epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Крылоў

Асёл

Калі сусвет Юпітэр засяляў,

Ствараючы жывёлін розных масу,

Дык і Асёл на свет тады папаў.

Але наўмысле, ці не меў ён часу,

          Ці, можа, не было патрэбнага прыпасу, -

А толькі грамаўладны маху даў:

Асёл як белка ростам выглядаў.

          Асла амаль ніхто не прыкмячаў,

А ён пыхлівы быў і наракаць пачаў.

          Аслу хацелася павыхваляцца,

          А чым, калі такі малы,

          Што сорамна і ў людзі паказацца?

Вось да Юпітэра прыстаў ён горш смалы,

          Каб той яму прыбавіў росту.

«Ах, змілуйся! Няма больш сіл маіх!

Львы, барсы і сланы ў пашане ад усіх,

          А я... Не вытрымаю проста!

          Чаму ты іх высока ўзнёс,

                   А нам такі благі даў лёс,

          Што пра аслоў ніхто ні слова?

А каб з цяля хаця я ростам быў,

Дык пыху б і са льва і з барса збіў,

          І пра мяне ўвесь свет бы гаварыў».

                   Штодзень нанова

          Асёл Зевесу тое ж пеў

                   І так дадзеў,

          Што ў рэшце рэшт мальбы Асловай

                   Паслухаўся Зевес:

Зрабіў Асла жывёлінай вялікай,

А звыш таго такі даў голас дзікі,

          Што мой вушаты Геркулес

          Перапалохаў цэлы лес.

                   «Што там за звер? Якога роду?

          Зубаты, мусіць? Мае шмат рагоў?»

Ну, толькі й гутаркі, што пра яго.

А што ж далей было? Не прамінула году,

          Усе пазналі, што Асёл -

          Дурніла, вось і ўсё,

Нічым нікому ён не грозіць,

І на Асле ваду ўжо возяць.

 

Высокасць гэткая не варта ні граша,

Калі высокі чын, ды нізкая душа.



Пераклад: Кандрат Крапіва