epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Чыгрынаў

Тайна адной экспедыцыі

І
ІІ
ІІІ
IV


 

І

 

Сведкам эпохі штучных спадарожнікаў Зямлі больш, чым каму, трэба ўспамінаць пра герояў і мучанікаў навукі, справа рук якіх рэалізуецца зараз. Нараджаючыся, новы свет быў заліты крывёю не толькі тых, хто паміраў у барацьбе супраць тыранаў, але і тых, хто заваёўваў прыроду, хто набліжаў нас да перамогі над ёй. Карыстаючыся прадметамі прывычнай тэхнікі — самалётамі, электрычнымі і атамнымі рухавікамі — хто падлічыў, на касцях і крыві колькіх соцень герояў замешана жалеза і алюміній гэтых машын? Некалі французскі астраном, даследчык Марса і Месяца, Каміль Фламарыён падвёў вынік ахвярам і выявіў: з часу братоў Мангальф’е, зрабіўшых першы ў свеце аэрастат — папяровы шар, напоўнены дымам, — і бяспрыкладна смелай спробы разанца Кракутнага і да стварэння першых апаратаў пасажырскай авіяцыі, за дзвесце год, у Еўропе разбілася 650 лятальных апаратаў і ў два разы больш людзей аддало жыццё за тое, каб мы маглі камфартабельна несціся на беласнежных крылах «ТУ-114».

Але ці памятаем мы іх?

Стары свет, забраўшы ў піянераў вялікіх адкрыццяў усё «адчувальнае», што толькі маглі яны даць, і ўзнагародзіўшы падчас нават зорамі «пур лемерыт» і віцмундзірамі тайных саветнікаў, выкідваў іх, часцей за ўсё, на сметнік гісторыі, у петыт энцыклапедычных слоўнікаў, у пыльныя груды архіваў — могільнік пацукоў.

Мала хто памятае зараз імя Андрэ, мала хто памятае чалавека, што праклаў дарогу Амундсену, — хоць некалі імя гэта і было на вуснах кожнага. Яно грымела на плошчах і вуліцах, у залах тэатраў. Тое, што ён задумаў, магло б быць параўнана сапраўды з незвычайнасцю, нават нейкаю ўтрапёнасцю, калі б Андрэ не быў чалавекам, розум якога не меў сабе роўнага ў гісторыі геаграфічных адкрыццяў.

На шары, які можа ў любы момант стаць цацкай вятроў, — на паветраным шары ляцець на полюс. Пранесціся ад краю да краю праз тысячы кіламетраў лёдавай пустыні, перамагчы або загінуць, а магчыма, і тое і другое.

 

 

ІІ

 

У зале Стакгольмскага універсітэта сустракалі Нордэншэльда. Ззянне люстраў і барабанны гром аркестра надавалі сустрэчы тую асаблівую ўрачыстасць, ад якой несла нечым нязведаным і недасягальным.

Нордэншэльд ужо стары. Але голас яго па-ранейшаму свежы і звонкі. Многа дарог прайшоў гэты чалавек. Твар яго стаў бронзавым ад шматлікіх вятроў, але вочы, з якіх усё яшчэ пырскаюць іскаркі неўтаймаванай маладосці, не змагла крануць нават Арктыка.

— У два тыдні пройдзена семдзесят кіламетраў. Яшчэ праз тры — сто... Горы Паўночна-Заходняй Грэнландыі перагарадзілі дарогу. Двое людзей і дзесяць сабак загінулі, — расказвае Нордэншэльд пра сваю нядаўнюю паездку.

Медны голас лунае з аднаго канца залы ў другі, вяртаецца зноў да трыбуны, бударажыць, хвалюе.

А ў гэты час, абрываючы лісткі запісной кніжкі, нікому невядомы шведскі інжынер робіць падлікі. Ён прыйшоў сюды, у гэтую залу, паслухаць свайго славутага суайчынніка і адначасова атрымаць нейкі штуршок, узважыць жыццё гэтага чалавека, каб глыбей заглянуць у сваю даўнюю мару, якую да пары да часу ён трымае ў тайне.

— За цэлую гадзіну не прайсці і паўкіламетра... Не, гэтак нікуды не варта!

На высокім ілбе інжынера то паяўляюцца, то знікаюць густыя маршчыны, рука нервова водзіць блішчасты аловак, з-пад якога на паперу кладуцца слупкі лічбаў і мноства незразумелых ліній.

«Чалавек асуджаны на гібельныя і бясплённыя мукі да таго часу, пакуль будзе імкнуцца к полюсу, вязнучы па калена ў снезе і замярзаючы на ільдзінах, пакуль не ўзнімецца вышэй іх, пакуль не праплыве над імі, як птушка, па паветры», — думае Аўгуст, і ў галаве яго ўсё больш выразна і акрэслена вызначаюцца дэталі будучага апарата. Ён ужо даўно не чуе гукаў аркестра і слоў Нордэншэльда. Позірк яго вачэй накіраваны на невялічкі лісток паперы, дзе намалявана штосьці накшталт шара.

План амаль гатовы і ясны ў агульных рысах. Але аб ім трэба маўчаць. Шырокія і расплыўчатыя здагадкі, пустая фантазія і паспешлівы энтузіязм — добрыя спадарожнікі для пражэкцёраў і майстроў «перпетуум мобіле», але не вартыя для людзей навукі.

У апошні раз пад белакаменнай столлю залы гучыць барабанны гром аркестра. Лікуючы натоўп бурна і весела выносіць на руках Нордэншэльда і... выцясняе на вуліцу інжынера механікі і матэматыкі Аўгуста-Саламона Андрэ.

З гэтага часу рукі і мозг яго не ведаюць спакою. Доўгія вечары, якія раней Аўгуст праводзіў з сябрамі на Эстпландзе, вядомай сваімі першакласнымі кафэ, цяпер паглынала работа. Чарцяжы, формулы. Яны, нібы здані, тоўпяцца перад вачыма не толькі днём, але і па начах, у сне. Невялікі рабочы стол завалены мадэлямі, якія амаль кожны дзень мяняюцца. Дапытлівы розум вынаходцы крэсліць іх і выкідвае. А знаёмыя пры сустрэчы смяюцца:

— Пан Андрэ стаў дзіваком.

Смяецца таксама і чыгунны пачвара Густаў Ваза; да яго калі-нікалі прыходзіць інжынер, каб падзівіцца з металічных карпарантаў, што пацешна б’юцца на бутэльках і рапірах. Тут, ля маўзалея, дзе некалі Свантэ Арэніус — фізік і астраном — разважаў аб велічы Сусвету, цяпер закаханыя шукаюць для сябе ўтульныя мясціны.

Жыццё мяняецца. Мяняецца хутка і неспадзявана, асабліва для Аўгуста Андрэ.

Адзіны сын упсальскага правінцыяльнага чыноўніка хацеў вучыцца. Але бацька быў няўмольны.

— Хопіць глупства. Ідзі на службу ў магістрат. — У адплату за выслугу бацькі тут гатовы былі ашчаслівіць і сына. Пры гэтым зусім нямногае і патрабавалася — дастаткова было мець прыгожы почырк і ўслужлівы характар.

І вось у адзін з дажджлівых восеньскіх вечароў Аўгуст пакідае бацькаў дом, каб парадніцца з нястачай і адчаем. У слясарнай майстэрні, куды ён паступіў практыкантам, плацілі мала, нягледзячы нават на тое, што малады чалавек, які скончыў толькі лэнную школу, здзіўляў усіх незвычайнай вынаходлівасцю і тэхнічнай кемлівасцю. Знаёмыя і сябры расталі, нібы дым, — ніхто не хацеў важдацца з блудным сынам. Пры сустрэчы, гледзячы на чорныя, запэцканыя дзёгцем пальцы, яны ківалі галовамі:

— Пайшоў малады Андрэ ад бацькі, такога шаноўнага і паважанага ўсімі чалавека... і што з ім сталася!..

Жыццё цікавала за ім, спрабавала вылучыць зручную гадзіну, каб сціснуць блуднага сына жалезнымі абручамі, закілзаць цуглямі нястачы і кінуць на сваю шэрую плынь.

Толькі дарэмна. Калі няма хлеба — ёсць летуценні. А ў душы маладога Андрэ іх столькі, што хопіць, каб адрывацца часам ад прывычных упсальскіх вуліц, дзе на кожным рагу за ім сочыць мяшчанскае вока і сыта ўсміхаюцца сваімі мутнымі вокнамі дамы.

Цяпер да яго часта ў думках прыходзіць дзяцінства з яго чароўнымі, дзіўнымі казкамі. Багатая фантазія Андрэ здольна на ўсё. Вырвацца б з ціскоў, у якія хоча заціснуць яго жыццё, вырвацца і ўзняцца вышэй гэтых вуліц, ляцець і ляцець.

Гэтая думка не пакідае яго і тады, калі ён становіцца доктарам механікі і матэматыкі, калі ўжо ведае, што шмат загінула «з’ехаўшых з глузду» смельчакоў, спрабаваўшых адарвацца ад зямлі.

Ды не трагічны канец усіх смелых стрымлівае Аўгуста Андрэ. Па-ранейшаму яго душыць нястача і не дае яна яго фантазіі стаць сапраўднасцю.

Але смелых заўсёды сцеражэ нечаканасць.

Нечаканым і дзіўным было таксама і шчасце Аўгуста. Пасля смерці бацькі ў банку засталіся грошы, накопленыя ім у тайне і... невядома на якія патрэбы.

А ў хуткім часе чыноўнікі Стакгольмскага дзяржаўнага бюро патэнтаў, якім штодзённа даводзілася акуратна падшываць «да справы» дзесяткі ўсялякіх праектаў, зарэгістравалі яшчэ адзін.

— Доктар Андрэ надумаў займацца паветраплаваннем, — перашэптваліся цяпер знаёмыя.

Аднак план усё яшчэ не быў раскрыт. Андрэ здагадваўся, што з яго кпяць і, разам з тым, не ўяўляюць, што азначае гэтае паветраплаванне. Пад насмешлівымі позіркамі знаёмых Аўгуст рабіўся яшчэ больш замкнёным і адзінокім. Ды і што скажаш людзям? Ім трэба паказаць! Толькі тады прымусіш паверыць іх у тую справу, якою жывеш сам. А паколькі зрабіць гэта не так проста, дык самае лепшае — маўчаць і не зважаць ні на кпіны, ні на насмешкі, ні на спачуванні.

1885 год Андрэ праводзіць у Парыжы. Кожны дзень узнімаецца ў паветра, спрабуе разгадаць тайну кіравання шарамі. У вядомай майстэрні Рэнера і Крэбса ўсё да яго паслуг. Тут многа праслаўленых аэранаўтаў. Яны адчуваюць душу Андрэ і гатовы дапамагчы пачынаючаму калегу ўсім.

А ў тыя дні, калі Андрэ застаецца адзін, ён вельмі шкадуе, што на яго радзіме няма вось такіх людзей і што дагэтуль не наладжана там аэрасправа, на якую шведы ўсё яшчэ глядзяць, як на пустую забаву. Перапіска з французскімі вынаходцамі дырыжабля Буласенам і Ленэ ўносіць у праект Андрэ новыя штрыхі і раскрывае перад ім новыя гарызонты.

Надыходзіць пара заняцца і вывучэннем палярнага басейна. І Андрэ едзе ў Трамсё. Там метэаралагічная абсерваторыя. Карты і вынік назіранняў, зробленыя ў ёй, дапамагаюць удакладніць кірункі вятроў, бліжэй пазнаёміцца з кліматам. На гэта ідзе цэлых два гады. Тут жа, у Трамсё, у глухіх і мёрзлых краях, Андрэ сустракаецца з Нільсам Стрындбергам.

Калі Андрэ заканчваў універсітэт, Нільс яшчэ толькі пачынаў вучыцца. Палітыка іх раздзяляла. Стрындберг, нарвежац па крыві, песціў мару аб незалежнасці радзімы, гарланіў: «Гэй, Нарвегія», біўся ў цесных піўнушках-скляпках, размахваючы бутэлькамі і сцяжкамі студэнцкіх карпарацый. Андрэ, наадварот, быў строгі і маўклівы. Ён хмурнеў, слухаючы выкрыкі шавіністаў. Тое, што ён не спачуваў Стрындбергу, было ясна. Але навука, адпачынак у гарах і гукі ражкоў у Грэнвентальскай даліне збліжалі іх. Праўда, Андрэ даўно ўжо шчыра не размаўляў з Нільсам, але сяброўскае пачуццё, якое нарадзілася яшчэ на вуліцах Упсала, не праходзіла.

Рады быў Андрэ, сустрэўшы Нільса ў гэтых глухіх паўночных мясцінах.

— Чуў я, што ты калісьці збіраўся лятаць, — нібы між іншым пацікавіўся Стрындберг.

— Так, збіраўся і збіраюся, — спакойна адказаў Аўгуст. А ў позірку, якім працяў яго Андрэ, Стрындберг прачытаў:

— Ну і што?

Тут жа, у Трамсё, Аўгуст даверыў сваю тайну Нільсу Стрындбергу. Гэта быў першы чалавек, які даведаўся пра самы просты і, разам з тым, самы смелы, нават да вар’яцтва смелы, план.

Гледзячы на вугалі, тлеўшыя ў каміне, Андрэ расказваў:

— Ляцець трэба па прамой: Шпіцберген — Полюс — Берынгаў праліў. Узняцца лепш за ўсё, бадай, на Шпіцбергене, але пачакаць вятроў. Затым, калі яны летам падзьмуць на поўнач, наладзіць шар і на вышыні прыкладна дзвесце метраў ляцець з хуткасцю трыццаць — трыццаць пяць кіламетраў у гадзіну...

Ідэя, распрацаваная ў самых дробязных тэхнічных дэталях, выглядала так. Вялізны шар у 4800 кубічных метраў з папярочнікам у 26 метраў размяшчаўся ў абалонцы з трохслойнай шаўковай тканіны. Парус і гайдроп, які павінен цягнуцца па зямлі, забяспечаць магчымасць хоць да некаторай ступені кіраваць палётам: камбінацыя гэтых двух прыстасаванняў, апрабаваных Аўгустам у 1895 годзе, дазваляе ўхіляцца ад кірунку ветру на 27—28 градусаў.

Няшчасны выпадак — зачэпка ці завязка гайдропа ў ільдзінах, таксама прадугледжаны: канат робіцца ўнізе больш тонкі. Дзе тонка, там і рвецца. Якар, які выпадкова зачэпіцца, тут жа адарвецца ад карзіны.

Карзіна, абсталяваная, як крытая каюта, падымае трайны прыпас гайдропаў, санкі, складную лодку, правізію на чатыры месяцы для трох чалавек, трыццаць паштовых галубоў і столькі ж прыбораў «бутэлькавай пошты». У мора скідваюцца і плаваюць буйкамі бляшанкі з пісьмамі. А каб яны не былі раздаўлены льдамі, напаўняюцца сціснутым паветрам да дваццаці атмасфер. Акрамя таго, побач з чатырма тысячамі кубаў гаручага газу тут будзе палаць, рыхтуючы аэранаўтам абед, спіртавая кухня. Перад прыгатаваннем ежы яе мяркуецца апускаць на канаце ўніз — на дзесяць метраў ніжэй карзіны і на пятнаццаць метраў ніжэй абалонкі шара. Ад «кухні» да карзіны працягнецца эластычная трубка. Унутры яе — шнурок. Пацягнеш за яго — і пры дапамозе спецыяльнай спружыны запалка сама чыркае аб карабок і падпальвае спірт. Падзьмеш у трубку — і ён гасне.

Гэтая віртуозная прадуманасць кожнай дэталі, гэтая бездань дасціпнасці і выдумкі, у дадатак да заведама наіўнага — з нашага цяперашняга пункту погляду, — тэхнічнага матэрыялу і прымушае пакланяцца забытаму генію інжынера Андрэ. Можна здзекавацца зараз з яго «кухні» і «аўтамата-запалкі», але нельга забываць, што задачу палёту на полюс Андрэ вырашыў практычна, у адпаведнасці з тэхнічным стылем сваёй эпохі, вырашыў, давёўшы яе да мяжы магчымасці. Так і аднесліся да праекта гэтага чалавека яго сучаснікі. Ніхто з кампетэнтных у гэтым не палічыў ідэю Андрэ бязглуздасцю, ніхто не пасмяяўся з яе. Наадварот, усе прызналі сур’ёзнасць і рэдкую дакладнасць плана. Нордэншэльд блаславіў маладога калегу і, натхнёны, прапанаваў сябе ў спадарожнікі. Сваякі і знаёмыя ледзь адгаварылі старога. Нават кароль шведскі, улюбёны ў свой запаведнік догаў, і той пакінуў на нейкі час сваіх сабак і паабяцаў «суайчынніку ўсялякае садзеянне». Маладыя людзі ўсяго свету, аматары прыгод, навязваліся Андрэ ў спадарожнікі аж да таго часу, пакуль ён не паведаміў праз газету, што бярэ з сабою сваіх сяброў: Экхольма і Стрындберга.

 

 

ІІІ

 

У пачатку чэрвеня 1896 года шхуна «Вірго», зафрахтованая для экспедыцыі Андрэ, разводзіла пары на набярэжнай Трамсё. Кран, беражліва і павольна, пераносіў на борт шхуны мяккую, схаваную ў тканіну, аграмадзіну — абалонку шара. Андрэ хваляваўся. Капітан шхуны не хацеў адплываць у зюйдвеставы вецер. Для Аўгуста ж гэты вецер быў ратункам — аддаўшыся ва ўладу яго, толькі і ляцець да сваёй мэты, далёкай і заманлівай.

Стакгольмскія карэспандэнты мерзлі тут жа, праклінаючы і праводзіны, і шар з яго пілотам, і полюс з яго страшэнным холадам.

А пад вечар, калі апошнія балоны з газам былі дастаўлены на шхуну, капітан урачыста і важка сказаў:

— Вецер сціх, мы спрачаліся дарэмна!

Андрэ паціснуў яму руку і спакойна загадаў:

— На борт!

Але сталася так, што акалічнасці не дазволілі ў гэты раз адправіцца туды, куды так імкнуўся гэты нястрымны чалавек. Як толькі была зроблена спроба ўзняцца ў паветра, высветлілася: фірма, на якой рабіўся аэрастат, унесла самавольныя папраўкі ў чарцяжы, і шаўковыя сценкі атрымаліся занадта тоўстымі. Цягавая сіла аказалася недастатковай. Неабходна было павялічыць яе.

Цэлы дзень Андрэ ледзь не бегаў па беразе, лаяўся, не звяртаючы ўвагі на суцяшэнні сяброў. Але што зробіш? Прыніжаны і раззлаваны няўдачай, на змярканні ён распарадзіўся адплываць у Трамсё.

Увесь час, пакуль шхуна плыла да берагоў кантынента, інжынер прасядзеў у адведзенай яму каюце, адзін са сваімі думкамі. І толькі калі на гарызонце паказаліся агні Трамсё, ён выйшаў на палубу.

Сустрэўшаму яго капітану порта, жартуючы, сказаў:

— Я недастаткова яшчэ вывучыў мову тунгусаў.

Палёт быў адкладзены на год.

А якім ён здаўся Андрэ доўгім і нудным! Зноў раз’езды, цяганіна і надакучлівыя размовы, падчас з людзьмі, якія не мелі нават малейшага ўяўлення аб задуманай ім вялікай справе і якіх займаў ва ўсім гэтым толькі адзін бок — крыклівая атмасфера, створаная вакол палёту «на верную пагібель». А тут, як назло, яшчэ захварэў прафесар Экхольм, верны яго памочнік. Хвароба прымусіла Экхольма адмовіцца ад удзелу ў экспедыцыі.

У завірусе і дзікай скачцы запоўненых турботамі дзён прайшла восень, затым зіма. Надышла і мінула вясна. Настаў час збірацца. І зноў вакол палёту — сенсацыя. Хвалюецца не толькі Швецыя — хвалюецца ўся Еўропа.

Андрэ быў рады. Рады былі і гаспадары гётэборгскіх гасцініц, перапоўненых шматлікімі прадстаўнікамі «сталічнага свету». Прыехаў на праводзіны і Нордэншэльд. Расчуліўся стары і доўга плакаў.

Пакуль на кананерку «Свенскзунд» пагружалі экспедыцыйную маёмасць, Андрэ блукаў між прычальных слупоў, удыхаючы смалу і соль; усе тут праводзілі яго ў дарогу і ніхто... Ён быў адзінокім, адзінокім усё жыццё; пражытыя гады мінулі, нібы ў тумане. Але ён не думаў пра гэта. Ён хваляваўся за сваіх спадарожнікаў, за тых, хто быў гатовы падзяліць з ім невядомае. Экхольм так і застаўся хворым. Новы спадарожнік, інжынер Ялмар Фрэнкель, малады і зусім незнаёмы, парэкамендаваны яму Нордэншэльдам.

Нельга было таксама адмовіць, як нельга было і рассмяяцца ў твар зяцю Нордэншэльда, капітану Сведэнборгу, што напрасіўся суправаджаць экспедыцыю аж да самых астравоў. Сведэнборг песціў мару таксама ляцець на полюс — хвароба Экхольма падала яму надзею: а ці не мог захварэць у апошні момант яшчэ хто-небудзь? Капітан накручваў вусы — ён плыў «кандыдатам» і шчыра жадаў, каб яго шчаслівыя канкурэнты яшчэ тут, на набярэжнай, скруцілі сабе галовы.

Праводзіны і ўрачыстасць некалькі злавалі Андрэ. Ён ніколі не згадзіўся б адпраўляцца адсюль. Ён хацеў бы сесці на «Свенскзунд» у ціхім Трамсё і шкадаваў, што гэта ад яго не залежыць.

Чыясьці рука мякка дакранулася да спіны інжынера. Перад ім стаяла дзяўчына.

— Беражыце яго, Аўгуст, дарагі, — шаптала яна. — Толькі верачы ў вас, я адпускаю майго хлопчыка...

Андрэ спачатку не разумеў, чаго хоча ад яго гэтая фрэкен. Але па тым, як яна глядзела на Стрындберга, здагадаўся — гэта Нільсава нявеста. Той часта расказваў аб ёй, але так і не пазнаёміў.

Стрымліваючы здрадніцкае перасмыкванне шчок, Андрэ адвярнуўся і пакрочыў да кананеркі. Крапасныя гарматы аддалі салют, і на «Свенскзундзе» ўзвіўся гюйс і вымпел.

Да астравоў плылі не вельмі доўга.

Але вецер... Ён дзьмуў з паўночнага захаду. Наўкола гулялі раз’юшаныя хвалі, і толькі метэаралагічныя назіранні суцяшалі: усхваляваны цыклонам, акіян павінен хутка супакоіцца. Вецер зменіць кірунак. А пакуль — Стрындберг чакае ад сваёй нявесты пісьмаў, Фрэнкель і Сведэнборг рэжуцца ў карты, і ўсе нібы забылі, чаму плылі сюды, з якою мэтай спяшаліся ў Акіян смерці...

Дні ішлі, лета праходзіла. Андрэ бачыў, якімі вачыма глядзелі на яго адарваныя ім ад усяго жывога, паверыўшыя ў яго справу людзі. Ён заўважыў таксама, як ледзь-ледзь прыкрытай ухмылкай змяіліся вусны і здзекваліся схаваныя пад дзяснамі жоўтыя клыкі рэзідэнта, што час ад часу наведваў Дацкі востраў.

— Эол і Барэй у змове супраць вас: не хочуць пускаць у сваё буйнае царства, — ад яго жартаў несла пахам семінарскай латыні, а ўваччу струменілася:

«Дурань, ты змог сваімі штучкамі перавярнуць цэлую дзяржаву, ты парушыў спакой усяго свету. Пачакай жа, хутка раскрыецца ўся твая бязглуздзіца і цябе з тваімі спадарожнікамі засадзяць, як пудзіл гарохавых, у жалезны дом...»

Сутаргава, да болю ў зрэнках, Андрэ ўглядаўся з дня ў дзень у чашкі анемометраў і хваляваўся. Нарэшце ў паветры адчулася штосьці няўлоўнае, новае. І раптам чашкі на мачце закружыліся ў адваротны бок. Нібы электрычная іскра прабегла па маленькаму драўлянаму доміку, і Фрэнкель рэзка адсунуў убок карты, а на твары яго выступіла бледнасць, якую бяссільны быў сцерці нават бляск толькі што выйграных у Сведэнборга крон і ёрэ.

Тры дні і тры ночы набухаў вадародам шар. Пругкі і блішчасты, як лысая галава волата, нібы загнаны ў клетку раз’юшаны звер, ён ірваўся праз драўляныя скляпенні.

А ў нядзелю рэзкі свісток парахода адарваў позірк людзей, занятых падрыхтоўкай да палёту, у бок мора. Паштовы пакетбот уваходзіў у гавань. Быў поўдзень. Вецер ачысціў неба ад хмар, пад сонечнымі праменнямі ззялі ледзяныя шапкі гор.

Апошняя пошта, апошняе «бывай» з Еўропы. Андрэ ўскрываў пісьмы хутка, чытаў няўважліва. Вось пісьмо ад Нордэншэльда. «Мара гэта нязбыўная, — пісаў жаласлівы стары.— Трымайце курс на мыс Бароу ў Алясцы, там вы знойдзеце цёплае жыллё і людзей». Далей ішлі тэлеграмы, пісьмы, газеты, зноў тэлеграмы. І адна — «катэгарычна раю даведацца, ці ёсць на полюсе цвёрды кантынент, а калі ёсць, то абавязкова вазьміце ўзоры горных парод і карысных выкапняў».

Узвод марской пяхоты, які толькі што высадзіўся на бераг, паходным маршам падыходзіў да ангара. Медныя трубы аркестра раздзіралі на кавалачкі цішыню.

«Згодна з рашэннем, у нядзелю, 11 ліпеня 1897 г., у 10.35 раніцы, — пісаў Андрэ, — мы заняліся падрыхтоўкай да палёту, і ў гэтую мінуту, у 2 1/2гадзіны апоўдні, гатовы ляцець».

Аддаючы напісанае капітану, Андрэ абняў бывалага марака і рашучым крокам узышоў па лесвіцы, каб заняць у кашы сваё месца.

Пятнаццаць чалавек асцярожна адвязалі канат. Шар ірвануўся ўверх і павіс на апошніх вяроўках, метраў у пяці над зямлёй.

— Інжынер, мы павінны назваць ваш аэрастат «Арлом», — крыкнуў капітан і пачуў адказ:

— Хай будзе так...

Аркестр зайграў гімн. А калі прагны вецер падхапіў і панёс шар прама на поўнач, абрываючы апошнюю сувязь з зямлёй, Нільс Стрындберг сунуў у рукі Андрэ пісьмо, атрыманае перад гэтым ад сваёй нявесты.

«Дарагі Нільс, — пісала яна. — Усё скончана, і вы ўжо ляціце на полюс, мой маленькі герой. Швецыя будзе помніць імёны Андрэ, Фрэнкеля, Стрындберга, будзе ганарыцца імі не менш, чым імем Густава Вазы. Мой Нільс, перад вашымі справамі і славай дробязнымі і бескарыснымі пакажуцца справы ўсіх Карлаў і Напалеонаў. Яны пралівалі кроў. Вы ж адкрыеце нам невядомы свет. Вы — герой, і я не ведаю, ці дастойна быць вашай жонкай. Нільс, хлопчык, калі ж мы ўбачымся? Я доўга трымалася і вось адчуваю — больш не ў сілах. Нільс, хлопчык, вяртайся да мяне хутчэй...»

Паклаўшы галаву на калені Андрэ, Нільс плакаў.

А ў гэты час зачараваныя і скамянелыя людзі на Дацкім востраве глядзелі на знікаўшую за гарызонт чорную кропку. І калі яна схавалася, усе адчулі нясцерпны боль у зацёкшых шыях.

 

 

* * *

 

Ішоў час. Прыціхлы свет, выправадзіўшы Андрэ і яго спадарожнікаў, чакаў вестак. Але іх не было. На ўсім узбярэжжы акіяна вяліся назіранні. Аб’ява Рускага геаграфічнага таварыства, прызначаная для расклейкі ў мясцовасцях Паўночнай і Усходняй Сібіры, апавяшчала ў тыя дні:

«Вятры могуць занесці шар гэты ў Расію ці Сібір, дзе ў такім выпадку людзі, якія знаходзяцца ў кашы шара, дадуць магчымасць яму спусціцца на зямлю, як гэта паказана на малюнку, уяўляючым спуск паветранага шара ў аколіцах Пецярбурга.

...Паветраны шар не можа прычыніць шкоды нават дзецям. Таму не толькі не трэба асцерагацца шара, — а тым больш людзей, якія знаходзяцца ў кашы, — але неабходна дапамагчы ім ласкавым і добрым прыёмам, як дарагім гасцям».

Хваляванне, звязанае з палётам «Арла», не пакідала людзей увесь 1897 год. Але дарэмна шукалі яны на старонках газет вестак аб Андрэ і яго верных спадарожніках...

 

 

IV

 

Прайшло шмат год.

За гэты час паспеў загінуць піянер авіяцыі Ота Ліліенталь, які начапіў на сябе фігурныя крылы і скочыў з Ман-Менільскай гары, пакінуўшы нашчадкам, як навуку, дыяграму сувязі паміж лабавым супраціўленнем і пад’ёмнай сілай крыла, сваю паляру, вымучаную і аплачаную жыццём. Авіяцыя імкнулася наперад па касцях Андрэадзе, Мацыевіча, Несцерава.

У марознай імгле Ледавітага акіяна і ў такім жа густым і раз’юшаным віры новых дзён зніклі, згінулі назаўсёды Андрэ і яго спадарожнікі.

А людзі, нарэшце, адкрылі полюс.

Але хто?

Па заліву Эванса, дзе сутыкаюцца землі Бафінава, Саутгетманава і Лабрадор, між таросамі шыбавалі нарты. Сабакі, запрэжаныя ў іх, беглі прама на захад, туды, дзе пачынаецца Гудзонаў заліў. Апоўдні чалавек, што сядзеў на нартах і якога ў Даніі называлі Кнудам Рамусенам, паглядзеў на сектант і ўбачыў — той паказваў каля двухсот кіламетраў пройдзенага за ноч шляху. Яшчэ дзве гадзіны хуткай язды, і перад вачыма вырасла факторыя, за якой віднеўся паштовы пост.

Гэта быў мыс Рэзалюйшын, што азначае «Рашэнне» — рашэнне ісці далей па прывабліва гібламу шляху.

Вялікі Гудзон рассцілаўся ва ўсе канцы.

Рамусен доўга стаяў, любуючыся краявідам. Затым накіраваўся ў будынак. Адчыніў дзверы і ледзь не збіў з ног дзікаватага чалавека, захутанага ў скуры. З-пад іх выглядвалі толькі вочы, мутныя, з крывавымі жылкамі, ды кавалачак шчакі, жоўтай і зморшчанай. Не слухаючы слоў прабачэння, чалавек закрычаў штосьці і збег уніз.

— Хто гэта? — спытаў Рамусен у каменданта факторыі.

— Невядома хто. Называе сябе пастарам. Гаворыць, трыццаць год не бачыў еўрапейцаў.

Камендант на момант задумаўся, нібы ўспамінаючы штосьці, затым зусім ціха дадаў:

— Вяртаецца паміраць на радзіму...

Увечары, калі Рамусен сядзеў каля распісанага чароўнай папараццю акна і слухаў радыё, увайшоў клерк:

— Пастар памірае. Просіць зайсці на два словы.

Рамусен кіўнуў у знак згоды і пачаў апранацца.

У лячэбніцы, уткнуўшыся жоўтым тварам у падушку, ляжаў чалавек, да якога ўшчыльную падкралася смерць. Каля яго стаяў доктар, адзіны на ўсе гэтыя сто тысяч квадратных кіламетраў. Тут жа знаходзіўся і клерк. Чалавек паміраў.

У паўзабыцці ён намагаўся штосьці сказаць, але голас яго зрываўся. Доктар уліў у яго васковую руку, пакрытую сінімі жыламі, камфару і паднёс шклянку з грогам.

Пастар на момант ажыў. Зноў загаварыў, але цяпер ужо гучней.

— Раскажыце ў Еўропе... У 1900 годзе накіраваны сюды місіянерскай службай Таранта, я паехаў далёка за Гудзон, к праліву Ланкастэра, дзе, як мне казалі, жывуць плямёны эскімосаў, што ні разу не сустракалі белых. Гэта аказалася няпраўдай: яны бачылі белых, яны нават стралялі ў іх з лукаў. Але мяне пашкадавалі. Дапамагло заступніцтва майго спадарожніка, іх родзіча, трапіўшага некалі ў Канаду і вывучаўшага англійскую мову. Мяне пашкадавалі, але ўзялі ў палон і павялі з сабой яшчэ далей, туды, дзе зараз размешчана факторыя Манмаранскі-Лэк. Там былі толькі лёд ды пустыня...

Пасля тыднёвага прабывання ў дружалюбным палоне мой спадарожнік-эскімос, які неадлучна знаходзіўся пры мне, сказаў, што са мной будуць размаўляць правадыры клана. Я пайшоў. Старыя і хітраватыя фізіяноміі эскімосаў не зычылі нічога суцяшальнага.

«Ці праўда, скажы нам, — пачаў адзін з іх, відаць, важак, — што ў далёкай краіне, дзе жывуць вашы белыя людзі, бываюць вялікія шатры, якія лятаюць па паветры, нібы птушкі?»

Я адказаў, але нават і не падумаў, чаму задалі мне такое пытанне дзікуны. Назіраючы за тым, як слухалі яны перакладчыка, я заўважыў, што эскімосы насцярожыліся і з нейкай трывогай пераглянуліся.

«А ці праўда, — змяніўшымся голасам зноў спытаў важак, — што шатры гэтыя зроблены з тонкай скуры, якая з выгляду зусім не падобна на скуру звяроў?»

І на гэтае пытанне я адказаў... І тады, спяшаючыся і перабіваючы адзін другога, насядаючы на майго эскімоса, яны расказалі жахлівую гісторыю, з якой я зразумеў толькі, што... за некалькі гадоў да маёй размовы на тэрыторыі іх клана, прыблізна на 65° паўночнай шырыні і 90° заходняй даўжыні, спусціўся з неба паветраны шар. З яго выйшлі белыя людзі. Іх было трое. Гэтыя здані, як называлі іх эскімосы, хацелі спытаць штосьці, але іх ніхто не разумеў...

Пастар больш не мог гаварыць. На яго зноў найшло забыццё.

І доктар і клерк, палічыўшы, што яны ўсё ўжо зрабілі для паміраючага, выйшлі. Каля пасцелі застаўся адзін Рамусен.

Пасля поўначы пастар закончыў расказ эскімосаў.

«Белыя прыкладвалі да пляча нейкія блішчастыя трубкі і выкідвалі з іх агонь, забіваючы птушак. Злыя духі запаланілі гэтых людзей, і мы вызвалілі іх ад наслання...»

— Што ж вы зрабілі з імі? — спытаў я.

«Мы іх забілі»...


1957

Тэкст падаецца паводле выдання: Чыгрынаў І. Выбраныя творы: У 3-х т. Т. 1. Апавяданні /Аўт. прадм. В.Каваленка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - 366 с., 1 л. партр.
Крыніца: скан