epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Франко

Гімн

Вечны рэвалюц'янер -

Дух, што цела рве да бою,

Рве на ўздым, за шчасце-волю,

Ён жывы, як і раней:

Ні папоўскія атруты,

Ні шпікоў сілкі і путы,

Ні астрогаў царскіх краты,

Ні штыкі і ні гарматы,

Ні жандарскі пратакол -

Не змаглі пакласці ў дол.

 

Ён не згінуў, ён жыве!

Хоць вякі, як нарадзіўся, -

Толькі ўчора распавіўся

І ўжо волатам слыве.

Разгінаецца, мацнее,

Рвецца ўвесь туды, дзе днее,

І мільёны за сабою

Кліча словам, як трубою,

І мільёны ўслед ідуць -

Гэта ж голас веку чуць!

 

Голас веку чуцен скрозь:

У мужыцкіх курных хатах,

Па рамесніцкіх варштатах,

У прытулках гора й слёз.

І дзе толькі загаворыць -

Там знікае сум і горыч,

Сілы родзяцца - змагацца,

Не стагнаць, а дабівацца,

Хоць сынам, як не сабе,

Шчасця-долі ў барацьбе!

 

Вечны рэвалюц'янер -

Дух, навука, думка, воля

Цемнаце не ўступіць поля,

Путы ўздзець не дасць цяпер.

Зла разломлена руіна,

Пакацілася лавіна,

І дзе ў свеце тая сіла,

Каб яе разгон спыніла,

Каб вярнула ночы цень -

Пагасіць агністы дзень?

 

1882

 



Пераклад: Ніл Гілевіч