epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Крылоў

Два Мужыкі

«Дзень добры, кум Фадзей!» - «Дзень добры, кум Ягор!»

          «Ну, як сябе ты адчуваеш?»

«О, кум, мае бяды, як бачу, ты не знаеш!

Бог пакараў мяне: спаліў я ўшчэнт свой двор

          І жабраваць пайшоў з тых пор».

          «Як так? Нічога ж я не ведаў».

«Ды так! На Коляды была ў мяне бяседа;

Пайшоў са свечкаю я коням даць аўса,

          Прызнацца, ў галаве шумела,

Дык не ўсцярогся нейк. Ледзь не загінуў сам,

                   А двор і ўсё дабро згарэла.

Ну, ты як?» - «Ох, Фадзей, бяда мяне сустрэла!

          І на мяне загневаўся, знаць, Бог:

          Ты бачыш, я ж без ног:

Як сам жывы застаўся - проста дзіва.

На тыя ж Коляды пайшоў я ў склеп па піва.

          Таксама добрую кульнуў

                   З сябрамі чару;

          А каб сп'яна не нарабіць пажару,

                   Дык свечку я зусім задзьмуў,

Тут чорт мяне з прыступкаў так штурхнуў,

Што вось зрабіў з мяне зусім не чалавека,

                   І я з тае пары калека».

                   «Крыўдуйце на сябе, сябры! -

Сказаў ім сват Сцяпан. - Бо што ні гавары,

                   Я ў тым не бачу дзіва,

Што ты на мыліцах, а ты спаліў свой дом:

          Для п'янага хадзіць і ўпоцемку жахліва,

                   Але, на жаль, не лепей і з агнём».



Пераклад: Кандрат Крапіва