epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Крылоў

Багацей і Паэт

Падаў Паэт на Багацея ў суд.

І Зеўса за сябе прасіў ён заступіцца.

Абодвум ім загадана з'явіцца.

          Прыйшлі: адзін худы, як прут,

          У лахманах, сяк-так абуты,

          Другі ж у золаце, пыхлівы і надзьмуты.

          «О, злітуйся, Алімпа гаспадар,

          Грамоў і бліскавіц вялікасны ўладар! -

          Крычыць Паэт. - Чым вінен я перад табой,

Што ўсё жыццё цярплю Фартуны злой ганенне?

Ні лыжкі, ні кутка - пакуты і гібенне,

І ўвесь мой скарб - адно ўяўленне.

Тым часам як сапернік мой -

Заслуг ніякіх, сам з пустою галавой,

А раскашаецца ў палацы

          Без клопату, без працы,

          Абкружаны сяброў ліслівых роем,

          Заплыў з выгоды лоем».

          «Не забывай таго,

Што праз вякі не знікнуць ліры твае гукі, -

          Юпітэр адказаў. - А пра яго

Не толькі праўнукі, не ўспамянуць і ўнукі.

          Ты выбраў славу сам па добрай волі,

          Яму ж я даў багацця ўволю.

          Але каб розумам углыб ён пранікаў

          І хоць настолькі меў бы кемнасць,

          Каб адчуваць перад табой нікчэмнасць,

          То больш бы за цябе на лёс ён наракаў».



Пераклад: Кандрат Крапіва