epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Крылоў

Пахаванне

У старыцу ў Егіпце вёўся звычай рэдкі:

Калі хавалі знатнага каго,

Наймалі плачак выць услед труне яго.

      Калісьці вось на пахаванні гэткім

      Падобных галасільніц рой

      Нябожчыка праводзіў завываннем

          На вечны, як гаворыцца, спакой

            І спачыванне.

 

Ішоў насустрач падарожны сцежкай той.

Наслухаўшыся скаргаў, енкатаў балесных,

      Падумаў: з жалю надрываецца радня...

І кажа: «Хочаце, ён з дамавіны цеснай

      Устане, уваскрэсне?

Я — маг, нябожчыка магу падняць,

Закляцце вымаўлю — і досыць;

      Нябожчык ажывае ўраз».

 

«О, дабрадзей! уцеш няшчасных нас! —

      Крычаць яны: — Яшчэ адной мы толькі ласкі просім:

          Зрабі, каб ён

          Ізноў сканаў праз пару дзён.

Калі ён жыў, карысці не было ніякай,

      І надалей дабра з яго не мець;

          А скосіць смерць,

Напэўна, зноў па ім нас ноймуць плакаць».

 

Так многіх багачоў сыход у небыццё

      Карысней, чым жыццё.

 

1817



Пераклад: Валянцін Таўлай