epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Грамовіч

Нікога не было дома...

 

Раніцай усе паехалі на поле, а мяне пакінулі дома.

Пакінулі за вартаўніка: пільнуй хату, пільнуй агарод, каб свінні грады не парылі. Апоўдні з пашы прыйдзе карова — загані ў хлеў. Пастух будзе гнаць статак на падвячорак — выгані карову за вароты. Як выганіш, накапай кошык бульбы на заўтра. Вось і ўсе даручэнні.

Але ў тое лета, памятаю, яшчэ адна адказнасць лягла на мяне: гадаваць малое гусяня.

Вясною маці пазычыла некалькі гусіных яек і пасадзіла ў рэшаце квактуху. Квактуха доўга сядзела, а калі настаў час выходзіць гусянятам, то яны амаль усе аказаліся заморкамі. Жывых было ўсяго двое, ды і з іх адно праз дзень зайшлося.

Апошняе гусяня было жоўценькае, прыгожанькае. Пакуль яно было малое, то бегала ў хаце, лавіла мух, збірала крошкі хлеба і сыру. Мне штодня загадвалі нарваць і нарэзаць гусяняці зялёнай травы і падліваць у сподачак вады.

Гэта быў дадатак да ўсіх маіх даручэнняў, калі не лічыць таго, што я яшчэ даглядаў трусоў.

Да гусяняці я хутка прывык. Яно таксама пазнавала мяне і, калі я заходзіў у хату, звонка ціўкала — «ціў-ціў-ціў» — і бегла пад ногі.

У той дзень, калі з ім здарылася бяда, дома нікога не было.

Я наразаў гусяняці траву дробненька, каб яно не папярхнулася травінкай. І ў гэты час пачуў, як за акном зарыкалі каровы. Наша карова ішла з пашы — мне трэба было бегчы адчыніць ёй вароты. Я хуценька выскачыў на ганак, але тут жа падаўся назад. За каровай ішоў чорны рагаты бык. Гэтага лютага быка баяліся ўсе вясковыя дзеці. Калі ён праходзіў па вуліцы, мы спалохана ўзлазілі на платы і адтуль дражнілі яго Макухай — так звалі яго гаспадара.

Убачыўшы гэта страшыдла, мне нічога не аставалася рабіць, як вярнуцца ў сенцы.

Я ўбег у хату, узлез на лаву, адчыніў у двор акно і з усяе сілы закрычаў:

— Куды, Макуха! Макуха, назад!

Бык нават галавы не павярнуў у мой бок. Тады я клікнуў на дапамогу сабаку:

— Дунай, кусі яго!

Але сабака, мабыць, сам збаяўся Макухі. Ён нясмела пазіраў на мяне і віляў хвастом, седзячы на прызбе. Відаць, яму страшна было адтуль саскочыць.

Я сам займаў надзейнае месца. Праз акно я, колькі хацеў, мог крычаць і пагражаць, ведаючы, што бычыны рог тут мяне не дастане.

Карова адразу пайшла ў хлеў. Бык спыніўся, нібы раздумваючы. Пасля ні з таго ні з сяго ён рогам падчапіў плот, але, відаць, яму не пад сілу было яго зламаць. Тады ён гнеўна рыкнуў і павярнуў назад. Макуха, мабыць, зразумеў, што не туды трапіў, і пайшоў назад на вуліцу. Калі ён ішоў ля акна, я шпурнуў у яго падстаўкай ад вазона. І якраз папаў. Я быў рад сваёй перамозе. Як толькі бык сышоў з двара, я стаў злазіць з лавы.

Лавы ў нашай хаце былі высокія, мне амаль да барады. Так што я злазіў, трымаючыся ля сцяны за край, і не мог бачыць, куды ступяць мае ногі.

Толькі на гэты раз, узрадаваны сваёй перамогай над быком, пагарачыўся. Я саскочыў і адчуў пад нагой нешта мяккае і жывое. Калі я зірнуў пад ногі, то ажно атрупянеў: на падлозе, трэпаючы ножкай, ляжала гусяня. Саскокваючы, я незнарок пятой наступіў яму на галаву.

Я падняў з падлогі цёплы пуховы камячок і адчуў, як ён б’ецца ў маіх руках. Мяне апанаваў пякучы жаль. Стоячы пасярод хаты, я гушкаў на руках гусяня, клікаў: «Вуць-вуць», але яно ледзь варушылася. Гусяняціна вока зацягнулася белай пялёнкай. Галава схілілася мне на далонь.

Я ўсё гайдаў яго, як малое дзіця, паіў з рота вадой. Потым вынес яго ў двор, і ніхто — ні сабака Дунай, ні кот,— ніхто не разумеў майго гора.

Але ўсё ж мае слёзы і жаданне, каб гусяня ажыло, былі не дарэмныя. Гусяня ачомалася, заківала галоўкай. Ціўкнула. Я пусціў яго на падлогу — якая радасць! — яно пайшло. Праўда, галоўку трымала набок, пазірала адным вокам угору, прыпадала на нагу, але ўсё ж хадзіла. Гэта былі нязграбныя кругі... Ды я быў рады і таму.

У той дзень, адчуваючы сваю віну, я акуратна выканаў усе даручэнні, усё старанна дагледзеў.

Увечары вярнуліся з поля дарослыя. Было ўжо цёмна, і маці запаліла лямпу. Абудзіліся мухі ў качарэжніку. Прачнулася і гусяня. Яно вылезла з рэшата, заціўкала і пачало недарэчна кружыцца па хаце. Я стаяў збянтэжаны.

— Што гэта? — запыталася ў мяне маці.— Што з ім здарылася? Гусянятка маё!..

— Трусы выскачылі з-пад печы,— схлусіў я.— Адзін ухапіў яго за галаву, і я ледзь адбараніў.

Я пачаў расказваць, як вадой ратаваў гусяня.

Гэта ўжо была шчырая праўда, і маці, відаць, паверыла.

— Абрыдлі мне гэтыя трусы,— сказала яна.— Заўтра ж трэба будзе іх парэзаць. Усіх, да аднаго!..

Вось табе і на! Парэзаць трусоў, маіх трусоў, якія для мяне былі даражэй за ўсё на свеце. Не, з гэтым я ніяк не мог згадзіцца. Я доўга не спаў, а назаўтра ўстаў раненька і пачаў упрошваць маці не чапаць маіх гадаванцаў. Яна ўважыла маю просьбу, усё абышлося добра, і мяне зноў аднаго пакінулі дома...

А гусяня вырасла і пачало несці вялікія яйкі.

Толькі хадзіла з галавой набок. І пры сустрэчы заўсёды гусь нібы сарамаціла мяне: «Гэ-гэ!..»

Калі я пайшоў у школу, гэты сорам стала цяжка таіць. Неяк, вярнуўшыся дадому, я сеў абедаць. Маці паставіла на стол яечню. Я еў і слухаў, як яна хваліць суседцы добрую нясушку-гусь.

— Бач ты, а калека ж! — здзівілася суседка.— Галава скрыўлена...

— Наш трус выскачыў з-пад печы і хацеў яе задушыць. Вось каб не ён...— паказала на мяне маці...

І тут мне, як школьніку, ні ў якім разе нельга было далей маніць.

— Я схлусіў тады, мама,— прызнаўся я.— Трус не вінаваты.

І я расказаў усё, як было.

— Так і ведала, што ты нешта выдумляеш,— сказала маці.— Але чакала, калі прызнаешся сам... Думала, хто смялейшы: ці ты, ці трус?..

Маці пераглянулася з суседкай, і яны засмяяліся.

 


1981-1984?

Тэкст падаецца паводле выдання: Грамовіч І. Як вясну рабілі: Апавяданні і навелы. – Мінск, “Юнацтва”, 1985.
Крыніца: скан