epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Чыгрынаў

Вадалазы Сухавы, Віцька Картыжоў і нафтапровад

Я чуў ад людзей, дзе пракладваюць нафтаправод, і таму ўпэўнена ішоў ад вусця Жадунькі, маленькай, ціхай рачулкі, проста паўз Бесядзь — па той бок, за якога паўкіламетра ад вусця, быў высечаны лес, і ладная прагаліна, як на шырокую шашу, адкрылася позірку яшчэ здаля. Над ракой навісаў шэры, быццам запылены вербалоз. Трохі воддаль стаяў густы арэшнік. Было чуваць, як валтузіліся там маладыя дразды, пырхалі па самым нізе стрывожаныя арэхаўкі. На лузе, што зелянеў за ракой, пахаджаў паміж белага блёкату заклапочаны бусел.

Ужо добра ўднела. Асмужанае сонца высока паднялося над лесам, і мой цень за спіною быў кароткі.

Я прамінуў затоку, дзе на круглым зялёным лісці сушыліся жоўтыя гарлачыкі даспеўшых лілей, падняўся па няроўнай сцежцы на адхонны бераг, прайшоў яшчэ і ўбачыў горы намытага і наварочанага пяску. Трубы, абматаныя прасмоленай паперай, ужо ляжалі ў глыбокіх траншэях. Бульдозеры стаялі ля самай ракі. На вадзе, крокаў за дзесяць ад берага, пагойдваліся паміж абшарпаных пантонаў чырвоныя балоны земснарада. Пахла мазутам і пратухлай рыбай. Луг за ракою быў знявечаны тракамі гусеніц. На ім не асталося ніводнага зялёнага лапіка — усё стаптана, з’езджана.

Людзей на гэтым беразе не было. Не хадзіў ніхто і па тым беразе — адно стаялі ўздоўж берага, парослага аерам, блакітныя, на гумавых колах, вагончыкі з белымі квадратнымі вокнамі ды вытыркаліся з густога сітняку шырокія, як у восеньскіх качак, зады жалезных лодак, прывязаных да чорных караг.

Правальваючыся ледзь не па самае калена ў пясок, я дабраўся да траншэй, скочыў на трубу і пайшоў па ёй зноў да Бесядзі, асцярожна стаўляючы ногі. Траншэя ўсё паглыблялася, і хутка я ўжо не бачыў па баках нічога — схаваўся ў ёй з галавой. Нарэшце труба скончылася, і я апынуўся перад высокай сцяной з сівога глею; сцяна гэтая і аддзяляла траншэю ад ракі. Я паглядзеў угору — не ўскарабкацца. Давялося павярнуць назад.

Я доўга ішоў па трубе, якая нават не звінела пад нагамі, а толькі глуха бомкала. Праз колькі хвілін выбраўся на сцежку, абышоў па арэшніку разрыты бераг і наблізіўся да ракі з другога боку. Сонца цяпер было насупраць і сляпіла вочы, але на паваротку, дзе Бесядзь агінала блакітныя вагончыкі, я неспадзявана заўважыў чалавека, які сядзеў на лодцы і вудзіў рыбу.

— Давай-ка перавязі, — гукнуў я.

Рыбак паглядзеў і адвярнуўся. Я пастаяў трохі і зноў паклікаў.

— Пастой там, — пачуўся нездаволены голас. — Вось зараз...

Чалавек выцягнуў вудачку, злавіў левай рукой леседзь, паклаў кароткае вудзільна ў лодку і ўзяўся за вёслы: бразнулі ўключыны, жалезная лодка крута павярнулася і паплыла да майго боку. Неўзабаве яна тыцнулася з разгону ў травяністы бераг, адскочыла ад яго, і рыбак, заграбаючы адным вяслом, пачаў падганяць яе бокам.

— Садзіся, — нарэшце сказаў ён.

Я зняў з пляча сваё ружжо, злаўчыўся і скокнуў у лодку, зусім не турбуючыся, што яна можа перавярнуцца: барты ў лодцы былі высокія і дно — шырокае, ледзь не круглае. На дне плёскалася мутная вада. Пасярэдзіне стаяла закопчанае вядро, у якім пад аерам у вадзе ляжала некалькі ўжо нежывых рыбак — ці то верхаводак, ці то плотак. Колькі часу лодка рухалася паўз бераг па плыні сама, але неўзабаве перавозчык мой пачаў веславаць, і лодка, пакідаючы за сабой ступкі-вірунчыкі, зрабіла імклівы паўкруг, вынеслася на сярэдзіну ракі. Я сядзеў на цыпачках і любаваўся, як увішна ўпраўляўся з пасудзінай рыбак. Ён быў не тое каб здаравяк, але дужы, шырокай косці чалавек. Гадоў яму было, можа, трыццаць з гакам, але твар быў да чарнаты загарэлы і гладка паголены, і гэта прыкметна маладзіла яго.

На верхняй губе значыўся глыбокі шрамок, які, мусіць, ніколі не зарастаў у яго шчэццю: тут губа была трохі таўсцейшая і нібы перакошвала твар.

Мы яшчэ не даплылі да берага, а я ўжо асвойтаўся ў лодцы, заглянуў у вядро, рассунуўшы рукою аер, і паспачуваў:

— Не ловіцца?..

— На юшку до. Сёння нядзеля. Нашы параз’язджаліся, а на двох дык і па самае горла. Не, на юшку якраз.

— Мусіць, будзе, — згадзіўся я.

Перавозчык падняў левае вясло, і мы на адным сталі падплываць к паваротку.

— Дзякуй, — сказаў я.

— А-а-а, нічога, — неяк з неахвотаю адказаў ён.

Лодка зашуршала па нізкім сітняку, падмяла пад сябе аер і прыстала да берага. Пакуль рыбак прывязваў лодку, я сеў на таўшчэзны, у некалькі абхватаў, мораны дуб, які ляжаў камлём да вады, скінуў свае запыленыя боты, высыпаў пясок, што набраўся на тым беразе, паставіў іх побач і закурыў. Рыбак таксама выняў з задняй кішэні штаноў пачак, пстрыкнуў па ім, дастаў папяросу, трохі памяў яе пальцамі і падышоў да мяне, каб прыкурыць.

— Ну і дуб, — пакруціў галавой я, — недзе гадоў пяцьсот было, а?

— Бяры больш.

— Цяпер тут не знойдзеш такога.

— Не ведаю.

Рыбак зацягнуўся папяросай, выпусціў дым, падумаў трохі.

— Мы тут іх напавыцягвалі з вады. Па ўсім беразе ляжалі. Дык хлопцы пазавезлі ў вёску, бабам аддалі. Дровы, кажуць, харошыя. А гэты... гэты мы пакінулі. Дужа вялікі. Паляжаў колькі тыдняў, і глядзі, як высах. Здаецца ж, і ў вадзе пабыў нямала, можа, сто ці болей гадоў, а стаў быццам косць, не згніў.

— Некалі даставалі такі вось мораны дуб, рэзалі і ў штабялі складвалі, каб сох. Пасля сплаўлялі. Зараблялі нядрэнна на ім. Уявіце, шафа з моранага дуба...

— Ага... а тут на дровы яго. А што? — Ён з нейкім задавальненнем засмяяўся, сплюнуў пад дуб і адышоўся да лодкі, — сеў там, павярнуўшыся спіной да мяне.

— Дык гэта вы тут і працуеце? — спытаў я.

— Тут.

— І многа вас?

— Не, адна група. А наогул — нашых многа. І на Украіне, і на Волзе — усюды. А мы тут. Гэта наш участак ад Унечы да Полацка. Зробім і таксама паедзем. Мы ж падводнікі. Мы толькі на рэках. А так трубы цягнуць другія. — Ён дастаў з кішэні кавалак хлеба, адшчыпнуў крошку, кінуў яе ў ваду перад сабой — падманьваў рыбу, затым счакаў трохі і закінуў вудачку. — А ты не да Аўдзеева нашага? — раптам пацікавіўся ён. — Не? А то паехаў Аўдзееў у Крычаў. Учора прыйшла тэлеграма. Відаць, і ўзрыўчатку адтуль прывязе. Надакучыла загараць. Купаемся тут ужо каторы месяц, а толку ні на іголку. Заробку няма —адзін шчот той. Бесядзь вось гэтая падвяла. За цэлае лета адну нітку паклалі. А цяпер ужо дык і зусім выдахліся. Экскаватары пабілі, вадалазы не могуць вапну распілаваць. Разумееш, у гэтым месцы, дзе нам трубы ўкладваць, дно з вапны. І яна так зляжалася там, спрасавалася з ракавінкамі, чаротам, што ні ўкусіць, ні адрэзаць. Пасылалі некалькі проб у лабараторыю — там разводзяць рукамі: вапна цвярдзей за граніт. Я сам вадалаз. Мы з жонкай тут. Больш вадалазаў у нас няма. Часам думаеш, кінуць бы ды падацца ў іншае месца. Але жонка мая не хоча. Жонка, брат, такая, што... Сёння мы з ёй тут адны асталіся. Усе параз’язджаліся, а мы нікуды не сабраліся. Будзем зараз юшку варыць.

Рыба не клявала, і круглы чырвоны паплавок нерухома ляжаў на вадзе. Ані ўсплёску. Было горача, над лугам стаяла паўдзённая цішыня, ажно чуваць, як шуршала па аеры сваімі перапончатымі крыламі вялікая страказа: яна то садзілася на аерыну, згінаючы яе да вады, то зноў павісала ў паветры. Над намі ўжо колькі разоў пралятаў бусел, можа, той самы, што хадзіў там, паміж белымі шапкамі блёкату, і калі ён ціха праплываў у небе, цяжка махаючы крыламі, па зямлі хутка-хутка праносіўся яго гарбаты цень.

На тым баку, за лесам, на бальшаку, пачуўся трэск матацыкла. Відаць, хтосьці павярнуў на прагаліну, на якой ляжалі трубы, і цяпер імчаў да ракі. Але ні праз хвіліну, ні праз другую ні матацыкла, ні чалавека, які ехаў на ім, мы не ўбачылі: тым часам матор то аж захлёбваўся, то спакайнеў раптам, гурчаў роўна, быццам матацыкл стаяў на адным месцы, пасля зноў пачынаў шалець.

— Віцька Картыжоў глузды ўганяе, — сказаў рыбак. — Другі б ужо даўно шыю зламаў на тых ямках, а Картыжоў... — Ён паляпаў нечага левай рукой па плячы сябе, цыркнуў на ваду. — Гэта наш экскаватаршчык. Пераскоквае на матацыкле цераз траншэі — спачатку цераз адну, пасля цераз другую і так ажно да самай ракі. За лета ўжо другі матацыкл дабівае на гэтай прагаліне.

Нарэшце матацыкл выруліў на паляну, хутка прамчаўся па сцежцы ўздоўж Бесядзі, затым крута павярнуў назад, амаль на поўным хаду падскочыў да ракі і спыніўся: абяссілены матор колькі разоў чмыхнуў, заглох. Матацыкліст крыкнуў:

— Здароў, Сухаў!

— Здароў! — мой перавозчык павітаўся, не паднімаючы галавы, — знарок глядзеў на паплавок.

Картыжоў ступіў колькі крокаў да вады, укленчыў там і пачаў мыць рукі — доўга і старанна, быццам на далоні што папрыліпала.

— Дзе ж гэта нашыя? — спытаў нарэшце ён.

— Хто дзе.

— А ты?

— А я жанаты.

Размаўлялі яны паціху, быццам баяліся, што іх падслухае хто.

— А твая благаверная?

Сухаў пацягнуў вудзільна — угору падскочыў чырвоны паплавок, але над вадой павісла адна насадка.

Картыжоў дарэмна чакаў адказу. Сухаў маўчаў — быццам сапраўды заняты быў. Тады Картыжоў зноў спытаў:

— Дык што тут новага?

— Нічога.

— Казалі, Аўдзееў паехаў у Крычаў.

— Значыць, правільна табе казалі.

— Узрыўчатку прывязе?

— Можа, і прывязе.

— Ну добра... — Картыжоў адышоўся да матацыкла, зняў з сябе пінжак, кінуў яго на траву і сам лёг, выцягнуўшы ногі і раскінуўшы рукі. — Не выспаўся, — сказаў ён і пазяхнуў.

За маёй спіной нечакана пачуліся крокі. Я павярнуў галаву. Міма моранага дуба, на якім я сядзеў, ішла маладая жанчына — невысокая, але самавітая; на ёй была лёгкая сукенка з каляровага — зялёны гарох — паркалю, якая ладна аблягала яе стан, выдаючы шырокія бёдры і тугія высокія грудзі. Твар у жанчыны быў круглы, але невялікі; вочы па-татарску раскосыя, пад вачамі шырокія скулы. На галаве была павязана чырвоная касынка. Белыя кольцы густых валос выбіваліся з-пад яе. Жанчына з твару не была прыгожая, але ва ўсёй ёй — ад ног з налітымі лыткамі і да гладкіх пакатых плячэй — была тая жаноцкая дужасць, якая робіць жанчыну прывабнай. Жанчына ішла да ракі і ўсміхалася.

— Добры дзень, Віцечка! — гукнула яна праз раку. — Што ж гэта, хлопча, дасыпаць сюды прыехаў? Мусіць, дзеўкі трымалі да самае раніцы, а?

Картыжоў заварушыўся, сеў і зноў пазяхнуў:

— Падказала б свайму Сухаву, каб хоць перавёз мяне.

— А я сама перавязу.

— Ну, канечне, сама. — Сухаў нібы толькі цяпер пачуў голас жонкі.

— Тады плыві сам, — паціснула плячыма здзіўленая жанчына.

— Не, табе аддам вёслы, — з’едліва сказаў Сухаў; твар у яго быў недавольны; чалавек нават не глянуў на жонку. — Цяпер цябе хоць і не кармі, толькі дай... На, вазьмі вядро. Ды не стой тут, лепш ідзі пачысці рыбу.

Жанчына ўзяла вядро, але засталася стаяць на беразе. Муж яе тым часам сабраў ланцуг, якім была прывязана лодка да карагі, адпіхнуўся вяслом і паплыў на сярэдзіну ракі.

— Віцечка, ну дык як жа вы там, а? — не ўтрымалася, загаварыла жанчына. — Дзе твой напарнік, Падгурскі?

— Пайшоў да сваёй настаўніцы.

— Што, ён ужо і там завёў?

— Гэта ў яго палучаецца хутка. А што ж вы думалі, каб Мішка Падгурскі ды на сухую паехаў адсюль? Не, такога, здаецца, яшчэ не здаралася.

Жанчына засмяялася.

— І зайздросны ж ты, Віцечка, — сказала яна.

Картыжоў прытворна ўздыхнуў:

— Далібог, не...

— Ой і хлусіш, Віцечка!

— Праўду кажу...

Жанчына чамусьці зноў засмяялася, быццам успомніла што.

— А ўчора на танцах у эрдэка адна нішто сабе была, — сказаў Картыжоў. — Згуляў я з ёю пару танцаў. Умее, халера. І сама непаганая з выгляду. Нават вочы зялёныя. А вось ногі тонкія. Затое першы раз пабачыў такія вочы. Ты бачыла, каб у каго былі зялёныя вочы?

— А няўжо яе! У нашай коткі зялёныя вочы. Прыйдзі пабач. — Сказала і зноў, здаволеная сабой, засмяялася.

— Не, што ні кажы, а вялікія зялёныя вочы — гэта прыгожа! — з нейкім шкадаваннем у голасе прамовіў Картыжоў. — Такія вочы каго хочаш уразяць.

— Каго-каго, а цябе дык ужо!

Я сядзеў сабе на дубе і слухаў, як перагаворваліся між сабой гэтыя людзі. Мяне яны не заўважалі — я для іх быццам не існаваў, у іх былі свае інтарэсы, сваё жыццё, якое яны не збіраліся ўтойваць ад другіх.

Сухаў між тым спакойна прычаліў да берага, памог Картыжову завесці ў лодку матацыкл. Плылі яны адтуль хутка. І, здаецца, не сказалі за дарогу ніводнага слова. Сцішылася таксама і Сухава жонка. Яна стаяла блізка да вады і не адводзіла раскосых вачэй ад мужчын, якія сядзелі ў лодцы.

Мне чамусьці думалася, што экскаватаршчык Картыжоў будзе адных гадоў з вадалазам Сухавым. Але той аказаўся яшчэ зусім маладым хлопцам — трохі вышэй сярэдняга росту, чарнявым, з рухавым тварам. Як толькі ён ступіў на бераг, то адразу ж падышоў да жанчыны і манерна пакланіўся ёй, зняўшы з галавы казюлістую кепку:

— Маё вам, Надзея Іванаўна...

— Добры дзень, Віцечка! Значыць, вярнуўся... — Яна быццам дражніла яго.

— Значыць, вярнуўся, — ён падміргнуў ёй, развёў рукамі і кіўнуў галавой, як змоўшчык, на Сухава, які прывязваў да карагі лодку.

Экскаватаршчык заглянуў у вядро, якое паставіла Надзея Іванаўна ля сваіх ног, свіснуў ад здзіўлення, адышоўся да моранага дуба.

— Во, пакіну тут па сабе хоць гэту памяць. Каб жа не я, то і ці выцягнулі б вы яго з гэтай Бесядзі, — сказаў ён.

— Ты думаеш, дзеравіна гэта доўга ўлежыць тут? — паківала галавой жанчына.

— Няхай паспрабуюць забраць. Ды тут наўкол ва ўсіх дзесяці вёсках не знойдзеш такой пілы, каб парэзаць яго.

Хлопец падышоў да дуба, стаў трохі воддаль ад мяне, пакратаў рукою гладкую, нібы паліраваную, паверхню дрэва. Нарэшце моцна стукнуў па ім кулаком — ці ад задавальнення, ці ад прыкрасці.

— Паслухай, Сухаў, — глянуў ён на вадалаза, — а што, калі я зараз завяду трактар і адтарабаню дуб каму-небудзь у Калодліва? Няхай там папацеюць над ім.

Сухаў стаяў бокам да нас і бяздумна глядзеў на ваду. Экскаватаршчыкавых слоў ён быццам і не чуў. А той яго больш не чапаў — ён нібы ведаў тую мяжу пры размове з ім, за якую падавацца нельга.

Сонца праз якую гадзіну ачысцілася ад смугі, пабялела неўзаметку, і ад гэтага на лузе зрабілася яшчэ гарачэй. Вецер быў трохі прачнуўся, як не свой, пашумеў у прыбярэжных кустах і зноў сціх. Вада на рацэ па-ранейшаму была гладкая і спакойная, як нежывая.

Мне надакучыла сядзець на дубе, і я саскочыў на зямлю, пачаў нацягваць боты.

Картыжоў пакасіўся на мяне.

— Сумна тут у вас. — Ён абвёў позіркам абодвух Сухавых, засмяяўся раптам і цыркнуў сабе пад ногі. — А ці не здаецца вам, што сёння нядзеля? Няблага было б пасля трудоў праведных і шклянку віна ўзяць, а? Як ты, Сухаў? Мне думаецца, што шклянка віна ў выхадны дзень з маральным кодэксам не разыходзяцца.

— Рыба ж во, я налавіў ужо. — Вадалаз паказаў на вядро і, здаецца, упершыню за ўсю іхнюю размову паглядзеў на Картыжова.

Экскаватаршчык шчоўкнуў пальцамі.

— Ладна, Надзька, ступай вары юшку, а мы тут ужо як-небудзь дадзім рады, — неспадзявана рашыў Сухаў.

Жанчына, як ад радасці, пляснула рукамі — ну і Сухаў! — падхапіла з зямлі вядро і хуценька пайшла па сцежцы.

— Вазьміце і мяне ў свой гурт, — раптам папрасіўся я: ісці далей было горача, хацелася пачакаць хоць бы да той пары, як пачне паварочваць па большаму сонца, і яшчэ хацелася — і гэтае жаданне, бадай, было самае моцнае — пабыць даўжэй з гэтымі людзьмі, бо ў мяне на душы нават зрабілася ніякавата, калі маўклівы і насцярожаны нечым Сухаў неспадзявана даў сваю згоду: вось зараз яны пойдуць, а я застануся сам-насам, я тут чужы і лішні.

Абодва яны — Картыжоў і Сухаў — спачатку былі сумеліся ад маёй нечаканай прапановы. Картыжоў насцярожана выцягнуў сваю доўгую шыю, схіліў набок, як здзіўлены бусел, галаву, і на твары яго застыла вінаватая ўсмешка, якая бывае хутчэй ад раптоўнай разгубленасці. Сухаў жа густа пачырванеў і адвярнуўся, быццам не захацеў, каб кінулася мне ў вочы яго збянтэжанасць.

«От халера», — папракнуў я сябе за сваю назойлівасць і тут жа сам пачырванеў — адчуў, як хлынула кроў да шчок, — ад таго, што прымусіў людзей хвалявацца.

Але Сухаў не стаў зацягваць няёмкасць.

— Ладна, давай і ты ў долю! — згадзіўся ён. — Пасля разбяромся.

Сухаў павёз Картыжова на той бераг — яны рашылі, што па віно Картыжоў паедзе на матацыкле ў Студзянец. Неўзабаве Сухаў вярнуўся. Паслухаў, як паступова аддаляўся і заціхаў на лясной дарозе матацыкл, сеў на дуб.

— Віцька хутка звернецца, — расцягваючы словы, загаварыў вадалаз. — Ён на матацыкле, як на самім чорце. Шуміць хлопец... пакуль малады. — Падумаў, махнуў рукой: — І няхай шуміць. Яго тут усе любяць. І таварыскі, і харошы. І робіць добра, і настырны, не пабаіцца нават з начальствам счапіцца. Гэта ж каб не ён, то, можа б, і пасюль наш Аўдзееў не паехаў па ўзрыўчатку. Віцька першы на дыбкі падняўся. Кажа, ні вадалазы са сваімі піламі, ні экскаватар каўшом гэтай вапны не судолеюць. Аўдзееў спярша не слухаў яго і толькі потым, калі каўшы экскаватараў пабілі, пачаў чухаць патыліцу. Ну, тады і мы ўжо, усім гамузам, на яго. А тут як на тое і начальства з трэста прыехала. Пагаварылі. Цяпер вось па тэлеграме адтуль паехаў Аўдзееў у Крычаў. Відаць, тол прывязе. Хутчэй бы ўжо. Дзіўна, колькі жыў, не чуў пра гэту Бесядзь, а цяпер запомню, уелася ў пячонкі!

Сухаў адкінуўся на спіну, закрыў далонямі вочы, паляжаў так моўчкі з падкурчанымі нагамі.

— Праўда, заробкі ад гэтага з’едуць, — пашкадаваў ён. — Падрыўнікі нашыя грошы забяруць. І дзе толькі наша не прападала... А трубы гэтыя трэба пакласці. Земляныя работы ўжо амаль скончаны, а праз рэчку... Тут бы Аўдзеева за гэта патрэсці... І за тое, што зацягнуў работы, не паслухаўся, і за тое, што прамарынаваў нас. — Вадалаз на момант задумаўся і ўжо зусім весела сказаў: — Трэба, мусіць, такім быць, як гэты Віцька Картыжоў. Яму па-ўсякаму добра — зарабіў дык зарабіў, а не — і так няблага. Нават пазайздросціць можна. Ажно смешна. Помню, прыехалі мы сюды ў пачатку лета. Ну, вядома, пакуль даставілі на бераг наш скарб, карабкі гэтыя, то першыя дні, здаецца, ажно цэлы тыдзень жылі ў вёсцы, па хатах. Пасяліліся мы ў адной бабкі — я, Надзька і Картыжоў. Наогул, ён каля нас... Адным словам, жывём мы сабе дзень, другі. А тут пятро-о-оўка, гэта па-вясковаму. Ну, і зразумела, якая трасца. У магазіне адна квасоля ў кансервах ды яшчэ рыба-часцік калі. А бабка наша ў госці сына чакае. Не вельмі разганяецца, каб нам чаго даць, нават калі і ёсць. А Віцька паддобрыўся. Ды як? Аднойчы гэта мы палеглі спаць, і старая кладзецца на сваім тапчане. Але перад сном пачала маліцца. Бубніць сабе штосьці, уздыхае. Я дык гэтых малітваў і не ведаю, здаецца, як дзед маліўся, то пасля яго ўжо ніхто і не спрабаваў. А Віцька раптам, калі старая скончыла і сцішылася на пасцелі, вазьмі ды і скажы: «Бабка, вы ж малітву не так чытаеце». — «Адкуль ты, сатана, ведаеш?» Набожныя не любяць, калі ўмешваешся ў іх справу, становішся паміж богам і імі. Ну, Віцька, канешне, памаўчаў трохі для прыліку і давай сваё.

«Вось вы, кажа, гаворыце — «Отча наш іжа ясі на небясах хлеб наш насушны...» Грэх гэтак да бога. Ён жа адно злуе, калі вы гэтак моліцеся і просіце яго. Ды і хто вас пачуе. Вы ж дармаедам яго называеце, дакараеце, што ён ваш хлеб есць на небясах. Не, бабка, бог ад вас, а не да вас. Вы не так малітву чытаеце. Вось паслухайце». І пачаў гэтак ціхмяным голасам ды па складах з націскам: «Отче наш иже еси на небесах... да светится имя твое...» Ну, а далей — кажа — па-вашаму ўжо...» Старая паслухала і прыціхла. Нават слова не сказала больш. А Віцька нацягнуў на сябе коўдру і засоп. І што ты думаеш, назаўтра ўранні старая зусім іншымі вачамі глядзіць на Картыжова. За стол саджае. І адкуль ён, халера, знае тую малітву. Здаецца ж, і малады, дзе толькі пачуў, а дагадзіць жа дагадзіў цётцы. Праз яго і нам з Надзькай сёе-тое перападала. На вачах раптам перамянілася старая. Нават цяпер, калі праходзіць па сцежцы міма — у яе тут недзе за рэчкай, ці то ў Ліпаўцы, ці то яшчэ дзе, дачка замужам, дык яна часта наведваецца туды, — то абавязкова не праміне першая павітацца з Картыжовым. Па душы ёй стаў. Самы паважаны чалавек у яе. Смяшно-о-о.

Сухаў прыўзняў галаву, абхапіў аберуч каленкі, падцягнуўся — ажно хруснулі косці — і сеў.

— Мда, весела, дужа весела... Ідзе па зямлі чалавек, — з зайздрасцю сказаў ён. — Бывае ж, патрапіць...

Мы гаварылі з Сухавым доўга, аж пакуль не прыехаў Картыжоў.

Віцька вярнуўся ўзрушаны — можа, ад хуткай язды. Ішоў з намі да вагончыкаў і ўсё ляпаў кепкай па далоні левай рукі.

Сухавы жылі ў тым вагончыку, што стаяў ад краю, метраў за пяць да ракі. Было ў іх утульна і чыста: звычайны, мусіць, самаробны стол, засланы надта белым, бы накрухмаленым абрусам, блішчасты жалезны ложак, на якім ляжала гара падушак, і тры табурэткі, пафарбаваныя ў зялёны колер; на сценах — і на той, што па правы бок ад дзвярэй, і на той, што насупраць, вісела ажно пяць няроўных зашклёных рамак з фотакарткамі; на самым відным месцы — паміж вокнамі — павялічаная фотакартка Сухавых.

— Сёння нашай паварыхі няма, дык мы тут абыяк, — сказала гаспадыня і паглядзела на мужа.

Той усміхнуўся, махнуў рукой:

— Ладна, стаўляй што ёсць!

Пакуль Картыжоў ездзіў па віно, а мы з Сухавым гаманілі на беразе, гаспадыня паспела зварыць юшку, нарэзала свежых гуркоў, хлеба, і цяпер толькі аставалася паставіць на стол.

Віно ў шклянкі наліваў сам Сухаў. Рабіў ён гэта спакваля, нагінаўся і доўга прымерваўся на вока, каб ненарокам не абдзяліць каго, пасля паставіў бутэльку на стол, пацёр ад задавальнення рукі і цмокнуў языком:

— Ну, як тэй казаў...

— Паехалі, — падхапіў Картыжоў.

— Ага.

Выпілі яны са смакам і сталі хрумстаць гуркі.

Гаспадыня пачакала трохі і таксама выпіла.

Выпіў і я.

Нарэшце пачалі есці юшку. І зашумелі, загаварылі. Зноў, як і тады, на беразе, яны забыліся пра мяне.

— Ты мне вось скажы, Сухаў, — дапытваўся экскаватаршчык, быццам працягваў даўно пачатую гаворку, — чаму вы мяне тады, з самага першага разу, не падтрымалі?

— Бачыш, Віця, цяжка табе растлумачыць гэта.

— Што, не зразумею?

— Як табе сказаць...

— А вось так і скажы!

— Дык я ж табе ўжо казаў. Ты ўсё роўна не паверыш.— Сухаў памяў пальцамі хлебны мякіш, наморшчыў лоб. — Прабач, але ты... Нам, Віця, грошы патрэбны. Табе напляваць на грошы, а ў мяне скора лысіна будзе. Ты яшчэ малады. Табе яшчэ ажно цэлых, — і ён падняў угору дзве растапыраныя рукі, — ажно цэлых... колькі гадоў яшчэ...

— Пры чым тут гады? — раззлаваўся Картыжоў.

— Ну ладна, дапусцім, гады тут, можа, і ні пры чым. Тады ты па-другому злеплены, разумееш? Ты не злуйся, я табе ўжо не адзін раз казаў. Што было б, каб Аўдзееў адразу паслухаўся цябе? Так мы зараблялі па колькі? Па чатырыста рублёў, так? Так. А каб пачалі падрываць дно, то па колькі б палучылі? Па сто, вось так, Віця! І табе, Картыжоў, крыўдаваць няма чаго, урэшце цябе ж падтрымалі...

— Ага, падтрымалі, праз два месяцы спахапіліся.

— А хоць бы і праз два месяцы, то што?

— А то, што мы падманвалі дзяржаву. І першы ж твой дабрак Аўдзееў.

— Ну, гэта яшчэ як сказаць.

— Ну вось так і сказаць.

— Але ж тэрмін яшчэ не прайшоў. Паспеем тыя трубы палажыць.

— Дык паспець жа мы абавязаны... Каму-каму, а Аўдзееву за гэта...

Я слухаў іхнюю сварку і думаў, чаму Сухаў на беразе казаў адно, хваліў Картыжова, а цяпер, за сталом, калі сядзеў насупраць, спрабаваў хітрыць і нават злаваўся.

Сухаў неяк абмяк, пастарэў і прыціх, схіліўшы над сталом пацяжэлую галаву.

А жонка яго раптам запела. Голас у яе быў прыгожы, і яна неяк спявала надта па-дамашняму, ад гэтага рабілася хораша, нават журботна на душы.

 

Она встала, зашаталася,

Не издала ни стону, ни звука единого,

Не смогла жакет надеть, сердешная,

Помогала ей хозяюшка...

 

Сашчапіўшы рукі на жываце, яна паволі пагойдвалася на табурэтцы, і вочы яе адкрыта і закахана глядзелі на Віцьку Картыжова, які сядзеў бокам да яе і ці то ўважліва слухаў, як яна пела, ці проста задумаўся.

 

И завыли, и завыли тут пурги-погодушки,

И завыли, и завыли ветры буйные,

Завыли, закружились и заплакали!...

 

— Надзька, не трывож душу, — раптам падняў на яе асалавелыя вочы Сухаў і нячутна апусціў на стол свой вялізны кулак. — Заспявала б што вясёлейшае...

І тады яна страсянула галавой і, радасная, запела зноў:

 

На долине, луговине

Девушки поют,

По долине, луговине

Хоровод ведут...

 

Спявала яна з ахвотаю, лёгка і доўга, быццам ёй гэта нічога не каштавала — ні напружання, ні душэўных сіл. І калі яна змоўкла, у вагончыку настала такая глухая цішыня, што нават пачулася праз адчыненае акно, як булькоча ў віры пад альховымі кустамі вада. Картыжоў узяў са стала бутэльку, адкаркаваў відэльцам і падаў цераз стол Сухаву:

— На, налівай!

Сухаў утаропіў на яго свае затуманеныя, бы заспаныя, вочы і паморшчыўся, як ад зубнога болю — твар яго яшчэ больш перакасіўся, і шрамок на верхняй губе падскочыў угору. Бутэлькі Сухаў не ўзяў, адпіхнуў локцем.

— Слухай, Картыжоў... Віктар Картыжоў... — пачаў ён злавесна цадзіць скрозь зубы.

— Ну? — Картыжоў падаўся наперад і аблакаціўся на край стала.

— Дык што я табе хацеў сказаць... — І Сухаў пакутліва пацёр сціснутым кулаком свой лоб... — А-а-а, вось што я табе хацеў сказаць, Картыжоў. Я сёння выпіў шклянку віна. Будзем лічыць, што я п’яны. Але калі ўжо ты нам з Надзькай перастанеш назаляць... Ты яшчэ ніводнай нядзелі, ніводнага свята не даў нам пабыць адным. Усё тут і тут. Я, грэшны, было падумаў уранні, што хоць сёння ты затрымаешся недзе, не вернешся. А ты і сёння...

Картыжоў спярша наліўся чырванню, пасядзеў так, натапыраны, і раптам лёгка і расслаблена, гледзячы проста ў вочы Сухаву, засмяяўся.

Засмяялася таксама і гаспадыня, але адчувалася, што яе смех вымушаны. Нясмела сказала:

— Ну што ты выдумляеш!..

Сухаў крутануў галавой:

— Што, смешна? Ну-ну, смейся...

Ён падняўся з-за стала, ступіў колькі крокаў да дзвярэй і сеў там на нізкі парог, прыпёршыся спіною да луткі.

Тады вылез з-за стала і Картыжоў. Ён падышоў да Сухава, пастаяў над ім і моўчкі пераступіў парог. Сухаў пачакаў і праз якую хвіліну падаўся за ім.

У вагончыку засталіся мы адны. Яна сядзела на сваёй табурэтцы прысаромленая і, здаецца, не ведала, што рабіць. Праз акно нам было відаць, як спярша прайшоў да ракі Картыжоў, пасля, ступаючы след у след, Сухаў. Яны пастаялі там, над вадой, блізка адзін да аднаго, амаль поплеч, і загаварылі. Але слоў нам не было чуваць.

Надзея Іванаўна ўздыхнула і сказала:

— Але вы хоць даруйце ўжо. Можа, Сухаў мой і сапраўды п’яны. У нас ён не часта садзіцца за стол з бутэлькай. Не прывык ён.

 

 

* * *

 

Развітваўся я са сваімі новымі знаёмымі — здаецца, мы нават пасябравалі — пад вечар, калі сонца зрабілася чырвонае і за пясчанымі гарбацінамі, у зацененых лагчынах, пахаладнела, ажыла трава. Яны праводзілі мяне аж да калодліўскай дарогі — двое Сухавых і іх таварыш Віцька Картыжоў.

— Вось прывязе наш Аўдзееў тол, і мы яшчэ наробім тут такога грукату, — пахваліўся напаследак павесялелы Сухаў. — Слухайце там, мо пачуеце...


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Чыгрынаў І. Выбраныя творы: У 3-х т. Т. 1. Апавяданні /Аўт. прадм. В.Каваленка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - 366 с., 1 л. партр.
Крыніца: скан