epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Грамовіч

Гультай

 

У дзядзькі Антона былі надта сярдзітыя сабакі, ды затое разумныя, умелі пільна сцерагчы двор. Самы большы з іх, якога звалі Дунай, мог пусціць незнаёмага чалавека нават у хату, не гыркаў, не брахаў, але не выпускаў на вуліцу да прыходу дзядзькі Антона.

Мне вельмі спадабаліся малыя шчаняты. Дзядзька Антон збіраўся іх тапіць, але я выпрасіў сабе самага лепшага шчанюка. Увесь чорны: і лапы, і хвост, і вушы, а наперадзе і пад жыватом поўсць рыжая, нібыта ён у камізэльцы. Хоць і быў ён яшчэ зусім маленькі, але поўсць на ім ужо тапырылася і кучаравілася, як у Дуная. Я пачаў яго гладзіць, і ён адразу прывязаўся да мяне: бяжыць услед, мызкай тыкаецца, шукае, дзе я.

Я яго паклаў сабе ў прыпол, прынёс дадому. І таксама назваў Дунаем.

Пакуль я рабіў яму будку пад ганкам, Дунай спаў на анучы ў сенцах. Ён прывык да свайго чарапка, з якога еў тое, што я яму прыносіў. А яды хапала якой хочаш. Усё, што можна было ўхапіць са стала, я нёс Дунаю. Ён ласаваўся ўволю і рос.

Мы з ім пасябравалі так, што ніколі не разлучаліся. У агарод, на рэчку, у сяло — усюды я браў яго з сабою. Дунай заўсёды бег і лашчыўся да мяне, ад радасці гатоў быў, здаецца, падскочыць і лізнуць мне твар. Толькі рост не дазваляў яму. Аднак сваю шчырасць і ўдзячнасць да мяне ён умеў выказваць хвастом; так і віляў, так і віляў.

— Не песці яго,— казаў мне дзядзька Антон.— Вазьмі ланцужок і навяжы каля будкі.

— Ён яшчэ малы на ланцугу бегаць,— адказваў я.

І я даглядаў яго, як сам хацеў. Дунай рос, не ведаючы ніякай прывязі. Як гэта я мог разлучыцца з Дунаем? Я садзіўся на лаўку, і Дунай лез да мяне на калені. Тут я памагаў яму хутчэй ускарабкацца і цягнуў за лапы. Прыемна было прыгарнуць да грудзей Дуная, шчакой прытуліцца да яго калматай поўсці. Хацеў ён у хату — я яму адчыняў дзверы. Маці за гэта сварылася, але я даказваў, што сабака не павінен скуголіць пад дзвярыма. Бывала, я клаўся на посцілцы, і Дунай быў у мяне пад рукой, збоку, каля галавы...

— Што ты ўсё няньчышся з гэтай псінай? — у злосці дакарала маці.— Вунь куры грабуць каноплі... Нацкаваў бы сабаку на іх, прагнаў!..

Я бег узмежкам да канапель са сваім Дунаем і крычаў: «Дунай! Узяць іх, Дунай!» І ён слухаў мяне, кулём імчаўся і брахаў што ёсць моцы. Але як толькі я спыняўся, спыняўся і Дунай. Ён падбягаў да мяне, глядзеў мне ў вочы і віляў хвастом. «Падрасце — паразумнее,— думаў я.— Ён яшчэ малы, нічога не цяміць».

Так і не пасадзіў я Дуная на ланцуг, гуляў з ім, пакуль ён не падрос. Дунай падужэў. Брэх яго разлягаўся па ўсёй вуліцы.

Неяк пад восень нашы выпусцілі ў двор свінню з парасятамі. Усё лета яна была ў хляве. Там і апарасілася. Дзевяць парасятак, беленькіх, тоўсценькіх, спалі каля маткі на саломе, а яна ляжала і з задавальненнем рохкала. І вось яе з парасяткамі выпусцілі з хлява пагуляць. Вароты на вуліцу зачынілі, а з другога боку, каб свіння не ішла ў садок, прыставілі пільнаваць мяне. Тым часам праз плот я кідаў свінні яблыкі-падалкі, якія яна, са смакам чвякаючы, ела. Малы яблык кінеш — тут жа з’есць і зноў просіць, рохкае... Пацеха! Ну, залезеш на яблыню, дастанеш вялікую-вялікую антонаўку... Свіння хоча яе адразу глымануць. Закіне лыч угору, качае, качае яблык, а мне відаць яе чырвоны язык, белыя іклы і зубы. Я сяджу на дрэве і рагачу, пакуль яна раскусіць. Потым зноў з самага верху кіну ёй ласунак. Вядома, з аглядкаю, каб не бачылі дарослыя.

Дунай хутка падружыўся з парасятамі. Свіння на яго нават не звяртала ўвагі. Парасяты акружылі яго, нюхаліся з ім, дурэлі. Дунай, хоць і быў большы за іх, знаходзіў з імі нейкую гульню. То ён іх лапай чапаў, то скакаў цераз іх, а яны лаўчыліся ўхапіць яго за хвост.

Я якраз быў на яблыні, калі пачуў, як піснула парася. Відаць, Дунай незнарок кіпцюром дрэпнуў яго. Што тут здарылася, цяжка перадаць!.. Свіння кінула недаедзены яблык, поўсць у яе на хрыбце стала дыбам. Грозна рохкаючы, яна кінулася да парасят. Парасяты — да яе. А Дунай, дурань, думаў, што з ім усе будуць дурэць гэтак, як я. Ён лёг на спіну і задраў ногі ўгору. Свіння падбегла, разявіла пашчу і, не доўга думаючы, схапіла яго за жывот. Дунай заскавытаў на ўвесь двор. Я таксама закрычаў немым голасам і зваліўся з яблыні. На двары ўзняўся лямант. Сабака скавытаў, свіння раз’юшана рохкала, парасяты вішчалі...

Я ўжо думаў, што Дунаю не жыць. Свіння магла яго загрызці. Сабаку проста пашанцавала, што свіння не хапіла яго як след за жывот, а толькі злёгку падрапала ікламі. Я падбег і адагнаў азвярэлую жывёліну.

Бедны Дунай!.. Цяпер ён зразумеў: са свіннёй жарты кепскія. Ён затуліў хвост і, ціхенька скавычучы, палез да сябе ў будку. З таго часу ён больш ніколі не гуляў з парасятамі, а на свіней не хацеў глядзець.

Іншы раз чужыя свінні рылі бульбу на агародзе. Я выбягаў з хаты і крычаў:

— Дунай! Кусі іх!..

Але ён, згледзеўшы свіны лыч, палахліва падгінаў хвост і хаваўся куды-небудзь. Ён, мабыць, разумеў, чаго ад яго хочуць, але не мог забыцца пра той першы страх.

І ніякай помачы мне ад яго больш не было. Толькі што лашчыўся...

— Які ён Дунай! — сказаў дзядзька Антон.— Гэта Гультай, а не Дунай. Гаварыў — не песці! Вось і выгадаваў гультая і лежабока.

 


1981-1984?

Тэкст падаецца паводле выдання: Грамовіч І. Як вясну рабілі: Апавяданні і навелы. – Мінск, “Юнацтва”, 1985.
Крыніца: скан