epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Крылоў

Леў і Барс

                   Калісьці ў даўніну

          Леў з Барсам вёў зацятую вайну

За спрэчныя лясы, за выгаднасць пячораў,

Няма ў іх звычаю, каб падаваць у суд;

І што да права - ў іх асобны нораў

                   І свой няпісаны статут:

                   Хто здужае, таго і права тут.

Аднак, урэшце, нельга ж вечна біцца,

          І кіпці могуць прытупіцца:

Па справядлівасці яны гатовы пагадзіцца,

                   Каб дзеянні ваенныя спыніць,

                   Уладзіць непаладкі,

Пасля, як водзіцца, мір вечны заключыць...

                   Да першай сваркі-звадкі.

                   «Прызначым жа без лішніх слоў

                   Мы ад сябе сакратароў, -

Льву прапануе Барс, - і як яны рассудзяць,

                   Дык так і будзе.

Напрыклад, я прызначваю Ката:

Хоць звер малы, ды ў ім сумлення чыстата.

                   А ты Асла прызнач: жывёла не малая,

                   Дарэчы будзе тут сказаць,

                   Што розум ён і чын паважны мае!

Павер, што твой савет, прыдворная ўся знаць

                   Капыціка яго не варты.

                   Дык згодзімся на тым,

                            На чым

З маім Катом ён скончыць торг упарты».

                   Парада Барсава была

                   Прынята без гаворкі,

                   Аднак Лісу, а не Асла

Прызначыў Леў для гэтае разборкі,

Сказаўшы сам сабе (відаць, ён ведаў свет):

«Што раіць вораг нам, таго рабіць не след!»



Пераклад: Кандрат Крапіва