Злавіла Кошка Салаўя,
У небараку кіпці запусціла
І так, сціскаючы, пяшчотна гаварыла:
«Салоўка-друг, душа мая!
Я чую, што цябе за песні ўсюды славяць,
Найлепшым спевакам у прыклад ставяць.
Казала мне Ліса-кума,
Што голас у цябе - званчэй няма,
Што пастухі, пастушкі ў час вясенні
Ад песень ад тваіх ну проста ў захапленні.
Хацела б вельмі я сама
Цябе пачуць нарэшце.
Не трапячыся так, даверся кіпцюрам,
Не бойся, не хачу зусім цябе я есці.
Спяеш што-небудзь мне, табе я волю дам:
Ляці у лес, у гай, гуляй, дзе хочаш сам.
І я да музыкі нахіл вялікі маю:
Сама з мурлыканнем часамі засынаю».
А гэтым часам наш спявак
У кіпцях у яе ледзь дыша, небарак.
«Ну што ж, давай, - гаворыць Кошка, -
Мой любы, паспявай хоць трошку».
Але спявак не пеў, а толькі што пішчаў.
«Дык гэтым і лясы ты захапляў? -
З пагардай Кошка тут пакпіла. -
Дзе ж тое хараство і сіла,
Што так пра іх гавораць шмат?
Мне надакучыў піск сваіх жа кацянят,
Я ў песнях гэтакіх не чую смаку:
Зусім няўдалы ты спявак!
Паглядзім, на зубах мо будзе лепшы смак».
І з'ела небараку -
Да крошкі.
Скажу на вушка думку я сваю:
Не да спявання Салаўю
У кіпцюрах у Кошкі.