epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Крылоў

Груганя

На чараду Арол з-пад хмары наляцеў,

          Ягня схапіў удала,

А малады Груган на гэта ўсё глядзеў,

          І вось яму зайздросна стала,

          Але ён думае: «Бярэш, то ўжо бяры

          Або не пэцкай кіпцюры.

Бываюць і арлы, як бачна, слабаваты,

          У чарадзе ж не толькі ёсць ягняты.

Вось я калі ўжо захачу

                   Ды налячу, -

Кавалак царскі залучу!»

          Узняўся тут Груган над чарадою,

Аглядвае здабычу пад сабою:

          Між соцень бараноў, ягнят, авец

          Ён доўга выбіраў і выбраў пад канец

          Баранчыка, але якога!

          Мацёрага, буйнога,

          Што добры воўк і то не зразу гамане,

          Нацэліўся, злаўчыўся

І, колькі сілы ёсць, у шэрсць яму ўчапіўся.

«О не! - сказаў ён тут. -

                   Здабыча не па мне».

А горш за ўсё - кажух на баране

                   Такі багаты,

Густы, скудлачаны, кашлаты,

Што кіпцюроў з яго не выбавіць ніяк

          Драпежнік наш крылаты,

І трапіў у палон дзівак.

Яго тут пастухі спакойна знялі,

А каб не мог ён больш лятаць,

          Яму ўсе крылы паабцялі

          І дзецям аддалі гуляць.

 

І між людзей часамі так бывае,

Як дробны прайдзісвет буйнога пераймае:

Дзе пройдзе важны казнакрад,

Там б'юць драбнейшых зладзянят.



Пераклад: Кандрат Крапіва