epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Крылоў

Хлус

          Вярнуўшыся з чужых краін,

Якісьці, мабыць, князь ці проста дваранін,

Гуляючы з прыяцелем у полі,

          Стаў выхваляцца тым, дзе ён бываў,

І к былям небыліц без ліку прыкладаў.

«Не, - кажа ён, - што Бог мне бачыць даў,

                   Таго я не пабачу болей.

                            Што тут у вас за край?

                   То холадна, то горача бясконца,

То цемната, то ярка свеціць сонца.

                   Вось там дык проста рай!

                   Успамянеш - аж сэрцу люба!

                   Не трэба свечак тых, ні шубы;

                   Не знаеш век, які той ночы цень,

І круглы божы год ты бачыш майскі дзень.

                   Ніхто не садзіць там, не сее,

А паглядзеў бы ты, што там расце і спее!

                   У Рыме я, напрыклад, бачыў агурок.

                            Ах, мой дружок!

                   Яшчэ цяпер дзіўлюся я парою!

Павер, ляжыць - гара гарою».

«Ну, што за дзіва! - сябар тут пачаў. -

Дзівоснае на свеце ёсць усюды;

          Яго не кожны толькі прыкмячаў.

Вось падыходзім самі мы да цуда,

Якога ты нідзе, напэўна, не страчаў,

          У гэтым я спрачацца буду.

Ты бачыш вунь той мост, куды мы йдзем напрост?

          Ён з выгляду нібы звычайны мост,

                   А вось табе мая парука,

Што не адважыцца па ім прайсці Манюка:

                   Не дойдзе ён і да паловы,

                   Праваліцца, і - будзь здаровы;

А хто не хлусіць - сып хоць у карэце».

                   «А як рака тут глыбінёй?»

                   «А так, што будзе з галавой...

Дык бачыш, друг: шмат дзіўнага на свеце!

Пра рымскі агурок я ўжо не гавару;

Ты кажаш, што ён быў з гару?»

«Гара хоць не гара, а з дом, напэўна, будзе».

                   «Наўрад ці гэтаму павераць людзі,

                   Дзівосы, што й казаць,

Аднак і мост, павінен ты прызнаць,

Цудоўную ўласцівасць мае,

                   Што на сабе Хлуса ён не ўтрымае.

                   На ім сяголетняй яшчэ вясной

          Знайшлі сабе канец

          (Пра гэта цэлы горад знае)

                   Два журналісты ды кравец.

Бясспрэчна, агурок і з дом велічынёй

Рэч дзіўная, калі ўсё гэта справядліва».

                   «Ну, не такое яшчэ дзіва;

          Не думай, што, як тут, палацы, церамы;

                   Якія, братка, там дамы:

                   Дваім у дом насілу ўлезці,

                   І то ні стаць, ні сесці!»

«Няхай і так, дык ёсць чаму дзівіцца,

Што можна ў агурку дваім змясціцца.

Аднак пра мост што можаш ты сказаць?

Не пройдзе Хлус па ім і крокаў пяць,

                            Як шабултых у воду!

          Твой рымскі агурок хоць цуд...»

          «А знаеш што, - сказаў Манюка тут, -

Чым нам на мост ісці, лепш пашукаем броду».



Пераклад: Кандрат Крапіва