Астрашаба ў камендантавай таратайцы, ні хто іншы з кампаніі Брава-Жыватоўскага. Ды і сам Антон чамусьці не паказваўся, хоць па службе яму якраз і належала, прынамсі, зусім не лішне было б. «Можа, дзе-небудзь гіцлі таксама балююць»,— падумаў ужо на сваім двары Зазыба.

Марфа пачынала даглядаць на ноч жывёлу, якая падавала на ўвесь двор згаладалыя галасы,— рыкала раз-поразу карова ў хляве, а на вароты з бакавой загарадкі кідалася свінчо, гатовае пракусіць наскрозь дошкі. Марфа хапалася, хацела супакоіць і тую, і гэта. Аднак убачыла Дзяніса Яўменавіча, кінулася за дапамогай.

— Памажы вось шайку занесці ў хлеў,— паклікала яна мужа,— а то неяк ты адразу... як заяц па першаку.

— А што, гэта зусім няблага, калі сусед блізкі ды пералаз нізкі. Да таго ж, акрамя ўсяго іншага, у мяне там свой госць.

— Ну так, на адзін дзень дак, здаецца, і зашмат столькі гасцей. Дарэчы, а чаму ты не паклікаў яго на абед, як Алесь прыехаў? Я гляджу, ты маўчыш, усё роўна як забыў ці не хочаш чаго, ну і я не стала другі раз напамінаць.

— І правільна зрабіла. У вас свае госці, у мяне — свой.

— А чаму — у нас?

— Ды ўжо ж... Ты вунь як за сталом выстанчала!

— Ну і што? Ты — як маленькі. Ай забыўся, што госцю трэба дараваць, а гаспадару — памаўчаць?

— Але я ведаю і другое — госцю гадзі дый сябе глядзі.

— Да я, калі хочаш, не горш за цябе разбіраюся, што да чаго. Але я думаю яшчэ і вось пра што — ну, няхай з немцам прыехаў ён, аднак да майго сына. А што немца з сабой прывёз, дак хто вінаваты?

— Вінаваты — не вінаваты, аднак... Помніш, бацька твой, бывала, гаварыў: усе госці за стол, а нязваны — пад стол.

— Бачу, ты хацеў бы, каб Масей знудзіўся адзін тута? Спярша тая турма, цяпера ета. У мяне вунь душа крывёю абліваецца, калі чую па начах, як ён заходзіцца ў кашлі. Дак не, я сама побач чорта з д’яблам пасаджу за стол, абы Масею ад етага карысць была. I выстанчаць буду.

— А якую ты карысць для яго сёння ўбачыла?

— А такую, што ён узрадаваўся етаму Алесю свайму. Дак...

— Ну, дапусцім, што і праўда. Але чым гэта ўсё можа скончыцца?

— Як чым? Пагасцюе чалавек ды паедзе сабе, адкуль прыехаў. І дарэмна ты выстаўляешся перад ім. Да калі хочаш ведаць, дак еты Алесь не такі просты — ты да яго кідаешся, а ён уступае табе, хоча, каб усё ў нас добра было.

— Дурніца ты,— сумна паківаў галавой Зазыба.

На гэтым і заспела іх на двары Ганна Карпілава.

Расчырванелая ад хуткай хады, а можа, ад першага снегу, тая нечакана ступіла праз адчыненую фортку, расхінула на грудзях прыгожую гарусоўку, якая была на ёй акурат назнарок.

— От жа намяло дак намяло, ажно прайсці па вашым завулку цяжка было,— сказала яна ўзрушана, акурат наперад, гэта значыць да таго, як убачыла гаспадароў пасярод двара, і пачала асцярожна, нават неяк фарсіста пастукваць адзін аб адзін высокімі чаравікамі з адмысловым шнураваннем.— І конь нечы незнаёмы ў вас.

— Калі ета было, што намяло,— адразу першай, але ўсё роўна як з выразнай насмешкай азвалася на яе голас Зазыбава Марфа.— А цяпера дак...— Пра каня Марфа быццам і не пачула.

Хто-хто, а Дзяніс Яўменавіч ведаў, што гаспадыні не дужа па душы прыйшлося з’яўленне гэтай жанчыны ў іх на двары, дарма што ўжо, здаецца, і не было чаго хвалявацца ёй пасля таго, як у хаце саламянай удавы пасяліўся прымак. Таму ён паморшчыўся, хацеў дадаць што-кольвечы ад сябе ў гаворку, якая не зусім па-чалавечы пачыналася, аднак Ганна сама сказала, быццам растлумачыла:

— Ета я да Дзяніса Яўменавіча. Справу маю.

— Ну то пачакай, Ганна, я зараз вось, адно памагу занесці шайку ў хлеў,— кіўнуў галавой Зазыба.

Ганна падышла ўслед за гаспадарамі да расчыненых варот у хлеў, спытала:

— Ці хопіць жа ў вас сёлета чым скаціну карміць? — І глянула ўгору, на паддашша, дзе звычайна ў сялян знаходзіцца сена на завейную пару, пакуль пазней трохі не настае магчымасць даступіцца да стажка.

— А й не дужа,— адказала ёй Марфа.

— Ну, у вас яшчэ нічога,— зусім без зайздрасці прамовіла Ганна,— а вось у мяне... Дайжа не ведаю, як перазімуе карова.

— Бадай, не адной табе, усім давядзецца ету зіму пабірацца,— зноў адгукнулася з сярэдзіны хлева Зазыбава Марфа.

Тым часам Зазыба выйшаў да Ганны, выцер саломаю рукі, тады насмешліва разважыў:

— I ў каго вы збіраецеся пабірацца? Кругом жа, здаецца, адны такія вось пабірухі засталіся. Вайна ж тут у нас якраз на касавіцу прыйшлася.

— Да і касіць у той час не было каму,— сказала Ганна.

— І гэта праўда,— чамусьці ўжо несур’ёзна кіўнуў галавой Зазыба.— Вакол разарэнне — ні табакі, ні курэння. Але што ты, Ганна, прыйшла? Што табе не сядзіцца ў хаце?

— Спытаць хачу.

— Ну?

— Куды вы паслалі майго будучага касца?

— Чаму ты думаеш, што я?

— Ну... дак а каму болей?

— А самому яму не магла прыйсці такая думка — пайсці?

— Але ж...

Зазыба ўбачыў, як разгубілася раптам Ганна, пашкадаваў:

— Нікуды ён не дзенецца. Паходзіць ды назад хутка вернецца. Нездарма ж — каваль, казаў, сала, солі прынясе. Дзяцей жа тваіх камусьці трэба карміць.

— Думаеш, ён дзеля дзяцей маіх пайшоў з дому?

— Ну і дзеля дзяцей. А ты іначай думаеш?

— Дак...— Ганна сцепанулася, заплюскала вачамі. Зазыба заўважыў гэта, ціха сказаў:

— Ты толькі не дужа па вёсцы звані, хто ды куды паслаў яго. Ён жа сам, нябось, гаварыў нешта калі ішоў?

— А мне, тым не менш, неяк трывожна зрабілася, дай, думаю, спытаю ў Яўменавіча...

— Трывожна — гэта добра,— усміхнуўся Зазыба.— Не мне, вядома, умешвацца ў вашы справы, урэшце, самі схадзіліся, самім і разбірацца давядзецца паміж сабой, аднак навука на гэта старая ёсць: каб казёл не абарваў на калку вяроўкі, трэба яе часам адпускаць, даўжэйшай рабіць. Так што тваё шчасце, калі гэта і праўда ўжо шчасце, залежыць у першую чаргу ад цябе. Я ж са свайго боку магу цвёрда запэўніць — вернецца твой Андрэй у Верамейкі. Мне вунь таксама дакляраваў завесу мацнейшую скаваць на вароты, дык таксама чакаю.

Нібыта пачуўшы новы голас на двары, на ганак выйшлі спярша Масей з Астрашабам, пасля нароўні з іншымі фурман, накінуўшы наапашкі памяты цёмна-зялёны шынель. Убачыўшы ў такім стане немца, Ганна раптам унутрана скалынулася ўся, ціха, зусім ледзь чутна войкнула, акурат усярэдзіне ў яе штосьці развязалася. Але ўжо ў наступны момант кабета сабралася і нібыта рукой адвяла ад сябе ўтрапенне, зрабілася спакойнай.

— Дзякуй, Яўменавіч, і на етым,— сказала яна на ўвесь двор, каб пачулі ўсе.— А цяпер пайду, бо дзеці засталіся адны ў хаце.

Можа, маладая кабета, прыспешваючы сябе, думала пры гэтым, што Масей стане затрымліваць яе перад гасцямі, няхай нават з аднае кавалерскай галантнасці, аднак той усяго толькі спыніўся, сышоўшы з ганка, і, як зачараваны, глядзеў на яе. Тады і Алесь Астрашаб убачыў Ганну. Але яна ўжо кранулася з месца, падалася да варот, што вялі з двара ў завулак, і ніхто яе не затрымліваў.

— Нішто сабе! — праводзячы яе позіркам, сказаў Астрашаб.

Але Масей не падтрымаў гаворкі. І не таму, што не захацеў. Прычына была ў іншым. Халоднае і мокрае паветра, на якое ён выйшаў, раптам выклікала ў грудзях яго прыступ моцнага кашлю. Бухкаючы і скалынаючыся нутром, ён на віду ўсіх згорбіўся ўвесь і, хапаючыся левай рукой за манішку, правай памкнуўся ўніз, пачаў сутаргава чэрпаць пякучы снег.

Не чакаючы, пакуль Масей выпрастаецца і хоць збольшага прадыхне свой надрыўны кашаль, Марфа адным кароткім рухам шурнула мокрыя рукі аб нясвежы фартух, што звісаў у яе з-пад зашмальцаванага кажушка, тады кінулася чорнай маланкай да сына, схапіла за плечы і павяла ў хату, нараспеў прыгаворваючы:

— А што ета яны нарабілі з табой?..

Ад яе імклівасці, а найбольш, мусіць, ад гэтага шкадавання Зазыбу зрабілася раптам моташна на сэрцы, ён ажно пабялеў з твару, нарэшце спахапіўся, што таксама не памагае Марфе берагчы хворага сына. Але штосьці ўтрымала яго нават цяпер на месцы, няйначай, гэты цыганісты з выгляду Алесь Астрашаб, якога, здаецца, не вельмі кранула тое, што здарылася на яго вачах, і гэты рахманы немец, які, бадай, і зусім мала чаго разумеў тут.

Марфа тым часам доўга не выходзіла з хаты, дарма што недаробак сёння яшчэ хапала ў гаспадарцы. Не бачачы яе на двары, Зазыба змусіў сябе падняцца на ганак, дзе па-ранейшаму стаялі Астрашаб з немцам-настаўнікам, які, мусіць, сапраўды нічога не ведаў па-тутэйшаму, пасля рушыў у хату.

Але дарэмна Зазыба непакоіўся — Масей сядзеў на самаробным крэсле, якое трохі гойдалася пад ім, бо гэтак зроблена было, і размаўляў з маці. Здавалася, нічога з ім не адбылося ў двары.

— Ну, як ён тут? — тым не менш спытаў Зазыба.

— З маткай не прападзе! — зусім непрыступна адказала Марфа Давыдаўна.

— У грубцы паліць будзем на ноч?

* * *

Між тым, вечар насоўваўся на Верамейкі хоць і не дужа хутка, аднак з той паступовай неадольнасцю, што не пакідае сумнення ў ім. Праўда, сумнявацца не было чаму, бо ў прыродзе пакуль усё чаргавалася дакладна, а галоўнае — здаецца, не збівалася з хады. Гэта сярод людзей багата здаецца такога, што парушае часам не толькі прывычныя ўяўленні, але цалкам перайначвае ўсё ў існаванні. У прыродзе падобнага не бывае. Яна адно кожны раз паўтарае сябе, і ў гэтых паўтарэннях яе чалавек заўсёды бачыў супакаенне, сваю захаванасць.

Пакуль па-сапраўднаму звечарэла, Зазыба нанасіў дроў у хату (і на раніцу для печы, і на вечар для грубкі), затым пачаў насіць ваду са студні. Яе спатрэбілася сёння нямала, бо давялося паіць і коней — яшчэ раз Шарэйкавага, затым і камендантавага, якога на ноч таксама паставілі пад павець. Нарэшце атрапаў рукамі змакрэлую ватоўку на баках, зайшоў у хату і ціха, каб не выдаваць лішне сябе, паваліўся на тапчан. Цела яго сёння было цяжкое, як пасля вялікай дарогі, хоць на самой справе не багата ён за цэлы дзень і папрацаваў.

У грубцы палалі бярозавыя дровы, і там, гэта значыць на другой палавіне хаты, дзе знаходзіліся цяпер Масей, Астрашаб і немец, які ўмеў неяк губляцца паміж людзей, часам нават здавалася, што яго няма ў хаце, было зусім відна ад іх, нават мала што дадавала газоўка, якую таксама запалілі сёння дзеля гасцей.

— Гісторыя чалавецтва,— казаў Масею роўным тонам Астрашаб,— якраз і пачалася з ахвяравання, калі людзі сталі падносіць багам сваім на капішчы розныя дарункі, пачынаючы ад жывёл і канчаючы пладамі. І не таму, што нашы далёкія продкі былі дужа старанныя перад богам. Не, гэта пайшло не ад шчырай адданасці альбо ўдзячнасці. Такое здарылася з чалавекам у выніку страху. Менавіта страх прымусіў яго неўзабаве прынесці на тое ж капішча, на тое ідалішча, ці, як гавораць цяпер, на ахвярнік, і самога сябе. Думаў, што за кошт свайго блізкага адкупіцца ад бога, уратуецца. І не заўважыў, што ланцуг гэтых ахвяраванняў паступова зрабіўся бясконцы. Асабліва з таго часу, калі пачаліся войны.

Зазыбу было чуваць праз адчыненыя дзверы, як Масей у адказ усміхнуўся. Сказаў:

— Гм, па-твойму выходзіць, што ўсё ў жыцці даўно ўжо абумоўлена і апраўдана. Але ці доўга яшчэ будзе працягвацца гэтае ахвяраванне?

— Пра тое, бадай, і сам усявышні не ведае. Ну, а чалавек даўно заракаецца не рабіць нічога падобнага. Толькі з яго зарокам нічога не атрымліваецца.

— Значыць, і цяперашняя вайна не апошняя?

— Думаю, што не. Не трэба забываць, што войны апрача таго, што прыносяць няшчасце людзям, маюць у сабе таксама станоўчае.

— Для тых, хто выйграе іх?

— Гэта ў першую чаргу. Але я маю на ўвазе іншае.

— Што?

— Ну, напрыклад... Калі браць вынікі ўсіх войнаў у шырокім маштабе.

— Як гэта?

— Мінулая вайна, як вядома, апрача зруйнаванай Еўропы ды дзесяткаў мільёнаў чалавечых ахвяр дала рэвалюцыю ў Расіі. Іншая справа, што яе скарысталі пасля ў сваіх мэтах бальшавікі. У Італіі і Германіі з’явіўся фашызм. А ведаеш, чым скончыліся крыжовыя войны?

— Няйначай, таксама мірам, як і наогул усе войны звычайна канчаюцца.

— Канечне, мірам. Але акрамя міру?

— Не памятаю. Я ніколі не любіў чытаць пра войны. Я не люблю войны, дарэчы, таксама, як і вайскоўцаў.

— Ну, вядома, калі грымяць гарматы, музы маўчаць. Так?

— Дапусцім. Хоць на самой справе гэта не так. Але добра. Чым усё-ткі крыжовыя паходы закончыліся?

— Еўрапейцы навучыліся мыць рукі перад тым, як сядаць за стол.

— Усяго толькі? — засмяяўся Масей.— Ці быў сэнс тады наладжваць іх?

Астрашаб у адказ таксама зарагатаў. Сказаў:

— Але вынікам іх з’явіліся і яшчэ некаторыя акалічнасці. Жывучы ва ўсходніх краінах, еўрапейцы пазнаёміліся з новымі земляробчымі культурамі, напрыклад, пачалі вырошчваць рыс, лімоны, абрыкосы, кавуны. Навучыліся вырабляць шаўковыя тканіны, люстэркі. Але мыць перад ежай рукі таксама навучыліся толькі тады.

— Значыць, такія нашы продкі дзікія былі ў той час?

— Ну...

— А можа, гэта проста паклёп?

— Магу адаслаць да гістарычнай крыніцы.

— Не, не трэба. Тым больш што гэта займальная гісторыя. У сапраўднасці ўсё атрымлівалася і атрымліваецца іначай. Вайна — гэта заўсёды няшчасце. Ну, а што можа даць цяперашняя?

— Няйначай, у выніку яе Еўропа зноў зменіць сваё аблічча. Гэта па-першае. А па-другое, таксама дасць мір і перамогу.

— Каму?

— Зразумела, і нам, беларусам.

— Але цяпер «мы» — гэта зусім неадназначнае паняцце. Ты ж чуў, як бацька мой разважае?

— Бацька твой сёння ў разлік не ідзе. Ён наогул лічыць, што бальшавікі не здадуцца.

— А ты, як ты на самой справе лічыш?

— Мне пра гэта не хацелася б цяпер гаварыць.

— Чаму раптам?

— Бо чорт падслухае ды паблытае ўсё.

— Чэрці даўно, мусіць, недзе пахаваліся. Яны і так вялікага груку не любяць, а тут цэлая вайна...

— Не, ты памыляешся. Пра чарцей я таксама лекцыю магу прачытаць. Але не буду. Скажы лепей, дружа, як ты жывеш тут?

— Ці ж не бачыш?

— Ну так, увогуле...

— А ў прыватнасці — аддаюся цалкам вясковаму докле фа нінтэ5. Гэта азначае — салодкае марнаванне часу, альбо проста гультайства.

— Не пішаш?

— Не. Спрабаваў, але нічога не выйшла, нібыта душа засохла. А ты, чым ты цяпер займаешся, Алесь, акрамя таго, што служыш у гарадской управе?

— Шукаю модуса агендзі6.

— Што ж, занятак варты ўхвалы. Урэшце, цяпер, няйначай, багата хто захоплены гэтым. Праўда, усе па-рознаму разумеюць модус агендзі. Дакладней, шукаюць яго дастасоўна сваім пераконанням і тым акалічнасцям, якія склаліся вакол кожнага. У чым жа заключаецца твой модус агендзі?

Астрашаб засмяяўся.

— Дужа багата давядзецца тлумачыць.

— А ты пачні па парадку. Я так разумею, што спосаб дзеяння для цябе будзе залежаць ад таго, як будуць разгортвацца падзеі?

— Вядома.

— А падзеі, у сваю чаргу, будуць залежаць ад таго, на чый бок павернецца перамога.

— Можна сказаць так, а можна і наадварот.

— Дык чыёй ты, Алесь, перамогі чакаеш?

— А няўжо ты яшчэ сапраўды не зразумеў?

— Не.

— Нашай перамогі чакаю, нашай!

— А калі больш зразумела?

— Значыць, ні нямецкай, ні савецкай, а нашай. Асюль і модус агендзі. Дзеля гэтага я і да цябе прыехаў.

— Значыць, ёсць людзі, якія не жадаюць перамогі ў вайне ні Гітлеру, ні Сталіну?

— Так.

— І ты ў іх ліку?

— Так.

— І шмат вас?

— Не дужа. Справа ў тым, што немцы на кіруючыя пасады прывезлі з сабой гатовыя кадры. Гэта найперш колішнія актыўныя дзеячы так званых дробнабуржуазных партый. Да трыццаць дзевятага года яны ў большасці дзейнічалі ў Заходняй Беларусі. А мы збіраемся арыентавацца на Англію.

— На каго?

— На Англію.

— Чаму раптам?

— Таму, што Англія ад нас далёка.

— Дзіўна. Але ці не чарговая гэта хімера, выкліканая правінцыяльным снабізмам і дарэмнай марай?

— Так складваюцца гістарычныя акалічнасці. Мы зараз маем тое, чаго не мелі раней, а менавіта: нам больш не пагражае ні русіфікацыя, ні паланізацыя. І пакуль немцы б’юцца з бальшавікамі, мы маем час і магчымасць нарэшце пачаць выхоўваць свой народ у нацыянальным духу.

— А як паглядзяць на гэта немцы? Яны ж, нябось, таксама намер маюць народ наш на свой капыл навучыць? Таксама, як на вашу задуму паглядзяць іхнія памагатыя, якіх яны прывезлі, сам кажаш, у абозе? Можа, яны за гэты час зусім анямечыліся? І не захочуць нанава перавучвацца?

— Іх не так багата. Словам, дзеля ўсяго гэтага і стараецца цяпер беларуская народная самадапамога.

— Пачакай, пачакай. Нешта я не ўлоўліваю логіку тваіх разваг. Народная самадапамога... Але ж ты сам казаў, дапамога гэта засноўваецца паводле загаду генеральнага камісара?

— Так.

— Выходзіць, вы ў нямецкі кухаль маеце намер наліць свайго, беларускага піва?

— Правільна ты думаеш.

— А ці не стане яно падобнае на смак на мюнхенскае?

— Спадзяюся, што не.

— Ведаеш, я слаба веру ў гэта.

— Чаму?

— А таму, што наша, беларускае піва ў чужым кухлі заўсёды пракісала. Гэта адбывалася праз усю гісторыю Беларусі, пачынаючы ад удзельных княстваў. І не пыталіся чаму. Проста, мы яго ніколі не ўмелі добра варыць, тое піва. Заўсёды яно атрымлівалася з прысмакам. Ці то польскім...

— Ці то рускім?

— Я адмаўляць гэтага не стану. Але хачу, каб ты таксама згадзіўся. У назвах «беларус», «Беларусь», «беларускі» другая частка якраз пацвярджае, што апошні прысмак не супрацьпаказаны ёй.

— Ну, ты, Масей, заўсёды быў чалавекам усходняй арыентацыі.

— А ты якой? Штосьці я не памятаю, каб раней нашы арыентацыі адрозніваліся?

— То раней. Мы на Міншчыне...

— Ну так, вы заўсёды пасяродку там,— здаецца, злосна ўжо засмяяўся Масей.— Адны беларусы — усходнія, другія — заходнія, а трэція — пасярод адных і другіх. Вось немцы і пацвердзілі нарэшце цяпер гэты недарэчны падзел — вылучылі вас, сярэдніх, усіх, моў, бярыце, цешце сябе. Наце вам узамен Беларусі Беларутэнію.

— Не трэба спрашчаць, Масей. Усё трохі складаней, чым табе здаецца.

— Я не спрашчаю. Проста я не хачу, каб і нямецкі бюргер, выкарыстаўшы нашу няздатнасць варыць добрае ўласнае піва, памачыўся ў прызначаны ім жа для нас гаршчок.

— Ладна, не будзем хвалявацца. Гэта ўсё тэорыя — гаршчок, піва. Лепей давай паразважаем, што мы можам мець на практыцы. Дык вось. Нямецкая культура, асабліва нямецкая мова, дужа далёкія ад нашай. І немцам у сувязі з гэтым не вельмі хутка ўдасца пачаць дэнацыяналізацыю ў нас. Да таго ж, яны яшчэ нямала часу будуць заняты вайной. Таму ў нас ёсць магчымасць пачаць працу па стварэнню новых нацыянальных кадраў. Гэта надзвычай важна, бо мы дасюль у сваёй гісторыі мелі многа магнатаў, аднак зусім мала вырасцілі нацыянальных культурных кадраў, без якіх не бывае нацыянальнай дзяржавы.

— А Купала, Колас? Дарэчы, дзе яны?

— Падаліся на ўсход, разам з бальшавікамі.

— Вось бачыш. А тут, у акупацыі, застаўся хто-небудзь з вядомых нацыянальных дзеячоў?

— Здаецца, не.

— А ты не думаеш, што гэта сімптаматычна?

— Я ж кажу, трэба рыхтаваць новыя нацыянальныя кадры. Таму мы і кідаемся цяпер ва ўсе куткі Беларусі.

— Дакладней, былой Беларусі?

— Таму і да цябе я прыехаў, Масей,— няйначай, знарок не пачуў Астрашаб апошніх слоў свайго субяседніка.— Перабірайся да нас у Мінск, га?

Масей на гэту Астрашабаву прапанову доўга не адказваў, ажно моцна прымусіў раптам хвалявацца бацьку, які ўсё з большай і большай цікавасцю слухаў размову на той палавіне хаты і, што граха таіць, упершыню за сёлетнюю восень быў на баку сына. Праўда, Масей выказваў насуперак Астрашабу яшчэ не яго, Зазыбавы, словы і думаў зусім не так, як думае Зазыба, нават не тое, што не зусім так, а сапраўды не так, але было ў іх ужо нешта ўсё роўна як дужа вартае і важнае, прынамсі, зусім не лішняе з пункту гледжання сённяшняй неабходнасці, як яе разумеў Зазыба.

Нарэшце Масей адказаў Астрашабу:

— Куды мне ўжо ў Мінск! Бачыш, я хворы. Які з мяне цяпер дзеяч? Ды і... Словам, дзякуй табе за клопат і за прыезд, але як па цяперашнім маім стане, дык больш разумна будзе зыходзіць для вызначэння свайго чыну жыцця з філасофіі лафантэнаўскага цвыркуна — каб шчасліваму быць, трэба хавацца. Ад усіх хавацца.

— Можа, філасофія гэта сама па сабе і карысная іншым разам, аднак ёсць адна акалічнасць, якая прымушае мяне зноў звярнуцца да цябе са сваёй прапановай. Я не так сабе высоўваю яе. Дакладней, не толькі з адной мэтай, каб пераманіць цябе ў Мінск. Ты не думай, што тут, у тваіх Верамейках, заўсёды гэтак спакойна будзе. Хутка немцы стануць набіраць у Германію працаздольных людзей на акупіраванай тэрыторыі. У фатэрляндзе не хапае рабочых рук, бо працаздольныя мужчыны большай часткай прызваны ў армію. Не хапае як у прамысловасці, так і ў сельскай гаспадарцы. З іншых краін яны ўжо раней пачалі завозіць рабочую сілу, ну, а ў нас толькі нарады складаюцца. Так што глядзі, каб і самому ў гэты нерат не трапіць. А ён, наколькі мне вядома, шырока задуманы.

— Калі яны збіраюцца яго закінуць?

— Мусіць, на пачатку будучага года. На гэты конт у іх цэлы план распрацоўваецца. Я з падрабязнасцямі, вядома, не знаёмы, малая сошка, але што-кольвечы таксама чуў. Напрыклад, першымі ў іхні нерат хутчэй за ўсё трапяць тыя людзі, што аціраюцца цяпер па гарадах і вёсках, шукаючы ўтульнага прыстанку, гэта значыць так званыя прымакі з ліку былых ваеннапалонных, акружэнцаў. Дарэчы, немцы гэтым вельмі занепакоены, што багата людзей апынулася без нагляду. Спярша нібыта і самі патуралі, каб хоць такім чынам зменшыць колькасць людзей у канцлагерах, а цяпер спахапіліся, таму што не ўсе з адпушчаных паводзяць сябе як належыць. Дзе-нідзе нават бяруцца за зброю. Праўда, у паліцыю таксама нямала ідзе, аднак не столькі, колькі хацелася б. Таму гэтая катэгорыя, мусіць, і стане першай, на якую пакажа лёс. Ну, а да другой катэгорыі, па ўсёй верагоднасці, стануць належаць тыя, хто, будучы беларусамі, заўсёды выдаюць сябе за людзей іншых нацыянальнасцей. Напрыклад, каталікі, якія выдаюць сябе за палякаў. Ды і ўласна палякаў, здаецца, намечана перасяліць ад нас. Гэта значыць чужых, тым больш што з яўрэямі, здаецца, неяк пачалі нарэшце спраўляцца.

— І што, да ўсяго гэтага дадумаліся немцы?

— Як табе сказаць... Наконт палякаў, вядома, з нашай падказкай.

— А хто трэці на чарзе?

— Асобы, якія не прымаюць удзелу ў адбудове бацькаўшчыны альбо знарок сабатуюць яе справу.

— А тады ўжо ўсе астатнія?

— Думаю, што да гэтага не дойдзе. Штосьці іншае будзем падказваць.

— А раптам немцы заўпарцяцца ды не паслухаюць вас? Можа, у іх і на ўсіх астатніх свае варункі?

— Пажывем — пабачым. Але цяпер кожны шчыры беларус павінен зрабіць на сваім месцы ўсё, што можа, па адбудове бацькаўшчыны на новых пачатках. Трэба агульнымі намаганнямі абуджаць нацыянальную самасвядомасць народа. Дарэчы, мы займелі намер у Мінску ажыццявіць некалькі вельмі важных акцый па абуджэнню гэтай самасвядомасці. Адна з іх ужо распачата. Ідзе падрыхтоўка да святкавання ўгодкаў Прадславы. Цела князёўны некалі бальшавікі вынеслі з полацкай царквы і паклалі ў Віцебскі музей, а мы збіраемся аднесці яго нанава ў Полацк, паставім на былое месца ў Афрасінеўскім манастыры, і няхай людзі зноў тоўпяцца вакол. Спадзяюся, табе не трэба даказваць, як па часе гэтая акцыя? Між тым, надзвычай неабходна адшукаць крыж Прадславы.

— Што ён — згублены? — з сапраўднай трывогай сказаў Масей.— Бачыў я ў Магілёве яго, у музейным запасніку. Яшчэ і надпіс памятаю: «...Кладзе Афрасіня святы крыж у сваім манастыры, у царкве святога спаса. Дрэва святое бясцэннае, аковы ж яго з золата і серабра, і камяні, і жамчуг, на сто грыўняў, а (тут нейкі пропуск у тэксце)... сорак грыўняў. І няхай не выносіцца з манастыра ніколі, і не прадаецца, ані аддаецца. Калі б жа хто не паслухаў ды з манастыра вынес, няхай не дапамагае яму святы крыж ані ў жыцці гэтым, ані ў будучым, і хай будзе ён пракляты жыватворнаю тройцаю ды святымі айцамі, трыста і васемдзесяцьма сямі саборамі, і няхай доля яго будзе з Юдаю, што прадаў Хрыста. Хто ж асмеліцца ўчыніць гэта (тут таксама штосьці прапушчана ў надпісе)... валадар, альбо князь, альбо біскуп, альбо ігумення, альбо які-небудзь іншы чалавек,— няхай на ім будзе гэты праклён. Афрасіня ж, раба Хрыстова, што справіла гэты крыж, няхай здабудзе вечнае з усімі сваімі жыццё... Госпадзі, памажы рабу свайму Лазару, названаму Богша, што зрабіў гэты крыж царкве святога спаса ў Афрасіні».

— Ды ў цябе цудоўная памяць, Масей!

— Пакуль не скардзіўся. Але як ён з Полацка трапіў у Магілёў? Я ж там яго бачыў.

— З Віцебска,— удакладніў Астрашаб.— І не ў Магілёў, а спярша ў Мінск. Затым ужо ў Магілёў. На гэта ёсць дакументы. Я ўвесь шлях яго за гэтыя дні нарэшце прасачыў. У Мінск цуд наш нацыянальны прывезлі ў тысяча дзевяцьсот дваццаць восьмым годзе. Але то быў час, калі надта неспакойна складвалася абстаноўка на дзяржаўнай граніцы. І вось з-за гэтага неспакою з Мінскага краязнаўчага музея пачалі вывозіць у Маскву залаты, сярэбраны і іншы дарагі царкоўны посуд, каштоўныя мастацкія абразы, калекцыю слуцкіх паясоў, вялікія зборы народнай вопраткі, тканіны, калекцыі старавечных манет, што былі знойдзены да таго часу на тэрыторыі Беларусі, усе важнейшыя архіўныя матэрыялы. Частка музейных каштоўнасцей з Мінска трапіла таксама ў Магілёў, што збіраліся зрабіць сталіцай замест Мінска, у тым ліку чамусьці апынуўся сярод гэтай часткі музейных каштоўнасцей і крыж Афрасінні Полацкай. Відаць, затрымаў яго на роднай зямлі дырэктар Беларускага краязнаўчага музея ў Мінску. Але перадачу ў Магілёў крыжа ажыццяўляў ужо новы дырэктар — хтосьці Шапавалаў. У мяне на руках ёсць акт той перадачы. Хочаш паглядзець? Дарэчы, з акта табе стане вядома таксама і пра тое, што зрабілі час і людзі з крыжам Прадславы.

Зазыбу было чуваць, як Астрашаб хадзіў кудысьці, відаць, браў свой партфель, тады ўсаджваўся зноў каля палаючай грубкі. Масей маўчаў, але вось адзін раз, потым другі пачулася, як нехта перагарнуў там паперу. Нарэшце Масей сказаў:

— Мда!..— Ён памаўчаў, а тады зноў сказаў: — Але скажы, хто-небудзь хоць дакладна ведае, якім полацкі крыж быў з самага пачатку, калі яго зрабіў па заказу Прадславы залатар Богша?

— Дрэва крыжа, дарэчы, у акце яно пазначана як дубовае, але на самой справе, мусіць, зроблена было з кіпарыса, акову мела з ліцавога і тыльнага боку з залатых пласткоў, у якіх знаходзіліся дарагія каменні. З пярэдняга боку былі ўмацаваны дваццаць іконак з перагародкавай эмалі, аздобленай арнаментам. У пяці квадратных гнёздах на адвароце крыжа ўтрымліваліся рэліквіі — кроў Хрыста, кавалачак з дрэва Хрыстова крыжа, драбочкі каменю з труны багародзіцы, таксама з труны Хрыста, мошчы святога Сцяпана, кроў святога Дзімітрыя, мошчы святога Панцеляймона...

— Дык тут, мяркуючы па спісу, мала што засталося ад таго?

— Выходзіць, што так. Але святыня застаецца святыняй, дарма што каштоўнасці пагублены.

— Ну, а што табе гаварылі ў Магілёве? Дзе крыж цяпер?

— Невядома. Адно дакладна высветлена — у Магілёўскім музеі яго няма. А можа, і наогул не было.

— Але я бачыў яго на свае вочы!

— А то не падробка была? Маглі падробку зрабіць...

— Не думаю,— адказаў Масей, тады спытаў: — А яшчэ калі-небудзь здаралася, каб забіралі гэты крыж з манастыра?

— Даўно Іван Грозны браў яго з сабой у Маскву, калі адваяваў Полацк.

— Ну і што? Падзейнічаў праклён?

— Падзейнічаў. Давялося рускаму цару вярнуць крыж у Полацк, бо войскі яго пачалі цярпець адно паражэнне за другім у лівонскай вайне.

— Грознае, скажу табе, папярэджанне. Няйначай, ты, Алесь, таксама верыш у магічную сілу крыжа? Дзе ён цяпер можа быць?

— Хацелася б, каб ён быў у Маскве.

— Ну так, якраз гэтага і не хапае для інтрыг. Моў, глядзіце — бальшавікі крыж узялі з Беларусі, таму і няўдачы ў іх у вайне. Правільна я разумею?

— Правільна. Толькі чаму — інтрыг?

— Ну, таму што гэта... Ну, таму што ў гэта цяпер ніхто не паверыць. Думаеш, людзі нашы па-ранейшаму такія забабонныя, як і ў сярэднявеччы?

— Павераць,— упэўнена адказаў Масею Астрашаб.— Калі не сёння, то заўтра ўжо край. У часе вайны забабоны заўсёды ўзмацняюцца. Гора і жаданне ўратаваць сябе прымусяць многіх паверыць не толькі ў цудадзейную моц святых, аднак і ў багата што іншае.

— Але ці ж на гэтым спекуляваць? Палітыку строіць?

— Ты не гарачыся, Масей. Лепей было б, калі б ты ўзяў ды напісаў у мясцовыя газеты і пра Прадславу разгорнуты артыкул, і пра крыж, які быў зроблены па яе заказу ў тысяча сто шэсцьдзесят першым годзе, якраз семсот восемдзесят гадоў назад, і пра тое, што з ім сталася і што мецьме...

— Не, такога рабіць я не стану,— сказаў глуха і ўпарта Масей.— Мне не дазваляе маё сумленне. Гэта нядобрая валтузня вакол святой рэліквіі.

— Гэта, Масей, не валтузня. Гэта — палітыка.

— Але яна нядобра пахне. Дарэчы, як і ўсё іншае, пра што ты сёння казаў тут.

Зазыба ад сынавых слоў крутануўся на тапчане і ажно крактануў. Тады хтосьці падышоў з таго боку, зачыніў філёнкавыя дзверы. Але Зазыба не пашкадаваў, што так здарылася. Моцна абшчаперыўшы галаву рукамі, ён раптам з радасцю падумаў, што нарэшце вярнуў да сябе сына.

 

1 — Добра, добра (ням.).

2 «Міnsker Zeіtung» — «Мінская газета» (ням.).

3 — У чым справа? (ням.)

4 — Не хвалюйся... Еш і далей сабе, як хочаш. Помні бе­ларускую гасціннасць (ням.).

5 Dokle far niente (італ.).

6 Моdus agendi — спосаб дзеяння (лац.).

ХІ

У лесе напалы снег раставаў больш марудна. Тым не менш, неўзабаве і тут нібыта нанава пачалі вырастаць цёмна-зялёныя дзераза, парудзелы за восень, таму ажно барвовы ягаднік; паміж дрэў на ўзмакрэлых узлобках, акурат вялікія лаўжы, пазначыліся праталіны, якія станавіліся ўсё большымі і шырэйшымі.

З выгляду гэтае вызваленне ад першага снегу нагадвала вясновае, але не дакладна: не было цяпер сонечнага ўгрэву і не струменілася пры ім упоравень з чалавекам паветра.

Мітрафан Нарчук першы сёлетні снег, які літаральна наваліўся сваім цяжарам на ўвесь абшар, таксама палічыў зусім незваротным. Гледзячы з расчыненага будана на бухматую мяцеліцу, што на невялікай адлегласці, нават за паўтары крокі, утварала несусветную, дарма што белую, каламуць, за якой нельга было згледзець чалавечую постаць, Нарчук свае думкі пачынаў з таго, што і Дзяніс Зазыба, калі хадзіў шукаць барсукову нару. Мітрафану Ануфрыевічу таксама прыйшло ў галаву, што зіма не толькі здольна вось гэтак хаваць наўкола сляды чалавечай дзейнасці, але і адкрываць іх, гэта значыць рабіць больш выразнымі, бо не ўвесь час будзе пуржыць ды месці.

Дзіўна, аднак гэтая акалічнасць пры выглядзе першага снегу акурат нанава прымусіла камандзіра партызанскага атрада глянуць таксама і на некаторыя іншыя рэчы. Напрыклад, найперш на тое, што акалічнасці па-ранейшаму неяк складваліся не на карысць атрада. Гэта нават па меншай меры.

Мяркуйце самі.

Не паспеў атрад вярнуцца з вялікімі цяжкасцямі ў забяседдзе і ледва-ледва стаў абжывацца ў зямлянцы, якую выкапалі партызаны за тры тыдні і абсталявалі на былым печышчы, а яе ўжо неўзабаве давялося пакідаць — высачылі немцы. Засцерагла партызан, можна сказаць, выпадковасць. Да яе, той выпадковасці, якраз меў дачыненне Нарчук, які хадзіў тады ў бліжэйшую вёску да знаёмага шаўца, каб паправіць стаптаныя боты. Па дарозе ў вёску Мітрафан Ануфрыевіч і заўважыў на паляне, што знаходзілася кіламетры за тры ад зямлянкі, атрад бабінавіцкіх паліцэйскіх, які ў разгорнутым ланцугу на чале з нямецкім афіцэрам рухаўся са зброяй напагатове ў тым напрамку, дзе было партызанскае сховішча. Нарчуку шмат каштавала сіл, каб апярэдзіць фашыстаў і першым дабегчы да печышча. Аднак выхапіць з зямлянкі ўсё, што было назапашана за гэты час, партызанам не ўдалося. Асабліва шкадавалі пра станковы кулямёт, які Павел Чарнагузаў па нечай падказцы адкапаў у акопе на беразе Палужа, аднаго з правых прытокаў Бесядзі. Праўда, кулямёт той стаяў у зямлянцы яшчэ няспраўны — у часе бою, які вяла тут якаясьці чырвонаармейская часць, асколкам снарада быў прабіты кожух. Але гэтая прычына, што аказаўся пашкоджаным кожух, не надта засмучала партызан, і той жа Павел Чарнагузаў, які лічыўся гаспадаром кулямёта, пелягаваў, як кажуць, надзею, што прабоіны ўдасца ліквідаваць нават у вясковай кузні. Былі ў зямлянцы і іншыя толькі што здабытыя рэчы, пра якія давялося шкадаваць. А найбольш, вядома, самае зямлянку і лес, дзе яна знаходзілася, бо зусім не было гарантыі, што немцы не нападуць на партызанскае сховішча другі раз, асабліва калі ўлічыць, што дзесяць партызан не маглі пакуль процістаяць шматлікаму праціўніку: толькі адзін гарнізон у Бабінавічах меў к таму часу за паўсотню «бобікаў», як называлі ўжо ў народзе паліцэйскіх; да таго ж, бабінавіцкі камендант меў магчымасць выклікаць дапамогу з іншых населеных пунктаў, напрыклад, з Гарбавіч ці са Студзянца, не кажучы аб Крутагор’і...

Пасля гэтага доўга прыйшлося прыкідваць, куды падацца на новае месца. Адна справа — уцячы ад небяспекі, дарма што пры гэтым ледва не на злом галавы давялося бегчы цэлыя тры кіламетры, другая — як зрабіць, каб уратавацца і адным часам быццам скрозь зямлю праваліцца. І вось, можа, наўдзіў нават самім сабе, нарэшце партызаны вырашылі перабрацца бліжэй да Бабінавіч, у Цыкуны. У гэтым выбары найпершай падставай з’явілася тая акалічнасць, што ў Цыкунах і цяпер заставаўся лесніком сваяк бабінавіцкага старшыні калгаса Абабуркі, таго самага, што і пры немцах не пераставаў кіраваць гаспадаркай у мястэчку, хоць паступова станавілася зразумела — неабходнасць у ім ужо знікала не толькі ў акупантаў, аднак і ў мясцовага насельніцтва, бо пасля асноўных гаспадарчых работ сяляне ўбачылі, што распараджацца ўсім у мястэчку пачалі вайсковы камендант ды яшчэ калі-нікалі бургамістр Брындзікаў. Тым часам другой прычынай пярэбараў у Цыкуны паслужыла самая звычайная засцярога, якая засноўвалася на дужа простай прычыне, калі можна сказаць так: чым бліжэй да д’ябла, тым меней небяспекі, нібыта і праўда можна такім шляхам трапіць у зачараванае кола, праз якое ніхто не здольны пераступіць. У кожным разе, гэтыя дзве акалічнасці — тая, што лесніком у Цыкунах служыў і сёлетняй восенню, пры немцах, сваяк бабінавіцкага Абабуркі, з якім партызаны паспелі наладзіць сувязь, і тая, што вынікала ажно вунь з якога даўняга вопыту,— і паўплывалі ў канчатковым выніку, што Нарчуковы партызаны апынуліся ў лесе па правы бок Бесядзі.

Другой зямлянкі партызаны не будавалі сабе. Замест яе тут, у Цыкунах, былі пастаўлены два буданы; накрылі іх яловай карой, пачынаючы з вільчака і да самага нізу, абкладзенага дзірваном: адзін — на невялічкай, можа, плошчаю з паўгектара выспе, аслоненай дрэвамі пасярод топкага балота, куды не кожны мог адшукаць па купінах дарогу; другі, наадварот, вынеслі ледзь не на самы ўзлесак, акурат назнарок. У гэтым заключаўся, як здавалася ўсім, пэўны разлік, бо ў такім разе знаходзілася магчымасць для звычайнага манеўру, тым больш што цяпер партызаны ніколі не сыходзіліся ў адно месца — і на выпадак небяспекі, каб не былі заспеты ўсе разам, і проста таму, што на выспу па купінах трэба было паспяваць завідна. Ну, а паколькі партызанская справа пры відным, гэта значыць удзень, не робіцца, дакладней будзе сказаць— мала калі робіцца, то ў другім будане, што стаяў амаль на ўзлеску, часта знаходзілі сабе прытулак тыя байцы, што накіроўваліся на заданне альбо вярталіся няўчасна назад. Яго, гэты будан, не перасталі выкарыстоўваць нават і тады, калі пачаліся раннія зазімкі і па багне пайшоў лядок, які здольны быў вытрымаць дробную хаду чалавека.

Між тым, звычайна бывае проста сказаць — як скрозь зямлю праваліцца. Зрабіць гэта куды цяжэй, асабліва калі неабходна дзейнічаць, а не сядзець на адным месцы сіднем. Зразумела, што атраду Нарчука таксама не выпадала заставацца без справы. Але цяпер немцы і паліцаі на яго не нападалі больш. Відаць, першы раз паказаў фашыстам, што партызаны ў лясных умовах здольны зусім без цяжкасці пазбегнуць небяспекі, абы толькі зараней выявілі яе. Прынамсі, паўтарыць сваю задуму захапіць народных мсціўцаў знянацку яны не рашаліся, хоць новае месцазнаходжанне атрада не засталося для немцаў і іх паслугачоў таямніцай, бо неўзабаве ў вёсках вакол Цыкуноў з’явіліся лістоўкі, дзе невядома чаго больш было — каварства ці крывадушнасці. Знешне гэта нагадвала спробу дамовіцца з партызанамі, як жыць далей, як і што рабіць. Ні больш, ні менш. Пачыналіся лістоўкі з таго, што начальнік крутагорскай паліцыі Рослаўцаў і ўсе іншыя з ім, гэта значыць і бургамістр Барысевіч, і некаторыя бургамістры валасцей, у тым ліку бялынкавіцкі Панедзька і бабінавіцкі Брындзікаў, давалі зразумець партызанам, што яны аб іх усё ведаюць, таму падрабязна, яўна назнарок, пералічвалі аперацыі, якія к гэтаму часу ўжо былі ажыццёўлены на тэрыторыі раёна. Напрыклад, спаленне маслазавода, знішчэнне тэлефоннай сувязі ўздоўж бальшака, што вядзе з Бабінавіч на Белую Гліну, і так далей. Але некаторыя справы Нарчуковым партызанам проста прыпісваліся. Яны не мелі да іх ніякага дачынення. Узяць той жа мост, што быў абрушаны пры дапамозе выбуху на рацэ Крупні. На самой справе яго ўзарваў хтосьці іншы, дарэчы, гэта не ўдалося высветліць таксама і Нарчуку з яго разведчыкамі, хоць яны і прадпрымалі са свайго боку неаднаразовыя спробы; затое партызанам узарваны мост на Крупні гаварыў пра тое, што ў раёне дзейнічала нейкая іншая ўзброеная група, а калі нават і не група, то ўсё роўна — важна, што хтосьці ўжо самастойна змагаўся супроць акупантаў. Адсюль вынікала галоўная задача — як найхутчэй адшукваць патрыётаў, аб’ядноўваць намаганні ў барацьбе з ворагам, накіроўваць іх у адно рэчышча.

Затым у лістоўках ішлі папярэджанні партызанам — калі, маўляў, вы будзеце рабіць не так, як належыць, то... І гэтак далей, і гэтак далей... Дарэчы, называўся тут нейкі партызанскі атрад, што прыйшоў у забяседдзе з-за лініі фронту, але пра які крутагорскім партызанам таксама нічога не вядома было, акрамя, можа, таго, што ён меў нейкае дачыненне да машаўской трагедыі. Пра яе, тую трагедыю, у лістоўках таксама згадвалася, аднак таксама ўсяго толькі ў парадку параўнаўчага папярэджання, маўляў, калі не паслухаецеся нашага голасу, дык і вас напаткае такі ж лёс, што і Манько, Якубовіча, Цішчанку...

І ўжо зусім жахліва было чытаць, дзе Барысевіч, Рослаўцаў і іхнія хаўруснікі паведамлялі, што ў адказ на дзейнасць партызан яны будуць трымаць у горадзе ў якасці заложнікаў сем’і Нарчука, Чарнагузава, Дарашэнкі, Афончанкі і іншых. «Словам, пачынаецца барацьба — зуб за зуб, вока за вока. Калі, напрыклад, з нас каго-небудзь ці з членаў нашых сем’яў па вашай віне ўпадзе хоць адзін волас, адразу паследуе пакаранне членаў вашых сем’яў». Пры гэтым з садысцкай знарочыстасцю называліся ў лістоўках жонка Ганна Мікалаеўна і трохгадовы сын Вадзім камандзіра атрада, жонка і дзеці Паўла Чарнагузава, нават сястра Надзея і брат Уладзімір... Каб неяк запалохаць адным часам і камісара Баранава, да агульнага пераліку дадаваўся ягоны брат Архіп, той самы, што некалі не пусціў Сцяпана Паўлавіча нават на двор к сабе. «Тады ўжо не толькі мы, але і немцы прыпомняць яму, твайму брату,— звярталіся фашысцкія памагатыя да камісара атрада, сям’я якога знаходзілася ў эвакуацыі,— як ён дапамагаў рэвалюцыянерам у 1905 годзе разбураць панскія маёнткі па ўсім павеце».

Такім чынам, рабіўся пад канец вывад у лістоўках, «вам няма магчымасці ваяваць з немцамі, а тым больш з намі. Кожны ваш крок, кожны рух не толькі будуць у нас на прыцэле, але і не застануцца без адпаведнага адказу. У вас цяпер толькі два выхады — альбо разысціся па дварах, як гэта зрабілі некаторыя ўдзельнікі вашага атрада, якія ўжо нават уладкаваліся на працу да немцаў, альбо падавацца прэч з раёна, каб і духу вашага не чуваць было адсюль на тысячу кіламетраў, дарэчы, як гэта таксама зрабілі некаторыя вашы таварышы, у тым ліку пракурор Шашкін. Ды і не адны яны. Пакруціўшыся дарэмна ў забесядскіх вёсках, зніклі з раёна ўжо маскоўскія чэкісты, што былі накіраваны сюды ажно з Масквы, бо зразумелі, што з намі ваяваць немагчыма, што мы начаку. Ратунак у вас, як бачыце, ёсць — гэта капітуляцыя. Ці, як гавораць немцы,— хендэ хох! Іначай літасці не чакайце. Ну, а калі вам не трываецца, калі свярбяць рукі і хочацца пастраляць, то выходзьце ў адкрытае поле. Там і памераемся сіламі».

Яшчэ тады, як Павел Чарнагузаў, будучы ў далёкай разведцы, прынёс з Крутагор’я вестку, што вярнуліся ў горад з эвакуацыі партызанскія сем’і, Мітрафан Нарчук зразумеў, што гэтая акалічнасць можа мець для далейшай дзейнасці атрада такія нечаканыя вынікі, якія ні прадбачыць немагчыма пакуль, ні папярэдзіць. Але ў першыя дні тлела надзея, што нікому ў галаву не прыйдзе думка скарыстоўваць у барацьбе падобную акалічнасць. Між тым, мяркуючы па гэтых лістоўках, на самой справе выходзіла ўсё напраўду.

У жніўні месяцы, калі прызначалі яго камандзірам атрада, Нарчук збольшага шмат што мог дапусціць. Прынамсі, на шапказакідальніцтва ён не разлічваў, а тым больш на лёгкі рэванш над ворагам, які апынуўся ўжо на самай крайняй мяжы Беларусі і рухаўся далей у глыб краіны. На гэта хапала ў Мітрафана Ануфрыевіча і ўяўлення, і цвярозай разважлівасці. Ён нават і тады вельмі не разгубіўся, калі ў часе рэйду па тылах наступаючых нямецкіх дывізій высветлілася, што атрад аказаўся не падрыхтаваны для самастойнай барацьбы з такім праціўнікам, якім быў вермахт. Урэшце, справу можна было з цягам часу паправіць, ажыццяўляючы паступова забеспячэнне атрада ўсім неабходным за кошт мясцовых рэсурсаў, мясцовых магчымасцей. Вытрымаў ён, здаецца, выпрабаванне і тады, як зразумеў раптам, лежачы хворым у будане, што атрад яго распадаецца... Аднак пра тое вось, што гэтак цяжка быць партызанам у родных мясцінах, дзе цябе кожны ведае, пачынаючы ад начальніка паліцыі, Мітрафан Ануфрыевіч у галаве нават прыкінуць дасюль не мог.

У кожным разе, пакуль што партызаны бачылі вакол сябе адны страты. Страты і страты. Іншы раз нават здавалася, што іх не ў стане замясціць тым справам, тым поспехам, якія былі ўжо на рахунку атрада.

Пасля таго як Абабуркаў сваяк прынёс у лес першую лістоўку з бліжэйшай вёскі, Нарчук колькі часу знаходзіўся ў самым сапраўдным здранцвенні. Шантаж і пагрозы, з якімі выступілі цяперашнія крутагорскія кіраўнікі, настолькі ўразілі яго і перавярнулі душу, што ён да канца таго дня не мог паказаць лістоўку іншым партызанам, нават камісару Баранаву. Але паступова Нарчук узяў сябе ў рукі. Тым больш што выпадак з лістоўкай аказаўся не адзінкавы — назаўтра ляснік прынёс Нарчуку наступную такую паперку, тады яшчэ адну, здаецца, з Кушалёўкі, што стаяла акурат па той бок Цыкуноў. Такім чынам, паяўленне лістовак у суседніх вёсках ужо не магло застацца тайнай. І Нарчук паказаў іх сваім партызанам.

Рэагавалі партызаны на шантаж і пагрозы аднолькава ўзрушана. Але лічыцца ды выстаўляць свае гора перад іншымі, як кажуць, у гэтай справе нікому не даводзілася. Усім пагражала аднолькавая небяспека. Нават Сцяпан Баранаў, сям’я якога знаходзілася адсюль недзе на недасягальнай адлегласці, і той зрабіўся падобны адразу на чорную хмару. Зразумела, што перажываў ён не толькі за брата. Перажываў камісар за сваіх таварышаў, да таго ж, пакуль што ён адзін здольны быў свядома і, можа, ва ўсім аб’ёме і на ўсю глыбіню ацэньваць каварную гульню «мужоў даверу», за якімі, канечне ж, стаялі самі немцы, дарма што ў дадзеным выпадку схаваліся за мясцовымі прозвішчамі, робячы выгляд, маўляў, гэта ваша, тутэйшая справа.

Вядома, шкада было камісару і брата свайго, Архіпа, які праз яго, Сцяпана Баранава, мог трапіць у расстаўленую нягоднікамі сетку, хоць яму збіраліся прыгадаць яны таксама і зусім іншае — колішняе «захапленне рэвалюцыяй». Архіп чамусьці не дужа стараўся ўспамінаць той час са свайго жыцця, аднак менавіта ён у 1905 годзе, прыехаўшы з шахтаў, дапамагаў мужыкам «пускаць пеўня» пад стрэхі памешчыцкіх маёнткаў.

Дзіўна, але вось гэтая нечаканасць, вось гэтыя фашысцкія лістоўкі, у якіх поўна было пагроз і вымагання, усё роўна як прымусілі раптам Сцяпана Паўлавіча іначай паглядзець таксама і на тую адчужанасць, што нядобра выявілася пры апошняй сустрэчы іхняй, на Архіпавым ганку, ва ўсялякім разе, цяпер яна, тая грубая няласкавасць, хоць збольшага, аднак паддавалася разумоваму спасціжэнню.

Цяпер кожны з партызан усведамляў, што становішча для іхняй дзейнасці і тут, у зябяседдзі, складвалася мала сказаць незайздроснае. Неабходна было неяк засцерагчы ад небяспекі ў першую чаргу сваякоў і тым самым развязаць сабе рукі. Баранаў браў гэты клопат на сябе — згодна з планам мелася на ўвазе ажыццявіць нечаканую аперацыю, каб вывесці з горада сем’і партызан, а затым паступова пераправіць іх у надзейныя месцы, падалей і ад Крутагор’я, і ад Цыкуноў.

Зразумела, што партызаны былі ўдзячны за такую прапанову камісару, які к таму часу ўжо закончыў расследаванне машаўской трагедыі. Заставалася толькі ажыццявіць задуму.

Між тым, акалічнасці гібелі падпольнага райкома партыі цяпер сапраўды ўжо сталі вядомы, бадай, цалкам. Прынамсі, Сцяпану Паўлавічу з дапамогай шматлікіх добраахвотнікаў удалося прасачыць скрозь дзейнасць мясцовых падпольшчыкаў, пачынаючы ад таго часу, як яны бачыліся апошні раз у жніўні месяцы ў Машавой.

Уласна, вёску тую падпольшчыкі спярша пакінулі разам з партызанскім атрадам Нарчука, гэта значыць 11 жніўня. Партызан тады вайскоўцы, як вядома, павезлі ў Гарбавіцкі лес, дзе стаяў штаб 13-й арміі, а другая група, што склала падпольны райком, падалася за Бесядзь сваім шляхам — праз Арцюхі на Белую Гліну і далей. У Машавой з падпольшчыкаў засталіся толькі Рыгайла з Яфрэменкам.

Колькі дзён пасля гэтага падпольны райком знаходзіўся ў Камароўшчыне, затым падпольшчыкі перабраліся на сталае месца ў адрыну, што была на краі лесу паміж вёскамі Марозаўка і Сілічы. Адрына тая ўвесь час служыла мясцоваму калгасу зімовым пчальніком, з пачаткам халадоў сюды звычайна звозілі вуллі з усіх летніх меданосных мясцін. Адсюль падпольшчыкі і на заданне хадзілі. У Сцяпана Баранава былі дакладныя звесткі, што яны з першага дня акупацыі пачалі працаваць над тым, каб не толькі дасканала разабрацца ў палітычнай абстаноўцы, якая склалася ў сувязі з прыходам немцаў, але і сур’ёзным чынам распаўсюдзіць свой уплыў на гэтую абстаноўку. З таго пчальніка Манько хадзіў у навакольныя вёскі на сустрэчы з патрэбнымі людзьмі, у тым ліку і ў Гончу, да Захара Доўгаля, дарма што сяму-таму здавалася, што падпольны райком знаходзіцца дзесьці па левы бок Бесядзі. Адсюль Манько прыходзіў і на спатканне з Дзянісам Зазыбам.

У выніку такой вось дзейнасці ў райкоме неўзабаве былі сабраны каштоўныя звесткі: і аб размяшчэнні нямецкіх вайсковых часцей на тэрыторыі раёна, і аб узнікненні паліцэйскіх участкаў, ці, як іх часам называлі,— станаў; былі дасведчаны падпольшчыкі таксама і адносна становішча ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы; прынамсі, яны ўжо ведалі, напрыклад, калі якое прадпрыемства збіраліся аднавіць акупацыйныя ўлады, увесці нанава ў строй, дзе наладжваюцца ссыпныя пункты збожжа; падпольшчыкам стала вядома таксама, што вялікае значэнне акупацыйныя ўлады надавалі лесапільным заводам, бо вермахту з надыходам восені патрэбны былі не толькі піламатэрыялы, але і дровы; да таго ж пілаваны і круглы лес, як гаспадарнікі называлі ў сваіх паперах звычайнае бярвенне, чакалі адсюль і ў самой Германіі.

Асаблівае значэнне надавалі падпольшчыкі Крутагор’ю.

Між тым, доўгае знаходжанне на адным месцы само па сабе пагражала абярнуцца для райкома небяспекай. Тым больш што члены падпольнага камітэта разумелі, што некалі ўсё роўна давядзецца падавацца туды, дзе суцэльны лес. Але, пакуль што да чаго, быў сэнс падумаць наперад пра некалькі пастаянных баз, якія можна было б выкарыстаць пры неабходнасці, хоць увесь ход падзей падказваў, што падпольнаму райкому лепш за ўсё знаходзіцца пры нейкім баявым падраздзяленні. Такім падраздзяленнем мог стаць мясцовы партызанскі атрад. Аднак той чамусьці доўга не вяртаўся ў раён. Падпольшчыкі ўжо гатовы былі лічыць, што Нарчук са сваімі хлопцамі затрымліваецца гэтак доўга не без прычыны, што наогул можна не дачакацца іх. І калі ў кастрычніку месяцы, недзе на першым тыдні, па раёне пайшлі чуткі, што за Бесяддзю то ў адной, то ў другой вёсцы былі партызаны, Касьян Манько накіраваў у Машавую, да Панцеляймона Рыгайлы, сувязнога з заданнем, каб і сам Панцеляймон, і старшыня калгаса Яфрэменка паспрабавалі адшукаць партызан і ўвайшлі з імі ў кантакт. А ў тым, што партызаны за Бесяддзю з’явіліся не тутэйшыя, сумнявацца не даводзілася, бо для сваіх, крутагорскіх, не складала б цяжкасці знайсці шлях да падпольнага райкома.

Але падзеі, якія пачалі разгортвацца і ў самой Машавой, і вакол яе, апярэдзілі планы падпольшчыкаў. Ва ўсякім разе, калі ў гэтую вёску нарэшце трапіў сувязны ад Касьяна Манько, Рыгайла з Яфрэменкам ужо былі закатаваны немцамі.

Далей усё адбывалася зусім незалежна ад членаў падпольнага райкома, якія знаходзіліся на другі бок Бесядзі, недалёка ад Марозаўкі. Сцяпан Баранаў дакладна ўстанавіў праз давераных людзей, што ні Касьяну Манько, ні яго таварышам па падполлі не ўдалося пасля гэтага актыўна ўплываць на падзеі. Наадварот, яны самі, міма свайго жадання і сваёй волі, былі бязлітасна ўцягнуты ў гэтыя падзеі і неўзабаве зрабіліся ахвярай іх.

І вось як гэта здарылася. Прынамсі, зноў жа па тых звестках, якія раздабыў Сцяпан Баранаў. У Машавой акрамя старога Шандова сувязной падпольнага райкома партыі была Улляна Каганцова, маладая дзяўчына. Да вайны яна працавала ў сельскім Савеце, лічылася там тэхнічным работнікам. Але з’яўлялася тым часам важаком камсамольскай моладзі. Дык на яе і выпаў выбар, калі яшчэ пры стварэнні падпольнага райкома вызначалі сувязных для яго. На яе і на Шандова. Звычайна Улляна часцей за ўсё і хадзіла з вёскі па даручэнні Рыгайлы і Яфрэменкі ў далёкую Камароўшчыну, бо кульгаваму Шандову такія пераходы даваліся з цяжкасцю, дарма што з выгляду ён, не зважаючы на гады, здаваўся рухавым і лёгкім.

Рыгайла з Яфрэменкам былі забіты ўначы. Шандоў, калі даведаўся пра гэта, падаўся з Пацюпам у пасёлак Азёрны, што быў таксама па левы бок Бесядзі і знаходзіўся за дзесяць кіламетраў ад Машавой. Для сельскай мясцовасці такая адлегласць звычайна лічыцца вялікай, бо, каб трапіць з аднаго населенага пункта ў другі, мінаць даводзілася ажно некалькі вёсак. У Машавой, такім чынам, засталася адна Улляна. На яе і ўказаў немцам помслівы Зімароў, які, аказваецца, не толькі здагадваўся пра наяўнасць у раёне падпольшчыкаў, аднак і сёе-тое ведаў з іх дзейнасці, напрыклад, дасведчаны быў пра апошняе легальнае пасяджэнне райкома, пра стварэнне партызанскага атрада, падпольнага цэнтра...

Між тым, Касьяну Манько, урэшце, як і ўсім іншым падпольшчыкам, як найхутчэй неабходна было ведаць не толькі акалічнасці, але і прычыну, якая прывяла да пагібелі ў Машавой двух таварышаў, таму ён бярэ з сабой Андрэя Цішчанку і Саламона Якубовіча і накіроўваецца нанава ў забяседдзе.

Улляна Каганцова зусім не багата дапамагла ім у гэтым, яна расказала толькі пра тое, што сама чула ад людзей, гэта значыць, як пасля забойства Зімаровай жонкі прыехалі на машынах у вёску немцы, якіх перастрэў па дарозе бургамістр, як затым былі арыштаваны старшыня сельсавета і старшыня калгаса і як іх забівалі на калгасным двары. Канечне, даступны ёй быў адно знешні бок справы, бо яна сапраўды не магла адказаць на шмат якія пытанні, у тым ліку і на два галоўныя, а менавіта: хто засек бургамістраву жонку і чаго дамагаліся на допыце фашысты ад Яфрэменкі і Рыгайлы.

За Бесяддзю сакратар падпольнага райкома і яго таварышы знайшлі сабе прыстанак у глухога лесніка Алейнікава, таго самага, што некалі, у часе грамадзянскай вайны, быў вайсковым камісарам Бялынкавіцкай воласці. Алейнікаў таксама ўключыўся ў расследаванне, калі гэтак можна назваць тую справу, якой колькі дзён ужо займаліся члены падпольнага райкома. Нягледзячы на глухату, якая абмяжоўвала магчымасці гэтага чалавека, былы тарашчанец, тым не менш, даволі хутка здабыў звесткі пра разведвальна-дыверсійны атрад Карханава, што некалькі часу дзейнічаў на тэрыторыі Крутагорскага раёна. Можна было спадзявацца, што гэтак жа паспяхова ляснік збярэ і астатнія звесткі, якіх пакуль не хапала для поўнай карціны.

Тым часам другі бок, гэта значыць варожы, таксама не пераставаў дзейнічаць. З таго самага дня, як стала вядома аб існаванні арганізаванага партыйнага падполля ў раёне, тайная паліцыя паставіла сабе за мэту натрапіць на яго след і абясшкодзіць. Займалася гэтым клінцоўскае акруговае СД. Але дзеля дакладнасці трэба сказаць, што з Рыгайлам і Яфрэменкам расправіліся ў Машавой салдаты палявой жандармерыі, што ехалі кудысьці з Крутагор’я і якіх Зімароў павярнуў з бальшака ў вёску. Менавіта адсюль, з крутагорскай палявой жандармерыі, паступіла ў Клінцы, у акруговае СД, паведамленне аб наяўнасці ў раёне партыйнага падполля. І вось цяпер тайная паліцыя, выкарыстоўваючы розных агентаў і мясцовых паліцаяў, шнарыла па ўсім забяседдзі, трымала пад неаслабным кантролем у першую чаргу Машавую. Разлік быў правільны — калі не ўдасца натрапіць тут непасрэдна на падпольны райком, што цяпер, пасля зробленых арыштаў, уяўлялася малаверагодным, то ўжо на след каго-небудзь з тых, хто шукае сувязі з ім, абавязкова пашанцуе выйсці. Так думалі ў СД, так яно і атрымалася — удачай для іх.

Спярша Улляна Каганцова цалкам адмаўляла, што мае хоць якое дачыненне да падпольнага райкома. Таму адзін час нават бургамістру Зімарову пачало здавацца, што дарэмна паказаў немцам на дзяўчыну. Але сачыць за ёй не перастаў. І калі пайшлі чуткі, што ў Машавой, а затым і ў іншых забесядскіх вёсках пачалі з’яўляцца новыя члены падпольнага райкома, Зімароў зноў увагу тайнай паліцыі накіраваў на Улляну. Але яе ні разу пры гэтым не забіралі з Машавой і не выклікалі нікуды, нават у паліцэйскі ўчастак. Апрацоўку сувязной, як кажуць, вялі на даму, употай ад вясковых людзей. Цяпер размовы з ёй немцы ўжо наладжвалі бязлітасныя. І яна не вытрымала. Выдала астатніх членаў падпольнага райкома. І сама загінула.

Бралі немцы Касьяна Манько, Андрэя Цішчанку і Саламона Якубовіча з дапамогай вясковых паліцаяў у хаце Улляны, куды падпольшчыкі прыйшлі з лесу. Іх тут ужо чакалі. Здаецца, ніхто з траіх не здолеў аказаць супраціўлення, бо справа была пастаўлена так, што з самага пачатку, як толькі яны з’явіліся гэты раз у вёсцы, кожны крок іх, кожны рух былі на прыкмеце, а ўсё скончылася ў хаце, дзе знаходзілася ўзброеная засада...

* * *

Пацепваючыся, Нарчук рушыў з выспы па балоце на ўзлесак, да другога будана.

Сёння ён начаваў на выспе адзін. І хоць, здаецца няблага спаў, але ў целе і ў галаве чамусьці стаяла халаднаватае здранцвенне.

Ступаючы па снежных лапіках, якія багата дзе бялелі яшчэ зусім некранутыя, Мітрафан Ануфрыевіч думаў якраз над гэтым сваім станам. Але прычыну здранцвення камандзір атрада больш за ўсё схільны быў шукаць у тым сне, што ўбачыў яшчэ тады, калі пад вялікую хлябіцу, якая ажно шумела белымі камякамі паміж дрэў у лесе, страціў першы раз кантроль над свядомасцю. Адзін момант ён нават гатовы быў лічыць, што зусім не засынаў, што гэта ўсё раптам прыйшло да яго наяве. Аднак то быў сапраўдны сон, бо такая неверагодная рэч магла толькі прысніцца чалавеку.

А сон выдаўся пачварны. Снілася раптам, што ён грыз самога сябе... Быццам раз’юшаны звер, ірваў зубамі на сабе мяса і давіўся ім...

Уначы, калі адразу прахапіўся пасля гэтага кашмару, Мітрафан Ануфрыевіч адно раззлаваўся ды плюнуў на салому, якой быў усланы будан. Але цяпер нібыта нанава пачынаў перажываць усё, што бачылася тады, і нават вярнуўся той саладкаваты смак, які адчуваў ён у часе сну, ад свайго мяса ўчора.

Снам Нарчук увогуле ніколі не даваў веры. Дарэчы, як і большая частка дарослых мужчын. Заўсёды жартаваў у сувязі з гэтым, што ён іх не разумее і не ведае, дзеля чаго яны прыходзяць да людзей, не толькі радуючы, але і палохаючы. Можа, таму і сніліся яны не часта яму. Можа, таму і ўчорашні не напалохаў Мітрафана Ануфрыевіча, адно, як ужо было сказана, раззлаваў моцна, прымусіўшы ад агіды ажно сплюнуць. І, тым не менш, сёння вось, з самага першага моманту, як Нарчук зноў расплюшчыў уранні вочы і ўбачыў праз шчыліну пры ўваходзе ў будан над верхам белы свет, то неяк адразу скалынуўся душой, акурат яе ўзарвала глыбока знізу, а тады раптам адчуў гэтае халаднаватае здранцвенне ва ўсім сабе.

Між тым, сон быў не толькі пачварны, але і сорамны, пра яго нават людзям не раскажаш. Таму Мітрафан Ануфрыевіч, ідучы цяпер да другога будана, які знаходзіўся па той бок балота, і прыгадваючы, што было ўначы, адно ківаў галавой, злашча, што яе займаў і іншы клопат, звычайны, партызанскі.

Апошнія дні ў гэтым другім будане жыў Даніла Афончанка, быў там гаспадаром, бо надоечы трапіў у Кушалёўцы на нечую засаду і моцна пашкодзіў аб плот у цемнаце нагу. Але не выключана была магчымасць, што яшчэ хто-небудзь з партызан паспеў да снегу абначыцца там. Напрыклад, Іван Рой, былы Афончанкаў шафёр, які меў заданне суправаджаць Паўла Чарнагузава ў Прапойск, дзе паводле некаторых звестак павінен быў знаходзіцца конюх Батоўкін, што да вайны выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР па выбарчай акрузе, куды ўваходзіў таксама і Крутагорскі раён. Хадзілі чуткі (на жаль, цяпер даводзілася карыстацца найбольш чуткамі), што Батоўкіну па нейкай прычыне не ўдалося эвакуіравацца ў свой час на ўсход і цяпер дэпутат Вярхоўнага Савета нібыта хаваецца ад новых улад ці то ў самім Прапойску, ці то недзе ў вёсках паміж Прапойскам і Быхавам. Зразумела, што звесткі гэтыя неабходна было праверыць і калі што — прывесці старога конюха ў атрад, бо зусім не лішне нават ва ўмовах варожай акупацыі мець побач з сабой прадстаўніка вышэйшага органа Савецкай улады, гэта па-першае, а па-другое, наогул патрэбна было засцерагчы чалавека і ад правакацый, якія маглі мець месца цяпер, і ад усяго іншага. Пайсці на пошукі Батоўкіна ў Прапойск выпала Паўлу Чарнагузаву. Спярша хацеў з ім падацца туды і камісар Баранаў. Хоць дарога не надта блізкая была, але ў сувязі з пагрозамі ў адрас партызан, якія з’явіліся ў расклееных па навакольных вёсках лістоўках, Сцяпан Паўлавіч пераключыўся на другое заданне. У Прапойск накіраваўся адзін Павел Чарнагузаў, бо Іван Рой таксама быў прыкамандзіраваны да яго не на ўсю дарогу — яму належала толькі вывесці разведчыка праз Новую Ельню да Сажа, а далей Чарнагузаў сам павінен быў шукаць магчымасці, як пранікнуць у Прапойск. Канкрэтныя заданні ў гэтыя дні выконвалі таксама Харытон Дарашэнка, Лазар Кузьмін... Усе яны цяпер адсутнічалі ў атрадзе, былі ў адыходзе, і ўсе яны кожную хвіліну маглі апынуцца зноў у Цыкунах, найперш у тым будане, які вартаваў Даніла Афончанка. Тым больш што запас самагонкі, нарыхтаваны для аператыўных, гаспадарчых і медыцынскіх патрэб, таксама знаходзіўся там, і камандзір атрада добра ведаў, што хлопцы, вяртаючыся з заданняў, раней чым трапіць на выспу і далажыцца, заўсёды на нейкі час затрымліваліся на ўзлеску.

Даўнімі спадарожнікамі Нарчука ў атрадзе цяпер акрамя камісара Баранава былі Павел Чарнагузаў, Харытон Дарашэнка і Лазар Кузьмін. Дарашэнка працаваў да вайны дырэктарам сярэдняй школы ў горадзе. Кузьмін — сакратаром райвыканкома. Людзей гэтых камандзір атрада добра ведаў і паважаў, таксама як паважаў і старшыню райспажыўсаюза Данілу Афончанку, што далучыўся да атрада пазней, ужо тады, калі крутагорскія партызаны вярнуліся з далёкага рэйду. Цяпер той паход за трыдзевяць зямель, каб узарваць неіснуючыя масты на далёкіх рэках, чамусьці ўсе, без выключэння, любілі называць гэтым словам — рэйд, быццам у ім знаходзілася такое гучанне, якое цалкам недаступна было іншым, хто не прымаў удзелу ў паходзе, хто не быў у тым рэйдзе. І яшчэ два чалавекі ўліліся за гэты час у атрад — гэта Цыля Ліўшыц, якая да прыходу немцаў у Крутагорскі раён працавала сакратаром партарганізацыі МТС, і Лазар Шэйнін, зусім малады чалавек, сёлетні выпускнік гарадской дзесяцігодкі. Але гэтым двум не пашанцавала адразу: неўзабаве іх знайшлі мёртвых непадалёку ад Белай Гліны, пасярод вялікай крушні, што была скідана ў пачатку калектывізацыі на краі поля. Хто іх забіў, заваліўшы каменнем, сказаць пакуль немагчыма было, прынамсі, дасюль яшчэ пагібель Цылі і Лазара заставалася загадкай. Мясцовыя людзі казалі партызанам — немцы; немцы тым часам, наадварот, распускалі чуткі, што гэта зрабілі сяляне.

Дзіўна, але, можа, таму што і Цыля Ліўшыц і Лазар Шэйнін у атрадзе знаходзіліся нядоўга, дакладней, не так нядоўга, як нерэгулярна, гэта значыць не пастаянна, адсутнасць іх некаторы час успрымалася без асаблівай заклапочанасці, тым больш што ў іх быў усё роўна як звычай туляцца недзе па вёсках і мястэчках, быццам яны адчувалі сябе няўтульна сярод партызан, хаця, вядома, у такіх умовах, у якіх знаходзіўся атрад, пра асаблівую ўтульнасць, мякка кажучы, ніякай гаворкі не магло ісці. Справа ў тым, што Цыля чамусьці знарок не пакідала Шэйніна аднаго з партызанамі, асабліва на ноч, акурат зберагала яго такім чынам ад іхняга ўплыву. Вядома, гэтага ў атрадзе не магло мець месца, і ў Цылі паводзіць сябе гэтак, няйначай, была іншая прычына, пра якую не толькі ніхто не ведаў, але і не здагадваўся і якую яна панесла з сабою ў магілу, загубіўшы адным часам, як рашылі Нарчуковы партызаны, і маладога хлопца. У кожным разе, чамусьці ўсе ў атрадзе лічылі яе вінаватай у гэтай смерці і гаварылі пра трагічнае здарэнне з імі каля Белай Гліны, як пра штосьці не столькі прыкрае, колькі недарэчнае, хоць з цягам часу сам Нарчук, які найбольш мусіў адчуваць адказнасць за ўсіх, хто ўвайшоў у падначаленне яму з самага пачатку ці далучыўся да атрада пазней, пачаў задумвацца над тым, што мог прадбачыць наперад, чым скончыцца гэтае дзіўнае бадзянне, дарма што Цыля заўсёды давала зразумець і камандзіру атрада, і камісару, і ўсім партызанам, што яна «вольная ў сваіх паводзінах ужо нават таму, што сама знайшла атрад і прывяла з сабой гэтага хлопца».

Ну ды ўсявышні, як кажуць, суддзя ёй цяпер!..

З усіх, хто далучыўся да атрада ў апошні час, найбольш уплывовым чалавекам з’яўляўся Даніла Афончанка. Нават не ўплывовым. Гэта не тое слова. Была ў Данілы Аляксеевіча нейкая зусім недакучлівая таварыскасць, дакладней будзе сказаць — супольнасць, якая не толькі не станавілася ў цяжар камусьці, але нават у крыўду і якая адной ужо наяўнасцю сваёй рабіла чалавека акурат незаменным у кожнай справе, датычылася гэта звычайнага, паўсядзённага жыцця альбо іншай, у тым ліку і баявой, дзейнасці партызан. Прынамсі, без Афончанкі, пакуль ён не пашкодзіў сабе нагу, не толькі не прадпрымалася, але і не задумвалася ні адна аперацыя, ні адна больш-менш значная вылазка, што магла мець нейкае значэнне для нармальнага функцыяніравання атрада. Ён і сам не любіў заседжвацца ў лесе, часта хадзіў на заданні. І вось цяпер змушаны быў ужо колькі тыдняў вартаваць партызанскі будан на краі Цыкуноў.

Між тым, Даніла Афончанка яшчэ ў жніўні месяцы не збіраўся быць партызанам. Яго не ўключылі ні ў склад падпольнага райкома, ні ў спіс партызанскага атрада. У той дзень, як нямецкія танкі прарвалі абараняльны рубеж каля Царковішча, старшыня райспажыўсаюза быў накіраваны райкомам партыі ў якасці ўпаўнаважанага па эвакуацыі калгаснай маёмасці ў самыя прыфрантавыя гаспадаркі. Легкавая аўтамашына, у якой ехаў Афончанка і якую вёў Іван Рой, якраз і наскочыла на тыя першыя танкі, што пасля бою толькі што выцягнуліся ў калону і рухаліся па дарозе на Крутагор’е. «Эмку» ў клубе пылу нямецкія танкісты заўважылі яшчэ здалёку, бо пярэдні танк раптам спыніўся, і адтуль праз нейкі момант ударыў чэргамі раз і другі кулямёт, якога ні шафёр, ні ягоны пасажыр за гулам матора не адразу пачулі. Між тым, за той нядоўгі час, пакуль калона стаяла на дарозе, няйначай, чакаючы аўтамашыну, якая імчала насустрач, адлегласць паміж імі паспела скараціцца, і кулі адразу трапілі па пярэдніх колах. Але Іван Рой, здавалася, яшчэ не адчуў і гэтага, хутчэй за ўсё, што ён, дарэчы, таксама як і Афончанка, нават пакуль не зразумеў цалкам, што адбываецца наогул і чые танкі неспадзявана апынуліся на шляху, і толькі тады, як пасля наступнай чаргі з кулямёта з трэскам раскалолася бакавое шкло, пачаў тармазіць «эмку», якая раптам перастала падпарадкоўвацца яму.

— Што гэта? — крыкнуў з задняга сядзення Афончанка, усё роўна як не спадзеючыся, што шафёр можа пачуць яго.

Але той ужо спыніў машыну і зусім спакойна, акурат пагарджаючы небяспекай, павярнуўся тварам да Афончанкі, ціха сказаў:

— Немцы, Даніла Аляксеевіч!.. Трэба ратавацца!..

З левага боку, праз невялікае поле, віднеўся лес, і да яго ад дарогі вяла глыбокая канава, абапал якой ляжала гурбамі зямля. Яе Афончанка ўбачыў адразу, прыкінуўшы, што па канаве можна будзе, прыгінаючыся, дапяць да лесу яшчэ да таго, як немцы здолеюць даехаць на танках да гэтага месца, дзе спынілася «эмка», і атрымаць такім чынам магчымасць страляць па прамой наўздагон. Але да канавы заставалася яшчэ метраў трыццаць чыстага поля, якое патрэбна было прабегчы пад прыцэлам кулямёта. Небяспека была вялікая, аднак іншага выйсця ні Афончанка, ні Рой не бачылі.

Відаць, у сярэдзіне танка немцы тым часам таксама падумалі, што тых некалькі чэргаў, якія былі пушчаны з кулямёта, хапіла ўжо, каб не толькі падбіць аўтамашыну, але і знішчыць людзей у ёй, таму тут жа перасталі страляць, і над пярэднім танкам паднялася крышка люка, затым вылез па клубы чалавек. Апрануты ён быў у чорнае, аднак твару адсюль нельга было разгледзець, ды і не ставала часу на гэта.

Афончанку дзіўна толькі было, чаму немцы стаялі на месцы і чаму не спрабавалі наблізіцца да падбітай аўтамашыны, таксама як незразумелым заставалася і тое, чаму яны наогул раптам спыніліся, маглі б проста раструшчыць гусеніцамі «эмку» на хаду.

Між тым, гэтая заспакоенасць іхняя выйшла на карысць паязджанам, якія трапілі ў бяду. Акурат адчуўшы момант, якога больш не будзе, калі заставацца і далей у машыне і прамарудзіць хоць бы яшчэ хвіліну, Афончанка спытаў шафёра:

— Бачыш канаву?

— Так.

— Кумельгам туды. Але пачакай, зробім гэта разам, бо па адным нельга. Калі першаму пашанцуе праскочыць, дык па другім абавязкова пацэляць. Падрыхтуюцца і пацэляць. Ну, адчыняй свае дзверцы. Так. А цяпер — я. Марш!

Немцы яўна не чакалі такога спрыту, тым больш што не былі ўпэўнены, што нехта застаўся жывы ў абстралянай машыне. Таму кулямёт з пярэдняга танка зноў застрачыў, збіваючы зямлю над канавай, калі Афончанка з Роем ужо ляжалі адзін на адным на дне яе. Астатняе для ўцекачоў было, як кажуць, справай ног, хоць рукам таксама хапіла занятку,— увесь час прыгінаючыся, амаль на карачках, беглі яны, задыханыя, да лесу і з жахам думалі, што немцы нарэшце здагадаюцца стаць у тым канцы над канавай, і тады нічога не будзе замінаць ім страляць у спіны, лічы, па адкрытых мішэнях. Аднак нічога такога не адбылося. Нямецкія танкі не зрушылі з месца, нібыта яны збіраліся заставацца там надоўга; прынамсі, калі Афончанка з Роем праз колькі хвілін вельмі нязручнага бегу па канаве апынуліся цэлыя ў лесе, танкі па-ранейшаму былі на ўзгорку і з пярэдняга ўсё яшчэ вытыркалася чорная постаць.

Першую ноч у акупацыі Даніла з Іванам прабылі ў тым жа лесе, куды прывяла іх палявая канава. Дзве наступныя — у знаёмага чалавека паблізу Крутагор’я, а затым перабраліся ў горад і там, хаваючыся, знаходзіліся ажно некалькі тыдняў, пакуль не адчулі, што далей заставацца ў варожым акружэнні немагчыма: альбо трэба выходзіць на людзі, і тады невядома, чым усё скончыцца, альбо падавацца ў лес. І яны аднойчы ўначы пакінулі горад.

Мітрафан Нарчук быў рады, што Даніла Афончанка неўзабаве знайшоў атрад, стаў партызанам.

Але дарэмна цяпер, ідучы да другога будана, дзе знаходзіўся за вартавога Даніла Афончанка, камандзір атрада думаў, што там сёння, каб не блукаць па гразкім балоце, абначыўся яшчэ хто-небудзь з партызан. Каля вогнішча, на якім гарэлі дубовыя плашкі, сядзеў на каразе адзін Афончанка. Дыму над вогнішчам ужо не было ніякага, толькі вясёлае полымя торкалася ўгору белымі языкамі, акурат спрабавала прабіцца праз нябачную для чалавечага вока перашкоду. Гэта былі цалкам партызанскія дровы, дубовыя плашкі,— яны сапраўды амаль зусім не давалі дыму, адно спярша, пакуль не займалася полымя, а тады падоўгу гарэлі, даючы на ўсе бакі ўстойлівае цяпло. Такія плашкі ляжалі і каля таго будана, што быў на выспе. Іх партызаны нарыхтоўвалі знарок, дзеля чаго давялося спляжыць у Цыкунах нямала дубкоў. Затое паліць іх можна было нават удзень і не баяцца, што паваліць густы дым, стане відаць здалёк.

— Прыйшоў паглядзець, як ты тут,— сказаў Нарчук, сядаючы побач з Афончанкам на карагу.— Але, бачу, не дужа пільнуешся.

— Думаеш, падкрадзецца хто? — паглядзеў на яго партызан і ўсміхнуўся.

— А ты ўжо выключаеш такую магчымасць?

— Ну!..— паціснуў плячамі Афрончанка.— Калі ўдзень, то наўрад ці. А вось уначы... Тут ужо нікому не загадаеш, а тым больш не забароніш, бо што адзін зробіш? Сам, нябось, адзін сёння заставаўся ў сваім будане?

— Адзін.

— Ну вось.

— Што новага тут, на пярэднім краі?

— Здаецца, нічога. Гуфельд ужо прыйшоў у сваю камендатуру. Быў з ім і той, другі немец, але хутка выйшаў.

— Фон Файт?

— Так, фон Файт. Паехаў кудысьці. Бачыў, як да ганка камендатуры падкаціла легкавая машына, здаецца, нават ці не мая «эмка», якую некалі падстрэлілі немцы, і ён сеў у яе.

— Відаць, гэта ўсё-ткі другая машына. Наўрад ці магчыма такое супадзенне. Вас жа абстралялі далёка адсюль.

— Ну і што? Маглі падрамантаваць яе і ў Бабінавічы даставіць.

— Наўрад ці,— чамусьці зноў запярэчыў Нарчук, хоць ніякага значэння гэтая акалічнасць не мела: сапраўды, хіба не ўсё роўна, на чыёй «эмцы» цяпер раскатвалі па мястэчку немцы?

Яны памаўчалі трохі, тады Афончанка сказаў:

— Вось я назіраю тут ужо каторы час за гэтым фон Файтам і ніяк у галаву не вазьму — хто ён на самай справе і чаму вельмі часта адлучаецца з мястэчка, падоўгу не бывае. Нейкія ў яго справы на старане ёсць, і, відаць, немалыя, а тут, у Бабінавічах, ён проста выпадковы. Адно наездамі. Як думаеш?

— Можа, і так.

— Ну вось. А цяпер сам памяркуй, чым можа займацца гэты фон Файт, дарма што выдае сябе за перакладчыка?

— Хто ж яго ведае!

— А няблага было б даведацца.

— Можа, і даведаемся яшчэ. Тым больш што прозвішча яго мы ўжо ведаем. Значыць, можна пайсці ў гэтым напрамку і далей.

— У мяне не выходзіць з галавы колішняя размова з адным студзянецкім чалавекам. Помніш, я табе казаў?

— З Еўдакімам?

— Так.

Сапраўды, Афончанка ўжо расказваў неяк камандзіру атрада пра тую сваю размову ў Студзянцы.

З яго слоў выходзіла, што гэты фон Файт аднойчы завітаў да вясковага чалавека і пачаў дзіўную гаворку... Ну, што трапіў нямецкі афіцэр, дарэчы, які даволі часта апранаўся ў цывільнае, менавіта да Еўдакіма, тут, здаецца, не было нічога асаблівага — у таго буяў на агародзе, можа, найлепшы ва ўсёй вялікай вёсцы сад, які хоць каго мог спакусіць крамянымі яблыкамі ды грушамі, а вось размова, якую фон Файт павёў раптам там жа, у садзе, з пажылым селянінам, якога бачыў упершыню, сапраўды здольна была ўразіць сваёй незвычайнасцю. Таму Еўдакім і расказаў пра яе Данілу Афончанку, калі той папрасіў аднаго разу ў Студзянцы начлегу. Пачаў немец з таго, што назваў сябе, хто ён і адкуль. Фон Файт — так і сказаў. Маўляў, мае баронскі тытул, хоць і не надае яму вялікае значэнне, бо цяпер у Германіі не гэта лічыцца за галоўнае. Сказаў, зразумела, і пра тое, адкуль ведае рускую мову — ужо ў савецкі час доўга служыў у Маскве. Добра знаёмы з жыццём у Расіі. І цяпер знаходзіцца тут як спецыяліст па Расіі. Але вайны з Расіяй не хацеў, нават адгаворваў германскія ўлады пачынаць яе, бо пераконаны, што выйграць вайну з рускімі будзе немагчыма. Словам, выдаваў сябе перад незнаёмым вясковым чалавекам ледзь не прыхільнікам нашай краіны. І гаварыў пра ўсё так, нібыта хацеў дагадзіць чымсьці Еўдакіму, які ад здзіўлення, што гэтак можа размаўляць цяпер немец з ім, адно талопіў вочы ды маўчаў, баючыся нават кіўнуць галавой. Уласна кажучы, размова тая запала ў душу не толькі Еўдакіму. Па ўсім было відаць, што не давала яна спакою і Данілу Афончанку, балазе, што цяпер яму часта даводзілася бачыць фон Файта праз шкельцы артылерыйскай бусолі.

Бусоль гэту партызаны адшукалі на беразе таго ж Палужа, дзе трапіўся ім і станковы кулямёт, які Павел Чарнагузаў не паспеў давесці да ладу і які застаўся ў пакінутай зямлянцы на старым печышчы. Цяпер бусоль стаяла на сваёй трынозе недалёка ад будана і ў акуляр яе можна было глядзець адсюль на мястэчка, пазнаваць усё, што там робіцца. Тым больш што будан прытуляўся трохі на ўзвышанасці, а мястэчка знаходзілася ніжэй. Спярша бусоль хлопцы трымалі, акурат з вялікае ласкі, хутчэй, відаць, проста з цікаўнасці, як каштоўную, але непрыдатную забаўку, жартавалі, маўляў, гэтая рэч нам таксама спатрэбіцца, калі займеем уласную гармату, нават хтосьці выхапіў яе з зямлянкі тады, у часе нападзення, а тут, у Цыкунах, раптам дадумаліся, што яе можна выкарыстоўваць замест бінокля, і тут жа знайшлі ёй ужытак на назіральным пункце.

— Дык ты, Даніла, усё яшчэ не страціў надзеі завербаваць фон Файта на свой бок? — з усмешкай спытаў Нарчук.

— Ну, завербаваць не завербаваць, а паспрабаваць варта было б.

— Але камісар не верыць у такую задуму. Кажа, не той час, каб з немцамі распачынаць падобныя размовы. Яны яшчэ не гатовы для гэтага. У іх пакуль чад у галовах ад перамог. Трэба, каб немец пачаў смярдзець, тады ён нарэшце стане згаворлівы.

— Камісар, камісар! — яўна незалюбіў Афончанка.— Вы з камісарам, здаецца, залішне абачлівыя становіцеся. Дзеля нечага ж гэты фон Файт усчынаў гэтую гаворку з староннім чалавекам? За язык жа яго ніхто не цягнуў?

— Ці мала што бывае, Даніла? Тут яны ў нас, як бачу я, абодва да пары сабраліся. Камендант дзівака з сябе выдае, хоць на самой справе — звычайны самадур, а барон гэты другім спосабам душы людскія вярэдзіць. Таксама, відаць, на ўме сабе чалавек.

З асцярогаю разгінаючы спіну, Нарчук падняўся з карагі, пастаяў трохі з выпрастанымі рукамі над вогнішчам, тады пацёр іх адна аб адну, быццам змяншаючы гарачыню, і рушыў да таго месца, дзе быў абсталяваны ў партызан назіральны пункт. За ім, счакаўшы нейкі момант, падаўся таксама Даніла Афончанка, няйначай, падумаўшы, што адпускаць на ўзлесак камандзіра аднаго не варта.

Прыпаўшы на назіральным пункце да халоднага акуляра бусолі, Мітрафан Ануфрыевіч глянуў на мястэчка і перш за ўсё ўбачыў там паўзверх заснежаных стрэхаў купалы царквы. Іх было пяць — адзін, вышэйшы, пасярэдзіне, чатыры іншыя па баках. Нагадвалі яны звычайныя цыбуліны, якія выраслі за лета на агародах, і цяпер усё роўна як хтосьці ўздымаў іх над гарбатым карункавым дахам, умацаваўшы наперад на самых макаўках праваслаўныя крыжы. Ніжэй купалаў, але на ўзроўні гарбатага даху, чарнелі восеньскія ліпы, якія стаялі вакол царквы, і на голлі іх сям-там яшчэ трымцела на ветры неабтрэсенае і несарванае лісце. Над ліпамі ўзляталі і тут жа садзіліся назад без усялякага страху вароны. Тым часам з тыльнага боку царквы на зямлі ляжаў снег, і ад яго ўгары, здавалася, святлейшым рабілася неба, якое і дагэтуль не ачысцілася ад хмар. Нарчук ведаў, як паварочваць бусоль, тым больш што нічога складанага не было ў гэтай механіцы, нават пры малым дотыку яна лёгка падавалася ва ўсе бакі, аднак не спяшаўся памяняць малюнак перад сабой і яшчэ колькі часу трымаў акуляр у ранейшым становішчы, акурат сапраўды не мог адарвацца ад знаёмых царкоўных абрысаў.

Між тым, на местачковай плошчы камандзіра партызанскага атрада чакала зусім іншае відовішча. Мітрафан Ануфрыевіч ведаў пра гэта і, можа, таму таксама не спяшаўся пераводзіць у той бок артылерыйскую бусоль, што бясстрасна, як аб’ектыўны сведка, здольна была паказваць чалавеку ўсё запар і без разбору. Але вось ён нарэшце ўсё-ткі прымусіў сябе амаль нечалавечым намаганнем зрабіць гэта, і праз шкельцы бусолі адразу ўбачыў зусім новую, добра абгабляваную перакладзіну з зачэпленай вяроўчатай пятлёй, у якой з адкінутай набок галавой вісела чалавечая постаць. Жаночая. Няйначай, вецер, які дзьмуў асабліва моцна ўчора, а сёння таксама яшчэ не пераставаў прыводзіць у рух і круціць усё, што падавалася яго парывам, павярнуў павешаную тварам на местачковыя крамы, і Нарчуку адсюль відаць была праз падраную сукенку мокрая спіна яе і босыя ногі.

Уласна кажучы, Мітрафан Ануфрыевіч не першы раз бачыў такім вось чынам, як цяпер, і местачковую царкву ў Бабінавічах з яе купаламі-цыбулінамі, і кірмашовую плошчу, аточаную з усіх бакоў пясчанымі дарогамі, з яе даўнімі, яшчэ яўрэйскімі крамамі, якія пасля нацыяналізацыі перайшлі ў спажывецкую кааперацыю, таксама як і гэтую шыбеніцу, на якой ужо каторы дзень гайдалася ў тоўстай вяроўчатай пятлі незнаёмая дзяўчына. Але партызаны не бачылі адсюль, як вешалі яе. Дарэчы, таксама як і не ведалі, хто яна і за што трапіла на шыбеніцу. Даніла Афончанка выявіў павешаную праз бусоль толькі надвечар, калі на плошчы не засталося ні немцаў, якія каралі дзяўчыну, ні местачкоўцаў, якіх яны зганялі туды на застрашальнае відовішча. Зразумела, што камандзір атрада тут жа, дачакаўшыся шарай хвіліны, накіраваў у Бабінавічы свайго чалавека. Ім быў Лазар Кузьмін, які да раніцы паспеў выведаць пра павешаную калі не ўсё, што магчыма было ў прынцыпе, то ўжо багата чаго з таго, што ведалі пра яе людзі ў мястэчку.

Сапраўды, дзяўчыну гэту, якая аказалася савецкай разведчыцай, немцы выкрылі выпадкова, з несвядомай дапамогай местачковых хлапчукоў, але далей справа ў іх з расследаваннем не пайшла — тая нікога і нічога не хацела выдаваць на допыце ў Крутагор’і, куды яе павезлі пасля арышту з мястэчка; дарэмна ў жандармерыі спадзяваліся, што дзяўчына не вытрымае ўсё-ткі і ў яе «развяжацца» язык перад пакараннем; але яна і тут зацята маўчала; так яе, невядомую, і павесілі ў Бабінавічах, прывёзшы сюды назад з Крутагор’я. І ніхто пакуль не ведаў, ці сапраўднае нават у яе імя — Марыля, і гэтае прозвішча — Жэнчанка, пад якімі яна жыла, лічы, усю восень у Бабінавічах і пад якім праходзіла на допыце ў Крутагор’і.

Нарчук ужо і не думаў, што знойдуцца людзі, якія дапамагалі ёй уладкоўвацца ў мястэчку. Але ён быў моцна ўражаны, што падобнае магло здарыцца зусім пад бокам, за паўтара кіламетра ад Цыкуноў, дзе вось ужо каторы час размяшчаўся партызанскі атрад.

Адступіўшы ад бусолі, Нарчук паглядзеў на Афончанку, які стаяў крокаў за некалькі збоку, пацёр двума пальцамі левай рукі павекі, быццам памагаючы стомленым вачам, тады з горыччу сказаў:

— Чаму яны не дазваляюць пахаваць яе?

— У іх, мусіць, свае разлікі.

— Думаеш, чакаюць, пакуль хто-небудзь не вытрымае і кінецца ратаваць?

— Ну, ратаваць яе позна ўжо,— сказаў Афончанка,— але калі і сёння яны не здымуць яе з вісельні, то нам самім трэба заняцца гэтым.

Нарчук падумаў, кіўнуў галавой:

— Вернуцца Дарашэнка з Кузьміным, мы ўтрох і пойдзем туды ўначы, а тады перанясем сюды, пахаваем. Так што можаш капаць яму.

— А я б назло немцам зрабіў іначай. Пахаваў бы ў мястэчку, на плошчы, і чырвоную зорку паставіў бы на магіле, няхай бы ўсе бачылі.

— Баюся, што з гэтага нічога не выйдзе, Даніла Аляксеевіч, немцы выкінуць тваю зорку і зруйнуюць магілу, калі да горшага не дадумаюцца.

— Адкапаюць і зноў павесяць?

— Не выключана магчымасць. Гэта будзе залежаць ад таго, ці багата яна шкоды нанесла ім, ці дужа раззлавала.

— Ну, раз не даюць пахаваць...

— Не, відаць, яны паводзяць сябе так не з-за гэтага. Няйначай, хочуць застрашыць людзей.

— Тым больш нам трэба тады як хутчэй умяшацца ў гэту справу.

Нарчук зноў падумаў. Тады канчаткова сказаў:

— Рашано. Вось толькі дачакаемся хлопцаў і зоймемся. Дарэчы, я спадзяваўся, што яны сёння начавалі тут, з табой.

— Я ж казаў табе — адзін і гэтую ноч быў. Хадзем-тка, Мітрафан Ануфрыевіч, зноў да шалаша. Я табе сто грамаў налью там, бо нешта ты сёння не такі, як заўсёды. Можа, захварэў? Ці гэта снег на цябе так падзейнічаў?

— Сапраўды, чамусьці ломіць усяго.

— Глядзі, каб зноў не вярнулася твая старая хвароба. А то ж хлопцы расказвалі мне, як ты пакутаваў тады. Дык хадзем, палячу зараз.

Не чакаючы Нарчуковай згоды, Афончанка павярнуўся і першы пакалдыбаў назад да вогнішча. За ім, пастаяўшы зусім мала часу, падаўся камандзір атрада.

Самагонка сапраўды ў партызанаў і сёння ў будане была. Стаяла яна там у малочным бітоне і была прыпасена даўно, дзеля розных гаспадарчых патрэб. Але Нарчук ведаў, што партызаны часам парушалі загад і карысталіся ёю не толькі ў гаспадарчых мэтах, асабліва калі хто вяртаўся з задання намоклы і прамерзлы. Таму і сам Нарчук не запярэчыў Афончанку, урэшце, можа, цяпер таксама быў той выпадак, калі без самагонкі нельга было абысціся.

Афончанка падступіўся да вогнішча, падбіў здаровай нагою на ім к сярэдзіне абгарэлыя дровы, тады паглядзеў на камандзіра і зусім весела спытаў:

— Ну дык як?

— Давай,— нібыта ў адчаі, махнуў рукой Нарчук.

Нягледзячы на хворую нагу, Даніла Афончанка спрытна, нават наўдзіў Нарчуку, сігануў праз парог, зроблены з ачэсанай сасновай плашкі, у будан, уваход у які прыкрываўся матай з саломы, і неўзабаве вынес адтуль, трымаючы за ручку, ці не літровы карэц з самагонкай, на якім ляжала луста хлеба. Можна было жахнуцца і чортведама што падумаць, убачыўшы такую пасудзіну. Але карэц быў не поўны, і Нарчук гэта адразу адчуў, як толькі ўзяў яго з рук Данілы Афончанкі, і нібыта супакоіўся. Тым часам Даніла ўжо клапаціўся пра закусь для камандзіра — той жа рукой, якой дагэтуль трымаў карэц, ён палез у кішэню доўгага, з зімовым каўняром суконнага паліто, што страціла свой кравецкі колер,— не то было чорнае, не то цёмна-сіняе, а хутчэй за ўсё проста бруднае,— дастаў вялікую, неаблупленую цыбуліну.

— Вось,— амаль урачыста падаў ён яе Нарчуку, які з несхаваным недаверам назіраў за тым, што збіраўся выняць Даніла з кішэні.— Іншых прысмакаў у мяне цяпер няма.

— Пры такой закусі нядоўга і спіцца,— сказаў на гэта Нарчук.

— Ну, пра мяне ты не клапаціся, але як сябе маеш на ўвазе, то... Словам, я цяпер дужа далёка не загадваю на сябе.

— А дарэмна.

Нарчук сеў на карагу, паставіў побач карэц, накрыты акрайцам хлеба, цыбуліну пакінуў у левай руцэ.

Афончанка, між тым, чамусьці раптам зрабіўся змрочны з твару, усё роўна як яго гэтае камандзірава «дарэмна» сапраўды тузанула знутры і ўжо, як кажуць, зацяло. Гэта была зусім рэзкая перамена ў ім. Ён і на карагу побач з Нарчуком не ўладжваўся нанава, але не застаўся таксама і стаяць нерухома, пачаў нечага, чыкільгаючы, рабіць кругі вакол вогнішча, якое неўпрыкмет струменіла ва ўсе бакі пякучую гарачыню.

Афончанкава ўзрушанасць, вядома, не засталася незаўважанай, дарма што Нарчук не здагадваўся, якая прычына выклікала яе; камандзір атрада доўгім позіркам прасачыў, як ходзіць, быццам напаказ, ягоны партызан вакол вогнішча, тады неяк грэбліва ўсміхнуўся, паціснуўшы плячамі, і ў наступны момант рашуча паднёс карэц да губ; піў ён самагонку, стараючыся не дыхаць носам, каб не патыхала непрыемным пахам, які найчасцей спадарожнічае самаробнаму дурнап’яну; але дарэмна: самагонку ляснік Абабурка ўмеў вырабляць чыстую, як і належыць, калі ладзіш яе з адборнага жыта і бульбы; так што берагчы нос Нарчуку не было ніякай патрэбы і насцярога яго з’яўлялася лішняй, хоць увогуле ён рабіў усё правільна; між тым, самагонка была халодная, нездарма стаяла ў настылым будане ды яшчэ ў жалезным бітоне, а хлеб чамусьці нясмачны і ажно ломкі, акурат выпякаўся ў вялікую нішчымніцу і з рознымі дамешкамі, затое цыбуліна сапраўды здалася Нарчуку салодкай — дзіва чаму Афончанка падносіў з такой урачыстасцю!

Адпіўшы такім чынам з карца і ўслед за гэтым закусіўшы, Нарчук паставіў карэц збоку на карагу; не рашыўся ён больш есці і хлеб з цыбуляй, паклаў, нібыта шкадуючы, каля сябе. Цяпла ад выпітай самагонкі ўсярэдзіне не адчувалася, наадварот, здаецца, нават пахаладала. Але той смак, які прынёс у сабе Мітрафан Ануфрыевіч сюды пасля сну, самагонка перабіла адразу, і камандзір атрада падумаў неўзабаве, што адно ўжо дзеля гэтага варта было сёння саграшыць. І яшчэ ён падумаў, што вось зараз перадыхне, як кажуць, і тады зноў паспрабуе прыпасці да карца, каб адным часам ужо і пагрэцца.

— Ну што ты закружыў, замахаў крыламі, бы той бусел? — нарэшце спытаў ён Афончанку, які не спыняўся тупаць вакол вогнішча.

Але той не адразу адгукнуўся на ягоны голас. Прынамсі, Нарчук паспеў яшчэ раз пакаштаваць з карца і ў тым жа парадку закусіць, пакуль Даніла Афончанка рашыўся на далейшую размову. Але калі ён загаварыў раптам, то на твары яго ўжо не заўважна было і следу ад нядаўняй змрочнасці.

— Кажаш, як бусел крыламі махаю? — спыніўся ён насупраць Нарчука і ўсміхнуўся.

— Але.

— А таму махаю, што неспакойна тут мне.

— Вядома, аднаму ды яшчэ на ўскраі лесу.

— Ты не так мяне зразумеў,— пакруціў галавой Афончанка.

— То кажы ясней.

— Наогул у гэтым лесе неспакойна. Я думаю, усім тут неспакойна. І табе таксама.

— Ну...— паціснуў плячамі камандзір атрада.

— І камісару, няйначай.

— Але ж месца гэтае мы з агульнае згоды выбіралі. У тым ліку і з тваёй.

— Так. Тады думалася, што гэта сапраўды будзе найлепшы выбар.

— А цяпер?

— А цяпер я думаю, што гэта не так. Цяпер я думаю, што не так сабе і нашы таварышы не любяць заседжвацца тут. Спрабуюць якое-небудзь заданне хутчэй атрымаць. Гэта я толькі цяпер зразумеў, калі пажыў адзін у будане, бесклапотны і нямоглы.

— Няйначай, хочаш расчуліць мяне? — прыплюснуў вочы Нарчук.— У цябе ж, бадай, кожную ноч нехта начуе? Так што...

— Калі б толькі справа была ў гэтым,— уздыхнуў Афончанка.

— А ў чым?

— А вось у чым!..

У чаканні, пакуль Афончанка пачне гаварыць далей, Нарчук паставіў левую нагу на карагу, абшчапіў вострае калена рукамі.

— Я пра наша становішча многа думаў цяпер. Балазе, амаль ніхто не перашкаджае. Ва ўсякім разе, удзень. Дык вось, успомнілася адна казка. Пра зайцоў.

— Ну-ну. Давай сваю казку. Паслухаем.— Нарчук зноў усміхнуўся. Самагонка, якую ён выпіў за два разы з халоднага карца, усё-такі страсянула ягоны арганізм: галава была ранейшая, гэта значыць не зрабілася ні больш чыстай, ні менш тлумнай, аднак ужо не мажжыла, як дасюль, цела, а галоўнае, настала нейкая заспакоенасць, ці, лепей сказаць,— утульнасць.

— Дык вось я раскажу, а ты пасля памяркуй сабе, што да чаго. Казкі заўсёды чалавеку розуму дадавалі. Можа, і гэта карысць прынясе. А змест яе вось які. Жыў ды быў у лесе самаахвярны заяц. І вось аднаго разу ён перад воўкам правініўся. Ну, за што правініўся, гэтага ніхто не ведае. Можа, таму, што ў адным лесе з воўкам апынуўся. А можа, сапраўды намысліў прычыніць зло якое. Адным словам, упаў у вока касы заяц шэраму воўку. Ну а тут, як на тое, давялося нечага бегчы зайцу каля воўчага логава. «Спыніся!» — крычыць воўк яму. А заяц не толькі не выконвае загаду, а яшчэ больш наддае ходу. Раззлаваўся воўк тады, кінуўся наўздагон. Дагнаў. Кажа: «За тое, што з першага майго слова не спыніўся, вось табе маё рашэнне: з’ем я цябе; ну, а паколькі цяпер я сыты, і ваўчыха мая наелася да адвалу, і запасы ў нас немалыя сабраліся, то сядзі ты, касы, вось пад гэтай купінай, чакай чаргі. Калі пакажаш пры гэтым пахвальныя паводзіны, можа, я табе яшчэ і дарую ўсё!» І вось сядзіць заяц пад купінай, не варушыцца. Гляне ён у той бок, дзе воўчае логава, а там гаспадар ходзіць. А то і горш бывае — выйдуць воўк з ваўчыхай з логава і ну прагульвацца крокаў за дзесяць ад купіны, дзе вось ужо каторы дзень сядзіць на адным месцы заяц; паглядзяць на яго і пра нешта пачнуць змаўляцца; ваўчыха ад воўчых слоў ажно аблізваецца; а ў зайца сэрца тым часам — тах-тах-тах-тах... Затое па начах лягчэй касому робіцца. Сніцца яму, нібыта воўк не толькі дараваў ягоную правіннасць, а і чын даў; і пакуль заяц выконвае розныя даручэнні, воўк да яго зайчыхі наведваецца, цукеркі носіць. Ну, праўда, гэта ўсяго толькі сон. Але аднаго разу будзіць касога былы сусед. Кажа: «Што ты тут сядзіш усё, не ведаеш нават, што робіцца навокал? Уцякайма адсюль!» Самаахвярнаму зайцу, вядома, хочацца на волю, але як паглядзіць у той бок, дзе воўчае логава знаходзіцца, зноў паварушыцца не можа, сэрца ад страху заходзіцца. «Не магу,— кажа суседу,— воўк будзе злаваць».— «Ну, як знаеш,— здзіўляецца госць,— а я пабягу». Але заяц наш раптам пачынае ўпрошваць яго: «Застанься і ты тут, ля купіны, а то воўк раззлуецца, стане цікавіцца, хто прыбягаў ды чаго хацеў, можа, змову задумваеце, скажа...»

— І што, гэты таксама застаецца? — смеючыся, пытае Афончанку камандзір атрада.

— А што яму рабіць, як не паспагадаць суседу?

— Сапраўды, цікавая твая казачка. Але чым усё гэта канчаецца ў ёй?

— Звычайна. З’яўляецца перад касавокім на другі дзень воўк і кажа: «Бачу, вам можна давяраць. Таму сядзіце тут ціха да пары да часу, а потым я вас — гага-га — можа, і памілую».

— Ну і што?

— А тое, што мне апошні час так і здаецца: логава воўчае ў Бабінавічах, а мы тут, у гэтых Цыкунах, як зайцы тыя. Адно назіраем за ваўкамі праз акуляр артылерыйскай бусолі ды хвасты падцінаем. І ваўкі сытыя, і зайцы цэлыя. А тым часам абстаноўка ўсё больш і больш ускладняецца. Цяпер сем’і вось... І гэтыя паліцэйскія пагрозы...

— Нічога, неяк дадзім рады і гэтай бядзе, Даніла. Рассячом і гэты вузёл.

— Дужа багата чамусьці ў нас вузлоў, якія трэба альбо развязваць, альбо рассякаць. Суцэльныя вузлы.

— На тое і барацьба.

— Ну, да барацьбы нам яшчэ... Словам, да сапраўднай барацьбы ў нас, здаецца, справа пакуль не дайшла. А вось акалічнасцей розных, якія абцяжарваюць барацьбу, замінаюць ёй, ужо даволі. І яшчэ невядома, ці здолеем мы прывесці ўсё ў належную адпаведнасць. Таму я гатовы іншы раз паверыць, што Шашкін некалі меў рацыю, калі...

— Ну-ну, дагаворвай.

— Я кажу, што Шашкін, можа, правільна зрабіў, што не застаўся ў раёне.

— Бачу, ты таксама паследаваў бы яго прыкладу, калі б тады быў у атрадзе?

Афончанка на гэта не адказаў Нарчуку. Ён толькі зноў крануўся з месца, стаў хадзіць вакол вогнішча, але цяпер без ранейшай узрушанасці, спакойна і павольна, нібыта хвіліну назад скінуў з сябе вялікі цяжар. Тады Нарчук усміхнуўся, паківаў галавой.

— Мне думалася,— сказаў ён праз нейкі момант,— што з гэтым у нас даўно пакончана. А выходзіць, што не. Дык вось, ні Шашкін, які некалі павёў за сабой частку людзей з атрада за лінію фронту, ні ты цяпер, які імкнецца апраўдаць яго, не мелі і не маеце рацыі. І чым хутчэй зразумела стане гэта, тым лепей для справы будзе.

— Пра мяне ты гэта... дарэмна.

— Ды не дарэмна. Я помню, з чаго пачыналася, калі распаўся наш атрад. Якраз вось з такіх размоў. Моў, і матэрыяльнай базы няма, і ўмоў для барацьбы таксама няма. Але ж мы былі пакінуты ў тыле ворага, каб стварыць адным часам і тыя ўмовы, і тую матэрыяльную базу. Гэта па-першае. А па-другое, сама наша прысутнасць тут, сярод савецкіх людзей, якія падпалі пад варожую акупацыю, у тым ліку і сярод немцаў, ужо з’яўляецца адным з актыўных відаў барацьбы з акупантамі.

— Не трэба выдаваць жаданае за сапраўднае, камандзір. Гэта ўсім нам хацелася б так, каб...

— Ніхто нічога не выдае і не збіраецца выдаваць, Даніла. Проста трэба ўсё як след разумець. І глыбей глядзець. Тады не будуць узнікаць пытанні, якія... Словам, мне зусім не хочацца нанава вяртацца да таго, што даўно ўжо абгаворана і перагаворана. Я сваю рацыю тады даказаў, таму сёння і ты, здаецца, пры дзеле. Адным словам, я табе не дазваляю ўсчынаць падобныя размовы. Ну, са мной — яшчэ куды не ішло, няхай. Як кажуць, пагаварылі, што параіліся. Бо я павінен зразумець цябе. Такая ў мяне доля, каб разумець кожнага — і правага, і вінаватага. А пры гурце... Словам, больш я такой заразы не дапушчу ў атрадзе, як тады. Іншая справа, што...

— Але над казкай маёй тым не менш варта падумаць.

— Гэта іншая справа — казка твая. У казках заўсёды сэнс ёсць. Ва ўсякім выпадку, карысць бывае, калі шукаеш яго. Ты якраз не даў дагаварыць мне. Праўда, невядома яшчэ, ці так яна, твая казка, дапасуецца да нашага становішча, як ты кажаш. Адным словам, тут сапраўды, можа, трэба падумаць.— Нарчук выпусціў сваё калена з рук, падняўся з карагі і паварушыў, усё роўна як сцепануўся, плячмі.— Вось зробім зараз некаторыя неадкладныя справы, а тады і над казкай будзе часу падумаць.

— Не так яно багата таго часу,— сказаў Афончанка,— гэта сёння снег растае вось, а заўтра можа так аблажыць усё, што і носа нікуды з гэтага лесу не сунеш. Так і будзем глядзець усю зіму на мястэчка, у якім стаіць паліцэйскі гарнізон на чале з двума немцамі, праз шкельцы артылерыйскай бусолі.

— Далося табе гэта!

— Я дзіўлюся, чаму цябе гэта не кранае?

— Што значыць «не кранае»?

— А тое, што ты ад усяго адмахваешся!

— Гэта табе толькі здаецца так. Проста мне... Словам, ты не хвалюйся і не нудзіся дужа. Усё стане на сваё месца, усё паступова ўладзіцца. Галоўнае — цярплівасць і работа. Карпатлівая, неспакойная. І ўсё — насуперак фашыстам. Ва ўсім — у малым і вялікім. Шкада, вядома, што да вялікіх спраў у нас не дайшло. Але будзь пэўны, дойдзе. Дай толькі справіцца з малымі справамі, ад якіх залежаць вялікія.

— Дай бог чутае бачыць!..

— Ну, добра, Даніла. Здаецца, пагаварылі мы ўволю з табою, ажно, можа, залішне. Хоць я цябе ўвогуле разумею. Але я хачу, каб ты мяне таксама зразумеў. Урэшце, час пакажа, хто калі быў правы, а хто не меў рацыі. Дзякуй табе за лекі. Толькі ты, мусіць, дарэмна размахваеш тут гэтакім вялізным карцом. Хапіла б і меншага. Ды і выдаткоўваеш, відаць, самагонку залішне.

— А ты паспрабуй іначай зрабіць,— незалюбіў Афончанка.— Хлопцы заўсёды прыходзяць з заданняў змораныя, спаць кладуцца ў страшэнным холадзе...

— Але загад ёсць загад. Хіба забыў? Самагонку належыць выдаткоўваць толькі на неабходныя рэчы. Ды і сам хутчэй выздараўлівай. Пара станавіцца ў строй. А то ведаеш, што здараецца, калі чалавек без справы доўга застаецца?

— Што?

— Пачынае лішне задумвацца над тым, што іншым людзям здаецца звычайным і зразумелым. Дакладней, ён мудрагеліць пачынае.

— Думаеш, справа ў мудрагельстве? А вось адзін мой знаёмы іначай пра гэта некалі разважаў.

— Ну, ты цяпер гатовы свае думкі параздаваць знаёмым,— засмяяўся Нарчук. Тады нібыта спахапіўся, спытаў: — Дык што твой знаёмы? Што ён казаў?

— А тое казаў, што перад зімой не толькі вада ў рэках святлейшай робіцца, але і думкі ў чалавечай галаве больш выразна пачынаюць снавацца.

— Хіба што,— не перастаючы ўсміхацца, кіўнуў галавой камандзір атрада.— Бачу, саспеў ты ўжо са сваімі і чужымі думкамі для вялікіх спраў. Таму няхай-тка замест цябе ў гэтым будане застаецца хто-небудзь іншы, а ты прыходзь на востраў. Камісар павінен хутка вярнуцца. Ды і Павел Чарнагузаў недзе ўжо на падыходзе. Так што далучайся ты са сваімі думкамі. Няхай і другія паслухаюць іх.

Але перад тым, як пайсці, Мітрафан Ануфрыевіч яшчэ прысеў на момант на кукішках да вогнішча, распасцёр рукі над ім, быццам намерваючыся панесці з сабой аберуч на востраў гарачыню адсюль.

Пакуль камандзір атрада знаходзіўся на назіральным пункце на ўскраі лесу, размаўляў тут з Афончанкам і піў, не спяшаючыся, самагонку з вялікага карца, у прыродзе мала што паспела памяняцца, аднак за гэты час усё-ткі добра ўднела, і нават сонца разы два ці тры паказвалася з-за высокіх аблокаў; праўда, свяціла яно кожны раз зусім нядоўга, таму занятым людзям гэта амаль немагчыма было запомніць.

Нарэшце Нарчук перастаў грэцца над вогнішчам, дастаў рукою сваю вінтоўку, што стаяла прыслоненай да будана, і, не вешаючы яе на плячо, рушыў па ранейшых слядах на выспу. Прытым у яго душы не было ні помслівасці да Афончанкі, які, здавалася, знарок чакаў моманту, каб вось гэтак пагаварыць з камандзірам, ні павагі. Уласна кажучы, усё тое, аб чым сёння даводзіў яму Афончанка, для Нарчука было не такой ужо нечаканасцю. І калі б ён апынуўся на месцы Афончанкі, няйначай, таксама не вытрымаў бы, стаў выказваць акурат тое ж з няменшай узрушанасцю і настойлівасцю, дарма што было б насуперак субяседніку. Але ён быў на сваім месцы. І яно, гэта ягонае месца, а дакладней — пасада камандзіра партызанскага атрада, дыктавала рабіць багата што іначай, часам нават не вельмі лічачыся з відавочнай логікай; прынамсі, пакуль што часцей даводзілася знаходзіцца ва ўладзе не толькі аб'ектыўных, а і суб’ектыўных фактараў, якія раней былі названы акалічнасцямі і якія хоць і ўзнікалі неспадзявана, але таксама з'яўляліся непазбежным вынікам падзей, што адбываліся навокал; напрыклад, хто мог прадугледзець, што раптам вернуцца з эвакуацыі ў Крутагор’е партызанскія сем’і і што немцы разам з паліцаямі адразу возьмуцца выкарыстоўваць іх у якасці стрымліваючага пачатку ў барацьбе з атрадам; і не толькі гэта. Таму Нарчук быў упэўнены, што найпершае цяпер для крутагорскіх партызан, якіх узначальваў ён, заключалася не ў тым, каб, узбаяўшыся шантажу, падавацца з раёна, у чужыя лясы, дзе іх ніхто не будзе ведаць, ці нават за лінію фронту, а тым больш — сядзець тут, у Цыкунах, склаўшы рукі; галоўнай задачай на бліжэйшы час было іншае — належала паспрабаваць усё-ткі авалодаць сітуацыяй на месцы і як хутчэй выбрацца з павучыны, якой імкнуліся аблытаць акупанты партызанскі атрад, каб нарэшце, кажучы ваеннай мовай, выйсці на аператыўную прастору. Дарэчы, усё, што прадпрымалі і рабілі апошнім часам і Нарчук, і камісар атрада Сцяпан Баранаў, і іншыя партызаны, якія былі пасвечаны ў бліжэйшыя аператыўныя планы камандавання, якраз і было накіравана на гэта. Але Нарчук ведаў пра ўсе задачы, а Даніла Афончанка — не. Зразумела, пакуль што да чаго. Таму ён гэтак і кідаўся ў крайнасці. І тым не менш, з размовы, якая толькі што адбылася ў іх каля вогнішча, Нарчук паспеў нанава адчуць, што з усімі падрыхтаваннямі неабходна прыспешваць.

Нельга сказаць, што Афончанка сёння глядзеў, як у ваду, аднак ягоная казка пра зайцоў мела пэўны сэнс. Гэта Нарчук, здаецца, разумеў даволі выразна. Але разумеў ён таксама дакладна і вось што — поспех баявой дзейнасці атрада, арганізацыйнай і палітычнай, у далейшым будзе залежаць найперш ад таго, наколькі здолее атрад наладзіць сувязі з іншымі партызанскімі атрадамі, якія, няйначай, таксама ўжо дзейнічалі на акупіраванай тэрыторыі; больш таго, наколькі ён здолее знайсці шлях да цэнтральнага штаба партызанскага руху, які, як думалася Мітрафану Ануфрыевічу, за гэты час абавязкова павінен быў з’явіцца калі не тут, у тыле ворага, то недзе на Вялікай зямлі.

Сёння Нарчук чакаў, што першы к вечару ў атрад вернецца камісар Баранаў, які быў у Крутагор’і. Затым недзе к начы прыйдзе Павел Чарнагузаў і, можа, прывядзе ў Цыкуны дэпутата Батоўкіна. Але выйшла ўсё не так.

Калі хвілін праз колькі Мітрафан Ануфрыевіч апынуўся на выспе, каля свайго будана, то ўбачыў там лесніка Абабурку, які ведаў сюды і іншыя патаемныя сцежкі, а з ім яшчэ аднаго чалавека, у якім пазнаў верамейкаўскага Зазыбу.

Пазнаў і ўзрадаваўся.

 

XII

І ўсё-ткі зіма ў сорак першым трывала лягла і ў забяседдзі на зямлю. Гэта адбылося пазней, але нядоўга пасля таго, як выпаў і растаў першы снег. Дзён праз колькі зноў запуржыла ў наваколлі, свету белага не стала відаць, хоць завея тым часам уся была белая; а галоўнае — гэты, паўторны снег не браўся раставаць навідавоку, ужо недзе надвечар наступнага дня пачаў шэрхнуць ды рассыпацца пад нагамі людзей, якія ў адвечным сваім клопаце баразнілі яго нагамі на вуліцах з раніцы да вечара, дарма што ў такой каламуці часам амаль невідушча.

Між тым, паступова завея аціхла. У Верамейках таксама неўзабаве быццам развіднела. І тады ў вызваленай ад белых камякоў прасторы ўсе бачылі — гэты раз снегу наваліла столькі, што лепш не чапацца з ім, адно ўмінаць нагамі, колькі можна. Асабліва шмат яго, здавалася, умесцілася на саламяных стрэхах, тыя зрабіліся падобныя на шапкі-кучомкі.

Дзіўна, але снег не схаваў цалкам, а ўсё роўна як атачыў наскрозь вёску — і пярэднюю яе частку, і зверху, і ўсе задворкі з сялянскай заваллю і непатрэбшчынай. Расплываючыся ў паветры, з’явіліся новыя пахі, пэўна зімовыя, і адзін сярод іх асабліва запанаваў цяпер — гэта пах дыму, які зрабіўся чамусьці цяжкім, акурат у печах верамейскаўскія кабеты палілі ўжо не дровы, прывезеныя з лесу, а балотны торф.

Выйшаўшы з пустымі вёдрамі ў завулак насупраць Прыбытковага двара, Зазыба перад тым, як падавацца далей, колькі часу стаяў там, прыхінуўшыся спіной да плеценага з бярозавай гужбы палісадніка, кідаў вачамі з канца ў канец на свае Верамейкі і нібыта не пазнаваў іх; у новым абліччы вёскі, якое, акурат знячэўку, набыла яна праз гэты снег, адчувалася нейкая пранізлівая, нават крыклівая першароднасць, што не толькі не давала спакою чалавеку, аднак, наадварот, рабіла ягоную душу лёгкаўзбуджальнай. Уласна кажучы, апошні час Зазыба і без таго жыў у вёсцы з прыўзнятым настроем, які ажно ўзрушаў, а цяпер яшчэ гэтая зіма з яе абнаўляючай чароўнасцю. Здаецца, зноў Зазыбава душа рабілася моцнай, вялікай і ўсеахопнай, дарма што багата што ў сёлетнюю восень спрабавала скалечыць яе і спутошыць. Але не. Загартаваную натуру чалавека, аказваецца, не надта лёгка адолець.

Сапраўды, было ад чаго Дзянісу Яўменавічу адчуваць здаволенасць.

Па-першае, учора нарэшце і да Верамеек дайшла вестка, што пад Масквой немцы пачалі адступаць. Алесь Астрашаб гаварыў за сталом у Зазыбы ўсяго толькі пра нейкую затрымку там, пад Масквой, да таго ж зусім невыразна, яўна з неахвотаю і мімаходзь, аднак, мяркуючы па тым, што стала вядома цяпер, на самой справе атрымлівалася іначай. Аперацыя «Тайфун», на якую вельмі спадзяваліся гітлераўцы, з планамі якой гэтак адкрыта знаёмілі яны не толькі айчыннага бюргера, але і таго самага славяніна, якога мелі на мэце знішчыць альбо зрабіць сваім рабом у каланіяльнай імперыі,— дык аперацыя «Тайфун», ударыўшыся аб сцяну гераізму і самаахвярнасці чырвонаармейцаў і апалчэнцаў, выдыхлася нарэшце і ўжо ганебна ці не заціхала на палях Падмаскоўя. Вынікі яе адбіліся нават на паводзінах акупантаў. Недзе з сярэдзіны лістапада, а хутчэй — бліжэй туды да канца яго, немцы, якіх даводзілася бачыць вясковым людзям (ці тады, як праз вёску праходзіла вайсковая часць, ці, наадварот, калі хто-небудзь з сялян наведваўся ў Крутагор’е, дзе найчасцей можна было сустрэць акупантаў), раптам быццам зніякавелі, зрабіліся падобнымі на аглавушаных. Кудысьці падзелася ранейшая фанабэрыя, што, няйначай, была ў іх ад пачуцця сваёй вышэйшасці. Непераможныя воіны зрабіліся нават словаахвотлівымі, маглі самі ўступаць у размовы з усё яшчэ палахлівымі, але, тым не менш, цікаўнымі тубыльцамі. Цяпер ад іх можна было пачуць такія словы, як «кацьюша», «Жукофф»... Прытым, вымаўляючы гэта, яны ажно круцілі галовамі, быццам і праўда нарэшце прыйшлі ў захапленне і ад рэактыўных установак «кацюш», і ад генерала Жукава.

А па-другое, Зазыба цалкам меў падставы адчуваць сябе гэтак яшчэ і з іншай прычыны, якая таксама складала для яго вялікае значэнне. Дзяніс Яўменавіч нарэшце наладзіў сувязь з мясцовым партызанскім атрадам. Больш таго, цяпер гэты атрад размяшчаўся непадалёку ад Верамеек, у Шурышчы, што знаходзіліся за верамейкаўскім возерам, якраз на паўдарозе да Бесядзі, але з таго боку, дзе яна агінала Топкую гару. Зазыба сам узяўся зрабіць зямлянку для партызан. Ён толькі папрасіў дазволу ў Нарчука паклікаць на дапамогу з Гончы Захара Доўгаля. На пару яны колькі дзён капалі яму для зямлянкі і пляжылі хвойнік, ачэсваючы яго сякерамі, а затым да іх прыйшлі з атрада Павел Чарнагузаў і Харытон Дарашэнка. Павел Чарнагузаў вярнуўся з-за Сажа, як кажуць, ні з чым, бо слядоў дэпутата Батоўкіна там не знайшлося, яшчэ ў ліпені стары конюх пагнаў племянны табун на ўсход і больш не аказваўся ў Прапойску, няйначай, застаўся ў эвакуацыі. Затое Павел Ягоравіч сустрэў па гэты бок Сажа атрад Зібніцкага. Тут ён і даведаўся ад партызан пра тое, што немцы пад Масквой не толькі канчаткова спынены нарэшце, але церпяць сакрушальнае паражэнне. Апошнія кіламетры да Цыкуноў Чарнагузаў ляцеў як не на крылах і ўсіх узрадаваў у атрадзе; якраз сярод партызан знаходзіўся тады і Дзяніс Зазыба. Адтуль ён і ведаў цяпер пра бітву пад Масквой, якая мелася стаць паваротным момантам у вайне.

А ў атрад Нарчука Дзяніс Яўменавіч трапіў неспадзявана. Дагэтуль ён нават нічога не чуў пра сваіх партызан. Вярней, дакладна нічога не чуў, бо аднаго разу Захар Доўгаль, спаткаўшы яго на лузе, казаў, што нібыта бачылі ў Белай Гліне, як прыходзілі туды ўначы ўзброеныя людзі ў цывільным і ў адным з іх пазналі чалавека з Крутагор’я. Але хто былі тыя людзі, ніхто пэўна не ведаў, а калі ведаў, то таксама не дужа распаўсюджваўся, можа, не меў на гэта права, ці яшчэ якая-небудзь прычына стрымлівала маўчаць. Так яны і не прыйшлі тады да нейкай яснасці ў сваіх развагах, падумалі нават, што чуткі гэтыя засталіся яшчэ з таго часу, калі знаходзіліся ў забяседдзі першыя партызаны. І вось выйшла напраўду, што ў Цыкунах стаяў атрад, які цалкам складаўся са знаёмых людзей, і іх Зазыба добра ведаў.

Між тым, усё атрымалася проста. Зазыбу патрэбна было нарэшце трапіць у Бабінавічы, і ён напрасіўся суправаджаць туды Масеевага таварыша па вучобе, супрацоўніка мінскай гарадской управы Астрашаба. Спярша ён сказаў дома, што пакажа наезджаную дарогу толькі да ракі, каб не падавацца людзям цераз брод, дзе магла падняцца ад растаўшага снегу вада. Далей па Бесядзі была трухлявая плаціна каля даўняга, яшчэ амаль з незапомных часоў млына, і па ёй, а дакладней, па звычайнай гаці, дарма што насланай па сухому, іншы раз рызыкоўныя галовы мелі адвагу перапраўляцца паражняком з аднаго берага на другі. Гэтым Зазыба спакусіў Астрашаба, таксама ягонага фурмана, які літаральна ўчапіўся за спасцярожлівую прапанову, маўляў, што ў чорта на ўме пры такой бездаражы. Ну а калі ўдачна пераехалі злашчасную плаціну, неяк само па сабе выйшла, што ўдзячныя паязджане быццам і не заўважылі, што іхні праважаты нанава сеў побач на таратайку, моцна пацясніўшы ў ёй галоўнага седака. Так яны і даехалі неўзабаве да мястэчка, няйначай, мала дбаючы адзін аб адным, бо Дзяніс Яўменавіч хутка ўжо адчуў, што колішні сынаў дружбак нават забыў нядаўнюю гасціннасць, якую меў у Верамейках. Разам з тым Зазыбу ўвесь час, пакуль яны ехалі праз апалую дуброву да Бабінавіч, муляла, каб Астрашаб не выкінуў чаго-небудзь нечаканага, напрыклад, не ўспомніў тыя размовы, якія вяліся за сталом, калі гаспадар не пакідаў сумнення адносна сваіх пераконанняў і поглядаў на існуючы стан рэчаў. Таму Дзяніс Яўменавіч не паехаў далей першых местачковых дамоў, сышоў з камендантавай таратайкі і, даўшы адпаведнае дзякуй, пашыбаваў прэч, выбіраючы ў Бабінавічы другую дарогу, якая да кірмашовай плошчы вяла прырэчнай вуліцай і нацянькі. Там ён хутка ўбачыў шыбеніцу, а на ёй... знявечаную постаць Марылі. Пазнаў ён яе адразу, дарма што за доўгі час вісення ў набрынялай вяроўчатай пятлі, здаецца, мала чаго засталося ад тае прывабнай дзяўчыны, якую Дзяніс Яўменавіч прывёз сюды на сялянскай падводзе ў жніўні месяцы. Да таго ж, яна нібыта ўвачавідкі падаўжэла. І гэтая акалічнасць чамусьці найбольш уразіла Зазыбу, усё роўна як адбылося нешта недарэчнае і неправамернае. Між тым, гвалтоўная смерць зрабіла Марылю зусім не падобнай на ранейшую, найперш з твару, хоць, з другога боку, чаго можна чакаць, калі чалавек канае ў вялікіх пакутах?

Стрымліваючы ў сабе хваляванне, якое поўніла сэрца горыччу, Зазыба прайшоў на ладнай адлегласці паўз вісельню і, не чакаючы, пакуль хто-небудзь пазнае, а тым больш — затрымае яго тут, пашыбаваў далей па мястэчку, выкіроўваючыся неўпрыкмет на тую вуліцу, дзе жыла Шарэйкава дачка.

Абабурка ўбачыў Зазыбу ўжо на самым паваротку, калі Дзяніс Яўменавіч браўся адчыняць весніцы ў двор. Як бабінавіцкі старшыня апынуўся там, сказаць цяпер немагчыма, бо пра гэта ў іх гаворкі не было ні тады, ні пасля. Але трэба прызнаць, што Зазыба, убачыўшы раптам Абабурку, тузануўся душой, мала разбіраючыся, рады ён такому спатканню ці не. Тым часам і прыкідвацца, рабіць выгляд, што ты не заўважыў знаёмага, а злашча, не пазнаў, таксама не стасавалася неяк. І яны павярнуліся адзін да аднаго. Больш таго, атрымалася так, што даволі хутка паразумеліся паміж сабой, а паразумеўшыся — адразу даверыліся. Дзіўна, але ў часы вялікай перасцярогі якраз і здараецца так, што людзі знаходзяць самы кароткі шлях да яднання. У той жа дзень Зазыба быў ужо ў Абабуркавага сваяка лесніка. Пракоп Абабурка выслухаў Дзяніса Яўменавіча, тады павёў у Цыкуны. Там іх, абодвух, і ўбачыў камандзір атрада Мітрафан Нарчук, які вяртаўся праз балота на выспу з дальняга будана.

Зазыба з Нарчуком былі добра знаёмы яшчэ з таго, як Мітрафан Ануфрыевіч працаваў старшынёй калгаса ў «Парыжскай камуне», а ён, Зазыба, у Верамейках, дарма што апошнія колькі гадоў ім не часта даводзілася бачыць адзін аднаго. Зразумела, што Зазыба не стаў таіцца перад Нарчуком, расказаў усё як ёсць — асабліва пра тое, чаму апынуўся ў Бабінавічах. Уначы яны ўтрох — камандзір партызанскага атрада, Дзяніс Яўменавіч і Пракоп Абабурка — пайшлі ў мястэчка, знялі з шыбеніцы разведчыцу і прынеслі ў лес. Пахавалі яе назаўтра, на ўскраіне Цыкуноў, непадалёку ад таго месца, дзе ў партызан быў абсталяваны назіральны пункт з артылерыйскай бусоллю.

Паперы, што засталіся ад Марылі і якія прывозіў у Верамейкі збянтэжаны Шарэйка, таксама неўзабаве перавандравалі ў атрад. Сярод іх, напрыклад, знаходзіўся нанава складзены даведнік тактычных абазначэнняў германскіх узброеных сіл; гэта, здаецца, найбольш прыдалося партызанам. Былі сярод папер і іншыя дакументы, усялякія ўказанні, схемы, аднак ні Мітрафан Нарчук, ні Сцяпан Баранаў, дарэчы, як і астатнія партызаны ў атрадзе, мала што ведалі ў іх; такім чынам, дакументы, здабытыя гэткім коштам, пакуль не знаходзілі ўжытку; а перадаць іх не было каму, хто б у іх па-сапраўднаму разабраўся.

Падшукаць новае месца для дыслакацыі атрада Зазыбу папрасілі самі партызаны. Нарчук так і сказаў Дзянісу Яўменавічу:

— Ты нас на першы раз выручы, брат, а тады ўжо разам пачнем дзейнічаць.

Але калі гаварыць шчыра, то Зазыбу і самому не спадабалася, што атрад асеў у Цыкунах, побач з мястэчкам, дзе знаходзіўся паліцэйскі гарнізон, дзе ледзь не кожнага дня праездам бывала нямала розных вайсковых людзей, у тым ліку не толькі з ландверных ці ахоўных, але таксама і з рэгулярных часцей. Праўда, Зазыба адкрыта не сказаў пра гэта партызанам ні ў першы дзень свайго знаходжання сярод іх, ні ў другі. І тым не менш, ён адчуваў, што пытанне такое — аб пярэбарах атрада ў іншае месца — абавязкова паўстане. Яно пад канец і паўстала.

Цяпер Зазыба ў Верамейках быў слыхам і зрокам у партызан. У пасёлку Азёрным яму дапамагаў Васіль Пацюпа. Па той бок Бесядзі такім жа слыхам і зрокам заставаліся Абабуркі — адзін у Бабінавічах, другі ў Кушалёўцы. У Гончы тым часам партызанскую справу з усіх канцоў пільнаваў Захар Доўгаль. На іх абавязку ляжала не толькі дастаўляць у атрад звесткі, але таксама (дарэчы, што ў партызанскіх умовах не менш важна было) займацца забеспячэннем усім неабходным, у першую чаргу прадуктамі харчавання, бо паняцце «ўсім неабходным» мела вельмі шырокі сэнс і не кожны раз залежала ад жадання тых і другіх.

Асабліва гэта датычыла разнастайнай зброі, якой не хапала для росту атрада. Былі, вядома, і іншыя складанасці, аднак цяпер, калі ўсё нібыта пачало развівацца больш-менш спрыяльна, нават, калі хочаце, удала, гэта ўяўлялася ўжо не надта цяжкім, прынамсі, у той альбо іншай ступені выканальным.

Стоячы цяпер з вёдрамі ў завулку, Дзяніс Яўменавіч падумаў таксама пра тое, што з надыходам зімы, дакладней, з выпадам гэтага снегу, у наладжанай справе ўзнікнуць новыя акалічнасці, якія будуць ускладняць зносіны з партызанамі. Дасюль ён хадзіў па лесе з вёскі да атраднай зямлянкі і адтуль, не баючыся, што нехта натрапіць на ягоны след; па снезе гэтага рабіць ужо, няйначай, не давядзецца, трэба будзе падоўгу чакаць, пакуль зноў настануць завейныя ночы, калі торны след не стане відаць чужому воку ні зверху, ні зблізку, ні здаля; цяпер усё будзе залежаць, наколькі часта будуць чаргавацца пагожыя і непагожыя дні.

Але час быў Зазыбу ісці да студні, дарма што адчувалася здаволенасць, якая звычайна настае пасля доўгай запрацаванасці, калі нават стома не замінае і наогул не ідзе ў разлік. Зазыба паглядзеў яшчэ на Кузьмовы вокны, падумаў, што гаспадар недзе шкадуе, што бабінавіцкі кравец Шарэйка неспадзявана паехаў назад у мястэчка, не зрабіўшы да канца змоўленыя кравецкія паслугі; праўда, не паспеў ён пашыць і Масею кажух, забраў раскроеныя аўчыны з сабой; але паспешлівы Шарэйкаў ад’езд ніхто не звязваў у Верамейках з сапраўднай прычынай, пра якую ведалі Зазыба і ён, Шарэйка; а прычына, як можна здагадацца, была адна: Зазыба дакладна тады высветліў, што ў сувязі з арыштам Марылі ніхто не трапіў пад падазрэнне ў мястэчку, ва ўсякім разе, нікога не забіралі немцы па яе справе, нікому не пагражалі допытам і расправамі; не іначай, Марыля вытрымала выпрабаванні, якія выпалі ёй адной, сапраўды нікога не назвала.

Ступаючы па сыпкім снезе і ўсё роўна як радуючыся гэтаму, Зазыба нарэшце дакрочыў да калодзежа і, дужа не бавячыся там, перагнуўся жыватом на невысокі зруб, грукнуў унізе вядром аб паверхню вады, але не засіліў адразу, давялося яму яшчэ і нахіляць вядро, каб утапіць па самую віхлястую дужку. Выцягнуўшы на падстаўную дошку адно вядро, узяўся за другое і гэтакім жа чынам напоўніў яго. Каромысла з дому ён не браў, бо не прывык насіць вёдры на ім; да таго ж, яму чамусьці заўсёды зручней было трымаць іх у руках, дарма што тонкія дужкі кожнаму рэжуць далоні. Ён і цяпер узяў у абедзве рукі па вядру, панёс іх ад калодзежа ўгору, каб узысці там на ранейшыя свае сляды, дарэчы, пакуль яшчэ адзіныя сёння, бо чамусьці нікому не зарупіла прыйсці паперад яго сюды па ваду.

З узгорка раптам стала відаць школу. Бляшаны дах яе, які заўсёды фарбавалі ў чырвоны колер, цяпер быў увесь белы ад снегу. Зазыба нават не ведаў, чаму паглядзеў на водшыб, у вялікі прагал паміж дрэў, але зірнуў туды, і яму ад гэтага зрабілася балюча: вокны ў школе былі павыбіваны і чарнелі, дакладней, не павыбіваны — іх проста разрабавалі; Зазыба не паверыў бы, калі б яму гаварылі, што верамейкаўцы на такое здатныя, а яны, тым не менш, зрабілі паганства. Аказваецца, у чалавеку глыбока сядзіць вось гэта сцяжальніцтва. Між тым, калі б у школе і сёлета пачаліся заняткі, то пэўна ўжо ніхто б не паквапіўся на дармавое шкло. Наракаючы на сваіх вяскоўцаў, Зазыба падумаў таксама і пра дырэктара школы Бутрыму, які знаходзіўся недзе ў Нова-Зёрнаўскім лагеры. Прызнацца, пасля размовы з бялынкавіцкім настаўнікам Мурачам Дзяніс Яўменавіч спадзяваўся, што і Бутрыму ўсё-ткі пашанцуе выбрацца з лагера, тады і школу можна будзе адкрыць нанава. Мурач меў рацыю — людзей без ведаў пакідаць нельга хоць калі. Аднак дарэмна. Бутрыма не з’явіўся ў вёсцы. Мусіць, застаўся ў лагеры, калі ўжо зусім не загінуў к гэтаму часу там. А як бы ён патрэбны быў тут! Дарэчы, гэта датычыла не аднаго яго. Цяпер у вёсцы шмат каго недаставала. Не ў сэнсе — не было, а недаставала. І сярод іх — Чубара, які таксама акурат прапаў недзе. І яшчэ пра аднаго чалавека ўспомніў Зазыба — пра колішняга дырэктара верамейкаўскай школы Міхайлу Цярнова. Той працаваў у Верамейках да Бутрымы, больш таго, заканчваў будаўніцтва школы ў дваццаць шостым годзе. І жонка яго была настаўніцай. За дзесяць гадоў, якія знаходзіліся Цярновы ў Верамейках, яны, здаецца, як ніхто шмат зрабілі для адукацыі насельніцтва, зжыліся не толькі з верамейкаўцамі, а і з насельнікамі іншых вёсак. Зазыба вельмі шкадаваў, калі Цярновы ў трыццаць шостым годзе пакідалі Верамейкі. Пераязджалі яны пад Лугу, у Красныя Горы. З таго часу пра іх у Зазыбы не было ніякіх звестак, хоць аднаго разу ў Крутагор'і Дзяніс Яўменавіч чуў ад Пракопа Маштакова, што адтуль, з Лугі, нібыта прыйшоў запрос на Цярнова. Выплыла даўняя акалічнасць. Не так даўняя, як непрыемная па тым часе. У органы паступіла паведамленне, што ў Парыжы жыў старэйшы брат Міхайлы, Хведар. Цяпер Хведар памёр. І Міхайлу ставілася гэта ў віну, дакладней, не столькі сам факт знаходжання старэйшага брата ў Францыі ставіўся ў віну, колькі яго ўтойванне. Але, як помніў Зазыба, дырэктар расказваў пра брата не адзін раз, нават, здаецца, даваў чытаць пісьмы гаспадара, у якога жыў Хведар у Парыжы і які паведамляў аб яго смерці. Праўда, Зазыба не ведаў, як трапіў у Францыю старэйшы Цярноў, дарэчы, як і сам Міхайла не здагадваўся,— ці то пасля грамадзянскай вайны падаўся туды з белай арміяй, ці то раней паехаў лячыцца (у яго ў семнаццатым годзе адкрылася хвароба горла), аднак тое, што Хведар Цярноў ваяваў афіцэрам у імперыялістычную вайну, ні для каго не было сакрэтам. Не выключана магчымасць, што ён увесь час знаходзіўся ў белай арміі. Міхайла таксама гэта дапускаў. Аднак дакладна ніхто нічога не ведаў, у тым ліку і брат з усімі шматлікімі сваякамі. Яны наогул нават не здагадваліся, што Хведар недзе за граніцай, пакуль не прыйшло з Парыжа пісьмо. Але паступова ўсё забылася і ўсплыло чамусьці незадоўга перад цяперашняй вайной. Як справіўся Міхайла Цярноў са сваёй бядой, Зазыба не ведаў, аднак сёння лічыў, што таго таксама вельмі не хапала для агульнай справы ў Верамейках.

Але найбольш, здаецца, не ставала Зазыбу ўсю восень Парфёна Вяршкова. Ды што зробіш, чалавек не можа памерці, калі захоча. Чалавек памірае тады, як настае час.

Узяўшы ў душу гэта, Дзяніс Яўменавіч паставіў у сенцах на лаўку поўныя, не расплюханыя вёдры, зайшоў, па-зімняму грукаючы ботамі, у хату, а тады счакаў трохі і спытаў там Масея, што, акурат недаступны, сядзеў з заўсёдным сваім одумам, з якога лёгка магла вывесці яго толькі Марфа Давыдаўна, у самаробным крэсле-качалцы:

— Я ўсё хачу даведацца ў цябе, сын. Пра што вы размаўлялі з Парфёнам Вяршковым перад яго смерцю? Людзі ж кажуць, што ён пры табе памёр?

— Пры мне,— зварухнуўшыся і павёўшы плячамі, неяк з задавальненнем адказаў Масей.

— Ну дык...

Між тым, далей гэтага «пры мне» Масей, здавалася, не збіраўся расказваць; прынамсі, ён доўга маўчаў, затым пачаў зусім пра іншае, чым дужа здзівіў бацьку; раптам сказаў, быццам самому сабе:

— Я вось... Нешта не чуваць больш Парфёнавага сабакі... Ужо колькі начэй маўчыць.

— Так.

— Можа, здарылася што?

— А што магло здарыцца? Няйначай, вярнуўся дамоў. Колькі там жыць на могілках?

— Каб толькі гэта.

— Ты думаеш?..

— Усё можа быць. У сабак вернасць гаспадару часам канчаецца не на іх карысць. Пайду-тка я на могілкі пагляджу, што там здарылася.

Зазыба палічыў, што сын, няйначай, блажыць, кажучы гэтак, але Масей сапраўды дастаў з-за грубкі-галанкі валёнкі, падшытыя скурай, пачаў пераабувацца ў іх. Дзяніс Яўменавіч стаяў над ім, збянтэжана думаў, чаму сын не адказаў яму так, як таго хацеў ён раней. Але вось Масей нацягнуў на ногі валёнкі, патупаў у іх па падлозе, усміхнуўся:

— Дык табе цікава, бацька, пра што мы гаварылі тады з Парфёнам?

— Але.

— Пра цябе гаварылі.

— Як гэта?

— Звычайна. Чамусьці ён даводзіў мне, што ты сапраўдны чалавек і што за табой людзям лёгка жыць. А пасля ён загаварыў пра другое. Яго чамусьці зацікавіла, хто тут, на нашай зямлі, жыў у старадаўнія часы.

— Ну а ты?

— А я яму расказаў. Затым ён павярнуўся і пайшоў у сад, мяне таксама паклікаў. Ну і памёр. Неяк лёгка і хораша.

— Ён і жыў хораша — разумна, як кажуць, з царом у галаве.

Ад гэтага бацькавага ўдакладнення Масей засмяяўся. Сказаў:

— З царом пражыць можна, а вось без цара...

Масей выйшаў у завулак, спыніўся супроць хаты, быццам вырашаючы, якою дарогай ісці, тады павярнуў налева, адразу да могілак. Ішоў ён сутулена і цяжка, ледва перастаўляючы па цаліку ногі. Дзяніс Яўменавіч таксама выйшаў на ганак, доўга пазіраў сыну ўслед. І, здаецца, толькі цяпер, на адлегласці, ён да канца зразумеў, што сын сапраўды хворы. Прычым не на жарт хворы. Ці то нутраной хваробай, ці то душэўнай. Але гэтая акалічнасць, гэтая падзельнасць ужо не мела значэння. Затое Дзяніс Яўменавіч, стоячы на ганку, вінавата пашкадаваў раптам, што за чужым клопатам не здолеў дастаць для сына з нары барсука, на лекі з якога вельмі спадзявалася Марфа. Цяпер звер недзе трывала залёг у скамянелай зямлі, і да яго не дабрацца было.

* * *

Ад летняга да зімняга Міколы звычайна не шмат часу праходзіць, якога паўгода, калі не лічыць запар усе дні, бо тады якраз атрымаецца на адзін месяц болей; але сёлета ў гэтае сутарэнне, здавалася, умясцілася сама вечнасць, а з ёй і ўся вайна. Іншы раз сяму-таму нават думалася, што вайне не было пачатку, значыць, не настане канец, хоць у забяседдзі людзі, бадай, у кожнай вёсцы збольшага ведалі, што пад Масквой немцам нарэшце даводзіцца крута. Праўда, па-ранейшаму ніхто не меў поўнага ўяўлення, як там увесь час разгортваліся падзеі, затое ўзмацніліся розныя чуткі, у якіх, як і звычайна, нельга было адрозніць, што адпавядае сапраўднаму стану рэчаў, што — не. Амаль нічога не дадавалі да гэтага і лістоўкі, бадай, адзіны па цяперашнім часе не вусны сродак зносін паміж людзьмі. Напісаныя звычайна ад рукі і расклееныя на варотах крайніх двароў альбо на сценах былых грамадскіх памяшканняў, яны мала змяшчалі канкрэтнай інфармацыі, якая не толькі ўражвала б, але прымушала разважаць, бо каб зразумець хоць якую з’яву, неабходна найперш правільна назваць яе. Ды і аўтарства лістовак цяжка паддавалася вызначэнню — здавалася, цяпер пісалі іх усе; іншы раз трапляліся нават зусім непісьменныя, аднак у гэтых было шмат чыста мясцовых пагроз, якія датычылі пэўных людзей і пэўных населеных пунктаў. Іначай і не магло быць, калі, вядома, зыходзіць з тае ісціны, што ва ўсякай бядзе хтосьці павінен вінаватым застацца.

Камісар крутагорскага атрада Сцяпан Баранаў паспрабаваў неяк скіраваць у адно рэчышча паток гэтых лістовак, прынамсі, надаць іх зместу калі не аднолькавае гучанне, то хоць бы адпаведны лад. Аднак з-за адсутнасці сувязі сам не меў дакладных звестак з-за лініі фронту і ў рэшце рэшт адмовіўся ад сваёй задумы, палічыўшы патрэбным усялякім чынам падтрымліваць узнікшую самадзейнасць, якая заключала ў сабе здаровую аснову, тым больш што добра ведаў — пераконанні, таксама як і страсці, тады бываюць вельмі моцныя, калі ўваходзяць у звычку.

Нічога пэўнага не давалі пра баі пад Масквой і нямецкія газеты. Шырока разрэкламаваўшы аперацыю «Тайфун» на пачатку кастрычніка месяца, цяпер яны лічылі за лепшае абмяжоўвацца агульнымі словамі: пра моцны дух сваіх войск, пра тое, што нямецкай нацыі па-ранейшаму трэба імкнуцца да поўнай дасканаласці і інш. Часам можна было прачытаць, як у зімовых умовах германскі салдат мусіць засцерагчы сябе ад марозаў, ад розных насякомых-паразітаў... Нездарма кажуць, а чаму і няўдачу не перадаваць па спадчыне?

Нарэшце ў народзе пачалі гаварыць, што ў самым вярхоўі Бесядзі, там, дзе гэтую раку агінае Іпуць, другі прыток Сажа, з’явіліся чырвоныя коннікі. Нібыта ў тыл да немцаў прарваўся цэлы кавалерыйскі корпус і цяпер расшырае захоплены плацдарм у бок Дарагабужа, Восава. Уласна, адлегласць да тых гарадоў адсюль была невялікая, таму людзям у сярэднім цячэнні Бесядзі думалася, што вось-вось тыя коннікі, няйначай, апынуцца і тут.

У Верамейках, зразумела, таксама чакалі іх. Нават Брава-Жыватоўскі ўжо каторы раз не начаваў дома, хадзіў у гарнізон у Бабінавічы.

Зазыба, калі даведаўся пра гэты страх Брава-Жыватоўскага, усміхнуўся сабе: аказваецца, у паліцэйскіх не толькі сабачая вернасць, але такая ж нянавісць. Праўда, Марфа Давыдаўна разважыла зусім іначай.

— Ат,— махнула яна рукой на Дзянісавы словы,— у кожнага ёсць што-небудзь на сумленні, бо грэх і жыццё — брат і сястра.

— Але ж гэта ад чужога вока можна схавацца,— прадоўжыў сваю думку Зазыба.— Ад сваіх людзей — ніколі.

Сам ён апошнія дні таксама зрабіўся падобны на кажана — удзень мыш, а ўначы птушка. Параўнанне такое не само прыйшло да яго. Пра гэта сказала Марфа. Тым больш што было ад чаго. З надыходам ночы Дзяніс Яўменавіч нярэдка цяпер сыходзіў з двара, здаралася, што не вяртаўся і дзень, і другі, тады зноў надоўга цішэў дома, усміхаючыся, уздыхаў: маўляў, праўда, што папу патрэбны час, карчмару — прыбытак, а мужыку — занятак.

Патаемнае хаджэнне яго непакоіла дамашніх, але з роспытамі яны не дужа лезлі, злашча, што збольшага здагадвацца пра ягоны клопат маглі — раптам зусім без дай прычыны, нават не пакарміўшы добра да канца, як гэта водзіцца ў сялянскіх дварах, закалоў свінчо і ледзь не цалкам занёс кудысьці ў лес, прытым ужо колькі разоў таксама прасіў Марфу Давыдаўну, каб яна пякла хлеб не на адну сваю сям’ю... Ды і другіх людзей у вёсцы прымушаў рабіць гэта.

Тым часам неўзабаве пасля Міколы, здаецца, у суботу (а Мікола выпаў сёлета на аўторак), вярнуўся ў Верамейкі Андрэй Марухін. У той жа дзень каваль расчыніў вясковую кузню, зноў раздзьмуў схаладнелы горан.

«Тук-тук, тук-тук-тук!» — пазваніў ён па кавадле лягчэйшым малатком.

Вёска гэты гук пачула адразу і нібыта страпянулася сёлета другі раз, але цяпер верамейкаўцам таксама заманулася, што, няйначай, з’явіўся дамоў Васіль Шандабыла: чамусьці на палоннага ўсё роўна як не спадзяваліся больш, дарма што паспелі прывыкнуць і ацаніць. Не сказаць, каб багата, аднак знаходзіліся людзі ў Верамейках, якія думалі, што Андрэй Марухін пайшоў з вёскі назаўсёды — такі час, сцвярджалі яны, што паўсюды патрэбны чалавечыя рукі, абавязкова дзе-небудзь багацейшыя ды спрытнейшыя вяскоўцы перахопяць адмысловага каваля. Нават Ганна Карпілава, у якой ён жыў апошні месяц, пры падобных разважаннях мала ішла ў залік. Нават на яе чары ў верамейкаўцаў не было трывалай надзеі, маўляў, ці мала цяпер з’явілася па вёсках ахвочых ды прывабных маладзіц, якія альбо па даўняму, ужо ці не закарэламу ўдоўству, альбо так, па новаму неадольнаму жаданню ў адсутнасць гаспадара, гатовы лашчыць хоць каго, абы гэта мужчына трапіўся. Канечне, людзі, як заўсёды ў такіх выпадках, перабольшвалі ў гэтых сваіх разважаннях, можа, таму, што недавер заўсёды мацней за надзею. А яшчэ, няйначай, таму, што ніхто, апрача Зазыбы, у Верамейках не ведаў, нават не здагадваўся, якая прычына на самой справе змусіла верамейкаўскага прымака бадзяцца па вёсках з правага і левага боку Бесядзі, а тады раптам зноў вярнуцца ў Верамейкі.

«Тук-тук-тук, тук-тук-тук...» — разлягалася тым часам з кузні ў абодва канцы вёскі, залятаючы і ў заснежаныя Падліпкі.

Зазыба таксама пачуў яшчэ ці не першыя ўдары малатка па кавадле. Але ён не падумаў, як некаторыя, што гэта з’явіўся ў вёсцы нарэшце Васіль Шандабыла. Дзяніс Яўменавіч без памылкі вызначыў, хто расчыніў кузню ды пачаў гаспадарыць у ёй. І для яго гэтае жывое «тук-тук» загучала, бы звон, бы заклік.

Зазыба тут жа накінуў на сябе спехам доўгі, яшчэ бацькаў кажух, што пашыты быў не столькі дзеля зімы — найперш для дарогі, узяў пад павеццю падрыхтаваную на ўсялякі выпадак жалезную рэйку, з якой нават на неспрактыкаванае вока лёгка вымяркоўвалася вялікая завеса на вароты, тады панёс на плячы ў кузню. Там ужо сядзелі і стаялі верамейкаўскія мужыкі — Сілка Хрупчык, стары Ціток, Іван Хахол, Мікіта Драніца... Стары Ціток якраз штосьці расказваў, калі парог кузні пераступіў Зазыба. Але пры з'яўленні новага чалавека мужыкі на нейкі момант заціхлі былі, акурат засцігнутыя знянацку, але ўбачылі ў руках Дзяніса Яўменавіча жалезную рэйку, адразу неяк пасмялелі, усё роўна як гэтая рэйка давала ім такое права. Мікіта Драніца яўна дзеля Зазыбы сказаў:

— Ціток во ўспамінае, як тэй таго, Яўменавіч, як некалі Панаську жанілі ўсім канаплёўскім канцом.

— Нічога там цікавага не было,— паціснуў плячамі Зазыба, але, тым не менш, павёў вачамі па ўсіх мужыках, тады спыніўся на Андрэю Марухіну.— А я вось пачуў, што Андрэй вярнуўся, дай, думаю, і сваю жалязяку прынясу, няхай куе-плешча. Дзе ж гэта, васпане, так доўга быў?

— Ат,— махнуў рукой каваль,— было б балота, а жабы знойдуцца. Так і з маім хаджэннем.

— Ну а?..— Зазыба не паспеў скончыць, як Андрэй зноў сказаў:

— Вы хочаце ведаць, ці выхадзіў што?

— Так.

— Выхадзіў,— кіўнуў галавой Андрэй.

І Мікіта Драніца адразу пацвердзіў:

— Ажно цэлыя санкі нейкага дабра прывалок. Нябось, на цэлую зіму хопіць?

— Ну, а калі і не хопіць, то яму можна зноў будзе падацца ў заробкі,— раўніва разважыў замест Марухіна Сілка Хрупчык.— Каваль — што лазовы дубчык, дзе ўторкнеш, тама й расці стане.

— Ага,— чамусьці свецячыся глыбокімі старэчымі вачамі, падтакнуў Хрупчыку Ціток.

Зазыба ведаў, што цяпер мужыкі гэтую гаворку пацягнуць далёка, як тую скручаную вяроўку, калі не відаць канца. Прытым адным часам будуць уплятаць у яе новыя столкі. Без гэтага ўжо не абысціся. Але Зазыбу трэба было неяк падступіцца да каваля таксама і са сваім, з тым, што яму рупіла і што не датычыла пакуль іншых прысутных.

Андрэй Марухін, мусіць, адчуў Зазыбаву нецярплівасць, з якой вынікала нават адчужанасць, бо тут жа падышоў да рэйкі, што прынёс Дзяніс Яўменавіч, паважыў на руках, спытаў:

— Значыць, завесу каваць будзем?

— Так.

— На вароты?

— Так.

— Ну што ж, зараз і пачнем.

— А мне памагчы?

— Не трэба. Мужыкі вось...

— Ага,— сказаў Ціток,— Іван во нагуляў ужо шыю,— кіўнуў ён далей на Івана Хахла.

— То калі прыйсці мне зноў? — спытаў Зазыба.

— Навошта прыходзіць,— сказаў каваль.— Як гатова будзе, сам прынясу.

— Хутка?

— Думаю, к вечару.

— Ну, то я чакаць буду.

— Добра.

Так Андрэй і зрабіў. К вечару сапраўды Зазыбаў заказ быў гатовы. Каваль абгарнуў завесу на сярэдзіне анучай, прынёс у Зазыбаў двор. Зазыба адчыніў яму дзверы ў сенцы, патрывожыў яшчэ ад парога:

— Ну, расказвай, што выхадзіў?

Андрэй сеў у пярэдняй хаце на ўслон, усміхнуўся шырока і лёгка:

— Багата што,— сказаў ён нарэшце.— У Трусаку, у Канічах, у Жабыках сустрэў сваіх знаёмых. Мікіту Барзова. Помніце, я расказваў, што разам выходзілі з акружэння пасля Магілёва. Дык іх там на цэлы атрад набярэцца.

— Што значыць набярэцца? — незразумела паглядзеў на Андрэя Марухіна Зазыба.

— Ну, звычайна... Хоць зараз станаві ў строй і загадвай.

— А зброя ў іх ёсць?

— Ёсць і зброя, нават кулямёт у аднаго мясцовага паліцая забралі.

— Навошта паліцаю быў кулямёт?

— Недзе знайшоў.

— І што, ён з кулямётам хадзіў?

— Не,— засмяяўся Андрэй,— трымаў на ўсякі выпадак. На кожны дзень вінтоўку меў. Ну, а нашы дачуліся, забралі.

— Няўжо яны так адкрыта дзейнічаюць?

— Пакуль больш употай. І кулямёт употай забралі.

— Ты вось што, хлопец,— падняў Зазыба руку, усё роўна як папярэджваючы субяседніка,— ты давай выкладвай усё парадкам. Дзе, што і як? Я тыя мясціны добра ведаю, так што... Дарэчы, настаўніка таго, Мурача, у Бялынкавічах бачыў?

— О, я і забыў сказаць! Гэта ён мяне і звёў з маімі былымі спадарожнікамі па акружэнню, а тады па палону. Ды і з мясцовымі таварышамі таксама пазнаёміў.

— Што ён там робіць? Школу адкрыў?

— Здаецца, не. Да самай зімы працаваў вартаўніком на мосце, які ўвесь час адбудоўвалі. Цяпер жыве так, без справы і, трэба сказаць, без хлеба. Хутчэй, пабіраецца. Аднак чалавек ён і праўда, як вы гаварылі, аказаўся надзейны, галоўнае — мае добрыя сувязі з усімі падпольнымі групамі.

— А ты ўсё-ткі раскажы падрабязней.

— У Трусаку цяпер знаходзяцца капітан Скандзілаў, старшы лейтэнант Платонаў, лейтэнант Зерфін, таксама Мікіта Барзоў. З ім мяне і звёў спярша настаўнік. А праз Мікіту я пазнаёміўся ўжо з афіцэрамі. У Жабыках жывуць лейтэнант Ціханоўскі, сяржант Грабеньчык. Ціханоўскі, здаецца, мясцовы. Але самая большая група асела ў Канічах — Пятро Багрыенка, Хведар Лапацін, Яўген Арлоў. Гэты — лейтэнант інжынерных войск. Там жа, у Канічах, дзейнічаюць мясцовыя таварышы — камуністы Павел Кляцко, Захар Міранкоў. Узначальвае групу дэпутат Вярхоўнага Савета вашай рэспублікі Ціт Субоцін.

— Ведаю яго.

Зазыба думаў, што Марухін будзе працягваць свой пералік, але той не называў больш нікога. Тады Дзяніс Яўменавіч спытаў:

— Ну і што яны робяць?

— Рыхтуюцца.

— Але іх трэба папярэдзіць. Недзе ў пачатку студзеня немцы пачнуць рабіць перапіс былым ваеннапалонным і акружэнцам, наогул даросламу насельніцтву. Ім патрэбны рабочыя рукі ў Германіі. Так што... Давядзецца табе, Андрэй, зноў ісці туды.

— А мы зробім іначай. Мы сюды іх запросім. Я падумаў ажаніцца з Ганнай.

— Нават так?

— Падумаў вось і рашыўся. Навошта, каб на жанчыну ўсё жыццё дарэмшчыну ўзводзілі? Раз так выйшла, што лёс мяне звёў з ёй, трэба зрабіць усё па-людску.

— Гэта правільна. Па-нашаму, па-чалавечаму. Але для жаніцьбы аднаго гэтага мала, добрасумленнасці. Неабходна яшчэ нешта, можа, больш важнае. Напрыклад, каханне, ці як гэта завецца ў маладых?

— Так і завецца. Аднак цяпер, у такі час, калі навокал больш слёз і няшчасця, чым радасці, пра гэта неяк сорамна гаварыць.

— Ну, гаварыць, можа, і не варта. У кожным разе, крычаць пра гэта, калі другім вельмі баліць, сапраўды не трэба. Але саромецца пачуцця таксама няма чаго. Звычайная з’ява. Як кажуць, богу ўгодная і ў вышэйшай ступені ад жыцця ідзе. А тое, што людзі патрэбныя на вяселле збяруцца, гэта надзвычай добра.

— Тады вось і палічым, колькі нас. Тады і парахуемся канчаткова, што рабіць далей.

— Дык, кажаш, цэлы атрад будзе?

— Не менш.

— Ну што ж, тады і я табе скажу навіну, раз такая справа пайшла. Я тут, пакуль ты хадзіў, свой партызанскі атрад знайшоў.

— Хіба?

— Неўзабаве я цябе звяду з камандзірам.— Зазыба падумаў, прайшоўся па хаце ад аднаго парога да другога.— Ну, а пакуль што да чаго, трэба рыхтаваць ваша з Ганнай вяселле. А чаму б і не згуляць яго? Добра ты прыдумаў, каб сабраць усіх разам.

— Гэта не адно маё жаданне было. Усе на тым сышліся.

— Тым лепш. Адсюль можна будзе адразу і ў атрад пайсці. Тут недалёка. Трэба апярэдзіць немцаў, пакуль яны перапіс свой не пачалі. Не выключана магчымасць, што аблавы таксама будуць наладжваць.

— Адкуль вам ведама гэта?

— Ды быў тут, у нас, адзін чалавек. Колішні Масееў таварыш. Цяпер ён працуе ў Мінску, у гарадской управе. Дык той і выдаў нам гэты намер. Ну, а пра тое, што немцаў нашы пруць ад Масквы? Пра гэта ведаюць там?

— Збольшага.

— Бяда, што ўсе мы цяпер пра ўсё ведаем толькі збольшага,— уздыхнуў Зазыба.— Але гэта надзвычай добра, што знайшлося раптам вялікае папаўненне атраду!

Андрэй Марухін паглядзеў на Зазыбу, трохі памаўчаў.

— Разумееце, Дзяніс Яўменавіч,— сказаў ён нарэшце,— з гэтым можа не атрымацца ў нас. Атрад там, здаецца, ужо склаўся, дарма што ўсе яшчэ па вёсках жывуць. Але ў лесе, за сем кіламетраў ад Трусака, ужо выкапаны зямлянкі.

— І хто ў іх за камандзіра?

— Здаецца, будзе капітан Скандзілаў. А камісарам намецілі Субоціна.

— Ну што ж,— сказаў Зазыба,— значыць, будуць два атрады. Але гэта не тут рашаць. І не сёння. Час пакажа, як усё складзецца потым. Дык што, будзем абвяшчаць вяселле, каб і верамейкаўцы ведалі?

— Трэба.

— А нявеста згодна?

— Прасіла зваць вас за пасаджонага бацьку.

* * *

Калі б чалавек мог жыць без людзей, то называўся б ён, няйначай, ваўком. Гэта выслоўе Зазыба чуў даўно, здаецца, у маленстве яшчэ ад дзеда Міхалкі. Але потым, ужо ў дарослым стане, калі нямала пажыў ды пабачыў чаго на свеце, зразумеў назаўсёды, што і воўк падае голас ад тугі.

Вяртаючыся з Шурышча ад партызан, якія з энтузіязмам, калі можна пасведчыць так, сустрэлі задуму з маючай адбыцца неўзабаве ў Верамейках зборняй, Дзяніс Яўменавіч якраз і пачуў ваўка. Той выў недзе адразу за вясковым возерам, не далей. Але голас у звера чуўся зусім не зацята, як гэта бывае амаль кожны раз узімку, на крохкім марозе; воўчы голас даносіўся адтуль чамусьці жаласна і нямогла, акурат як нядаўна ў сабакі Парфёна Вяршкова. Аднак Зазыба ведаў — пра гэта сказаў Масей, які хадзіў надоечы на могілкі,— што Парфёнаў падгалы скалеў паміж соснаў яшчэ на незаснежаным грудку свайго гаспадара, да канца выявіўшы такім чынам нешта большае, чым несвядомую адданасць. Таму нічога дзіўнага не было ў тым, што Зазыба, слухаючы цяпер здалёку воўчы голас, падумаў у першую чаргу пра колішняга свайго знаёмага, таго старога ваўка, які чамусьці прычакаў яго, на пачатку сёлетняй восені, каля дарогі з Бабінавіч у Мамонаўку. Кажуць, у ваўкоў няма слёз, яны не плачуць. Аднак тады Зазыба ўсё-ткі бачыў воўчыя слёзы, дарма што ў куточках вачэй яны змешваліся з гноем і выклікалі гідлівасць. Прызнацца, за ўвесь астатні час, які прайшоў з таго дня, Зазыба мала ўспамінаў пра ваўка. Можа, раз ці два, і то зусім нядаўна, калі выбіраў у лесе месца для партызанскай зямлянкі.

Цяпер воўчы голас неяк нядобра адгукнуўся ў ім, акурат Дзяніса Яўменавіча насцярожыла раптам, што паблізу, няйначай, у адказ, завые другі звер, можа, нават цэлая гайня, бо ўжо каторы дзень, як настала піліпаўка, і тады скалынецца не толькі душа, а і ўсё Забяседдзе, чыстае ад лесу. Але дарэмна. Праходзіла хвіліна, другая... Наваколле маўчала... І тым не менш, Зазыба неўзабаве адчуў нешта загадкавае, здрадлівае ў гэтай цішыні. Ён падумаў, што раней падобная акалічнасць мала калі змушала яго азірацца ды прыслухоўвацца... Цяпер выходзіла нібыта наадварот. Хутчэй за ўсё міжволі, аднак слых лавіў кожны гук, нават шолах.

Між тым, трэба было рухацца, заглушаць гэтыя гукі, і Дзяніс Яўменавіч, сілячыся ўгадаць вузкую сцежку ў цёмнай начы, не пераставаў ставіць след у след свае цяжкія ногі. Гэта было не проста рабіць, увесь час даводзілася трымаць сябе ў напружанні, але ён ступаў і ні разу не дазваляў сабе збіцца, каб не натарыць да партызанскай зямлянкі зманлівай дарогі.

Ад піліпаўкі па часе не шмат ужо заставалася да новага года. Уласна кажучы, па новым стылі праз навагоднюю ноч яна заходзіла яшчэ і на наступны тыдзень, цягнулася ці не да самай куцці. Адзначыўшы гэта, Зазыба нечакана сягнуў у сваіх разважаннях далей. «Цікава,— сказаў у думках ён сам сабе,— ці возьмуцца немцы аднавіць у нас разам з усім і стары стыль? Аднаўляюць жа яны некаторыя старыя парадкі? — Пры гэтым яму нават у галаву не прыйшло, што самі немцы даўным-даўно жывуць па новым стылі, таму ім няма ніякай патрэбы рабіць такое; але, тым не менш, ён рашыў акурат, як і належала па яго пераконанні, нават са злараднасцю: — Не, цяпер фашыстам не да гэтага!» Сёння ў зямлянцы партызаны яму паказалі газету «Известия» за 13-е снежня, якую недзе раздабыў Павел Чарнагузаў і якая ўжо не пакідала сумнення, што Чырвоная Армія пад Масквой дабілася вялікага поспеху. У газеце было змешчана паведамленне Савецкага Вярхоўнага Галоўнакамандавання аб першых выніках контрнаступлення, пад ім партрэты военачальнікаў — камандуючага Заходнім фронтам генерала арміі Жукава і камандуючых арміямі генералаў Ракасоўскага, Конева... Прозвішча Жукава Зазыба ведаў яшчэ з даваеннага, Ракасоўскага, Конева, таксама як і прозвішчы другіх генералаў, партрэты якіх былі змешчаны разам, ён, здаецца, сустракаў упершыню.

Як ужо было сказана, Нарчуковы партызаны з энтузіязмам сустрэлі задуму сабраць на вяселле ў Верамейкі так званых прымакоў з навакольных населеных пунктаў. Спярша Зазыбу здалося, што энтузіязм іхні быў не зусім сур’ёзны, нездарма ў зямлянцы адразу настала атмасфера, якая ў народзе завецца вясёлым ажыўленнем, нават сёй-той паспрабаваў жартаваць з гэтага, злашча, што ў такой справе, як жаніцьба на саламянай удаве, заўсёды знаходзіцца прычына для кепікаў; аднак пасля Зазыбы хутка загаварыў камісар атрада Сцяпан Баранаў, і тады ўсе астатнія партызаны пачалі прыкідваць наперад ды разважаць, што з гэтай задумы сапраўды можа атрымацца, пакуль не было прынята рашэнне — калі і не ўдасца залічыць каго-небудзь з гасцей у атрад (а Зазыба папярэдзіў, што тыя маюць намер неўзабаве стварыць свой атрад), то паразумецца разам пра будучыя дзеянні ды штосьці накшталт мітынгу ў Верамейках нарэшце наладзіць можна будзе; ва ўсякім выпадку, падзеі на фронце, у прыватнасці, найперш пад Масквой, давалі для гэтага найлепшую магчымасць. Праўда, не ўсе вёскі, у якіх атайбаваліся цяпер акружэнцы і былыя ваеннапалонныя, знаходзіліся на блізкай адлегласці ад Верамеек, таму ўзнікала перасцярога, што падобная акалічнасць можа стаць перашкодай, каб сабрацца ім, але тым часам нават да самага крайняга паселішча лічылася не далей, як трыццаць кіламетраў, значыць, не такая ўжо вялікая дарога, сказаў камандзір атрада, і ўсё будзе залежаць у першую чаргу ад жадання зрушыць з месца.

Зразумела, што адказнасць за ўсё ў Верамейках — і за збор, і за пачастунак, і за бяспеку — на той час ускладалася на Зазыбу, аб гэтым партызаны сёння прасілі яго; але чуць падобнае Дзянісу Яўменавічу было не ў навіну, яшчэ ў зямлянцы ён успомніў, як на пачатку восені ў Гончы яны змаўляліся з Касьянам Манько пра мітынг, дастасаваны да Кастрычніцкіх свят; тады яны наогул пагаварылі з сакратаром падпольнага райкома пра шмат якія рэчы, без чаго не ўяўлялася не толькі барацьба з іншаземцамі, а і звычайнае існаванне людзей ва ўмовах варожай акупацыі; уласна кажучы, гаворка тая была пасля колькі часу для Зазыбы праграмай жыцця, лініяй паводзін, лічы, да самага апошняга дня, калі яго сустрэў у мястэчку Абабурка і звязаў з атрадам Нарчука; менавіта адтуль, з тае гаворкі, пачыналіся, узнікалі ўсе душэўныя пакуты і выпрабаванні, якія давялося чалавеку вытрымаць адзін на адзін, без чыёйсьці дапамогі; няйначай, што без яе, колішняй размовы з Касьянам Манько, і ўспрыняцце падзей, якія адбываліся на акупіраванай тэрыторыі, было б зусім іншым.

Між тым, напраўду цяпер нібыта выходзіла, што некаторыя рэчы, якія хвалявалі сакратара падпольнага райкома, а разам з ім, вядома, і Зазыбу, не тое, што не спатрэбіліся ў далейшым, гэтага сказаць нельга, але ўсё роўна як зрабіліся неабавязковымі, проста без іх можна было абысціся, хоць сам Дзяніс Яўменавіч у душы ад іх не адступаўся, думаў пра іх па-ранейшаму акурат так, як і тады, можа, толькі за малым выключэннем. Таму ён не мог не бачыць, не мог не разумець, што за гэтыя пакутлівыя і глухія месяцы, як панаваў акупацыйны рэжым, усё, у тым ліку і чалавечае існаванне, нібыта спрасцілася, увайшло ў такую каляіну, якая, з аднаго боку, з’яўлялася звыклай, а з другога — мела магчымасць трываць яго.

Зазыба не хацеў распаўсюджвацца на гэты конт, ён наогул лічыў, што ўсё нарэшце пачало наладжвацца як след, аднак, тым не менш, часам вельмі шкадаваў, што менавіта цяпер няма тут Касьяна Манько з яго абавязковымі думкамі і... усё роўна як з неабавязковай сарамлівай сумленнасцю. Дзіўна сказаць, аднак ні з Мітрафанам Нарчуком, ні са Сцяпанам Баранавым за ўвесь гэты час, як быў звязаны з імі і выконваў розныя даручэнні, нават заданні, Дзяніс Яўменавіч не рашаўся звяртацца да тых пытанняў, якія яны зацікаўлена, па-гаспадарчы абмяркоўвалі з Касьянам Манько, яму ні разу і ў галаву не прыйшло ўзбіцца на такую гаворку, якая адбылася тады ў лазні. У адрозненне ад камандзіра атрада і камісара сакратар падпольнага райкома разважаў аб усім так, быццам не толькі збіраўся, як і яны, змагацца з ворагам, але зусім пэўна рыхтаваўся таксама жыць і працаваць у Крутагор’і пасля вайны.

Між тым, у гэту піліпаўскую ноч не адзін Зазыба слухаў, як выў за верамейкаўскім возерам стары воўк. Той чалавек таксама накіроўваўся ў Верамейкі, але па цаліку і з другога боку, праз гаць, што вяла сюды з Кавычач. Гэта быў Радзівон Чубар. Праўда, Чубар чамусьці не падумаў, што голас падаваў той воўк, ад якога некалі яму давялося ратаваць ласяня, якое цяпер падрасло на ўдовіным двары і гатова было да самастойнага жыцця. Ён слухаў воўчае выццё без усялякіх асацыяцый, як штосьці звычайнае, неад’емнае, што суправаджае кожную зіму ў лясным забяседдзі.

Чубар вярнуўся ў атрад Карханава, які стаяў у Батаеўскіх лясах, зусім нядаўна. За лінію фронту ён не трапіў. Туды паляцеў на самалёце адзін Шпакевіч, бо Чубару на ПО-2 другога месца не знайшлося. Ды і ўсе астатнія, хто накіроўваўся тады з імі за лінію фронту, далей не пайшлі. Уся група, якую ўзначальваў Гусеў, у лістападзе месяцы апынулася ў раёне дыслакацыі тых кавалерыйскіх часцей, якія па плану камандавання Чырвонай Арміі дзейнічалі на небяспечным напрамку ў тыле германскіх войск. Дарэчы, гэта пра іх, пра гэтыя кавалерыйскія часці, даходзілі адтуль чуткі ажно да забяседдзя. Зразумела, што камандзіраў і палітработнікаў, дакладней, усіх, каго вялі партызаны за лінію фронту, кавалерысты затрымалі. У іх у саміх адчувалася вострая патрэба ў папаўненні, таму былых акружэнцаў і ваеннапалонных, зусім без праверкі, яны тут жа размяркоўвалі па розных падраздзяленнях, балазе, ваяваць тым зноў належала ў звыклых умовах, гэта значыць у акружэнні, хоць цяпер яно і вельмі адрознівалася ад летняга, калі даводзілася дзейнічаць заўсёды ўсляпую.

Шпакевіч не дужа хацеў пакідаць сярод кавалерыстаў Чубара, але зрабіць нічога не мог, каб ляцець разам. Ім і так пашанцавала, што трапіўся самалёт, які накіроўваўся за лінію фронту,— можна было спадзявацца, што такім чынам усе карты, усе разведдадзеныя, якія апошнім часам сабраў атрад і якія нельга было перадаць па рацыі, хутка знойдуць адпаведнае выкарыстанне, тым больш што кавалерыстам таксама надзвычай прыдаліся звесткі аб размяшчэнні ахоўных нямецкіх часцей у паласе дзеяння групы армій «Цэнтр». Уласна кажучы, за гэтыя звесткі Шпакевіч і атрымаў месца ў штабным самалёце, які накіроўваўся на бліжэйшы аэрадром за лінію фронту.

Назад, у Батаеўскія лясы, Радзівон Чубар ішоў разам з Гусевым. Спадарожнікам яго чалавек трапіўся неразгаворлівы, так атрымалася, што за ўсю дарогу яны мала чаго даведаліся адзін аб адным. Затое Чубар пабачыў выток Бесядзі. Заначавалі яны тады з Гусевым у вёсцы Новая Бесядзь, і Чубар празнаў, што з вялікага балота, якое цягнулася на многія кіламетры адсюль, пачынаецца рака, з якой звязаны былі апошнія гады яго жыцця. І ён папрасіў гаспадара паказаць яму тую крыніцу каля лазовага куста, адкуль брала яна пачатак. Паблізу быў луг, аслонены з левага боку бярозамі, трохі далей, можа, праз паўкіламетра, бруіла крыніца. Яе так і не здолеў скаваць лёд, хоць маразы ўжо стаялі моцныя. Але далей, па рэчышчу, скрозь блішчэў лёд, і пад ім, як звілісты жолаб, абмазаны белым глеем, ледзь прыкметна пульсавала вузенькая Бесядзь, якая потым, праз многа кіламетраў, прымаючы да сябе шматлікія, часам зусім безназоўныя прытокі, рабілася паўнаводнай і ў меру, па тутэйшым разуменні, канечне, шырокай, такой, якой прывык бачыць яе Чубар каля Верамеек, у сярэднім цячэнні.

Дзіўна, але ад выгляду кволага пачатку знаёмай ракі, яе трапяткога імкнення ў свет з далёкага смаленскага балота раптам сціснулася Чубарава сэрца, быццам ён пражыў на ёй усё жыццё, з’явілася такое ўражанне, быццам яму выпала магчымасць — гэта па меншай меры — прысутнічаць пры нейкай таямнічасці, што мала паўтараецца на вяку. І яшчэ яго апанавала адно адчуванне — у гэтыя хвіліны ён усё роўна як знайшоў нарэшце самога сябе, які вельмі даўно недзе згубіўся паміж людзей і вось цяпер знайшоўся. Праўда, усвядоміў Чубар як след гэта трохі пазней, калі ўжо ішоў з вярхоўя Бесядзі ў Батаеўскія лясы, аднак у канцы дарогі ён дакладна ведаў, што вернецца калі-небудзь у свае Верамейкі, да тых людзей, якія, як аказалася напавер, сталі яму блізкімі.

Чубар, вядома, тады не падумаў, што гэта адбудзецца хутка. Аднак падзеі прыспешылі яго вяртанне ў забяседдзе.

Камандзір атрада Карханаў паклікаў Чубара на другі дзень пасля прыходу ў партызанскі лагер і сказаў:

— Мы тут намецілі адну буйную аперацыю, каб дапамагчы наступаючым нашым войскам. Будзем браць бліжэйшы райцэнтр. Спярша думалі авалодаць Крутагор’ем. Але там цяпер скапілася шмат варожых войск. Гэтакі арэх пакуль не па зубах. Збіраемся штурмаваць другі. Хутчэй за ўсё Хоцімск. Можа, нават рушым да Людзінава. Праўда, адным нам не справіцца і з гэтай задачай. Таму вырашылі клікаць на дапамогу мясцовыя партызанскія атрады. Нарэшце, у нас з’явілася на гэты конт больш-менш поўная карціна. Наладжана сякая-такая сувязь. Напрыклад, з Хоцімскім атрадам, якім камандуе таварыш Сырамалотаў. Але гэтага таксама яшчэ недастаткова. Таму вам, Радзівон Антонавіч, давядзецца сёння ж рушыць уніз па Бесядзі, каб адшукаць там у Панькоўскіх лясах і прывесці сюды атрад Нарчука. Дарэчы, наведайце ў Кулігаеўцы нашага агульнага знаёмага. Вы ведаеце, каго я маю на ўвазе.

— Сідара Раўнягіна.

— Так.

— Але Нарчука я таксама ведаю. Гэта наш, мясцовы таварыш. Працаваў калісьці старшынёй калгаса, а затым — у райкоме партыі. Так што...

— Вось бачыце, як усё складваецца добра, акурат адно да аднаго. Застаецца толькі як след выканаць заданне. Думаю, што Сідар Карнеевіч якраз спатрэбіцца вам. Ён дапаможа наладзіць патрэбныя сувязі. Скажыце яму таксама, што па запросу Цэнтра, дзе высока ацэнены здабытыя ў Бабінавічах разведдадзеныя, мы прадставілі яго да ўзнагароды. Праўда, замешаны ў справе, здаецца, найбольш другі чалавек, ваш былы намеснік...

— Зазыба?

— Так. Але з ім... Словам, там ёсць адна акалічнасць, якая пакуль не залежыць ад нас.

І вось Чубар цяпер, у гэтую снежаньскую ноч, прабіраўся ў Верамейкі. Карханаў раіў яму звязацца адразу ў Кулігаеўцы з Сідарам Раўнягіным. Але сам ён добра ведаў, што першы чалавек у Забяседдзі, які мог дапамагчы яму выканаць заданне камандзіра атрада за кароткі тэрмін, быў Дзяніс Зазыба.

За гэты час, як Чубар ішоў сюды з Батаеўскіх лясоў, ён зразумеў, нарэшце, адну вялікую ісціну, пра якую раней чуў толькі ад людзей,— пах роднага дома чалавек у поўнай меры адчувае тады, калі вяртаецца з далёкага краю.

...Між тым, стары воўк, што, няйначай, мала ўжо спадзяваўся на свае сілы, усё выў недзе за верамейкаўскім возерам, не пераставаў.

 

Замест эпілога

Агляд развіцця партызанскага руху за перыяд з 1.1 па 30.VI.1942 года з улікам асаблівасцей тактыкі і вопыту барацьбы. Начальнік палявой паліцыі пры галоўным камандаванні сухапутных войск вермахта. № 2365/42. Сакрэтна.

Мясцовыя партызаны. Створаныя бальшавікамі на пачатку вайны знішчальныя батальёны з’явіліся асновай зараджэння і развіцця партызанскага руху ў тыле нашай арміі. Рускія стварылі асобныя групы, якія склаліся са старых партызан часоў грамадзянскай вайны 1918—1920 гг., членаў Камуністычнай партыі, старшынь калгасаў, дырэктараў саўгасаў, кіруючых асоб дзяржаўных устаноў, дырэктараў санаторыяў, урачоў (як мужчын, так і жанчын), начальнікаў шахт, афіцэраў і чырвонаармейцаў разбітых часцей Чырвонай Арміі, ваеннапалонных, якія ўцяклі з нашых лагераў, таксама заслугоўваючых даверу асоб з ліку грамадзянскага насельніцтва... Тым часам для росту партызанскага руху склаліся спрыяльныя ўмовы. Напрыклад, становішча сялян усё пагаршалася. Рэквізіцыя вермахтам коней і павозак і адсутнасць сельскагаспадарчых машын надзвычай адмоўна адбілася на апрацоўцы зямлі. Пагалоўе жывёлы з прычыны ўзросшага забою, рэквізіцыі і недахопу маладняку настолькі скарацілася, што сельскае насельніцтва ў цяперашні час можа выконваць пастаўкі з вялікімі цяжкасцямі. Узнікшае ў выніку гэтага нездавальненне часта можна пачуць у выказванні: «Сталін пакідаў нам карову ў пуні, а немцы яе хочуць забраць». Недарэмна адзін пранямецкі настроены бургамістр заўважыў: «Забраная ў селяніна карова азначае з’яўленне двух партызан у лесе». Тым часам становішча рабочага на акупіраванай тэрыторыі яшчэ больш безнадзейнае. Рыначныя цэны знаходзяцца ў такой рэзкай супярэчнасці з атрымліваемай зарплатай, што яе зусім не хапае, каб задаволіць самыя малыя жыццёвыя патрэбы. І калі галава сям’і атрымлівае яшчэ на сябе дадатковае харчаванне, то ягоная сям’я літаральна вымушана галадаць і збіраць апошнія астаткі адзення і хатняга начыння, каб абмяняць іх на прадукты. Вынікам гэтага з’яўляецца нежаданне працаваць, якое, у рэшце рэшт, вядзе да адмаўлення працаваць наогул. Менавіта такое становішча штурхае многіх рабочых, асабліва маладых і нежанатых, у рады партызан, яшчэ горш справы ў бежанцаў з раёнаў баявых дзеянняў. Яны харчуюцца чымсьці, што надта прыблізна нагадвае хлеб, які пякуць з гнілой бульбы, змешанай з мохам і рознымі травамі. Неаднаразова ў часе правядзення аперацыі супроць партызан на абочынах дарог былі знойдзены трупы жанчын-бежанак, якія паміралі з голаду. Таму не дзіўна, што многія з бежанцаў далучаюцца да партызан альбо займаюцца грабежніцтвам, нават ствараюць невялікія групы, якія шастаюць з гэтымі мэтамі па гарадах і вёсках. Разумеючы перамену ў настроях насельніцтва, члены Камуністычнай партыі, што засталіся ў нашым тыле пасля адыходу Чырвонай Арміі, а таксама ўцёкшыя з палону афіцэры вядуць актыўную прапаганду па арганізацыі новых партызанскіх атрадаў і папаўненню ўжо існуючых. Так, напрыклад, у Мсціслаўскім раёне адпушчаны з палону лейтэнант Чырвонай Арміі пад выглядам гарманіста хадзіў з вёскі ў вёску і вербаваў сярод жыхароў байцоў і памочнікаў партызанам... І калі спярша большая частка насельніцтва пасіўна адносілася да падобных вярбоўшчыкаў, дык неўзабаве вусная прапаганда, часта незразумелая абстаноўка на фронце і не ў апошнюю чаргу масавыя лістоўкі, якімі наводнены некаторыя вобласці, далі моцны штуршок да росту партызанскага руху. І другое — калі ў пачатку 1942 года ў акупіраваных вермахтам савецкіх абласцях пачалася вярбоўка на работы ў Германію, таксама адразу ж на гэта зрэагавала бальшавіцкая контрпрапаганда. Прадпрынятае германскім камандаваннем у ходзе нядаўняй зімы скарачэнне лініі фронту (адыход нашых войск ад Масквы) дало новы матэрыял для вуснай бальшавіцкай прапаганды і прымусіла многіх паверыць у тое, што Чырвоная Армія ўсё-ткі вернецца. У сувязі з поспехамі савецкіх войск пад Масквой адбылося ажыўленне партызанскіх дзеянняў. Так, атрад «Дзядзі Міці» здолеў авалодаць раённым цэнтрам Хоцімск, які мяжуе са Смаленскай вобласцю. На шчасце, нашым вайсковым камандам неўзабаве ўдалося рассеяць бандытаў. Атрад «Дзядзі Міці» адступіў, здаецца, у раён Людзінава, а мясцовыя групы, пераважна маленькія, затаіліся ў лясах.

Яшчэ горай магло здарыцца ў Мінску, дзе так званы ваенны савет сумесна з гарадскім партыйным камітэтам зрабілі спробу арганізаваць вялікае паўстанне, сагітаваўшы ў тым ліку і ваеннапалонных у нашых канцлагерах. Толькі намаганнямі СД удалося прадухіліць небяспеку, бо кіраўнікі гэтай акцыі планавалі ачысціць перад наступаючай Чырвонай Арміяй тэрыторыю ад Барысава да Баранавіч. Між тым, напалоханыя работнікі мясцовага грамадзянскага кіравання — бургамістры, служачыя паліцыі парадку не атрымалі ў гэты час ад нас неабходнай абароны...

Як ужо адзначалася намі, цяперашні размах партызанскі рух атрымаў дзякуючы папаўненню яго чырвонаармейцамі разбітых часцей Чырвонай Арміі, у тым ліку і вызваленымі па розных прычынах ваеннапалоннымі. Усе гэтыя людзі асядалі паступова ў вёсках, у калгасах, многія жаніліся на мясцовых дзяўчатах, каб затым лічыцца на ўсялякі выпадак тутэйшымі жыхарамі. Аднак пры стварэнні ўвосень грамадскіх двароў яны не браліся мясцовымі ўладамі пад увагу. Больш таго, калі некаторыя з іх выказвалі жаданне паехаць на работы ў Германію, ім адмаўлялі, спасылаючыся на тое, што ў іх няма бездакорных дакументаў. У дадатак да ўсяго, калі стала вядома, што былыя чырвонаармейцы пройдуць у студзені месяцы ўсеагульны перапіс і будуць альбо накіраваны ў Германію, альбо вернуты ў лагеры ваеннапалонных, зноў партызаны ў лясах атрымалі вялікае папаўненне.

Немясцовыя партызаны... Перш за ўсё бальшавікі накіравалі свае намаганні на тое, каб паставіць падрыхтаваных партызан пад адзінае, свядомае, строга арганізаванае камандаванне, каб аб’яднаць разрозненыя групы і з дапамогай былых чырвонаармейцаў ператварыць іх у надзейны інструмент. Гэтую мэту сёння можна лічыць выкананай.

Цяпер на ўсе ўчасткі фронту, асабліва па тэрыторыі групы армій «Цэнтр», бальшавікі засылаюць сваіх агентаў сістэматычна. І не толькі адзіночак. Засылаюцца таксама невялікія, добра ўзброеныя групы, якім даюцца больш чым канкрэтныя заданні. Пасля выканання заданняў ім дазволена вяртацца назад за лінію фронту, каб даўзброіцца і атрымаць новы рыштунак. Асабліва гэта было распаўсюджана зімой, калі нельга было знайсці пастаяннага прыстання. У апошні час павялічыліся выпадкі, калі бальшавікі закідаюць партызан за лінію фронту ў вайсковай форме і без зброі. Пры затрыманні іх нямецкімі войскамі такія выдаюць сябе за перабежчыкаў. Аб намерах падмацавання асобных партызанскіх атрадаў у сучасны момант яскрава сведчыць факт высадкі 450 парашутыстаў на поўдзень ад Бялыніч. Тым часам буйны партызанскі штаб устаноўлены намі ў вёсцы Лагі, што размешчана на паўночным захадзе ад Оршы. Па самых апошніх дадзеных камандзірам яго з’яўляецца чалавек ва ўзросце 40—45 гадоў, якога ўсе называюць «Дзядзя Косця». Злучэнне гэта складаецца з чатырох атрадаў, якія налічваюць у сабе ад 100 да 150 чалавек, у прыватнасці: 1) партызанскі атрад «Варашылава»; 2) партызанскі атрад «Калініна»; 3) партызанскі атрад «Заворцава»; 4) партызанскі атрад «Заслонава».

Ваенная падрыхтоўка партызан. Узровень баявой падрыхтоўкі партызан у розных атрадах вельмі неаднолькавы. Створаныя ў свой час знішчальныя батальёны былі абучаны, бы рэгулярныя часці, тады як мясцовыя партызаны з ліку насельніцтва акупіраваных абласцей рыхтаваліся ў спешным парадку, каб адно ўбачыць, як валодаць вінтоўкай, ручнымі гранатамі ды яшчэ кулямётам. Затое перакінутыя цераз лінію фронту наземным шляхам альбо на парашутах партызаны маюць за плячамі значную баявую падрыхтоўку. Для гэтага з пачаткам вайны бальшавікі стварылі сетку дыверсійных школ; рэгулярна працуюць падрыхтоўчыя курсы.

Узбраенне і рыштунак... Здабываць зброю для партызан у некаторых раёнах не складала вялікай праблемы з самага пачатку, бо яна ў дастатковай колькасці засталася на месцах баёў і не была сабрана нашымі вайсковымі камандамі. Нават з падбітых танкаў партызаны дэманціравалі прыгодныя кулямёты. Як асабліва небяспечная зброя заслугоўвае ўвагі «партызанен пістоля». Гаворка ідзе пра адмыслова абрэзаную з двух канцоў баявую вінтоўку, якую зручна насіць пад кажухом ці яшчэ якой верхняй вопраткай... Але нядаўна накіраваны з-пад Ціхвіна партызанскі атрад для правядзення баявых аперацый на паўночны ўсход ад Лугі ўжо меў на ўзбраенні 5 ручных кулямётаў, 5 лёгкіх мінамётаў з 15 мінамі на кожны, каля 200 аўтаматаў і 200 аўтаматычных хуткастрэльных вінтовак. Забяспечаны ён быў таксама 250 кг толу і меў 4 рацыі. Больш таго, у розных раёнах, што знаходзяцца на акупіраванай тэрыторыі, самі партызаны стварылі аружэйныя склады. Побач з выкарыстаннем падвалаў заводаў і фабрык, дамоў і зямлянак, яны прыстасоўваюць для гэтых мэт капліцы на могілках, званіцы на цэрквах і г. д. Апрача звычайных выбуховых сродкаў з гадзіннікавым механізмам, электрычнымі і хімічнымі ўзрывальнікамі на чыгунцы Дно — Морына і Дно — Дзедавічы, а таксама для знішчэння аўтамашын на шашы Каўрова — Нураўка партызаны ўжылі нямецкія ручныя гранаты, якія яны злучылі з вялікім зарадам толу. Ад этага зараду была працягнута ў лес доўгая вяроўка, прыкладна метраў на 50 даўжынёй. У справаздачны перыяд лясныя бандыты працягвалі і далей выкарыстоўваць запальныя сродкі, пра якія ўжо гаварылася ў справаздачы ад 15 студзеня 1942 года. Разам з тым, распрацавана новае запальнае прыстасаванне, якое нагадвае свечку даўжынёй у 30 см і таўшчынёй у 3 см. Напаўняецца яна порахам і загортваецца ў вайсковую паперу. Згарае гэтае прыстасаванне за 5 хвілін і дае тэмпературу ў 2000 градусаў. Такое полымя можна патушыць толькі пяском. У сваёй пераважнай большасці партызаны носяць звычайнае адзенне мясцовых жыхароў. Тыя ж, хто далучыўся да іх у вайсковай форме, імкнуцца як найхутчэй набыць шляхам абмену ці гвалтам грамадзянскую вопратку, часцей такую, што носяць мясцовыя людзі ў раёне дзеяння атрада.

Раёны дзеяння партызан. Іх тактыка, забеспячэнне. Па шматлікіх дадзеных, к гэтаму часу вызначыліся як асабліва пагражальныя наступныя раёны дзеяння партызан. Група армій «Поўнач»: 1) лясіста-балоцістая мясцовасць на паўднёвы ўсход ад станцыі Дно; 2) усходняя частка раёна Кудзева; 3) раён Апочкі; 4) мясцовасць уздоўж шашы Чырвонае — Себаж і Апочка — Наваржэў; 5) раён на поўдзень і ўсход ад Пушкінскіх Гор; шашу Пушкінскія Горы — Наваржэў можна праязджаць толькі вялікімі калонамі; 6) лясны масіў на поўдзень ад Гдова; 7) лясны масіў на поўдзень ад Пскова; 8) шаша паміж вёскамі Мараморка і Аканёва; тэрыторыя мясцовай камендатуры Карамышава. Група армій «Цэнтр»: 1) раён на захад ад Вязьмы; раёны на поўнач ад Глушы, асабліва на поўдзень ад вёскі Новыя Тарасевічы; 2) раён на паўночны захад ад Старых Дарог; 3) раён на поўдзень ад Глуска; 4) раён на поўдзень ад Гарадка; 5) раён на ўсход ад Почапа; 6) раён на поўнач ад Бабруйска; 7) раён чыгуначнай лініі Крычаў — Унечы і лясны масіў паміж рэкамі Бесядзь і Іпуць; 8) раён на поўнач і паўднёвы захад ад Смаленска; 9) раён вакол гарадоў Чэрвень і Беразіно; 10) раён на паўночны ўсход ад Полацка, уключаючы чыгунку Полацк — Невель; 11) раён вакол вёскі Лагі, што на паўночны захад ад Оршы; 12) раён на поўдзень ад Віцебска; 13) усе дарогі ў раёне Горкі — Дрыбін з’яўляюцца маршавымі дарогамі партызан з-за лініі фронту; 14) раён вакол Журавіч, на поўдзень ад Магілёва; 15) раён вакол Лепеля; 16) раён на паўднёвы ўсход ад Любані. Група армій «Поўдзень». Тут партызанская небяспека не такая вялікая, як на тэрыторыі армейскіх груп «Поўнач» і «Цэнтр». Тым не менш у наступных раёнах таксама выяўлены партызаны: 1) раён на поўдзень ад Харкава (чырвонаармейцы разбітых часцей); 2) лясны масіў пад Палтавай, што на паўночны ўсход ад Прылукаў; 3) раён вакол горада Ноўгарад-Северскі цалкам знаходзіцца пад панаваннем партызан; агульная колькасць усіх партызанскіх сіл у гэтым раёне складае дзве-тры тысячы чалавек; 4) паўднёвыя раёны Крыма з размешчанымі ў трохкутніку Балаклава — Сімферопаль — Феадосія лясамі, а таксама каля Джанкоя.

Заўвага. Раёны, дзе ў ходзе нашых аперацый асноўныя сілы партызан знішчаны, не ўключаны ў гэтую справаздачу. А такіх аперацый да чэрвеня месяца было праведзена некалькі, сярод іх — «Sumpfiler» («Балотная ліхаманка») з 9 лютага па 9 сакавіка ў Асіповіцкім раёне; удзельнічала Першая пяхотная брыгада СС. На 6 ліпеня прызначана аперацыя «Sumpflute» («Балотная кветка»), у выніку якой маецца на мэце знішчэнне партызан і часцей коннага корпуса генерала Бялова, што дзейнічае ў раёне Дарагабужа і Восава; у ёй ёсць намер выкарыстаць войскі 286-й і 221-й ахоўных дывізій, таксама іншыя падраздзяленні вермахта.

Ад аўтара. Зразумела, што агляд гэты ў канцылярыі начальніка палявой паліцыі пры галоўным камандаванні сухапутных войск вермахта быў зроблены тэндэнцыйна, без ведання, дакладней, без уліку багата якіх акалічнасцей развіцця партызанскага руху на акупіраванай тэрыторыі, і як аб’ектыўны дакумент цяпер намі ўспрымацца не можа. Але па ім і сёння можна адчуць, наколькі пагражальнай праблемай стала для нямецка-фашысцкіх акупантаў барацьба народных мсціўцаў і які шырокі размах яна мела ўжо на пачатку сорак другога года. Дзеля гэтага аўтар і змяшчае яго ў рамане.

 


1979-1983

Тэкст падаецца паводле выдання: Чыгрынаў І. Выбраныя творы: У 3-х т. Т. III. Раманы. - Мн.: Маст. літ., 1984. - 495 с., 1 л. партр.
Крыніца: скан