epub
 
Падключыць
слоўнікі

Іван Крылоў

Траяжэнец

                   Якісьці грахаводнік

Пры жонцы пры жывой завёў яшчэ аж дзвюх.

          Калі пра гэта Цар даведаўся ад слуг

          (А Цар той строгі быў і не ахвотнік

                   Такім учынкам спагадаць),

Дык Траяжэнца ён сказаў пад суд аддаць

          І выдумаць яму такую кару,

          Каб страх узяў людзей

І болей каб такіх не толькі што падзей,

                   А нават не было і мараў.

«Як будзе, - кажа, - кара замала,

Павешу суддзяў тут жа, ля стала».

                   Вядома, суддзям не да жартаў,

                            Аж кідае ў халодны пот:

Тры дні сядзяць і думаюць упарта,

          Пусціць якую кару ў ход.

Іх тысячы, ды практыка даводзіць,

Што зла рабіць яны не могуць перашкодзіць.

          Нарэшце некаму даў розум Бог

                   Прапанаваць тут спосаб новы,

          І суддзямі, з агульнай змовы,

Прысуд быў вынесен суровы:

Аддаць распусніку ўсіх жонак трох.

          З прысуду гэткага народ дзівіўся:

Павесіць суддзяў Цар - тут ясна ўсім было,

          Але і тыдня не прайшло,

Як Траяжэнец наш пятлёю задавіўся.

          Навука не прайшла дарма,

          І болей з жонкамі трыма

Ніхто ў тым царстве не жаніўся.



Пераклад: Кандрат Крапіва

Беларуская Палічка: http://knihi.com