Такія людзі ёсць: у іхнім уяўленні
Найлепшы прыяцель і ёсць найбольшы геній,
А іншы хто, як слаўна ні пішы,
Не здолее крануць душы,
Яму пахвал ад іх не дачакацца,
І хараство яго адчуць яны баяцца.
Такім, напэўна, я не дагаджу,
Калі вось гэту быль ім раскажу.
Раз у царкве свяшчэннік-красамоўнік
(Ён быў Платона паслядоўнік)
Дабру і праўдзе навучаў людзей.
Ад мёду была казань саладзей,
І праўда чыстая, што ў ёй лунала,
Нібы шнурочак залаты,
Людскія душы узнімала
Над светам марнасці, слаты.
Вось пастыр скончыў павучанне.
З душой, узнятай да нябёс,
Стаяў натоўп расчулены ў маўчанні,
Не адчуваючы сваіх умільных слёз.
Калі ж з царквы ішлі дадому,
«Які цудоўны дар! -
Сказаў адзін слухач другому. -
Як вабіць ён душу народу!
Якая асалода мар!
Ну, а ў цябе, сусед, трывалая прырода,
Што на вачах слязінкі не відаць?
Ці сэнсу ты не разгадаў?» - «Ну як не разгадаць!
Але які мне сэнс рыдаць?
Я ж не тутэйшага прыходу».