epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Грамовіч

Ад аўтара

Маленства! Як летняя раніца, без хмурынкі, ясная і залатая...

Маленства далёкае і незабыўнае... Часам, калі ў думках нагадаеш тую раннюю пару, уяўляюцца ласкавыя рукі маці, дужыя рукі бацькі, што насілі малога ад відна да цямна. І ўсё тое ўяўляецца нібы калыскай ці то пачаткам казкі жыцця. Матчынай казкі, дзедавай казкі...

Пара, калі паўстаюць дзень за днём усё новыя і новыя, не падобныя адзін да другога, а вочы здзіўляюцца з усяго нязведанага, незнаёмага. І тваё дапытлівае: што гэта? чаму? Усё ахвота зразумець, распазнаць. Пра ўсё хочацца запытацца. Аб усім хочацца даведацца. Больш за ўсё самому. Сам! Сам! Усё хочацца самому пакратаць і пакаштаваць.

Колькі прыемнага, цікавага знаёмства! За адну толькі раніцу або вечар. За адну толькі хвіліну, калі ўкрадкі ад дарослых шмыгнеш і апынешся за парогам. Колькі шчасця і ўцехі ад гэтага, а часам і слёз!.. Горкіх, буйных дзіцячых слёз...

Колькі непаўторных прыгод, якія прамільгнуць, але не забудуцца! Памяць старанна захавае іх на ўсё жыццё, зберажэ навек.

Наша маленства працякло задоўга да Вялікай Айчыннай вайны, якую мы сустрэлі ўжо са зброяй у руках. Яно прайшло ў тыя гады, калі нашы бацькі якраз скінулі прыгнёт паноў і капіталістаў. Скінулі — і ўстанавілі ўладу Саветаў, распачалі будаваць сацыялістычнае жыццё... Я рады, што нарадзіўся ў бурлівую часіну грамадзянскай вайны і рэвалюцыі. І шчаслівы, што падрастаў, сагрэты першымі праменнямі сонца Савецкай улады. Маё маленства прайшло ў пару, калі прарасло і ўзышло, налілося і паспела першае зерне, пасеянае ў сэрцах і думках нашага народа яго правадыром і настаўнікам, заснавальнікам нашай партыі і дзяржавы, вялікім Леніным. Я на сабе ўдзячна адчуў запавет правадыра — вучыцца!.. Я на сабе адчуў подых новага жыцця, подых шчаслівай будучыні. Хоць яшчэ шмат было тады старога, несвядомага, таго, што перашкаджала ісці наперад.

І ўсё ж, мне здаецца, у маім маленстве шмат супольнага і агульнага з маленствам цяперашніх дзяцей і падлеткаў. Таму я вырашыў напісаць і падарыць ім гэтыя замалёўкі, ці навелы. Я іх назваў «Як вясну рабілі». Гэта і дзіцячыя мары аб будучыні, і ўспаміны дарослага аб сваёй пары маленства праз воблакі часу і дзён, успаміны пра тую пару, як ладзілі новае жыццё. Як пісьменнік, павінен заўважыць, што ў апісанні я выкарыстаў матэрыялы сваіх аднагодкаў, равеснікаў, змяніў імёны і месца дзеяння ў навелах, якія, вядома, не могуць прэтэндаваць на дакладную аўтабіяграфічнасць.

Думаецца, што гэта кніжка будзе цікавай і для падлетка, і для дарослага.

 


1984

Тэкст падаецца паводле выдання: Грамовіч І. Як вясну рабілі: Апавяданні і навелы. – Мінск, “Юнацтва”, 1985.
Крыніца: скан