epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Грамовіч

Жаваранак

 

Успамінаючы маленства, мне хочацца расказаць пра адзін выпадак, які здарыўся са мною на пашы. Мне заўсёды, як пачую жаваранка ў небе, здаецца, нібыта я зноў у дзяцінстве, стаю на ўзгорку ў доўгай дзядзькавай свіце і слухаю спеў птушак, а перада мною шырокае, шырокае поле...

Калі здарыўся гэты выпадак, я якраз пасвіў авечкі. Пасвіць авечкі лягчэй, чым каровы. За імі не трэба надта бегаць, яны ходзяць гуртам, паслухмяныя, у шкоду не лезуць. Праз гэта, між іншым, такому пастуху не належала даваць падпаска; кожны гаспадар, у якога я бываў на чарзе, карміў і даваў мне верхнюю вопратку. Авечага пастуха і наймалі танней, хоць адказнасці тут — каб воўк не ўкраў ягняці,— бадай, больш, чым у якім статку. Я выганяў авечак на цэлы дзень. Кароў прыганялі ў сяло апоўдні падаіць, і пастух мог тым часам адпачыць. А я ўвесь дзень, у любое надвор’е, ад усходу да захаду сонца, хадзіў за авечкамі ў полі. Цэлы дзень, акрамя чарады, нікога не бачыш.

Адзінока і сумна.

Пасвіў я на папары. Гэта вялікі клін зямлі, пакінуты дзірваном да самай восені. На гэтым полі расла папарніца, трава, якую вельмі любілі авечкі. Калі яны, бывала, спрытна скублі, я ўзыходзіў на ўзгорак, глядзеў навокал і слухаў, як спявалі жаваранкі.

Нідзе так звонка не чуваць спеў жаваранка, як у чыстым полі. З высокага неба падае, льецца птушыны спеў, нібы мноства срэбных званочкаў узняло сонца аж пад воблакі. Стаіш і чуеш, як пранікае птушыная песня ў сэрца, напаўняе яго радасцю. З птушкамі не было маркотна ў полі. Я гэта адчуваў і старанна бярог крылатых сяброў. Колькі я знаходзіў іхніх гнёздаў на межах, у барознах, пад скібай ад плуга! Я ніколі не кратаў птушыную сям’ю. Я ведаў, калі маленькія птушаняты выводзяцца, калі ў іх адрастаюць крылы. І мне здавалася, што жаваранкі, перапёлкі, курапаткі таксама ўжо ведалі мяне, прывыклі да мяне. Пырхнуўшы з гнязда, шэрае птушанё далёка не адлятала, а садзілася на галінку чарнобылю і глядзела ў мой бок па-свойску, смела.

Жаваранкі для пастуха — свой хор. Я любіў, як яны спяваюць да ўсходу. Я чуў, нават бачыў, як перад захадам сонца яны, нібы дамовіўшыся, узлятаюць высока-высока, адзін перад адным спяваюць пяшчотныя песні і, як толькі агніста-чырвоны шар патане, змаўкаюць, хаваюцца на спачынак. Дабранач! Гэтую пару — дадому — я і мае авечкі добра ведалі. Наўкол наступала вячэрняя цішыня.

Аднойчы ў поўдзень я стаяў на ўзгорку і глядзеў у неба, шукаючы ў блакітнай вышыні таго, хто заліваўся песняй. Сонца было ў зеніце. У такую пару дня большая палова птушак вісіць між небам і полем,— спявае самы магутны хор.

Авечкі хадзілі ў лагчыне. Я іх бачыў перад сабою, а сам стаяў, як паўнаўладны гаспадар іх лёсу, у шырокай світцы з саматканага сукна, жакетцы аднаго дзядзькі, у якога я быў на чарзе. Яна мне была да пят, і насіць яе можна было толькі расшпіленай, каб не паваліцца на хаду.

Я стаяў, а ветрык дзьмуў мне пад жакетку, і прыемны халадок асвяжаў цела. Рукавы ў жакетцы былі закасаны, у правай руцэ я трымаў пугу.

Я глядзеў угору, але ў залатым паднябессі заўважыў не жаваранка, а каршуна. Гэтага драпежніка я таксама ведаў і бачыў не раз. Ляціць ён, бывала, над палеткамі, махае гэтак паважна крыламі, а потым спыніцца на адным месцы і пачынае выглядаць на зямлі птушак або мышэй. Нагледзіць і кідаецца на ахвяру, са свістам рассякаючы паветра.

Каршун лунаў высока-высока і нібы глядзеў адтуль на мяне. Я зацікавіўся: каго ж ён высочвае, куды кінецца? Я спачатку і не прыкмеціў, як ад самай зямлі з песняй пачаў узнімацца мой сябрук-жаўрук. Срэбны званочак падымаў сваю песню ўсё вышэй і вышэй.

А каршун застыў на месцы. Ён быў з боку ад зыркага сляпучага сонца. Заўважыўшы, што драпежнік не кратаецца, я насцярожыўся. Няўжо ён цэліцца на жаваранка? Няўжо гэты званочак, захоплены ўласнай песняй, не бачыць, што ён сам набліжаецца ў кіпцюры да смерці! Я глядзеў затаіўшы дыханне.

І хоць адлегласць была яшчэ вялікая, драпежнік не вытрымаў, кінуўся ўніз. Уніз! Я тут жа страціў жаваранка з вачэй. Каршун, адзін каршун быў для мяне ў небе. Ён, як маланка, рассек паветра. Потым імклівы палёт пераламаўся. Драпежнік кінуўся ўбок, яшчэ ўбок. Вось ён амаль прыпаў да зямлі. І раптам над зямлёю палёт яго выраўняўся. Я аслупянеў. Каршун ляцеў на мяне.

І толькі калі драпежнік быў ужо зусім непадалёк, я ўбачыў, як спераду ў яго ляціць, кідаецца ў бакі шэры камочак. Я аж уздрыгнуў, калі ён, як куля, шмыгнуў мне пад крысо. Так хутка, смела і даверліва знайшла сабе птушка схованку! Я спачатку нават не мог зразумець, як гэта здарылася, і міжволі замахнуўся на драпежніка пугай. Гнеўны крык вырваўся ў мяне з грудзей. У ім быў і гонар за давер’е жаваранка, і праклён драпежніку. Я і цяпер яшчэ бачу лютыя каршуновыя вочы, разяўленую дзюбу і растапыраныя кіпцюры. Ах, як ён неахвотна ўздымаўся ўгору!

Я не магу знайсці словы, каб перадаць пачуццё, якое тады ахапіла мяне. Дзесьці тут, пад крысом жакеткі, сядзеў трапяткі жаваранак. Ён перадаў мне разгон свайго палёту. Нейкі час я адчуваў сябе акрыленым, і на сэрцы было так лёгка, што мне здавалася, вось-вось я палячу.

Я апамятаўся. Дзе ж ён там засеў у маёй свіце? Дзе жаваранак, якога я выратаваў ад смерці?

І толькі я зварухнуўся, як шэрая птушка пырхнула ў мяне з-пад крыса і паляцела пры самай зямлі. А неўзабаве зноў узвілася ў неба. Я стаяў радасны, узнагароджаны птушыным давер’ем. Дарагі жавараначак, будзь упэўнены, я заўсёды цябе абараню!

 


1981-1984?

Тэкст падаецца паводле выдання: Грамовіч І. Як вясну рабілі: Апавяданні і навелы. – Мінск, “Юнацтва”, 1985.
Крыніца: скан