epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Крылоў

Пераборлівая нявеста

          Дзяўчына ў росквіце і рада б жаніху,

                   Ды ў тым няма яшчэ граху.

          А вось што грэх: яна пыхлівая занадта.

Падай ёй жаніха, каб быў ён не дурны,

Багаты, малады, каб меў ён ардэны, -

                   Патрабавала зухавата.

Ну, каб усё ён меў. А хто ўсё можа мець?

                   І вось яшчэ прыкмець:

Другіх каб не любіў, капрызы мог цярпець.

Хоць шчасце да яе само валіла ў хату,

                   Бо жаніхі, як на падбор,

          Выдатныя кацілі к ёй на двор,

Але ў яе быў густ занадта тонкі:

Такія жаніхі - знаходка для дзяўчат,

                   А на яе пагляд -

          Не жаніхі, а жанішаты толькі.

Каго ж тут выбіраць між гэтых жаніхоў?

          Той не ў чынах, другі без ардэноў;

Той мае чын, але кішэні ўсе пустыя;

          То нос таўсты, то бровы загустыя;

          Тут гэтак, там не так;

Пад густ сабе не падбярэ ніяк.

Прымоўклі жаніхі, гады на два прапалі,

          А потым новыя сватоў паслалі,

Але ўжо гэтыя сярэдняе рукі.

                   «Якія дзівакі! -

Красуня моршчыцца. - Я ім зусім не пара.

                   Дурная ў іх, пустая мара!

                   І не такіх я жаніхоў

                   Ад сватання калісьці адвучыла,

Дык ці ж пайду за гэтых вахлакоў?

Сказаў бы - замуж вельмі закарціла!

Ды мне і ў дзеўках жыць пакуль што не бяда:

Днём весела, і ноч я сплю спакойна:

Спяшацца замуж проста непрыстойна».

                   Сплыла і гэта чарада.

          Прачуўшы, што яна за цаца,

Не сталі жаніхі занадта дамагацца.

                   Прайшоў гадок -

                   Сваты маўчок,

Яшчэ гадок мінуў, яшчэ праплыў год цэлы,

          Сваты не едуць, быццам назнарок.

Тым часам дзеўчына ўжо стала дзеўкай спелай;

          Пачне лічыць другіх дзяўчат

          (На гэта часу ў яе шмат),

          Дык тая замужам, а тую заручылі,

                   Вось толькі пра яе забылі.

Нячутна смутак ёй падкраўся да грудзей;

Як толькі дзеўчына перад люстэркам сядзе,

          Дакладвае яно, што кожны дзень

Час прагны хараство яе патрошку крадзе.

Спярша румянец знік, там - жывасць у вачах,

А потым ямачкі прапалі на шчаках,

Вясёласць, забаўкі кудысьці прамінулі,

Там валаскі два-тры сівыя праглянулі:

                   Адзнака сталых дзён.

Бывала, без яе ў кампаніі так сумна

І ад паклоннікаў было навокал тлумна,

Цяпер жа - ах! яе ўжо клічуць на бастон.

Развага кажа ёй пра замуж клапаціцца,

                   Куды тут болей ганарыцца!

Як коса ні глядзіць дзяўчына на мужчын,

                   А ў сэрцы напамінак ёй адзін, -

          Каб адзінокаю не скончыць веку.

І вось, пакуль яшчэ зусім не адцвіла,

Яна за першага, хто сватаўся, пайшла

                   І рада, рада ўжо была,

          Што выйшла за калеку.



Пераклад: Кандрат Крапіва