epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Фурсевіч

Нерасьцьвілая кветка

Было гэта ў канцы 1950-га ці пачатку 1951 году. Я, тады яшчэ малады «студэнт» Акадэміі імя Лаўрэнція Паўлавіча Бэрыі, скончыўшы толькі першы яе курс – сьледзтва і суд, сядзеў у 59-й камэры Бутырскай турмы і чакаў адказу на маю скаргу на прысуд ваеннага трыбуналу Маскоўскай ваеннай акругі, накіраваную ў ваенную калегію Вярхоўнага Суду СССР. У тое, што ваенная калегія скасуе прысуд ваеннага трыбуналу, ня верыў амаль ніхто з маіх сукамэрнікаў. Не было такога, як цяпер кажуць, прэцэдэнту. Праўда, у некаторых, асабліва ў наіўных маскоўскіх інтэлігентаў, цеплілася нейкая іскрынка надзеі на справядлівасьць – усё ж найвышэйшая інстанцыя самага справядлівага ў сьвеце суду разьбярэцца, і калі ня выпусьціць на волю, дык хоць зьменшыць гэты бязглузды зьдзеклівы прысуд. Але «самая высокая інстанцыя» меркавала, што савецкія суды, нават самай нізкай інстанцыі, — самыя справядлівыя і ніколі не памыляюцца. А тым больш у адносінах да ворагаў народу.

І скаргі мы пісалі не таму, што на штосьці спадзяваліся. Рэч была ў тым, што судзілі нас позьняй восеньню. Наперадзе была суворая сібірская зіма. І ўсе ведалі, што этап зімою – язда ў халодных цягніках — вельмі цяжкое выпрабаваньне. Ад гэтай думкі нават у цёплай камэры мароз прабягаў па скуры. А адказу на скаргу чакаць даводзілася, як правіла, ня менш як паўгоду. А там і вясна надыдзе. Усе думалі, што перанесьці зіму ў амаль камфортных умовах камэры для асуджаных Бутыркі – камфортных, зразумела, умоўна,— было значна лягчэй, чым у цесных перасылках Сібіры. Тым больш, што мукі сьледзтва скончыліся, рэжым быў даволі мяккі – цэлы дзень што хочаш, тое і рабі. Кніг – досыць, а на працу ня гоняць, ды кормяць хоць і нятлуста, але ж прыстойна, і з голаду ніхто не памірае.

Насельнікамі нашай камэры былі пераважна масквічы. Былі яны прафэсарамі, дацэнтамі, кіраўнікамі і адміністратарамі найвышэйшых рангаў. Усе праходзілі па групавых справах – дактароў, геолягаў, жыдоў. Вылучаліся масквічы ня толькі добрай, па сэзоне, экіпіроўкай, вялікімі «сідарамі», дастатковай укормленасьцю – жывоцікі іх ня надта зьменшыліся падчас сьледзтва, бо яны мелі і рэгулярныя перадачы з волі, і «ларок». Выдзяляліся яны і сваёй адукацыяй – усе мелі вышэйшую асьвету, а некаторыя былі нават акадэмікамі, а таксама тым, што на нас, прыблудаў, сабраных па арудах з усяго Саюзу, глядзелі крыху звысока, нават пагардліва, як на сялянаў, што трапілі ў вышэйшы сьвет. Падобнымі да іх мы былі толькі бледнымі тварамі ды вялікімі, «на ўсю катушку», тэрмінамі.

Усе яны ўважалі сябе невінаватымі, свой арышт – выпадковай недарэчнасьцю і ў душы спадзяваліся, што ваенная калегія Вярхоўнага Суду перагледзіць іх прысуды і, папрасіўшы прабачэньня, верне іх на старыя цёплыя месцы. Аб гэтым некаторыя зь іх казалі адкрыта, і зь вялікім нецярпеньнем заўсёды бегалі да «кармушкі», зь якой наглядчык казаў «на Мы», ці «на Ны», ці на іншую літару альфабэту.

Таму, калі ў чарговы раз пасьля бразгату замкоў і скрыпу дзьвярэй на парозе са скрутам пасьцелі і пустой торбачкай, сшытай з вафэльнага ручніка, зьявіўся чарговы насельнік у салдацкай вопратцы бяз рэменя і пагонаў, у сукамэрнікаў асаблівага зацікаўленьня ён ня выклікаў.

Пасьля кароткага прадстаўленьня – Міша Валынец са Львова — ён, агледзеўшыся, адразу падышоў да мяне, «брата па зброі», і папрасіў дазволу прысесьці.

Быў ён надта схудалы і бледны. А ў той дзень яшчэ й галодны, бо прыбыў з этапу. Я падзяліўся зь ім сваім небагатым скарбам – двума скрылікамі хлеба, кавалачкам маргарыну і цукру, якія засталіся ад «супольнага стала» – долі прадуктаў, якая вы-дзяляецца з кожнай перадачы і «ларка» і дзеліцца пароўну паміж тымі, хто ня мае ні таго, ні другога.

Мы хутка зь ім паразумеліся, бо мелі шмат супольнага. Былі мы аднагодкамі – салдатамі, праходзілі амаль па аднолькавай справе – ён быў украінскі, а я беларускі нацыяналіст, ды яшчэ й суседзямі, амаль землякамі – ён са Львоўшчыны, а я – з Баранавіччыны.

Акрамя гэтага, мы былі «заходнікамі» – ён з Заходняй Украіны, а я – Беларусі. Дый выхаваньне ў нас было амаль аднолькавае – у яго школа повшэхна і курс гімназіі, у мяне – такая ж школа повшэхна і мэдычная школа. Але галоўнае, што нас збліжала, – гэта нашае захапленьне літаратурай. Я са школьных гадоў пісаў вершы, праўда, надта слабыя, і зьмяшчаў іх толькі ў школьнай насьценнай газэце. А ён быў сапраўдным паэтам і ўжо ў 17 гадоў выдаў свой першы зборнік.

Таму галоўнай тэмай нашых гутарак была літаратура. Я ў той час дастаткова добра ведаў беларускую літаратуру, нават і ня толькі дарэвалюцыйную, але й савецкую, тады ўжо забароненую ў Савецкім Саюзе. А апошнія гады тры я сур’ёзна захапляўся і ўкраінскай – ва ўкраінскай кнігарні ў Маскве я набыў невялікі, у сьветла-блакітнай вокладцы, зборнік Лесі Ўкраінкі, выдадзены ў апошні год вайны, а таксама «Кабзар» на ўкраінскай і расейскай мовах. Пасьля пачаў рэгулярна чытаць часопісы «Вітчизна» і «Дніпро», адшукваў у бібліятэках Масквы творы Івана Франка, М.Кацюбінскага, Стэфаніка і Панаса Мірнага. Найбольш мне спадабалася Леся Ўкраінка. Яе верш «Contra Spem Spero» мяне так уразіў, што я вывучыў яго на памяць і памятаю да гэтага часу.

 

Гетьте, думи ви хмари осінні!

Тож тепер весна золота!

Чи то так у жалю, в голосінні

Проминуть молодії літа?

 

Ні, я хочу крізь сльозы сміятись

Серед лиха співати пісні,

Без надії таки сподіватись,

Жити хочу! Геть, думи сумні!

 

Я на вбогім сумнім перелозі

Буду сіять барвисті квітки.

Буду сіять квітки на морозі,

Буду лить на них сльози гіркі.

 

І від сліз тих горячих розтане

Та кора льодовая, міцна,

Може, квіти зійдуть, і настане

Шче й для мене весела весна.

 

Ад верша веяла сьмяротным сумам невылечна хворай на сухоты, якая адчувае сваю сьмерць, але вельмі хоча жыць. Мне яна нагадала нашу Цётку. Падабенства гэтага дадаваў і фатаздымак — у нацыянальным уборы. Мне здавалася тады, што і лёс іх таксама нібы павінен быць падобны.

Спадабалася мне і «Даўняя казка», падобная да «Кургану» Янкі Купалы, дзе і лёсы герояў падобныя, і думкі іх таксама нібы падслуханыя. Напрыклад:

 

Не поет, хто забувае

Про страшні народні рани.

І собі на вільні руки

Золоті надів кайдани.

 

І пранікнёныя словы гусьляра, што «гусьлям ня пішуць законаў». І «не скуеш толькі дум ланцугамі».

А «Восеньская казка» падабалася ня вельмі. Там ужо гучыць матыў пралетарскага барацьбіта, які перамагае сваім пралетарскім перакананьнем.

Я чытаў яму творы Багушэвіча, Каруся Каганца, Багдановіча, Якуба Коласа і Янкі Купалы. «Курган» і «Прарок» я памятаў поўнасьцю. Яны вельмі ўразілі Міхася. Ён пагадзіўся з тым, што ён сапраўды вельмі блізкі да «Даўняй казки» Лесі Ўкраінкі. А Багдановіч зачараваў Валынца сваім лірызмам, ён сказаў, што такога лірыка Ўкраіна ня мае.

Міша чытаў мне вершы Івана Франка, а таксама свае вершы. Яны былі лірычныя і патрыятычныя. Клікалі да барацьбы. За іх, казаў ён, і трапіў у турму. Яго чэкісты хацелі зрабіць кіраўніком нейкай літаратурнай арганізацыі і доўга катавалі. Але пасьля адчапіліся.

Чытаў ён свае патрыятычныя вершы сапраўды артыстычна. Ён тады неяк распростваўся, галава горда закідвалася, вочы блішчэлі, твар бляднеў, а голас зьвінеў. Ён станавіўся сапраўдным паэтам-трыбунам, чымсьці падобным да Купалавага прарока, які зваў сябраў на барацьбу. Міхась адчуваў музыку верша, і вершы яго зьвінелі, як палянэз Агінскага. Нават ганарыстыя масквічы падыходзілі паслухаць гэтага паэта-нацыяналіста, як яны звалі Валынца.

Мала каго зь іх захапляў зьмест яго вершаў, бо ўсе яны былі русафіламі-шавіністамі і не ўспрымалі бандэраўцаў, якія ня хочуць жыць у Саюзе. Ён быў для іх ворагам. Але палымяная мова Міхася захапляла нават іх.

Доўга чытаць Міхась ня мог. Ён хутка стамляўся. Нават пот выступаў на ілбе. Скончыўшы чытаць, ён адразу вяў, ссутульваўся. Рукі яго, як крылы ў падбітай птушкі, апускаліся, вочы тухлі. На твары зьяўлялася нейкая вінаватая ўсьмешка. Ён увесь рабіўся падобным да падстрэленай птушкі, якая, яшчэ жывая, глядзіць на цябе. Або падобны да лілеі, нядаўна сарванай і вынятай з вады, якая вяне на вачах.

Пасьля чытаньня Міхась доўга маўчаў, і мне тады рабілася вельмі шкада яго. Я разумеў, што яму вельмі цяжка будзе выжыць ва ўмовах катаргі. ГУЛаг яго хутка зломіць. Зломіць не духоўна – духоўна ён быў значна мацнейшы за нас. Зломіць фізычна на лесапавале ці ў шахце, бо ў яго пры моцным духу было надта кволае здароўе. Яно ў дадатак было яшчэ і моцна падарванае годам сьледзтва.

Доўга пабыць разам, на жаль, не ўдалося. Яго вырвалі на этап, і шляхі нашы разышліся. Разышліся назаўсёды. Хутчэй за ўсё, ён напоўніў букет нерасьцьвілых кветак, зрэзаных бязьлітаснай чэкісцкаю рукою.

Пасьля вызваленьня зь лягеру я літаратурай не заняўся. Я стаў студыяваць мэдыцыну. Але ў мяне час ад часу ўзьнікалі думкі аб Міхасю Валынцу. Я некалькі разоў спрабаваў зьвяртацца ў Саюз пісьменьнікаў Украіны. Але адказу не атрымаў. Там такіх, як Валынец, не паважалі.


1990-2001?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: Наша Ніва