epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Крылоў

Арол і Пчала

Шчаслівы працаўнік у справе знакамітай:

Ужо ён сілы чэрпае з таго,

Што цэлы свет глядзіць на подзвігі яго.

Але пашаны варт і сціплы, цягавіты,

Хто траціць дзень у дзень і сілы і спакой,

          Не дабіваецца ні выгады, ні славы

                   І повен думкаю адной:

                   Што для агульнае працуе справы.

 

Убачыўшы, як Пчолка здабывае мёд,

          Арол сказаў ёй ганарліва:

                   «Шкада цябе - няшчасны вы народ

З усёй умеласцю і з працаю руплівай!

Вас сотні носяць мёд для аднаго вулля:

                   А як жа разабраць пасля,

                   Якая там твая работа?

                   Не ведаю, што за ахвота:

Век цэлы працаваць - і што ж на ўвазе мець?..

У невядомасці, без славы смерць сустрэць!

                   Якая розніца між намі!

          Калі, махаючы шумлівымі крыламі,

                   Лятаю я пад небясамі,

                   То ўсюды сею страх:

Баяцца птушкі з долу ўзняцца,

Не дрэмлюць пастухі пры статку на лугах,

І лані быстрыя баяцца,

Мяне пабачыўшы, на поле паказацца».

          Пчала адказвае: «Хвала табе, хвала!

Няхай Зевес табе памножвае шчадроты!

Я ж працаваць для ўсіх народжана была,

          Не прагну вылучаць сваю работу,

І тым я цешуся, калі гляджу на соты,

Што мёду, каплю хоць, сюды прыдабыла».



Пераклад: Кандрат Крапіва