epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Грамовіч

Навыперадкі з Ірынкай

 

На другое лета Ірынка зноў прыехала да нас. Разам з цёткай. І прыехала надоўга: пагасціць, памагчы абабраць вішні, як паспеюць.

А вішань у нас шмат і ў садзе, і ў агародзе. Вясной, як цвілі, стаялі белапеністымі дрэўцамі. Пчолы аж раіліся за мёдам, і ўрадзіла ягад чырвана-чырвана.

Ірынка, апранутая па-гарадскому, узлезла на самую большую вішню каля свірна і адтуль пачала кідаць крылатыя самалёцікі з паперы. Іх навыразала яна шмат, папрасіўшы ў мяне спісаны сшытак за мінулы навучальны год. Паперкі, складзеныя аэрапланікамі, ляталі, кружыліся, планіруючы, пакуль не асядалі на двары або на агародзе. Адзін павіс на суку вішні.

Цётка, як убачыла Ірынчын занятак, што яна высока ўзлезла на дрэва, пачала сварыцца:

— Куды палезла? Што ты робіш?

— Самалёцікі пускаю.

— Што за глупства?! — закрычала цётка.— Гэта ж не наш балкон у горадзе, дзе ты за поручні трымаешся і шарыкі пускаеш. Яшчэ звалішся, злазь! Накідала абрэзкаў. Хто ёй даў паперы?

Усюды валяліся папяровыя самалёцікі са сшытка, спісанага маім почыркам; няёмка было наглядаць, як яна кідае смецце на двор, але ў гэтай забаве я ёй не мог пярэчыць: Ірынка — госця і, наогул, лічылася старэйшай і большай па ўзросту.

— Хто падмятае, каб тут чыста было? — строга спыталася цётка.

— Я,— прызнаўся я.

— Дык чаго ж ты стаіш, апусціў рукавы? Чаму дазволіў ёй засмечваць двор?.. Ты глядзі, а то яна табе на галаве пачне хадзіць! Ты ёй нічога не дазваляй!

Цётка лаянку перавяла на мяне. Нібыта я вінаваты і што сшытак даў, і што дазволіў Ірынцы так высока ўзлезці на дрэва.

Калі яна злезла, гнеўна панурыўшыся, я стаў венікам падмятаць смецце. Цётка зноў закрычала:

— Стой, не пылі! Пасля падмяцеш,— і пачала да мяне крыху ласкавей: —Ты ж вясковы хлопчык. Спрактыкаваны. Твая мама казала, што ты ўсё ўмееш, ты любую работу робіш. А яна што? У горадзе жыве, усё на гатовым... Падружыся з ёй. Ну, будзьце сябрамі. Навучы яе так, як ты ўмееш. Ну, скажы, што ты ўмееш рабіць?

Я разгубіўся.

— Усё ўмею, што загадаюць.

— Ну, што? Што?

Гэта пытанне, на якое я знянацку і коратка адказаць не мог.

— Усё раблю, што дарослыя робяць... Памагаю маме ва ўсім, што яна скажа... З самага ранку, кожны дзень.

— Ну, што кожны дзень?

— ...Раніцай гусей з гусянятамі на рэчку выгнаць, каб плавалі,— нясмела пачаў пералічваць я.— А ўвечары іх прыгнаць дамоў... У полудзень бульбы накапаць у агародзе. Памыць яе... Падрыхтаваць да заўтрашняга снедання... Дроў насекчы і нанасіць у хату... Карове, як ідзе з поля, вароты адчыніць. А як пастух на чарзе, быць з ім за падпаска. І са свіннямі, і з авечкамі... Усе вясковыя дзеці так могуць, не толькі я... Магу яшчэ і каня пакупаць у рэчцы, калі брат скажа,— пахваліўся я нарэшце.

Цётка пайшла на ганак, а я ўзяў венік — прыбраць двор і вуліцу мой абавязак — і пачаў змятаць нарваныя Ірынкай паперкі. А Ірынка стаяла і майстравала новы самалёцік.

Як паснедалі, мая мама сказала:

— Схадзі, сынок, назбірай шчаўя. Заўтра зварым шчаўя з рабрынкамі.

— Ірынка, чуеш? І ты ідзі збіраць шчаўе! — загадала цётка.— Няхай і яна вучыцца, як трэба збіраць шчаўе.

Я ўзяў сваю торбачку.

— Дайце і ёй торбачку,— загадала цётка.

Мама пашукала і дала торбачку Ірынцы.

Шчаўе збіралі на лузе. Мы з Ірынкай пайшлі разам да кладкі, потым цераз рэчку. Я ішоў, а Ірынка бесперастанку ўсё расказвала. Яна часта любіла выхваляцца, таму я, па праўдзе кажучы, не надта звяртаў увагу на яе гаворку. От, калі яна сама чым-небудзь цікавілася, чаго-небудзь сама не ведала і пыталася, тады я мусіў ёй тлумачыць. Тут я адчуваў свой абавязак перад ёй і цёткай.

— Шчаўе і радыску ў нас купляюць на Чэрвеньскім рынку... На рынку ўжо ёсць памідоры... У нас на рынку прадаюць спелыя ігрушы... Што гэта? Як завецца гэта кветачка?

Там, дзе ляжала кладка цераз рэчку, сярод асакі, над вадой, раслі маленькімі, сіне-бэзавымі гарлачыкамі берагавыя кветкі. Сапраўднай назвы іх я не ведаў, але мы са Сцяпанам называлі гэтыя кветачкі «смактушкі».

— Чаму смактушкі?

— Калі кветачку-гарлачык пасмактаць, соладка ў роце.

— Я хачу смактушку,— папрасіла Ірынка.— Вырві мне смактушку.

Я падкасаўся і палез у ваду, дастаў сцяблінку з сіне-бэзавымі мядовымі гарлачыкамі.

— Соладка, праўда,— пасмактаўшы, сказала Ірынка і ласкава звярнулася: — А гэта што расце?

— Парэчкі.

— Я хачу парэчак.

— Яны яшчэ зялёныя.

— Я хачу зялёных.

— Ад іх аскоміна ў роце,— запярэчыў я.— Так і шчаўя не назбіраем.

— А дзе шчаўе?

— Хадзем пакажу.

Перад намі рассцілаўся заліўны луг, шырокі, з мноствам розных кветак. Яшчэ не настала пара сенакосу, і трава была амаль у наш рост.

— Вось глядзі! — пачаў паказваць я.— Гэтыя цыбуры з дробненькім чырванаватым цветам і ёсць шчаўе. Яно цвіце. На цыбурах лісточкі. Дык ты зрывай іх каля кораня. Ірві самыя большыя, унізе, самыя лапушыстыя і сакавітыя...

Я сарваў некалькі буйных зялёных лісточкаў шчаўя, згарнуў у трубачку, як гэта я любіў рабіць, і працягнуў Ірынцы. Зрабіўшы і сабе скрутак, я таксама пачаў есці.

— Ну, як?

— Кісленькія,— пакаштаваўшы, сказала Ірынка.— Дай яшчэ.

— Дык ты сама збірай! Я ж паказаў. На, вось!.. А ты жменяй — і ў торбу. Збірай маладыя лісточкі. З дзірачкамі, паедзеныя смаўжамі, не бяры!

— Гэта марудна,— сказала Ірынка.— Я лепш у рот.

— Спачатку назапась дадому, а потым — у рот... Давай, хто хутчэй напоўніць сваю торбу. Ты — сабе, я — сабе!.. Не хадзі за мной па пятах. Вось, вазьмі сабе дзялянку, шукай і збірай!.. Хто больш назбірае!..

Праз нейкі момант я пачуў:

— А што гэта за кветачка чырвоненькая? Во я вырвала.

— Смаляначка.

— Як шмат смаляначак! А гэта што?

— Рамонкі.

— Рамонкі? Гэта на іх можна варажыць?

— Збірай шчаўе.

— А ты ў карты ўмееш гуляць і варажыць?

— Не, не ўмею.

— А я ўмею. Я ўмею ў кінга.

Луг быў усыпаны рознакаляровымі пахучымі кветкамі. Усё цвіло. Чмялі і пчолы ляталі з кветкі на кветку.

— Ай, жаба! — закрычала Ірынка.— Я жабы баюся.

— Не бойся, яна не кусаецца,— супакоіў я.— Збірай шчаўе!

Але Ірынка не слухалася. Яна або стаяла на месцы, або зрывала якую-небудзь кветку і нюхала. Потым крычала на ўвесь луг:

— Што гэта?

— Не ведаю.

— А гэта што?

— Кураслеп. Ён не пахне.

Тады яна нагіналася, вышчыквала малачайны дзьмухавец. Пухнатыя галоўкі яго ўжо саспелі, надзьмуліся бурбалкамі. Ірынка хукала на іх. Яны тут жа рассыпаліся і белымі пушынкамі разляталіся ў паветры.

Прыпякала сонца. Я бачыў, што з Ірынкі невялікая памочніца ў зборы шчаўя, і стараўся сам і за яе напоўніць торбу.

— Што гэта такое сіненькае? — звярталася Ірынка.— З жоўтым асяродкам.

— Не ведаю.

— А гэта шчаўе ці не шчаўе?

— Шчавук! Ён горкі, пакаштуй І выплюнь. Яго не збірай. Збірай лісточкі, якія табе я паказваў.

Раптам Ірынка закрычала. Расхінаючы траву, я кінуўся да яе. Калі я падбег і зірнуў, то ўбачыў, што яна ледзь не наступіла на птушку. Над дзяўчынкай узляцеў і кружыўся даўганогі бакас. Птушка адна, а потым з’явілася другая, яны то ўсхвалявана ўзвіваліся ўгору, то падалі ўніз. Крык у паветры нагадваў жаласнае кігіканне кнігавак.

— Тут недзе іх гняздо. Асцярожна.

Калі я наблізіўся, то, сапраўды, угледзеў між травы на купіне птушынае гняздзечка, а ў ім чацвёра птушанят, якія варушыліся і раскрывалі роцікі... Дзве дарослыя птушкі кружыліся ў паветры, кідаючыся амаль нам на галовы. Яны ратавалі дзяцей.

— Хадзем! — сказаў я Ірынцы.— Гэта бакасы. Бачыш, яны хвалююцца за сваіх дзетак. Ты шчаслівая. Знайшла іх гняздо. Яны добрыя птушкі. Знішчаюць чарвякоў, слімакоў...

Іле Ірынка не хацела адыходзіць, хацела пакратаць рукой птушанят.

— Не можна! — забараніў я.— Ты бачыш, як птушкі плачуць, хвалююцца. Нашто кратаць дзяцей? Не дазволена чапаць гняздо.

— Чаму? Я знайшла.

— Ты знайшла, малайчына. Але хадзем адсюль! Дзе тваё шчаўе?

У Ірынчынай торбачцы шчаўя было не больш жменькі. І то, калі я пачаў разглядаць, што яна там назбірала, то знайшоў больш лісцікаў шчавуку.

— Хто больш? — запытаўся я.— Што скажам цётцы?

Ірынка маўчала.

Дома госця была гераіня: птушынае гняздо знайшла. Знайшла месца, дзе бакасы вядуцца.

— А дзе тваё шчаўе? — запытала цётка.

— Мы збіралі ў адну торбу,— схлусіла яна.

Яна ўсё расказвала пра птушак з доўгімі нагамі, з доўгімі дзюбамі і як яна знайшла іх дзетак.

У мае звычайныя абавязкі ўваходзіла яшчэ адна марудная работа — назбіраўшы шчаўя, перабраць яго.

— Ат, ты і адзін перабярэш,— сказала Ірынка.

І пабегла на двор гуляць.

Вось тут я зразумеў, што Ірынка — лянуецца. Яна наогул ні за якую не хоча брацца работу.

Селі ўсе за стол і паабедалі. Пасля абеду ў мае штодзённыя абавязкі ўваходзіла назбіраць свінням травы. І не якой-небудзь, а той, якую яны любяць. А любілі яны маладую крапіву, пякучае верхавінне. Я браў кош або ладны мяшок, часам серп і адпраўляўся ў кусты алешнічку, дзікага малінніку, дзе раскошна бушавала крапіва.

— І ты збірайся! — загадала цётка Ірынцы.— Ідзі вучыся, прывыкай да сапраўднай работы.

— Крапіва пячэцца,— усхліпнула Ірынка.

— Крапіва ёсць крапіва. Гэта не пахучая мята.

Слухаючы цётку, я думаў, што і мне даводзілася не соладка ад зялёнай пякучкі. Гледзячы на Ірынчыны рукі і ногі, мне стала шкада яе:

— Дык жа няма другой пары рукавіц. А без рукавіц нельга рваць крапіву.

— Няхай мяшок носіць! — загадала цётка.— Апрані куртачку!

Калі мы выйшлі, я сказаў:

— Не плач, мы ў крапіву не пойдзем. Мы назбіраем другой травы. Свінні яе любяць лепш за крапіву.

Толькі Ірынка і малачай і асот пайшла збіраць так, для прыліку. Яна бегала па дарожцы, клікала схадзіць да гнязда бакаса. Я павучаў яе, як мне дзед казаў, што птушка можа вырачыся свайго гнязда. І дзеткі застануцца сіроткамі.

— А ў нас, у горадзе, у звярынцы пеліканаў і пеліканят глядзі колькі хочаш. Хоць дзесяць разоў на дзень.

— Але ж іх рукамі не чапаюць.

Ірынка мусіла пагадзіцца.

Каля рэчкі яна назбірала каменьчыкаў і там, дзе Сцяпан з вудай лавіў рыбу, пачала плёхаць, кідаць іх у ваду. Мой сябар перайшоў на другое месца. Як да нас прыехала цётка з Ірынкай, наша сяброўства неяк разладзілася.

Я падышоў з мяшком травы да Ірынкі і запытаўся:

— Нашто ты кідаеш камяні?

— Там была рыба.

— Навошта яе палохаць? Няхай гуляе!.. Ты ж бачыла, там сядзеў рыбак з вудай.

— Я хацела забіць рыбіну.

— Каменем рыбу не заб’еш. Яна ўцячэ,— сказаў я.— А калі ты хочаш лавіць, вудзіць рыбу, то ў нядзелю я дам табе вуду і мы пойдзем на рэчку... Наловім плотак, акунёў...

— Давай сёння!

— Сёння — калі ж? Яшчэ бульбы накапаць і начысціць трэба к заўтрашняму снеданню.

Цётка спаткала зноў пытаннем:

— Памагала табе Ірка? Дай ёй несці мяшок. Няхай не ідзе з пустымі рукамі! Я казала табе вучыць Ірку, а ты яе не вучыш.

Як яе вучыць, я сам не ведаў. Адказаў цётцы, што няхай Ірка робіць тое, што я раблю. Прымушаць я не буду.

— Ты што зараз будзеш рабіць? — строга запытала цётка.

Ні дзеда, ні мамы, ні сястры, ні брата ў хаце не было — яны, як заўсёды, працавалі на полі. Я павінен быў накапаць, намыць і начысціць бульбы. Ды хутчэй, бо зараз пастух статак прыгоніць з поля.

— За пастуха не турбуйся, я тут каля дому,— сказала цётка.— А бульбы накапайце ўдваіх. Колькі трэба?

— Кош.

— Кош — дык от пароўну. Паўкаша Ірка, паўкаша — ты. Няхай вучыцца! Дай ёй рыдлёўку, дай ёй кош! Пакажы, як намыць, як наскрэбці... Хто хутчэй управіцца, навыперадкі спаборнічайце!

Кашоў у нас хапала, дзед наплёў. Дзве рыдлёўкі былі. Ідучы, я тлумачыў ёй, а яна мяне не слухала. Яна гаварыла сама сабе:

— Мы на рынку купляем толькі маладую бульбу. І смажым, і варым. На рынку ёсць ужо кавуны. Агуркоў колькі хочаш... А ў вас агуркоў яшчэ няма?

— Скора будуць.

Я падышоў да градкі, паставіў кош, аберуч узяўся за дзяржанне рыдлёўкі і пачаў вучыць Ірынку. Я тлумачыў, што буду нагой капаць пад куст бульбы, выварочваць яго з градкі, а яна няхай рукамі разграбае, растрасае і кідае бульбіны ў кош. Так будзе спарней і дружней... Не! Ірынка захацела капаць сама. Адна.

Пачалі навыперадкі, як цётка параіла.

Вядома, я яе апярэдзіў. Ірынка насупілася.

Мылі бульбу ля сяла. Гэта быў брод, а на бродзе мелка і плынь струменіць быстра. Тут плавалі гусі, качкі. Тут, вяртаючыся з поля, пілі ваду каровы. Вада светлая, чыстая бегла па дробненькім жвіры. Яна хутка-хутка змывала чорную зямлю, што наліпла на бульбе ў кашы. Уставіш кош у ваду да краёў, рукамі пабоўтаеш, змыеш, а потым страсянеш на быстранцы. Брудная вада і шалупінне — паплылі. Так зробіш некалькі разоў — у кашы белыя круглыя клубні. Дома толькі востранькім ножыкам саскрабай і выкалупвай з вочак непаслухмянае шалупінне маладой бульбачкі.

Я так рабіў заўсёды.

...Ірынка спазнілася. Я яе апярэдзіў. Яна, змораная, незадаволеная, не змагла мяне дагнаць.

Ды яшчэ дома, калі мы ножыкамі даскрабалі начыста, Ірынка выслухала ад цёткі вымову:

— Бачыш, у яго бульбіны кругленькія, роўненькія, усё роўна як на рынку купленыя... А ў цябе парэзаныя, пасечаныя нейкія. І ты адстала, спазнілася!.. Табе кепская адзнака.

Затое назаўтра, каб апярэдзіць мяне, Ірынка раней пабегла пад паветку, узяла кош, рыдлёўку, і пакуль я прыйшоў на бульбянішча, яна ўжо сваю бульбу несла на рэчку.

— Паглядзім, хто сёння ўправіцца хутчэй,— ганарліва сказала яна.

Я накапаў у свой кош, прыйшоў на рэчку, калі яна, сапраўды, ужо канчала ўпраўляцца. Ірынка пяткай босай нагі, як таўкачом, мясіла сваю бульбу ў кашы. Таўкла з усёй сілы, пасыпала пяском, потым зноў таўкла і паласкала ў вадзе. Для мяне гэта была навіна. Я бачыў, як шалупінне маладой скараспелкі само адставала і ўсплывала наверх.

Назаўтра снедалі. Міска разварыстай бульбы клубкамі парыла на стале. Усе бралі і елі.

Сядзела Ірынка. Сядзеў і я. І мне, калі браў бульбіну ў рот, папаўся на зуб каменьчык.

Нарэшце брат Пятро ўзяў таксама штосьці з языка, памацаў пальцамі. Затым гнеўна ўпікнуў мяне:

— У нас такога пяску ў агародзе няма. Гэта жвір з рэчкі. Ты што, у вадзе бульбу ў прыцірку са жвірам мыеш? Ну і дадумаўся!

— Не ва ўсіх бульбінах,— сказала цётка.

Ірынка сядзела моўчкі. І я таксама. І яна, і я, і цётка, а мабыць, і мама ведалі, як Ірынка мяне апярэдзіла.

Ірынка наогул была вынаходлівая.

І школу раней за мяне скончыла. І ў інстытут паступіла.

Але калі тое лета госці ад’язджалі ў горад, мама як сваёй радні сказала цётцы:

— Ірыначка з розумам!.. Толькі трэба яе прывучаць да працы. Няхай вучыцца працаваць. Бо што ў горадзе?! Яна там ходзіць, туляецца, шукае, як кажуць, пятага кутка ў хаце.

 


1985

Тэкст падаецца паводле выдання: Грамовіч І. Як вясну рабілі: Апавяданні і навелы. – Мінск, “Юнацтва”, 1985.
Крыніца: скан