Як з Грэцыі вон выгналі багоў
І іхнія дзяліць маёнткі сталі,
Дык некаму й Парнас тады адмежавалі;
Вось новы гаспадар стаў пасвіць там Аслоў.
Аслы ж якімсьці чынам зналі,
Што Музы там дагэтуль пражывалі,
І кажуць: «Ну, не так жа нас
Прыгналі на Парнас:
Відаць, абрыдлі Музы людзям,
Спяваць тут зараз мы ўжо будзем».
«Зацягнем жа, - крычыць адзін. - Ды весялей!
Я завяду, а вы за мной смялей!
Сябры, баяцца нам не трэба!
Няхай імкнецца песня ў неба!
Гучней, як дзевяць тых сясцёр,
Мы ўздымем музыку і свой наладзім хор!
А каб было ў капэлі болей згоды,
Такі парадак завядзём у нас:
Чый голас не дае аслінай асалоды,
Таго не прымем на Парнас».
Адобрылі Аслы Аслова
Прыгожа сплеценае слова:
Хор новых спевакоў такую дзіч панёс,
Як быццам рухаўся абоз,
Дзе тысячы нямазаных калёс.
Не могучы сцярпець такое прыгажосці,
Той гаспадар набраўся злосці
І ўсіх загнаў з Парнаса ў хлеў.
Я крыўдзіць невукаў намеру тут не меў,
Але карыснае скажу ім штосьці:
Калі ты ёлуп, крый нас божа,
Дык месца тут не дапаможа.