epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Грамовіч

Дзіва

 

Цяпер пра розныя здарэнні з жахлівымі прывідамі, слухаючы якія, адчуваеш, як валасы становяцца дыба і мурашкі паўзуць па спіне, зусім не чуваць.

Праўда, перажыткі сякія-такія ёсць. І калі ўспамінаюць пра нячыстую сілу, пра цуды і страхоцці, то і я міжволі ўспамінаю, як калісьці быў сведкам дзіва. Усё сяло тады ў яго паверыла.

Жыў у нашай вёсцы дзядзька Юрка, а жонку яго звалі Крыста. Дзівакаваты чалавек, але здатны на ўсе рукі. Што ні возьме — змайструе. Малатарні рабіў, млын на Пцічы збудаваў.

Яго ўся мясцовасць ведала. Усе запрашалі да сябе.

То той, то другі клікаў на сталярку, і ён увесь час хадзіў па ваколіцы. Крыста нават дакарала яго за гэта:

— Куды ты цягнешся? Дома даглядаўся б...

А ён:

— Бывай, Крысціна з дзеткамі!

Яшчэ, праўду кажучы, любіў ён глынуць чарку. Але так, каб не астацца без памяці. Ніколі яго такім не бачылі. Быў ён кемлівы і дужы. Прывад ад малатарні аберуч падымаў.

Аднойчы сталярыў ён у суседнім сяле Зарэчча. Непадалёк ад нас. Калі ісці нацянькі, грэбляй, будзе кіламетры тры, а калі аб’ездам, дарогай, то будзе больш. Перасыпаў ён там хату, і, як водзіцца, у канцы работы запрасілі яго за стол. Не адмовішся — такі звычай. Заплацілі яму, пачаставалі, аднак начаваць не ўгаварылі.

Развітаўся ён і пайшоў. Цягнула яго дадому.

Ідзе. А ўжо звечарэла. І наважыў ён ісці нізам, нацянькі. А там каля рэчкі — кусты алешніку, хмызняк. Словам, такія месцы, дзе ўпоцемку хадзіць баяліся. Ваўка можна было спаткаць, страхі розныя нападалі. Але ён надумаўся і пайшоў. Каб бліжэй. Да таго ж чалавек з сякерай. Што яму?!

Ідзе. Раптам бачыць: каля грэблі на той бок рова — баран. Стаіць, бляе. Праходзіць Юрка, а баран на яго: «Мэ-э-э!» Чорны, кудлаты і рогі пакручастыя.

«Чый жа гэта пастух згубіў барана?» — здзівіўся Юрка. А баран, як пачуў чалавека, яшчэ мацней забляяў. Хацеў ён абысці яго, але скаціна, бедная, ажно просіцца: «Не пакідай мяне!» Юрка спыніўся, падумаў: «Можа, гэта зарачанскі, а можа, і загор’еўскі... Давай забяру. Занясу дадому, бо ўсё роўна ноччу яго воўк зарэжа».

Пераступіў гэта ён роў, падышоў да барана, а той сціх. Паманіў яго да сябе, паклікаў, узяўся за рог — не ўцякае. А рогі пакручастыя — уверх, уніз. Бывае ж парода!

Юрка — сякеру за пояс, пачаў падымаць на сябе барана. Не падняць! Такі цяжкі, што ледзь-ледзь узваліў на плечы.

Закінуў і панёс. Дацягнуў дадому, у хляўчук і — туды, дзе стаялі ўсе авечкі. Зачыніў на жалезную засаўку.

Пакуль прынёс — змардаваўся. Ды было позна.

Ён, нікога не будзячы, зайшоў у хату, распрануў світку, лёг і заснуў.

Раніцай прачынаецца і кажа:

— Ну, маці, вастры нож!

А Крыста пячэ бліны і насуплена маўчыць. Гневаецца, што муж учора вясёлы прыйшоў.

— Чуеш, вастры нож! — зноў кажа.

— Ды ўжо ж, як так сп’яна валачыцца, дык ці не лепш дурное што выдумаць,— злосна адказвае Крыста.

— На свежаніну вастры нож! — гукае ён.— Барана зарэжам!

— Якога барана? У нас адны авечкі. Ты ўжо не помніш, што ў цябе ў хляве ёсць.

— Я ўчора,— кажа Юрка,— знайшоў барана. У калюзе, на грэблі. Адбіўся, відаць, ад нечага статка. Іду, ведаеш, а ён бляе. Мабыць, зарачанскі ці загор’еўскі. Цёмна ўжо, ноч... Што рабіць? Не пакідаць жа ваўкам... Я за яго і прынёс. А цяжкі-цяжкі! І мяса, і кажух будзе...

Крыста зноў не верыць, а Юрка апрануўся, узяў нож, павастрыў яго.

Пайшлі да хлява.

Адчынілі яны дзверы. Напуджаныя авечкі адна за адной — быццам іх за шкірку хто выкідае з хлеўчука — на двор павыскоквалі. Жанчына жахнулася, а муж толькі развёў рукамі і крэкнуў:

— Гэ!

Дзіва ўмомант абляцела ўсё сяло. Жонка пераказала Юркавы словы суседцы, а суседка другой суседцы, і так з канца ў канец...

Тым часам Юрка, нікому нічога не кажучы, зачыніў хляўчук і, панурыўшы галаву, пайшоў да балота, быццам ён там учора згубіў штосьці. А ўсе шэпчуць пра тое, што здарылася...

І я чую, як напалоханыя кабеты адна адной перадаюць Юркавы словы:

— ...Ідзе, кажа, па грэблі... Глядзіць... баран падбягае да яго. Бляе авечым голасам. Чорны, кудлаты. Вочы гараць, і з рота не то пара, не то дым клубамі валіць. Бе-е-е! — і агеньчык блісь-блісь! Рогі жалезныя, пакручастыя.

— Ах, божа мой! Што яму ў галаву ўзбрыло чапаць нячыстую сілу?

— Бачыце ж дурня!.. Кажа, на плечы і прынёс аж дадому. І вы толькі падумайце, пусціў да сваіх авечак!.. А сёння ўстаў паглядзець, дык от...

Бабы з жахам пазіраюць на Юркаў хлеў.

— А божачка! — кажа хтосьці з дакорам.— Ці ён не бачыў сваімі вачыма?

— А ён дзе цяпер?

— Пайшоў на тое месца.

— Ой, што ж гэта будзе?

І такі страх усіх апаноўвае, што я ўжо сам баюся да Юркавага хлеўчука падыходзіць.

Жанчыны са двара не разыходзяцца. І «знахарка» з імі. Гэтулькі страхоццяў прынёс Юрка.

Тут якраз ён паказаўся. Ідзе! У хату чагосьці глянуў, запытаўся, дзе Крыста, і падышоў да натоўпу. Увесь мокры ад поту. Збегаў на тое месца, дзе ўчора лавіў барана.

— Чаго тут сабраліся? — пытае ва ўсіх.

А ўсе насцярожана патупіліся і пазіраюць на яго баязліва, хоць ён вясёлы і смяецца. І толькі Жыхарыха грозна загаварыла:

— Каго ты ўчора прынёс у свой хлеў?

— Цьфу! — плюнуў Юрка.— Вось прычапілася... Прэч адсюль, «знахарка»! Людзі добрыя, разыходзьцеся!.. Што я прынёс, ад таго ў мяне плечы ў сіняках. Бачыце! Учора я мог там алешыну вывернуць і сюды ў двор прывалачы... Чаго вы не бачылі?..

Крыста трымае Юркаву світку. Плечы ў ёй запэцканы ў тарфяную гразь... А з хлеўчука... тарчыць прынесены Юркам рагаты корч.

Вось дык было дзіва!..

 


1981-1984?

Тэкст падаецца паводле выдання: Грамовіч І. Як вясну рабілі: Апавяданні і навелы. – Мінск, “Юнацтва”, 1985.
Крыніца: скан