Разумна пераймаць ніколі не загана,
Карысць нам гэта можа даць,
А вось бязглузда пераймаць,
Не дай ты, божа, як пагана!
Я прыклад прывяду з краін чужых.
Хто бачыў малпаў, тыя знаюць,
Што ўсё яны старанна пераймаюць.
Дык вось у Афрыцы, дзе так багата іх,
На дрэве, на суках, між зелені густой,
Чародка малпаў раз сядзела
І крадкам на лаўца глядзела,
Як па траве качаўся ў сецях той.
Тут Малпа Малпу ў бок - штурхель нагою
І шэпчуцца паміж сабою:
«Ну, гляньце ж вы на малайца,
Як штукі вырабляе без канца!
То ён кульнецца,
То размахнецца,
А то, дальбог,
У камячок ён так збярэцца,
Што не відаць ні рук, ні ног.
На ўсё мы здатныя, сястрыцы,
А вось такога ў нас мастацтва не відаць.
Красуні-маладзіцы!
Не шкодзіла б нам гэта пераняць.
Здаецца, нагуляўся ён. Прыкмецьце,
Як толькі пойдзе, дык тады мы ўраз...»
Пайшоў лавец, пакінуўшы ім сеці.
А Малпы тут: «Чаго нам траціць час?
Давайце забаўляцца!»
Красуні злезлі ўніз. Для дарагіх гасцей
Прыгатавана шмат сяцей.
Давай тут Малпы ў іх качацца ды куляцца,
Укручвацца ды захінацца.
Крычыць, вісчыць, дурэе чарада!
Ды вось бяда,
Калі з сяцей прыйшлося вырабляцца!
Лавец між тым сачыў здалёк,
Убачыў, што пара, і да гасцей з мяшкамі.
Яны памкнуліся наўцёк,
Ды з месца ні на крок,
І ўсіх пабралі іх рукамі.