epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Крылоў

Лебедзь, Шчупак і Рак

Там, дзе еднасьці і згоды

Няма шчырых у людзей,

Праца іхняя заўсёды

Ліха, марна прападзе.

 

У калёсы запрагліся

Лебедзь ды Шчупак і Рак;

З усіх сіл вязьці ўзяліся.

Дый ня зрушаць воз ніяк.

 

Пад нябёсы Лебедзь рвецца,

Шчупак цягне у ваду,

Распусьціўшы клюшні, пхнецца

Рак назад, як на бяду!

 

Хто зь іх вінен, хто нявінен,

Ня нам гэта разьясьняць,

Толькі ж і дасюль калёсы

Як стаялі, так стаяць!



Пераклад: Янка Купала