epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Крылоў

Два Сабакі

Дваровы верны пёс

                   Барбос,

Што панскую старанна службу нёс,

          Свайго знаёмага, Жужу, пабачыў,

                   Балонку, кучаравага сабачку,

На мяккай пухавай падушцы, на акне.

І каб сказаў - радня, дык не.

Аднак ад радасці Барбоска ледзь не плача

                            І пад акном

                   Павільвае хвастом,

                            Вішчыць і скача.

          «Ну, што, Жужутка, як жывеш

З тых дзён, калі паны цябе ў пакой узялі?

А помніш, на дварэ мы часта галадалі.

          Якую службу ты нясеш?»

«Што Бога мне гнявіць, - адказвае Жужутка, -

Пан палюбіў мяне, прывык і я тут хутка.

          Жыву ў пяшчоце, у дабры,

          І п'ю, і ем на серабры,

Гуляю з панам, а калі стамлюся,

На крэсла мяккае ці на дыван кладуся.

          Ты як жывеш?» - «Я, - адказаў Барбос,

Хвост звесіўшы, спусціўшы нос, -

          Жыву, як і раней: цярплю і холад,

                   І голад,

          Вартую гаспадарскі дом,

Пад плотам сплю і мокну пад дажджом,

          А як часамі не таго аблаю,

          Дык і па спіне зарабляю.

          А чым жа ты у ласку трапіў так,

          Хоць і слабейшы з нас - сабак,

Між тым калі маё дарэмна ўсё старанне?

Чым служыш ты?» - «Чым служыш? Вось пытанне! -

З насмешкай адказаў Жужу. -

          На задніх лапках я хаджу».

 

          Так шчасце многія у тым знаходзяць,

Што ўсё жыццё на задніх лапках ходзяць!



Пераклад: Кандрат Крапіва