epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Грамовіч

Вавёрка Верачка

Мой брат Пятро ездзіў у лес і прывёз вавёрачку. Зімою вясковыя мужчыны ездзілі ў пушчу Чырвонку, секлі, пілавалі дрэвы і вазілі бярвенне на чыгуначную станцыю Ціханавічы. Гэта былі ў іх лесанарыхтоўкі.

Брат аднойчы, вярнуўшыся, распрог каня, прыйшоў у хату і кажа мне:

— Сёння лісічка хлеба не прыслала. Да цябе сёння лясная госця прыехала. Вавёрачка,— і паказвае адтапыраны кажух на грудзях.— Толькі вавёрка хворая. Яна ўпала з дрэва і моцна выцялася. Будзеш лячыць яе?

Які ж я доктар? Я не ведаў, як лячыць вавёрачку, але, глянуўшы на ляснога звярка, згадзіўся.

— Ёй ножка баліць. Вось ачуняе, тады адвязу яе назад у лес,— казаў Пятро. Асцярожна расперазаўся, расшпіліў кажух.— Вавёрачка ляжала ў гурбе, бегчы не магла. Я думаў, забілася. Узяў у рукі — жывая... Дай, думаю, прывязу табе, можа, вылечыш.

У хаце гарэла лямпа. Напалоханы лясны рыжы камячок прыліп да вязанай рубашкі брата, ніяк не хацеў аднімаць вострыя кіпцюрыкі ад шарсцяных нітак. Маленькая, пушыстая, яна жаласна пішчала.

Калі вавёрачка апынулася ў прыгаршчах брата, то нават пры цьмяным лямпавым святле можна было яе добра разгледзець. Яна ўся ярка-рыжая, а хвосцік шэры, вушкі вострыя і вочкі — два чорныя гузічкі.

Глядзела і нібы нічога не бачыла. Ад сполаху яны не міргалі, ці то лямпа іх асляпіла.

Мне яна адразу спадабалася. Мая дружба з катом і сабакам тут жа прапала. Цяпер яна з’явілася да вавёрачкі.

— На! — падаў мне брат лясную госцю.

А калі яна, баязлівая, супакоілася ў маіх руках, я ад радасці разгубіўся. Вавёрка суцішылася. Пятро сказаў, што маўчала ўсю дарогу. Ножка папала пад галіну сасны. Бедная, параненая... Мне чутно было, як у звярка калоціцца сэрца. Я прыгарнуў вавёрачку да твару, але яна жаласліва запішчала.

— Не чапай, ёй баліць,— сказаў Пятро.— Ёй трэба спакой, прытулак. Зрабі цёпленькае гняздо... І паспрабуй накарміць.

— Яна, як кот, любіць малако,— падказала мама.

Вось з гэтага я і пачаў.

На сподачак з малаком вавёрачка не глянула. Затое кот, які швэндаўся па падлозе, хацеў паласавацца ім, але я адштурхнуў нагой, бо вавёрка яго спалохалася. Усё не пераставала дрыжаць, хоць у нашай хаце, здаецца, цёпла, печ нагрэта.

— Не рабі гнязда на ляжанцы,— сказала мама.— Звярок прывык жыць у лесе, у холадзе.

Я збіраўся паслаць вавёрцы сваю світу за шафай, бліжэй да акна. Мама дала рэшата. Але тут зноў вавёркай зацікавіўся кот. Прэч ката! Я прагнаў яго з хаты. І брат сказаў, што вавёркі з катамі і сабакамі не дружаць. Яе можа падпільнаваць бяда.

Лёг спаць на сваім палку, лямпу патушылі, але сон не браў. Мне ўсё здавалася: вавёрка за шафай варушыцца, вылазіць з рэшата, дзе яе пасадзіў на падушачку, укрыў, утуліў старым мяккім ватнікам.

Як у хаце ўсе заснулі, устаў. Босы, навобмацак, дабраўся да шафы. Не, вавёрка не варушылася пад ватнікам. Можа, яна памірае?.. Аберуч стаў даставаць яе з гнязда, яна запішчала. Вішчала, пакуль я не прынёс на свой сяннік, лёг пад коўдру і прытуліў да сябе. Вавёрачка дрыжала, а сэрца маё таксама грукала.

Потым крыху супакоілася, а я ўсё ляжаў і ўяўляў лес, высокія елкі, сосны. Адна з іх валіцца, а на галінцы сядзіць маленькая вавёрачка. Мая вавёрачка... Дрэва ўпала ў снег. І ўзняло завіруху. Мяцеліца, мяцеліца ...

Я драмаў. І кожную хвіліну прачынаўся...

Раненька, ад’язджаючы ў пушчу, брат Пятро запытаў:

— Як жа ты назваў яе?

— Верачка.

— Верка?

— Ага.

Цяпер Верка не хацела адставаць ад маёй кашулі на грудзях, нібы ўчора ад брата. Пішчала і драпалася. Стала вырывацца, уцякаць. Насілу захутаў у ватнік, пасадзіў у рэшата.

Мне ж трэба ісці ў школу. І я спяшаўся...

Наліў у сподачак свежага малака і паставіў перад Верачкай. Лясны звярок нават не зварухнуўся пад ватнікам. Верачка, чаго ж ты пакрыўдзілася на мяне?..

Адкуль мне ведаць, як вавёрку карміць? Ды яшчэ хворую. У школе ў настаўніцы папрасіў кніжку, дзе пісалася б пра вавёрак. Але такой кніжкі ў бібліятэцы не знайшлося. Была кніжка пра малпачку. Давайце пра малпачку! Настаўніца, даведаўшыся, што мяне хвалюе, расказала: вавёркі любяць арэхі, сушаныя грыбы, яны робяць запасы іх на ўсю зіму.

Я не прызнаваўся сябрам, навошта мне спатрэбіліся арэхі, спытаў усіх. Дома ў Сцяпана ёсць арэхі. І сушаныя грыбы — таксама.

— Мне жменьку. Дай, калі ёсць! — прасіў я.— Шмат не трэба.

— Магу поўную кішэню. Нашто?

— Сакрэт, потым раскажу.

Прыйшоў дадому са школы. Кішэня арэхаў і грыбоў.

Мама абрадавала мяне.

— Выжыве твая Верка. Усё малако выхлебтала.

Я — у куток, дзе стаяла шафа. З рэшата вытыркаліся два вострыя вушкі з карычневай поўсцінкай на самых кончыках і чорненькая мызка. Я дастаў з кішэні грыбок і арэх, паклаў ёй перад носам. Яна чмых — і схавалася.

Ад шчасця, вядома, быў на сёмым небе. Але надта радавацца — рана. Вавёрка не вылазіла з-пад ватніка. Гасцінцаў не брала. Яна быццам не чула мяне. А я ўпрошваў яе. Колькі ні клікаў, падсоўваў найбольшыя арэхі, карычневы баравічок, Верка нерухома сядзела ў рэшаце.

— Вера... Верка... Верачка!

Лясны звярок, насуплены, дзікі, не вылазіў увесь дзень і на вячэру да сподачка з малаком.

Прыехаў з лесу брат. Прывёз тры яловыя шышкі. Шурпатыя, спелыя. Рэшата напоўнілася да краёў. Цяпер тут ляжала многа ўсяго, чаго вавёрчына душа магла жадаць. З гарышча мама дастала і прынесла гарбузікаў, пра якія ніхто, нават я, не ведаў. Усё цяпер перад ёй выглядала, як на рынку, на стале, перад капрызнай пакупніцай. Але госця нічога не кратала. Адно малачко ў сподачку пакаштавала. І то — балазе. Я, седзячы над кніжкай за сталом, нават не прыкмеціў.

— Эх ты, фелчар! — сказаў дзед.— Давай, Пятро, агледзім ёй лапкі. Можа, яна скалечана, не мае сілы вылазіць.

У мамы папрасіў чыстай крамніны перавязаць лапку. Нітак, ножніцы, як для «аперацыі». Брат выстругаў дзве лучынкі, на выпадак пералому касцей. Сапраўды, правая задняя ножка ў Веркі матлялася, як нежывая. Вавёрачка ёю не рухала і не ступала на яе. Жаласна пішчала, калі я браў на рукі. Пры дотыку ў час «аперацыі» яна ўзняла немы піск. Аж кот і сабака прыбеглі. Адкуль яны з’явіліся? Тут жа іх выправадзіў у сенцы.

— Верка, Вера, Верачка,— суцяшаў я вавёрку.

«Аперацыя» была зроблена, ножка ўзята ў ціскі і завязана. Перавязку рабіў Пятро, дзед трымаў у руках звярка. Верка ўкусіла яго за палец, а брата паабдзірала да крыві. Я ім пахваліўся, што ў мяне такіх драпін поўна і на руках, і на грудзях.

— Не бяры за пазуху.

— А як ты сюды прывёз? — апраўдваўся перад братам.

І ўсё ж я зноў нанач вавёрку ўзяў да сябе, прыгарнуў, каб сагрэць і ёй цяплей стала. На гэты раз яна менш парывалася ўцячы.

Вавёрка з гэтага дня пацішэла. Мінула яшчэ некалькі дзён.

Неяк, вярнуўшыся са школы, я не ўбачыў Верку ў рэшаце. Які цуд! Вавёрачка ўзлезла на шафу. Сядзела там і пазірала сваімі вочкамі-гузічкамі. Пазірала неяк абыякава, але не сумна. Хацеў дакрануцца — не далася. Наогул, Верка не любіла, каб яе гладзілі. Гэта не кот.

З таго часу Верка пакінула гняздо ў рэшаце. На трох лапках магла ўскарабкацца на шафу. Лезла туды і хворую ножку, забінтаваную ў лучынках, несла нерухома, асцярожна, як не сваю. А злезці адтуль — ні блізка!

Ёй спадабалася на шафе.

Здароўе Верачкі паляпшалася. Лучынкі ёй перашкаджалі. Я хацеў адвязаць — дзед не дазволіў.

Здаецца, усё пайшло весялей. Аднак узніклі новыя нелады. Верачка і не думала злазіць зверху. У хаце — не холадна, хоць на дварэ лютавала зіма. Я старанна паліў ляжанку. Вавёрка скокне па падлозе і зноў карабкаецца ўверх, пад столь. Шкрэбае кіпцюрыкамі па шафе. Сястра гэта заўважыла.

Вавёрка на шафе наладзіла і сталоўку і сметнік. Сталоўка — няхай сабе, а вось другое — сястры не падабалася. Не спадабалася, што ўсё сваё багацце, якое можна было перацягнуць з рэшата, Верка ўзнесла наверх, нават яловыя шышкі.

Ёй там здавалася вельмі добра. Верачка сядзела, пазіраючы на ўсіх чорнымі пацерачкамі. Пушысты хвосцік тарчаў над ёй, нібыта пытальнік. У двух пярэдніх спрытненькіх лапках трымала арэх і час ад часу падносіла яго да роціка. Тады ад вострых вавёрчыных зубак чулася шкрабаценне, быццам дзесьці ў запечку гаспадарылі мышы. Вавёрчына мызка пацешна варушылася.

— Ах, як смачна! — радасна шаптаў я.

На шафе павялічвалася куча смецця. Шалупінне з-пад гарбузікаў і арэхаў, яловых шышак, нават дробныя кавалачкі парванай паперы з майго сшытка. Што ж будзе далей? Яшчэ на шафу паставіць сподачак з малаком? А без малака (вавёрка па кропельцы піла і ваду) хворай нельга. За гармідар на шафе не Верцы, а мне пападзе. Ад дарослых. Асабліва ад сястры. Гэта яе шафа.

Я спрабаваў падмануць Верачку. Злавіў, пасадзіў на падушку ў рэшаце, дык яна мяне зубкамі ўшчыпнула і тут жа, кульгаючы, ускарабкалася на шафу. Штосьці іншае трэба прыдумаць. І я прыдумаў.

Каля печы ў кутку вісела шырокая чатырохвугольная бляха. Мама ў ёй да свята пякла коржыкі. Я папрасіў гэты посуд, каб палажыць на шафу. Няхай ён будзе пляцоўкай для харчавання Веркі! Размесціцца там і сподачак з малаком.

Пасля гэтага сястра не сварылася за бруд на шафе.

Цяпер Верка зусім не хацела злазіць з шафы і выраклася рэшата. І не ішла да мяне, пад коўдру. Нават калі запрашаў якім-небудзь ласункам. Аднойчы злавіў, нёс... Колькі было піску... Вырвалася з рук, скочыла на падлогу, на трох нагах дачыкільгала да шафы і, скрабучы кіпцюрыкамі, зноў ускарабкалася наверх.

Мне стала крыўдна. Чаго чужаецца? Стаў разважаць сабе. І здагадаўся. Там, у рэшаце, на падлозе, у яе з’явіліся непрыяцелі. А можа, і ворагі. Гэта быў кот. Калі кот недзе быў паблізу, вавёрка на шафе трывожна фыркала і кідалася з аднаго кутка шафы ў другі. Ён ёй не падабаўся. А кот, сапраўды, прыплюшчваючы вочы, неяк хітра паглядаў. Адзін раз пачаў падкрадацца, быццам хацеў злавіць вераб’я. Ён быў вораг... А другі вораг быў сабака Дунай. Калі сабаку са двара ўпускалі ў хату, Верка ўзнімала страшэнны вэрхал. Не зважаючы на хворую нагу, яна пераскоквала з шафы на печ, з печы — зноў на шафу і гнеўна фыркала. Фыркала, непакоілася, хвалявалася. Бляха на шафе служыла сігналам для трывогі. Лапкамі выстуквала па ёй, нібы балабешкай у бубен. Трывога! У хаце няпрошаныя госці, кот і сабака! Яна бразджала, нібыта на барабане: «Прэч! Кот, Дунай, прэч з хаты!»

— Верачка, не барабань! — прасіў я.

Але яна не сціхала. Сабака — той не пярэчыў выходзіць з хаты. А вось кот наравіў схавацца пад ложак або пад печ. Варта ім было апынуцца за дзвярыма, як Верачка пераставала цокаць, і шэры хвосцік яе супакойваўся.

Аднойчы Верка ўзняла трывогу ўначы.

Усе прачнуліся. Мусілі запаліць лямпу...

Час бег — зіма канчалася.

Нарэшце мы знялі вавёрцы лучынкі. Дзед сказаў:

— Цяпер ёй хоць на елку скачы.

— Ці не пара ўжо? — дадаў Пятро.

Толькі я нічога не сказаў. Мне зусім не хацелася развітвацца з Веркай.

Аднойчы яна, мабыць, захацела са мной пагуляць у хованкі. Вяртаючыся са школы, я заўсёды бачыў яе на шафе. Або яна скакала па крузе: з шафы — на вешалку, з вешалкі — на шасток, дзе вісела цыбуля, адтуль — на печ, з печы — на шафу. Гэта я называў «кругавілай».

Яна здзіўлена і радасна страчала мяне на задніх лапках, бо я заўсёды прыносіў што-небудзь у кішэні. Хоць скарыначку хлеба. Яна асцярожненька брала ў роцік мой гасцінец і хавала на шафу.

З усімі ў хаце, апроч Дуная і ката, яна дружыла, а са мною — як ні з кім. Мама казала, што Верка чакала мяне. Сядзіць і чакае прыходу...

Прыходжу. Кніжкі на стол. Распранаюся. Вавёрачка не сустракае. За шафай няма. На печы — няма. Агледзеўся наўкол — нідзе няма.

— Верка! — клічу.— Верачка!

Яна ўжо прывыкла да свайго імя. Як выскачыць з дзедавага кажуха, які вісеў за шафай, і — мне на плячо!.. Умасцілася і паглядае. Я даў скарыначку, яна скок-скок і зноў у кажух. Схавалася. Няма!..

Я падышоў да кажуха і пачаў адхінаць крысо. Ажно ў рукаве дзедавага кажуха яна знайшла сабе схованку. Накшталт ляснога дупла. Унутры рукава цёпла, утульна, быццам у гняздзе. Паклічаш, высуне галоўку з вочкамі-пацеркамі — я тут!

— Дзед, у чым жа ты будзеш хадзіць на вуліцу? — запытаў я, даведаўшыся пра вавёрчына дупло.

— А ўжо вясна скора. На кажух мода праходзіць.

Я вырашыў: дзед жартуе. А ён рукаво сваёй апранахі перавязаў наглуха вяровачкай. Цяпер і дно з’явілася ў «дупле». Верка мігам перанесла ў «дупло» свой набытак. І з кожным днём багацце яе павялічвалася. Яна падыходзіла да кожнага, прасіла, жабравала, дасі ёй арэх, зернетка сланечніку — хоп, аднясе ў «дупло» і зноў падбягае, цыганіць: «Дай яшчэ». Няўжо вавёрцы было мала? Напэўна, да гэтага прывучыла халодная зіма ў лесе...

Я ўжо прывык да яе. Браў на рукі, гладзіў, яна не дзічылася. Лапка ў Верачкі не балела, зраслася.

— Верка, Верка! — клікаў я, трымаючы ў руцэ сподачак з малаком.

О, лясное дзіва! Вавёрка выглянула з «дупла» кажуха і адтуль, на адлегласці паўтара-двух метраў, як скочыць мне на локаць! Ды з такой сілай, што сподачак з малаком выпаў з рук. Ад яго па падлозе разляцеліся ва ўсе бакі чарапкі і расплылася белая лужына малака... Агніста-рыжая гарэзніца перабралася мне на плячо і сядзела хоць бы што. Вочкі-гузічкі глядзелі бадзёра: «Дай яшчэ!..»

Ах ты, свавольніца! Балазе, што ў хаце няма жанчын. Апроч дзеда, ніхто не быў сведкам гэтага здарэння. Няўжо кепская прыкмета?..

Сястра, вядома, не пахваліць...

Набліжалася вясна. Надыходзіў сакавік. Дарогі раскіснуць, і лесавывазка будзе спынена.

Пятро сказаў:

— На тым тыдні мы вязём апошняе бярвенне ў Ціханавічы. Трэба Верку адвезці ў лес. Ножка загаілася. У пушчы яна знойдзе сабе кампанію.

Развітацца з вавёркай? Ісці са школы і думаць, што Веркі ўжо няма? А яна мяне чакала. Ці прыносіў, ці не прыносіў ёй гасцінец, пакажыся на парог, дык яна, дзе б ні знаходзілася, скакала на галаву. Вушанка валілася на падлогу, а яна лапкамі ашчапервала валасы. Лёгенька, не драпаючыся. Ніколькі не балюча. Ёй было цікава перабіраць пасму за пасмай мае валасы. Я сядзеў на лаве, як заварожаны, з вавёркай на галаве замест шапкі. Мне таксама было прыемна. Я слухаў, як Верка расчэсвае чупрыну сваімі кіпцікамі... І паспрабуй пярэчыць! Будзе піск. Яна дурэе на галаве столькі, колькі захоча... Больш таго. Верка залазіла за пазуху. Мабыць, помніла, як я ў марозны студзень грэў яе каля сэрца. Хочаш не хочаш — залезе. Я не даваўся. Шчыкотна... Залезе пад кашулю, за пазуху — суцішыцца, прытоіцца і маўчыць.

Аднойчы Верка сядзела там, за пазухай, а я апранаў світу, схадзіў у склеп, набраў бульбы, прынёс у сенцы, вярнуўся ў хату, а яна там — не варушыцца. Нібыта заснула ў гняздзе...

Прыручаная, свойская зрабілася вавёрачка за гэтыя зімнія месяцы. І мне як нож у сэрца быў гэты загад Пятра.

— Ну, няхай яшчэ пабудзе,— папрасіў я.

— Дакуль? Я ў лес больш не паеду.

— Я аднясу ў Галянішчава, калі ёй надакучыць.

— Там няма вавёрак. Там няма елак. Там няма шышак,— сказаў брат.

— Ёсць елка. З шышкамі! — запярэчыў я.— І арэхаў многа ў Высокім беразе...

— Ну, як дзед скажа,— развёўшы рукамі, звярнуўся да дзеда Пятро.

Дзед падумаў і сказаў:

— Лясны звярок павінен жыць у лесе.

— Няхай да лета застанецца Верачка,— з жалем прасіў я іх.

Ні брат, ні дзед мне нічога не адказалі. Гаворка была не скончана. А назаўтра раніцай Пятро паехаў у лес без вавёркі. Яна адчувала гэта, позна спала ў «дупле» кажуха.

Уся адказнасць за вавёрачку цяпер лягла на мяне. Гэта я разумеў і адчуваў. Ды ці толькі цяпер? Я заўсёды клапаціўся аб ёй як ніхто. Нікога так не даглядаў. Кот і сабака нават сталі мяне абыходзіць. Хоць гэта, вядома, дарэмна.

Калі настала веснавая цяплынь, у хаце аднялі падвойныя рамы. Цяпер вавёрачцы можна было ўглядацца ў зелянеючы куст бэзу. А далей стаялі рабіна, бяроза. Я не дазваляў адчыняць акно. Хадзіў у школу, а сам баяўся: выскачыць Верка праз фортку, пачне гуляць па дрэвах, тады злаві свавольніцу! Сабака можа падпільнаваць, узніме брэх, напалохае...

Тое, чаго баяўся, здарылася. Выбегла Верка не праз акно, а праз расчыненыя дзверы. Мама ўбачыла, ды — позна.

Задраўшы галаву, я хадзіў па двары і клікаў:

— Верачка! Верка, Верка!

Можа, на бярозе агністы клубочак гуляе? Можа, на грушы ў садзе цешыцца на волі? Можа, яна па страсе дзе-небудзь скача?

Я пытаўся ва ўсіх, можа, хто бачыў, можа, чуў, як сабакі брахалі? Не, ніхто не чуў і ніхто не бачыў. І Дунай глядзеў у вочы, не разумеючы, чаго я хвалююся... Знікла вавёрка. Збегла. Прапала!

Няхай бы я брату аддаў адвезці яе ў пушчу... Мне балюча было ўяўляць, што вавёрку злавілі, задушылі або разарвалі азвярэлыя сабакі...

— Вавёркі кладуцца спаць, як толькі зойдзе сонца,— сказаў дзед.

— Ты расчыні вокны,— параіла мама.

Расчыніў тры акны насцеж. І сапраўды, як толькі апошні прамень развітаўся з вяршалінай бярозы, пушыстая Верачка скокнула на падаконнік расчыненага акна. І сабакі яе не ўнюхалі. І Дунай праспаў на ганку.

Я працягнуў руку. Яна вінавата падалася да мяне, дружба была дружбай, а потым скокнула з майго пляча ў дзедаў кажух і схавалася ў «дупле». «Нагулялася»,— падумаў я і рад быў, што яна вярнулася.

І ўсё ж пакідаць расчыненымі вокны я баяўся. Адзін раз падумаў аднесці ў Галянішчава і пусціць у арэшнік. Я надта баяўся нашых злых вясковых сабак.

Але не гэта стала небяспекай для Верачкі.

Да нас на лета ў госці прыехала з горада цётка з Ірынкай. Як прыехалі, дык і завялі гарадскія звычкі. Спачатку Ірынцы вавёрачка вельмі падабалася. Але калі Верка да яе не пайшла, пачала ўцякаць, Ірынка змяніла сваё ўражанне. Яна пачала выхваляцца, што ў звярынцы не такіх бачыла вавёрак, не адну, а некалькі.

— У вас тут мух развялося. Цэлы рой! — сказала цётка маме.— Хіба мухаморы яшчэ не растуць? От не прывезлі мы, Ірынка, ліпкай паперы. Ліпучкі!

На вавёрачку цётка сказала:

— Мілы звярок, пушысты! Каўнер да паліто гадуецца... А чаму не ў клетцы? Трэба заказаць у Мінску клетку, такую, як кола. Кола круціцца, а яна бегае ў коле. І тут будзе бегаць... Ой, гэта вельмі пацешна, як вавёрка круціць кола-бегунок. У горадзе вавёрак трымаюць толькі ў клетках. Гляньце, што яна зрабіла з шафай! Падрапала! Вы толькі падзівіцеся!.. Трэба ў клетку, неадкладна!

А мне вавёрку ў клетку саджаць не хацелася. «Лепш я аднясу яе ў Галянішчава,— думаў я.— Пушчу на волю».

Потым і Ірынка пасябравала з Верачкай. Яна частавала яе цукеркамі. Мяккіх цукерак вавёрка не брала, а карамелькі грызла. Але, насмакаваўшыся ўволю, Верка кулём бегла на паліцу ў качарэжнік. Там на паліцы стаяў гладыш з малаком. Яна ўжо не раз у яго заглядвала.

Цётка, убачыўшы, абуралася:

— Яна інфекцыю занясе! Чаму не паставіш ёй сподачак з вадой? Гэта не гігіенічна. Яна можа ўваліцца ў гладыш.

Верка ўлазіла ў гладыш з галавой. Заднімі лапкамі яна трымалася за край. Толькі пушысты хвосцік тарчаў наверсе. І хлябтала ад смагі доўга, прагна...

— Фэ! — сказала цётка.— Каб гэта было апошні раз.

— Яна не ўваліцца,— сказаў я.— А піць ваду я пастаўлю ёй талерачку на падаконніку...

Не падабалася мне, што вавёрачку хочуць заперці ў клетку. «Я не дазволю!» — думаў я.

Але ў той дзень мне трэба было ісці з пастухом у поле. І я пагнаў каровы за падпаска.

Вярнуўся ўвечары. Верачка мяне не спаткала, не скочыла радасна мне на плячо. Яна, парывіста дыхаючы, ляжала на дзедавым кажуху. Вочкі былі зацягнуты плёнкай.

Што здарылася?

Ірынка сказала, што яна яе карміла цукеркамі. Вядома, пасля салодкага ёй піць хацелася. Хацелася глынуць хоць кропельку расы...

Я паглядзеў на падаконнік, дзе пакінуў талерачку, напоўненую вадою. Яна была высушана сонцам. Чаму я паставіў яе тут, а не на шафе?..

Побач стаяла другая талерачка, напоўненая атрутнай вадкасцю. Цётка загадала паставіць таксама на акне «дзеля гігіены». Там у ёй тапіліся мухі. Яны не маглі выжыць ад тае вады, а хіба магла выжыць вавёрка Верачка?..

 


1984

Тэкст падаецца паводле выдання: Грамовіч І. Як вясну рабілі: Апавяданні і навелы. – Мінск, “Юнацтва”, 1985.
Крыніца: скан