epub
 
Падключыць
слоўнікі

Іван Крылоў

Асёл і Салавей

                   Асёл убачыў Салаўя

І да яго: «Паслухай, даражэнькі!

Ты, кажуць, пець мастак - і не маленькі:

                   Хацеў бы вельмі я

          Паслухаць сам твой спеў удалы -

          Ці сапраўды такі ён дасканалы».

Тут Салавей паказваць талент стаў:

                   Зашчоўкаў, засвістаў.

На тысячу ладоў спяваў, пераліваўся;

          То голас раптам прыцішаў

          І сумнаю жалейкай адгукаўся,

То дробным шчэбетам па лесе рассыпаўся.

                   Зачараваны ўсе наўкол былі

                   Цудоўным спеваком Аўроры:

Прыціхлі ветрыкі, прымоўклі птушак хоры,

                   На пашы статкі прыляглі,

Амаль не дышучы, пастух ім любаваўся

І, слухаючы спеў, пастушцы усміхаўся.

Спеў скончаны. Асёл сказаў тут: «Так,

                   Пяеш нішто ты,

Цябе я слухаў без нудоты,

                   Шкада, аднак, -

          Ты з нашым пеўнем не знаёмы.

          Спявак ён слаўны, ўсім вядомы.

          Яшчэ б ты болей налаўчыўся,

Каб у яго хоць крышку падвучыўся».

          Які ж на гэта мог Салоўка даць адказ?

Пачуўшы суд такі, з вачэй ён знік ураз.

 

Ад суддзяў гэтакіх ратуй ты, Божа, нас.



Пераклад: Кандрат Крапіва

Беларуская Палічка: http://knihi.com