Раз нехта папрасіў у дружбака свайго,
Каб дні на тры пазычыў бочкі для яго.
Паслуга ў дружбе - рэч святая!
Каб грошай ён прасіў, - ну, справа ўжо другая:
Тут можна дружбу занядбаць,
А бочку... бочку можна даць,
Тым больш - нянадаўга, відаць...
Праз два дні зноў у ёй вазілі воду.
І ўсё б нішто, ды дрэнна тут адно:
Што бралі бочку пад віно
І так яна набралася смуроду,
Што вінны дух ад бочкі ўсюды йдзе:
У квасе ён, у піве, нават у вадзе.
Наш гаспадар з ёй біўся каля году:
То выпарыць, то выветрыць яе,
Але чым бочку не налье,
Усё яна сівухай аддае,
І з бочкаю прымушан ён расстацца.
У гэтай байцы прыклад ёсць бацькам:
Калі даводзіцца ў маленстве нам
З навукай шкоднаю спазнацца,
Пасля заўсёды ў змесце нашых спраў,
Хоць што б ты ні дакляраваў,
Яна ўсё будзе адчувацца.