epub
 
Падключыць
слоўнікі

Іван Крылоў

Лес і Агонь

          І друга выбраць - трэба ўмець.

Калі карыслівасць надзене дружбы маску,

                   Яна табе рыхтуе пастку.

Каб гэту думку лепей зразумець,

          Паслухай байку ды прыкмець.

 

          Зімой на ўзлессі Аганёк курыўся;

Ён падарожнымі забыты, мусіць, быў.

Што далей, меншым ён рабіўся:

Дроў не было, Агонь мой ледзь дыміў.

І так да Кудры лесу гаварыў:

                   «Скажы мне, Кудзерка-сястрыца,

                   За што цябе пакрыўдзіў гэтак лёс?

                   Што ўсё лісцё тваё атрос,

                   І мерзнеш ты, не маеш чым прыкрыцца?»

                   «Таму, што я ў снягу

Зімой ні зелянець, ні цвісці не магу», -

          Агню так Кудра прамаўляе.

Агонь сваё: «Ды тут яшчэ бяда малая.

Са мною пасябруй, дык я дапамагу.

          Я - сонцаў брат, вядомы добра ўсюды,

          За сонца лепш тварыць умею цуды.

          Спытай сабе ў цяпліцах пра мяне:

Зімой наўкола сцюжа ды завея,

                   А там усё цвіце ды спее:

                   І гэта - дзякуючы мне.

          Хваліцца я не маю моды

          І выстаўляцца не люблю,

Аднак жа ў сіле сонцу не ўступлю.

          Як тут яно ні ззяла ад усходу,

Снягоў не здолеўшы, пайшло ўжо на начлег;

А ля мяне, глядзі, растаў як снег!

Калі зазелянець жадаеш ты зімою,

                   Як летам ці вясною,

          Дай у сябе маленькі мне куток!»

Умова зроблена, і ў лесе Аганёк

          Становіцца Агнём, Агонь палае:

          Бяжыць ён па ствалах, аблізвае сукі,

І дыму чорнага ўздымаюцца клубкі,

І хутка полымя ўсю Кудру ахапляе.

Усё згарэла ўшчэнт, і там, дзе ў спёкі дні

          Мог адпачыць вандроўнік у цяні,

          Тарчаць адны асмаленыя пні.

          І тут няма чаго дзівіцца:

          Не варта дрэвіне з агнём вадзіцца.



Пераклад: Кандрат Крапіва

Беларуская Палічка: http://knihi.com