epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Грамовіч

Як я вучыўся скакаць на кані

 

Летам у час канікул я памагаў дзядзьку Антону, які працаваў на канюшні. Прагнаць коней на выган, пад вечар зганяць табун да рэчкі. Памагаць дзядзьку ўпраўляцца — было маім самым лепшым заняткам.

Памятаю, першы раз дзядзька Антон падсадзіў мяне на лысага каня, якога і звалі Лысаносам.

— Ён рахманы,— сказаў дзядзька.— Малых любіць, слухае. Вучыся ездзіць на ім...

Сяджу я на кані, трымаюся рукамі за грыву, а ён, сапраўды, быццам даўно мяне ведае і таму не звяртае ўвагі — скубе сабе траву. Пераступіць з нагі на нагу і зноў скубе. Я сяджу высока, усё навокал відаць, і мне крышку боязна. Асабліва калі, ухапіўшыся адной рукой за грыву, а другой не выпускаючы павадоў, паехаў я следам за дзядзькам. Надта страшна здалося мне сядзець гэтак высока над зямлёю ды яшчэ ехаць.

Пазней я больш асвойтаўся з Лысаносам. Неяк ён стаяў на шырокім двары на прывязі, адзінокі, апусціўшы галаву. Дзядзькі Антона паблізу не было. Мне тады захацелася хоць адным пальцам дакрануцца да сівай аксамітнай конскай мызы. Я крыху баяўся. Ажно нічога страшнага на здарылася. Мяккія конскія губы варухнуліся; праўда, вушы стрыганулі наперад, і вялікія вочы ўтаропіліся на мяне. Мы тады нібы зразумелі адзін аднаго! Здаецца, я тады ўпершыню адчуў у сабе смеласць дарослага.

Я хутка прызвычаіўся да каня і нават стаў паганяць Лысаноса: «Но-о!» Крану павады аброці — ён слухае, нават бяжыць. Яшчэ мацней паганю — бяжыць так, што ў мяне аж зубы ляскацяць. Аднойчы дзядзька Антон ссадзіў мяне з каня, а я ступіць не магу — ногі ў бакі раскарачыліся ад доўгага катання.

Неяк раз мне захацелася праехаць на Лысаносе так, як дзядзька Антон. Было гэта надвячоркам пасля дажджу. Калгасны табун якраз пасвілі на скошаным лузе. Перад захадам сонца дзядзька падсадзіў мяне на Лысаноса і загадаў ехаць ззаду. Ён свіснуў на коней, ляснуў пугай і пагнаў іх дадому. Вось тут мне і прыйшла думка: непрыкметна затрымацца, пачакаць, каб дзядзька ад’ехаўся, а потым пусціць Лысаноса галопам і дагнаць табун на скаку. Я ўжо ўмеў ездзіць трушком і, вядома, павінен быў паспрабаваць галопам.

Я прыпыніў каня, і табун неўзабаве пачаў аддаляцца. Лысанос спакойна скуб траву.

Конскі тупат ужо быў ледзь чуваць, тады я крыкнуў на каня: «Но-о!» Ён спачатку не хацеў адрывацца ад расістай пакошы, хрумстаў і не спяшаўся падняць галавы.

— Но-о! — выцяў я яго пяткамі пад бакі. Лысанос неахвотна адарваўся ад травы, пайшоў.— Но-о! — пачаў я падганяць. Лысанос пабег дробна, як заўсёды, трушком. Але сёння мне гэта было мала.— Но-о! — крыкнуў я.— Рыссю! — Мне хацелася праехаць так, як дзядзька Антон. Хоць конь пабег шпарчэй і шпарчэй, я крыкнуў: — Но, у галоп!

Конь кульдыкнуў раз, другі і памчаў.

Ого, як прыемна і хораша імчацца галопам! Не трасе цябе, не падкідае на цвёрдым хрыбце, толькі вецер свішча ў вушах. Ты імчышся, прыпаўшы да конскай грывы, у напорным імклівым галопе. Павады ў руках напяты, у кашулі поўна паветра. Вось і табун паказаўся за паваротам рэчкі...

Але раптам... што гэта? Я заўважыў ручай. Учора яго не было. У спёку ён перасыхаў зусім. І толькі сёння, пасля навальніцы і дажджу, калі рэчка выйшла з берагоў, ён напоўніўся і разліўся па лузе.

«Як жа ехаць па вадзе?» — мільганула ў мяне трывожная думка. І тут я зрабіў вялікую памылку — пусціў павады і ўхапіўся за грыву.

Лысанос адчуў мой спалох. Ён дабег да ручая і перад самай лужынай,— а можа, ён захацеў напіцца,— супуціўся. Нагнуўся, а я потырч паляцеў цераз яго галаву і пляснуўся ў ваду. Ручай быў неглыбокі, і конь абыякава і спакойна перайшоў цераз яго. А выйшаўшы з вады, зноў стаў скубці траву.

Дзядзька Антон, які вярнуўся дапамагчы мне, сказаў так, каб я запомніў на ўсё жыццё:

— Трэба быць смелым... І ніколі не выпускай павадоў, калі сядзіш на кані.

 


1981-1984?

Тэкст падаецца паводле выдання: Грамовіч І. Як вясну рабілі: Апавяданні і навелы. – Мінск, “Юнацтва”, 1985.
Крыніца: скан