epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Крылоў

Сабачая дружба

                   Ля кухні пад акном

На сонейку Палкан з Барбосам спіны грэлі.

                            Хоць ля варот перад дваром

          Прыстойней вартаваць было б ім дом,

                   Але як добра ўжо яны пад'елі, -

                            Паколькі ветлівы сабака ўдзень

Брахаць не будзе на людзей, -

Дык гутарка у іх сама сабой ідзе

          Аб сім, аб тым, аб іх сабачай службе,

Аб добрым і благім, нарэшце, і аб дружбе.

«Што можа, - кажа тут Палкан, - прыемней быць,

Як з другам сэрца ў сэрца жыць,

          Гатовым быць для друга на паслугу,

                   Дзяліцца крошкай пры ядзе,

                   Абараняць яго ў бядзе,

Глядзець заўсёды ў вочы другу,

          Каб толькі выбраць зручны час

Адданасць даказаць, сяброўства, згоду

І ўласную ў тым бачыць асалоду?

          Вось каб такая дружба, думаў я не раз,

          Была з табой у нас!

                   Ах, як было б дарэчы!

Нам скарачалі б час сяброўскія сустрэчы».

                   «Што ж, я не супярэчу, -

                   Адказвае Барбос. -

Даўно, Палканчык мой, балюча мне да слёз,

Што ў нас, сабак з адной гасподы,

                   Няма ні каплі згоды.

За што ж грызёмся? Дзякаваць панам:

Ні голадна, ні цесна нам!

Нарэшце - гонар наш сабачы:

Сабака лепшы друг - такая слава йдзе;

А дружбы між сабак, як быццам між людзей,

                   Амаль ніколі мы не бачым».

«Няхай жа будзе дружба хоць адна! -

Крычыць Палкан. - Дай лапу!» - «Вось яна!»

                   І новыя сябры давай тут абнімацца

                   Ды цалавацца;

Не ведаюць, к каму прыраўнавацца:

«Арэст мой!» - «Мой Пілад!»

                   Прэч сваркі, зайздрасць, злосць!

Тут повар на бяду ім з кухні кінуў косць.

          Вось да яе сябры наўзахваткі імчацца, -

                   Ім не наўме дружыць,

                   Давай Пілад з Арэстам загрызацца,

                   Аж толькі шмоцце з іх ляціць:

                   Іх ледзьве разлілі вадою.

 

Свет поўны дружбаю такою.

Цяпер у дружбакоў малая ёй цана

І падыход амаль што ў іх аднакі:

Паслухаць, дык душа, здаецца, ў іх адна,

А кінь ім толькі косць, дык што твае сабакі!

 



Пераклад: Кандрат Крапіва