epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Грамовіч

Гусель

 

Быў у нас благі, куслівы гусак. Ён кідаўся на ўсіх, нават на мяне, хоць я яго, можна сказаць, выгадаваў, пасвіў разам з усімі гусямі на выгане. Бывала, як зашыпіць ды як кінецца, выцягнуўшы доўгую шыю, несучы глюгу нізенька пры зямлі, каб за штаніну ўхапіць ці за лытку ўшчыпнуць,— асцерагайся!.. Ён быў дужы. Малога мог крыламі ўдарыць і паваліць. Усе яго баяліся.

І, як кожны задзіра, з выгляду ён быў фарсісты, характарам — ганарлівы. Ідзе, ростам вышэй за ўсіх гусей, пер’е на ім белае, гладкае, валляк і грудзі дугой, а чырвоную глюгу нясе высока, грозна, і лоб шышкай, як абух у сякеры. Заўсёды ступае павольна, наперадзе і хітра паглядае на бакі. А то галасіста крычыць, каб здалёк усе чулі, што ён чараду вядзе: «гу-сель». За ім следам нізенькія, таксама белыя, адна за адной клыпаюць гусі, смела і задаволена перамаўляючыся між сабой: «Гэ-гэ! гэ-гэ!..» Ён быў важаком у іх, вадзіў чараду на рэчку, а пасля гэтага вёў назад цераз усю вуліцу дадому. Часам, калі я загуляюся з сябрамі, ён мог і ў шкоду гусей завесці: у чый-небудзь агарод. Тады ўжо за гэта пападала і яму і мне.

А гусак умеў адбівацца. Ён нікога не баяўся. Неяк, пад вечар, ён вёў чараду з рэчкі, а насустрач ішоў да вады статак кароў, на ўсю вуліцу, ад плота да плота. Наш гусак не збочыў, не саступіў ім, а нават схапіўся біцца з быком. Бык толькі рогі на яго наставіў і абышоў. Гусі за гусаком збіліся ў кучу, ды так і перачакалі, пакуль пройдзе статак.

Ну і фарсіў ён пасля гэтай перамогі. Крыку было на ўсё сяло. Як толькі заявіцца ў двор, то на ўвесь голас:

— Гу-сель!.. Гу-сель!..

Гэта азначае: адчыняй яму гусятнік, хутчэй давай есці!.. Сам сцеражыся, каб штаніна засталася цэлай. Усе асцерагайцеся! Кот — уцякай! Сабака — хавайся ў будку!

— Гу-у-сель!

Я яго так і дражніў. Ганарлівы быў гусак-забіяка!

Але вось здарыўся выпадак, пасля якога страціў Гусель свой фарсісты выгляд. Як гэта ўсё адбылося, я раскажу па парадку, бо вінаваты ва ўсім быў я.

Летам, калі паспелі вішні, маці загадала мне аднойчы наабіраць іх і засыпала цукрам у вялікай шкляной бутэльцы, якую ў нас называюць «буслам». Гэты «бусел» не даваў мне спакою. Я кожны дзень паглядаў, як бутэлька напаўняецца чырвоным сокам.

— Не чапай! — казала маці.— Гэта настойка!

Калі на кастрычніцкія святы прыехалі да нас у госці дзядзька з цёткай, на стол паставілі настойку, чырвоную, густую. Давалі і мне пакаштаваць, але горкага я не любіў піць. Я не ведаў, чаго вішні згорклі.

Назаўтра настойкі ў «бусле» ўжо не было.

Я ўзяў «бусел», перакуліў дном уверх і натрос праз рыльца поўную міску набрынялых, карычневых вішань. Пах ад іх ішоў нейкі падобны да гарэлкі. Пакаштаваў — горкія... Я выплюнуў і скрывіўся. Што з імі рабіць? Куды падзець?

З поўнай міскай вішань я выйшаў на ганак. Ужо хацеў высыпаць за плот, як на вочы трапіўся гусак. Гусі былі ля садка, а ён адзін пахаджваў па двары, цікаўна паглядаў на мяне.

Я паклікаў яго:

— Це-це-це-це!

— Гу-сель! — закрычаў ён у адказ.

Я кінуў яму мяккую пульхную вішню. Гусак адразу праглынуў. Я нават падумаў сабе: як гэта ён не скрывіцца ад гаркаты? Гусак падышоў бліжэй, нібыта прасіў яшчэ. Я кінуў больш. Ён праглынуў. І зноў глядзіць на мяне.

— Ге-ге! — адклікаецца так мірна, ціха.

Тут я паставіў перад ім усю міску. Гусак ахвотна пачаў кляваць. А я з пацехай паглядаў. Бывала, ён, калі што знойдзе, дык, як певень, кліча да сябе гусей. А то адзін так заўзята ўвіхаецца, што аж хвост падскаквае. Я збегаў у хату ды высыпаў астатнія ягады з «бусла» ў міску.

Мне было прыемна і нават смешна, што гусак харчуецца горкімі ягадамі. Мне і ў галаву не прыходзіла думка, што гэтак я магу пагубіць Гуселя. Я пад канец прыкмеціў, што крылы ў гусака неяк аслабелі і звіслі амаль да зямлі.

Тут мяне паклікаў Сцяпан, мой прыяцель.

— Не бачыў, якога Мірон злавіў шчупака? — крыкнуў ён.— Во, на ўсе ночвы. Хадзем паглядзім!

Глядзець на такія цуды было заўсёды спакусай. Не кожны дзень гэта здаралася. Умомант я схаваў міску, зачыніў хату і пабег з двара.

Мы падзівіліся на шчупака, потым разам пабеглі да рэчкі, дзе Мірон лавіў рыбу. Там крыху забавіліся: памагалі вытрасаць куль невада, за гэта нам дасталося па плотачцы. Пасля памагалі развешваць невад на плот для прасушкі. Той дзень пасля паўдня праляцеў непрыкметна. Я забыўся пра хатнія справы і з мокрымі штанамі амаль пад вечар прыйшоў дамоў.

Пераступіў парог і аслупянеў: каля печы ляжаў абскублены Гусель, і доўгая голая шыя яго перавісала цераз палена дроў. Маці хадзіла па хаце, збіраючыся смаліць гусака. На ім шмат яшчэ тырчала пер’я, а крылы і хвост былі зусім цэлыя.

Я спытаў, што гэта зрабілася Гуселю. Маці расказала, што гусак спачатку кідаўся на людзей, а потым упаў і зайшоўся. Што было рабіць? Кілаграмаў шэсць важыў гусак, сыты, яшчэ цёплы...

Маці пабедавала ды села на прызбу скубці гусака. Заціснула яго між каленяў, і, як снег, з яго пачаў сыпацца пух.

— Дзе ты бадзяўся? — урэшце запытала маці.— Вось напасвіў гусей! Бачыш, што з гусаком. Мусіць, нехта атруты падкінуў.

Я ўспомніў усё, як было, і супакоіў яе:

— Гэта не атрута. Гэта вішні.

— Якія вішні?

Маці здзіўлена паглядзела на мяне, потым на парожні «бусел».

— Ён аб’еўся,— сказаў я нясмела і вінавата.— Я даваў яму есці... вішні.

Мне было шкада гусака. Я крануў яго, і Гусель, нібыта пачуўшы мой голас, трэпнуў нагой і паварушыўся.

— Божухна! — хапілася за галаву маці.— Ах ты, лайдак!.. Вішні ж убражалі... Хмель ад іх... Што ж ты нарабіў?!. Я ж нічога пра гэта не ведала. Во!.. Божухна! Ну, як жа цяпер!..

А ў гэты час, амаль абшчыпаны, хістаючыся, гусак падняўся і пайшоў па хаце. Спачатку ён крэкаў, а потым, як і раней, закрычаў:

— Гу-у-сель!

Мы яго выпусцілі ў двор. Ён кінуўся да гусей, але тыя пачалі ўцякаць ад яго — не пазнавалі...

Але характарам гусак застаўся, як і быў,— забіякам. На другі дзень ён дзеўбануў мне ў пяту. І яшчэ мерыўся, але я ўзбег на ганак.

Маці не ведала, што з ім рабіць. Была ўжо восень. Вырашылі прадаць некалькі гусей.

У наступную суботу Гусель паехаў на рынак. Казала маці, што яго ніхто не хацеў купляць.

— Чаму ён голы? — пытаюцца.— Э-э, п’яніца, прапіў вопратку... Нам такога не трэба...

А гусак сядзіць у кашалі, крычыць ад злосці на ўвесь рынак.

Сяк-так купілі яго, забіяку...

 


1985?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: скан