epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Грамовіч

Пад бярозамі

 

Цёплы ветрык дыхае ў твар, нясе з сабой вясновыя пахі. Пасля ўчарашняга спорнага дожджыку сонца грэе старанна, і гэты ветрык патыхае водарам абмытай зямлі. Далячынь палеткаў дыміцца параю. А ў сінім небе — птушыны спеў.

Лёгка і мякка ступаюць мае босыя ногі па асеннім ворыве. Побач пагойдваюцца, цягнуцца дзве бараны «зігзаг», прымацаваныя да стальвагі звонкімі ланцужкамі.

— Но-о! — падганяю коней і спрытна падскокваю, каб адной нагой ступіць на барану. Не для таго каб пад’ехаць, не, а каб прыціснуць яе і выдраць увесь пырнік, што ўжо ўсхапіўся кусцікамі і зазелянеў. Якое ж гэта прагнае пустазелле! Яно моцна перапляло дзірван, дзе былі межы.

Услед за мною на такой жа парцы коней барануе Сцяпан. За Сцяпанам — Васіль. А за Васілём — дзядзька Свігач. Мы — падлеткі. А ён — старэйшы між нас, пасівелы чалавек, вядомы на вёсцы гаспадар.

— Будзеш між іх, баранавалокаў, за брыгадзіра,— сказаў яму раніцай старшыня калгаса.— Заскародзьце пад бярозамі, ад дарогі да балота.

Вось мы і скародзім. Нам трэба пабаранаваць поле ў тры сляды. Два разы — удоўж, адзін раз — упоперак.

Пад бярозамі — назва палетка і ўрочышча. Тут праходзіць гасцінец на захад. Пры гасцінцы абапал стаяць старасвецкія бярозы, пасаджаныя, як кажуць людзі, яшчэ «за царыцай». Калісьці дрэвы абступалі ўвесь шлях, а цяпер яны вельмі парадзелі. Адны пастарэлі, высахлі, другія паламала бура.

Нашы бярозы — гэта цэлая прысада стогадовых дрэў. Пераплёўшыся голлямі, яны высока ўзнімаюцца над праезджай дарогай. Калі, барануючы поле, падыходзіш да іх і заварочваеш коней, чуеш радасны шум і гоман. Шуміць густое лісце. Спяваюць птушкі.

Воддаль, усцяж гасцінца, асобна растуць яшчэ чатыры векавыя бярозы. Яны таксама перашэптваюцца, але цішэй. Зусім наводшыбе стаіць адзінокая старая бяроза. Яна ледзь шэпча. Белы ствол яе пачарнеў. І ў яе галлі бываюць госці — толькі вароны.

Вось каля гэтай пахілай старасвецкай бярозы здарыўся выпадак, пра які мне хочацца расказаць.

Як вядома, самастойная праца, даручаная старэйшымі, надта ўзвышае падлетка. Ты ганарышся ёю. Чым цяжэйшая работа, якая пад сілу толькі дарослым, тым большы адчуваеш гонар. Я і мае сябры Сцяпан і Васіль не баяліся ніякай работы. Праўда, да гэтага працавалі дома, з бацькамі. Вялікім і пачэсным даручэннем здалося нам вясновае баранаванне поля. Ты не толькі працуеш па-даросламу, але і адказваеш, як дарослы, за коней. Тады якраз пачыналіся першыя крокі супольнай працы, калгаснай працы, і ўсе мы гарэлі вялікім энтузіязмам. Што такое працадзень, мы не ўяўлялі сваім розумам.

Працаваць! Працаваць, як дарослыя, да стомы — вось што было нам прыемна.

Яшчэ ўранні, калі мы цягнулі сюды бароны па гасцінцы, дзядзька Свігач, спыніўшыся, сказаў:

— Наперадзе пойдзеш ты. Потым — Сцяпан, за ім — Васіль. Я — ззаду.

Ён кашлянуў, і мне спадабаўся яго сталы, паважны кашаль. Ісці наперадзе з баронамі не так ужо і проста. Дзядзька Свігач даверыў мне рабіць першы след. Хлопцы будуць ісці за мной. Ён як старэйшы будзе ісці ззаду, сачыць за намі, наглядаць, каб мы не дапускалі агрэхаў.

І вось я іду збоку ля барон. Лейцамі я магу скіраваць сваю парку куды хачу — направа і налева.

Вее ветрык. Варушацца конскія грывы. Я сачу, каб пастронкі ў коней ад хамута да каромысла былі нацягнуты, як струны. Добра, калі парка ступае нага ў нагу і ідзе грыва ў грыву! Прыемна на сэрцы.

Гадзіны праз дзве ў мяне штосьці стала не ладзіцца. Мяне дагнаў Сцяпан. Васіль — Сцяпана. Што гэта? Коні занаравіліся? Але я ведаў, што коні мае не наравістыя. Сам жа па прапанове дзядзькі Свігача выбраў і Сівака, і Ластаўку.

Сівака я добра ведаў. Я раней карміў яго хлебам.

Калі я быў у канюшні, дзядзька Свігач сказаў:

— Вазьмі і Ластаўку.

Ластаўка — чырвоная жаробка з чорнай грывай і чорным хвастом — паслухмяна тыцнулася мызай у грудзі. Мне было вядома, што Ластаўку выгадаваў дзядзька Свігач. Таму яго параду я ўспрыняў з належнай павагай і давер’ем.

Сівак быў стары спакойны конь. Адзін час яго не было чым карміць. Вось чаму ён вясною не меў тае шустрасці, якая была ў Ластаўкі. Жаробка нецярпліва тупала нагамі, а ў пастронках ірвалася наперад, абганяючы Сівака. Стальвага перакошвалася, і Сівак ішоў з абвіслымі пастронкамі. Мне даводзілася ўвесь час правай лейчыной стрымліваць гарачую напарніцу, а павольнага Сівака падганяць:

— Но-о-о!

Коні мяне слухаліся. Яны цягнулі старанна, пільнаваліся следу. Але што з таго? Усё часцей у мяне над вухам чулася, як сапуць Сцяпанавы коні. Сцяпан даганяў. А яго тым часам падганяў Васіль. Дзядзька Свігач скародзіў, адстаўшы далёка ад нас.

Мне сорамна было здаваць вядучае месца, якое даручыў дзядзька Свігач. Ідучы да балота, я па-ранейшаму адчуваў сустрэчны подых ласкавага ветрыку, бадзёрасць, але далоні маіх рук ад лейцаў аж гарэлі.

— Но-о! — ледзь не плачучы, падганяў я.

Асабліва цяжка было на паваротах. Ластаўка, перабіраючы нагамі, шпарка імкнулася наперад, а Сівак клыпаў зусім павольна. Я тузануў, каб прытрымаць жаробку. Яна супуцілася, затанцавала на месцы. Заднім капытом трапіла на стальвагу, пераступіла пастронак. Я спыніўся.

Каб гэта зрабіў Сівак, я ўзяў бы яго за нагу і пераставіў у пастронкі. А праз шалёную жаробку я павінен быў адчапляць каромысел.

Якраз падаспеў дзядзька Свігач.

— Но-о! — пагнаў я Ластаўку і пачуў услед дзядзькаў голас:

— Ты свайго Хіхікса падганяй!

У той момант я не адразу зразумеў яго словы. Ведаў адно — трэба больш падганяць Сівака. Ды яшчэ думалася: чаму ён даў каню такую насмешлівую мянушку? Ці дзядзька Свігач злуецца, ці насміхаецца?

Перад абедам Свігач сапраўды ўзлаваўся. Ён пачаў на ўсіх сварыцца. Яму захацелася пакруціць нас на паваротах. Мне гэта цяжка ўдавалася. Свігач загадаў прайсціся некалькі разоў след у след ад дарогі да балота і якраз насупраць старой пахілай бярозы.

— Прыцісні нагой барану! — загадаў ён.— Прыцісні!

І я прыціскаў. Бароны ўшчэнт растрасалі ўзадраныя карэнні пырніку, разбівалі, ператвараючы ў пульхную глебу, груды падсохлай зямлі, якая к поўдню ледзь-ледзь пачынала пыліцца. Мы скародзілі так старанна толькі насупраць пахілай адзінокай бярозы. «Чаму тут? — думаў я.— Чаму не ўсюды?»

На павароце Ластаўка зноў затанцавала. Я спалохаўся, каб хаця яна не наступіла на барану.

— Ты Хіхікса свайго, Хіхікса падганяй! — зноў крыкнуў дзядзька Свігач.

Змораны, спацелы, я адчапіў бароны, каб ехаць на абед. Дзядзька Свігач выпраг коней і першы выехаў на гасцінец. За ім рушыў Васіль. Потым — Сцяпан. Іх коні пабеглі трушком.

Я ехаў верхам на кані, трымаючы Ластаўку за повад аброці. Яна рвалася наперад, а Сівак бегчы не хацеў. Рукі мае былі вельмі навярэджаны. Да таго ж мне здалося, нібыта дзядзька Свігач свіснуў... І вось насупраць пахілай бярозы я зваліўся з каня. Віной усяму была Ластаўка: яна рванулася, як ашалелая, вырвалася і панеслася па гасцінцы. А я ўпаў у прыдарожны пыл...

З тае пары мінула шмат часу.

Многа прыемных дзён у працы зведалі Сцяпан, Васіль і я тым летам. Працы супольнай, таварыскай! Мы абганялі бульбу, вазілі сена. Іншы раз так намахаешся віламі на стозе, што злазіць уніз не хочацца... Мы вазілі пясок на будаўніцтва дарогі ў дождж і навальніцу. Адзенне, прыліплае да цела, высыхала на нас у дарозе. Здараліся, вядома, розныя выпадкі. Калі ў мяне зламалася ў возе кола, помню, хлопцы мне памаглі даехаць дадому на трох. Адным словам, мы працавалі, як дарослыя. К восені пасталелі, падраслі. І мая Ластаўка стала больш паслухмянай.

А тае вясной здарыўся гэты недарэчны выпадак. Сцяпан з Васілём затрымалі Ластаўку і пачакалі мяне. Я вывіхнуў нагу і ішоў узбоч каня, моцна накульгваючы.

— Пасля абеду я пайду першы,— сказаў Сцяпан і памог мне ўскарабкацца на Сівака. Хлопец быў злосны на дзядзьку Свігача.

Дзядзька Свігач, убачыўшы ўсё, што адбылося са мной, прытрымаў сваіх коней, чакаючы нас.

Калі мы пад’ехалі, ён буркнуў:

— Ну што, актывісцік, паперадзе не можаш ісці?!

Адкуль такія словы: «хіхікс», «актывісцік»? Пазней мне ўсё растлумачыў мой брат-камсамолец:

— Свігач злуецца. Ён не хацеў уступаць у калгас і помсціць табе за маю актыўнасць.

А «хіхікс»? Гэта была злосная іронія. Камсамольцы пасля абагульнення жывёлы сабраліся ў школе і прыдумвалі мянушкі калгасным коням. Тут жа сярод моладзі быў і Свігач. Мой брат выпісваў газету, чытаў усім, што робіцца на свеце. Ён і прапанаваў дзве мянушкі. Чэмберлен і Хікс — два прозвішчы англійскіх міністраў, вядомых па газеце ў тую пару.

Чэмберленам назвалі калгаснага быка. А як з’явілася ў канюшні над праварынай старога худога Сівака дошчачка з другой мянушкай, і цяпер ніхто не ведае. І не проста Хікс, а Хіхікс! Дзеля насмешкі над худзізной нашага Сівака...

Пад бярозамі мы працавалі з ахвотай, бо ведалі, для чаго і для каго працуем.

А дзядзька Свігач думаў аб іншым і кружыў нас доўга на адным месцы насупраць старой пахілай бярозы недарэмна.

Кажуць, перад вайною прыйшоў ён з унукам сюды, пад бярозы, насупраць пня, дзе стаяла адзінокае, тады ўжо зламанае старое дрэва, спыніўся і, паказваючы малому на шырокі палетак калгаснага жыта, прамовіў :

— Вось, унучак, мой шнур! Тут была наша палоска!..

 


1962

Тэкст падаецца паводле выдання: Грамовіч І. Як вясну рабілі: Апавяданні і навелы. – Мінск, “Юнацтва”, 1985.
Крыніца: скан