epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Крылоў

Аракул

У нейкім капішчы стаяў драўляны бог,

Які пачаў маўляць прароцкія адгады

          І мудрыя даваць парады.

                   Затое з галавы да ног

                   Ён золатам абвешан, і па пяты

                   На ім блішчыць убор багаты.

Народ яго маленнем заглушыў

                   І фіміямам задушыў

                   Па легкавер'ю чалавечым.

Як раптам - ганьба і скандал!

                   Аракул праўды не ўгадаў:

Адказваць стаў няскладна, недарэчы;

          І так пайшло далей штодня:

          Што бог ні скажа, то брахня,

          Аж кожны дзіваваўся,

Куды ў яго прарочы дар дзяваўся!

                   А справа ў тым,

Што ідал быў пусты і жрэц садзіўся ў ім

          Маўляць народу прадказанні;

                   І вось тут вынікі відны:

Як быў разумны жрэц, дык бог не плёў маны,

          Калі ж туды засеў дурны, -

Балван абалванеў дазвання.

 

          Яшчэ з даўнейшае пары

Пра суддзяў мне такіх апавядалі,

          Якія вельмі мудрыя бывалі,

          Пакуль разумныя былі сакратары.



Пераклад: Кандрат Крапіва