epub
 
Падключыць
слоўнікі

Іван Крылоў

Васілёк

          Расцвіўшы ў жыце, Васілёк

          Раптоўна звяў і ў марным стане

          Аж галаву схіліў набок,

          Чакаючы свайго сканання.

Зефіру паміж тым ён жаласна шаптаў:

          «Ах, дзе той дзень? Хутчэй бы дзень настаў!

Каб сонца яснае ўсё поле асвяціла,

Дык і мяне б яно, напэўна, ажывіла!»

          «Вось выдумаў, блазнюк! -

          Сказаў яму, што рыўся побач, жук. -

Хіба ж у сонейка ўсяе турботы

          Сачыць, як ты расцеш,

          Ці вянеш ты, ці хораша цвіцеш?

Павер, няма ў яго ні часу, ні ахвоты

                   Для гэткіх спраў.

Каб ты лятаў, як я, ды свет бы знаў,

То бачыў бы, што ўсе лугі, лясы і нівы

Ім толькі і жывуць, ім толькі і шчаслівы:

                   Яно сваім цяплом

Вялізныя дубы і кедры сагравае

          І незвычайным хараством,

Цудоўным пахам кветкі аздабляе.

                   Такія кветкі, праўда, ёсць,

                   Дык там жа прыгажосць!

                   І ты ім толькі пазайздросць.

Сам час касіць шкадуе іх, здаецца,

Ну, а ў цябе ж такога хараства няма,

Дык сонцу просьбай ты не дакучай дарма,

                   І марна дабівацца перастань,

                   Маўчы і вянь!»

Тут сонейка ўзышло, прыроду асвяціла,

З праменнямі жыццё раслінам несучы,

І бедны Васілёк, што звяў быў уначы,

          Нябесным зрокам ажывіла.

 

О вы, каго над іншымі шчаслівы лёс

                   Высока ўзнёс!

З майго вы сонца прыклады бярыце, -

                   Паглядзіце:

Куды прамень яго дастане, там яно,

Ці дубу, ці былінцы - ўсё адно,

Жыццё нясе і шчасцем надзяляе,

Затое ў сэрцы ў нас і ў капельцы расы

          Мы бачым водбліскі яго красы,

          І кожны сонейка благаслаўляе.



Пераклад: Кандрат Крапіва

Беларуская Палічка: http://knihi.com