epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Грамовіч

Драпежнікі

 

Наша рэчка разлівалася аж да ўзгоркаў, што на тым баку, і падступала да самых агародаў на гэтым баку. Вада затоплівала на берагах лазовыя і альховыя кусты, якія ў разводдзе вытыркаліся астраўкамі на шырокай вадзяной паверхні.

Звычайна летам рэчка, абагнуўшы наша сяло, яшчэ рабіла некалькі лукатак, утвараючы на лузе куткі. Адзін з іх называўся «Ткачоў куток», другі — «Доўгая лука» і трэці — «Малы брод». Луг быў заліўны, у разводдзе рачныя хвалі не выбіралі дарогі, а каціліся напрамік, затопліваючы ўсе куткі, усю нізіну. Нават крыгі часамі плылі па абалоні. Здаралася, што якая-небудзь тоўстая крыга, наскочыўшы на грудок або зачапіўшыся за бераг з кустамі, затрымлівалася, асядала. Яна яшчэ пасля крыгаходу доўга ляжала і паволі раставала. На лузе былі грудкі, былі яміны, напоўненыя вадой ад паводкі. Асабліва шмат вады заставалася ў старым рэчышчы, якое так і звалі — Старое. Калісьці рэчка, размыўшы бераг, выраўняла свой шлях і пайшла па новаму руслу, а ранейшае, старое рэчышча засталося, як пустое рукаво. Гэта было даўно-даўно. К таму часу, калі я са сваім дружбаком Сцяпанам хадзіў лавіць рыбу на Старым, гэта было непралазнае, парослае аерам, плюшчам і чаротам, багністае месца. Але трапляліся тут і даволі глыбокія рыбныя затокі.

Вядома, у паводку ўся рыба ішла гуляць на абалонь, а потым вада пачынала спадаць, рыба вярталася ў свае норы, пад карчы, у віры. Але не ўся рыба вярталася ў рэчку. Заставалася і ў канавах, у ямах на лузе, асабліва на Старым. Тады мы ішлі туды і лавілі яе рукамі. Мы плёхаліся ў лужынах, што засталіся ад паводкі. У красавіку яны яшчэ былі шырокія, як азёркі. Але ўжо ў маі, калі густа-густа пачынала расці трава, цвілі кветкі, вокны з вадою на лузе звужаліся, меншалі і да сенакосу зусім высыхалі.

Пакуль цвіла лотаць, вада ў азёрах была халодная, а потым штодня ўсё больш награвалася, цяплела. На дне лужын, як і на ўсім беразе, зелянела трава. Яна расла, хоць і была пад вадою. Калі глядзець на яе ў сонечны дзень, то відаць было, як травінкі дыхалі, іскрыліся, нібы жывым срэбрам, кропелькамі паветра. Прыемна было, падкасаўшыся, босаму, улезці ў лужыну і адчуваць, як пад нагамі, між пальцаў, шумліва струменяць і вырываюцца на паверхню маленькія бурбалачкі. А яшчэ прыемней было, нават радасць апаноўвала, калі ў яме раптам штосьці мільгала, кідалася ў бакі, падымаючы каламуту. Вядома, хто мог хавацца ў азёрках. Жабы тут не вяліся: яны ўвечары спраўлялі хоры на брудных копанках, там, дзе некалі выбралі торф. А тут, ля рэчкі, у лужынах, можна было знайсці плотку, акуня, а то і шчупака. Тады мы раздзяваліся і пачыналі боўтаць у лужыне нагамі да тае пары, пакуль стомленая рыбіна не выплывала з вады ўверх жыватом. Здаралася, што замест сеткі-таптухі мы лавілі кашулямі ўзацяжку. Сонца грэла, і да вечара адзенне можна было высушыць.

Аднак самыя рыбныя мясціны, хоць і самыя глыбокія, трапляліся на Старым. Там мы са Сцяпанам ведалі такія яміны, аб якіх нікому было няўцям. Адзін раз мы нагледзелі месца, дзе было шмат шчупакоў, больш двух дзесяткаў. Шмыгалі між імі і плоткі-чырванапёркі.

Лезці лавіць рыбу мы не адважыліся. Дно тваністае, чорнае. А куток гэты надзейна быў схаваны ў чароце і аеры. Мы ведалі, што ямы на Старым не высыхалі часамі да глыбокага лета. Але ў самую спёку тут маглі скакаць па дне нават ластаўкі. Яны купаліся, а над імі кружыліся пчолы. Мы думалі, што пчолы бяруць цёплую ваду на мёд.

Знайшоўшы гэта месца, мы доўга любаваліся на сваю сакрэтную рыбную гаспадарку.

— О, тая вялікая! — казаў Сцяпан.— Во дала муці! Бачыш!

— Лавіць не будзем,— адказваў я.— Няхай падрастуць! Нідзе не дзенуцца. Будзем прыходзіць наглядам. Неўзабаве вада спадзе, можна будзе смела ўлезці.

Так і вырашылі. Праз кожныя два дні, асабліва ў нядзелю, мы ўкрадкам бегалі да сваёй патаемнай сажалкі на Старым.

Пагода стаяла спякотная, дажджоў даўно не было.

Мы былі вельмі рады, што наша яма штодня мялее, нават сталі рабіць корчыкам паметкі. Уткнеш з берага —праз два дні вада адступіла на пядзю-дзве...

Толькі што было дзіўна! Рыбная сям’я, як нам здавалася, меншае, хоць мы кармілі яе, сыпалі крошкі. Мы падкрадаліся з-за куста, каб палічыць шчупакоў. Адзін, два, тры... Іх з кожным днём станавілася ўсё менш. Не было відаць, каб і хто ўнадзіўся красці.

І вось нарэшце мы сабраліся палавіць рыбу. Узялі з сабою вядро. Ідзём лугам да рэчкі. А ў паветры духата... Збіраецца на дождж.

Прыйшлі на Старое. І ад здзіўлення сталі і стаім. У нашай яміне, як на хату велічынёй, побач, адзін ля аднаго, плаваюць сем шчупакоў. Задыхаюцца ў цёплай вадзе, млява варушацца, павытыркаўшы насы ўгору. Хакаюць жабрамі, нібыта не ў вадзе.

Мы іх лёгка пералавілі. Аднолькавыя, адзін у адзін, сонныя, сем штук... І больш ні вока! А колькі іх кішэла, калі вада яшчэ падступала да алешыны! Чаму адны шчупакі? Мы бачылі тут серабрыстую луску плотачак. Дзе яны?

Больш нічога мы не злавілі. Сем шчупакоў! Роўныя, адзін у адзін... Трэба было аднаго шчупака падзяліць. Роўны клопат — пароўну здабыча.

Прынеслі дадому вядро з рыбай. Разрэзалі сёмага шчупака, а ў ім адны рыбкі. Сталі патрашыць іншых — ва ўсіх меншыя за сябе рыбіны. І тут мы здагадаліся: іх засталося сем, бо ўсе сем роўныя. Не маглі даць рады адзін аднаму...

— Ах, драпежнікі! — сказаў мой старэйшы брат.— Пераглыталі адзін аднаго!..

 


1981-1984?

Тэкст падаецца паводле выдання: Грамовіч І. Як вясну рабілі: Апавяданні і навелы. – Мінск, “Юнацтва”, 1985.
Крыніца: скан