epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Чыгрынаў

У баку ад дарогі

Снарад упаў каля дарогі неспадзявана — прыляцеў аднекуль, і ніхто нават не пачуў. Асколкамі былі забіты чацвёра салдат з другога ўзвода і паранены ў жывот камандзір роты Сямён Кажанаў. Пакуль хавалі забітых, санінструктар перавязаў параненага.

Капітан ляжаў крокаў за сто ад дарогі, на паляне, куды яго перанеслі салдаты. Ён доўга не мог гаварыць, толькі стагнаў, хоць болю вялікага і не адчуваў: адно пякло ўсярэдзіне. Хацелася піць. І яшчэ хацелася пабачыць свайго палітрука.

— Дзе палітрук? — нарэшце спытаў ён і здзівіўся — голас дрыжаў і быў слабы.

Палітрук стаў у галавах.

— Ну вось, камандаваць я, відаць, не здолею ўжо, — сказаў камандзір роты. — Давядзецца вам. — Ён так і не паспеў прывыкнуць гаварыць свайму новаму палітруку «ты».

Палітрук пераступіў з нагі на нагу.

— Параненых многа? — спытаў Кажанаў.

— Толькі вы...

Капітан паварушыўся і застагнаў.

Палітрук кашлянуў.

— Ну, што вы стаіце? Камандуйце! — нібы зазлаваў капітан.

— Але мы вас... вымушаны будзем пакінуць, — пачаў, збіваючыся, палітрук. — Санінструктар кажа, што браць вас у дарогу нельга. У вас такая рана... Трэба ляжаць... Толькі ляжаць!..

Капітан раптам адчуў, як недзе на патыліцы выступіў халодны пот.

«Значыць, я безнадзейны, — ужо са страхам падумаў камандзір роты. — Але ж як гэта!..» Яму зрабілася крыўдна, з кутка правага вока паказалася сляза і пакацілася, халодная, па бледнай шчацэ.

— Не трэба, Сямён, не трэба!.. — ціха сказаў палітрук і азірнуўся.

Тым часам падалі каманду.

— Ро-о-та, станавісь!

Салдаты загаманілі і пабеглі, як школьнікі, к дарозе.

Палітрук паклаў побач з параненым палявую сумку, зверху — наган у расшпіленай кабуры.

— Недалёка ўжо вёска. Адтуль прыедуць і забяруць вас. Мы папросім. Абавязкова забяруць.

— Ладна, вядзіце людзей. Трэба хутчэй на левым беразе быць.

Палітрук пастаяў яшчэ трохі.

— Я тут палажыў ваш наган... вось, на сумцы... — сказаў ён напаследак і пайшоў.

Кажанаў памацаў правай рукой кабуру, выняў наган.

«Эх ты! — са злосцю чамусьці падумаў ён пра палітрука. — Толькі не, я хачу пажыць яшчэ, чуеш, палітрук! Я хачу пажыць!» І адкінуў ад сябе наган.

Неба, што вісела над палянаю, было чыстае, без аблачынак. Сямён колькі часу адчужана глядзеў на блакіт, потым заплюшчыў вочы. Ён баяўся смерці, чорнай, як ноч, якая збіралася праглынуць яго.

...Хтосьці тупаў паблізу — крокі былі асцярожныя і мяккія, быццам на паляне хадзіў звер.

Туп-туп... шам-шам...

Сямён не варушыўся. Адольвала дрымота. Павекі былі цяжкія, як налітыя свінцом.

«Вось гэтак, напэўна, і паміраюць», — падумаў ён.

Нарэшце расплюшчыў вочы і адразу ж убачыў незнаёмага салдата, які стаяў, павярнуўшыся спіной да яго. Кашляў. Салдат здрыгануўся, уціснуў галаву ў плечы і застыў на момант на месцы, быццам чакаў удару.

— Ты адкуль? — Капітан аблізаў гарачым языком перасохлыя губы.

— Я?.. — Салдат павярнуўся: быў ён сярэдняга росту, малады — гадоў, можа, нямнога за дваццаць, чарнявы, з загарэлым круглым тварам.

— Ты...

Салдат паціснуў плячамі і разгублена ўсміхнуўся.

— А я думаў, што вы... — пачаў быў ён.

— Нежывы?

— Ага, — прызнаўся хлопец.

— А што, няўжо на мёртвага падобны стаў?

Салдат сумеўся.

— Маўчыш? Добра, не гавары. — Кажанаў рады быў, што побач апынуўся чалавек.

— Ты чаму адзін?

— Па мяне скора прыедуць.

Салдат насцярожыўся:

— Тады ляжы, а я пайду, — сказаў ён і падняў з зямлі Сямёнаў наган. — Твой?

— А дзе твая вінтоўка?

— Вінтоўка? — Салдат на момант задумаўся. — Там! — І ён махнуў рукой цераз плячо.

— Кінуў?

— А табе што?

Кажанаў паспрабаваў прыўзняцца на локцях, але страшэнны боль рэзнуў па жываце; капітан сцяў зубы, але не застагнаў. Перад вачамі паплылі кругі, у галаве зашумела; зрабілася моташна. Сямён счакаў трохі і ўжо слабым голасам сказаў:

— Дэзерцір!..

Пасля заплюшчыў вочы — боязна было заставацца на паляне аднаму. Мінала хвіліна, другая... Але салдат усё не адыходзіў.

— Не, ты ўсё ж скажы, капітан, чаму ты адзін ляжыш тут? — спытаў салдат.

— Я ж казаў, па мяне абяцалі прыслаць.

— Не, цяпер не дачакаешся. Немец кругом. Ты пра гэта ведаеш, капітан?

— Прышлюць...

— А-а-а, усё роўна, — махнуў рукой салдат. — Цяпер не да гэтага. — Ён раптам сеў на зямлю, выняў з кішэні махорку, загорнутую ў газету, пачаў закурваць. — Кажуць, рана ў жывот самая небяспечная бывае, — праз нейкі момант разважліва сказаў ён.

— У цябе вады не знойдзецца?

І раптам на дарозе, якраз насупраць паляны, неспадзявана спынілася машына: матор не выключаўся, ён гурчаў на малых абаротах. Салдат ускочыў, загарэлы твар яго прыкметна пабялеў.

— Гэта па цябе прыехалі, — неяк спалохана прамовіў ён.

Чакалі доўга. На паляну ніхто не прыходзіў.

— Схаджу пагляджу я, — нарэшце сказаў салдат, сунуў у кішэню Сямёнаў наган і знік паміж соснаў.

Неўзабаве на дарозе пачуліся галасы.

— Вы па капітана прыехалі? — пытаўся салдат.

— Які там яшчэ капітан?! — Голас быў сіпаты, як прастуджаны.

— Паранены.

— Цяпер параненых многа.

— Ты мне хвастом не віхляй!

— Пастой, пастой, а ты хто такі?

— Не твая справа! А раз ездзіш на санітарцы, дык і падбірай параненых.

— Няма куды.

— А я от зараз пагляджу.

— Не совай нос, куды не просяць! Кажу, не адчыняй!

— Не крычы!

— Цеплюкоў, вылезь ты ды дай гэтаму ў зубы. Дай, а то ў мяне адна рука занятая. Дай, пакуль я тут завінчу гайку.

Ляснулі дзверцы кабіны.

— Ты што гэта прыстаў як банны ліст? — пачуўся глухі бас. — Схавай свой наган!

— Ты мяне не палохай, — не здаваўся салдат. — Капітана забірай.

— Сказана, няма куды.

— А вы пакажыце, што везяце?

— Малая шышка, каб паказваць.

— Ну, тады далёка не ад’едзеце — страляць буду па колах.

— Цеплюкоў, адбяры ты ў яго пукаўку, — зноў умяшаўся сіпаты голас.

— Хай паспрабуе!

— І паспрабую.

Але да бойкі не дайшло. Хтосьці трэці сказаў:

— Кінь ты яго, Цеплюкоў. Сядай, паедзем. Як ты там, Трунаў, завінціў сваю гайку?

— Круці.

Машына газанула раз, другі, і шум матора пачаў аддаляцца...

Салдат вярнуўся на паляну злосны, у руцэ ён трымаў наган, які быў на ўзводзе.

— Гэта танкетка была, — схлусіў ён, мусіць, не здагадваючыся, што капітану было чуваць адсюль кожнае слова, якое толькі што гаварылася на дарозе. — А ты ж знаеш, там і месца няма, каб палажыць чалавека. А хлопцы, калі пачулі, што ты паранены ляжыш тут, усё думалі-гадалі, як узяць цябе. Ды каб жа месца было...

Ён гаварыў гэта, баючыся падняць свае вочы на параненага капітана. Кажанаў тым часам слухаў і маўчаў — на душы ў яго было прыкра і крыўдна. Салдат пачакаў трохі, пасля зноў загаварыў.

— А ты, капітан, не трывожся, — пачаў супакойваць ён. — Раз абяцалі твае, што прышлюць каго-небудзь, значыць, не падмануць. Гэта ўжо як заўсёды... Толькі ты не хвалюйся. Ляжы і не хвалюйся.

...Недзе ішлі і перагаворваліся людзі.

— Пархвен, трымайся дарогі, ступай збоч яе, — казала жанчына.

— Сказана ж было, што трохі воддаль...

Галасы раслі, набліжаліся. Сямён прыслухоўваўся, чакаў, пакуль людзі падыдуць. Нарэшце жанчына гукнула зусім блізка:

— Пархвен, ідзі сюды, знайшла!..

Спачатку на паляну выйшла жанчына. За ёй, праз якую хвіліну, паявіўся Пархвен. Жанчына была яшчэ маладая — высокая, спраўная. У руках яна трымала падушку, загорнутую ў паласатую посцілку. Мужчына выглядаў намнога старэй за яе і кульгаў на левую нагу — яна ў яго амаль не згіналася. На плячы ён нёс сякеру.

— А мы тут з ног збіліся, шукаем цябе, — сказаў, як знаёмаму, Пархвен, калі падышоў да параненага. — Сам жа хоць ці можаш падняцца?

Сямён пакруціў галавой.

— Ты што, не бачыш? — папракнула Пархвена жанчына. — Не да хадзьбы яму. — Яна палажыла на зямлю сваю ношу.

— Нічога, мы вылечым, — паабяцаў Пархвен. — Ты, Гапка, пабудзь з ім тут, а я пабягу, месца пагляджу.

— Мы вас будзем пераносіць адсюль, — сказала жанчына, калі засталася адна з параненым. — Можна было б і ў вёску, але ж вялей ад бяды далей. Ды нічога, вы не надта хвалюйцеся. Абы жывы былі, здаровы. Пасля перавязём вас у хату. Гэта толькі на пару якіх дзён вы застанецеся ў лесе. — Яна стала над капітанам, і на твары яе была спагада да яго. — А Міцька па доктарку пайшоў. Тут недалёка. Кіламетры два якія прайсці. Гэта Міцька нам і сказаў, што вы тут. Прыйшоў і сказаў. А Вераніка хутка прыйдзе... Гэта я пра доктарку,— растлумачыла жанчына. — Міцька яе абавязкова знойдзе. Яна ў нас харошая і не пабаіцца прыйсці. Мы з ёй за братамі... абедзве... Дык мой запрошлым летам памёр... Узімку прастудзіўся, у паніўку праваліўся, а ў маі як лёг на пасцелю, то і не падняўся ўжо. А Веранікін Грышка цяпер недзе таксама ваюе.

Сямён маўчаў. Жанчына ўздыхнула:

— А самі ж адкуль будзеце?

— У Магілёве жыў.

— Глядзі ты, — нібы здзівілася жанчына.

Тым часам вярнуўся Пархвен. Ён прынёс дзве доўгія палкі, падняў посцілку з зямлі, разгарнуў, пакруціў у руках і пачаў майстраваць насілкі.

— Пархвен, — сказала жанчына, — а ён з Магілёва. Можа, і твайго Петрака калі бачыў? Ты пагаварыў бы з ім. Можа, і сапраўды бачыў.

— Можа, і бачыў, — згадзіўся Пархвен. — Але ты, Гапка, злітавалася б, памаўчала ўжо. А то любіш пагаварыць.

Насілкі Пархвен рабіў доўга — так здалося Сямёну. Стары крактаў, прымерваўся, ляпаў сякерай. Нарэшце Пархвен заторкнуў за вяроўчаты пояс сякеру і сказаў жанчыне:

— Гапка, бяры яго за ногі, а я пад пахі буду.

Клалі яны параненага на насілкі асцярожна, але боль прычынілі яму. І ён адчуваў гэты боль усю дарогу, пакуль яго неслі. Сціскаў зубы, стагнаў. Пакутліва перажываў любы штуршок. А штуршкоў было шмат за дарогу, бо Пархвен моцна кульгаў, і кожны яго крок аддаваўся нясцерпным болем у Сямёнавым жываце. Нарэшце штуршкі перасталі — насілкі былі каля будана, але паранены нечакана страціў прытомнасць і ўжо не чуў, як яго ўладкоўвалі ў будане. Калі ж да яго зноў вярнулася прытомнасць, ужо вечарэла. У будане была адна Гапка. Яна сядзела, схіліўшыся над ім, і выцірала мокрым ручніком яму твар.

— А мой жа ты родненькі, — узрадавалася яна. — Мы тут з Пархвенам не ведалі, што і рабіць... Штосьці доўга няма Міцькі... Дзе тая Вераніка?

— Піць... — папрасіў Сямён.

Жанчына з палёгкаю ўздыхнула.

— Ды дам я табе піць! — Яна рада была, што чалавек нарэшце расплюшчыў вочы. — І есці Пархвен прынясе, скора ўжо прыйдзе.

Гапка дастала з-за спіны бутэльку з вадой і пачала паіць параненага, прыгаворваючы:

— Пі, родненькі, пі...

Але вада ў горла не ішла — халодная, яна расцякалася на схуднелым капітанавым твары, вылівалася на падушку. Чалавек пакутаваў ад смагі. Усярэдзіне ўсё, здавалася, перагарэла на попел, а ён не мог праглынуць ні кропелькі. Рыльца бутэлькі толькі коўзалася ды ляскала па зубах. Нарэшце жанчына адняла ад Сямёнавых губ ліпкую бутэльку, паглядзела на яе — ці многа чалавек адпіў, затым паставіла на ранейшае месца. Ручнік, якім яна перад гэтым выцірала Сямёнаў твар, ляжаў у яе на каленях. Яна ўзяла яго і зноў пачала выціраць рот, шчокі, лоб. Пасля паправіла падушку.

— Нічога, родненькі, нічога, — супакойвала яна. — Скора прыйдуць нашы, а ўжо ж не забавяцца, прыйдуць.

Але капітан быў на дзіва спакойны. Мусіць, спакой да яго нечакана прыйшоў разам са слабасцю, якую ён адчуў толькі цяпер, у будане. Ляжаў, утаропіўшы позірк у вільчак будана, дзе праз ліпавае вецце праступалі блакітныя лапікі неба. Наўкола стаяла цішыня.

Змяркалася хутка. Наступала ноч. У будане ўжо ныў камар.

 

...Стары Пархвен, доктарка Вераніка і Міцька прыйшлі разам, калі ў лесе было зусім цёмна. Пархвен прынёс з сабой вялікі рабрысты ліхтар. Ён запаліў яго, і цемра адступілася ад будана.

— Ну, як вы тут? — спытаў Пархвен.

— Вады папрасіў ужо, — пахвалілася Гапка: яна толькі што вылезла з будана і стаяла, сашчапіўшы рукі, ля ўвахода.

— А вады дык і не трэба даваць было, — занепакоілася Вераніка. Голас у доктаркі быў грудны, ціхі; яна тут жа забралася ў будан і паклала сваю халаднаватую руку Сямёну на лоб. — Трэба яго з будана неяк вынесці. Тут няма дзе развінуцца. Дзмітрый Антонавіч, памажыце.

Чалавек, якога Вераніка назвала Дзмітрыем Антонавічам, прысеў на кукішкі, заглянуў у будан, і капітан пазнаў у ім таго дэзерціра, з якім яны размаўлялі ўдзень. Толькі цяпер ён быў не ў вайсковым адзенні.

«Значыць, гэта той самы Міцька, пра якога гаварыла жанчына, — падумаў Сямён. — Ён і расказаў гэтым людзям пра мяне...»

Міцька ўсміхнуўся, паказаўшы свае няроўныя, са шчарбацінай зубы, і гарэзліва падміргнуў капітану.

— Трымайце, толькі асцярожна, — папярэдзіла доктарка.

З будана параненага выцягнулі на посцілцы. Перад буданом ужо ляжаў ахапак сена, які прынёс сюды з недалёкіх лугоў Пархвен. На сена цяпер і палажылі капітана. Доктарка памыла рукі — ёй палівала з гляка Гапка — і стала разразаць нажніцамі скрываўленыя бінты. За «асістэнта» ў яе быў Пархвен. Міцька не вытрымаў і адышоўся: яго палохала рана. Гапка таксама нядоўга трымалася — як убачыла жывот, на якім запяклася чорная кроў, то закрыла вочы рукой, ступіла колькі крокаў назад і нібы застыла на адным месцы, нават не паспрабавала выцерці слёзы, што каціліся з яе вачэй. Вераніка рабіла доктарскую справу моўчкі, толькі зрэдку кідала слова-другое. Адзін Пархвен гаварыў не змаўкаючы, быццам хацеў замовіць чалавека, што бездапаможна ляжаў перад ім на сене, адцягнуць яго ўвагу, прыглушыць боль.

— І ўсыпалі ж сягоння немцам чырвонаармейцы, — расказваў ён. — Ужо перад самым вечарам. Якраз калі я ішоў адсюль у вёску... страляніна была. Ну, думаю, не далей як ля ракі. А як пачуў пасля, дык і сапраўды там. Акурат ля ракі.

— Трымайце вышэй ліхтар...

— Нашыя з Ганчароў вярнуліся, бачылі. Кажуць, немцы пад’ехалі да ракі і спыніліся. Пакуль перапраўляцца на той бераг, пакупацца рашылі. Цёпла, нават машкары няма. Гагочуць, бегаюць голыя. Ажно не так-то яно выйшла.

— Падайце яшчэ бінту...

— Нейкая наша часць наскочыла на іх. Чырвонаармейцы раптам пайшлі, павалілі з лесу. Спачатку калолі штыкамі. Пасля страляць пачалі. Ад тых немцаў, што былі ў вадзе і на беразе, можа, ніводнага і не засталося. Але ж непадалёку, за Ганчарамі, стаялі яшчэ... Дык тыя і наваліліся на нашых.

— Адрэжце вось тут...

— Многа іх там было, ох і многа...

— Нажніцамі, дзядзька Пархвен... Смялей... Вось так...

— Таму і бой нядоўгі. Амаль усе чырвонаармейцы там і паляглі. Параненага камісара прынеслі былі ў Ганчары. Дык і яго немцы знайшлі, вывалаклі з хаты, і тых дваіх, што камісара хацелі схаваць...

— Вату...

— Расстралялі хлопцаў... Нават за вёску не выводзілі. Проста на вуліцы. Паставілі да сцяны... Камісар стаяць не мог, то ляжачага застрэлілі...

«Ці не мая гэта рота была? — падумаў капітан Кажанаў. — Якраз у тым месцы, паблізу вёскі Ганчары, рота павінна была выйсці да Дняпра».

Капітан добра запомніў гэты населены пункт. З учарашняга дня, калі ён павярнуў роту ад шашы і павёў ляснымі дарогамі, нейкія Ганчары — на карце яны былі пазначаны двума радамі чорных квадрацікаў і прамавугольнічкаў — сталі для яго нібы зямлёй запаветнай. Немцы разбілі стралковы полк, у які ўваходзіла рота, яшчэ на Бярэзіне. Але Сямёнава рота ў баях тады не ўдзельнічала. Яе раптам чамусьці адвялі кіламетры за чатыры ад ракі, дзе праходзіла перадавая, і рота адступала амаль у поўным складзе — адзіная ўцалелая рота разбітага палка. Камандзір вёў салдат на ўсход па Магілёўскай шашы. Але за Бялынічамі, калі ўжо была пройдзена большая палавіна дарогі, раптам паявіўся незнаёмы генерал на грузавой аўтамашыне і пачаў накіроўваць войскі, якія рухаліся па шашы, на бакавыя дарогі. Высветлілася, што да Магілёва падыходзілі ўжо немцы. Перад кожным камандзірам, які меў хоць дзесятак байцоў, генерал ставіў задачу: выйсці як мага хутчэй на лінію Дняпра паміж Оршай і Магілёвам. Кажанаў таксама атрымаў ад генерала такі загад. Ужо к вечару другога дня рота павінна была прамінуць вёску Ганчары і апынуцца на левым беразе Дняпра — па той бок ракі, мусіць, збіралі войскі, каб затрымаць ворага. Але камандзір роты не дайшоў да Ганчароў. Аднекуль прыляцеў гэты «дурны» снарад... Роту далей павёў палітрук Жбанкоў. Так, палітрук Жбанкоў... Яго прыслалі ў роту зусім нядаўна — ці прайшоў нават тыдзень. Загінуў Ігнат Раўнягін, і на яго месца прыслалі Жбанкова. Яны так і не паспелі сысціся за гэты тыдзень — камандзір роты і новы палітрук. Відаць, таму, што паміж імі заўсёды стаяла нядаўняя смерць Раўнягіна. Кажанаву чамусьці ўвесь тыдзень здавалася, што замяніць для роты Раўнягіна новы палітрук не здолее. І камандзір роты нават не хаваў гэтага ад Жбанкова — пры зручным выпадку стараўся падкрэсліць сваю абыякавасць да яго. І вось цяпер Пархвенаў расказ...

«Ах, палітрук, палітрук!..» Здаецца, Кажанаў першы раз за колькі дзён падумаў з сардэчнаю цеплынёю пра гэтага чалавека. Ён быў рады, што палітрук паказаў сябе такім баявым камандзірам. Цяпер капітан гатовы быў дараваць яму нават тое, што той пакінуў яго тут аднаго. Значыць, палітрук нікога не мог прыслаць — проста не трапіў ні ў якую вёску.

«От жа я жывы, ляжу тут, і побач свае людзі, — без злосці думаў ён, — такія добрыя — і гэты стары кульгавы Пархвен, і гэтая Гапка, ласкавая вясковая жанчына, і доктарка, і нават незразумелы Міцька... Міцька-дэзерцір... А палітрук Жбанкоў недзе валяецца там, добра, калі немцы дазволілі пахаваць...»

Капітан, здаецца, ужо не меў аніякае крыўды на палітрука. Усё вырашыла смерць.

...На ноч з капітанам Кажанавым застаўся ў лесе Міцька. Пархвен, Гапка і Вераніка пайшлі дамоў адразу ж, як была зроблена перавязка. У будан параненага не сталі класці — пакінулі пад адкрытым небам: дажджу да раніцы не чакалі, ды і сам капітан пажадаў застацца на месцы, пад зорамі.

Перад адыходам доктарка адвяла трохі ўбок Міцьку і ціха сказала:

— Я нічым не магу памагчы яму. Тут патрэбна складаная аперацыя, а я не здолею зрабіць яе. Ды і няма дзе. Яго б зараз у шпіталь, там, можа, і далі б рады. Вось так... А вы ўжо, Дзмітрый Антонавіч, добра глядзіце тут. Я прыйду заўтра яшчэ.

Пасля перавязкі капітану нібы палепшала, прынамсі, так яму здалося. Ліхтар ужо не гарэў — яго патушыў Міцька і паставіў у будан.

— Каб не дражніць ваўкоў, — пажартаваў ён.

Ноч выпала цёмная, душная — дыхала нагрэтая за доўгі ліпеньскі дзень зямля. Кажанаў ляжаў і бачыў перад сабой неба, нават не само неба, а мроіва зорак. Іх панавысыпала ўгары, і ўсе яны былі чамусьці аднолькавыя — чырвоныя, нерухомыя. І толькі тады, калі Сямён вылучаў сярод іх адну якую і падоўгу ўглядаўся ў яе, яна нечакана пачынала мігаць. І так кожны раз — варта было ўтаропіць позірк, як зорка ажывала і нібы птушка, што трапляла з марозу ў цёплы пакой, трапятала крыламі.

Навокал будана тануў у непрагляднай цемрадзі лес. І не было чуваць у гушчары ніводнага чалавечага гуку.

Раптам захацелася пагаварыць. Але першыя словы сказаў Міцька — ён ляжаў на ватоўцы пад дрэвам, крокі за два ад будана.

— Вы не спіцё? — спытаў Міцька.

— Не...

— Вы сапраўды паверылі, што я дэзерцір?

— Салдат, які кінуў зброю і хаваецца, заўсёды для мяне дэзерцір.

— А я ж у салдатах і не быў. Тры дні як вярнуўся з астравоў.

— Адкуль?

— Ну, астравы ёсць такія... На Поўначы. Адбываў там, адным словам, трапіў па ўказу. «Указнік» я. Вы не ведаеце, што гэта такое? Хітры, скажу вам, указ. Дык мяне і завезлі па гэтаму ўказу на тыя астравы. І было б за што... А то ж спазніўся на гадзіну. Я на прамкамбінаце рабіў. Хадзіў туды кожны дзень. На кватэру не станавіўся. Вясной у нас тут заўсёды вадапол вялікі. Ну, і, вядома, спазніўся. Пакуль перабраўся на крыгах цераз раку, то і спазніўся. Прыйшоў на камбінат мокры, руччом вада цячэ. І ўсё роўна не вераць. Дырэктар, можа б, і прасціў мне, але ж Падвозаў, начальнік аддзела кадраў... Яго нават дырэктар баяўся.

— І доўга быў там?

— А лічы, год цэлы там розуму набіраўся ды ў дарозе яшчэ каля месяца быў.

Міцька на хвіліну задумаўся.

— Эх і людзей там, — нарэшце сказаў ён. — Адны, канечне, сапраўды вінаватыя, а другія таксама ж, як і я. Быў там Андрэй Ваганаў, настаўнік з Варонежа. Дзіўны ён, гэты Ваганаў. Нас выпусцілі з лагера ў адзін дзень. Плылі па моры і ехалі мы да Масквы разам. Пра вайну пачулі яшчэ на баржы. Але не ведалі, што немец зайшоў далёка на нашу тэрыторыю. У цягніку ўжо людзі расказалі нам. Гляджу я на Ваганава, а той усміхаецца. Я і кажу яму: «Няўжо ты, Андрэй, рады?» А Ваганаў ківае галавой: «Супакойся, Міцька, — і ляпае мяне па плячы. — Гітлеру мы галаву скруцім, абавязкова скруцім, нікуды ён ад гэтага не дзенецца. Затое пасля адзін аднаму ўжо дарма не станем горла грызці. Паразумнеем».

— А Гітлеру мы сапраўды галаву скруцім, — сказаў Кажанаў.

— Далёка ён зайшоў...

— Другія яшчэ далей заходзілі. Напалеон нават у Маскву прарваўся.

— Але нашы ўсё лататы ды лататы. Гэта ж як я апынуўся ў вайсковым адзенні! То хадзіў колькі разоў у ваенкамат, не бралі. Як жа, вярнуўся з заключэння!.. Не давалі ў рукі вінтоўкі! А сёння пайшоў я загнаць карову ў статак, то сустрэлі мяне за вёскай нейкія. Раздзелі, разулі. Добра, што хоць не голага пусцілі, адзін аддаў сваё. Тады вы мяне і пабачылі ў вайсковым.

Міцька гаварыў яшчэ доўга, да самай поўначы, і нават не клапаціўся, ці слухае яго капітан.

...Уначы Міцька прахапіўся ад моцнага крыку. Крычаў капітан. Паранены кідаўся на сваёй пасцелі, трызніў, намагаючыся парваць бінты. Ён паміраў, і ніхто не мог памагчы яму.

Міцька схаваў пад ватоўку сваю галаву і плакаў наўзрыд ад таго, што быў бяссільны што-небудзь зрабіць для чалавека. Нарэшце, знясілены, заснуў. А калі прачнуўся, была раніца. Капітан Кажанаў ляжаў на сене і не дыхаў...

Над лесам падымалася сонца. Яно было мутнае, невясёлае, быццам праплакала ўсю ноч над чалавечым горам.

 


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Чыгрынаў І. Выбраныя творы: У 3-х т. Т. 1. Апавяданні /Аўт. прадм. В.Каваленка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - 366 с., 1 л. партр.
Крыніца: скан