epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Грамовіч

Ірынка

 

Помню, калі я першы раз ездзіў у горад. Ён быў далёка ад нас. Ехаць збіраліся загадзя. Старанна рыхтавалі драбіны, падмазвалі колы, кармілі каня і выязджалі звечара, каб назаўтра днём быць там.

Паехаць у горад было найвышэйшым жаданнем, вялікай марай для ўсіх нас, вясковых хлапчукоў.

Нарэшце і мне пашанцавала. Маці сказала, што калі я буду паслухмяны, то ў суботу мяне возьмуць у горад.

Я не мог дачакацца тае суботы. Зборы занялі ўвесь дзень, аж пакуль я не сеў на воз побач з маці. У мяне быў такі намер: не міргнуць вокам, запомніць кожную дробязь за час падарожжа. І ўсё ж, як ні вялікая была мая цікавасць да паездкі, ледзь толькі мы выехалі за сяло, я адразу заснуў.

Прачнуўся, калі ўжо ўзыходзіла сонца і спявалі раннія птушкі. Калёсы нашы каціліся ўзбоч брукаванай шашы, над якою расцягнуліся ад слупа да слупа цэлыя ніты тэлеграфных дратоў.

— А вунь і горад відаць,— сказала маці, калі мы ўз’ехалі на ўзгорак.

Мяне ўсяго пасля сну неяк скаланула ад ранішняй свежасці. Сапраўды, удалечыні я заўважыў белыя будынкі, якія выглядалі надта прыгожа. Там дымелі, як я здагадаўся, коміны фабрык і заводаў, узвышаўся нейкі чырвоны вастраверхі гмах. З гэтае хвіліны я так і не міргнуў вокам.

Чым бліжэй пад’язджалі мы да горада, размінаючыся з машынамі, пераязджаючы жалезны мост, тым усё больш і больш я згінаўся, седзячы на калёсах, што скакалі па бруку. Я аглух, прыціх і не мог вымавіць ні слова. Між высокіх камяніц па вуліцы, нібыта між берагоў ракі, я набліжаўся да чагосьці новага, незнаёмага, што нават палохала. Я моўчкі трымаўся рукой за біла. Палахлівае здзіўленне расло і расло: такога мноства людзей я яшчэ ніколі не бачыў.

Потым маці скіравала каня ўбок, і мы паехалі нейкім завулкам. Затым уз’ехалі на двор, і між высачэзных дамоў хмарка на небе мне здалася далёкай-далёкай. Было як на дне ў калодзежы.

— Прыехалі,— сказала маці.— Вунь, бачыш, акно з краю? Там жыве наш дзядзька...

Я ўжо ведаў, што ў горадзе жывуць нашы дзядзька і цётка, і помніў, як яны прыязджалі да нас у вішні. У іх ёсць Ірынка, стрыечная сястра. Я яшчэ ніколі не бачыў яе, але яна ўжо не раз прысылала мне з братам гасцінцы і прывітанні. Уласна кажучы, мяне і ўзялі таму, што дзядзька з Ірынкай хацелі, каб я прыехаў. Аднак усё незвычайнае і дзівоснае так мяне напалохала, што я глянуў угору, на тыя вокны ў доме і вырашыў не кратацца з месца. Стракатлівым выглядала тут усё — і двор, дзе нерухома стаялі такія шустрыя на вуліцах машыны, і гэтыя высачэзныя дамы.

— Чаго ты сядзіш? — сказала маці.— Падкінуў бы каню сена.

Але я нават не крануўся з месца, і мама сама дагледзела каня.

— Спалохаўся?.. Вось табе і маеш! — сказала яна.— А яшчэ прасіўся ехаць, галаву ўсім адурыў...

— Я пасяджу тут,— нясмела прамовіў я.— Папільную каня.

— Што яго пільнаваць! Нікуды ён не дзенецца, я прывязала... Сынок, не бойся, хадзем! Пазнаёмішся з Ірынкай...

Я не мог сабе прызнацца, што спалохаўся. Магчыма, мне проста хацелася пабыць аднаму, агледзецца вакол. Пасяджу, асвойтаюся, а тады і сам пайду, не трэба мяне за руку весці.

— Ну, не несці ж мне такога байбуса на руках. Сядзі сабе!

Я падняў вочы і заўважыў, што маці пайшла да дзвярэй у высокім доме. Вокны ў ім былі адзін рад над другім, аж у чатыры рады.

Праз нейкі час з тых дзвярэй выбегла дзяўчынка, крыху большая за мяне. З самага парога дзяўчынка закрычала на ўвесь двор маё імя. Што гэта? Можа, яна клікала каго-небудзь другога?.. Не, падбегла да воза і схапіла мяне за руку.

— Добры дзень! Добры дзень! Я Ірка! Будзем знаёмы!..

Дзяўчынка ўвесь час падскоквала, усміхалася. Яна была зусім беленькая, незагарэлая. Кароценькую сукеначку яе раздзімаў ветрык, а коскі, заплеценыя каснічкамі, як два хвосцікі, матляліся за плячыма.

— Вой, які прыгожы хлопчык! Мама, ён вельмі прыгожы!..

Я хацеў адштурхнуць яе ад калёс пасля такой заўвагі, але ў гэты час убачыў цётку, якая ішла да воза. Вушы мае загарэліся ад сораму, бо ніякі я не быў такі, як абзывала мяне Ірка, і ніколі да мяне ніхто так не звяртаўся. Вось яшчэ пахвала!

Цётка была добрая, ветлівая. Я помніў яе з таго часу, як яна прыязджала да нас.

Ідучы па лесвіцы, Ірка ўсё тарахцела:

— Ты быў у звярынцы? Ніколі не быў? Хочаш, я цябе павяду ў звярынец? Мама, я схаджу з хлопчыкам у звярынец!..

Хлопчык ды хлопчык! Які я ёй хлопчык? У мяне было імя. Яшчэ дома я ад брата даведаўся, што я ніколькі не меншы за Ірынку. Яна проста важнічае, звяртаючыся да мяне, як да малога. Ірка мне страшэнна не спадабалася. Адразу. Яна то ўвесь час выхвалялася перада мной, то ўсім ганарылася: як яна шмат ведае, якая яна смелая, што яна ўмее.

— Ты ўмееш катацца на веласіпедзе?

Я стаяў і маўчаў.

— Не ўмееш?.. Эх ты! Хадзем на балкон! У вас ёсць балкон?

Але я, як глянуў зверху на двор і ўбачыў прадаўгаватую, у вупражы спіну каня, адразу падаўся назад.

Я не збаяўся, не! Я лазіў на бярозы і не на такую вышыню. Праўда, там было густое голле, а тут — пляцовачка, як ластаўчына гняздо...

— Мама! — закрычала Ірка.— Ён баіцца выходзіць на балкон! Які ён смешны!

Я пачынаў злавацца на яе. Мне зусім не хацелася размаўляць з ёю. Ірка паказвала сваю спрытнасць, а мой кожны крок выходзіў нязграбным. Я адчуваў сябе так няёмка, што на калідоры незнарок зачапіўся і паваліў бляшаную балею, якая стаяла бокам, і нарабіў бразгату.

Выбеглі цётка, маці. А Ірка смяялася з мяне:

— Мама, ён не ўмее выключыць кран. Баіцца крутнуць, бо вада льецца.

Ірка сказала, што я хацеў напіцца вады. Тады цётка ласкава звярнулася да нас:

— Дык вы схадзіце ў сад і напіцеся хлебнага квасу. Вось грошы... Схадзіце, пагуляйце!

Я не хацеў ісці. Але цётка і маці сілком нас выправілі ў сад.

— Хадзем, хадзем! — цягнула за руку Ірка.— Я куплю табе марожанага!

Калі мы ўдваіх пераходзілі вуліцу, Ірка мяне павучала:

— Хлопчык, стой! Ісці няможна! Міліцыянер сварыцца будзе.

А калі я спыніўся і пачаў думаць, за што на мяне могуць сварыцца, яна раптам з усяе сілы пацягнула далей.

— Пайшлі! Бяжым, бяжы хутчэй! Ты ўсё роўна як казёл... Ой!..

Мне не было калі нават адказаць ёй на абразу. Званілі трамваі, гудзелі машыны. Сонца сляпіла. Ад розных фарбаў на сценах памаляваных дамоў пярэсціла ў вачах.

Мы ішлі ў сад, а прыйшлі пад тоўстыя, дуплістыя дрэвы, на голлях якіх сядзелі і каркалі адны вароны. Дзе ж тут яблыкі, грушы? Які ж гэта сад?..

Ірка зноў кудысьці мяне цягнула. Навокал стаяў гармідар, што я не мог ні ў чым разабрацца. Паспрабаваў вызваліць сваю руку і ледзь не заблудзіўся. Каб не Ірка, ніколі не трапіў бы на дзядзькаў двор. Аж страх на мяне напаў. Я ўзрадаваўся, пабачыўшы нашага спакойнага каня над ахапкам сена.

— Ой, ты нейкі зусім дурны,— нарэшце сказала Ірка.— Мама, я стамілася. Не магу я больш займацца з гэтым хлопчыкам.

А хто яе прасіў гэта рабіць? Чаго яна прычапілася да мяне? Я глядзець не мог на гэтую ляльку. Усё круціцца і круціцца перад вачыма... Я ўжо не ведаў, куды ад яе схавацца. Мне хацелася пабыць аднаму, разгледзецца, асмеліцца. Я так і зрабіў.

Горад — незнаёмы і чароўны — выглядаў такім жа мітуслівым, як і Ірынка. Я ўжо яго пачынаў не любіць. Ну, ніяк тут нельга было сабрацца з думкамі. Крыўдна рабілася, што выйшла не так, як у маіх сяброў-аднавяскоўцаў. Як яны хораша ўспаміналі пра горад! А што я ім пахвалюся ці раскажу? І ўсё гэта праз Ірку! Яна мне засланіла ўвесь свет.

Аднак гэтай бяды яшчэ было мала.

Пачалі збірацца ад’язджаць дадому, і я пачуў матчын голас: \

— Ірынка!

— Ірка, дзе ты? — падхапіў цётчын голас за дзвярыма.

— Ты прасілася паехаць у вёску. Калі хочаш, збірайся, паедзеш!

— А можа, баішся? — пытаўся дзядзька.— Глядзі, каб не каялася...

Ого, дзе там! Ірка ўсюды хацела паказаць, што яна значыць! Забылася нават пра тое, што нядаўна мы хоць і не пасварыліся, але разышліся назаўсёды, што ніякіх гульняў у нас з ёю і быць не магло!

Пасля дзядзькавых слоў яна як апантаная ўляцела ў пакой, дзе я стаяў ля акна. Ірка схапіла мяне за вушы і, хоць я з усяе моцы ўпіраўся рукамі, пачала цалавацца. Ад сораму і злосці я ледзь не заплакаў.

— Паедзем! Паедзем! Паедзем! — спявала яна адно слова, збіраючы свае ўборы.

Мне здалося, што пасля гэтай паездкі ў горад усё маё прывольнае жыццё закацілася, як сонца за высокія дамы. Прапала маё шчасце, і я нават не мог прыдумаць, як пазбавіцца ад гэтай Іркі. Я з жахам уяўляў сабе, што скажуць сябры, што скажа Сцяпан, калі пабачыць Ірку з яе кароценькай сукеначкай вышэй каленяў. Мяне асмяюць за яе. Гарадская пстрычка!

Мы селі на возе побач. Так пасадзілі нас цётка і мама.

Як толькі выехалі за горад, Ірка адразу пачала прыставаць да мяне. Што гэта? А што гэта? Нават на пень пры дарозе яна сказала:

— Якое цікавае крэсла. Хто тут на ім сядзіць, кандуктар?

Мама растлумачыла, што гэта спілавалі бярозу, і штурхнула мяне — чаму я маўклівы, нібы сыч? Пасля гэтага я спахмурнеў яшчэ больш. Хіба яна не бачыла, што я цярпець не мог яе, фарсуху?

Мы вярнуліся позна ўначы. Ірка спала, а я толькі драмаў, рабіў выгляд, што сплю. Як толькі я сцінаў павекі, мне ўсё здавалася, што калёсы бягуць не наперад, дадому, а коцяцца назад, у горад, які так даўся мне ў знакі.

Назаўтра раніцай Ірка прачнулася раней за ўсіх. Прыбралася, абула чырвоненькія чаравікі і пачала мяне будзіць.

Яна была такая ж, як і ўчора,— зноў цягнула мяне за руку, на двор, у садок.

Першы дзень я сяк-так цярпеў, хадзіў з ёю, а потым сказаў:

— Не буду я з ёю цягацца.

— Як гэта не буду? Чаму? — спыталася маці.

— Не буду, і ўсё!

— Добра ж! — пагразіла мама.— Так цяпер я і вазьму цябе ў горад. Чакай. Не бываць табе ніколі ў дзядзькі і гасцінца не бачыць...

З гэтага часу Ірка хадзіла толькі з мамай. Ці палоць, ці па ваду — яны ішлі ўдзвюх. І спала Ірка разам з мамай. А выдумляць Ірка не пераставала, нават жывучы ў нашай хаце. Па-ранейшаму выхвалялася, што яна ўсё ўмее.

— Цётка, давайце я паганю свінні пасвіць.

З якой упэўненасцю і смеласцю яна бралася за абавязкі і клопаты, якія належалі толькі мне! Я хоць і абураўся, але маўчаў. Калі ласка, гані! Я з нянавісцю глядзеў, як яна ўзяла пугу і пагнала са двара на зарэчча нашу свінню з двума падсвінкамі.

Ну, што ж? Для мяне таксама знайшлася работа — я сушыў сена на ўзмежку.

Пад полудзень маці паклікала мяне і сказала:

— Схадзі на зарэчча, глянь, дзе Ірынка. Памажы ёй свіней прыгнаць.

Спачатку я хацеў адмовіцца, але потым перадумаў і пайшоў.

На зарэччы пасвіліся свінні з усяго сяла. У вялікіх лужынах плавалі гусі, качкі.

Выйшаў я на ўзгорак, пашукаў вачыма Ірку. Доўгі час я не мог зразумець, што з ёю здарылася.

Ірка стаяла ля копанкі і плакала наўзрыд. Воддаль са спалохам паглядалі на яе Насця і Галя, дзяўчынкі з суседняга двара, з якімі яна паспела пасябраваць. Я не разумеў, што тут рабілася.

— Чаго ты плачаш? — падбегшы, запытаў я.

Ногі Іркі па самыя калені былі ў чорнай гразі. Чырвоных чаравічкаў, у якіх цётка выпраўляла Ірку, было не пазнаць.

— Хто цябе піхнуў у гразь? — запытаў я.

Але Ірка не магла вымавіць ні слова, толькі кулачкамі выцірала слёзы. У адной руцэ яна трымала пугауё.

— Кажы, Ірынка! Хто цябе гэтак?..— дапытваўся я.

— Сама,— плачучы, адказала яна.

— Сама? Навошта ж ты запэцкала чаравічкі?

— Свіней шукала... Цё-о-ціны свінні прапалі.

Я глянуў на лужыну, дзе плёхаліся свінні амаль з усяго канца нашай вуліцы, і сярод іх пазнаў сваю Рабую. Праўда, пазнаць яе было цяжка, нават вушы і лыч Рабой былі ў гразі. І цяпер назваць яе Рабой ніяк нельга было. Бакі падсвінкаў блішчалі на сонцы. Іх таксама цяжка было адрозніць ад іншых. А наша свіння ляжала і, слухаючы размову з Ірынкай, задаволена рохкала. Відаць, што ёй вельмі прыемна было ляжаць у копанцы.

— Нашы свінні тут,— сказаў я.— Не плач, Ірынка! Хадзем памыемся...

Ірка, паслухмяная на дзіва, пайшла за мною. Ішла, але плакаць не пераставала.

Уся мая нянавісць да яе адразу прапала: Ірынка ўжо не была ўсязнайкай. Пад нашымі вербамі над копанкай, на ўсім зялёным, залітым сонцам зарэччы, дзе пасвілі вясковыя дзеці, яна выглядала кволенькай і разгубленай. Адзін я мог ёй памагчы, выручыць і падбадзёрыць. І я памог, як толькі ўмеў. Ірынка адчула тут маю сілу і перавагу.

Я памог ёй разуцца і абмыў чаравікі. Яны зноў сталі чырвоныя і бліскучыя. Затым я прымусіў Ірынку абуцца.

— Я тут не застануся жыць,— сказала Ірынка, усхліпваючы, хоць слёзы і перасталі каціцца па яе шчоках.— Я хачу ў горад.

А мне пасля гэтага здарэння Ірынка, наадварот, зрабілася такой роднай, што я гатоў быў усюды вадзіць яе за сабой. Няхай бы яна аставалася назаўсёды жыць у нас.

Не! Наважыла дадому, і старэйшы брат у суботу завёз яе ў горад. Ірынка пабыла ў нас адзін толькі тыдзень.

З горада брат вярнуўся і сказаў:

— А гэта падарунак табе ад цёткі... Што ты Ірынку пільнаваў. Прывітанне ад яе!..

І паставіў перада мною аўтамабіль. Такі ж, як і сапраўдны, з сядзеннем для шафёра, з кузавам для паклажы. Толькі што маленькі. Але ні ў кога з маіх сяброў такой цацкі не было.

...І зноў у маіх думках горад узнік, такі казачны і прыгожы.

 


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Грамовіч І. Як вясну рабілі: Апавяданні і навелы. – Мінск, “Юнацтва”, 1985.
Крыніца: скан